Макс Шчур

са зборніку ШЫЗЫ ПТАХ (2002)

Хачу папрасіць у свайго чытача прабачэньня за дзьве рэчы: за запозьняе знаёмства з гэтымі двухгадовае даўніны вершамі, а таксама за іхную залішнюю асабістасьць. Што зробіш, адсутнасьць публікі спрыяе ператварэньню тэатральнага маналогу ad spectatorem у маналог ad speculum: дыялог з чытачом ператвараецца ў дыялог зь люстэркам, адсюль назва зборніку. Спадзяюся, што гэтая шчырасьць вас не налякае, а погляд у замковую адтуліну грымёркі не зьбянтэжыць, як што і пазбаўлены грыму актор застаецца акторам—камэдыянтам, які, з-за няўменьня быць самім сабой, таксама і ў размовах з сабою вымушаны карыстацца вядомымі напамяць рэплікамі свайго пэрсанажа.

*
Л.М.

Восень. Будынкі працінае асьвятленьне,
сьвет заціскаюць абцугамі электроды.
Ізноў дэпрэсію зьмяняе захапленьне
незразумелай незьнішчальнасьцю прыроды.

Аблець шаргоча пад нагамі, быццам грошы.
Шкода за кнігамі праведзенай нядзелі:
адно з вакна на вечаровыя раскошы
ў гальля карункавай бялізьне мы глядзелі.

Нябёсам дрэвы прапануюць вечны хабар
за памяркоўнасьць, цягнуць ссушаныя рукі
ўгару, чырваньню яблыкаў нахабнай
сабе купіць спадзеючыся неўміручасьць.

Кантэйнэры, што з Мэхіко, ствараюць
побач з чыгункай кшталт ацтэкскай піраміды:
абрысы ейныя сабою захіляюць
даўно вядомыя напамяць краявіды.

Тырчыць на плошчы прывід зручнае прылады
ля унітазу, неаздобленая елка,
і ачышчае лёгкай думкай пра Каляды
непераноснае паветра панядзелка.

*

Як хораша! Яшчэ крычыць праз шкло,
няспынна аддаляючыся, сонца,
аднак ужо незразумела, што.
Спакой замілаванага вяскоўца

няздольная парушыць мітусьня
турыстаў у касьцёла пад нагамі,
ані вайна, ані аб ёй хлусьня,
ані чужы пратэст, ані цунамі.

Блакітны вецер па-над замкам дзьме,
што пад абстрэлам фотаапаратаў
яшчэ пяцьсот гадоў вытрымвацьме
аблогу незьлічоных супаратаў.

У вуліцах ягоных—крыжакі
хаваюцца з празрыстымі шчытамі,
а ў ім—драўляных шчотаў шашлыкі
дзяруць службоўцы жоўтымі зубамі.

Усё, Франц Кафка, як і пры табе:
да гораду шыкоўнага нянавісьць
ёсьць формай нелюбові да сябе.
Замест таго, каб іншага няславіць,

пайсьці ў чаёўню, выпіць горкі чай,
упяліцца ў японскія малюнкі
і адчуваць, як более адчай
з таго, што велькі сьвет, а ты—маленькі.

Трэцяя гадавіна

З размаху ў лоб, бы ўдар кулака
блакітная ўмазваецца рака
першага стрэчнага цягніка.
Канец жыцьця—і сакавіка:

завязвае вочы блакітны шаль,
зьнікае з сэрца чужая даль—
гадзінаў скурчаную спіраль
сьляпы каваль разагнуў амаль.

Маёй адсутнасьці не шкада.
За тры гады адгула жуда,
з гусінай скуры сьцякла вада:
цяпер—каменьне зьбіраць гайда.

Я шмат згубіў, захаваўшы шмат—
сябе (я сам сабе кампрамат).
Даруй, айчына-ваенкамат,
я брату нашаму больш ня брат.

Няма маіх валасоў даўжэй,
і галасоў, што майго дужэй—
рабі што хочаш, як хоч дурэй:
ужо ня прыйдзецца весьці рэй.

Мае сябры зразумелі ўсё:
ім лепш вядома, чым ёсьць жыцьцё.
Што я? Разбэшчанае дзіцё,
якому недзе сьвярбіць асьцё.

(Цягнік мінае Лібеньскі мост,
маўляў кусае сябе за хвост,
нібы той цмок; назіральны пост
аб’едзе й зноўку імкне наўпрост.)

Угодкі трэція БНР
я сустракаю без БТР
і без БТ, і без РТР,
у самым росквіце НТР.

Ну дзе ж рамантыка? Дзе імпэт
тырана зьнішчыць, палепшыць сьвет?
Сьвяты, хто вынайшаў інтэрнэт,
Інакш уласны б згубіўся сьлед.

За самалётам ягоны гук
імчыць, бы прывід. Прыдумшчык штук,
стаю бяз публікі—як бяз рук,
што без кінжалу Маленькі Мук.

Хто з нас у Празе болей чужы—
я ці чыгуначныя бамжы?
Спрытна варочаюцца смаўжы,
бы ў моры лайнеры.—Не кажы.

