Макс Шчур

БЕЗНАЗОЎНІКІ й іншыя вершы

(2002-2003)

 

 

*

Нацюрморт на тле відарысу
сузірае мастак старэнькі.
Надае гастрыні абрысу
скалаў сонца ягонай зрэнкі.

У аблокаў і хваляў жорны
быццам трапіла ўсё навокал.
Гаммы колераў лад мажорны
мноствам тонаў нэрвуе вока.

Прыбіраюцца прэч з абрусу
ладна складзеныя сурвэткі
белых ветразяў, зьмену курсу
карабель абвяшчае велькі.

Хвалі кідаюцца ў атаку
й па чарзе немінуча гінуць,
не здалеўшы здабыць Ітаку,
што Уліс не здалеў пакінуць.

Неба позірку прапануе
мора фарбы любой, на выбар:
караблі плывуць з Рапа-Нуі,
беручы кірунак на Выбарг.

Жоўты месяц на швэдзкім небе
шлях ім вольны сыгналізуе.
Сонца мёдам цячэ па шыбе
ў гавань, быццам кроў па лязу, і

кветкай з золата з вузкай вазы
паўстае ізноў па-над морам—
не магу Жыгімонта Вазы
зразумець, ды прызнацца сорам.

Неба шызае стыгне прыскам,
тупіць змрок меч двухручны гаю—
ў Беларусь з паўночным вятрыскам
пацалунак вам дасылаю.

Паўночныя краявіды

Л.М.

1.

Кляштар на выспе ў акіяне-моры
мінуў шматпавярховы карабель,
бясконца аддаляецца каторы,
нібыта сеў на тваёй зрэнкі мель.

Пад хваляў плач рыфмуецца так лёгка!
Купал нябёс займае ўсё вакно:
блакітная дзе сыпецца шпатлёўка,
бавоўну там аблочную відно.

Прырода абуджае ў чалавеку
зьвяра, дзіця, шаленца, дзікуна,
усё, чым быў ён звыклы быць адвеку:
вось ён, працяг няскончанага сна

аб шчасьці, аб каханьні, аб прыгодах,
аб харастве, аб міры, аб усім,
што незваротнае: ягоны кволы подых
захоўваецца ў водары марскім;

чаму так выспы й надзілі герояў:
Гоген і Стывэнсан, Мацюсь і Рабінзон
тут вечным мілаваліся спакоем,
які іх змог нарэшце, быццам сон.

2.

Жывёлай параненай дзень патанае:
крывёю фарбуецца ўкол акіян,
а лайнэр, бы гэбаль, па дыяганалі
зьдзірае з вады дарагі макіяж.

Вугольле гарачае па-над вадою
астыць не пасьпее—ізноўку пажар
залье ўсё дасяжнае фарбай рудою,
і сонца разыйдзецца зноў не на жарт.


3.

Нарэшце я знайшоў цябе, зямля
салёных скалаў, вечнай восені прыстанак,
дзе берагі ўначы мігцяць маўляў
разьедзеная гепатытам хваляў
каменная пячонка, дзе
малюнкі ў дрэвам сьцеленай падлозе
ўдаюць сабой марскія мапы,
дзе караблі ў дакладную гадзіну
роўна стрыгуць лясы на даляглядзе,
адзін адному нюхаючы сраку,
высочваюць салодкі пах бянзіна
й імгненна паскараюць
хаду ў пагоні за недасягальным,
дзе чайкі на двары замест курэй
скуголяць галасамі шчанюкоў,
дзе йголкі соснаў на блакітным шоўку
ля берагоў зялёным вышываюць
раскошны габелен, сюжэт якога
нябачны нам, як што мы бачым толькі
зваротны бок пярэстае паверхні,
дзе хвалі аплятаюць чоўны
рыбарскім нератам, сатканым з промняў сонца,
дзе вікінгскія стэлы
люстэрка настаўляюць навакольлю
й нагадваюць гадзіньнікі бяз стрэлак,
з пазначанымі рунамі гадамі—
тут хораша знайсьці супакаеньне
неназаўжды: на непрацяглы час
ня маючага мэты гасьцяваньня
ў зямлі твайго няіснага дзяцінства.

4.

