У
небе высах рэнесанс
і пачынаецца барока.
Вакольных гукаў рэзананс
паўсюль разносіцца шырока.
Блакіт
ярчэй за сонца жоўць:
рэчам аднолькава пасуе
ягоны фон трапічны, хоць
з усім адважна кантрастуе.
Ёсьць
ува ўсім гарэзны шык,
радасьць празьмерная вар’ята,
што на мундур сабе нашыў
усю скарбонку зухавата.
Узяў
палітру быццам торт
і ў твар усім умазаў геній.
Разьбегся крытыкаў эскорт,
бы ў вочы ім патрапіў гелій.
Чаму
ж і мне так не магчы?
Хаця хто ведае? Мажліва,
ты зноў мне скажаш “не маўчы”,
зь нябёсаў сыйдзеш літасьціва
шматкаляровым
матылём,
што сядзе зноў на мой аловак,
і здасца—гэта піша ён,
увасабляючыся ў словах.
*
Настолькі
ясна, некранута
з глыбіняў памяці ўзыйшлі
твой голас, выгляд, вейкі, вочы,
якіх я так даўно ня бачыў,
што я ізноўку даў ім веры.
Ты
гаварыла да мяне па-беларуску
й сказала, што табе я даспадобы.
(Апранутая
ў чорны гольф і джынсы
ты вырабляла керамічны посуд
у зыркім электрычным асьвятленьні.)
Дзіўна!
Зірнуўшы на сябе ў люстэрка,
я ўбачыў, што таксама не зьмяніўся.
І
я абняў цябе так проста,
так шчыра, як было магчыма.
З усьмешкай ты распавядала
аб працы, аб сваім мастацтве,
свабодна, цалкам без какецтва,
за што я так быў табе ўдзячны:
я зноў прыдбаў сабе сяброўку
ў якую зноўку закахаўся.
Шчырасьць—раскоша,
што сабе дазволіць
могуць адзіна сталыя асобы.
Як
доўга нам яшчэ чакаць сустрэчы?
Як доўга яшчэ сьніць адно аднога?
Хай
ува сьне, прынамсі,
гэта будзе праўдай.
*
Л.М.
Да
нас не прыедзе ніхто ў гэтым годзе—
усе ў гэтым годзе ўжо ў Празе былі.
Даніну павазе, цікаўнасьці, модзе
адно па адным ужо ўсе аддалі.
Дык
што, застанемся адны на Каляды,
прыдбаем ялінку, накрыем на стол—
хай водар аранжыкаў і чакаляды,
зімы й гушчы лесу лунае вакол.
Набудзем
адно аднаму падарункі—
шмат казачных дробязяў, музыкі, кніг,
прыправім чырвоным віном пацалункі:
сусьвет нас пакіне нарэшце адных.
Хай
вогнішча хрумст нам прымроіцца ў лёдзе,
што кінуты шчодра ў сьвяточны напой.
Да нас не прыедзе ніхто ў гэтым годзе,
і мы не паедзем нікуды з табой.
Руская
мова
“...шизофрения
сердца...”
Граневский
Імпэрыя,
мяне ты ўзгадавала
ў нянавісьці бязьмежнай да сябе;
прымусіла, як бацька—Ганібала,
прысягу помсьце даць. У малацьбе
прамоваў
працьвярозеўшы імгненна,
я раптам зразумеў, што я—ня ён,
і мусіў ратавацца з Карфагена,
калі туды зьявіўся Сцыпіён;
цяпер
я дзесьці ў Пэрсіі. Часамі
заходжу ў порт, гляджу на гандляроў,
што грубымі калечаць галасамі
колькі дзясяткаў мне знаёмых слоў,
на
надпісы ў тваёй усюднай мове—
бяз зайздрасьці, зайздросьцячы хутчэй
Гарацыям тваім, а не будове
грабніцы пад назовам маўзалей,
і
разумею: дзе б я не мясьціўся,
адной нагою я—заўсёды там,
дзе сэрца мне рассеклі напалам,
у найсумнейшае з тваіх правінцый.
Кастрычніцкая элегія
1.
Увечары,
калі дзеці
ўцякуць ад зімы дахаты,
мароз падмяце насуха
сьцяжыны ў чаканьні сьнегу—
пакінуць
сьвятло ў кватэры,
сыйсьці на шпацыр, ня думаць
пра страчанае сяброўства,
пра недасяжнасьць места.
