Макс Шчур

Караценькая гісторыя беларускага нацыяналізму

1.

Адкуль узяўся на Беларусі нацыяналістычны міт? Пад гэткім разумейма, па-першае, памылковае перакананьне ў тым, што ўлада ў дэмакратычнай дзяржаве павінна належаць этнічнай большасьці, а па-другое, памылковае перакананьне ў тым, што ўлада ў беларускай ці протабеларускай дзяржаве гэтай этнічнай большасьці калісьці належала—апошняе пытаньне як гістарычнае мы тут разглядаць ня будзем. Варта хіба падкрэсьліць, што ў абодвух варыянтах формулы нацыяналізму галоўным зьяўляюцца словы “ўлада” і “дзяржава”, што прыводзіць нас на цікавы сьлед: і насамрэч, нацыяналізм узьнік як канцэпцыя барацьбы за дзяржаўную ўладу ў часы раскладу савецкага грамадзтва. Хто пачаў у гэты час да ўлады імкнуцца, і чыёй ідэялёгіяй стаўся нацыяналізм?

Першая хваля пасьляваеннага культурнага адраджэньня ўзьнялася на Беларусі з Хрушчоўскай адлігай—той генэрацыі належаць такія ймёны, як Быкаў, Караткевіч, Барадулін. На жаль, у хуткім часе маладая беларуская інтэлігенцыя была змушаная да кампрамісу з камуністычнай уладай і сталася фактычнай і неад’емнай часткай брэжнеўскага істэблішмэнта (наменклатуры). Сымбалічнай фігурай таго пэрыяду, у якой спалучаюцца афіцыйная беларускасьць і камуністычная ідэялёгія, зьяўляецца Пётра Машэраў. Нягледзячы на заляцаньні з найвыдатнейшымі прадстаўнікамі беларускай культуры, рэальнай палітыкай камуністычнай партыі была пакрыёмая русіфікацыя. Тым ня менш, “беларуская справа” падтрымлівалася савецкім рэжымам на “вышэйшым”, альбо сталічным узроўні: Менск стаўся кармушкай і апірышчам вялікай колькасьці паўбеларускіх-паўкамуністычных функцыянэраў з шэрагаў Саюзаў пісьменьнікаў, мастакоў, кампазытараў, тэатральных дзеячоў. Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая спачатку паабяцала перадаць вытворцам сродкі іхнай вытворчасьці (“Заводы—рабочым”, “Зямля—сялянам”), не падманула ў выніку толькі адну катэгорыю людзей—творчую інтэлігенцыю, якая, як і прадказваў правадыр, выявіла сябе ў далейшым як “говно”. Творчая інтэлігенцыя (у тым ліку і беларуская) насамрэч была за Саветамі прывілеяванай класай. Дамы адпачынку, курорты, кватэры ў Менску, гарантаваная праца ў часопісах, выдавецтвах, газэтах, на тэлебачаньні—за ўсё гэта прыходзілася расплочвацца ня проста палітычнай лаяльнасьцю, але й прафэсійным памагатайствам у ачмурэньні народных масаў. Наважымся сьцьвярджаць: беларуская інтэлігенцыя застойнага гатунку была су-ўладаром камуністычнай партыі, чымсьці кшталту жонкі (магчыма, адной са шматлікіх) пануючай асобы. Асоба між тым паступова старэла, а неўзабаве й зусім загадала доўга жыць. Беларуская творчая інтэлігенцыя старога ўзору засталася “ўдавіцай ля труны” ўсемагутнага манарха і пачала адстойваць свае правы на ўладу, дэ факто адстойваючы свае прывілеі.

