Макс Шчур

ПАМІНКІ ПА ХУЛІГАНУ (2007)

Новы, 2007-ы

Стрэльбішча па ўсім даляглядзе—
па шарох каляровых б’юць кулямёты,
абсыпаючы голавы там, залягла дзе
абарона ад дывановага лічбавага налёту.

Пахне біялагічнай пагрозаю!

З крыкамі птушак узьлятаюць ракеты,
людзі гуртуюцца разам ад боязі—
вярнуць мінулае ёсьць іхнай мэтай,
тым часам як нашай—прачнуцца цьвярозымі.

*

А.І.

Дзень разыйдзецца, быццам целік,
год разносіцца, быццам бот,
пяць гадзінаў цэлых,
скарыстаўшы келіх
з каньяком, адмерае рот.

Па-над мостам раскіне вэлюм
птаства спуджана, як сіло,
і захочацца вельмі
двум розным целам,
каб іх штосьці ў адно зьвяло.

Ды навошта, бог на promille*,
пакуль вочы яднае шрыфт—
за сьпіною крылы
дзьвюх ног ня ў сілах
наш адтэрмінаваць абрыў.

*адзінка вымярэньня колькасьці алкаголю ў крыві

Банкі

Нібы для пельменяў цеста,
як лямпачкі безь сьвятла,
нібы на сьпіне яечня—
ваш вымерлы рытуал.

Засмок васкі нежаноцкі,
бо матчын, поўны вагню,
ад сьмерці курчыўся хоць бы,
я ні на што не зьмяню.

*

П.Х.

Увечары ўзімку ў зімовае вопратцы сьпёчна,
а зранку на сонца балюча глядзець, бы на сьмерць,
зь якой мы знаёмыя, як і са шчасьцем, завочна.
Адзін успамін толькі ў лужыне памяці зьмерз,

у верасьні, Мюнхене, прыцемках тысячагодзьдзя.
Нібы валяр’янка, суцішвае водарам грог.
У кляштары быццам, хавацца на аўтазаводзе,
каб крочыць пасьля на шынком упрыгожаны рог,

пусьціўшы, бы птушак, па сьвеце дзяцей мэталічных.
Удома чакаюць згрызота, кіно, алкаголь.
Жыцьцё ёсьць усюды на сьвеце такім безаблічным
для тых, хто нічога ня хоча чакаць ад яго.

Yerba Mate

Шаманскі напой насамрэч цягне ў іншыя землі,
дзе зараз вясна—набліжае сутоньне нэон,
і фарба напою ўласьцівая стойкае зелені,
і горад наўкол выглядае, бы гэта ня ён.

На некалькі месяцаў сьвет перанесены ў будучыню:
дзяўчаты ў кавярнях балбочуць аб новых хлапцах,
і я сваё цела, чужым падзяўбанае вуду, чыню,
гумовую ляльку-каўчэг, ратавальны пасаг.

Калі яго хтосьці надзьме, яно плыцьме слухмяна
па муці стаячай, генеалагічнай ракі.
Адно не малюйце на шчоках зарослых румянаў—
іх выядуць злыя, салёныя хваль языкі.

*

Пахне сьнег. Надзеяй пахне.

Б.Рэйнэк

Сьнег пахне, быццам учарашні хлеб,
дастаны з поўнага дзівосамі сэрванту.
Ягоная цнатлівасьць, сьвежасьць—блеф.
Тым большы смак для знаўцаў дэспэранта*.

Давай ізноў гуляць, нібыта мы
наканаваныя адно адному.
Лот ківача замёў сьляды кармы.
Вагнямі поўніцца судока дому.

* штучная мова, створаная на падставе зьніклых моваў сьвету, незафіксаваных на пісьме

*
З вакна, на падваконьні-аналоі
чытаю прыпавесьць, тытунь—як фіміям,
а ўсьцяж перада мной, як на далоні—
раю гасподняга тутэйшы філіял.

Звон водзіць званара, нібыта рыба.
Гарбатаю настойваецца гук.
Зямля паўсюль сьвятлейшая за неба,
як у старых галяндцаў—вочы псюк.

Качкі курсуюць у стаўка нэйтральных водах,
згары здымае іх мароз-шпіён.
Майго місіянэрства асяродак—
зімы арэндаваны павільён.

*
Раніца—доўгае сола
на плястыкавай бутэльцы
за няйменьнем рассола.
Гэтак трубяць тапельцы.

Бурбалкі—быццам ноты.
Прэч з пасткі-раскладушкі.
Плачу па страце цноты
сьмехам адкажуць птушкі.

*
Вечар. Проста праехацца ў цягніку
з макулатурай у пляцаку.

Семафоры—апошнія цацкі калядаў.
Вясной запахла з-за даляглядаў.

Вуж з айчынным арнамэнтам на гарбе
ў вядомы бар завядзе цябе,

дзе ў клязэце—пах савецкай цырульні,
дзе шарм наведвальніц—неадольны,

дзе дамы шыі ў манто заматалі,
нібы балерыны—таліі,

дзе вырашаць крыжаванку рахунка
надзіва слушна й надзіва хутка.

*
Дожджык—вадкія кванты
бела-шэрага дня.
Стан душы адэкватны
чысьціні насланьня.

Прэч з каюты на палубу
зь небам замест вады.
Можа, цела шчэ й спала бы,
каб ня ў страўніку дым.

Надзімаюцца ветразі
грудзяў і жыватоў.
Мы наўрад-ці ўжо вернемся,
да сябе—пагатоў.

*
Вясна—як лекар. Не пасьпееш распрануцца—
яна ўжо пасылае на рэнтген.
У бочцы чэрапу нат не спрабуй замкнуцца
ад цела, набарака Дыяген,

бо ўжо і ў ёй папахвае навозам.
Пахі дзяцінства сочаць за вуглом,
каб рот запхнуць анучкаю з наркозам,
а потым сэрца прапіхнуць калом.

І раптам—тут!—аўтобус аж з Гародні,
і твары беларускія за шклом.
Прывіт! Мы несвабодаю падобны
выйсьці з салону ці ўвайсьці ў салон.

Вялікдзень

Вясна здаецца мне асэксуальнай.
Сутоньня дачакацца ўсё цяжэй.
Яйкі й ірты крывёю мэнструальнай
фарбуюць, каб прадаць падаражэй.

Са сьпячкі абуджаюцца кузуркі
бяз сэнсу й дай-прычыны навакол,
і сонца прачышчае кроў рачулкі,
бы антыалерген ці дэмідрол.

Прырода ўдасканальвае скульптуру
дзяўчыны павуціньнем паміж ног,
і радасна, што сьмерці дыктатуру
перахітрыць прынамсі хтосьці змог.

*
Дзень Кнігі: лёгка паміраць*
і цяжка разыходзіцца.
Красуе ў клюмбе папараць—
як мы, зямлі палоньніца.

У садзе між каменьчыкаў
зь японскімі банзаямі—
прыроды ў цацку зьменшанай—
высока папаўзла яна.

Паклон цярплівасьці такой!
Яна пакуль ня ведае,
што колькі ні цягнуцца ёй,
ня стане яна кветкаю.

*Дзень сьмерці Барыса Ельцына

“Акварыюм” на Вінаградах

Б.Г.

Не Бадхідхарма з доўгай барадой,
не іранічны колер акуляраў,
ня лёгка прадказальныя акорды,
ня выкрыкі натхнёных неафітаў
дапамагаюць зарыентавацца
ў блытаных словах новай песьні,
дзе я згубіўся, бы ў сабе самім,
а ненападабняльны востры голас
і піцерскі акцэнт у розных мовах,
дыханьне, на якім я вырас,
дапамагаюць усьвядоміць нерэальнасьць
таго, што адбываецца са мною
й запэўніцца ў рэальнасьці таго,
хто дваццаць год быў улюбёным ценем.
Лягчэй убачыць горад залаты,
чым з архітэктарам загадкавым сустрэцца.
Цяпер можна сьмяяцца і крычаць,
калі ўжо зразумеў, што песьні ўзростам
нагадваюць на самай справе віны,
і хай аматары ёсьць маладых гадоў,
якіх п’яніць сучаснасьць этыкеткі,
знаўцамі аддаецца перавага
смаку старых, больш дарагіх гатункаў.

Сімэтрыя

Пчала бзужжыць, як перамотка відэа.
І насамрэч, ад пэўнае мяжы
яе жыцьцё ёсьць люстраным паўторам
таго, што ёй прыйшлося перажыць
у часе папярэдняга пэрыяду.
Яе інстынкт: сама быць сабе ўзорам.

*
Нібыта сыроватку, п’е з асалодай
труба пасьля ранішняй ванны ваду.
Якою з эзопавых моў ні валодай—
што лепшага імі я апавяду?

Папера ў клязэце нырае мэдузай,
трымаецца ўпарта бычок на плыву.
Як ляльку за розныя ніткі ні тузай—
фрызура ня дасьць апусьціць галаву.

Па вострым каменьні крыжую чыгунку,
як некалі зь цёткай—празрысты ручай.
Нідзе, апроч места, ня знойдзеш прытулку,
як кнігі разумныя ні вывучай.

Адну на дваіх цыгарэту зь віхурай
папаліш—і зноў у вагонны трыбух.
Як дэманаў зь цела свайго ні выкурвай—
апошні зь іх выйдзе, як выпусьціш дух.

*
Ляжаць і думаць пра вас,
дзяўчаты летняга Менску,
пакуль у горла экстаз
сваю не ўвапхне стамеску,

каб вызваліць з абцугоў
заціснутую трахею.
Цінэйджэрская любоў
мацнее, як я старэю.

*
Вуліцы западаюць адна ў адну
зубцамі плыняў дарожнага руху,
падобна пальцам рук ці радну.
Мэханізм вырабляе смурод і задуху.

Тэлевізія ў люстэрку крывым—як кіно.
Дзеці ацэньваюць рэчы нябачным
чырвоным ліхтарыкам. У вакно
піла дыхае разяўленай зяпай сабачай.

*
Паэт рушыць з працы начною вуліцай
і думае вершамі ў рытме крокаў.
Дзяўчо насустрач пахне настурцыяй,
паэт яго з радасьцю б адмудохаў.

Нябачны хціваму воку дамскаму,
адліць запыніцца пад кусточкам,
пашле паклон барону цыганскаму,
вакзалу-палацу і курвам-дочкам.

А на пэроне сядзе на зэдліку
і вершы ў сшытачак накрамзоліць,
а потым на хер пашле паэтыку
дзеля бутэлькі ў сваім камзоле.

Памяці Ўладзімера Каткоўскага

Сёньня яшчэ больш гнюсны дзень,
чым звычна. Сонца лезе сьлепнем
у твар, будзільнік-муэдзін
суседа кліча на малебен,

і я кіруюся туды ж,
хоць разумею: бог няісны,
а лёс ёсьць толькі змовай між
людзкою дурасьцю і сьвінствам.

О, віртуальнае жыцьцё!
Набыў сабе дзялянку—шляхціц.
Бы ў вечнасьць собскую, усё
ў яго хацелася б укласьці.

Хто толькі вынясе прысуд,
ці быў у гэтым сэнс, ці будзе?
Адказваць нам—цяпер і тут.
Абвінаваўца—бог, мы—судзьдзі.

Чорная імша

Вока бардэлю зьзяе чырвоным
ліхтаром уключанага мікрафону.

Кантрацэптывы—паштоўка з атожылкам—
прыпадабняюцца дзіцячым могілкам.

Лашчыць машына з клікам
чуйны мышыны клітар.

Белая перліна коціцца
па чорнай шчацэ багародзіцы.

Польскі рэпартаж

1.

Вагон нас хоча залюляць,
ды сам рыпіць, нібы прачнулася
якога немаўляці памяць
ад мроі пра жыцьцё ў мінуласьці.

Не дапаможа рытуал,
піцьцё напою з брэсцкай крэпасьцю—
зірні, нябога Дарыян,
партрэцік твой даўно парэпаўся.

З часам вастрэйшае пяро,
але пачуцьці ўсё тупейшыя.
Гадзіньнік ставіць на зэро
і нас рабіць гульню прысьпешвае.

2.

У ціхай раніцы фарватэр
уплыў, бы хто прываражыў,
“Яго Вялікасьць Імпэратар”
на чэска-польскае мяжы.

“Усе наверх! Гарматы з чэхлаў!
Рыхтуй да залпу левы борт!”
Ён застаецца незачэплен,
а мы плывем, як банка шпрот.

Раскладваюць афіцыянткі
відэльцы, лыжкі і нажы,
нібы лятучыя галяндкі—
ім по баку абардажы.

Сьцеліцца дым па-над вадою,
аблок займае далягляд,
дзьме ў ветразі, бы ў шкло. Да бою!
Ён рушыць нам на перахват!

3. Катовіцэ

Нешта сярэдняе—між Беларусьсю і Чэхіяй—
арыфмэтычнае суммы абедзьвюх радзім.
Вочы ў цягнік зазіраюць з кватэраў пад стрэхамі—
пятнічны водгук, шэсьць зь нечым суботніх гадзін.

Рэжуць трамваі іржавымі электрабрытвамі
вока і слых; галубы ў амплюа кажаноў
гмах камунісцкі з прадвечнай пячораю зблыталі,
век залаты і каменны зьядналі наноў.

Што ад таго, што эпохі сыходзяць у Тартары—
пэўна старая рукой серп іржавы вядзе,
вечна люструецца рэкаў спакой у характары,
гены агульныя—ў мове й жаночай хадзе.

*
Паэт маўчаньня by default,
par excellence, натурай, лёсам,
ціхіх відовішчаў дэвот
так і сканае безгалосым.

Што толку антыэтанол
кантрацэптывам піць штовечар,
калі бясплённы твой глагол
не адзавецца рэхам вечным.

Грызьці падушку-круасан
штораніцы, сьлязьмі змачыўшы,
і разумець цудоўна сам,
дзеля чаго й праз што маўчыш ты.

Патрыятычны раманс

Напачатку была сволач
крывічы дрыгавічы
Рагнгерд і Рангвальд побач
не пайду ў рабынічы

Чарадзей у сьне затросься
увушшу званы пішчаць
крыж на сэксе ставіць Фрося
каб цырульню заснаваць

Каляда Дзяды Купала
Купалінка Белабог
як зязюля пракувала
шышка ўпала праміж ног

Перамога пад Грунвальдам
кроў на Сіняе Вадзе
крыжака мачы кувадлам
зноў маскаль на нас ідзе

Ворша дзень вайсковай славы
спой мне песьню пра зубра
бераг левы бераг правы
Лжэдзімітрыю ура

замкі дуды гетман шляхта
палянэз вайсковы марш
пад штандарамі вэрмахта
аты баты горад наш

атрымай фашыст гранату
аддавай Смаленск Масква
пакаяньне Курапаты
партызанская дрыгва

несьвядомыя манкурты
маскалі рука Крамля
бездухоўныя банкруты
як выносіць вас зямля

Чамадан Вакзал Расея
Гітлер Сталін Піначэт
іншаверцы фарысеі
ўсё што не касьцёл мячэт

верым можам пераможам
Мілінкевіч БНФ
Знак бяды Магутны Божа
генацыд сармацка крэв

Наша Ніва грошай вобмаль
шклоўскі ідал NRM
зорка званая Чарнобыль
будзем жывы не памрэм

Каго любіш? у Эўропу
Незалежнасьць Белтрансгаз
рэха рыфмаў Зянон-хопу
памаранчавы экстаз

Мне ўсё покер,
я ем перац.
Я—імперац.
Я—імперац.

Раніца

Кватэра пахне мерцьвячынай,
за вокнамі чацьвёрты год
раве ад злосьці беспрычыннай
будоўлі жудасны завод.

У даланёвую патэльню
таблетка выб’ецца яйком
замест сьняданку, нечытэльны
ерогліф зьмятых валаскоў

на ўлоньні здасца зразумелым:
кітайскі мініятурыст
зашыфраваў у тваё цела
маёй істоты бескарысьць.

Age, Summer, I

Сашы Макавік

Чым болей робісься самотны,
старэйшы,
калі адзіная пяшчота—
прыкурваць, дзьве рукі, бы грэшнік
альбо нябожчык, склаўшы ў дотык,
дык вось, пра што там—
чым болей робісься самотны,
сьмяшнейшы,
тым болей летнія вабноты
і дзёрзкасьць фарбаў вока цешаць,
а вуха—гук дажджу й грымоты,
і, нават гэта зразумеўшы,
я лета не люблю. “За што ты
крыўдуеш на яго?” Канечне,
употай
я памятаю выспаў сьцежкі,
утульнасьць места ў час сьпякоты,
арэшнік,
вольнасьць ня думаць пра работу,
і ўсё-ткі
яно мне грубае залішне—
дыхае ў твар засьмяглым ротам,
да майго цела цягне клюшні,
туліцца з хцівасьцю драпежнай,
тхне потам—
я ж ваблены блізкасьцю меншай,
больш цнотнай,
адлегласьцю між мной і сьнежнем,
калі зь бязьмежнай
дыстанцыі аб’ект староньні
не паглынаецца каронай
зоркі, якой ён прыналежны.

*
Апошняя карціна Арчымбольда—
“Вялікі чэскі смарагдовы мур”,
цераз які цягнік паўзе павольна,
а ў ім—прадстаўнікі чужых культур.

Спаборнічаюць у мастацтве формы
зелень і бель, нібы ў гульні зь мячом
судзьдзёвай зрэнкі, мелюць, быццам жорны,
усё што адкрываецца вачом.

Брно

Алесю Разанаву

Беларускія літаратары
стаюцца гарматным мясам
у бясплатным кіна-тэатары,
вандруюць прасторай, і часам

назвы станцыяў блытаюць
з назвамі новых стансаў,
сьлёзы і сьліны зглытваюць,
не выходзячы з аўтатрансу.

У лябірынце над горадам
катуюцца манекены.
Нікому за гэта сорамна.
Іх МінАўтар—Мікены.

А неба палову бохана
дае нам—смачней ня ўявіш!
А мы ня бярэм спалохана,
бо лесьвіца ў ім, ня мякіш.

*
Мужчына, хлопчыкам цяжарны,
нясе ўрачыста парасон,
нібы эгіду за дзяржальна
трымае картачны барон.

Стаіць чыгуначніца ў белым,
праводзіць позіркам састаў,
маўляў гандлюе сваім целам
каля Варшаўскага маста.

Цягнік дае штрафное кола
ўкол места—ён ізноў адстаў,
як той актор, забыўшы ролю.
Хтосьці памёр?—засьнены стаў...

Каб не гарчычнікі абвестак—
голым слупам заўжды хварэць...
Хай гэтым вершыкам падлетак
радасна сраку падцярэць.

Маім гасьцям (С., В., Г.)

Зь Менску ізноў прывезьлі восень,
на гэты раз—у ліпені.
У слоіку на папяросы
шукай сабе пагібелі.

Цяры далоні пемзай шчэці,
каб колаў год пазбавіцца—
ніколі яснае вашэці
назад не пераправіцца.

За дзесяць год шырокім Стыксам—
мінуўшчына-збавіцелька.
Чапаеў быць ці Мобі Дык сам—
от, мабыць, ахуіцельна!

А так—крамзоліш на паперы,
нібы нямы з народзінаў,
чужыя стопы і памеры,
і азірнуцца боязна.

*
Калі “чужыя кнігі лепш
перадаюць мяне”
(усіх, бадай, не назавеш,
хаця тваіх там не
знайсьці), то што я сам
хачу сказаць “чытацкім масам”?

Я не чакаю іх “дабро”
ані дабра ад іх,
я не шукаю ў іх сяброў,
ахвочых парадзіх;
ухвалай іхнай перадоз—
пародыя на парадыз.

Яны нявартыя ані
нянавісьці, ці там
сарказму—божа барані,
штукарствам альбо досьціпам
іх цешыць—дрэнны я паяц.
Нашто тады ў адно паяць

словы паяльнікам пяра,
змачыўшы ў рыфмаў волава,
сваё адзеньне прымяраць
на торс манарха голага?
Сказаць, што гэта помста,
было б, бадай, запроста.

Я б сам хацеў спытаць адказ
у Фройда ці ў бабулі,
у аўтараў крылатых фраз
маёй няўдзячнай ролі,
ды маніцца, што я б наўрад ці
пісаў, каб мог іх дагукацца.

Матрац

Матрац служыў аддана, моўчкі,
цягам гадоў, пакуль яго
аднаго дня ня вырашылі выпраць.
Спалоханы, ён сьцяўся ў закутку
й чакаў свайго няведамага лёсу.

Калі яго пасьля шалёных катаваньняў
вадой скруцілі й спрабавалі выціснуць,
ён бараніўся, бы цяжкая анаконда,
упаляваная ў плыткае каламуці
ванны. Ён ня ведаў сам,
колькі ў ім назапасілася бруду,
і пасаромлена маўчаў,
калі яго парфумавалі
й вешалі на распаленым жалезе.

Тады матрац загаварыў. Спачатку—
незразумелаю біблейскай мовай плямаў,
што выступалі, а пасьля зьнікалі.
Урэшце, ён зьбялеў, як чысты аркуш,
разьлінаваны абароннаю аздобай.

Потым штось адбылося. Ён памёр.
Прынамсі, так здалося, бо раптоўна
ён вылучаць пачаў задушлівы смурод,
усюдыісны, грубы, невыносны,
мацнейшы за ўсялякую парфуму
смурод нямытага ніколі цела
калекі без страхі над галавой.

Тады сталася ясна, колькі
ўтрымліваў у сабе ён таямніцаў,
якіх мы так і не даведаліся: чый
ён быў, адкуль, якога ўзросту,
што бачыў ён і што ён адчуваў,
калі ўсё гэта бачыў. Толькі
ягоны пах, цяпер паўсюль прысутны,
нібы душа на працягу сарака дзён,
нагадвае, што мы яго ўжывалі
й пасьля забілі. Зараз застаецца
прыдумаць толькі месца пахаваньня
й забыцца цягам ночы з дапамогай
лекаў для сну і іншага матрацу,
што ў гэтым паху—сутнасьць нас саміх.

*
Асфальт—інтэрнацыянальная тэрыторыя,
24 гадзіны адчынены сьвет,
у якім пануюць свае законы суворыя,
маўляў на паверхнях іншых, далёкіх плянэт.

Машыны мераюцца сваймі сьветлавымі ікламі,
лепяцца адна на адну, нібы жамяра,
і кіроўца з кійком ператыку й нагамі зацёклымі,
бы стары, кульгае ўздагон за сьвятлом ліхтара.

*
Я сёньня ў сонечным удары—
яечні выкалаўшы вочы,
я сушы створанай абшары
зрабіў ураз пустэльняй жоўчнай.

Машыну стартануў флэш-картай,
якую ледзь як запальніцу
не скарыстаў, і а дзявятай
пасьпеў у вершы заглыбіцца—

пра сны, што з рэштак папярэдніх
сноў паўстаюць, нібы ў кулісах
гульні кампутарнай—апгрэйды,
пра загарэлых адалісак,

жыцьцём прапечаных, пра тое,
як жалюзі дню голяць ногі,
пра шморгат малатка адбойны
ў насоўку дворыка за рогам,

пра шыю на падушцы-пласе,
ката залевы ў меху хмары...
Я сёньня ў сонечным удары,
мне Муза сёньня аддалася.

*

Сяргею Прылуцкаму

Мае ўлюбёныя пісьменьнікі
ня маюць бурных біяграфій.
Прыгоды, бабы? По х... венікі.
Бога і сьвет паслаўшы на х...,

у кабінэце альбо ў камэры,
вар’ятні ці бібліятэцы
яны стваралі свае кавэры
зь дзяцінства ведамых сэнтэнцый.

І я, не абмінуты радасьцю
глынуць юнацтва перагару,
гляджу на іх з глыбокай зайздрасьцю
і ў іхны лік патрапіць мару.

*
Чыгунцы адсяклі адну руку,
пакінуўшы адно рукаў зь пяску.

Складана рады даць ёй, аднарукай,
нядзельнаму чыгуначнаму руху.

Поўны сабакаў, ровараў састаў
на станцыі Утопія застраў.

Там толькі тое ёсьць, што ёсьць у пляне.
Зямля, трава, адкіды, часу здані—

усё, што інжынэрам не пралічана,
як і я сам, тут мае статус лішняга.

*
Бляшанка піва пырскае, бы спэрмай,
аднак пераўзыходзіць таўшчынёй.
Цнатлівіцы зласьлівасьцю манэрнай
прынаджваюць утаймаванцаў рой,
нібы пастаць манашкі—рызы чэрняй,
нібы радок бульвару—жаўцізной.

*
Заўжды перад канцом раману
мне мае сшыткі аддаюць
найлепшае, што ў іх схавана—
мэтафар ладную сажмуць.

У твар шпурнуўшы іх раўніва,
дзьвярыма бразнуўшы са зла,
яны змаўкаюць ганарліва,
хаваючыся ўглыб стала.

Ніхто б запэўніць іх ня здолеў,
што, у адрозьненьне ад кніг,
я закаханы ў іх тым болей,
чым меней адкрываю іх.

© Макс Шчур, 2007

HA POCTAHI