2.
Калі
сыходзіць кастрычнік,
усё патанае ў згадцы.
Сяброў імёны й абліччы
змушаюць вас схамянацца,
нібы
яны дзесьці побач,
у шэрым колеры часу,
нібы не зьяжджаў нікуды
нібы ня трэба вяртацца.
3.
Нацягнеш
той самы швэдар,
набудзеш той самы водар,
пачуеш той самы голас
з дынамікаў—усё роўна,
здаецца,
штосьці ня тое,
таму што раней ты думаў
пра тое, што толькі будзе,
цяпер—чаго больш ня будзе.
4.
З
вышэйзгаданай прычыны
на фільм напамяць вядомы
ўлюбёнага рэжысэра
ня пойдзеш, ані ня возьмеш
у
рукі старую кнігу,
стары тэлефонны нумар
якойсьці былой каханкі
не набярэш ад суму.
5.
Наадварот,
набудзеш
ніколі ня чуты запіс,
паглядзіш бясконца горшы,
але новы фільм, таму што
жыцьцё—гэта
толькі зараз.
Адмовіш сабе ў раскошы
самашкадаваньня, быццам
у ім ня маеш патрэбы.
6.
Такая ўжо сутнасьць часу—
у вечным прыстасаваньні.
Таму сьвет і ёсьць нязьменным:
зьмяняецца толькі шыльда,
у
лепшым выпадку—назва,
а зьмест застаецца той жа.
Таму ўсё адно калі на-
радзіцца, калі памерці.
*
Памерлі
Розэнкранц і Гільдэрштэрн!
Пачуць сумнейшай весткі немагчыма,
тым болей сёньня, калі грыб-парахавік
сушыцца свой павесіў капялюш,
на зіму сам рыхтуючы сябе,
па-над галовамі няўдзячных гледачоў,
нібыта ў разьвітальным рэвэрансе.
Спакой іхнай падвоенай душы
сіямскіх блізьнюкоў, што не падзеліць
ніколі нож ніводнага хірурга,
ані пяро ніводнага паэта.
...Памерлі Розэнкранц і Гільдэрштэрн!
Парыж
Я
бачыў мала, але памятаю ўсё.
Я заблукаў, знайсьці сваіх згубіў надзею.
Абутак перапэцкаўшы гразёй
я рушыў проста, не пытаючыся, дзе я.
Быў
дождж. Пасьля jardin du Luxembourge
я выйшаў на адну зь бязьлюдных вулак
і стаў, зьнясілены. Скрозь вобразаў сумбур
я зразумеў: тут будзе мой прытулак.
Я
мэту меў: пабачыцца з табой
альбо памерці, tertium non datur.
Я дасягнуў яе. Цяпер—адбой,
прыдумак недасьведчаны аматар.
Вартаўнікі
на ключ замкнулі сад
з выявамі каменнымі паэтаў
і музаў. Я ня мог пайсьці назад,
да тых, каго адзіна ў месьце ведаў.
Перада
мною быў паркан з вады,
за мною—санкюлоцкіх дзідаў гай. На момант
я прыгадаў Кортасара. Тады
я ўбачыў Полу, што сьпяшалася дадому:
палаў
чырвоным ейным парасон,
усё наўкол было шэра-зялёным,
і толькі хмараў бэзавым быў тон,
і дождж бруіў з бубненьнем манатонным.
Схіляўся
вечар. Я быў сам, як бог,
што сам прынес сябе ў ахвяру месту.
Я больш ня чуў імя свайго ні ног,
і рады быў мусоваму ад’езду.
Гімн майя
О,
ноч, калі ты прыходзіш
разумныя раскрываюць кнігі,
і самую галоўную зь іх:
кнігу зорнага неба.
Яна разгортваецца нетаропка,
нібыта дыван каштоўны,
з Усходу на Захад,
і ейны сэнс праясьняецца паступова.
Цягам ночы павольна
праходзяць перад вачыма
разумных ейныя знакі.
Кожнае племя іх бачыць
і трактуе па-свойму,
і з часам зь іхнаю дапамогай
вынаходзіць сябе самога.
