Макс Шчур

 

ВЕРШЫ, ПАСЬМЯРОТНА ПРЫПІСАНЫЯ

МАРКІЗУ ДЭ САДУ (2004-2005)

 

*

Да зімы сьпісаць трэба плойму фарбы—
на траву, на неба блакіт бясхмарны,
на касмэтыку (штучныя вочы, вусны),
на крыві пунсовай струменьчык вузкі.

Да зімы сьпісаць трэба процьму словаў,
што вясною доўгай хтось нарыхтоўваў,
каб пасьля іх увосені хтосьці слухаў,
процьму розных пачуцьцяў і процьму рухаў.

Да зімы сьпісаць трэба мноства згадак,
безьліч рыфмаў, навесьці ў душы парадак,
а таксама процьму забытых пахаў,
што дзяцінства арган абуджаюць Бахаў.

О, каханьне маё, электрон і хваля,
аб табе шмат казалі, ды не спаймалі,
аб табе зноў пыталіся пры сустрэчы,
ды адказу ня мелі—апроч пустэчы.

*

На Rue du Soleil
між добрых людзей,
што хочуць пад’есьці,
так добра прысесьці.

Тут п’юць і ядуць,
размовы вядуць
не па тэлефоне—
ў цяньку на балконе.

А побач тут пляж
ішле mes hommages,
нястарнае лета
на столках буклета.

Дзяўчо ў негліжэ
вачыма ілжэ,
квітнеюць бягоні
на падваконьні.

Пагляд на сьцяне
глядзіць, не міргне:
ах, колькі ў каменя
паразуменьня!

Блакітнага дня
гарачыня,
урываецца мора
ў тунэль калідора.

Нудысты, пяскі
і гоман марскі
ў абсяг панарамы
зарамаваны.

А з Rue du Soleil—
куды нам далей?
Ці лепшае месца
знайсьці давядзецца?

...На Rue du Soleil
між добрых людзей,
што хочуць пад’есьці,
так добра прысесьці.


*

R.

24 гадзіны бяз дома, бяз сэксу, бязь ежы
ў пастцы фіктыўнага сьвету сяброўства, бяз сну,
зручнае камэры клёку пакінуўшы межы,
рэйкам, раскладам, усім абвяшчаеш вайну.

Брудны, калматы, няголены і нецьвярозы,
ўзброены памяцьцю, словам, заплечнікам кніг,
душыш у стомленым голасе ўдзячныя сьлёзы:
о, як даўно ты ў паходзе ня быў, ваяўнік!

Прыйдзеш дадому і бачыш: насельнік кватэры
год якіх шэсьць як пакінуў утульны дамок
у невядомым кірунку. З усьмешкай хімеры
ты разумееш раптоўна, што ты—перамог.


Кінатэатар „Svеtozor“

Люблю вуліцу—
яна паказвае мне павольны дыяфільм вітрынаў.

Я ўдзячны тварам
за іхнае падабенства з абліччамі маіх каханых.

Люблю самоту,
сапраўдную самоту цэлібату.

Люблю хадзіць
пад ліхтарамі павольна, як курва,

адпачываючы
ад беларусаў і іхнай мовы.

Люблю, калі сьвет раптам ператвараецца
ў карціну Вэласкэса,

а агромністы фотаздымак афіцыянта—
у млын Дон Кіхота.

Люблю маладых чэскіх касмапалітаў,
што аб’ехалі ўсе краіны Эўропы,

люблю гішпанцаў
за іхную бессаромную паўсюднасьць,

люблю французаў—
францужанак, мабыць, таксама.

Люблю па п’яні
пісаць падобныя нецікавыя іншым вершы.

(З найбольшым задавальненьнем
я б пазваніў зараз майму сябру #.)


*

Сонца, рэстаўратар зялёнай лістоты,
кроны дрэваў сушыць блакітным фенам.
Абавязаны кастрычніцкія вабноты
гожага верасьня моцным генам.

Прырода не адчувае смутку
зь недзе прайгранага рэферэндума,
абвяргае ўсьмешкай аб сьмерці чутку:
нішто не адбудзецца бязь ейнага ведама.

