Нягледзячы
на ўсе размовы наконт філасафічнай глыбіні “Матрыксу”, кожнаму, хто
ўсур’ёз цікавіцца філасофіяй, павінна быць абсалютна ясна, што зь ідэялагічнага
гледзішча гэты фільм (тут і надалей гаворка йдзе аб ягонай першай частцы)
ёсьць цалкам нецікавым і абсалютна стэрыльным. Стары лозунг маньерыстаў
“Жыцьцё ёсьць сном, сьвет ёсьць тэатрам”—біялагічна абгрунтаваны, з
адногу боку, на дваістым стане чалавечага розуму (прытомнасьць і сон),
а з другога, на дваістым стане чалавечага цела (жыцьцё й сьмерць)—ёсьць
занадта вядомым з Шэйкспіра, Кальдэрона, дый калі аб тым гаворка, нават
зь Ведаў, таму не павінен быў бы нікога зьдзіўляць, калі толькі... Калі
толькі мы не зірнем на гэты фільм з пэрспектывы, наўпрост супрацьлеглай
той, якую нам прапануе (і ўнукае) “першае значэньне” самога фільму.
Трэба
сказаць, што ўзгаданы маньерысцкі матыў, карані якога, як і карані ўсялякай
рэлігіі, палягаюць у суб’ектыўным ідэялізме, быў вельмі папулярны ў
90-х гг. мінулага стагодзьдзя й быў ужыты і злоўжыты ў якасьці асновы
для пабудовы сюжэта ў дзясятках фільмах таго часу, такіх як “У скуры
Джона Малкавіча” (Спайк Джоўнз), “Трумэн шоў” (Пітэр Вэйр), “Жана Д’Арк:
Пасланец” (Люк Бэссон), “12 малпаў” (Тэрры Гільям), “Ванільнае неба”
(Алехандро Амэнабар), “Гульня” (Дэйвід Фінчэр) і іншых. Якім, у такім
выпадку, было памкненьне братоў Вахоўскіх: зрабіць яшчэ адзін такі фільм,
толькі масіўнейшы, грамчэйшы, даўжэйшы й даражэйшы? Хто ведае, можа
й так—але прыпусьцім, што ў іх было яшчэ нейкае іншае памкненьне.
Што дае нам права на такую прыпустку? Наважуся зьвярнуць увагу чытача
на тое, што ў самім фільме ёсьць моманты, якія даказваюць, што нашая
інтэрпрэтацыя ёсьць больш абгрунтаванай, чымся тая, якую я называю “артадаксальнай
інтэрпрэтацыяй”, якую прыймаюць на веру так званыя “фанаты “Матрыксу”,
і якая актыўна падтрымліваецца самімі творцамі фільму пасярэдніцтвам
створанага імі сайту. Артадаксальная інтэрпрэтацыя разглядае Ніо як
ключавую фігуру для разуменьня фільму. З майго гледзішча, каб дасягнуць
лепшага разуменьня фільма, мы павінны перадусім прааналізаваць пастаць
Морфіюса. Вось некаторыя факты.
1)
У грэцкай міфалогіі, Морфіюс (Морфэй) ёсьць сынам бога сну Гіпноса (брата
бога сьмерці Танатоса) і зьяўляецца богам мрояў, прымхаў, сноў у сэньсе
відзяжоў—у тым ліку й кашмараў. Таму ягонае ймя знаходзіцца ў кідкім
канфлікту зь ягонай роляй у фільме: зьяўляючыся нам упершыню ў выглядзе
экрану Ніова кампутара, ён заклікае Ніо да таго, каб той прачнуўся:
“Wake up, Neo”.
2)
Назва Морфіюсава карабля—“Навухаданосар”, што ёсьць таксама імем бабілонскага
цара, які тройчы ўзяў і спустошыў Ерусалім, а таксама спаліў Храм. Прарок
Езэкіль гаворыць, што Навухаданосар стаўся інструмантам боскай кары
за зьдзейсьненыя гэбраямі грахі. (Кніга прарока Езэкіля, 29). Цар гэбраяў
Ёякін быў узяты ім у палон, дзе быў пратрыманы ў якасьці “госьця” 37
год: Навухаданосар абыходзіўся зь ім як зь сябрам і дазваляў яму есьці
дя свайго стала (Кніга Царстваў 2, 24-25). Вартая ўвагі таксама інтэрпрэтацыя
прарокам Даніілам сну цара Навухаданосара. (Кніга прарока Данііла, 4).