О,
ноч, ты ўвесь час вяртаесься,
заўжды адна й тая самая,
ласкавая і ўсеабдымная:
мы сьлізгаем па схіле вечара
ў тваю разяўленую бездань,
і гэтак вяртаемся ўва ўчорашняе,
вяртаемся да саміх сябе,
да свайго вытоку,
бо кожны з нас абавязаны
сваім зьяўленьнем
тваёй цямрэчы.
*
Сонца
расчэсвае вуліцы места
рэдкім грабеньчыкам. Гэткай парою
шкода старых і свайго падабенства
зь імі няўдаламу антыгерою.
Як
непадобна да культавых фільмаў
скончыўся фарс пад назовам юнацтва!
Як празаічна, як невадэвільна
сьціх, не пасьпеўшы давыкрыкнуць “маць тва”!
Шкода,
што лёс табе даў толькі зараз
шанец вось так пасьміхацца красунькам
у уніформах, што ўпотайкі мараць
стацца таксама чыімсь паласункам.
Што
ты рабіў, як быў іхнага веку?
Дзічкі зьбіваў? Ратаваўся ад духаў?
Шкода дзяўчатам цябе, недарэку,
што свае лепшыя сілы прафукаў,
толькі
за рогам чакаюць каханкі.
Гэтакі жорсткі паноптыкум места:
не дакранацца! Прывабныя ганкі,
погляд красуні, пазбаўлены зьместу.
*
Як
хораша ў вёсцы без электрычнасьці!
Нібы ў кампутарнае гульні,
дзе ты перамог усе акалічнасьці
й адзін застаўся пасьля вайны.
Няма
матуляў, дзяцей з каляскамі,
дзядоў з сабакамі, будаўнікоў,
сялянаў з поглядамі махлярскімі,
а ўжо машынаў—дык пагатоў.
Ратуюцца
гуртам усе на станцыі,
нібы канец сьвету! Бяда! Патоп!
Так хораша, што, далібог, застаўся бы,
ды кліча гораду хронатоп.
*
Сьвята
скончана. Болей няма падстаў
траціць грошы на дарагія кніжкі.
Цырк ля дому цьвяліць мяне перастаў
і амаль не здаецца ў ланшафту лішні.
У
“Люцэрне” пятага быў “Brazil”,
верагодна, у якасьці падарунку,
на які ты, ведама ж, не хадзіў.
Ад калядных турыстаў няма паратунку:
на
мільёны камэраў здымуць цябе,
разьвязуць па ўтульных сваіх кватэрах.
Елка ўпала, і вецьцем больш не скубе
мінакоў падпітых па тварах шэрых.
*
Зіма
спазьнілася, але настала ўмомант,
як дэкарацыя. Вялізныя камы
прыладзілі рабочыя на комлі
й сыйшлі. Такой прыроду бачым мы
ў
раманах, на паштоўках, краявідах,
у цьмяным асьвятленьні ліхтароў.
Павіс у небе белай парай выдах
старога коміну—апошні—з рэшты дроў.
*
Ну,
адстраляліся. Пажарнай пенай лёг
на жарсьці сьнег і прыглушыў нараз іх,
бы гукаізаляцыя. Дальбог,
не разумею радасьцяў грамадзкіх:
гэтак
і кветкі ў блізкасьці людзкой
марыць аб Афрыцы распачынаюць з пыхай,
аргазмам выбухаюць пад страхой,
а нам пасьля—смуродам іхным дыхай.
Нарэшце—першы
нармалёвы дзень!
Усё—як і раней, адно гарэлкай
хтось атруціўся, чыйсь згарэў агмень,
хто лоб, а хто вакно разьбіў бутэлькай.
Упэўнены,
што нашыя сьнягі
нагадвалі Эгіпет Бонапарту,
загадкавай пустэльні абсягі.
Заместа Сфінкса—сьнегавік у парку:
махае
нерухомаю рукой,
разьвітваючыся з маім юнацтвам,
і зазірае ў сьціплы наш пакой,
дзе нас няма—мы выйшлі прагуляцца.
Лісты на поўнач
1.
У
казачнай самоце
жывем мы—не паверыш!
Зімовае вабноцьце
ня зьмесьціш на паперы ж:
усюды—горы
цукру
найлепшага гатунку,
суседка пасьвіць цурку
з цукеркамі ў пакунку,
занесла
сьнегам хатку,
нібы бярлог мядзьвежы,
а разам зь ёю—згадку
аб сьнежнай Белавежы.