Выйдзеш з кватэры насустрач вечару
й адчуваеш на лесьвічнае пляцоўцы
пах сям’і, вячэры, жытла чалавечага,
аднолькавы ў Карэлічах, у Матлашукоў, ці

тут, у суседзяў, якая розьніца,
і разумееш: усё сапраўднае адбываецца
ў мінулым. Адно толькі даты розьняцца,
але зь векам і гэта, канец канцоў, забываецца.

Пярэдадзень сьвята

1.

Дзень паўтарае дзень,
нібы паэт паэта
ў памкненьні да непаўторнасьці.

Восеньскі неарэалізм
уваходзіць у плынь сьвядомасьці,
і тая стаецца жоўтай.

2.

Дзень грувасьціць уражаньні
адно на адно, бязглузда,
нібыта дзіцёнак—кубікі.

Заўтра—дзяржаўнае сьвята.
Места асірацее.

Незанятыя дзяўчыны ў кавярнях
стаміліся ўзірацца ў сутоньне.

Пакінуты ўсімі сябрамі,
прэч са Старога Места.
Капіталізм больш гуманны
да тых, у каго ёсьць грошы.

3.

Твар сустрэчнай дзяўчыны
нагадвае мне аб іншай.
Гляджу на яе бессаромна доўга,
нібы ейны пагляд мне належыць адвеку.

Позіркі ўразаюцца адзін у адзін,
маўляў два рыцары на турніры.
Што гэта, кроў?
Не, зброя была тупой.

4.

Маладыя ахвочыя самкі
ненавідзяць яшчэ маладзейшых.
Між першых усё больш маіх
колішніх сунавучэнак,
якія ўсё часьцей робяць выгляд


28 кастрычніка

Наўрад-ці гэтая краіна
магла зьявіцца іншым днём.
Мкне машыністава кабіна
ў паўсон сьвітальны напралом.

Былы цягнік, бамжоўскі табар,
нібыта з блазнамі каўчэг,
воддаль вакзалу стаў на якар.
Як сумна сёньня тым, хто чэх,

ісьці на працу! Жоўць лісічак
з дрэваў у лесе робіць сад.
У места ў пошуках дурнічак
сьпяшаецца маркіз дэ Сад.

І толькі той, хто ладзіць шабат
з нагоды Страшнага Суда
п’е, не задумаўшыся нават,
сёньня чацьвер ці серада.


Вясна пасярод восені

Сьвятлане Курс

У месьце лістапад, а па-за местам—сьнежань.
Пасыпаў белы тальк радыяграмы сьцежак,
і дзень ня мае сіл з сабою зьнесьці хмары:
лёг беларускі сум на чэскія абшары.

Адно ў глыбі дамоў пануе электрычнасьць:
ахутаў дух Каляд прысутных рэчаў звычнасьць,
і іх ператварыў у елачныя цацкі,
нібы пакінуў іх тут штаб кінамастацкі.

Аднак бывае так, што раніца засьпее
пахмурнаю вясной героя эпапеі,
і мрояцца яму, паныламу Панургу,
Палермо і Марсэль, і выспы Пецярбургу.

Тады, гады ў рады, з прыватнага прадоньня
падымецца Арфэй-жанчына, як сягоньня,
і загаворыць зь ім на мове яго сшыткаў,
каб нагадаць яму пра сілу перажыткаў.


*

Як хораша перадзімовай раніцай
апрануць чыстыя боты, чыстае паліто
(чысты дол і неба, як па-над Ніцай)
і выйсьці на гораду парэпанае плато!

Сам сабе здаесься выразаным зь нейкага коміксу
ці са стужкі студыі “Ўолт Дыснэй”—
з чыстых колераў вока раптоўна стоміцца,
і захочацца плакаць яшчэ мацней.


*

Гадзіньнік старымі нажніцамі кроіць
матэрыю часу ў цябе па-над вухам,
і раптам сябе непралічаным рухам
чапляе й як рэзаны блазан скуголіць.