Каб быў я блазан ды баламут,
і мне б даўно мусіў быць капут,
а так—мне раптам знаёмы тут
кожны завулак і кожны кут.

Места—арэх не маіх зубоў:
да крутых клюбаў, крутых клубоў,
рабаўладальнікаў і рабоў
кудысьці выпарылася любоў.

Ізноў хаджу я ў сваёй журбе
па мокрых вуліцах сам сабе,
нібы сьлімак, на сваім гарбе
цягаю ўсё, што пагляд грабе.

Ці гэта, браце, ня лепшы лёс?
Як еў калючкі—зьясі й авёс.
Дзякуй буслу, што цябе прынёс,
і не марнуй на дурное сьлёз.

Усё загоіць спагадны час
ды сам падкажа на ўсё адказ,
Твая ж задача—чарговы сказ
закончыць рыфмай: ня ў першы раз.

*

Увосені горад мяняе выцьвілую поўсьць,
адылі ранейшы малюнак на ёй застаецца.
Надвор’е цьвярозее, блякне парадная жоўць
палацаў, і час камэнданцкі, таго спадкаемца,

на крок саступае назад перад ценем зімы,
нібыта дыктатар, прымушаны да кампрамісу.
Ня мружацца болей на сонца ільвамі дамы,
і жылу ракі шлюз пускае ў азёрную місу,

дзе з часам зьбялее й засохне ахвярная кроў,
у сьнег ператворыцца—гойны, каштоўны наркотык.
Машыны гудуць з набліжэньнем ня горш камароў,
і соннае цела стаецца халодным на дотык.

Такім быў таксама мой Менск колькі часу таму,
чыім першым сьнегам я рушыць наважваўся першы:
у думках тваю прыгажосьць я прыпісваў яму,
о Прага, але памылкова—ён быў прыгажэйшы.

*

Няма краявіду больш сумнага,
чымся лясы вакол Берасьця.
Подых вятрыска бясшумнага
цяжкай прасякнуты шэрасьцю,

роўнядзь навокал бязглуздая
з пусткамі ўсьцяж палігоннымі...
Сам у вакольным бязьлюдзьдзі я:
далеч палохае комінамі,

бы Дон Кіхота, гігантамі
стратнай чужой прамысловасьці
па-над вясковымі хатамі.
Што на іх—гнёзды бусловы ці

венчыкі вечных пакутнікаў?
Места ў засадзе за насыпам,
тысячы чатырохкутнікаў
сьцішыліся перад наступам...

Болей нічога выдумнага
мне ўжо, відаць, не прымроіцца—
няма краявіду больш сумнага,
і сумна мне з гэтага робіцца.

Шэйкспір

(санэт)

Быў ці ня быў? Загадкавы паэт,
і як усе яны ў чымсь шарлатан,
у глебе дзён затоены вулкан,
што асьвятліў іначай гэты сьвет—

Быў ці ня быў? Нястрыманы махляр,
несамавіты зь лёсамі гулец,
між слоў, слоў, слоў няскораны плывец,
самім сабой бязьлітасны гандляр—

Быў ці ня быў? Ліхі камэдыянт,
што ўсім вакол пачуцьці казытаў
і зьнік, як досьціпаў напазычаў
за Біблію цяжэйшы фаліянт—

Быў ці ня быў? Ён нам пакінуў шанц
нязначныя пытаньні вырашаць.

Пакідаючы места

Колькі палкіх вызнаньняў каханьня яшчэ вінаваты
і табе, і бадай незьлічоным красуням тваім—
час працёк, як вада, цераз мапы турысцкае краты,
на парозе ўжо іншай краіны мы зараз стаім.

Не зрабіла нікому пагоды мая тут прысутнасьць,
толькі лішніх турботаў славянскім братом дадала.
Да абрысаў тваіх амаль рабская вока прыкутасьць,
аб якой я так марыў, ужо абрыдаць пачала.

Дык бывай, дзякуй вуліцам, сквотам, касьцёлам, кавярням,
дзякуй людзям, машынам, трамваям, завулкам, мастам,
дзякуй статуям, вежам, сумоўнікам самаахвярным—
за цярплівасьць натуршчыцы ўдзячны няўдалы мастак.

Песьня

Лявону Вашку

Жнівень, шырокае вусьце
ракі мінулага часу
струменіць у невядомае
мора за небакраем.
Болей ня ў нашым гусьце
плыць пасярод папасу:
сьмерць далёка ад дому
мы сабе абіраем.

Жнівень нас мкне на поўнач,
стомлены зрок упяўшы
ў прывід Палярнай зоркі,
што з набліжэньнем мэты
меншыя колы сноўдаць
стала, нібыта ў сьпячцы:
не выпускайма шворкі,
альфы альбо там бэты.

Хай не захіліць сонца
восені падсьлепаватай
мару аб доўгай ночы
й сьнежнага замку зьзяньні,
што таямніча ўзносіцца
па-над шкляною ватай,
колючы страшна вочы
ўсім у вакольнай цьмяні.

Замак той непрыступны
Градам Божым завецца.
Плыць нам яшчэ далёка,
лёс у нас невясёлы:
коўзкія там прыступкі
на шліфаванай лесьвіцы,
негаваркія лёкаі,
змрочныя навасёлы.