Менавіта гэты пэрыяд ёсьць часам хуткага перараджэньня састарэлай (і крыху амалоджанай пры ўдзеле новых кадраў з шэрагаў генэрацыі “Тутэйшых”) каралевы ў дэмакратку, як і пераапрананьня яе ў нацыянальныя строі. Чаму менавіта ў нацыянальныя? Спрыяла палітычная сытуацыя: па-першае, нацыянальныя праблемы ў краіне Саветаў ужо доўгі час афіцыйна ня існавалі, і таму напрыканцы васьмідзесятых выбухнулі разам зь перабудовай, нават на беларускай глебе—як цяпер памятаю гучнае выступленьне Васіля Быкава ў часопісе “Огонёк”—тады яшчэ не як нацыяналіста, а як дэмакрата, які разам з Алесем Адамовічам на час стаўся ўвасабленьнем беларускага (хаця й запозьненага) дысыдэнцтва на агульнасавецкім узроўні. Па-другое, гэтыя нацыянальныя выступленьні пачалі дзе-нідзе даваць плён, і перадусім—у Прыбалтыцы. Менавіта там нарадзіўся фэномэн так званых Народных Франтоў (дагэтуль вядомых гісторыі як аб’яднаньні левых сілаў, прыкладам, у Гішпаніі падчас грамадзянскай вайны). Тактыка Народнага Фронту непасрэдна зьвязаная з фэномэнам “вулічнай дэмакратыі”, такім, якім ён выявіў сябе падчас антыкамуністычных рэвалюцыяў ва Ўсходняй Эўропе напрыканцы васьмідзесятых: Народны Фронт у ідэале мусіў быў быць шырокім народным рухам супраць, ні ў якім выпадку за. У спалучэньні “вулічная дэмакратыя” і нацыяналізм, выяўлены ў закліках да змаганьня супраць чужынскай акупацыі, удавалі сабой беспамылковы рэцэпт ўзяцьця дзяржаўнай улады (які, аднак, быў прыдатны на працягу вельмі кароткага часу, а на Беларусі, як выявілася пазьней, ня меў дастатковага абгрунтаваньня). Па-трэцяе, зьявіліся людзі, якія мелі да камунізму й камуністычнага рэжыму асабіста матываваную нянавісьць, пачувалі сябе ахвярамі сыстэмы (тут я маю на ўвазе перадусім Вячорку й Пазьняка)—менавіта яны сталіся галоўнымі ідэёлагамі й “апосталамі” сучаснага нацыяналізму. Па-чацьвёртае, нельга недаацэньваць памацнелы з перабудовай нацыяналістычны (ня толькі ідэйны, але й фінансавы) ўплыў беларускіх эмігранцкіх колаў, чые палітычна актыўныя прадстаўнікі пакінулі Беларусь, у сваёй пераважнай большасьці, мінімум 50 гадоў таму—у часы, калі надзея на “вызваленьне Беларусі ад бальшавіцкай (маскоўскай) акупацыі” яшчэ жыла, нягледзячы на паразу нямецка-фашысцкіх “вызваліцеляў”. Варта дадаць, што ўжо ў тыя часы гэтая надзея ня мела пад сабой ніякага сур’ёзнага абгрунтаваньня, апроч неразуменьня сапраўднай гістарычнай сытуацыі тагачаснай Беларусі ды утапічнага жаданьня зноў вярнуць стрэлкі гадзіньніка гісторыі на сакавік 1918 году.

2.

Галоўнай ідэяй беларускіх нацыяналістаў адпачатна была палітычная эмансыпацыя беларускай нацыі, то бок, нацыянальнай большасьці ў агульным складзе насельніцтва Беларусі. Логіка простая: каб прыйсьці да ўлады, трэба абапірацца на большасьць. Няістотна (здавалася б) якую—нацыянальную, рэлігійную, сацыяльную, сэксуальную. Лукашэнка, прыкладам, пры сваім прыходзе да ўлады абапіраўся на большасьці моўную, сацыяльную і ў пэўнай ступені рэлігійную, што пазьней прывяло яго да перамогі на выбарах. Менавіта спалучэньне гэтых трох большасьцяў дае ў выніку так званы “электарат”—які ёсьць цалкам рэальнай зьявай, а ня выдумкай лукашэнкавых ідэёлагаў. Дыктатура большасьці над меншасьцю—нейкая занадта знаёмая ідэя, вам не здаецца? Чаму, аднак, менавіта нацыянальная большасьць была абраная новымі палітыкамі ў якасьці “мэтавай групы”?

Перадусім, паводле лідэраў нацыянальнага руху йшла мова пра своеасаблівую маральную і палітычную кампэнсацыю з боку ўладаў за генацыд беларускай нацыі у 30-я—40-я гады, з ахвярамі каторага яны адчувалі маральную й духоўную блізкасьць. (Самаахвярнасьць, прадвесьнік фанатызму, ад самага пачатку была адной з асноўных рысаў нашага нацыянальнага руху—менавіта яна больш за ўсё астатняе яднала яго з хрысьціянствам.) Шмат кім перамены ў Эўропе былі ўспрынятыя на хвалі рэвалюцыйнага рамантызму як “аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці”, таму некаторыя пачалі марыць аб кампэнсацыі за “несправядлівасьці” (зь гледзішча гісторыі—чысты абсурд), што назапасіліся за столькі гадоў у “аналах” гісторыі Беларусі—улучна зьдзяйсьненьня дзіцячых мараў аб аднаўленьні БНР (!), альбо нават Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе Чарнаморска-Балтыйскага (ці наадварот) Саюзу (!!)—цяпер сказалі б “зьвязу”.

Па-другое, нацыяналісты былі ўпэўненыя, што прыклад народаў Усходняй Эўропы натхніць беларускі народ (які тады неяк блыталі, дый цяпер блытаюць з народам Беларусі) на аднаўленьне сваёй дзяржаўнасьці, а праўда аб сваёй мінуўшчыне ўваскрэсіць нацыянальную самасьвядомасьць. Прыкладам тут былі, зноў-такі, перадусім балтыйскія краіны. Памыліліся ў адным: справа ў тым, што ня нацыя стварае дзяржаву, а дзяржава нацыю. На рэвалюцыйны момант пачатку 90-х гістарычны досьвед беларускай дзяржаўнасьці (ня лічачы БССР) складаў тры месяцы—яўна недастатковы час, каб закласьці падмуркі нацыянальнай самасьвядомасьці. У гэтым беларуская сытуацыя была і застаецца непадобнай да іншых краінаў Усходняй Эўропы.

Па-трэцяе, і, на мой погляд, самае істотнае, беларускай творчай інтэлігенцыі зноў закарцела “павесьці свой народ зь цемры да сьвятла”, як і вучылі клясыкі, толькі ўжо пад іншымі штандарамі, каб выкупіць сваю віну за калябарацыянізм з бальшавікамі цягам такога доўгага часу. Прасьцей кажучы, у іншы бок падзьмуў вецер. Заўважым яшчэ раз: беларуская творчая інтэлігенцыя, што склала аснову нацыяналістычнага руху, уладу ўжо некалі мела—ішлося, насамрэч, пра пераразьмеркаваньне ўлады, і з гэтага гледзішча няма дзіва, што ў далейшым беларускі народ выказаўся ў падтрымку “новай эліты”, Лукашэнкі і ягонай вэртыкалі. Старой эліце застаўся толькі беларускамоўны палітычны дыскурс і найменьне эліты, каторае яна ўсё яшчэ беспасьпяхова спрабуе да сябе прымяніць пры кожнай нагодзе.

У кароткі пэрыяд ад стварэньня Народнага Фронту да незаўважанага і незаўважнага на Беларусі падзеньня камуністычнага рэжыму адбылося выпрабаваньне беларусаў на “эўрапэоіднасьць” (павярхоўна зразуметую нацыяналістамі як перавага нацыянальнага прынцыпу ў дзяржаўнай палітыцы нашых найбліжэйшых суседзяў), каторае наш народ прайшоў “з гонарам”: эканамічная й культурная (ня толькі моўная і рэлігійная) скіраванасьць на “краіну пралетарскага інтэрнацыяналізму”, Расею, паказала сябе мацнейшай за пачуцьцё прыналежнасьці да нацыянальна-разьмежаванай Эўропы. Народны Фронт ня быў падтрыманы народам, таму што “народным” быў чыста намінальна: гэтая назва не адпавядала нацыянальнай сытуацыі на Беларусі, перадусім культурнай, а не статыстычнай, ня кажучы ўжо пра сытуацыю эканамічную (ня памятаю, каб у тыя часы Народны Фронт меў нейкую эканамічную праграму—здаецца, яе цалкам замянялі лёзунгі на падтрымку прыватнай уласнасьці). Рэвалюцыі не адбылося, Народны Фронт не атрымаў большасьці на выбарах, адылі стаўся пэўным чыньнікам палітычнага жыцьця. На жаль, менавіта ў часы “новага НЭПу” і “новай беларусізацыі” (1991-1994 гг.) Народны фронт стаецца з руху народнага рухам нацыянальным.

3.