Мой ход. Адпрасую люстэркам свой выгляд.
Нібы гладыятар да новага бою,
рыхтую сябе да сустрэчы з табою,
пра іншае думаць няздольны, бы выкляты.

Прасьцей, чымся вобраз твой з памяці сьцерці—
забыцца на ўласны. Узбоч каляіны
стаю і ў пагляд электрычкі зьмяіны,
бы трус, узіраюся з просьбай аб сьмерці.


*

Ах, сумны, сумны панядзелак,
вакол адсутнасьць паняў, дзевак,
і не крануць шчакі шчакой,
фальшывы каб знайсьці спакой.

Адная выгада самоты—
ніхто ня брэша ў вочы, што ты
любімы ўсімі й не памрэш:
даволі рэдкасная рэч.

Пі...днёй кавярню поўняць бабы—
каб мог, усіх пазабіваў бы,
няздольны гэтым піянэршам
нашкодзіць шараговым вершам.


*

У кнігарнях
дзе я хаваюся да надыходу цемры

у мэтро,
дзе я назіраю, як духмяныя ад поту
малалеткі смокчуцца
ў радасным чаканьні Калядаў,

у кавярнях,
дзе я мэтадычна забіваю ўласную памяць
кафэінам і нататкамі,
усюды—

(Бадзяцца па месьце бязь мэты—
адзіны занятак, што мне даспадобы.)

пануе твая адсутнасьць.

Мая адзіная надзея—
на нашую выпадковую сустрэчу—
ніколі ня спраўджваецца.


Каляды 2004

Вясна прыйшла раней за Новы год,
і елкі вокамгненна пастарэлі
на 20, 25 і болей год.
Выявы нечаканай пастаралі

бяруць за сэрца, месяць картаў стос:
чэрань зямлі гукае ў падарожжа—
замест таго, каб слаць сігналы “SOS”
і думаць, быццам гэта дапаможа.

Сёлета ў сьнезе нам адмовіў бог,
нягледзячы на ўсе ахвяраваньні.
Пустуе места кінуты бярлог—
у горы паўцякалі грамадзяне,

нібы перад захопнікам. Адно
мы засталіся, здраднікі радзімы:
ня горача нам і не халадно,
пакуль віном гандлююць магазіны.


З новым годам

З новым ветрам, новым дажджом—
у новых вуліцаў буралом.

(У навагоднім чорным вакне
юнацкае выбухнула акнэ,

аж торгнуў месяца эмбрыён
сваім кіхотаўскім паўбрылём.)

Пачуцьцяў паддаўшыся шантажу,
на сьпіцах алоўкаў жыцьцё вяжу.


*

Нядзеля ў ваньне ў парыскім гатэлі
з кніг Маргарыт Дзюрас.
Неба пакрывае блакітам кафлі
скрозь трафарэт вакна.

Малюе ў цішы свае акварэлі
загадкавая вясна.
Каханьне да хворага Франца Кафкі
прыходзіць апошні раз.

Увечары канкрэтнасьць знаёмых гмахаў
зноў набірае моц.
Выдаляюцца з памяці старыя файлы.
Скрозь аранжавае пенснэ

асьвятленьня па-над тупымі лёзамі дахаў
паўстае, маўляў хмарачос,
вежа, збудаваная сынам Ягайлы,
нібы ў наркатычным сьне.


*

Сонца, сыходзячы, падбіла ўсе самалёты
й прымусіла да пасадкі: нібыта зьмеі
яны спаўзаюцца да лётнішча. Як усе закоты,
і гэты варты стацца карцінай у музеі.

З-за яго не шкада, што ўжо будзе трыццаць,
а ты так і ня бачыў навокал пампы.
З пальца коміну хмары кроў дыму выссуць,
падзарадкаю сэрца зазьзяюць лямпы.

Прыгажосьць закоту запыніць немагчыма—
ноч падыходзіць і кліча ўпрочкі.
І дамы бруяцца клубамі дыма,
нібы параплавы альбо аброчнікі.