Жнівень падзьмуў у ветразі
па-над шырокім плёсам
сонечнае затокі,
песьня ды соль на вуснах—
нам яшчэ цераз верасень
кульгаць на мыліцах вёслаў:
нічога, абы аблокі
выходзілі нам насустрач.

Зідан

На зялёным стале футбольным,
што накрыты на цэлы сьвет,
бы матыль, таньчыць стылем вольным
легканогі мяча паэт.

Таньчыць ён, і няма нікога
побач, зайздрасьці апрача:
быццам манны якой ад бога,
ад яго чакаюць мяча.

Мяч, які ён адно кране, ня
мае цяжару ні вагі,
пазбаўляецца прыцягненьня
ад загадкавае нагі.

Таньчыць казачным матадорам,
абыякавы да ўсяго,
і заўзятарам раптам сорам,
што падтрымваюць не яго.

Абыякавы да заробку
(я б за крокі яму плаціў):
ўсіх супернікаў паасобку
марным робіцца супраціў.

Нат зямлю ўспрымае сангвінік
быццам мячык—ану кульні!
Абыякава ўсё—і вынік—
акрамя самае гульні.

Засяроджаны, па-майстэрску
незьбянтэжаны ўдар—і гол.
Сам сабою ў ягоным люстэрку
замілоўваецца футбол.

Балетмайстр у балету белым,
які таньчыць сам па сабе—
у футболе, магчыма, цэлым
не існуе роўных табе.

Добра, што не ў эпоху майя
ў мяч ахвярны гуляеш ты—
хоць хто ведае, ці ня мае
талент твой які сэнс сьвяты.

Санэт
(да Паэзіі)

Паэзія, матухна! Зноўку сваім пачуцьцём
ты сэрца маё напаўняеш, нібы прадчуваньнем
каханьня таго, хто яшчэ не спазнаўся з каханьнем,
а сэрца таго, хто з жыцьцём не спазнаўся—жыцьцём.

Нясьцерпнае сонца пранізвае мой акаём,
душу поіць неба блакітам сваім нечуваным,
і верш да ўзьнікненьня здаецца мне ўжо напісаным,
нібы мне дае хтосьці музу, бы дзеўку ўнаём.

Хай так! Але жарсьць—гэта юр, гэта вір, гэта бой!
Стагні, муза, плач, рагачы, вывівайся і енчы,
хаця мела ты на сабе й не такіх бугаёў!

Аднак толькі я й больш ніхто тут і зараз з табой—
хіба толькі маці Паэзія ўчуе, ды ўкленчыць
ля дзіркі замковай самотны чытач-вуаёр.

Старыя людзі

(нападоба Р. Джэффэрса)

Як мала, насамрэч, азначае сучаснасьць!
За якіх паўстагодзьдзя сёньняшнія гарачыя спрэчкі
цалкам страцяць свой сэнс,
ад цяперашняга нічога не застанецца,
акрамя заблытаных сьведчаньняў:
зірніце, як старыя людзі, што вераць у сваю значнасьць,
нікому не цікавыя,
хіба што як муміі свайго часу,
аб якім яны ведаюць менш за любога школьніка.
Слушна, бо мэта цяперашняга—прайсьці
і стацца мінуўшчынай,
яскравым плёнам фантазіі нашчадкаў,
які ня мецьме з сапраўднасьцю нічога агульнага.
Бо мэта кожнай эпохі адна—
скончыцца,
вызваліць месца, забраць
з сабой усе свае рэчы
й сысьці,
да часу абрабаваўшы музеі,
схаваць у зямлю свой скарб
і прымусіць нашчадкаў шукаць яго зноўку
ў закуткох антыкварыятаў,
на паліцах бібліятэкаў,
у надпісах на магільных плітах.
А старых пакіньце ў спакоі,
яны жывуць толькі сёньняшнім:
сёньняшнімі дасягненьнямі,
сёньняшнімі навінамі,
сёньняшнімі праблемамі—
яны баяцца адстаць ад часу,
што час іх выкіне па дарозе з вагону,
то бок, баяцца сьмерці,
што для іх натуральна.
Дзеля таго, каб быць маладымі вечна,
яны выракаюцца даўняе маладосьці,
адчуваючы да яе нават не настальгію,
а хутчэй нянавісьць;
зайздросьцяць маладой генерацыі,
узвышаючы на яе дрыготкі голас,
каторы нікому нічога ня кажа.
Старым патрэбна няшмат:
новае цела,
дотык,
пяшчота,
каторую яны яшчэ памятаюць,
але ўжо не адчуваюць:
саступіце ім месца ў трамваі,
прылашчыце іх, праходзячы міма,
дый ідзіце сабе далей, не спыняючыся—
яны, нягледзячы на ўсе свае спробы,
усё яшчэ жывуць у тым сьвеце,
які ўжо зьнік,
і які нам не цікавы
сам па сабе:
спачатку
нам трэба яго прыстасаваць пад сучаснасьць,
каб змагчы ператварыць старых у нашых герояў.
Таму мы зь нясьцерпам чакаем
іхнае сьмерці,
і пры гэтым заўсёды баімся яе,
пачуваючы сябе мімаволі
саўдзельнікамі іхнага забойства.