Якое
ж месца ссылкі
для ворага народа!
За сьмешныя памылкі—
якая ўзнагарода!
2.
Пасьля
кінабасэйну ў акіян
вулічных рыфаў, з новымі вачыма,
дзе ўсё нагадвае сапраўднасьцю падман,
дзе сьнег дажджом расчуленым змачыла,
маўляў
ікру малокамі. Вада
іграе на губны гармонік кратаў.
Не, жарсьць—ня жарт. Грахоўнасьці брыда
не разумее аніякіх жартаў.
Дождж
б’е аб парасон, бы закарот
высокавольтных правадоў сярод чарноты.
У тэлескопах мокне зорны шрот.
Глядзіць душа ў люстэрка адзіноты.
*
Зіма
адкінула абрус
і паказала мне дзяцінства:
зьмест саманазвы Беларусь,
дзе цэлы сьвет калісь мясьціўся.
Яна
была маёй гульнёй,
маёй найлепшаю каханкай,
маёй дачкой, маёй вясной,
маёй прыдумкай-нечапанкай.
Мініятурны
краявід,
нібы пад Ракавам. Паветра
дае мінуўшчыны прывід
убачыць раптам так канкрэтна:
у
неба нос дзярэ касьцёл,
маленечкі, бы камарыны—
на краі бездані прасьцёр
стол для вачэй карчмар гасьцінны.
*
Якая
цішыня! Як на мяжы:
нікога навакол на кіламэтры.
Адзіна ноч. І сьнег. Імчы, бяжы
на голас самалёта, што ў паветры.
Якое
марнатраўства! Ліхтары
паказваюць табе адному стужку
пад назвай “Ноч”, цярушачы згары
нябёсаў разарваную падушку.
Выгляд з вакна
Так
апрануцца з густам можа толькі чалавек—
і неба: дыямантавы ланцуг на даляглядзе,
зялёна-жоўты макіяж прымружаных павек,
што так пасуе лёгкае аранжавай памадзе,
на
чорнай скуры—зыркі, аксамітны белы шоўк,
колца танюткай, ледзь заўважнай срэбнай навушніцы,
і незабыўны, быццам пах, раптоўны, быццам шок:
на чуйным языку—зіхоткі пірсінг Мілавіцы.
На сьмерць бабулі,
Аляксандры Васільеўны Данько
(1922-2004)
Вось
і няма ў мяне падстаў вяртацца.
Астатнія ўсе могуць пачакаць,
адзіна ты—не дачакалася. Відаць,
дарэмна я спрабую апраўдацца.
Жыцьцё—табой
прыдуманая казка.
Я сам ёй мушу выдумаць працяг
і не магу: мой голас у грудзях
гучыць нязвыкла. Рэчаіснасьць—маска
нябыту,
больш глыбокай, вечнай праўды.
Твой голас паглынулі мора шум
у слухаўцы, адлегласьць. Рэшта—сум
і ўпэўненасьць, што сам я—несапраўдны.
Але
прызнаюся табе: у неўміручасьць
тваю я веру з даўняе пары,
з тых дзён, калі з нас сталіся сябры
і словаў я тваіх спазнаў гаючасьць.
У
памяці твой голас—яшчэ цёплы,
і інтанацыі схаваны, страшны зьмест,
што сьвет ператварае ў палімпсэст,
а гутарку ў прысуд мой пажыцьцёвы.
Дарэмна
я высільваў уяўленьне,
прыдумваючы, як цябе спаткаць
ня толькі ў сьне: ня здолеў рады даць
і замірыўся—хутка, на зьдзіўленьне.
Але
ж ты даравала мне, нібыта
грахоў пазбавіла, майго зьнікненьня спрыт,
і блаславіла на шляху ў нябыт
свайго пястунчыка-касмапаліта.
Даруй,
што не прыехаў, не наведаў,
не прытуліў. І я памру, як ты,
далёка ад сям’і, без каяты,
бяз радасьці. Такім быў лёс і дзедаў—
цяпер
вы разам, там, дзе схіл пагорку
пясчанага. Твой памятаю сьмех:
“Вось тут мяне засыплюць.” Сьмех у мех,
як ты казала, а спасеньне ў торбу.
Як
мне забыцца на твае прысмакі,
на словы, водары, калі яны ёсьць мной?