*

Здаецца, восень
дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя
шматабяцальны сваім смуткам ранак
хомар
сьняжынкі нібы зоркі ўваччу
ад млосьці ці захапленьня


*

Дзень выглядае так,
нібы сёньня вынайшлі лек ад раку.
Бела-блакітны сьцяг
на флагштоку зімы лунае ад ранку.

Я абвяшчаю сябе
гэтай krajiny вернападданым.
(Ліжа каменьня бель
сонца, дойлід-Інка старых паданьняў.)


*

Дзеля чаго ты купляеш столькі паэзіі,
пыталася ты ў мяне.
Я паціскаў плячыма,
ня ведаючы што адказаць.
І толькі зараз, калі ты зьехала,
застаўшыся сам-насам
з паэтамі маёй бібліятэкі
мне здаецца, я здольны даць
адказ на тваё пытаньне.


*

Два чорныя кані вядуць размову,
ня чуючы машынаў каравану,
што агінуць імкнецца установу.
Нябачны ім тупы цяжар рыдвану

не замінае ім. Яны адпачываюць
у іншае вясьне й тысячагодзьдзі:
адзіна дождж і пуга іх яднаюць
з сапраўднасьцю, што іх не абыходзіць.


Омар Хайям

Такі далёкі ў часе і прасторы,
у цёмным сутарэньні маграбінца
стаіць забыты вінны гляк, каторы
паэтам мне наканаваў зрабіцца.


*

Бывает, утром ты идёшь
Один, как в первый раз на свете,
И замечаешь: льёт холодный дожджь,
Объявленный вчера в газете...

Граневский

Вясновы сум дні пазбаўляе назваў.
Якая розьніца, аўторак ці субота.
Гадзіньнік, што нядаўна час паказваў,
ухаластую лічыць правароты.

Цела—ня з гэтага, як падаецца, сьвету.
Няма зь ім болей аніякіх нэрваў.
Нібы жагнаесься—шукаеш цыгарэту.
Далёка Гера, шчэ далей—Мінэрва.

Спакой—нібы цыкута па ўсім целе.
Забыўца-дожджык соліць без упыну
ставок, што шалудамі траў буцьвее,
як памяць—вершамі ў пярэдадзень іспыту.

*

Міма дзьвярэй адкрытых крочыць вечар,
рукою жоўтай па старых фасадах цягне.
Ідзеш насустрач чужакам, расправіш плечы,
маўляў актор—зь іх кагадзе зьлез Вагнэр.

Сьвятло ўзьнікае ў ліхтарах адначасова:
рэжуцца зубкі, каб разьдзерці потым цемру.
Музыка ў плэеры п’яніць, нібыта вэрмут.
Пятніца, вечар. Спаць кладзецца Іегова.


*

Пасьля келейнай працы
сьпяшаюся кунуцца
ў шумную рэчку вуліцы
ў стыхію рок-канцэрту,
у азярцо гішпанскага тэатру

прагну выкупацца
ў чысьцюткай безыменнасьці натоўпу
магутнай гістэрыі буры
ў сяброўскіх воплесках і галасох

каб потым
сутарэньнямі мэтро
і вадаспадамі рухомых лесьвіц
вярнуцца супраць плыні
да вытоку.


Фаўст—Маргарыце

Сёньня раніцай места гаворыць шэптам.
Элегантнае неба ў густоўна-шэрым,
відаць, жалобным.
Места, што дае неахвотна жыльлё нам,
саромеецца, што яно ў зялёным.

У такія дні фантастычна сьпіцца.
Разьняволенасьць, вартая рызыкі сьпіцца.
Адчуваньне Бэрліна.
У коле часу зламалася перадапошняя сьпіца.
Хтось мастурбуе ў суседняй кабінцы,
непрыкрыта й цярпліва.

Салодкае напружаньне: чаканьне ліўня,
нібы бамбёжкі. Мяшаюцца дзіўна
пах дажджу, кавуна й жаночага поту
ў мазі ўсемагутных вучаніцаў Мэрліна.
Дзень губляе прытомнасьць. Западае язык закоту.