Лемуры

Там, дзе сонца выпальвае вочы цераз акуляры
і прасуе адзеньне на тым, у каго яно ёсьць,
на падобным да сьледу гіганцкага Мадагаскары,
уздымае ў нябёсы лемур свой квітнеючы хвост.

Скачуць з дрэва на дрэва, нібыта па мачтах матросы,
вецьцем пальмаў мяшаюць гарачы блакітны булён—
вецер жарсна цалуе калматыя чэпкія торсы,
уласьцівы каторым і крок, і птушыны палёт.

Нізавошта ня зробіць памылкі маленечкі розум,
што заўсёды адрозьніць ад горкай атруты нектар;
і нябачна плыве, паслухмяны маленькім матросам,
да дзіцячага чоўну падобны Мадагаскар.

А пад дрэвамі іншыя малпы зьбіраюць какосы—
гэтым малпам нібыта належыць унізе зямля.
Няма спасу ад іх, ды лемуры на тое й матросы,
каб застацца—абы не ўцякаць, як шчуры з карабля.

Іхны дом—там дзе ўсё дзеля іх было створана Богам,
і вартуе яго акіяну празрыстага мур,
які малпы збурылі... Дай Бог тым дзьвюхногім нябогам
хоць крыху той шляхотнасьці й клёку, што мае лемур.

*

Вясновы дождж—як разьняволеньне
ў пачуцьцях, правілах паводзінаў:
усе з усьмешкай задаволенай
ідуць вясновымі разводзьдзямі,

і нат сьлімак-нябога з камэры
сябе самога ўсьлепкі сунецца,
каб уцячы з адвечнай катаргі
і сьмерць ад ног спаткаць на вуліцы.

Непрыгожая дзяўчына

Нічый позірк не затрымліваецца на ёй
даўжэй за нейкую долю секунды
нязначную як ейнае існаваньне
Усе яе бачаць але ніхто не заўважае
яна бачыць усіх
усе твары здаюцца ёй боскімі
У асяродзьдзі найпрыгажэйшых стварэньняў сьвету
яна пачувае сябе невідочнай
Яны гавораць на цікавыя кожнаму тэмы
ў тым ліку й аб сутнасьці хараства
жартуюць наконт суложжа
апавядаюць іншым аб сваіх каханьнях
сьмяюцца
але зь ветлівасьці не зь яе
іхныя галасы нагадваюць шум вады

Нават позіркі яе пазьбягаюць

Пасьля некалькіх фужэраў віна
яна пачувае сябе жыўцом пахаванай
у саркафагу цела
твару непатрэбная пасьмяротная маска
ягоны нерухомы каменны выраз
хавае прыкметы ўтаймаванае гістэрыі
вусны паралізаваныя маўчаньнем

Нікім і ніколі ня быць кранутай
звар’яцелыя грудзі
прага непрыстойнасьці й пяшчоты
чуйная як п’езакрышталь скура
чыстая ад пацалункаў
зацяглая цішыня
вечнае маладосьці

Сыйсьці не пакінуўшы ніякага сьледу
зьнікнуць цалкам
у Абсалюце
цалкам зьяднацца зь недасяжным
у экстазе Сьвятой Тэрэзы
тым ня менш пачуваць сябе спробным
асобнікам
вынікам няўдалага досьледу
нічым не абавязаным Творцы

тым саладзейшыя мары
тым больш зразумелыя сьпевы птушак
тым больш сэнсу ў жаночых раманах
тым шляхотнейшыя пачуцьці
чысьцейшыя памкненьні
прасьцейшыя словы
вартая зайздрасьці цнота
духу і цела

*

Маленькае кацянё
крычыць, нібы птушка ў клетцы.
Дзяўчу з хлапчуком яно
надзвычай сьмешным здаецца.

Яны размаўляюць зь ім,
маўляў яго разумеюць,
цалуючыся пры ім,
хоць добра яшчэ ня ўмеюць.

Хлябчы малако, маўляў,
ды слухайся мамы й таты,
а то ўсё курняў, курняў—
от гэтыя кацяняты!

А коцік—што сам ня свой,
зусім звар’яцеў з самоты
ў кардоннай скрыні пустой,
дзе некалі мелі боты.

Ад боязі ўвесь дрыжыць,
шукае вачыма штосьці—
як жудасна, мабыць, жыць
бяз мамінай мяккай поўсьці,

бяз смачнага малака,
адному ў няўтульнай хаце—
хто ж будзе любіць катка
мацней ягонае маці?

Хіба прымусяць забыць
яе бязглуздыя гульні?
Вось гэткай павінна быць
любоў, закаханыя дурні.

Яны ж ласкава глядзяць,
рысуючыся перад мною—
ну што з кацяняці ўзяць?
Малое яшчэ, дурное...

Які ж выкшталцоны зьдзек!
Як гэтым дваім вясёла!
Пракляты будзь, чалавек,
бязьлітасная жывёла.