І показкі, і сьмех, і позірк твой—
адзіны скарб, што ёсьць у небаракі.
У
тваю сьмерць паверыць—як паверыць
у сьмерць уласную. Паставіць пад сумнеў
сусьвету рух і зьмест, птушыны сьпеў,
сьляпучы сонца сэнс і зорак веліч—
адылі
як? Я мусіў бы заціхнуць,
плынь тваёй мовы назаўжды стрымаць,
ды ты ж мяне вучыла—размаўляць,
казаць, гучаць, апавядаць, запісваць,
агорваць
сьвет, асвойтваць, занатоўваць,
змагацца зь ім, ня даць яму сыйсьці
між пальцаў, як было ў тваім жыцьці—
адсюль мае шматслоўе й памятоўнасьць.
Усё,
што я пішу—адзіна водгук,
адзіна камэнтар, адзіна цень
таго, што ты казала. Мой агмень,
мая радзіма зараз—толькі notebook.
Цяпер
мы ўсе павісьлі па-над прорвай
і больш не дакранаемся зямлі.
Насустрач сьмерці ціха паплылі
чаўны сваёй дарогай непаўторнай—
няма
вяртаньня. Дый яго ня трэба:
хай толькі гэткі талент дасьць мне бог,
каб дзецям расказаць я казку мог
так, каб у іх зьявілася патрэба
ізноўку
слухаць, верыць, думаць, дыхаць,
любіць, кахаць, самім расказваць, жыць.
У гонар твой у памяці гучыць
танго, як рэквіем—пранікліва і ціха.
*
Каханкі
здраджваюць, і застаесься сам.
Сам-насам з успамінамі, якія
болей ня радуюць. Ты—тут, каханкі—там,
даюць табе няведамым хлапцам.
Адумірае памяць. Настальгія?
Не. Насамрэч, пашанцавала нам,
што мы цяпер, як і тады, чужыя.
Таму
нішто ня страчана. Ніхто
нікому і нішто не вінаваты.
Прыйсьці дахаты, скінуць паліто,
схіляцца нейкі час па-над плітой,
даць дзецям пачастунак небагаты
ў чаканьні іхнага прыпозьненага таты,
ня ў моцы час спыніць загадным “Стой!”,
ані
тым больш вярнуць яго кудысьці.
Куды? У час ілюзій аб сабе,
каханьні, чалавецтве? Адыйсьціся
ад прававернай герасі сям’і?
Такі між нас яшчэ не нарадзіўся,
затое нарадзіліся нашчадкі
нашых пачэсных, сьціплых капіталаў.
Жыцьцё
ў агульных рысах набыло
завершанасьць, бы надмагільны помнік,
спраектаваны на рагу ў бюро
паводле накідаў кліента. Соньнік
прачытаны, і эпітафія амаль
гатовая ды вучыцца напамяць,
і вось яе на мармур набіваюць
пад фатаграфіяй. Ну чым не пастараль?
*
Сьнег
нечай вышкрабаны лыжкай
ажно да дна, нібы мука.
Сьцірае сьлед дарогі лыжнай
чыясь нябачная рука,
сьвет
перапісвае нанова,
зьдзірае вапну са сьцяны,
што гэткім часам—нармалёва:
ужо нядоўга да вясны.
І
я заводжу новы сшытак,
зьмяняю думак паліто.
Старому ж знойдзеш новы ўжытак:
распаліш комін, калі што.
Суайчыньнікі
Апранутыя
вычурна, нібы
прадстаўнікі атрутных, рэдкіх кшталтаў.
Абцасаў гонкасьць, нізкія ілбы—
куды да іх быкам з паўднёвых штатаў!
Іхная
мова абражае слых,
а выгляд—густ датклівых эўрапейцаў.
Яны сьмяюцца гучна сьмехам злым
з усіх, хто не гаворыць па-расейску.
Яны
купляюць розную ...
з надзьмута-злосным выразам у тварах:
не, іх не разумеюць. Я стаю
ў двух кроках і ня чую іхных сварак.
Шкада
іх, гэтаксама як шкада
сябе, які з-за іх ня меў радзімы
й ня мае зараз, прызвычаіўшыся да
самоты горада, зь якім мы—пабрацімы.
*
Замест
сьнега прыйшла цішыня: што далей?
Самалёту ў блакіце нацягнутая вяроўка.