Няўжо ўсё гэта зьнішчыць грубае лета,
падагрэўшы ноч, як малако для дзіцяці?
Для Рамэа—на кожным рагу Джульета.
Патлумач мне агульны імпэт дзівацкі,
Маргарыта. Абяцаю, што ня выдам сакрэта.


*

Бялюткія дрэды
раскінулі дрэвы,
фліртуюць з чаромхай
павохнай, чароўнай.

Мігцяць самалёты,
нібы закароты
тралейбусных штангаў
у вецьці каштанаў.

І ранак пахмурнай
вітае парфумай,
жаночай вабнотай
у форме свабоднай.

І цісьне з прасторы
аранжава-соннай
вясновая стома
вагою шматтоннай.


Тэпліцэ, на 60-годзьдзе перамогі

Марыі Сёдэрберг

Сонца куляецца з боку на бок, як рыба,
па залацістых палёх і пагорках Крушных.
Буру спрабуюць стрымаць шуляковы крылы,
выпрастаныя ў звышчалавечым напружаньні.

Казачнай кашай праз край далягляду валіць
пена аблокаў, зьбіраючыся ў сумёты.
Крочаць па парку, гамонячы, Ніцшэ й Вагнэр.
Зь імі мінаюцца моўчкі Бэтховэн з Гётэ.


*
К.

Труба тырчыць, як дзіда дон Кіхота,
гудок раве нутром Гарганцюа:
на бой з магілаў паўстае пяхота
з заданьнем выжыць да сабантуя.

А мы тым часам толькі спаць кладземся,
каб сонца нам ня выела вачэй:
мы ўсё прасьцей каханьню паддаемся
з узростам, паміраючы хутчэй.


Бура ў Празе

Мастак разьліў на краявід
ваду, дзе мыў ён пэндзлі,
і цягнікі, згубіўшы спрыт,
у тунялі залезьлі.

Зьняць фільм улетку аб зіме
задумаў кінамайстра
і белы пенапласт сабе
замовіў з раздалбайства.

Яго рассыпалі вакол,
нягледзечы на сьпёку,
ды вымкнуў з рэчышча прыкол:
барока выйшла бокам.

Зрабіць хацеў сюррэалізм,
а выйшла катастрофа:
вада па сходнях рыне ўніз
зь бясформеннага штофа.

А потым выпетраць бюджэт
лякнутыя статысты,
якіх бяз роспыту ў сюжэт
прымусілі ўключыцца.


*
К.

Як цяжка штодня заставацца ў жывых!
Няпраўда, што птушкі жывуць сьвятым духам:
штораніцы чуеш навучаным вухам
цырульнікаў і машыністак між іх.

Як цяжка штодня пакідаць свой Аід!
Вадою паіць пачужэлае цела:
учора трамваем начным праляцела,
запіўшы клязэтным рыўком кіянід.

Як дзіўна, што я цябе ўсё-ткі сустрэў—
у сьвеце, дзе шчасьце залежыць ад плоці,
мы дзякуем з плачам трызьнівай самоце:
нам шал пачуцьця саладзейшы за грэх.


Бібліятэка

Замест будзільніка задзынькаў,
празрысты дах абраўшы дном,
дождж. Дні ўсярэдзіне будынкаў
ёсьць насамрэч адзіным днём,
што нас ня выпусьціць з абдымкаў:
мы ёсьць адно ягоным сном.

Дождж робіць з нас парашутыстаў,
як мы выходзім зь цягніка.
Прысутнасьць аднаго з харыстаў
падчас твайго адхадняка
вяртае ў месца й час злачынства
ахвяру (ці гвалтаўніка?)—

тады Бэрлін, Стакгольм ці Прага
стаюцца Менскам. Летні сум
лечыць ілюзій перавага.
Курсіруеш, як Джойсаў Блум,
у пошуках свайго працяга
і шэпчаш: patior ergo sum.

