Напрыканцы
мінулага, ня самага ўдалага, але аднаго з найбольш незабыўных у новым
тысячагодзьдзі году здарыўся цуд: у Стакгольме пабачыла сьвет мая паэтычная
самаанталогія “Раньні збор”, задуманая як падарунак на дзень народзінаў
і крыху як справаздача перад сабой і сьветам за апошнія 10-15 гадоў практыкаваньняў
у вершаскладаньні. Пакуль што яна сталася здабыткам невялікай колькасьці
самых розных па ўзросьце і занятках чытачоў, чые рэакцыі, аднак, прыемна
зьдзівілі мяне сваёй прыхільнасьцю—за што ім усім мая бясконцая падзяка.
Падчас ліхаманкавай працы над публікацыяй дастваралася гэтая, пакуль апошняя,
нізка вершаў, але цалкам уключыць яе ў кнігу не ўдалося, таму прапаную
яе тут Вашай увазе ў поўнай, “рэжысёрскай” вэрсіі.
М.Шч.
*
Кастрычнік пахадзіў і перадумаў
і зноў перахадзіў, адчуўшы мат;
ды наступ жоўтых пешак, коней, тураў
стрымаць ён ужо здолее наўрад.
Ратуйся
зь вёскі ў шпацыровым тэмпе
на сінія старонкі тлустых кніг.
Губляе фарбу сонца круглы штэмпэль,
бы дакумэнты, сьпісваючы дні.
Прэч
зь месца, дзе шле дзяцел сос, аб дрэва
таўчэ свой вялікодны лоб-мацак.
Аранжавы ліхтар бяз дай-патрэбы
гартуе ў дзённым небе свой маяк.
*
І нават у апошні летні дзень
мне нашмат болей даспадобы цень
зь ягонай ледзь прыкметнай мітусьнёй,
адкуль паўночнай дыхае вясной.
Борхэс
Пяшчотна
спавіваю твае кнігі
налепкамі зь бібліятэчным шыфрам,
спрэс новадрукі, то бок, немаўляты,
якія нарадзіліся старымі
на працягу мінулага стагодзьдзя.
Яшчэ ніколі я ня быў так блізка
да іх, а мо й наўрад-ці калі буду.
Насупраць
разьлівае сіні вечар
неба ў ячэйкі простакутных вокнаў
і ставіць іх у маразільнік ночы.
І
як табе калісьці сум па бацьку
ў маўклівасьці тваёй бібліятэкі
асіставаў пры іхным нараджэньні,
гэтак і мне ён, маніцца, дыктуе
мае бездапаможныя радкі.
*
Прыходзіць восень—позьняя любоў
да простых рытмаў, вершаў, марыхўаны.
Хто ў лес кіруе ў пошуках грыбоў,
а хто ў кавярні пхнецца, змрокам гнаны.
Год
чортавае кола павярнуў
зь цяжкой намогай супраць плыні часу.
У сінюю ўздымаюць вышыню
жоўтыя дрэвы рэдзенькія пасмы,
падобна
старым шчоткам для зубоў,
збаўляючыся мёртвых целаў лісьця.
Позьняя восень, позьняя любоў:
на ўласнай скуры чуць Калядаў блізкасьць.
*
Аб адзінаццатай гадзіне
ў сталіцы ціха, нібы ў вёсцы.
Адно няпрошаныя госьці
брыдуць бяз суму па радзіме
й
тутэйшаму зайздросьцяць люду,
што звыкла іх не заўважае.
Усё навокал выглядае
нібы ў правінцыі. Усюды
перадзімовая
павольнасьць,
напаўсялянская нясьпешнасьць,
самім сабою задаволенасьць,
пабожнасьць—адным словам, сьмешнасьць.
Як
добра, што наступны дзень
будзе такі ж халодны, цёмны,
нібы паўтор—яшчэ адзін
патэнт на сёньня.
На
выхад маіх вершаў у “Арыэлі”
У
пятніцу быў вецер, што прынёс
залеву—дождж ламіўся ўпарта ў шыбы,
кашмарам перасьледаваны нібы,
які яму зайшоў зьнянацку ў хвост.
Гарэла
зорка, быццам самалёт.