3)
Паводзіны й выгляд Морфіюса (у паданьні Лоўрэнса Фішбэрна) ствараюць
у нас несумнеўнае ўражаньне чалавека, надзеленага ўладай і магутнасьцю.
Агент Сміт называе яго “найбольш небясьпечным чалавекам на планэце”.
Тактыка ягоных паводзінаў у дачыненьні да Ніо зьяўляецца тыповым прыкладам
спакушэньня: Ніо пакінутая фіктыўная магчымасьць выбару, але папярэдне
Морфіюс зьдзяйсьняе на яго такі моцны псіхалагічны ціск, што магчымасьць
абраньня блакітнай пілюлі ільга выключыць адпачатку.
4)
Морфіюс прыходзіць да Ніо з кшталтам невядомага яму раней, радыкальна
новага веданьня. Гэтае веданьне на сваім пачатку (сцэна ў офісу, дзе
працуе Ніо) зьяўляецца такім дакладным, што нават стварае ўражаньне
веданьня аб загадзя падрыхтаванай, напраграмаванай у кампутары будучыні.
А што калі Морфіюс не прадказвае будучыню, а непасрэдна праграмуе яе
ў той самы момант, як размаўляе зь Ніо па тэлефоне? У кожным выпадку,
на падставе свайго веданьня Морфіюс раіць Ніо ня верыць у ілюзорную
рэчаіснасьць, створаную Матрыксам, а авалодаць ёю з дапамогай свайго
новага веданьня. Аднак у момант, калі Ніо хоча даведацца штосьці наконт
сябе самога, Морфіюс прапануе яму ўжо ня веданьне, а веру. Ён кажа Ніо:
ты ня проста ведаеш аб гэтым—ты верыш у гэта (you not only know it,
you believe it). Такім чынам, ён прапануе Ніо свой кшталт Матрыксу,
якісьці анты-матрыкс. Пры гэтым, падмяняючы веданьне верай, Морфіюс
паводзіць сябе дакладна так, як паводзяць усе дыктатары—калі падумаць,
дык такой сама была й стратэгія камуністычнай партыі!
5)
Ува ўсім фільме не прапаноўваецца ніводнага рэальнага й вартага даверу
доказу таго, што тое, што гаворыць Морфіюс, ёсьць праўдай. Прыкладам,
Трыніці так і не гаворыць Ніо, што яна думае наконт праўдзівасьці Морфіюсавых
словаў. Цікава, што падчас “ініцыяцыі” Морфіюс паказвае Ніо замест рэальнасьці
таксама кампутарную праграму—трэнажэр. Такім чынам, незразумела, ці
зьяўляецца выгляд рэчаіснасьці рэканструяваным альбо сімуляваным ім.
6)
Назва апошняга населенага людзьмі места планеты—Рай, але знаходзіцца
яно каля зямнога ядра, дзе паводле хрысьціянскіх уяўленьняў павінна
знаходзіцца Пекла. Паводзіны апэратара, які, паводле ягоных словаў,
нарадзіўся вольным чалавекам (і які ёсьць неграм, гэтаксама як і сам
Морфіюс—даволі камічны й арыгінальны, хоць і палітычна некарэктны прыём,
які ператварае зьнешнюю прыкмету “чорны/ белы” ў сімвалічны адпаведнік
ягонай нутраной прыкметы, “злы/ добры”) на працягу фільма не здаюцца
вельмі маральнымі: па-першае, замест адукацыйнай праграмы ён адразу
прапаноўвае Ніо праграму навучэньня баявым мастацтвам; па-другое, менавіта
ён прапаноўвае забіць Морфіюса, калі той трапляе ў рукі агентаў. Той
факт, што менавіта гэты пэрсанаж забівае “здрадніка” Сайфэра (Джоў Пантоліяно)
са словамі “вер ува што хочаш, усё адно памрэш”, ёсьць толькі яшчэ адным
доказам ягонага, мякка кажучы, маральнага рэлятывізму.
Выснова,
якую мы можам зрабіць з гэтых назіраньняў наступная: Морфіюс ня ёсьць
Ніовым “сябрам”, ані сімвалам нейкага там Дабра, але якраз наадварот:
Морфіюс—“дрэнны”. Той (The One), хто шукае Ніо й каму ён патрэбны, зусім
ня ёсьць Богам, як амаль аўтаматычна ўяўляе сабе ледзь ня кожны, а...
самім Д’яблам! Насамрэч, Бог таксама знаходзіцца недзе паблізу: ягоным
увасабленьнем зьяўляецца Трыніці. Здаецца, што яна знаходзіцца ў адмысловым
стратэгічным хаўрусе з Морфіюсам і ягонай камандай, але яна не належыць
да яе, ня ёсьць адной зь іх. (“Яна з намі ад самага пачатку”, гаворыцца
пра яе.) Менавіта яна не дазваляе Ніо выйсьці з машыны, пераконвае яго
застацца й зьдзейсьніць падарожжа ўглыб “трусовай нары”.
Навошта,
здавалася б, д’яблу абуджаць Ніо зь ягонага сну? Толькі каб пасьмяяцца
зь ягонай дурасьці й даверлівасьці? Якая прычына палягае ў падмурку
хаўруса паміж Морфіюсам і Трыніці? Я лічу, што тут павінна быць нейкае
пары паміж злым анёлам Морфіюсам і добрым анёлам Трыніці наконт Ніо.
Трыніці гаворыць Ніо, што для яе Морфіюс мае нават большае значаньне,
чымся Ніо. Але ў сапраўднасьці яна патаемна стаіць на ягоным баку ў
якасьці “анёла-целаахоўніка”, бо “кахае” яго. Такім чынам, паводле законаў
добрай казкі Зло павінна прайграць: Морфіюс павінен прайграць пары,
Трыніці павінна перамагчы, а Ніо павінен быць уратаваны. Ці не?
Гэтаксама
як Ніколас, герой раману Джона Фаўлза “Чарадзей”, Ніо зьяўляецца “пустым”
пэрсанажам, чыстай формай, якая павінна запоўніцца канкрэтным зьместам
з дапамогай самога гледача. У Ніо няма нічога па-сапраўднаму асабістага.
Зусім наадварот: ягоныя ўласьцівасьці, такія як тыповыя й па сутнасьці
банальныя сумневы наконт сэнсу жыцьця й г.д., маглі б належаць любому
з гледачоў. Як і гаворыць анаграма ягонага ймя, ён зьяўляецца Ўсімі
і Нікім, any one and no one, а дакладней—Нікім, што верыць у тое, быццам
ён—Хтосьці (one who believes that he is The One), што нам, людзям, наогул
уласьціва. Менавіта Ніо зьяўляецца “нашай уласнай мэнтальнай праекцыяй
у дыгітальным сьвеце Матрыксу” (менавіта такое азначэньне дае Морфіюс
асобе як гэткай)— прычым пад “дыгітальным сьветам” тут трэба разумець
сам фільм “Матрыкс”. Атаясамленьне гледача й героя, крытыкаванае Брэхтам,
Бэн’ямінам і іншымі, мае без сумневу свае станоўчыя бакі: гэтае атаясамленьне,
якое грунтуецца на нашай здольнасьці да эмпатыі, дазваляе нам спачуваць
зь іншымі альбо радавацца разам зь імі. Але ў такім атаясамленьні крыецца
й пэўная небясьпека—прыкладам, страта альбо прынамсі значная зьмена
нашай уласнай тоеснасьці. Гэтак, толькі сапраўдны вар’ят, які практычна
няздольны адрозьніць рэчаіснасьць ад ілюзіі рэчаіснасьці, можа цалкам
атаясамляць сябе з героем фільму. На жаль, такія людзі існуюць: у сьвеце
поўна гэткіх Ніо, самых розных тэрарыстаў і фундаменталістаў усіх рэлігіяў,
але таксама “фанатаў” рознага кшталту—футбольных, кіношных, фанатаў
“Зорных войнаў”, фанатаў “Матрыксу”... Шмат хто зь іх, як і Ніо, “жыве
двайным жыцьцём”. І гэтаксама як ён, мала хто зь іх мае веданьне—але
ўсе яны вераць.
Жаночым
варыянтам “пустога пэрсанажу” зьяўляецца Трыніці. Ільга сказаць, што
значаньне гэтай пастаці ёсьць такім бясконца шырокім, што здаецца, быццам,
яна зусім ня мае ніякага значаньня. Ясна адно: ад пачатку яна ўдае сабой
“узнагароду”, за якую змагаецца Ніо. Акрамя гэтага, яна зьяўляецца ледзьве
не ідэальным узорам сучаснай жанчыны і для сучаснай жанчыны, зь якім
даволі лёгка атаясаміцца, будучы амэрыканскай тынэйджэркай. Трыніці—архетып
“ідэальнай жонкі”, папросту фантастычным спалучэньнем двух крайніх і
папросту неспалучальных, нават варожых вобразаў жанчыны ў заходняй культуры:
клапатлівай хрысьціянскай мамашы з глыбінкі й агрэсіўнай фэмінісцкай
сэкс-бомбы. Гэтаму вобразу як нельга лепш спалучэньне нявінна-дзіцячага
(так і хочацца сказаць—“мужнага”) аблічча Кэры-Энн Мосс з вопраткай
у стылі “унісэкс”.
Наогул,
на маю думку, адзіным сапраўдным героем “Матрыксу” ёсьць Сайфэр, чыя
пастаць, у адпаведнасьці зь ягоным імем (Шыфр), удае сабой вельмі істотную
загадку фільму: ён належыць да тых нешматлікіх, што гаворыць у фільму
праўду. Як і кожны сапраўдны герой, падчас ягонага жыцьця ён стаецца
аб’ектам усеагульнай пагарды—як з боку гледачоў, так і з боку каманды
“Навухаданосара”.
Дык,
у рэшце рэшт: what is the Matrix? Як мы ўжо казалі, сапраўдная “матрыца”—гэта
фільм “Матрыкс”, наогул фільм, кіно як гэткае, віртуальны сьвет кампутарных
тэхналогіяў. Гаспадаром гэтага Матрыксу ёсьць Морфіюс, бог сноў, мрояў
і нашых ілюзіяў наконт сябе саміх; Д’ябал, Экран, што прамаўляе да Ніо
напачатку фільма, а напрыканцы фільма—да ўсіх нас; стваральнік Ілюзіі,
прад’юсэр галівудзкіх блокбастэраў, што спрабуе спакусіць кожнага з
творцаў відовішчам будучых выгадаў, перадусім—матэрыяльных. З гэтай
пэрспэктывы “Матрыкс” ператвараецца з пампезнага й патэтычнага прадукта
мас-культуры ў памфлет супраць усялякага кшталту рэлігіяў, улучна з
буддызмам (яўна парадыйная сцэна з абраньнем наступніка ў Відушчай—таксама,
дарэчы, негрыцянкі), ня кажучы ўжо пра хрысьціянства, Галівуд, “амэрыканскую
мару” й іншыя кшталты сучасных міфаў. Ня дзіва, што адзінай пастацьцю,
якая гаворыць у “Матрыксу” праўду, ёсьць ніхто іншы як агент Сміт, чыя
прамова наконт прыроды чалавека, якая, паводле ягоных словаў, нагадвае
прыроду вірусаў, папросту шакуе сваёй праўдзівасьцю. Менавіта Сміт спрабуе
ўвесь час нагадаць “герою” Ніо аб тым, што ён ёсьць самі сабой, звычайным
чалавекам, Томасам Андэрсанам (ці выпадкова ў якасьці ягонага прозьвішча
абранае прозьвішча дацкага казачніка?). Тым ня менш, “Абраньнік”, “the
Gifted One”, ня можа паверыць у такую “неверагодную” рэч: у “рэчаіснасьці”
ягоных ілюзію падскочыць на дзесяць мэтраў угару ёсьць нашмат больш
праўдападобным фактам... Што дадаць? Калі пасьля ўсёй гэтай марнай гераічнай
страляніны (менавіта Морфіюс прымушае Ніо паверыць, быццам ён недасяжны
для куляў) агент Сміт забівае Ніо адным-адзіным стрэлам, камічная сьмерць
няшчаснага імбэцыла на момант стварае адчуваньне сапраўднай трагедыі...
якое доўжыцца ўсяго некалькі секундаў: бо пасьля іх жа мусіць абавязкова
прыйсьці чарга яшчэ аднаго міфу, Вялікага Рамантычнага міфу аб каханьні:
“боская Трыніці” аджывае Ніо адным-адзіным пацалункам... Сапраўдная
экспэрымэнтальнасьць “Матрыксу” палягае ў тым, каб паказаць, па-першае,
як лёгка мы даем сябе падмануць, а па-другое, што бальшыня з нас ёсьць
гэткімі псеўдагероямі, якім уласьцівая схільнасьць верыць у сваё абраньніцтва,
у сваю надзеленасьць усім надзвычайнымі талентамі—за выключэньнем хіба
што таленту крытычнага мысьленьня. Такім чынам, чаканы эфэкт фільму—такі
самы, як эфэкт Брэхтаўскага тэатру, Фаўлзава “Чарадзея”, Фінчэрава “Байцовага
клубу”: разьбіцьцё “дасканалай” ілюзіі. Гэты эфэкт грунтуецца на зьяве
гледачова атаясамленьня са “станоўчым героем”, які лічыць сябе добрым
(who believes he is good, “верыць у сваю дабрыню”), і пры гэтым “ведае”
аб тым, што ўвесь сьвет—гэта “матрыкс”, які ставіцца да яго варожа.
І насамрэч, шмат хто з нас быў бы шчасны жыць у “Матрыксу” толькі дзеля
таго, каб мець супраць каго змагацца! У мяне асабіста Ніо непазьбежна
выклікае асацыяцыі чамусьці не з героем, а з Дональдам Рамсфэлдам, Джорджам
Ўолкерам Бушам і да іх падобнымі.
Прапанаваная
тут намі інтэрпрэтацыя “Матрыксу” ёсьць ня толькі больш цікавай і плённай
з філасафічнага гледзішча за “артадаксальную” інтэпрэтацыю: галоўнае,
што глядзець фільм з гэтай пэрспэктывы нашмат цікавей, бо ён ператвараецца
ў суцэльную камедыю. Хіба ня сьмешна назіраць, як Кіну Рывз пяліцца
на лыжку й спрабуе сабе ўявіць, што ніякай лыжкі перад ім няма? Альбо
слухаць спэкулятыўныя “развагі” Мышаняці наконт “сапраўднага смаку”
курынага мяса, якога ён ніколі не каштаваў; ці назіраць, як падаюць
міліёны пустых гільзаў пасьля абсалютна бессэнсоўнай (агенты нячуйныя
да куляў), але з-за гэтага ня менш неабходнай у кожным “слушным” фільму
страляніны; альбо глядзець, як каманда “Навухаданосара” прыкідваецца,
быццам углядаецца ў мноства тэлеэкранаў адначасова, па якіх струменіць
відавочна дэкаратыўны дождж зялёных лічбаў, што павінен быццам бы рэпрэзэнтаваць
“сапраўдныя” рэчы, гэтаксама як экраны нашых кампутараў і тэлевізараў...
Цудоўныя мэтафары, вартыя Залатой пальмы. Мэтафарычнае значаньне ўсіх
гэтых сцэнаў—зусім невыпадковае. Слушнасьць нашай інтэрпрэтацыі пацьвярджае
цэлы шэраг іншых ключавых момантаў фільму: як іначай ільга растлумачыць,
напрыклад, чаму Відушчая ясна дае Ніо зразумець, што ён ніколі б не
разьбіў вазу, калі б яна сама аб ёй не ўзгадала? Гэта азначае толькі
тое, што Відушчая—зусім не відушчая, а толькі хаўрусьніца Морфіюса,
якая дапамагае Ніо паверыць у тое, ува што ён сам даўно верыць. Невыпадкова
таксама, што Ніо зьбіраецца стацца героем толькі з адной мэтай—уратаваць
Морфіюса, нічога ня ведаючы ня толькі аб сабе, але й аб самім Морфіюсе...
Нават
калі ўсё тут сказанае ёсьць нічым іншым акрамя жудаснай герасі, застаецца
ўсё-ткі адно пытаньне: якога кшталту рэвалюцыю рыхтуюць для нас браты
Вахоўскія ў трэцяй частцы свайго “Матрыксу”? Няўжо ж гэта будзе яшчэ
адна “тэхналагічная рэвалюцыя ў кінаіндустрыі”, настолькі ж сумная й
прыбытковая, як у другой частцы? Ці ўсё-ткі гэты фільм абяцае стацца
ня толькі велізарным, але й насамрэч вялікім праектам у гісторыі кіно,
які дасьць гледачу магчымасьць перажыць нешта накшталт сучаснай “духоўнай”
ці “мэнтальнай” рэвалюцыі? Хацелася б верыць у другую вэрсію. Вось ускоснае
сьведчаньне, якое належыць адной з фанатак “Матрыксу” й здаецца мне
дадатковым доказам на карысьць гэтай магчымасьці:
“After
receiving my mint condition comic book The Matrix-”Deja Vu”, written
and illustrated by Paul Chadwick (concepts by the Wachowski Brothers),
from the far reaches of the internet, I excitedly opened it and set
myself up for a Neo-esque adventure. I was slightly disappointed by
the lack of characters we all know and love from the movie. But I continued
to read and felt myself sucked into this bizarre comic world. The comic
follows the lives of a couple - The husband is a stockbroker and the
wife has visions. She is often jolted by flashbacks and deja vu about
something that will happen, and then it does. Her nightmares are of
machines that control fields and towers of pods like people. Then she
foresees something that will change their lives for the better. They
become rich and famous and then something happens...someone, it seems,
decides they are living too good a life and everything comes crashing
down around them. “You humans define yourself by your misery” as Agent
Smith would say. Maybe a trip to The Oracle could have shown her the
path. The idea was compelling, and stuck with the concept of the Matrix
and the Gifted Ones. The cover illustration and the illustrations in
the back are fantastic and give you the creepy and overwhelming effect
of the Matrix. I enjoyed it and am glad to have it in my collection.
And who knows? Maybe now I know too much and soon someone will decide
to end it all. The Matrix has you. - by Verity 1999" 1
Я
думаю, што пададзеная тут гісторыя й ейны канец (“…and then something
happens...someone, it seems, decides they are living too good a life
and everything comes crashing down around them”) можа быць найлепшым
ключом, найлепшым магчымым варыянтам для заканчэньня ўсёй трылогіі:
трэцяя частка, насуперак чаканьням артадаксальных фанатаў “Матрыксу”,
зусім ня скончыцца гэпі-эндам для іх, але для ўсіх аматараў добрага
кіно—Морфіюсава хлусьня будзе выкрытая, Ніо ўсьвядоміць, што ўвесь гэты
час гуляўся ў кампутарную гульню, Сайфэр будзе рэабілітаваны... У кожным
выпадку, я асабіста веру ў братоў Вахоўскіх крыху больш, чымся ў Ніо
з Морфіюсам—альбо і гэтая вера ёсьць толькі забабонам?
P.S.
Некаторым можа падацца, што гэты тэкст сёньня крыху састарэў, бо быў
напісаны занядоўга да прэм’еры другой часткі “Матрыксу”. Усяляк, некаторыя
з тых, хто яе бачыў і таксама чытаў гэты тэкст, паведаміў аўтару, што
многія зь ягоных здагадак у другой частцы пацьвердзіліся. Так гэта ці
не, мяркуйце самі. У кожным выпадку, пачакайма выхаду трэцяй часткі
фільму.
1)
“Атрымаўшы з далёкіх канцоў інтэрнэту супэровы комікс “Матрыкс: Дэжа-вю”,
з тэкстам і малюнкамі Пола Чадвіка, канцэпцыя братоў Вахоўскіх, я з
узрушанасьцю адкрыла яго й падрыхтавалася да прыгодаў у стылі Ніо. Я
была крыху расчараваная адсутнасьцю ў ім герояў, якіх мы ўсе ведаем
і любім з фільму. Але я чытала далей і памалу ўцягвалася ў бязглузды
сьвет коміксу. Комікс апавядае аб жыцьці адной пары—муж працуе брокерам
на біржы, а жонка церпіць відзяжамі. Час ад часу яе агаломшваюць нейкія
згадкі й дэжа-вю, якія тычацца таго, што павінна адбыцца, а потым гэта
насамрэч адбываецца. У сваіх кашмарах яна бачыць машыны, якія кантралююць
палі й вежы з чалавекападобнымі струкамі... Потым яна прадбачыць, што
павінна адбыцца штосьці, што зьменіць іхныя жыцьці ў лепшы бок. Яны
стаюцца багатымі й славутымі, але потым штосьці здараецца... верагодна,
хтосьці вырашае, што яны маюцца занадта добра, і ўсё ў іхным жыць ці
пачынае руйнавацца. Як сказаў бы агент Сміт, “Вы, людзі, вызначаецеся
сярод іншых кшталтаў сваім убоствам”. Можа, Відушчая магла б дапамагчы
гераіні знайсьці выйсьце. Сама ідэя была інтрыгуючай і пасавала да канцэпцыі
Матрыксу й Абраньнікаў. Ілюстрацыі з абодвух бакоў вокладкі—фантастычныя,
яны агаломшваюць і выклікаюць таямнічае адчуваньне “Матрыксу”. Комікс
мне спадабаўся, і я радая, што маю яго ў сваёй калекцыі. Хто ведае?
Можа зараз я ведаю зашмат, і неўзабаве хтосьці вырашыць з усім гэтым
парахаваць... Да сустрэчы ў “Матрыксу”—Праўдзівая, 1999 г.”