Цішыня тут—рэдкая зьява.
Хвалі бераг крануць баяцца,
вецер лісьце кранаць баіцца,
нават чайка баіцца крыкнуць—
усё раптам усьведамляе
непаўторнасьць кожнага ймгненьня.
Толькі бездань сусьвету
датыкаецца мора.

5.

Вясёлы бог узрэзаў сабе вены,
пунсовую пусьціў патопам кроў:
павук у неба лезе здаравенны
на месца бога, што сабе ўспароў
тонкім лязом паверхні мора вены:
вецер зьлізаў расплаўленую кроў
і зьнік за далягляд—бывай здароў,
вясёлы бог, нябачны, безыменны.

6.

Кавалкі вялікага слойнага торта, плывуць
адзін за адным караблі проста ў пашчу пратокі,
і хорам царкоўным маторы наводдаль гудуць,
асаннай улашчваюць купал нябёсаў высокі.

Бясконца разгортвае мора свой лёгкі дыван
ля ўзножжа бязьлюднай, пустой, безыменнае выспы,
падобнай да іншай планеты, чый тонкі дзірван
ня ўтрымвае скарбаў. Намогай біноклевай прызмы

сапраўдны карвэт да мадэлькі падобны сваёй:
усё як сапраўднае—ветразі, людзі і мачты.
І чайка няшчасная квохча—“аёй” ды “аёй”:
дваістая руля ёй не падабаецца, бач ты.

Нібыта галоваў, пазбаўлены трускавак куст,
шляхецкага роду генеалагічнае дрэва,
жахліва глядзіцца. Ня хоча датклівы Сэн-Жуст
крывёю салодкаю пэцкаць манжэты, а трэба.

І гэтак цячэ нетаропка жыцьцё дзень па дні,
рука селяніна зямлю з угнаеньнямі месіць,
нібыта ўзьбівае падушку, а ўверсе, зірні,
свой ветразь пунсовы за сонцам варочае месяц.

*

Самалёт пракладае лыжню праз пустэльню вечара,
чый блакіт чырванее ледзь-ледзь, бы шчака цнатлівіцы.
Краявід за вакном мае ўсе атрыбуты вечнага:
маё сэрца ягонай палохаецца маўклівасьці.

Сонца рана ўстае тут, а месяц ня хоча й класьціся—
дзень і ноч яны вокал планэты ўчыняюць хованкі.
Упіраюцца ў зоры сур’ёзныя дрэвы-шляхціцы,
нашых мараў з табою адзіныя целаахоўнікі.


Начны шпацыр

Пустыя вуліцы Стакгольму!
Як толькі вас абмые дождж,
люблю бязмэтна і павольна
бадзяцца вамі, як той бомж,

глядзець зачыненыя крамы
цераз забралы жалюзей,
на ваш нібы ўвабраны ў краты,
поўны каштоўнасьцяў музей.

Хаваюцца, што тыя дзеці,
ў драўляным іхным гарадку,
тыя ў каго на гэтым сьвеце
няма дагэтуль закутку.

Здалёк чуваць бязглузды рогат
і непрыстойны ідыём.
Ветру няма. Зіхоткі горад—
нібыта крыты стадыён,

будынкаў маналітных блокі
лякаюць тых, хто тут ня свой,
і толькі зоры скрозь аблокі
растуць нявырванай травой.


*

Лявону Юрэвічу

Таму, хто трапіць хоча ў лідэры—
абавязковы інтэрнэт.
Сказаў сабе—ні дня бязь літары!—
і рушыў заваёўваць сьвет:
я піва з вамі выпіў літары,
сябры мае зь litara.net.

Не адарваць быў ад кампутара,
прасаджваў грошыкі ўначы:
зранку пісаку шматпакутнага,
нібыта воя на тарчы,
мусілі ў ложак валачы,
дзе сьніў ён, быццам зь кімсьці гутарыў.

Шмат шуму, высілкаў—а вынікам?
Грызьні ня вытрымаў—і пас.
Ноч. Кран накрапвае гадзіньнікам.
Згас манітор, і водбліск згас.
Якое шчасьце суайчыньнікам,
што абыходзяцца бяз нас.

*

“Сонечны жнівень скончаны”,
дзьме параплаваў туш.
Скончаны лівень сонечны,
выключаны, бы душ.

Час усяночнай неспачы
выйшаў у рэшце рэшт.
Строгасьцю вока цешачы,
качкі кіруюць прэч.