Каляды, бы той сос, апавяшчала
скрозь хмары, але й думкі не ўзьнікала,
што заўтры з хаты зробіцца сумёт.
І
раптам у адкрытае вакно
сьнег несуцешны рынуўся ў суботу,
і новы сьвет зацалавалі боты
з сабачымі сьлядамі заадно.
Каляды
2005
Трава
люструе зоры ўвечары.
Надвор’е, нібы ўвесну ў Мюнхене.
Я—у гасьцініцы ў Нью-Гемпшыры,
са сьветам Гофманавым зьнюханы.
Зімовыя
абразкі
1.Гарадзкі
Нібыта
тло ў музэйных дыярамах,
намаляваны кволаю рукой—
мінімум фарбаў—выцьвітае замак
па-над замерзлай сцэнай гарадзкой.
Няпэўнасьцю
відовішча сагрэты,
на плён натхненьня ўласнага зірні.
(Ня верыцца, што ёсьць яшчэ паэты,
што праўду ахвяруюць балбатні.)
нішто
ня ўнікне ад яго,
і не бракуе яму густу,
але на сэрцы ў яго пуста,
і з фарбаў—белая ўсяго.
*
Кантэйнеры—бы рознакаляровыя,
стандартныя кавалкі плястыліну
ў наборы: кожны надпіс выгаворвае
фірму-імя і прозьвішча-краіну.
І
“Беларусь, БЧ” раптоўна ўбачыўшы
між кубікаў бязладна, па-дзіцячы
ўдоўж ранішняй чыгункі нагрувашчаных,
я роўнага сабе сустрэць удзячны.
*
Ліхтары абяцаюць ноч,
хоць навокал пакуль што шэра—
улюбёны мой час. Таршэры
вабяць позіркі ўглыб кватэры,
ліхтары абяцаюць ноч.
Адчуваньне,
што пойдзе дождж.
І пасажы, нібы вальеры,
закратуюць на час прэм’еры,
і патрапіць у пастку бомж.
Незалежна
ў якой зямлі,
безуважна ў які час года
інтрыгуе мяне заўсёды
ўлада прыцемкаў на зямлі.
*
Уначы час цячэ больш павольна.
У радыё—таямнічы сэнс.
Ты—пад арыштам хатнім з крамольнай
Альбэрцінаю Сарразэн.
Паглынае
хомар вакольны
дым і думкі, нібыта цзэн,
і ня страшна, што заўтра вольны,
непадобны да іншых дзень.
*
Дзень затапляе горад павольна.
У муроў ад сонца жаўцеюць зубы.
Порт рыхтуецца да няўмольнай,
штовясновай вараскай згубы.
Храмы
апранаюць самае лепшае—
сіняе—праз галаву нацягваюць.
Хто са сьмерці, хто з хуткае здрады цешыцца,
і сабакі ўзрушана, шчасна цяўкаюць.
Каралевы
рыф барыкады аблочнай
стварае бясьпекі фантасмагорыю.
Хутка ўлада зімы адыйдзе ў гісторыю,
удосыць папартызаніўшы ўночы.
*
Наўкол—краіна братоў Грым,
і ўсё адно зайздросьціш тым,
хто застаецца на ўзьбярэжжы.
Ім добра там, дзе іх вакзал,
ім абыякавы назал
ці іншы атрыбут замежжа.
Іхных
размоваў не чутно,
ім, бы героям у кіно,
сэнс уласьцівы адпачатна.
Ім невядомы сум дарог,
і сьвет—што аб сьцяну гарох,
і іншамоўныя дзяўчаты.
Яны
ўсё тыя ж з году ў год,
цыгаркі смокчуць з роту ў рот,
з бацькоўскай зьдзекуюцца мовы.
І ты меў шанец быць такім,
таму самім сабе пакінь
іх лепш, ня робячы высновы.
