Макс Шчур

 

ЭКСПЭРЫМЭНТ

 

 

Здарылася непрадбачанае: радыяцыйны ўзровень у лабараторыі шалёна ўзвысіўся, і рэчы, знойдзеныя пры раскопках, пачалі сьвяціцца нейкім незразумелым блакітным сьвятлом.

—Здаецца, час пайшоў назад!—з усьмешкай абвясьціў нам прафэсар такім тонам, як быццам такія рэчы здараліся ў яго кожны дзень.
—Як гэта?—закрычалі мы.—Зусім?
—Не зусім,—сказаў прафэсар.—Толькі ў тым вунь шкляным саркафагу.

У тым шкляным саркафагу, як на бяду, ляжаў шкілет нейкага старажытнага ваяра ў поўным баявым рыштунку.

Тое, што адбывалася ў нас перад вачыма, не паддавалася апісаньню: іржа пачала імгненна адставаць ад жалезных латаў, і тыя зазьзялі пад электрычнымі лямпачкамі, быццам новыя. Гэтаксама й пачарнелыя косьці старажытнага ваяра спачатку пабялелі—на што спатрэбілася ўсяго толькі якіх пятнаццаць хвілінаў—а потым пачалі абрастаць мясам. Некаторыя дзяўчаты ня вытрымалі гэтага жорсткага відовішча й пачалі ванітаваць. Як бачыце, час ішоў назад вельмі хутка: за якія пятнаццаць хвілінаў павінна было прайсьці гадоў пяцьсот, ня меней.

—Выключце апарат!—закрычаў прафэсар, як толькі ўвесь рыцар цалкам зьявіўся перад намі й паружавеў, як тая сьпячая прыгажуня.—А то ён зараз у нас зусім у спэрматазоід ператворыцца!

Апарат выключылі, ваяр расплюшчыў вочы й паварушыўся. Яскравае сьвятло асьляпіла яго. Нехта з калегаў-гісторыкаў ускрыкнуў і згубіў прытомнасьць, верагодна, пазнаўшы рыцара.

Паляжаўшы спакойна некалькі хвілінаў, рыцар спачатку перажагнаўся (зправа налева—праваслаўны, адзначыў хтосьці), а потым паспрабаваў узьняцца, і ў выніку гэтага прабіў жалезным шаломам шкло. Цяпер ён стаяў перад намі ўва ўсім сваім баявым харастве. На выгляд гэта быў мужчына гадоў пяцідзесяці—калі не лічыць тых шасьці стагодзьдзяў, цягам якіх ён ляжаў пад зямлёю. Росту ён быў невялікага, ільга нават сказаць—маленькага.

Убачыўшы вакол сябе людзей у белых халатах, рыцар адразу ж укленчыў перад намі, нізка апусьціўшы галаву, і пачаў голасна маліцца на незразумелай мове, у якой чуліся знаёмыя нам ноткі—верагодна, ён прыняў нас за анёлаў на страшным судзе.

—А вы—хто?—запыталіся мы на ўсялякі выпадак.
—Аз есмь раб божы Вітаўт,—адказаў прывід мінуўшчыны ўрачыстым голасам.—Судзі мяне, Божа!

Інстытут Экспэрымэнтальнай Гісторыі патануў у радасных крыках.

Мы былі ня супраць судзіць самога князя Вітаўта, толькі трэба было дамовіцца, хто будзе йграць ролю Бога. Спачатку мы хацелі прапанаваць яе прафэсару, але той адмовіўся, сказаўшы, што яму ўжо далёка за трыццаць тры. Між нас, на жаль, не знайшлося нікога, хто векам і выглядам нагадваў бы Ісуса Хрыста—апрача вечна паддатага альбо ўкуранага асістэнта-тэхніка Робэрта, які ўвесь час хадзіў з доўгімі валасамі і ў навушніках, дзе грукатаў гэві-мэтал. Прыйшлося яму зьмяніць свой блакітны халат на белы й сесьці твар у твар перад Вітаўтам на гінекалагічнае крэсла. Спачатку Робэрт адмаўляўся размаўляць з гэтым варварам, які яшчэ і ўзброены сапраўдным мячом. Да таго ж, Робэрт ня ўмеў як сьлед размаўляць ня толькі па-старабеларуску, але й наогул, а ўвесь час карыстаўся нікому не зразумелым слэнгам, як той Вітаўт, таму мы мусілі стаяць каля яго й шаптаць яму на вуха цікавыя нам пытаньні, якія ў асноўным тычыліся нашай мінуўшчыны. Ільга было спадзявацца, што з кім-кім, а з Богам вялікі князь павінен быць шчыры.