*

Высокае, дужае, гонкае, годнае дрэва,
чый комель утрымваў кружэлкі мінулага часу
са сьпевамі птушак за два папярэдніх стагодзьдзі,
якое стаяла тут першым, раней за сялібы
астатніх насельнікаў вёскі, ягоных суседзяў,
людзей, што зайздросьцілі розуму ўзьнёслай істоты,
было сёньня раніцай збаўлена імі карэньняў,
павалена долу агульнай намогай рупліўцаў,
разрэзана на колькі тлустых драўляных калодаў—
суседзі заўсёды ў ім бачылі толькі бярвёны.
Цяпер будзе роўнаю сьцежка да іхнай каліткі,
і кожны, хто пройдзе паблізу, адразу павінен
заўважыць адноўлены двухпавярховы будынак.

Адылі душа несьмяротная шумнага лісьця,
што возера плёс мне нагадвала ў зьзяньні праменяў
вячэрняга сонца, а ўночы сягала да зорак,
дзе голас віхуры ўзмацнялі напятыя жылы
магутных галінаў у чорных бяздонных вышынях,
прачнецца няхай у гучаньні абураных словаў
маленькага і выпадковага тут чалавека:
у думках ягоных ты будзеш хістацца заўсёды,
высокае, дужае, гонкае, годнае дрэва.

Будаўнікі Пэтэрбургу

Ул. Гранеўскаму

...ибо обычно такие вещи
делаются рабами.

(Бродскі)

Смугой смуроду з мноства целаў
непахаваных стромкі шпіль
узьнёсься ў неспач ночы белай.
Ветразь, прышпілены матыль,

на штых насаджаны драўляны,
нібы парламэнтэрскі сьцяг.
Масты сабой абавязаны
табе, архіпелаг.

Шмат хто сьвятлу тваіх акрасаў
цела й душу свае аддаў:
“глухі” да хараства Некрасаў
у ім пачварства адгадаў.

Па-над братэрскаю магілай
паўстаў узьнёслы манумэнт.
Яго пабачыць з страшнай сілай
штосьці імкне цябе, паэт,

адчуць на скуры ўласнай белых
начэй бязьлітасны праклён,
брысьці ўдоўж вуліцаў каменных,
не разьбіраючы імён,

і думаць, што ў дрыгве айчыннай,
адкуль твой доўгі шлях вядзе,
такое зьдзейсьніць немагчыма—
на жаль, на жаль. Ці балазе?

Ва ўсім бяднейшыя нашмат мы
паўночных Пушкінскіх краёў:
сюды ня едуць Мандэльштамы,
і Бродскіх хтосьці перавёў,

і Шастаковічы ўсе зьніклі,
і Дастаеўскіх не відаць—
ці не таму, што мы прывыклі
гасьцём найлепшае даваць?

Не, не таму. Таму што госьці
на працягу даўгіх гадоў
заўсёды клалі нашы косьці
ў падмуркі ўласных пабудоў.

Прага сучаснасьці

Расплюшчы вочы: о, места!
Як даўно я ня бачыў твайго сапраўднага твару,
схаванага пад жоўтай газэтай,
хаця вось ужо два гады
нідзе ня быў, акрамя цябе:
марнатраўства рознамаітых колераў,
створаных усемагутнасьцю атамовай энэргіі,
плястыкавыя людзі, на кожным зь якіх
больш каштоўных рэчаў, чым на кожным з нас—
іхныя лялечныя целы грэе фірмовая вопратка,
якая ніколі ня будзе нікім апранутая.
Рэвалюцыя спачывае на аксамітных падушках
між жаноцкіх кляйнотаў, узнагародаў за мужнасьць;
тонны, тонны багата выдадзеных кніг,
у якія ніхто ніколі не зазірне;
незразумелыя, неабцяжараныя сэнсам назвы кантораў,
непатрэбнасьць калі-небудзь прачынацца на працу,
шыкоўна апранутыя пэдэрасты,
фольксвагены нямецкіх сэксуальных турыстаў,
паляўнічых на людзей другога гатунку—
жыве васямнаццатае стагодзьдзе!
Тагачасным палацам надзвычай пасуюць рэкламныя шыльды,
што яны павінны трымаць як нямыя,
але, на жаль, не сьляпыя яшчэ нетутэйшыя жабракі
ў бутафорскіх лёкайскіх мундурах прадаўцоў
квіткоў на канцэрты й адначасова наркотыкаў.
Спавядальні банкаматаў,
абсалютызм гандлю,
асьвечанае рабаўладаньне,
нечуваныя стравы для выбраных страўнікаў,
белыя кашулі, залясканыя дарагім соўсам—
столькі грошай можа толькі прысьніцца!
Зайздрошчу людзям, што могуць сабе дазволіць
ня думаць ні аб чым іншым, апроч апошняе моды:
сьвет створаны для іх;
яны—вястуны, якіх чалавецтва выслала наперад,
але яны, лёгка здаўшыся ў палон граху, не зьбіраюцца
вяртацца: не чакайце ад іх ніякіх паведамленьняў,
яны забыліся на існаваньне
стомленага войска за іхнай сьпіной.
Альбо сьвядома вядуць яго ў пастку,
неістотна куды. Закіньце
вуду ў сусьвет—што там мармыча бездань?
Вышэй трымайце наш сьцяг,
каб усім было відаць, як мы далёка зайшлі!
У кожным выпадку, мы тут камандуем,
а ўсё, што патрабуецца ад вас—паслухмянасьць.
А хто ж яшчэ, як ня мы—лепшыя зь лепшых—
павінны стаяць на чале несканчальнага маршу?
Капіталізм—гэта Вершнік без галавы,
фаварыт на сёньняшніх скачках. Стаўце!
Рабіце вашую гульню, джэнтльмэны!
Ня памятаю, як я сюды патрапіў,
але я хачу, нягледзячы ні на што, быць тваім паэтам,
сьвет, прасякнуты выпраменьваньнем
усёпранікнага рэнтгену бессэнсоўнасьці існаваньня—
я таксама хачу забыцца
на тое, што я галодны,
хачу быць падобным да несьмяротных
прадстаўнікоў найвышэйшай касты,
але не разумею, чаму дзеля гэтага
трэба прыніжацца: у мяне на гэта штосьці няма ахвоты,
таму я, відаць, ніколі не патраплю ў лік
несьмяротных—хіба што, як заўжды, пасьля сьмерці.
Узгадаваныя намі сьвятарныя вірусы, электроны
пазбавілі нас цяжкой неабходнасьці жыць.
Мы з захапленьнем сузіраем іхную ўпарадкаваную
мурашыную мітусьню:
яны ствараюць для нас усё, ад нырак да музыкі,
імчаць па крывой траекторыі венаў—
электрашок замест сьвежай крыві,
гальванічныя сутаргі цягліцаў мёртвага цела,
la decadеnce macabre.
Не застаецца болей нічога,
як упасьці ў абдымкі капіталізму,
стаць арыстакратам бздуху,
усьміхацца з раскошнай труны
сябрам, што гістэрычна рагочуць ад суму,
ня думаць аб тых, што табе зайздросьцяць
у выніку сапраўднага, непачуцьцёвага голаду:
Хрыстос у сваім непрыстойным абвязку
выглядае, як штосьці сярэдняе паміж стрыптызёрам
і добрым дзікуном з далёкай мінуўшчыны.
Вайсковыя дзеяньні на адлегласьці
ўдаюць сабой тэатар аднаго актора:
бесчалавечнасьці.
Хадзіць у карнавальным касьцюме жабрака
й пасьмяротнай масцы ўласнага таты,
глынаць кожны водар, як кокаін,
хай вочы сьлепнуць
ад зыркасьці,
вушы глухнуць ад грукату:
ах, пане коханку,
ад часоў Хірашымы час ідзе назад,
ня трэба гэтага заўважаць,
якая розьніца.
Закаханы ў тваю недасяжнасьць,
усьпяваю цябе, Бэатрычэ
сучаснасьці, задарагая для студэнцкай кішэні
яскрава размаляваная, як пустая матрёшка,
выкшталцоная курва.

Уладыслаў Ягелончык

А. У. Малейчук

Чэхія, велічная крэпасьць
сярод бязьмежнае зімы—
даруй мне звышаную рэўнасьць,
я—твой нашчадак непрамы.

Уласьніць марыў я з маленства
старой Багеміі пасад,
каб бараніць ад іншаверцаў
твой байны, казачны пасаг.

Мяне цягнула ты магнітам
з балотаў нашае Літвы:
лясы вакол у нас адны там,
а зь іх як вылезьці жывы.

А тут—узьнёслыя касьцёлы,
галавакружны акаём,
музыкі, блазны, сьмех вясёлы,
і ўсё да дробязі маё.

Жыцьцё ня тое, што на Ўсходзе,
пры Ўладыслававым двары!
Нязмушана ў нябыт сыходзяць
зімы тутэйшай вечары.

Усё маўклівее навокал
у згодзе з заняпадам дня.
Ды што за вершнік там, наводдаль,
імчыць сюды свайго каня?

Адкуль ён? Што ў яго за весткі?
Што вырваў ён з кіпцёў начы?
Ці не гараць папараць-кветкі
ў ягоным гербе на тарчы?

Не. Падалося. Толькі сьцені
паходняў скачуць. У вакне
стужка чырвоная гусьцее
й танчэе на бялюткім тле.

Скрозь лусты латаў абарончых
чую знаёмы зьнекуль боль
я, Уладыслаў Ягелончык,
сівой Багеміі кароль.

*

Дзе ты, радзімая мінуўшчына мая:
зоркі за вокнамі бабулінай кватэры,
у невядомае адчыненыя дзьверы,
гаворка казак, дзіўным чынам зразумелая,

водары школы, галасы сяброў: няўжо
вы—толькі памяць, цела ўпартага ілюзія?
Дзе вы, падзеі, словы, рэчы, людзі? Я
ў сваёй душы вас некранутымі знайшоў,

нібы ў грабніцы. Сьпі, маркотны фараон,
усё майно тваё зьмяшчае піраміда.
У дыялогах з табе блізкімі людзьмі да
самага скону будзе доўжыцца твой сон.

Кожны парыў цела дзіцяці,
кожны крок,
у мілай цётчынае хаце
кожны рог,
вачэй каханых кожны позірк,
кожны ўздых
ты ў сваім сэрцы замарозіў
назаўжды.

Памяць усё табе зь інтэрасам аддасьць:
калі стары банкір зьбярэцца паміраць,
яна шпурне на стол скатаныя ў рулон
каштоўнай стужкі кілямэтры, фараон,

і ты ад самага пачатку ўбачыш зноў
самы даўгі й самы дзівосны з тваіх сноў,
і на ўвесь скарб, што ты сабраў за гэты час,
зірнеш у першы для cябе й апошні раз.

Майму народу

Не, табе гонар шляхты не патрэбны,
прывід, чый голас у стагодзьдзях зьнік.
На герб не зарабіў сабе ты срэбны,
ад сьлёз, бы крот, асьлеплы працаўнік.

Дарма апосталы высільваліся нашы
ўзьняць да вышынь сваіх цябе з труны—
глыбокім сном заснуў ты, зубы сьцяўшы.
Цябе не дагукаліся яны.

Здаецца, засталося памаліцца
за твой здабыты потам супакой:
ды сіраціне беднаму спусьціцца
карціць туды, у глыб, у бруд, у гной,

абняць ізноў намучанае цела,
што немаўля туліла да сябе—
зарана ты, дзіця, асірацела,
несправядлівы Госпад да цябе.

Ды не шкадуйце сьлёз маіх, панове,
вам майго шчасьця не пераказаць:
я ўдзячны, што ў калісьці гучнай мове
сёньня магу хоць слова напісаць.

Олівэр Кромўэлл

Christ, not man, is king*

Кароль глядзіць вакол і не разумее—
хто гэтыя людзі? Адкуль яны?
З тварамі гандляроў, у строгай вопратцы
з каштоўнай тканіны, прывезенай зьнекуль
зь Індыі, Усходняй ці то Заходняй—
галандзкая мода: у пыльных куфэрках
шляхты такую ня знойдзеш. Не,
гэтыя людзі—не зь ягоных падданых.
Што ім патрэбна? Няўжо яны
здольныя асудзіць чалавека на сьмерць?
Хіба Бог даў ім гэтае права?
Няўжо ім хопіць бульдожае волі
нягеглага кэмбрыджскага півавара,
каб адсячы галаву свайму каралю? Але
дзеля чаго? Увесь шлях на Галгофу
гэтае пытаньне перашкаджае яму
засяродзіцца на думцы аб уласным пакутніцтве.
Да апошняга моманту ён моліцца,
моцна ўцінаецца пазногцямі ў плаху
й спрабуе марыць аб новым старым сьвеце, якому
ён прыносіць сябе ў ахвяру. І толькі
калі сякера ўрубаецца ў мокрае дрэва,
разгінаецца сьпіна селяніна з поўдню,
выпростваючыся з тысячагадовага прыгнёту:
дрывасек задзірае галаву ў нябесны блакіт,
на момант чуе ў паветры подых вясны,
выцірае з твару пот рукавом
і зноўку бярэцца за працу.

* Хрыстос, а не чалавек, ёсьць каралём
(надмагільны надпіс Олівэра Кромўэлла).

Зімовы вечар

Сьнег стаўся шызы. Удалечыні
дробнымі перлінамі бліснулі вагні

паселішчаў, што здобяць небакрай:
край сьвету бачнага, мяне самога край

густа-чырвонай склеены смугой,
бліскаўкі вёсак тонуць у якой.

Шнары пунсовыя прарэзалі блакіт
на нейкі час. Памалу краявід

цікавым воку быць перастае,
бо колішні яно ў ім пазнае:

хавае за фіранкаю вакно
ўсё тое ж незабыўнае кіно,

адылі дзе праектар, дзе экран,
хто тут глядач, і дзе пярэдні план?

Палае неашчадна зорны сонм
скрозь падзяўбаны чорны парасон,

адылі нам ня робіцца цяпло
ад зьзяньня скарбаў, што сыйшлі на дно

спрадвечнай цемры разам з караблямі:
паслухай, душы маракоў гавораць з намі.

Той самы Мюнхгаўзэн

1.

На стужцы сушы пасярод вады
стаю перад уласнымі вачыма:
ані схавацца недзе немагчыма,
ані ўцякаць ужо няма куды.

Налева—леў, направа—кракадзіл,
навокал—акіяну колер шызы.
Зь якім задавальненьнем ім у мызы
я б дубальтоўку зараз разрадзіў!

Аднак што Бурыданава асьліца
стаю (хоць згаладаліся яны,
а не ласунак іхны выбітны)
нярушна, баючыся памыліцца,

і думаю: “Мне што вам, разарвацца?
Каб вы ўдушыліся! Каб скокнуў першым леў
і ў пашчы кракадзіла акалеў—
з адным ужо я б здолеў разабрацца!..”

2.

Расплюшчу вочы—я на караблі,
які, як сьведчыць хаос, патанае.
Мне хочацца бляваць, мяне хістае—
узьняць хіба сябе за касмылі

па-над усім? Альбо ў гармату ўлезьці,
набыць квіток на стрэл у вышыню,
каб там, накшталт забаўнага вагню,
россыпам зьнічак-перлаў зьнікнуць дзесьці?

