“Нягледзячы на аргомністы цырк вакол новага фільма
носьбіта Оскара амэрыканца Майкла Мура здаецца, што ў ім выкрыта ня
так і шмат новых фактаў. Ужо два гады вядома аб таямнічым урадавым самалёце,
які на загад прэзідэнта парушыў забарону палётаў і адвёз у бясьпечнае
месца групоўку саудаўскіх прамыслоўцаў. А той факт, што між саудаўскімі
сябрамі Буша быў нейкі сваяк Бін Ладэна, сьведчыць хіба аб разгалістасьці
арабскіх сем’яў, чымся аб нейкай злавеснай таямніцы Бушавай мінуўшчыны.
Таму Мураў “саудаўскі кантакт” ёсьць крыху слабым, а галоўнае—надуманым.
Хоць Муру ў Каннах і апладавалі, але адразу пасьля гэтага на яго з усіх
бакоў у мэдыях пасыпалася крытыка: сваё змаганьне з Бушам ён вядзе з
дапамогай няпоўных і перакручаных фактаў, адкрыта маніпулюе з грамадзкай
думкай і эмацыйна шантажуе гледача. Кожны, хто бачыў хоць нейкі ягоны
фільм, мусіць з гэтым пагадзіцца. Прызнаюся, непрыемна, што кінатворца
паводзіць сябе як які-небудзь палітык. З другога боку, не разумею, чаму
карыстаньне наўмысна напаўпраўдзівымі цьверджаньнямі дазволенае толькі
прэзідэнтам, а дакумэнталісты павінны быць па руках і нагах зьвязаныя
аб’ектыўнасьцю. Акрамя таго, Муру ўласьцівае бясхібнае чуцьцё на самарэкламу.
Фраза “Мэл Гібсон адмовіўся фінансаваць мой фільм пасьля таго, як адзін
рэспубліканец яго папярэдзіў, што яго таксама перастануць запрашаць
у Белы Дом” павінна, здаецца, схіліць на бок Мура кожнага.” (Томаш Бальдынскі)
“Свой прыезд на глебу
Старога Сьвету Мур адзначыў маленькім скандалам, які ў сутнасьці сваёй
быў, гэтаксама як і бальшыня ягонай творчасьці, звычайнай фікцыяй. Кампанія
“Дыснэй”, маўляў, у апошні момант перадумала купляць дзеля дыстрыбуцыі
фільм “Фарэнгайт 9-11”, які востра крытыкуе прэзідэнта Буша. На жаль,
высьветлілася, што кампанія купляць фільм і не зьбіралася. Ці папрасіў
Мур прабачэньня за наўмысную маніпуляцыю з фактамі? Ні ў якім разе.”
(Томаш Коль)
“Няцяжка паверыць,
што за тымі цяжкасьцямі, зь якімі зьвязаны пошук дыстрыб’ютара фільма
“Фарэнгайт 9-11” у Злучаных Штатах, стаяць ня толькі фінансавыя патрабаваньні
Майкла Мура. Увесь гэты скандал падазрона дакладна прыйшоўся на час,
калі ў кампаніі “Дыснэй” вядзецца барацьба за ўладу, і адначасова праводзіцца
спроба аддзяленьня ад “Дыснэя” дыстрыбуцыйнай кампаніі “Мірамакс”, якой
першапачаткова належалі правы на дыстрыбуцыю фільма. Таксама падазронай
ёсьць сувязь між кіраўніцтвам “Мірамаксу” і фірмай “Комкаст”, якая выступае
з нападкамі на кампанію “Дыснэй”. Магчыма, пра Мураву ролю ў гэтым мільярдавым
бізнэсе ільга было б зьняць цудоўны фільм. Але Буш на такое папросту
няздольны—праўда ж, Майкл?” (Томаш Бальдынскі)
“34-ты жыхар Белага
Дому прынёс Майклу Муру неблагія грошы: такія ягоныя кнігі як “Тупыя
бледнатварыя людзі” альбо “Гэй, дзе мая краіна?” карыстаюцца камэрцыйным
посьпехам па цэлым сьвеце. Дзякуючы перадвыбарчай кампаніі фільм “Фарэнгайт
9-11” мае яшчэ большы доларавы патэнцыял. У адрозьненьне ад сваіх францускіх
прыхільнікаў, Мур працуе цэлы год, бо добра ведае, што прыкідваньне
прыгнечаным апазіцыянэрам прыносіць добрыя грошы. Калі б ён толькі захацеў,
за ягоны кошт беспрацоўныя францускія кіношнікі маглі б жыць цэлы год,
прычым на добрым жыцьцёвым узроўні... Творца як дзяржаўны служачы, якому
плоцяць зь дзяржаўнага бюджэту—перспэктыва, ад якой у Вольтэра ці Рэмбо
падкасіліся б калені. Адпаведны заробак—не настолькі дзіўная рэч, як
уява, што творцы хочуць атрымліваць яго і тады, калі не працуюць.” (Томаш
Коль)