—А ці заўсёды ты, раб божы Вітаўт, верыў у загробнае жыцьцё й неўміручасьць душы?

Пачуўшы гэтае пытаньне, Вітаўт заплакаў.

—Даруй, Божа, не заўсёды! У маладосьці я вызнаваў паганскую веру сваіх бацькоў і прыносіў ахвяры Пяркунасу!
—А пасьля хрышчэньня—ці заўсёды ты, раб божы Вітаўт, прытрымліваўся сьвятой праваслаўнай веры?
—Даруй Божа, не заўсёды! У маладосьці я, каб нашкодзіць брату свайму стрыечнаму Ягайлу, уцёк быў да паганых немцаў і прыняў быў паскудную рымскую веру.
—Ну, нічога, табе гэта даруецца. А цяпер распавядзі нам, як там было насамрэч пад Грунвальдам...

Карацей, не пасьпела прайсьці й чатырох гадзінаў, а Вітаўт нам ужо абрыд: усё нам цікавае ён ужо распавёў, і мы цяпер ня ведалі, як яго пазбавіцца. Не ў музей жа яго здаваць, чорт пабірай! Жывы ж чалавек...

—Дазволь, Божа, запытацца ў Цябе адну рэч?—нясьмела прамовіў тут Вітаўт.
—Дазваляю,—ласкава адказаў Робэрт, сёрбаючы піўко.
—Патлумач рабу свайму, Божа: калі зараз Страшны Суд, дык дзе ўсе астатнія?
—Нічога страшнага ў гэтым судзе няма, раб божы Вітаўт. Вось я быў на адным судзе...

Мы зноў ушчыкнулі Хрыста: гэты Робэрт сёньня проста перабраў!

—Не разумею: дзе Ягайла, дзе мой бацька Кейстут, дзе магістар фон Юнгінген?
—А чорт іх ведае,—паціснуў плячыма Робэрт, але тут жа атрымаў агромністага капыра пад сядачку крэсла.
—Не блюзьнер!—зашыкалі мы на яго.—Ты ж Хрыстос! Галавой думай!
—Ага! Дык значыцца, яны ў пекле!—пракрычаў Вітаўт.—Так ім і трэба, паскуднікам!
—Пакуль што яны толькі ў чысьцяцы,—супакоіў яго Робэрт.—Чакаюць Страшнага суду, як і ўсе астатнія.
—А калі будзе Страшны суд, Божа?—пацікавіўся Вітаўт.
—А вось гэта анёлы мае табе зараз распавядуць, бо я ўжо з табою гутарыць стаміўся—дый у прыбіральню мне трэба...

Вельмі, мабыць, зьдзівіўся раб божы Вітаўт таму, што Хрысту трэба ў прыбіральню, але нічога не сказаў. Мы ж, у сваю чаргу, растлумачылі яму сітуацыю: распавялі яму аб усіх падзеях грамадзянскай вайны, аб Вуніі, аб заняпадзе Вялікага княства. Ува ўсім гэтым Вітаўт быў схільны вінаваціць сябе самога. Мы, аднак, супакоілі яго й пераканалі ў неабходнасьці крыху адпачыць, пад’есьці й паспаць, бо да Страшнага суда яшчэ вельмі далёка.