Зрэнка салюту шырыцца
ў небе, бы парашут.
Выбухнуў плачам шчырасьці
кідкі рабін салют.

У крыку птушкі, маніцца,
родны пачуў акцэнт.
Неба ў вакне зьмяняецца
колерам у абсэнт.

Сьпеюць сунічкі-зорачкі,
сьцішваецца азарт.
Скончаны жнівень сонечны,
вывучаны, як жарт.

 

Эўропа


Ніколі не забуду адчуваньне
тваё, Эўропа—быццам першы сэкс.
Напружаным было маё чаканьне
з табой спатканьня, бы з прывабнай экс.

Помню: чужы, адылі ўтульны ложак,
кімсьці за ўсіх заплочаны гатэль,
навокал—процьма дробязяў прыгожых,
а проста цераз вуліцу—бардэль.

Зямля нібы ня тая пад нагамі—
усюды брук, колькі куды ні кроч.
Гараць вагнямі выспы монагаміі,
а дзесьці ўверсе—здрадніцкая ноч.

Нараніцу—бадун. Глядзіш у ноты,
як той баран на новыя вароты,
бажкі баяцца ўніз зірнуць з калюмнаў:
крый божа, каб які на голаў плюнуў.

Потым—шпацыр. Заробленыя грошы
дасі бадзягу з выглядам сьвятошы.
(Калі б ня мы, на вуліцах Эўропы
даўно перавяліся б філантропы.)

Колер будынкаў, бы касьцюмаў, строгі,
усюды панкі ў фарбах какаду:
відаць, што ты ўзяла быка за рогі,
ды не туды паплыў ён, на бяду.

Камфорт, раскоша, люкс, прыбораў плястык,
прыстасаваньне тысяча й адно,
перад вачыма мноствы дуп віхлястых—
мкне час, нібы рулетка ў казіно:

жаданьне й немагчымасьць шрайбаць вершы,
сьвята, якое назаўжды з табой,
час зь вечнасьцю на высачэзнай вежы
мячамі стрэлак б’юцца між сабой.

Канец вандроўкі беднага Энэя!
Безвыніковы ў пекла быў паход.
О, вечная красуня, Дульсінэя,
мая Эўропа, я—твой Дон Кіхот.

*

Зноў запыніцца ў гарадох
на паўшляху з гасьцей у госьці,
пражыць другую маладосьць
пад маскай першай маладосьці,

забыцца на абрыдлы міт
аб чалавеку з тваім імем,
глынуўшы восеньскі блакіт,
згадаць, што ўсе мы хутка мінем,

зноў пачуваць сябе старым
дзіцём, які сабе самому
распавядае аб адным
і тым жа казку, як малому,

паверыць назаўжды ў спакой,
у непатрэбнасьць болей бегчы,
у шанец быць самім сабой
без абавязку стацца вечны.

Муха

Ізноў а палове дзявятай
па-над бруднаю галавой
я чую, як жэўжык, заўзяты,
назолісты голас твой.

Якая, здаецца, справа
табе да маёй галавы?
Ды проста табе цікава,
ці ўсё яшчэ я жывы.

А можа, ты мне на вуха
аб сьмерці зьвініш таму,
што хутка сама ты, муха,
чакаеш сваю зіму?


*
Валодзю

Іду. Вялізнае пукатае люстэрка
мяне размазвае рыўкамі па паверхні.
Мне незнаёмая смуглявая блюзьнерка
мне пасьміхаецца за брудным шклом кавярні.

Вакзальны дах нагадвае крыло
даўно нялётнага аэраплану.
Вада—як кава з малаком. Табло
гартае латэрэю: без падману.

Магу сабе ўявіць, як гэтаксама
мой сябра крывіцца за пультам гастраному
ад кавы, музыкі, сьвятла, няўвагі дамаў:
пакутуе, але ня йдзе дадому.

*

Упершыню пашкадаваў
я нелюбімага мне лета:
яго я мала шанаваў,
цяпер мне сорамна за гэта.

Я надта ж восені чакаў,
у ейны закаханы фарбы,
і навакол не заўважаў
цяплом рассыпаныя скарбы.

Цяпер яны—адно ўспамін,
нібы маленства край, нібыта
зьбіраны ў полі зь дзедам кмін,
з вадой бляшанае карыта

каля калонкі на двары,
бабулін голас неўміручы,
дуб каля Нёману стары,
вады крынічнай смак гаючы,

сьцяг над Карэлічамі наш,
сапраўдны, бел-чырвона-белы,
да самых Шчорсаў з татам марш,
дзяўчат загадкавыя целы.