Пад чырвоных цельцаў і брудных думак вулей
прачынаецца бог—Фэдэрыко Гарсія Лорка.
І
чыгуначны кран хоча быць, як паўднёвы порт,
небасхіл—як мора, што страціла прыцягненьне,
быццам дно—пагоркі, і горад, маўляў курорт,
анібы шчыт Пэрсэеў—сонца, і я—каменьне.
Мроя
Кроплі
на вуліцы маўляў будуюць нешта—
нячасты грук—сьцякае сьнег крывёй.
Я сьніў, што ў цягніку да Будапешта
застаўся жыць, сам-насам сам з сабой.
Жыцьцё—цяпер
і тут, сказаў кандуктар,
таму ўладкоўвайся. Калі той Будапешт
яшчэ абвесьціць капар-рэпрадуктар!
Гэты цягнік—апошні, ў рэшце рэшт.
Глядзі,
каб атрымаў мне асалоду
ад падарожжа—ты ж не машыніст!
Твая задача—сузіраць прыроду,
шукаць выяў, як той імажыніст.
Ён
выйшаў. Быў паўзмрок навокал шэры.
Я крокаў не пачуў правадніка:
на павароце адчыніўшы дзьверы,
я назаўсёды выйшаў зь цягніка.
*
Месяц—ратавальны
пенапласт у блакітным моры,
прывязаны да дна—не даецца строме вятрыска.
У далёкіх ад цэнтра места раёнах людзі—нібы акторы.
Па сухой далоні рытмічна б’е настаўніцкая папліска
секунднае
стрэлкі. Паблізны ставок падобны
да тэлевізіі з выключаным гукам і сапсаванай антэнай.
Гук дзіцячай каляскі—бы цурак вады жалобны;
махнатыя елак сьцягі мятуць пясок, апякуюцца сцэнай.
Прамінае
цягнік утыркнутую ў мур абабіты
дзіду йржавую ў сэрцы гадзіньніка, гнанага сонцам
(бы кагось катавалі), і час ток зьмяняе нібыта,
мкне назад, перамотвае стужку адвечных жаронцаў.
Walpurgisnacht
(30.4.2004)
Сёньня
разам з сонцам заходзіць эпоха.
Чырвань шыбаў далёкіх—нібыта прысак.
На двары ад квецені дрэў павохна,
і ў віна—таямнічы салодкі прысмак.
Места
дзесьці далёка гудзе вулеем,
і салют залевай штучнай лякае,
і натоўпам аслоў, нібы Віфлеем,
дэкарацый цярплівасьць перацякае.
У
немудрагелістай альхіміі матэ,
у гітары, у вершы, у тэлефоне
суцяшэньне знаходзіць былы командантэ—
ён адзін дзень працоўных сьвяткуе сёньня.
За
вакном—націск ветру, бы прыступ сьмеху
ў сэрыяле, замест антычнага хору.
На мятлу залезьці ў дзіравым меху
й адляцець да нас. На Лысую гору.*
* раён у Берасьці, паблізу Дуброўкі.
Восень сярод вясны
Падман
раптоўна зьнік:
яскравы бэзу кіч,
сьмярдзючы, быццам сік,
і дзён сьпякотных зьніч;
раптоўна—лістапад,
і сонцу—напляваць.
Час брычку запрагаць:
у места—і назад.
Літаўрамі
цягнік
дайграў Шопэнаў марш—
на лета дрэнны шарж
упаў, зламаўшы цьвік.
Пырхнулі
галубы
з гальля, нібы аблець.
Пішы, каб не самлець.
На могілках, нібы
ад
ветру, паляглі
старыя камяні,
маўляў яны—камлі,
а людзі—карані.
Давай,
матыў зьмяні.
*
Улетку,
калі ўсё вокал
пакрываюць водарасьці з дна мора,
у адбітках слабых цягніковых вокан
я сваю выглядаю краіну-ўчора,
і
знаходжу яе заўсёды—
зноў мне бусел-бацька здаецца богам,
што глядзіць, як вайсковыя шрубалёты
ў вышыні бароды стрыгуць аблокам.
Неўміручасьць
Аса
й пасьля сьмерці
гудзе ўвушшу.
*
О,
як прыгожа лаецца
парачка закаханых
сонечнай летняй раніцай
каля муроў вакзальных!