Пад’еўшы нябёскай ежы (гэта быў каралеўскі чызбургер з паблізнага Макдональдсу), вялікі князь Вітаўт заснуў, а мы, пакінуўшы Робэрта яго вартаваць, пайшлі адзначаць наш вялізарны навуковы посьпех і раіцца, што рабіць зь князем далей, як скарыстаць атрыманыя намі веды аб мінуўшчыне, як паведаміць аб усім гэтым грамадзкасьці й журналістам, каму дадуць за нашае адкрыцьцё Нобэлеўскую прэмію й г.д.

Тым часам сталася нешта, чаго ніхто з нас, акрамя вэгетарыянцаў, ня мог прадбачыць: ад макдональдсаўскай ежы князю забалеў страўнік, і ад рэзкага болю ён прачнуўся. Побач нікога не было, апрача Робэрта, які чытаў нейкую кнігу—таму князь, хаця й саромеючыся, вымушаны быў запытацца ў яго:

—Божа мой, Ісусе Хрысьце... Толькі ня злуй на раба свайго... Ці не падкажаш ты мне, дзе ў вас тут у раі серуць?

Хрыстос паказаў яму прыбіральню, а таксама параіў яму ад страўніку добры народны сродак—штакету. Вітаўт, натуральна, ня меў падставаў ня верыць Збавіцелю.

—Божа,—сказаў Вітаўт пасьля другой штакеты.—Вялікія цуды Твае. Скажы, а ці ня мог бы ты адправіць мяне на зямлю? Чуў я, што вельмі благія рэчы ў Літве робяцца.
—Няма праблем,—адказаў валасаты Робэрт, які ў той дзень ужо выпіў, выпаліў і напрацаваўся вельмі шмат.—Калі ласка.

Так што пакуль мы там сабе раіліся, укураны Робэрт безадказна вывеў Вітаўта з лабараторыі праз чорны ход на сьвежае паветра. Вітаўт зьдзівіўся такой хуткасьці вяртаньня на зямлю, але ведаў, што для Бога няма нічога немагчымага.

—Куды пойдзем, князь Вітаўт?—запытаўся ў яго Сын чалавечы.
—У сталіцу, Божа!

Такім чынам, неўзабаве яны выйшлі на шашу й пашыбавалі ў накірунку Менску. Выгляд айчыннага краявіду, трэба сказаць, Вітаўту ня надта падабаўся:

—Лясоў, лясоў мала!—наракаў ён.—Адны палі! Дзічыне няма дзе жыць! Як жа так божа?
—Якая дзічына?—не разумеў Робэрт.—Дзічына ў нас засталася толькі ў заапарку...

Усё Вітаўту было ня тое: вада ў рацэ брудная, рака плыткая, рыба дробная, паветрам дыхаць немагчыма—і гэта ён яшчэ нічога ня ведаў аб радыяцыі!

Убачыўшы здалёк парэшткі нейкага старажытнага замку, Вітаўт залямантаваў:
—Божухна! Што робіцца! Ніякай абароназдатнасьці! Умацаваньні зруйнаваныя! Хто гэта нарабіў?
—Караль Дванаццаты,—адказаў яму Робэрт.—Такая быў скаціна, брат ты мой...

Вітаўт напружыў памяць.
—Караль Дванаццаты?
—Так, кароль свэяў.
—Свэяў? Ты маеш на ўвазе—данаў, Божа?
—Не, я маю на ўвазе—швэдаў.
—Зь якой дынастыі?
—Пфальцкай.
—Узурпатар!—закрычаў Вітаўт.—А што нашыя, дурні? Гальшанскія, Чартарыйскія, Астроскія? Куды глядзелі? Дзе яны зараз?

