Глухаман
Музычная
восень-2004
Bjork:
Medulla
Чароўны альбом. Хаця
нельга сказаць, што ён пераўзыходзіць “Vespertine”, аднак безумоўна
зьяўляецца найбольш экспэрымэнтальным альбомам Бьёрк. Ільга сказаць,
што Бьёрк вярнулася ў сьвет мастацтва са сьвету шоў-бізнэсу, як быццам
зьдзейсьніўшы “Дэбют-2”. Асабліва спадабаліся трэкі 3 і 6 (у якім вам,
магчыма, пачуюцца водгукі “Big Time Sensuality”), а таксама ўся другая
палова альбому.
Rammstein:
Reise, reise
Альбом—плён пераходнага
пэрыяду, які яскрава адлюстроўвае новыя ўплывы й патрэбу зьмены, якая
насьпела ў музыкаў: відаць, што ім карцела выдаць штосьці насамрэч новае.
Аднак, магчыма, з альбомам варта было пачакаць яшчэ нейкі час... Усё,
што на гэтым альбоме добрага, зусім не нагадвае ранейшы “Рамштайн”.
Наадварот, старыя мэладычныя хады й аранжыроўкі тытульнай песьні й добрай
паловы трэкаў (America, Moskau) зусім не пакідаюць добрага ўражаньня.
Хочацца верыць, што будучыня “Рамштайн”—за бездакорна запісанымі й адносна
проста аранжыраванымі рытмічнымі песьнямі кшталту Los, а таксама за
цудоўнымі й велічнымі, амаль сімфанічнымі баладамі, такімі як Ohne Dich.
Магчыма, Тылю ЛІндэманну варта болей сьпяваць у нізкім, барытонавым
рэгістры й выключыць са свайго рэпэртуару лірычна-тэнаровыя ноткі разам
з наіўнымі псэўданароднымі мэлодыямі (якія, мабыць, так падабаюцца цінэйджэркам).
Чакайма наступнага альбому!
Marilyn
Manson: Lest We Forget
Ці насамрэч лепшыя
песьні адабраў Мэнсан для сваіх “Лепшых хітоў”? Ільга сказаць, што некаторыя
трэкі ільга было б замяніць ня менш якаснымі... Што да новых запісаў,
дык мала якая песьня пасуе рэпэртуару ММ гэтак, як “Personal Jesus”
“Дэпэшаў”—здаецца, што менавіта ёй шмат чым абавязаныя такія хіты, як
“Disposable Teens” альбо “Rock is Dead”. Магчыма, гэтая блізкасьць і
ёсьць прычынай таго, што ў выкананьні ММ гэты хіт гучыць не настолькі
своеасабліва, як добра вядомыя і ў арыгінале значна больш “мяккія” рэчы
з 80-х—“Sweet Dreams” альбо “Tainted Love”. Рытмічны пасаж пасярэдзіне
песьні не захінае сабой гукавую беднасьць аранжыроўкі. Карацей, ува
ўсім—апрача вакалу, які ёсьць справай асабістага густу й тэмпэрамэнту—арыгінал
лепшы. Здаецца, вокладку Мэнсан таксама маляваў сам... Магчыма—зацішша
перад навальніцай?
Green
Day: American Idiot
Раім усім фанатам
і асабліва нефанатам панку як мага хутчэй набыць (сьцягнуць з вэбу,
скрасьці, пазычыць і не аддаць, і г.д.) гэты альбом, як што наўрад-ці
Green Day адорыць нас такім шэдэўрам у блізкай будучыні. Ня дайце зьбіць
сябе з панталыку немудрагелістай назвай і настолькі ж тупаватай тытульнай
песьняй—усё астатняе на альбоме пераўзыйдзе вашыя чаканьні. Больш за
ўсё ўражвае зусім ня панкавая дысцыплінаванасьць і адказнасьць, зь якой
музыкі (не пабаюся гэтага слова!) падыйшлі да аранжыровак і запісу,
а таксама да складаньня песьняў. Бачыць Бог, на мяне з альбому дыхнула
ледзьве не арт-рокам пачатку 70-х! Магчыма, некаторыя мэлёдыі занадта
празрыстыя й саладжавыя на мой густ, але сама іхная наяўнасьць і “непанковасьць”
надзвычайна імпануе. Карацей, гэты альбом безумоўна станецца ўнёскам
Green Day у рок-музыку—але для панку альбом ёсьць хутчэй “вынёскам”...
Ад часоў гранджу ня чуў нічога больш неардынарнага ў гэтым стылі.
Prodigy:
Always Outnumbered, Never Outgunned
Мала хто, мабыць,
чакаў такога бравурнага вяртаньня некалі славутых, скандальных і на
кожных танцульках абавязковых “Prodigy”. Альбом ёсьць надзвычайна сьпелым,
багатым, хаця наўрад-ці пасуе цяперашнім дыскачам: ягоны гук можа падацца
крыху архаічным. Затое аматары цяжкасьці й цьвёрдасьці ня могуць скардзіцца:
альбом— бадай, самы жорсткі твор “Prodigy”. Папулярныя сёньня ў Брытаніі
матывы ўсходняй музыкі надзвычайна арганічна зьяднаныя з амаль рокавымі
рытмамі 70-х гадоў і электронным гукам у стылі апошняга “Мэнсана” (што
ўсё разам крыху нагадвае фармацыю “Asian Dub Fundation”, але відавочна
пераўзыходзіць яе ў музычнай вынаходлівасьці). Здымаю капялюш.
Franz
Ferdinand
Шатландзкія постпанкі
нагадаюць вам гукам The Pixies і The Strokes, простымі аранжыроўкамі—60-я,
а рытмам—пачатак 80-х гг., эпоху дыско. Менавіта апошняе, маніцца, робіць
іх даволі папулярнымі ў Эўропе. Пры ўсім маім недаверы да дыска-культуры,
магу пацьвердзіць: на жывым канцэрце ніякі іншы рытм не ўвядзе вас у
стан эўфарыі з такой хуткасьцю й гарантаванасьцю...
Tom
Waits: Real Gone
Ад гукаў альбому—авангард
і “канкрэтная музыка” чалавечага цела, зьяднаная зь вельмі пахмурным
блюзам і хрыпатым голасам нюёркскага “шансонье”—папросту немагчыма адарвацца.
Том Ўэйтс — шаман андэрграўнду, альбом — класіка альтэрнатыўнага року.
Хаця калі вы не аматар гэтага жанру, то лепш, відаць, пачынаць зь лягчэйшага
калібру, кшталту раньняй Пі Джэй Гарві—слухаць гэты альбом некалькі
разоў запар, каб зразумець тэксты, не рэкамэндуецца—хіба толькі ў стане
глыбокага алькагалічнага ці іншага ап’яненьня...
©
Глухаман, 2004