Каб вызначыцца з ідэялёгіяй, трэба, перадусім, вызначыцца з тэрміналёгіяй. Ва ўжываньні поймаў “народны” й “нацыянальны” паміж айчыннай і эўрапейскай (прынамсі, англамоўнай) традыцыямі пануе нязгода: “народны” ў астатнім сьвеце азначае нашае “нацыянальны, этнічны”, а “нацыянальны” мае сэнс “агульнадзяржаўны, не-этнічны”. Сучаснае значаньне замацоўваецца за поймам “нацыя” падчас буржуазных рэвалюцыяў у Амэрыцы й Эўропе—адцяпер гэта “сукупнасьць усіх грамадзянаў рэспублікі” (безуважна да іхнай народнасьці). Гэта адлюстроўвае, прыкладам, значаньне ангельскага пойму nationality—грамадзянства. Камуністы ж штучна аджывілі забабон, што дзяржаўнае павінна быць народным (маючы на ўвазе пад “народам” ніжэйшыя сацыяльныя слаі грамадзтва), як што будаваная імі дзяржава абапіралася на шырокія масы прыгнечанага насельніцтва. Гэтак народнае (раней ужыванае ў сэньсе “пабытовае”, “этнічнае”, “абыходкавае”) стаецца, па сутнасьці, нацыянальным (то бок дзяржаўным). Не забываймася, што “спэцыялістам” па нацыянальным пытаньні ў партыі бальшавікоў быў ніхто іншы як Коба, і нацыянальная палітыка СССР была ў значнай ступені ягоным стварэньнем. Сталін прытрымліваўся таго меркаваньня, што пытаньне нацыянальнай эмансіпацыі народаў Расійскай імпэрыі аўтаматычна (!?) вырашыцца шляхам сацыяльнай рэвалюцыі, сацыяльнай эмансіпацыі бяднейшых слаёў грамадзтва. Прасьцей кажучы, нацыянальнага пытаньня для Сталіна проста не існавала. Доказам памылковасьці ягонай дактрыны сталіся латэнтныя нацыянальныя канфлікты, што выбухнулі з новай моцай адразу ж пасьля распаду СССР. Акрамя таго, у сытуацыі зьнешняй вайсковай пагрозы бальшавікі былі зацікаўленыя ў захаваньні тэрытарыяльнага адзінства Расеі. Таму, з мэтай запабегнуць стварэньню шматлікіх дробных нацыянальных дзяржаваў у шматнароднай Расейскай імпэрыі, менавіта нацыянальнасьць (дзяржаўная прыналежнасьць) пачынае азначацца як грамадзянства, а народная, этнічна-культурная прыналежнасьць—як нацыянальнасьць, чым намінальна прызнаецца права народаў Расейскай імпэрыі называцца “нацыямі”, хоць і без уласных дзяржаваў. “Нацыянальная незалежнасьць”, такім чынам, павінна азначаць “незалежнасьць дзяржавы”, а “нацыянальны сувэрэнітэт” павінен быць сынонімам “дзяржаўнага сувэрэнітэту”.

Нацыяналізм пераймае гэтую камуністычную традыцыю (што невыпадкова: як мы ўжо казалі, ён зарадзіўся менавіта ў асяродзьдзі пэўнай часткі камуністычнай наменклатуры) і выдае цяпер ужо “нацыю” (у неэўрапейскім разуменьні слова—этнічную групоўку, у дадзеным выпадку беларускую) за “народ” (у неэўрапейскім разуменьні сукупнасьць усіх грамадзянаў краіны, якім належыць улада ў дэмакратычнай дзяржаве)—хаця ў перакладзе на якую іншую мову прыйшлося б сказаць, што яны, якраз наадварот, выдаюць народ (этнас) за нацыю (дэмас). Падкрэсьлім, што нацыя заўсёды ствараецца зь некалькіх этнасаў—гэтак ёсьць і ў беларускім выпадку.

Тут мы якраз падыходзім да праблемы разуменьня дэмакратыі беларускім нацыянальным рухам. Прыклад Балтыйскіх краінаў паказаў, што руская (рускамоўная) меншасьць зьяўляецца ворагам нацыянальнай (дзяржаўнай) незалежнасьці гэтых краінаў ад аўтарытарнай Расеі. Таму ў барацьбе за дэмакратычныя пераўтварэньні (перадумовай якіх была ў тым ліку і тэрытарыяльная самастойнасьць, то бок аддзяленьне ад савецкай імпэрыі) у гэтых краінах дэмакратычныя сілы былі вымушаныя абапірацца на этнічную большасьць насельніцтва тых краінаў. Зразумела, што тагачаснымі “саўковымі” СМІ гэта наўмысна падавалася як нацыяналізм з боку этнічнай большасьці—адсюль і спалучэньне поймаў “барацьба за дэмакратыю” й “нацыяналізм” у падсьвядомасьці нашых палітыкаў. Трэба сказаць, што ў Прыбалтыкі тады імкнуліся пераймаць усё да дробязяў—абсалютна не ўлічыўшы адрознай моўнай і палітычнай сытуацыі ў тым рэгіёне. Тут нельга не даацэньваць “заслугі” Зянона Пазьняка і ягонага асабістага ўплыву, пераадоленага ў БНФ толькі зараз. Толькі ў Прыбалтыцы словы “нацыяналіст” і “дэмакрат” маглі (дый тое на пэўны час) стацца сынонімамі—чаму яны сталіся імі на Беларусі, зразумець цяжка.

4.

Такім чынам, Беларускі Народны Фронт і надалей трывае на палітычнай эмансыпацыі беларускай этнічнай большасьці: між тым як ейная культурная эмансыпацыя ў 1991-1994 гг. паціху насамрэч набывае моц, што ўжо само па сабе здаецца частцы народа залішнім, да яе дадаецца патрабаваньне эмансыпацыі рэлігійнай. З гэтымі лёзунгамі Беларускі Народны Фронт выходзіць на выбары 1994 году—і прайграе, а ўжо праз год беларуская дзяржава страчвае нават зьнешнія атрыбуты сваёй самастойнасьці. У адрозьненьне ад “прастадушнага” Лукашэнкі, “хітрамудры” БНФ робіць стаўку на моўную, сацыяльную і рэлігійную меншасьці, будучы пры гэтым сьвята перакананы, што ставіць на нацыянальную (статыстычную) большасьць. Гэта называецца, па-мойму, “палітычная сьлепата”.

Самае пры гэтым усім страшнае, што Беларускі Народны Фронт, які ня толькі вычарпаў мэтазгоднасьць свайго існаваньня задоўга да выбараў 1994 г. (умоўнай датай распушчэньня БНФ павінна была б, з майго гледзішча, стацца дата афіцыйнага прыняцьця сымбаляў БНР за дзяржаўныя), але й зрабіў усё магчымае, каб дэмакратычныя сілы гэтыя выбары прайгралі, увесь гэты час застаецца найбольш уплывовай апазыцыйнай арганізацыяй нават у сваім расколатым варыянту, што наогул здаецца мне неспасьціжным фактам нашай найноўшай гісторыі. Навошта змагацца за палітычную эмансыпацыю народа, які складае ў краіне этнічную большасьць? А можа, варта-такі зірнуць праўдзе ў вочы й сказаць сабе, што беларусы (носьбіты беларускай культуры) у беларускай дзяржаве ўдаюць сабой якраз меншасьць—у такім выпадку яны ня маюць права прыпісваць сабе манаполіі ў барацьбе за дэмакратыю й патрабаваць “сабе” ўлады, бо дзяржава ня ёсьць, па сутнасьці, іхнай. Ясна адно: у партыі, якая ставіць на першае месца нацыянальнае пытаньне, на сёньняшні дзень няма шанцаў перамагчы на беларускай палітычнай сцэне. Наогул, змаганьне з Лукашэнкам здаецца мне з боку БНФ не прынцыповым, а хутчэй інэрцыйным. Парадаксальна, што ў сытуацыі панаваньня Лукашэнкавага аўтарытарнага рэжыму Беларускі Народны Фронт зноўку мог бы мець шанец стацца не нацыяналістычным, а сапраўды нацыянальным рухам, то бок, рухам супраць дыктатуры і за дэмакратычныя перамены ў грамадзтве. На жаль, ягоная рэпутацыя як нацыяналістычнай арганізацыі зьяўляецца вялікай перашкодай ягонаму посьпеху ў гэтай якасьці, тым больш што зараз на беларускай палітычнай сцэне ўжо дастаткова людзей з больш рэалістычнымі поглядамі й патрабаваньнямі. Узьнікненьне такіх шырокіх рухаў новага ўзору, як той жа “Зубр”, ёсьць таму пацьверджаньнем.

P.S. Пасьля расколу БНФ і стратай ім сваіх ранейшых пазіцыяў на палітычнай сцэне слова “нацыяналіст” яшчэ раз дэградавала ў сваім значаньні й стала азначаць тое самае, што калісьці азначаў выраз “нацыянальна сьвядомы беларус” (слушна было б сказаць—“этнічна сьвядомы беларус”). Такім чынам, надзея на тое, што памылкі нацыяналізму як палітычнай дактрыны будуць выкрытыя й пераасэнсаваныя, растала ў смузе новай герасі, неабгрунтаванай нічым іншым, апрача гістарычнага й культурнага цемрашальства ейных прыхільнікаў: называючы сябе нацыналістамі, яны нават ня ведаюць і ня хочуць ведаць, што гэта насамрэч такое. Тым часам вялікая частка адукаванага беларускага грамадзтва ставіцца да нацыяналістаў як да носьбітаў пэўнай палітычнай ідэялогіі (апісанага намі этнакратызму), а не як да абаронцаў “свайго, тутэйшага”, якім бы там яно ні было. Такое непаразуменьне зусім не спрыяе зьмене палітычнага клімату на Беларусі й толькі замінае шыраньню дэмакратычных ідэяў у грамадзтве.


© Макс Шчур, 2001

HA POCTAHI