Хрыстос паціснуў плячыма.
—Хто дзе. Астроскі—у астрогу сядзіць, за згвалтаваньне. Чартарыйскі—той сапраўды дурань: працуе на мясакамбінаце. Дый не адзін ён—многія з нашага класу там уладкаваліся. А пра Гальшанскага даўно нічога не чуваць—эміграваў, кажуць. Зьехаў, значыцца.
—Куды?
—У Чэхію, нібыта.
—Да гусітаў?
—Ды не, княжа. Гусітаў даўно няма. Пабілі іх каталікі.
—Каталікі? Ты маеш на ўвазе, палякі?
—Я маю на ўвазе—немцы.
—Як так? А мы куды глядзелі? От, дарма я карону тады быў не прыняў... Няўжо ж немцы зноў узьнялі галаву?
—Немцы? Яшчэ як! Яны цяпер з Масквой сябруюць...

Ад гэтых словаў валасы ў князя Вітаўта ўзьняліся дыбарам.

—Што???—закрычаў ён на ўсё навакольле.—Масква—зь немцамі ў хаўрусе??? Вайна!!! На Маскву!!! Паклікаць татараў—і на Маскву!!!
—Не крычы гэтак, раб Божы Вітаўт. Татары цяпер Маскве падпарадкоўваюцца.
—Татары? Маскве? Але ж яшчэ пры мне ўсё наадварот было! Масква падпарадкоўвалася татарам, а татары—нам... Ну, ды нічога—колькі той Масквы! Абы толькі войска сабраць...
—Княжа, Масква цяпер у дзьвесьце разоў большая за нас! Масковія—самая вялікая краіна ў сьвеце!

Князь Вітаўт зарагатаў.
—Ты, напэўна, жартуеш, Божа! Напэўна, гэтая народная трава замоцна на Цябе падзейнічала! Як так: Масква—самая вялікая? А як жа Вялікі Ноўгарад, Цьвер?
—Усё забрала Масква.
—І як жа ты гэта дапусьціў, Божа? Не магу паверыць...

Хрыстос паглядзеў на Вітаўта з дакорам, і той мусіў суняць свой гнеў:
—Ну, ды нічога—абы да Смаленску дабрацца, там да Масквы—тры дні на конях. Хто ў нас зараз у Смаленску ваяводам?
—Ніхто, раб Божы. Смаленск таксама належыць Маскве. Даўно ўжо.
—А Кіеў?
—Кіеў—сам па сабе. Ён цяпер нікому не належыць.
—Як гэта—нікому?
—А так—самасьційнасьць...

Тут князь Вітаўт вымушаны быў спыніцца, каб аддыхацца. Нарэшце, пачухаўшы патыліцу, ён сказаў:
—Паслухай, Божа. Тады давай зробім іначай: паедзем не на Маскву, а ў Вільню. Паклічам туды палякаў, будзем раіцца, што рабіць. Бо гэтак далей працягвацца ня можа. Толькі зрабі так, прашу Цябе, каб мы там былі хутка—часу няма, разумееш... Трэба яшчэ да Страшнага суда пасьпець.

Што тут зробіш: Робэрт быў у добрым настроі, і таму дапамог князю Вітаўту спыніць машыну з расійскімі нумарамі, якая ехала кірункам на Вільню, ды яшчэ й патлумачыў кіроўцы, што яны—акторы, і вельмі спазьняюцца на здымкі гістарычнага фільму, што павінны адбыцца на адным зь літоўскіх замкаў. Кіроўца з задавальненьнем іх узяў. Усю дарогу да мяжы князь Вітаўт распытваў кіроўцу, шляхціц ён альбо халоп, і якому пану належыць—пакуль Хрыстос не патлумачыў свайму спадарожніку, што гэта ніякі ня шляхціц і не халоп, а анёл. Кіроўца, аднак, чамусьці пакрыўдзіўся на Робэрта й сказаў, што сам ён асёл, пасьля чаго абодва, Робэрт і князь Вітаўт, доўга прасілі ў кіроўцы прабачэньня, а Робэрт спрабаваў патлумачыць усю сітуацыю тым, што ўчора яны з князем проста моцна абчыталіся “Дон Кіхота”.

—Это что—водка такая, “Дон Кихот”, да?—запытаўся кемлівы кіроўца.—Что-то я о такой не слышал. Новый сорт, наверное...