Паштоўка
з рыбамі
Мілая
К., я зараз у гатэлі Radisson SAS,
які мне нагадвае будучыню, але не маю, дакладна;
насупраць вялізны акварыюм вылізвае вадалаз
на ўзроўні другога паверху, адштурхваючыся ад шкла, дна,
пускае
галяктыкі бурбалак у празрыстасьць колеру дня
на захадзе вечаровым, што дзіўна бачыць а восьмай
ранку. Сумныя рыбіны плывуць усе як адна
няспынная каруселя зь нябачнай нікому восяй,
нагадваючы
гармонію сфэраў, альбо ў садку
мэнтальна адсталых дзяцей пад калектыўным гіпнозам
музыкі, сноў, інэрцыі, якіх вядуць за руку;
бясконца шукаючы выйсьця, у шкло ўпіраюцца носам—
яны
нагадваюць лісьце ў перадзімовым віры,
які варочае сьветам, нібыта шпянёк катрынку,
і як ападае лісьце на дол аднае пары,
так сьвятасьць узносіць рыбіну пад самую столь будынку.
Адылі
я не аб рыбінах і не аб тых, што стаяць
вакол, на іх пазіраючы, нібыта зачаравана:
я зараз іду надыхацца на Александэрпляц,
і ўбачыць жыцьцё пярэсьцейшым, чым тое, што занатавана.
Бэрлін,
Александэрпляц
На
места-кружэлку іголкаю падае цень.
Старыя
будынкі рахмана трываюць наш зьдзек:
стагодзьдзе для іх нібы месяц, а год—нібы дзень;
яны, як жанчыны, умеюць затойваць свой век,
нячутныя
ім галасы чувакоў і чувіх,
адно толькі вецер; іх сьвет, як кампутар, завіс,
і мы, як нэйтрыно, ня маем абліччаў для іх
(нібыта для нас—радыяцыя, духу капрыз),
аднак паступова трываласьць зьнікае ва ўсіх,
і крышацца целы, і падаюць голавы ўніз.
Малітвай
да неба прышпільваючы відарыс,
бы шахматны ферзь, аглядае падданых сваіх
гігант-тэлевежа, што зыркім шматтысячным вокам
сьвідруе дамы і расьсейвае боязь навокал.
*
Ад сьнегу і ветру ня бачна дарогі—
нібы нарадзіўся ізноўку на сьвет.
Бы ветразі, складзеныя парасоны,
падобныя да балістычных ракет—
ці вежы занесла па самыя стрэхі?
Па порцыі торту на кожным стале,
і голая статуя ў сьнежнай кароне
усім блаславеньне дзявочае шле
й мярзьлёнку на лытку каменную роніць.
Намётаваму
гарадку
Нібыта
ў начным палёце,
нібыта ў Экзюпэры,
у чорным вакольным сьвеце,
у зорным яго намёце
ўся вера—у вас, сябры.
Міргаюць
змоўцы-прыборы—
я слухаю ваш экстаз,
чытаю вашыя твары,
ня ведаю вашай зморы,
баюся—за й замест вас.
Вы,
пэўна б, зь мяне сьмяяліся,
каб бачыць мяне маглі.
Ды гэта праз вас я, памятайце,
магу глядзець безь нянавісьці
на мапу сваёй зямлі.
*
Вясновы пэрон пакінуты—
надвор’е пайшло на экспарт,
але час застаўся спынены,
як і прадказваў маэстра
Айнштайн.
Ты ж у цэнтры горада,
ад адпачынку зьбеглы,
у нетрах завода-волата
абпальваеш словы-цэглы.
*
Дзяўчаты глядзяць больш уважліва,
адмеркі здаюцца даўжэйшымі,
нібы ад травы, і гейшамі
глядзяцца курвы падчас жніва.
І
мы, як штогод, падманута
ў тых самых кавярнях з крэсламі
гуляем бясконца ў шахматы
пад часу й прыроды прэсінгам.
*
О, вясковая ўпарадкаванасьць
на Захадзе, дзе прадугледжаны
більярды, басэйны, саўны
і ўсё, каб дажыць высокага веку
ў спакоі, ціха і без эксцэсаў,
выклікаючы павагу й зайздрасьць
суседзяў, што тое самае,
дзе нават ручай ня мае
мужнасьці змыць усё гэта—
як я цябе ненавіджу!
Вялікдзень
Спрабуе
гук ударнай устаноўкі
дробнага каліўца паўсонны дождж-няўмека.
Шэрасьць і зелень для слабога вока—
што дотык нечых вуснаў для павекаў.
У
гэткі дзень найлепш схадзіць на цьвінтар,
паведаміць памерлым аб надвор’і,
падправіць зьбег незразумелых літар,
што камень, быццам мантру, прагаворвае,
у
твар арыштаванага рахунка
зірнуць цераз службоўца акуляры.
На шворцы далягляду мкне чыгунка
вока на суд ці наўздагон ахвяры.
*
Даждлівыя дні,
бязьлюдныя вуліцы—
сінонім раю.
Па месьце прагульвацца
мы можам адны,
людзей не сустрэўшы зграю.
Там
каву нам прынясуць з дажджом—
а тут зелянее чыгунка
незапатрабаваным ахвярным нажом—
бы плесьнее хлеб, незваротна і хутка.
*
Ня больш чым агульны ўспамін,
сонца плямай выпальвае дуэлянтавы вочы,
абірае на ўскрайку колькі хацін
і ў прадоньне зацягвае іх з раю ночы,
прыадтуляецца
месяцовая похва.
Хмары насоўваюцца пластамі, бы хвалі.
Твае вейкі стрыгуць гушчар сьвету спалохана,
бы шкілеты дзьвюх рыбак, якіх абсмакталі.
Дождж,
Literаrnі kavаrna
Навала
кропляў падзяўбала мур,
бы хтосьці вырашыў яго пафарбаваць.
Ілье, нібы ў кіно. Плыве на штурм
каналізацыі пухіравая раць.
Апенькі
парасонаў прагна п’юць,
бярэма абцякае па краёх—
у дворык вязьням вырашыў шпурнуць
па п’яні кілямэтры нітак
у вечнасьці забыты нейкі бог.
*
На досьвітку птушкі
заводзяць вайнушку
на ўсю катушку.
Рабочыя
ў вопратцы пчолаў
слупы апыляюць вясёла.
Кропельніца
чыгункі
людзей стравуе пакункамі.
Бруяць
антыдэпрэсанты—
няўрымсныя камэрсанты,
ільюць
у мэтро нахабна
струмень штучнага дыханьня.
Голасна
ў інтэркоме
горада: ён у коме.
*
Ю.С.
Шум
дажджу дамяшаны ў алюр цягніка.
Думкам іх не перакрычаць.
Прырода вырашыла на любоў хлапчука
ўзаемнасьцю адказаць.
Хутка
вокны памые з шампунем мароз
і забудзецца выцерці іх.
Хутка цела абыйме салодкі наркоз,
і ад гожасьці зойме твой дых.
Матадор
будзе цёлкам падаваць паліто,
цукру піксэлы выявяць твар,
і адкрыюць паветраны калідор,
рушыць з поўначы белы тавар.
І
бляшанкай ад піва ты перадасі,
ужываючы вечка, як ключ:
“Як табе там жывецца на Белай Русі?
Бела й тут, толькі вочы заплюшч.”
*
Увосені з Прагаю не параўнацца Стакгольму—
адзін Менск умеў так рэклямамі інтрыгаваць
скрозь вэлюм дажджу, і інстынкт групавы, яшчэ школьны,
у новыя мары й адданасьці ператвараць.
Нідзе
так ня бэсьцілі радасьцю новыя фільмы
й старыя раманы, нідзе гэтак лёгка кахаць
пазьней не ўдавалася, позірк выкладчыцы пільны
нідзе не пашчасьціла ўсьмешкай дурной сустракаць.
Навошта
тады мы працягваем жыць невыразна,
адно па інтэрцыі, верыць у шчасьця паўтор?
Навошта вандруем у пошуках марных су-блазна,
калі кожны з нас—толькі ўласнага ценю дублёр?
Сонечны
бадун
Дым
з вакна замест дыму з коміна.
З душам і радыё перабоі.
Набітая летнім нахабствам аскоміна
зьнікае ў халодным прыбоі.
Глядзіш
на сонца, пакуль ня стане
яно замест белага сінім
і рэчы падзужваць не перастане
адлюстраваньнем іхнім.
Срэбра
люструецца ў мокрай скуры
Іхтыяндра, нібыта ў лусцы.
Ты ўдыхаеш шчэлепамі акулы
безыменную блізкасьць вусьця.
*
Птушкі ляцяць пад гукі сірэны
бамбавікамі па-над музэйным купалам.
Золата са стрэх цячэ да каленаў
калюмнам, будынак здаецца купленым
сувэнірам
у антыкварыяце,
з самага таннага золата зробленым.
Музэй—шпіталь часу, дзе ў кожнай палаце
чакаюць апэрацыі новым поглядам.
*
Цішыня перадшкольных Карэлічаў,
сьвежасьць неба стакгольмскае вуліцы,
элегантнасьць Буэнос-Айрэса,
лёгкасьць ветру з адэскага пляжу—
усё
гэта ў Алефе ўтрыманае
майго лета спакойнае старасьці.
*
Раніца. Развозяць дзяцей і сьмецьце.
Робяць вёсцы касмэтычную апэрацыю.
Каляскі касілкамі мнуць суквецьці,
піяўкі высмоктваюць каналізацыю.
Рабочыя
паляць між дэкарацый
задуменна, нібы кіношнікі.
Усе ганарацца сваёю працай.
Бог ім усім у памочнікі.
*
А.Х.
Няма
нічога лепей за суботу,
што пачынаецца й сканчаецца дажджом,
калі з ахвотай крочыш на работу,
назло амністыі, спасьціглае дурдом,
няма
нічога лепей за самоту,
калі ў палове ломіць стрэльбу год,
няма нічога значней за турботу
падправіць час, бы даць курок на ўзвод.
Адкінуць
коўдру, быццам века танка,
калі ўступае ў бой аркестр прылад
адначасова пад тактоўку ранка,
наркотыкам засвоіўшы разрад.
Няма
нічога лепей за пахмельле,
калі лясы збаўляюцца тузоў
краплёных, прысьцябаных на іх целе,
акцыяў лета, візітовак маразоў.
Няма
нічога лепей алкаголю,
калі скрозь зубы засьня цэдзіць жоўць,
калі пад летнім казырком вакзальнай столі
ня чуеш, як капошкаецца борць,
няма
нічога лепш за пасьлядоўнасьць,
зь якою разбурае думку жарсьць,
няма нічога лепш за падсьвядомасьць,
што памыліцца ў выбары ня дасьць,
няма
нічога лепей адчуваньня,
што ўкола зьзяе лужынамі Менск,
няма нічога лепей існаваньня,
апроч неіснаваньня—й тым ня менш.
*
Паміж Дзядамі і Калядамі
год дасягае кульмінацыі.
Дамы з балконнымі шуфлядамі
шклянымі перламі мяняюцца.
Раптоўна
набывае значаньне
ў цяпле бязмэтнае знаходжаньне,
у набажэнства перайначана,
здаецца, дакрананьне кожнае.
Раптоўна
радуюць запросіны,
відаць, прысланыя абмылкаю
замест рахунку позьняй восені,
што спаганяць у рыфмах звыклая.
Вершы,
якія не ўвайшлі ў “Раньні збор”
*
Я пры жыцьці нашу жалобу
па сьвеце й па сабе самім.
Што б я ні бачыў, ува ўсім
я бачу горшую палову.
Я
гэтым сьмешны менавіта,
хоць сам з задавальненьнем кплю.
Лічыце, што я быццам сплю
пад гук будзільніку нябыта
(пстрычка рытмічна б’е іглу
ці цыгарэту сібарыта),
а вы, лічыце—не, нібыта.
*
У пятніцу ўвечары цішаю поўняцца офісы,
вачмі выядае натоўп бамбаньеры дамоў,
і дзесь чакалядкі дзьвярыма ў нязнанае ломяцца,
і джойнтаў букеты задурваюць пусткі галоў.
У
попельніцах недапалкі выкладваюць свастыкі,
і пёркам падушкавым плавае ў шклянцы лімон,
і ладзяць пачваркі на прынца жыцьця порнакастынгі,
і душацца ...ам дамы, што дзеці бліном.
Тым
часам ты ў доме сваім перачытваеш “Фауста”,
сьцякае крывёй па старонцы зьнясілены зрок,
сьціскаеш піўную бутэльку ў руцэ замест фаласа
і думаеш—дабраславеньне яно ці сурок?