Вочы
гараць нянавісьцю—
шчырасьцю, параўнальнай
толькі з глыбокай сьвятасьцю
хуткай начы купальнай.
Велічна
абыякавы
ён да папрокаў бліжніх:
хай хоць адзін, баякі вы,
сунецца толькі між іх!
Крывяцца
навакольныя:
ведама ім аднекуль
гэтае во жывёльнае,
вечнае ў чалавеку.
Вальдштэйнскі сад
Вальдштэйнскі
сад на Малай стране
блакітны пакрывае дах.
Мэтафары, падобна страве,
трымаюць рыбіны ў іртах.
Такія
ж тлустыя, як тыя,
хто іх прыходзіць сузіраць.
І ў іх—аздобы залатыя,
і ім—ад суму паміраць.
Сядзяць,
бы пудзілы, праз краты
ў нябёсы ўперыўшы пагляд
лясоў крылатыя магнаты,
чый енк мне замяняе склад.
Як
добра мець замежны пашпарт
такім сьпякотным летнім днём
і без пакут шпурнуць піястар
у чысты, жоўты вадаём.
*
Юрасю
Бушлякову
Зямля
яднае нас з Купалам і Міцкевічам,
Месяц—з Шэйкспірам.
Як маска, шчэрыцца ён, срэбрам душу цьвелячы
пры ўсіх нам.
Зямля
яднае нас з Шагалам і Драздовічам,
Сонца—з Ван Гогам.
Яно нястомным ёсьць усіх зямных відовішчаў
Сварогам.
Зямля
яднае нас з Агінскім і Барткевічам,
сузор’і—з джазам.
На ейнай глебе мы стаім, з сусьветам велічным
сам-насам.
*
Сонца,
мастак эпохі рамантызму,
намалявала летні краявід,
стагодзьдзя элегантнага прывід
уваскрасіла скрозь палітры прызму—
і
тут жа зьбегся шэрых хмар натоўп
і стаўся мурам паміж ім і творам,
забліскаў полыскамі, закрактаў затворам,
ухвалай выбухнуў і мастака затоўк.
*
Субота.
Звонку ціха, цёмна, цёпла,
нібы ў кватэры,
дзе скрозь вакно й прычыненыя дзьверы
el viento sopla.
Паветра,
нібы плыткая рачулка
з вадою мутнай,
пяе ўвушшу пан-флейтай, ледзьве чутнай
з-пад Акапулька.
Дзяўчынка
працавітая насупраць
на сьпіцах вяжа.
Даць веры ў цела ейнага даступнасьць
няцяжка.
Ізноў
ідзеш адзін пустым пасажам
напроці ночы,
кахаць няздольны вулічны рабочы
са стажам.
*
Віно—празрысты
жоўты яблык
з адрэзаным рукой бармэншы
кавалкам чэрапу. З наяўных
грахоў Эдэму гэты—меншы.
Сяджу
ў кіно, дзе Вудзі Элэн
сябе цытуе да паўмлосьці,
адданы жудасным арэлям
мэтамарфозаў грэшнай плоці.
Жартуй,
жартуй, дасьціпны Вудзі,
імправізуй забытым джазам:
хто, як цябе ня будзе, будзе
так шчодра сыпаць спазм за спазмам?
*
Чырвонае
неба яшчэ не засеяла места вагнямі,
абрысы касьцёлаў-сіротаў абведзены тонкім лязом.
Нібы за малою патрэбай адскочыла сонца й за намі
скрозь вецьце густое гары закаханых цікуе цішком.
У
дальнім вакне хтосьці ловіць зацята ягоную чырвань,
бы радыё, што аб пачатку паўстаньня павінна сказаць,
адылі паўстаньня ня будзе: якісьці паскуднік ня вытрываў,
крануў выключальнік, і штучныя кветкі пайшлі красаваць.
Цяпер,
зацкаванае імі, ўжо сонца ня вернецца—
рабіце што хочаце, мышы, кату да вас справы няма.
Зьнямела зьбянтэжана места. Глядзіш—і ня верыцца,
здаецца, нібыта шклянога на дне ты акварыюма:
так
блізка, так ціха ляціць самалёт, да акулы падобны,
так лёгка далёкай гатычнай страхі дакрануцца рукой!
І раптам—сеппука! Банзай! І вывальвае горад вантробы,
пазбаўлены сораму ўжо, на аброчнік забруджаны свой.