Чаму ж ты, летні сьвет, ня зьнік,
чаму ж ты не кунуўся ў Лету?
Чаму прыліп, як дзедаўнік,
на сэрца стомленае, зь лёту?

Не пакідай мяне яшчэ,
пабудзь маім гасьцінным домам:
хай кроў у памяці таўчэ
тугу гарачым, смачным комам.

*

Стаміўшыся ад сябе,
згаджаесься на жабрацтва:
ну дзе ж вы, сябры мае,
Серапіёнава брацтва?

Апроч вас сям’і няма
ў мяне ані тут, ні дзесьці.
Гукае матка-зіма
свае неслухмяныя дзеці.

Каляды вунь на двары,
час разам усім сабрацца.
Ну дзе ж вы, мае сябры,
Серапіёнава брацтва?

Багемны мой закуток
такі ж, які быў заўсёды:
віна гаркавы глыток
і сьвет навакол прысьнёны.

Скажыце хоць, як вы там?
Мне тутакі—анігадкі.
Што зробіш, калі ты сам—
аськепак уласнай згадкі.

Сунятасьці ж не дае
бяз вас ніякая праца.
Ну дзе ж вы, сябры мае,
Серапіёнава брацтва?


*

Адасю Калюту

Мае сябры закінутыя, мабыць,
у гэты час дзе-небудзь паасобку
ці разам аб адным і тым жа мараць,
моўчкі глядзяць кудысьці ў адну кропку
й гарэлку запіваюць самагонам.

Мае сяброўкі па кавярнях танных
найноўшым, невядомым мне жаргонам
гавораць аб няспраўджаных раманах.

За дзесяць год здаволіўшы цікавасьць
да сьвету, акрыяўшы ад амбіцый,
завёўшы сем’і, яны здольныя прадказваць
любому ўсё, што мае зь ім адбыцца,
і гэта нас яднае між сабою.

Сябры адной з разьбітых генерацый,
мы разам пакідаем поле бою,
ня маючы падставы ганарыцца:
мы не ўцяклі з пазіцый папярэдніх,
але й іх не пасунулі нікуды.

Цяпер—заслужаны шпіталь, дваровы зэдлік,
мядсёстры, морфій, сон, піжама, цэтлік
калекаў, думкі аб уцёках, цуды
самоты, суд, сьмяротныя прысуды.

*

Памерлы зьмест старых кніг
гніе ў калюмбарыях бібліятэкаў
і букіністаў,
ператвараючыся ў чароўны
чарназём, каб аднойчы
быць выпадкова выкапаным
недасканалай рыдлёўкай далоні
саматужнага шукальніка скарбаў:
тады радкі старых кніг стаюцца
хімічнымі формуламі ўгнаеньняў,
зь якіх, змочаных нашымі ўдзячнымі,
пралітымі над іхным лёсам сьлязьмі
вырастаюць расьліны
нашых мараў.


*

Месяц апрануты так лёгка,
як быццам лета.
Лунае здань мікрараёна
ў смузе паветра.

У фотаграфіі зімовай
здаровы колер:
каля грудзей яе захоўвай,
ня страць ніколі.

Кладзі гарчычнікам на сэрца,
пад швэдрам гушкай.
Схавай у срэбнай табакерцы
ці пад падушкай.

Мы зноўку шчасныя з табою,
як два падлеткі.
Паміж каханьнем і любоўю
разрыў нявелькі.

Свае ілюзіі аб шчасьці
мы разбурылі.
Кальян булькоча, быццам пальцы
па тамбурыне.

*

Адкуль бярэцца гэты пах
дажджом намочанай аблеці,
што нараджае ў мінаках
думку аб тым, што ўсе мы—дзеці?

Усе правінцыі зімой
зусім аднолькавыя зьнешне.
Шэраю фарбай хадавой
усё размалявана ў сьнежні.

Агонь прынаджвае ў касьцёл
ня столькі душы, колькі целы.
Пячоры дыхаюць жыцьцём
на плёс люстэркаў успацелы,

і сьнег вакол—нібыта пыл
рамонту: вапна, пацяруха
тынкоўкі, столі новы стыль—
прыйшла зіма, а зь ёю скруха.