Альбо прызнаць, што ўсё гэта—хлусьня
(яно ж і гэтак кожнаму вядома),
што насамрэч сяджу ў сябе я ўдома,
а рэшта—толькі вобразаў гульня,

што мой шалёны розум спарадзіў
на працягу адной зімовай ночы?
Што ж, час і мне ўжо спаць. Заплюшчу вочы—
перада мною леў і кракадзіл.

*

Намаляванае брыво
па-над самотным хмарачосам:
срэбнай усьмешкі хараство,
зьнявечанай компрачыкосам.

Целу ізноў вярнуўся жах
пасьля зімовай доўгай сьпячкі—
такая слабасьць у нагах,
што стаць ахвота на карачкі

й паэзіяй ванітаваць
па-над аглухлым унітазам:
яшчэ ня час панікаваць.
Цемра забавіцца з адказам

і змусіць зноўку ўзьняцца ў бой,
трахцець нястомным кулямётам—
толькі б сабе адзін набой
пакінуць не забыць на потым.

*
Вясновая ціша ўвайшла ў вечаровы горад
праз браму, якая адной толькі ёй вядома,
і хочацца плакаць ад шчасьця й сьмяяцца з гора,
чакаючы сябра ў кавярні на рогу дома.

Паэтаў мінуўшчыны сёньня нязмоўчны голас:
Гомэра, Горацыя, Бродскага і Тагора.
Яны ўсё сказалі—табе ж застаецца толькі
слых чуйны іхны благім не ўсхадзіць паўторам.

Вясновыя настроі

1.

Ранішні дом, прыроды водар
паблізнай, неба чысьціня,
гісторыя чужых прыгодаў
у кнізе—лепш пачатак дня

прыдумаць цяжка. У фатэлі
разьлегшыся, у цішыні
сачыць вачыма шлях флатыльі,
што растае ў далечыні,

і маляваць пакой каютай
з блакітным водбліскам на ўсім,
сябе ж—нябойным спрытным юнгай,
натхнёным водарам марскім,

сонца нацягнутым праменем
караскацца на мачту-крыж
касьцёльнай вежы ў захапленьні
ад даляглядаў, бачных звыш,

званы крануць неасьцярожна
(хай шыба тонкая дрыжыць!),
не разумеючы, як можна
й дзеля чаго іначай жыць.

2.

Калі сыходзіць сумны дзень,
ператвараючыся ў вечар,
журботнай думкі авадзень
турбуе розум чалавечы.

Сьвет прыгажэе ад таго,
што ў сэрцы сплін, неверагодна,
і пакідаць тады яго
й сябе самога раптам шкода.

Тады—зьбірайся на шпацыр:
ноч хай крыштальнымі цьвікамі
дажджу пакропіць нашатыр,
і ўскрэсьне горад. Нецікавы

дагэтуль лёс чужых людзей
станецца раптам панацэяй,
і, дзень згарнуўшы, чарадзей
сьвятло запаліць па-над сцэнай.

*

Кожную ноч разьвітвацца з сабой,
штораніцы з сабою сустракацца—
жыцьцё: са сьмерцю несупынны бой,
людзкога духу катаржная праца.

Самім сабой асуджаны на сьмерць,
на неабходнасьць перад Богам кленчыць,
ты ўсё жыцьцё згаджаесься гібець
за ўзнагароду ліпавую—вечнасьць.

Першае красавіка

Вялікдзень—першы красавіцкі жарт.
Час даў гадзіньнікам адну гадзіну форы.
Штурхае на элегію азарт,
ды дыскамфорт ствараюць некаторы

кабеты, глыбінёю дэкольтэ
ідэям канкуруючы Вольтэ-

ра, і салодкі пах з-пад іхных пах
табе нагадвае юначыя памылкі,
падобны чыйсьці пах, які ўжо спрах
у памяці, на дне сьвіньні-капілкі:

што хочаш зь ёю, тое і рабі,
хоць галаву сабе аб мур разьбі.

Людзей яднае між сабой вясна
і ўсіх ператварае ў адно быдла.
На сонейку блішчыць вачэй блясна—
яно, каб не было нікому крыўдна,

дэмакратычна распранае ўсіх—
красуня ты, пачвара альбо псіх.

Сюды таму сто год мой цёзка Брод
хадзіў гурток наведаць лінгвістычны—
а зараз бутэрброд экскурсавод
разжоўвае турыстам дыетычны,

і разганяюць крыламі чмялі
мужчынскія й жаночыя бзьдзюлі.

Які ж, чытач усклікне, мізантроп!
(усё здаецца чытачу празрыстым):
я ж дапатопны, насамрэч, мікроб,
што стаць ня здолеў выкапнем карысным

і ўжо даўно спыніўся ў разьвіцьці—
яшчэ палепшаць мне ўжо не змагці,

і хаця зьнешне я такі ж прымат,
як вы, я ўсё ж душою з макракосмам.
Хай безьліч формаў прыйдзецца прымаць
мне ў шэрагу перараджэньняў млосным,

для вас я буду тым, кім зараз ёсьць:
ня плоць, а дух, старонак нежывосьць—
ня Дон Жуан, але Каменны госьць.


© Макс Шчур, 2003

HA POCTAHI