*

Адбойны малаток прашывае асфальт:
горад у чорным смокінгу
парыцца. Жалоба—ці фэстываль?
Вока накшталт дзядоўніку

лепіцца на жаночы пол.
Турысты, падобныя сваймі заплечнікамі
да сучасных ваякаў, бяруць пад кантроль
места зь яго начлежкамі й начлежнікамі.


Панядзелак

Меч стрэлкі ўраз тыдню адсёк галаву.
Будзільнік паведаміў мне: я жыву.

І тэнісны мячык пачаў за вакном
адрыгвацца надта гарачым пітвом.

(Бы ў чыімсь горле ком
заскакаў паплыўком).

*

Зялёнай плеўкай, бы паверхня фоткі
зацягнуты ставок—не пабудзіце!
Дзень робіцца штодня ўсё больш кароткі,
як нашы жыцьці.

І высалапіў ліст язык зялёны,
нібы стары сабака ці нябожчык.
Ганяюць папяровы ком анёлы,
бы гусі—злодзея, у небе па-над плошчай.


Вяртаньне І

Гадзіньнік складвае прасьціну дня
ўрачыста, нібы сьцяг жаўнеры—9,
12, 6—і ўжо цябе ня дзівіць
за вокнамі дэталяў мітусьня.

Вільготнаю ад сьлінаў (ці ад сьлёз)
анучаю размазаў вецер крэйду,
якою шлях паветранага рэйду
хтосьці на дошку сінюю нанёс.

Паўночнай прыгажосьці не шкадуй:
хутчэй бы толькі дачакацца золку
і з асалодаю кунуцца зноўку
ў знаёмых вуліцаў рабочую хаду.


Вяртаньне ІІ

Места зьявілася з-за небакраю
варожай выведкай—імпэт перад бітвай
з пакінутым тыдзень таму адчуваю
і бога вайны выклікаю малітвай.

Зь сядла ўсё вакол выглядае іначай—
бліжэй і нязначней здаюцца будынкі.
Спатрэбіцца час, каб душа да няўдачаў,
а пальцы да новых манэтаў прывыклі.


Аўтапартрэт

Нібы павук, сяджу ў куце кавярні,
у цэнтры векавога павуціньня,
ахвяраў выглядаючы прывабных.

(Цыгарка сікае ўгару струменем сінім,
чэрню вышукваючы ў попельніцы марна).


*

Мая парыская каханка
са мной прачнецца ў праскім ложку.
Зрок прызвычаіцца патрошку
да новай аркестроўкі ранка,

і перад ім ізноў паўстане
ўсё, чаму нельга запабегчы:
ад неабходнага расстаньня
да яшчэ сёньняшняй сустрэчы.


Тры кавярні

1.

Калі сьцямнее і пачнецца дождж,
ты выйдзеш на шпацыр па цыгарэты—
інкогніта, кіруючыся ўдоўж
каналаў, бы вэнецыянскі дож,
які нікім ня прагне быць сустрэты.

2.

Восень пасуе Празе як і ўсім
астатнім гарадом—калі ня болей.
Сонца стары дыктатарскі рэжым
стаецца меней жорсткім, меней злым,
зь цяпла ператвараючыся ў колер.

3.

Менск выратуе Прагу ад яе
самой, нібы Карэлічы—ад Менску.
І толькі зноўку: Мэркюры пяе,
неба ў крывю блакіт халодны лье
і ўслухвацца змушае па-студэнцку
ў інстынкты занядбаныя твае.


*

Пахмельле, параўнальнае зь нірванай.
Шторазу мне ўсё болей даспадобы
атрутай, у зямлі прыгатаванай,
да сьмерці рыхтаваць свае вантробы.

Штодзённыя жыцьцёвыя паразы
(вопратка, посуд, шараваньне, чыстка),
што мацярок даводзяць да экстазу,
зь дзяцінства мне здаваліся злачынствам.

Спыніць распад жыцьця ня ў моцы нашай
намогі ўсё трымаць на сваім месцы.
Весьці змаганьне зь ім патрэбна йначай.
Альбо, калі ўжо так, зусім ня весьці.

 

© Макс Шчур, 2005

HA POCTAHI