*
Каці Максімавай

Сьвет мне нагадвае музей,
сьнегам пасыпаны—ад молі.
Няма наведнікаў. Даўней
былі, ды ўцямілі—даволі.

Ну што за сьвята—Новы год!
Ня сьвята—нейкія хаўтуры.
Яно збаўляе нас выгод
казаць аб старасьці ў футуры.

Штодня, нібыта ўпершыню
я прыязджаю ў места Прагу
й сабе спадзевамі маню,
спаткаць знаёмых даўніх прагну:

ды сустракаю кожны раз
адно больш гожых, больш адданых
і лепшых ува ўсім за нас,
дзяцей застою нежаданых.

І сорамна—што я зраблю
з сабой пры гэтакіх умовах!—
што я старых сяброў люблю
бяз дай-прычыны больш за новых.

*

Ноч новыя прыдбала акуляры.
Больш ёмісты зрабіўся ейны зрок.
Поўня ўгару па перпэндыкуляры
бы мяч, падбітая, вяртаецца здалёк.

Ноч і зара прыйшлі адначасова
й адна адной ня хочуць саступіць.
Ад сьнегу сьветла. Студзень, адным словам.
Нібы падлога, чысты сьнег рыпіць.


*

Я належу да тых людзей, што ўначы
абвострана адчуваюць зьнікненьне часу
й праз гэта робяцца сэнтымэнтальнымі.

Жыцьцё, што кроўна яднае нас з найбольш шляхотнымі
і ўзьнёслымі стварэньнямі, кактусамі й чарапахамі,
здраджвае нам. Мы разыходзімся, як галактыкі,
зь людзьмі, краінамі, аўтарамі.

Але ж мы—браты па Нішто! Мы ня можам разыйсьціся,
бо ўсе мы створаныя зь нічога. Яно—наш выток,
нашая сапраўдная, Вялікая Маці,
што ўвесь час памірае пры нашых родах,
між тым як сьвет—толькі мамка.

Нішто дае нам усё,
а сьвет—толькі адбірае.

Зірніце, як мала дайшло да нас ад катастрофаў
мінулых жыцьцяў! Толькі даты й мапы,
карабельныя кнігі, значкі, прылады,
некалькі ймёнаў, кавалкі дрэва.

Зьніклі песьні, якія гучалі на палубе,
зьніклі сны, якія сьніліся юнгам,
зьніклі жарты, якім сьмяяліся старыя матросы,
зьніклі водары, якімі захапляліся грудзі.

Але дзесьці ў сэрцы, не пабаюся гэтага слова,
пануе ўпэўненасьць, што нашыя песьні,
нашыя сны, нашыя жарты, нашыя водары
нічым не адрозьніваюцца ад колішніх.

Таму ўначы я з такім замілаваньнем
рупліва зьбіраю чужыя згадкі,
чужыя думкі, чужыя ўсьмешкі, песьні, краіны, рухі,
бо разумею, што ўсё гэта ёсьць я сам.

Матулі

Душа пустая, быццам вуліца,
бы ўлоньне матчына пасьля
радоў. Да бруднай сьценкі туліцца
бедны сабачка-немаўля.

Яна глядзіць скрозь шыбу тлустую
і марыць вобмільгам хаця
пабачыць зноў сваё распуснае,
сваё няўрымснае дзіця.

Хай, сабе кажа, нешта б сталася—
і засталася б, далібог...
Ды не. Платформа захісталася,
і паплыла зямля з-пад ног.

А людзі ўкола не надзівяцца—
ну дзе вы ў час наш узялі,
каб не хацелася разьвітвацца
двум чалавекам на зямлі?

*

Жанглюе жменькай жамяры
перад маім звышчуйным носам
нябачны клоўн, што ходзіць босым
пад шэрай выгбай угары.

Спакой, нібы перад дажджом,
што больш шляхотны за залеву:
вясна і восень, без сумневу,
адным саструганы нажом.

*

Вясна: зямля дагары нагамі
ў зрэнцы Месяца. Усё зноў.
Караблі прабіваюцца ад цунамі
сякернымі ўдарамі ветразёў.

Ва ўсім паветры—марыхуана.
Пчала-касілка гудзе пад вакном.
Усё навокал перакапана:
бароніць пазіцыі Тэлеком.

Магутны комель наліўся сокам
і першай зеленьню ўжо аброс.
Здаецца—куды ні патрапіш вокам,
сустрэчных бачыш наскрозь.

Красуні ўсьміхаюцца, нос па ветры:
там іхныя хлопцы бамбяць Багдад.
Ніводная зь іх ня можа даць веры,
што хтосьці зь іх ня прыйдзе назад.

Знакамітасьці прыкідваюцца сваймі двайнікамі:
сьмяротнымі, каб іх ніхто не пазнаў.
Аўтаматчыкі сочаць за жабракамі
й чужынцамі, пад варту ўзяўшы вакзал.

У прыбіральні тваёй рэпнутай чорнай зрэнкай
два люстэркі гуляюцца ў вечны пінг-понг:
не заходзь далёка. На гітары дрэннай
забрынькай лепей: “It won’t be long”.


Летняя сьпёка

Трызьненьне. Тэмпература пад сорак.
Не стае паветра. На скроні ціск.
Залева ўрываецца на падворак,
каб вызваліць хворага. Блізкі бліск

бліскавіцы трапляе ў крыжык касьцёла.
Вадаспаду ціхі ткацкі станок
не спыняецца й перароблівае бадзёра
рушнік-ручай на абрус-ставок.

Патрэба самоты

Паэт нагадвае фатографа—
на чыстым полі перад ім
ён выяўляе кшталт апокрыфа
таго, што зьнікла назусім.

Срэбны нанос ягонай памяці
ўхапіў сапраўднасьці прамень:
прэч Папялушка ймчыцца ў паніцы,
боцік пакінуўшы ўзамен.

Рысунак—рамяство празаіка:
карыкатура, шарж, партрэт,
эцюд, эскіз—узьнікнуць жвавенька,
з натуршчыцаю тэт-а-тэт.

Сьвятло абодвум неабходнае:
таму—начы, другому—дня;
ды для паэта больш істотныя
самота, час і цішыня.


*

Усе зьяжджаюць улетку,
абы бліжэй да вады,
шукаюць Папараць-кветку—
мне ж ехаць няма куды,

дый плаваць я ўмею блага,
і мэты ў мяне няма.
І мне застаецца Прага—
забруджаная карчма.

І тут прыгажуняў поўна,
ёсьць сьпёка, блакіт і цень,
па-над галавою поўня
вісіць, бы які камень

каштоўны, цяжкі, празрысты,
які пачало стамляць
сачыць, як паўзуць турысты
з пасажаў-нораў на пляц.

*

Уначы наш дом напаўняюць інсэкты.
Даядаюць за намі парэшткі вячэры.
Без ідэй, без вачэй ладзяць норы і сеткі
й пасткі адна адной: сьмешныя ненажэркі.

Я раней шкадаваў нішчыць іхныя целы:
столькі ў іх вынаходніцтва, чуйнасьці, спрыту.
Зараз мне ўсё адно. Яны лезуць на сьцены—
я іх б’ю, згодна дадзенаму альгарытму.

І раблюся такім, як яны, толькі большым.
Выпраўляюся ў горад, чытаю газеты.
Разважаю аб брыдкім, разважаю аб гожым
з пункту гледжаньня велькай інсэкты.

*

У Менску—летняя ноч.
Ён сочыць тысячай воч
за тваім адкрытым акном.
Цішыня, цішыня наўкол.

Каханьне тваё прайшло.
Паветра—чысьцей за шкло,
і вецер у дрэвах сьціх.
Ты—шчасьлівейшы за ўсіх.

Сузор’яў знаёмы пах
у тых што й заўжды гуртах,
жыцьця ўсеабдымны сэнс,
сабою самім быць шэнц.

Імкнуцца: куды? нашто?
Шкада, ня бачыць ніхто,
як добра табе цяпер.
У будучыню—ня вер.


*

Сёньня—ня думай аб сьмерці. Прытуліся да любай
і дазволь сабе марыць аб тысячы гэтакіх самых
начэй перад вамі. Цягнік далёкі падслухай
і засьні разам зь ёю сном праведных і закаханых.

Сёньня—ня думай пра заўтра. Да сьвітаньня далёка,
згас агонь пад дзьвюма скрыжаванымі троскамі
ў цэнтры пляцоўкі
на званіцы, што тут замяняе маяк. Дрэмле вёска—
сьпі і ты, бога ночы, натхненьня і словаў
сьвятар беспрацоўны.