Сапраўдныя праблемы, аднак, пачаліся на мяжы, калі літоўскія памежнікі пачалі прасіць князя Вітаўта паказаць ім свой пашпарт. Гэта надзвычай князя абурыла, і ён пачаў тлумачыць памежнікам на старажытнай мове сваіх бацькоў, што яму патрэбна ў Вільню, на дзяржаўную нараду з зацнымі панамі. Тут Робэрт дапамагчы князю Вітаўту ніяк ня мог: літоўскай мовы ён ня ведаў, а старажытналітоўскай дык пагатоў. Пасьля эмацыйнай гутаркі з памежнікам Вітаўт зноў зьвярнуўся да Робэрта:
—Чорт ведама што,—прамармытаў Вітаўт.—Даруй, Божухна, але гэты баярын кажа, што ў Вільні зараз сядзіць не вялікі князь, а нейкі самазванец, таксама аўкштот, які з родам Ягелонаў ня мае нічога агульнага, і што землі Белай Русі даўно ўжо ад Літвы адкалоліся—гэта праўда ці не?

Робэрт хацеў ужо паслаць князя ў дупу, як тут памежнік спытаўся ў яго, што гэта такое ён паліць, і Робэрт зразумеў, што ад князя Вітаўта ў яго могуць быць адны толькі праблемы. Таму ён вырашыў, што найлепш будзе паехаць зь ім у Менск і завесьці яго ў сядзібу БНФ, дзе зь ім лёгка знойдуць агульную мову—на большае ў яго розуму не хапіла.

Тым часам мы на наступную раніцу прачнуліся й спахапіліся: дзе выкапень? Дзе вялікі князь Вітаўт? Лабараторыя—пустая, нікога нідзе няма. Што рабіць?, падумалі мы. Падаць у вышук? “Шукаецца князь Вітаўт, каля 1370 года нараджэньня, пастаці сярэдняй, на выгляд—50 гадоў, апрануты: кальчуга, жалезны шалом, даўгі чырвоны плашч, на поясе меч...” Не, падумалі мы, ня трэба ніякага розгаласу—усё адно палічаць, што мы жартуем. Дык што ж тады рабіць? Зьвярнуцца да прэзідэнта, патлумачыць сітуацыю? На гэтым і пагадзіліся, але пакуль што было пастаноўлена нікому нічога не казаць.

Таму ўявіце сабе нашае зьдзіўленьне, калі ў вячэрніх навінах па тэлевізіі мы ўбачылі нашага Вітаўта ў Менску на чале вялізнага натоўпу пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й “Пагонямі”, які сячэ сваім даўжэзным мячом пластыкавыя амонаўскія шчыты, як капусту!

Потым мы даведаліся, што дэманстрацыю разагналі сьлёзаказытным газам, а самога Вітаўта злавілі й пасадзілі на пятнаццаць сутак. Кажуць, у камэры ён увесь час горача маліўся, а на допыце ўпарта не хацеў прызнавацца, хто ён такі, і сьцьвярджаў, быццам ён—вялікі князь літоўскі Вітаўт. Пераканаўшыся, што праўды ад яго не даб’есься, мянты ў рэшце рэшт здалі яго ў вар’ятню, дзе ён павінен знаходзіцца ў добрым здароўі й да сёньняшняга дня, у аддзяленьні для неўтаймаваных. Кажуць, што яму там ня сумна, як што зь ім там сядзіць вялікая частка ягоных новых сяброў і аднадумцаў з БНФ.

Безумоўна, ліст прэзідэнту з тлумачэньнем нашага экспэрымэнту, прабачэньнямі за неабачлівасьць і просьбай адпусьціць няшчаснага выкапня мы напісалі, але адказу пакуль што не атрымалі. Зразумела: калі б хто з нас быў прэзідэнтам, дык таксама пабаяўся б яго выпускаць.

27-29.1.2004.

 

© Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI