Графаман

МЫ І ЯНЫ

 


Ледзьве адгучала рэха непарадкаў на парыскіх прадмесьцях, як у ісламскім сьвеце ўзьнялася хваля незадаволенасьці з-за карыкатураў Мухамада, зьмешчаных спачатку ў дацкіх, а потым і ў шматлікіх іншых эўрапейскіх газэтах. Гэткім чынам французы, немцы, гішпанцы і іншыя вядуць змаганьне за права свабоды слова ў сваёй уласнай краіне, гарантаванае дэмакратычнай сэкулярнай дзяржавай. Больш асьцярожныя—ангельцы, якія баяцца паўтораньня Парыжу ў Лондане, а таксама амэрыканцы зь іхнай вядомай хрысьціянскай пабожнасьцю: што ні кажы, абедзьве рэлігіі ўзыходзяць да “абрамаўскай” традыцыі...

Дзіўна, аднак, што рэлігія, якая прэтэндуе на унівэрсальнасьць і заклікае да міру й любові, адначасова робіць выключэньне для самой сябе й дазваляе ў сваё імя рабіць практычна што заўгодна—у тым ліку й браць закладнікаў, заклікаць да адсячэньня галоваў апанэнтам ісламу й г.д. У сэкулярнай дзяржавы сумленьня, здавалася б, болей: напрыклад, вакол дазволу агентам ЦРУ забіваць “ворагаў дэмакратыі”, які ёсьць гэткім заходнім варыянтам “фатвы”, вялася адкрытая дыскусія, а замест жарсных дэманстрацыяў з заклікам паслаць некага ў пекла за кавалак газэты праводзіліся мільённыя антываенныя маніфэстацыі. Тым часам мусульманская “грамадзкасьць” (дакладней кажучы—мусульманскія мужчыны, як што монасэксуальную супольнасьць “ваяўнікоў Алаха” ня трэба блытаць з грамадзкасьцю ў нашым разуменьні слова) топча дацкі сьцяг, на якім, што ні кажы, зьмешчаны хрысьціянскі крыж, спалучае гэбрайскую зорку са свастыкай, рабуе эўрапейскую маёмасьць, выступае з крытыкай у сродках масавай інфармацыі й наагул дазваляе сабе карыстацца ўсімі ільготамі, добраахвотна прапанаванымі ім заходнім сьветам, улучна матэрыяльнай падтрымкі на радзіме альбо палітычнага прытулку за мяжой. Калі б гэтыя вельмі, вельмі абураныя й чульлівыя да ўласнага болю мужчыны скарысталі прынамсі сотую частку сваёй энэргіі на змаганьне за свае грамадзкія правы й паляпшэньне ўзроўню свайго жыцьця, яны заслугоўвалі б да сябе большай павагі. Самым сьмешным было, бадай, патрабаваньне прабачэньняў ад “самога” рымскага папы... Відаць, мусульмане так і не зразумелі, што Эўропа, у адрозьненьне ад іх, жыве ўжо не ў ХІІ стагодзьдзі, калі ўсё вырашалася з дапамогай зброі. Нават зьяўляецца небясьпечнае пачуцьцё настальгіі: узяла б дацкая каралева ды, паводле прыкладу гішпанскіх каталіцкіх каралёў, паслала ўсіх без разбору мусульманаў з Даніі назад у сьвятыя землі, каб яны там на пальцах патлумачылі сваім узрушаным землякам розьніцу паміж захадам і ўсходам... Хіба мусульманам ня ўсё адно, супраць чаго пратэставаць? Але нельга—дэмакратыя. І ў той час як Буш заўяляе аб сваім жаданьні перастаць фінансаваць ісламскі сьвет праз купляньне нафты, Расея вядзе перамовы зь Іранам—чый прэзыдэнт адкрыта адмаўляе Галакост—наконт абагачэньня ўрану... Прасьцей кажучы: захад ёсьць захад, усход ёсьць усход, як казаў вялікі імпэрыяліст Кіплінг.

© Графаман, 2006

HA POCTAHI