*

Восені сіняя празрыстая рака
абмыла вуліцы. Шчасьлівы буржуа,
бы кактус, даглядае жабрака,
што выглядае як Іешуа.

Дзяўчаты апранаюцца ізноў,
са шкадаваньнем—зноўку нам лягчэй.
Яны будуць вяртацца ў форме сноў
пад покрывам сьцюдзёнейшых начэй.

Зноў места здабываюць шкаляры,
вяртаючыся ў сховішчы граху,
вядомыя калісь як кляштары.
Дзень замалёўвае дзіравую страху:

зноў шэсьцьдзесят тысячаў год чакаць,
пакуль да нас бліжэй падыйдзе Марс.
Якое шчасьце—матэ смакаваць,
вагі сваіх гадоў не адчуваць;
як добра нечакана ўсьведамляць,
што памыляўся нават Караль Маркс!

Усё вярнулася на пяць гадоў таму
з дакладнасьцю, якой не перадаць:
ізноў я ў даўнім пачуцьці тану
ў надзеі штучнае дыханьне атрымаць.


Міцкевічу

Нішто зямлю майго дзяцінства
не перадасьць ніколі лепш
за твой празрысты польскі верш.
З гары Міндоўгава дзядзінца

я аглядаў твае ўладаньні,
твой дуб ля Шчорсаў, твой курган,
з Марыляй ваш чытаў раман,
касьцёл наведваў старадаўні,

хацеў зірнуць тваймі вачыма
на кожны цень, кожны аблок,
кожнае дрэва, крок у крок
прайсьці твой шлях. Таму, магчыма,

я тут, далёка ад радзімы,
і разумею, што яна—
нібы здароўе. Вось яна,
выснова, да якой прыйшлі мы.

Напалеёнаўскі рамантык,
паэт, вандроўнік, філамат—
з табою нас яднае шмат:
і я—філосаф, а ня практык;

але ж герояў дзейных імі,
зь якіх ня кожнае гучыць,
цяжэй напамяць завучыць.

Тым болей—зачытацца імі.

*

Аднойчы пройдзе сьвет, як гэты дзень,
і новы больш ніколі не настане.
(Адно ва ўяве—згадкай пра сьвітаньне.)
Што потым? Гэтым словам час настане
ў прадоньне кінуць яснасьці прамень.

*

Як шматабяцальна для хлопчыка
й спакусьліва як выглядае
той выгін у вобласьці копчыка,
куды ён знарок паглядае!

Дзяўчынкі ня надта старэйшае
фігура яму абяцае:
“Жыцьцё вельмі доўгае, грэшнае
цябе ў гэтым сьвеце чакае.”

Ня ведае ён, што ў сапраўднасьці
павінна адбыцца іначай.
О, дзе мне на сьвеце падстаў знайсьці
для радасьці гэткай дзіцячай?

*

Утульныя менскія кухні
канца 90-х гадоў:
агмень ваш начны не патухне,
а памяць пра вас—пагатоў.

Да раніцы—пару гадзінаў,
ніхто й не зьбіраецца спаць:
з прычыны такой халадзіны
ня трэба нікуды ўставаць.

—Дык што ты казаў пра тэатар?
—Калі будзе зноў гэты фільм?
—Спытайся ў яго, ён заўзятар.
—Хто аўтар? —Гацье, Тэафіль.

—Здаецца, ён здраджвае жанру.
—Ну вось і спрачайся з табой.
—Мне больш падабаецца Джармуш.
—А мне—Тэрры Гільям, my boy.

—Іграе, як Пако Бязрукі.
—Ня лепшы ягоны альбом.
—Ня чуеце? Нейкія гукі...
—Сусед б’ецца ў сьценку ілбом.

—Хадземце “Вялікага Гэтсбі”
ў наш ложак супольна чытаць
(калі вы, канечне, ня лесбі).
—Мо, ежы пайсьці згатаваць?

Лепш будзе зварыць сабе кавы
ды вытрусіць рэшту травы,
інакш смак гарэлкі гаркавы
нічым не заглушыце вы.

А потым, у кухні прысеўшы
з самотай сваёй тэт-а-тэт,
прыдумваць шалёныя вершы
пад велічны “Рэйдыёхэд”.


© Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI