Дваццацьцю
двума гадамі пазьней я зноўку сустрэў Маргарыто Дўартэ. Ён нечакана
ўзьнік у адной з патаемных вулак раёну Трастэвэрэ, і я з намаганьнем
і спазьненьнем пазнаў яго паводле ягонай каструбаватай гішпанскай мовы
і ягонага старажытнарымскага выгляду. У яго былі сівыя й рэдкія валасы,
і не засталося ніякіх сьлядоў ягонай жалобы й хаўтурнай вопраткі адукаванага
жыхара Андаў, у якой ён прыехаў у Рым упершыню, аднак цягам размовы
я паступова ўзнаўляў ягоны вобраз, збаўляючы яго наносаў ягоных нялёгкіх
тутэйшых гадоў, і зноўку ўбачыў яго такім, якім ён быў: абачлівы, непрадказальны,
упарты як каменалом. Пасьля другой філіжанкі кавы ў адным з нашых некалі
ўлюбёных бараў я наважыўся задаць яму пытаньне, якое разьядала мяне
зьсярэдзіны.
—Што
сталася са сьвятой?
—Яна ўсё яшчэ тут,—адказаў ён.—Чакае.
Толькі
я ды тэнар Рафаэль Рыбэро Сільва маглі зразумець, якіх нечалавечых высілкаў
каштаваў яму гэты адказ. Мы ведалі ягоную драму надзвычай добра, так
што цягам гадоў я лічыў Маргарыто Дўартэ пэрсанажам у пошуках аўтара,
тым героем, якога мы, раманісты, чакаем на працягу ўсяго жыцьця, і калі
я ніколі не дазволіў яму мяне знайсьці, дык толькі таму, што ня мог
уявіць сабе, якім будзе канец ягонай гісторыі.
Ён
прыехаў у Рым тою зіхоткаю вясной, калі папу Пія ХІІ даймалі прыступы
ікаўкі, якім ані белая, ані чорная магія дактароў ані ведзьмароў не
магла даць рады. Толіму, сваю вёску на схіле калумбійскіх Андаў, ён
тады пакінуў упершыню, што было вельмі добра відаць нават калі ён спаў.
Аднойчы раніцай ён зьявіўся на наш кансулат з валізай з бліскучага сасновага
дрэва, якая формай і памерамі нагадвала футарал для віяланчэлі, і выклаў
консулу вартую зьдзіўленьня прычыну свайго падарожжа. Тады консул патэлефанаваў
тэнару Рафаэлю Рыбэро Сільве, свайму земляку, каб ён дапамог яму знайсьці
пакой у пансіёне, дзе жылі мы абодва. Гэтак мы пазнаёміліся.
Маргарыто
Дўартэ скончыў толькі пачатковую школу, але ягоная любоў да прыгожага
пісьменства дазволіла яму атрымаць больш грунтоўную адукацыю пасярэдніцтвам
прагнага чытаньня любых друкаваных матэрыялаў, што трапляліся яму пад
руку. У свае 18 год, калі ён ужо быў сакратаром муніцыпальнай управы,
ён ажаніўся з прыгожай дзяўчынай, якая памерла занядоўга пасьля таго,
як нарадзіла яму дачку. Гэтая дачка, яшчэ прыгажэйшая за маці, у шэсьць
год памерла ад ліхаманкі. Аднак насамрэч гісторыя Маргарыто Дўартэ пачалася
за паўгады да ягонага прыезду ў Рым, калі ўзьнікла патрэба перанесьці
вясковыя могілкі, каб пабудаваць вадасховішча. Як і ўсе тамтэйшыя жыхары,
Маргарыто выкапаў парэшткі сваёй сям’і, каб перанесьці іх на новыя могілкі.
Ягоная жонка сталася за гэты час пылам. Наадварот, дзяўчынка ў суседняй
магіле ляжала такой, якой была адзінаццаць гадоў таму, калі памерла.
Так што калі адчынілі вечка труны, у паветры нават адчуўся водар сьвежых
ружаў, зь якімі яе пахавалі. Аднак самым дзівосным было тое, што цела
абсалютна нічога ня важыла.
Сотні
цікаўнікаў, прывабленых пагалоскай аб цуду, перапоўнілі вёску. Сумневу
быць не магло. Нераскладнасьць цела была неаспрэчнай прыкметай сьвятасьці,
і нават мясцовы біскуп пагадзіўся з тым, што падобны цуд павінен быць
прадстаўлены на разгляд Ватыкану. Такім чынам, між насельніцтва быў
арганізаваны збор сродкаў, каб Маргарыто Дўартэ мог паехаць у Рым, дзе
павінен быў змагацца за справу, якая не была ўжо толькі ягонай ані толькі
справай ягоных аднавяскоўцаў, а сталася справай гонару ўсяе нацыі.
Распавядаючы
нам сваю гісторыю ў пансіёне, што мясьціўся ў ціхім раёне Пар’ёлі, Маргарыто
Дўартэ зьняў замок і адчыніў вечка шыкоўнай валізы. Гэтак мы з тэнарам
Рыбэро Сільвай сталіся сьведкамі цуду. Цела не было падобным да муміі,
якія ільга бачыць у столькіх музеях сьвету, а да апранутай у вясельныя
строі дзяўчынкі, што ўсё яшчэ спала пасьля доўгага знаходжаньня пад
зямлёй. Ейная скура была гладкая й цёплая, расплюшчаныя вочы былі празрыстымі
й выклікалі неадчэпнае ўражаньне, што яны назіраюць за намі з глыбіняў
сьмерці. Мультан і фальшывая апэльсінавая квецень ейнага вянку не перажылі
ціск няўмольнага часу так бадзёра, як скура, але ружы, якія дзяўчынка
трымала ў руках, здавалася, жылі. Насамрэч, калі мы вынялі цела, вага
сасновага футаралу не зьмянілася.
Маргарыто
Дўартэ пачаў свае захады на наступны дзень свайго прыезду. Спачатку—з
дапамогай хутчэй спачувальнай, чымся дзейнай дыпламатыі, а потым—з усімі
магчымымі хітрыкамі, якія ён прыдумаў, каб перамагчы незьлічоныя Ватыканскія
перашкоды. Ён ніколі ўмат не распавядаў аб сваіх клопатах, але вядома,
што яны былі шматлікімі й марнымі. Ён навязваў кантакт з усімі рэлігійнымі
кангрэгацыямі й фундацыямі, што сустракаў на сваім шляху, дзе яго выслухвалі
з увагай, але без зьдзіўленьня, і абяцалі яму неадкладна распачаць хадайніцтвы,
якія ніколі не даходзілі да канца. Праўда тое, што час быў ня самы спрыяльны.
Усё, што тычылася Сьвятога Пасаду, адкладалася да часу, пакуль Папу
адпусьцяць ягоныя прыступы ікаўкі, якая была неадольнай ня толькі для
самых вытанчаных акадэмічных спосабаў лячэньня, але й для самых рознамаітых
магічных сродкаў, што дасылалі Папе з цэлага сьвету.
Нарэшце,
у ліпені Пій ХІІ акрыяў і зьехаў на летнія вакацыі ў Кастэльгандольфо.
Маргарыто прывёз сьвятую на першую ў тыдні аўдыенцыю з надзеяй паказаць
яе Папе. Той зьявіўся на нутраным дворыку, на балконе, што быў так нізка,
што Маргарыто мог бачыць ягоныя добра напаліраваныя пазногці й адчуў,
як да яго даляцеў подых папскай лаванды. Але Папа, насуперак чаканьням
Маргарыто, не прайшоўся сярод турыстаў, што прыехалі пабачыць яго з
цэлага сьвету, а выступіў з аднолькавай прамовай на шасьці мовах, якую
скончыў агульным блаславеньнем.
Пасьля
столькіх адкладаньняў Маргарыто вырашыў асабіста сустрэцца зь цяжкасьцямі
твар у твар, і прынёс на Сакрэтарыят Папскай дзяржавы уласнай рукой
напісаны ліст на недзе шасьцідзесяці дуркарскіх аркушах, адказу на які
не атрымаў. Ён гэта прадбачыў, бо службовец, які прыняў гэты ліст з
усімі неабходнымі фармальнасьцямі не пажадаў нават кінуць свой аўтарытэтны
пагляд на нябожчыцу, а ягоныя калегі, што праходзілі міма, паглядалі
на яе без усялякай цікавасьці. Адзін зь іх распавёў яму, што летась
яны атрымалі з розных канцоў сьвету больш за восемдзесят лістоў з пажаданьнем
санктыфікацыі нераскладзеных трупаў. Маргарыто папрасіў, каб яны прынамсі
пераканаліся ў бязважкасьці цела. Службовец паслухаўся яго, але з высновай
аб бязважкасьці не пагадзіўся.
—Гэта, хутчэй за ўсё, вынік калектыўнай сугестыі,—сказаў ён.
У
свае нешматлікія вольныя часы, а таксама сьпякотнымі летнімі нядзелямі
Маргарыто заставаўся ў сваім пакоі, аддадзены імпэтнаму чытаньню кожнай
кнігі, якая, на ягоную думку, датычылася ягонай справы. Напрыканцы кожнага
месяцу ён бездакорным почыркам старэйшага пісарчука з уласнай ініцыятывы
занатоўваў у школьным сшытку падрабязны сьпіс сваіх выдаткаў, каб паслаць
сваім дабрадзеям-аднавяскоўцам як мага больш сьціплыя й абмежаваныя
на самае неабходнае рахункі. Да канца году ён спазнаў рымскія блукальні
так, быццам у іх нарадзіўся, размаўляў па-італьянску так добра і нешматслоўна,
як і на сваёй горнай гішпанскай, і ведаў аб працэдурах кананізацыі столькі,
колькі ня ведаў бадай ніхто. Але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль ён нарэшце
зьмяніў сваё жалобнае адзеньне, а таксама адклаў камізэльку й капялюш
з муніцыпалітэту, якія ў тагачасным Рыме былі атрыбутамі нейкіх патаемных
суполак зь незразумелымі мэтамі. З самай раніцы ён выходзіў са сьвятой
у футарале, і часам вяртаўся вельмі позна ўночы, зьнясілены й маркотны,
але заўсёды з аскепкам сьвятла ўваччу, якое даваў яму натхненьне й сілы
для наступнага дня.
—Сьвятыя
жывуць у сваім уласным часе,—казаў ён.
Я
быў у Рыме ўпершыню ў якасьці студэнта Экспэрымэнтальнага Кінацэнтру
й перажываў свае пакуты зь незабыўнай інтэнсіўнасьцю. Пэнсіён, дзе мы
жылі, быў у сапраўднасьці сучаснай кватэрай у некалькіх кроках ад Вілла
Боргэзэ, і гаспадыня гэтай кватэры займала дзьве спальні, а чатыры пакоі
здавала замежным студэнтам. Мы клікалі яе Прыгожай Марыяй, і яна была
сімпатычнай і тэмпэрамэнтнай жанчынай у самым росквіце сваёй восені,
і заўсёды была верная сьвятому прынцыпу, што кожны ў сваім уласным пакоі
ёсьць панам і гаспадаром. У сапраўднасьці тою, хто несла на сваіх плячах
цяжар штодзённага жыцьця, была ейная старэйшая сястра Антуанэта, бяскрылы
анёл, які працаваў на яе некалькі гадзінаў у дзень і ўсюды соваўся са
сваім вядром і сваёй саламянай мятлой, да немагчымасьці паліруючы ўсё,
што было ў кватэры мармуровага. Гэта яна навучыла нас есьці сьпеўныя
птушкі, якіх ейны муж, Бартоліно, упалёўваў паводле дурной звычкі, што
засталася ў яго з вайны, і гэта яна прывяла Маргарыто жыць да сябе дамоў,
калі ягоных сродкаў яму перастала хапаць на тое, каб заплаціць паводле
патрабаваньняў Прыгожай Марыі.
Нічога
не пасавала спосабу жыцьця Маргарыто так дрэнна, як той дом бяз ладу
й закону. Увесь час нас чакалі нейкія сюрпрызы, нават раніцай, калі
нас будзіла жахлівае рыканьне ільва ў зоапарку ля Вілла Боргэзэ. Тэнар
Рыбэро Сільва атрымаў ад дабрадушных рымлянаў прывілей на свае раньнія
рэпэтыцыі. Ён уставаў а шостай, прымаў прадпісаную яму лекарам ільдзяную
ванну й прыводзіў у парадак сваю мэфістофэльскія бародку й бровы, і
толькі пасьля ўсяго гэтага, ужо апрануты ў чугай з клетчатым шатландзкім
малюнкам, абвязаны шалікам з кітайскага шоўку й папырсканы сваім улюбёным
адэкалёнам, аддаваўся душой і целам сваім практыкаваньням у сьпеве.
Ён наросхрыст адчыняў вакно свайго пакою нават узімку, нягледзячы на
яшчэ зорнае неба, і пачынаў разаграваць голас усё нарастальным фразаваньнем
арыяў вялікіх каханкаў, пакуль нарэшце не пачынаў сьпяваць іх на поўную
моц. Звычайна штодня, калі ён выдаваў зь сябе гук груднога “до”, зь
Вілла Боргэзэ яму адказвала рыканьне ільва, якое скаланала зямлю.
—Ты
проста жывы Сьвяты Марк, figlio mio (1),—ускліквала цётухна Антуанэта
зь непадробным зьдзіўленьнем.—Толькі ён умеў размаўляць зь ільвамі.
Аднойчы
раніцай адказаў зусім ня леў. Тэнар распачаў закаханы дуэт Отэлло: Gia
nella notte densa s’estingue ogni clamor (2). Неўзабаве з глыбіні двара
да нас даляцела рэпліка Дэздэмоны, якую сьпявала прыгожае сопрано. Тэнар
вырашыў працягваць, і абодва галасы засьпявалі цэлы дуэт, да вялікага
задавальненьня суседзяў, якія паадчынялі вокны, каб асьвяціць свае дамы
плыняй гэтага нястрымнага каханьня. Тэнар ледзьве не самлеў, калі яму
сказалі, што нябачнай Дэздэмонай была сама вялікая Марыя Канілья.
Калі
не памыляюся, менавіта гэтае здарэньне дало Маргарыто Дўартэ добрую
падставу стацца поўнапраўнай часткай нашага хатняга жыцьця. Ад таго
часу ён сядаў з намі абедаць за агульным сталом, а ня ў кухні, як напачатку,
дзе цётухна Антуанэта штодзённа задавальняла ягоны апэтыт з дапамогай
сваіх віртуозна ўтушаных сьпеўных птушак. Прыгожая Марыя чытала нам
за сталом уголас італьянскія газэты, каб мы звыкліся да італьянскай
фанэтыкі, і камэнтавала навіны з адвольнасьцю й досьціпам, якія рабілі
нашае жыцьцё весялейшым. У адзін такі дзень яна распавяла, згадаўшы
аб сьвятой, што ў Палермо ёсьць агромністы музей нераскладзеных целаў
мужчын, жанчын і дзяцей, і нават некалькіх біскупаў, якіх выкапалі ўсіх
разам з аднаго капуцынскага цьвінтару. Навіна настолькі занепакоіла
Маргарыто, што ён не знаходзіў сабе спакою да таго часу, пакуль мы не
паехалі зь ім у Палермо. Але яму хапіла аднаго мімалётнага позірку на
змрочныя галерэі нічым не адметных муміяў, каб сфармуляваць суцяшальны
прысуд:
—Гэта
зусім ня тое,—сказаў ён.—Зь першага погляду бачна, што яны ўжо мёртвыя.
Пасьля
абеду Рым заглыбляўся ў жнівеньскую дрымоту. Палуднёвае сонца нерухома
спынялася пасярэдзіне неба, і ў цішыні другой гадзіны дня чуўся толькі
шум вады, які ёсьць прыродным голасам Рыма. Але недзе а сёмай гадзіне
вечара вокны рэзка адчыняліся, каб надыхацца сьвежым паветрам, што ў
гэты час зрушвалася зь месца, і сьвяточны натоўп запаўняў вуліцы без
усялякай мэты апрача адной—жыць, пад пэтарды матацыклаў, крыкі гандляроў
сандыяй і песьні закаханых на ўвабраных у кветкі тэрасах.
Мы
з маім сябрам-тэнарам адмаўляліся ад с’есты. Мы сядалі на ягоны матаролер,
ён за рулём, а я ззаду, і вазілі марозіва й чакаляду летнім праблядушкам,
што порхалі пад стогадовымі лаўрамі Вілла Боргэзэ ў пошуках турыстаў,
якія на сонцапёку пакутавалі ад неспачы. Яны былі прыгожыя, бедныя й
ласкавыя, як і большасьць італьянак у тыя часы, апраналіся ў накрухмаленую
блакітную газу, ружовы папялін й зялёны лён, і бараніліся ад сонца парасонікамі,
прасьвідраванымі дажджамі апошняй вайны. Было чыстай чалавечай радасьцю
быць зь імі, таму што яны парушалі законы свайго рамяства й дазвалялі
сабе раскошу адмовіцца ад добрага кліента дзеля задавальненьня выпіць
з намі пад добрую гутарку кавы ў бары на рагу вуліцы, альбо езьдзіць
у нанятых фурманках па сьцяжынках парку, альбо выклікаць у нас жаль
аповедамі аб трагічных каханьнях зрынутых каралёў, што скакалі надвячоркам
ў galoppatoio (3). Некалькі разоў мы былі ім за перакладчыкаў у перамовах
зь сім-тым зьбітым з панталыку прыхаднем.
Але
мы прывялі Маргарыто Дўартэ на Вілла Боргэзэ дзеля знаёмства ня зь імі,
а зь ільвом. Той свабодна жыў на пустой выспачцы, абкружанай глыбокім
ровам, і толькі разгледзеў нас на тым баку рава, як пачаў рыкаць з такой
занепакоенасьцю, якая зьдзівіла ягонага вартаўніка. Наведнікі зоапарку
зьбегліся ў зьдзіўленьні. Тэнар паспрабаваў адкрыць ільву сваю тоеснасьць
з дапамогай свайго ранішняга груднога “до”, але леў не зьвярнуў на гэта
ніякай увагі. Здавалася, ён рыкае на нас усіх без адрозьненьня, але
наглядчык адразу заўважыў, што леў рыкае выключна з-за Маргарыто. Так
і было: куды ішоў ён, туды ішоў леў, але варта было яму схавацца, як
леў рыкаць пераставаў. Вартаўнік, які быў выпускніком факультэту класічнай
філалогіі Сіенскага унівэрсітэту, падумаў, што Маргарыто павінен быў
у той дзень ужо быць у таварыстве якіх іншых ільвоў, якія перадалі яму
свой пах. Акрамя гэтага тлумачэньня, якое было няслушным, іншага ён
не прыдумаў.
—У
кожным выпадку,—сказаў ён,—ён рыкае не ваяўніча, а спачувальна.
Аднак
тэнара Рыбэра Сільву зьдзівіў ня той надзвычайны эпізод, а ўсхваляванасьць
Маргарыто падчас іхнай размовы зь дзяўчынамі лёгкіх паводзінаў у парку.
Рыбэра Сільва згадаў аб гэтым за сталом, і мы, хто каб пацьвяліцца,
а хто з паразуменьнем, вырашылі дапамагчы Маргарыто даць рады ягонай
самоце. Узрушаная чульлівасьцю нашых сэрцаў, Прыгожая Марыя сьціснула
свае грудзі біблейнай маткі сямейства ўвабранымі ў фантастычныя пярсьцёнкі
рукамі.
—Я
б гэта таксама зрабіла з дабрачыннасьці,—сказала яна,—але справа ў тым,
што мяне заўсёды адштурвалі мужчыны ў камізэльках.
І
гэтак тэнар зайшоў у Вілла Боргэзэ а другой гадзіне дня й прывёз на
задняй сядачцы свайго матаролеру тую з путанак, якая, зь ягонага гледзішча,
магла скласьці Маргарыто Дўартэ найлепшую кампанію на якую гадзінку.
Ён распрануў яе ў сваёй спальні, адмыў яе духмяным мылам, выцер, напшыкаў
яе сваім улюбёным адэкалёнам й пасыпаў ёй усё цела сваёй канфоравай
пудрай пасьля галеньня. Нарэшце, ён заплаціў ёй за той час, які ў іх
занялі гэтыя падрыхтаваньні, і за яшчэ адну гадзіну, і пункт па пункту
растлумачыў ёй, што яна павінна рабіць.
Аголеная
прыгажуня на дыбачках прайшла праз увесь дом, які засьціў паўзмрок,
падобная да с’еставага сну, і двойчы ціхенька пагрукала ў дзьверы ягонай
спальні. Маргарыто Дўартэ, босы й без кашулі, адчыніў.
—Buona
sera giovanotto,—сказала яна голасам і з жэстамі цнатлівіцы.—Mi manda
il tenore (4).
Маргарыто
прыняў гэты ўдар вельмі годна. Ён пусьціў яе ў дзьверы, і яна расьцягнулася
на ложку, тым часам як ён з усёй магчымай хуткасьцю апранаў кашулю й
абуваў боты, каб прыняць яе з належнай урачыстасьцю. Потым ён сеў побач
зь ёю на крэсло й распачаў гутарку. Зьдзіўленая дзяўчына параіла яму
пасьпяшацца, бо ў іхным распарадкаваньні толькі гадзіна. Ён зрабіў выгляд,
што не разумее.
Дзяўчына
потым казала, што яна так ці йначай засталася б даўжэй, ня ўзяўшы зь
яго ані сантыму, бо ў сьвеце ня бачыла такога далікатнага мужчыны. Ня
ведаючы, што рабіць увесь гэты час, яна вывучыла позіркам пакой і заўважыла
драўляны футарал на каміне. Яна спыталася, ці гэта часам не саксафон.
Маргарыто не адказаў, а прыадхіліў фіранку, каб у пакой патрапіла крыху
сьвятла, паклаў футарал на ложак і ўзьняў вечка. Дзяўчына спрабавала
нешта сказаць, але ў яе адвісла сківіца. Ці, як яна паведаміла нам пазьней:
Mi si gelo il culo (5). Яна ўцякла, пераляканая, але ў калідоры паблытала
шлях і сутыкнулася зь цётухнай Антуанэтай, што ішла памяняць у маім
пакоі лямпачку. Сполах абедзьвюх быў такі вялікі, што дзяўчына да глыбокай
ночы не знайшла ў сабе мужнасьці пакінуць тэнараў пакой.
Цётухна
Антуанэта так і не даведалася аб тым, што здарылася. Яна ўвайшла ў мой
пакой такая спалоханая, што з-за дрыжаньня рук не магла ўкруціць лямпачку
ў патрон. Я спытаўся ў яе, што адбылося. “Ведаеш, па гэтым доме ходзяць
прывіды,” сказала яна. “Прычым сярод белага дня.” Вельмі пераканана
яна распавяла мне, што за вайной адзін нямецкі афіцэр перарэзаў сваёй
каханцы горла ў тым пакоі, дзе зараз жыве тэнар. Шмат разоў падчас выкананьня
сваіх працоўных абавязкаў цётухна Антуанэта бачыла прыгожую ахвяру,
як тая ходзіць за ёю сьлед у сьлед па калідорах.
—Толькі
што я бачыла, як яна ішла па калідоры ў чым маці нарадзіла,—сказала
цётухна.—Вылітая яна.
Горад
вярнуўся ў сваю восеньскую штодзённасьць. Квітнеючыя летнія тэрасы зачыніліся
зь першымі вятрамі, а мы з тэнарам вярнуліся ў старую карчму ў раёне
Трастэвэрэ, дзе мы звычайна вячэралі ў кампаніі студэнтаў графа Карло
Кальканьі, настаўніка сьпеваў, а таксама зь некаторымі маймі сябрамі
з кінашколы. Сярод апошніх самым старанным быў Лакіс, інтэлігентны й
сімпатычны грэк, адзінай заганай якога былі ягоныя ўсыпляючыя прамовы
наконт сацыяльнай несправядлівасьці. На шчасьце, тэнары й сапраністкі
амаль заўсёды пераспрэчвалі яго кавалкамі з опэраў, якія сьпявалі на
поўны голас і якія нікому не заміналі нават пасьля дванаццатай ночы.
Наадварот, некаторыя начныя мінакі далучаліся да хору, а паблізныя вокны
адчыняліся, і зь іх чуліся апладысмэнты...
Аднойчы
ўночы, пакуль мы сабе сьпявалі, Маргарыто ўвайшоў—на дыбачках, каб нас
не перарываць. З сабою ён нёс сасновы футарал, які ня меў часу занесьці
ў пансіён пасьля таго, як паказаў сьвятую ксяндзу касьцёла Сьвятога
Яна зь Летрану, чый уплыў у колах Сьвятой Кангрэгацыі быў агульнавядомы.
Краем вока я пабачыў, што ён паклаў футарал пад стол, які стаяў убаку,
і прысеў, каб даслухаць нашыя сьпевы. Як заўсёды а дванаццатай ночы,
калі карчма пачала пусьцець, мы ссунулі сталы й засталіся ў ёй самі:
тыя, хто сьпяваў і размаўляў аб кіно, а таксама нашыя сябры. І сярод
нас—Маргарыто Дўартэ, якога ўжо ведалі там як маўклівага й маркотнага
калумбійца, аб якім ніхто нічога ня ведае. Заінтрыгаваны Лакіс спытаўся
ў яго, ці грае ён на віяланчэлі. Я схамянуўся, бо такі жарт падаўся
мне непапраўнай грубасьцю. Тэнар, таксама зьбянтэжаны, як і я, ня здолеў
выправіць сітуацыі. Маргарыто быў адзіны, хто ўспрыняў пытаньне з усёй
непасрэднасьцю.
—Гэта
не віяланчэль,—сказаў ён.—Гэта сьвятая.
Ён
паклаў скрыню на стол, зьняў замок і адчыніў вечка. Павеў агаломшанасьці
страсянуў рэстарацыю. Іншыя госьці, застольнікі й нават людзі з кухні
ў крывавых фартукох сыйшліся, каб паглядзець на дзіва. Некаторыя перажагналіся.
Адна з кухарак укленчыла, склала рукі, апанаваная трасцай, і ў поўнай
цішыні пачала маліцца.
Аднак
пасьля таго, як першае ўражаньне саступіла, мы распачалі крыкастую дыскусію
аб тым, як нашым часом не хапае сьвятасьці. Самым радыкальным быў, зразумела,
Лакіс. Адзінае, да чаго мы прыйшлі ў выніку, была ягоная ідэя зьняць
аб сьвятой крытычны фільм.
—Упэўнены,—сказаў
ён,—што стары Чэзарэ не прайшоў бы міма такой тэмы.
Ён
гаварыў аб Чэзарэ Дзаваціні, нашым настаўніку сцэнарыстыкі, адным з
гігантаў гісторыі кіно й адзіным, хто падтрымліваў з намі асабістыя
стасункі па-за межамі школы. Ён імкнуўся навучыць нас ня толькі рамяству,
але й іншаму бачаньню жыцьця. Ён быў аўтаматам на прыдумваньне сюжэтаў.
Тыя выходзілі зь яго, як бурбалкі, амаль супраць ягонай волі. І так
хутка, што яму амаль заўсёды быў патрэбны нехта яшчэ, каб ён мог прыдумваць
іх уголас, а той другі каб лавіў іх у палёце. Адзіна што пасьля сканчэньня
чарговага сюжэту ён заўсёды быў не ў гуморы. “Шкада было б здымаць такі
сцэнар,” казаў ён. То ж бо яму здавалася, што на экране сюжэт страціць
асноўную частку сваёй адпачатнай магіі. Ён захоўваў свае ідэі на картачках,
упарадкаваных паводле тэмаў і прышпіленых шпількамі на сьценах, і іх
у яго было столькі, што яны займалі ў яго ўдома цэлы пакой.
У
наступную суботу мы разам з Маргарыто Дўартэ зайшлі да яго. Чэзарэ быў
такі ласы да чалавечага жыцьця, што чакаў нас на парозе свайго дому
на вуліцы Анджэлы Мэрычы, і яго спапяляла нецярплівасьць ад захапленьня
ідэяй, аб якой мы абвясьцілі яму па тэлефоне. Ён нават не павітаў нас
са звыклай ласкавасьцю, а завёў Маргарыто да падрыхтаванага загадзя
стала і ўласнаручна адчыніў футарал. Тады здарылася штосьці, чаго мы
зусім не маглі чакаць. Замест таго, каб зьехаць з глузду, што ільга
было яшчэ прадбачыць, Чэзарэ апанаваў свайго кшталту разумовы паралюш.
—Ammazza!
(6)—прамармытаў ён спалохана.
Ён
ціха сузіраў сьвятую дзьве-тры хвіліны, потым уласнаручна зачыніў футарал
і без адзінага слова падвёў Маргарыто да дзьвярэй, нібы той быў дзіцём,
які толькі вучыўся хадзіць. Ён разьвітаўся зь ім паляпваньнем па сьпіне.
“Дзякуй, сынку, вялікі дзякуй,” сказаў ён Маргарыто. “І хай Бог дапаможа
табе ў тваім змаганьні.” Пасьля таго, як ён зачыніў дзьверы, ён павярнуўся
да нас і абвясьціў свой вэрдыкт.
—Для
кіно ня пойдзе,—сказаў ён.—Ніхто б ня даў веры.
Гэтая
дзіўная навука не давала нам спакою цягам усяго зваротнага шляху. Калі
ён сам так сказаў, дык няма чаго й думаць: сюжэт ня пойдзе. Аднак Прыгожая
Марыя сустрэла нас тэрміновым паведамленьнем, што Дзаваціні чакае нас
у сябе яшчэ сёньня ўвечары, але ўжо без Маргарыто.
Мы
засьпелі яго ў адну зь ягоных зорных часінаў. Лакіс прывёў з сабой яшчэ
двух ці трох сунавучэнцаў, але здавалася, што ён іх нават не заўважыў,
калі адчыніў дзьверы.
—Сюжэт
гатовы,—пракрычаў ён.—Фільм будзе сапраўднай сэнсацыяй, трэба толькі,
каб Маргарыто яе ўваскрасіў.
—У
фільме ці насамрэч?—спытаўся я ў яго.
Ён
не паказаў сваёй прыкрасьці. “Ня будзь дурнем,” сказаў ён мне. Але ў
той самы момант мы ўбачылі ў яго ўваччу зіхценьне спакуснай думкі. “Хаця
хто ведае, можа ён і здольны ўваскрасіць яе насамрэч,” сказаў ён, і
задуменна й цалкам сур’ёзна дадаў:
—Хай
паспрабуе.
Гэта
было толькі імгненнае адхіленьне перад тым, як зноў вярнуцца ў рэчышча
сюжэту. Ён пачаў выкрочваць па хаце, як шчасны вар’ят, небясьпечна жэстыкуляваў
і вельмі голасна дэклямаваў будучы фільм. Мы слухалі яго агаломшаныя,
і ў нас было адчуваньне, што мы бачым, як чароды фасфарэсцэнтных вобразаў
уздымаюцца зь яго й лётаюць, бы ашалелыя, па ўсёй хаце.
—Аднае
ночы,—казаў ён,—пасьля сьмерці якіх ужо дваццаці Папаў, якія адмовіліся
яго прыняць, Маргарыто ўваходзіць у сваю хату, стомлены й стары, адчыняе
скрынку, прылашчвае тварык нябожчыцы і кажа з усёй пяшчотай, якая толькі
ёсьць у сьвеце: “Дзеля любові свайго бацькі, дачушка: устань і хадзі.”
Ён
акінуў нас позіркам і зь пераможным жэстам давяршыў:
—І
дзяўчынка ўстае!
Ён
яўна чакаў ад нас нечага. Але мы былі такія зьбянтэжаныя, што ня ведалі,
што сказаць. Акрамя грэка Лакіса, які ўзьняў руку, як у школе, каб папрасіць
слова.
—Праблема
ў тым, што я ў гэта ня веру,—сказаў ён, зьвяртаючыся, на нашае зьдзіўленьне,
непасрэдна да Дзаваціні.—Выбачайце, маэстро, але я ў гэта ня веру.
Тут
агаломшаны быў ужо Дзаваціні.
—Чаму
гэта?
—Што я ведаю,—сказаў сумны Лакіс.—Проста гэтага быць ня можа.
—Ammazza!—закрычаў тады маэстро такім грымотным голасам, што яго павінен
быў пачуць увесь раён.—Вось за што я ненавіджу сталіністаў, дык гэта
за тое, што яны падвяргаюць сумневу сапраўднасьць.
На працягу далейшых пятнаццаці гадоў, як распавёў мне сам Маргарыто,
ён насіў сьвятую ў Кастэльгандольфо, каб можа падлавіць якую магчымасьць
яе паказаць. На адным прыёме двухсот паломнікаў з Лацінскай Амэрыкі
ён нарэшце здолеў, у штурханіне й валтузьні, распавесьці сваю гісторыю
дабразычліваму Яну ХХІІІ. Але паказаць яму дзяўчынкі ён ня мог, як што
мусіў быў пакінуць яе на ўваходзе, разам з клункамі астатніх пілігрымаў,
каб раптам ня здарылася замаху. Папа выслухаў яго ўважліва, наколькі
гэта было магчыма ў такім натоўпе, і заахвочна папляскаў яго па шчацэ.
—Bravo,
figlio mio (7),—сказаў ён.—Бог узнагародзіць тваю настойлівасьць.
Але
калі насамрэч ён пачуваў блізкасьць ажыцьцяўленьня сваёй мары, дык гэта
цягам непрацяглага пантыфікату Альбіно Луч’яні. Адзін ягоны сваяк, якога
вельмі ўразіла гісторыя Маргарыто, паабяцаў яму сваё пасярэдніцтва.
Ніхто яму не паверыў. Але пазьней, у час абеду, хтосьці патэлефанаваў
у пансіён і пакінуў Маргарыто кароткае й простае паведамленьне: ён павінен
заставацца ў Рыме й нікуды не выязджаць, бо самае позьняе ў чацьвер
яму пазвоняць з Ватыкану й паклічуць на прыватную аўдыенцыю.
Ніхто
ня ведаў, гэта жарт ці не. Маргарыто быў упэўнены, што не, і быў напагатове.
Не выходзіў з хаты. Калі яму трэба было ў прыбіральню, ён абвяшчаў уголас:
“Я буду ў прыбіральні.” Прыгожая Марыя, што напачатку сваёй старасьці
была вельмі жартаўлівая, рагатала ўласьцівым свабоднай жанчыне рогатам.
—Вядома
ж, Маргарыто,—крычала яна,—на выпадак, што патэлефануе Папа.
На
наступны тыдзень, за два дні да доўгачаканага званка, Маргарыто жорстка
абламаў загаловак у газэце, якую прапіхнулі пад дзьверы: Morto il Papa
(8). На нейкі момант яго трымала над зямлёю думка, што гэта старая газэта,
якую прынесьлі памылкова, то ж бо паверыць у тое, што кожны месяц паміраюць
Папы, было няпроста. Але так было: усьмешлівы Альбіно Луч’яні сустрэў
раніцу трыццаць трэцяга дня пасьля свайго абраньня ўжо нябожчыкам, нерухома
лежачы ў сваім ложку.
Дваццаць
два гады пасьля майго знаёмства з Маргарыто Дўартэ я зноўку апынуўся
ў Рыме, і нават і не падумаў бы ўзгадваць пра яго, калі б выпадкова
яго не сустрэў. Я занадта пакутаваў ад неспагаднасьці часу, каб аб кімсьці
думаць. Ліў ідыёцкі дождж, цёплы што той булён, колішняе празрыстае
сьвятло сталася цьмяным, і мясьціны, якія некалі былі маймі й па якіх
я сумаваў, былі зусім іншымі й чужымі. Дом, дзе мясьціўся пансіён, быў
той самы, але ніхто ня памятаў аб Прыгожай Марыі. На ніводным з шасьці
тэлефонных нумароў, якія тэнар Рыбэро Сільва пасылаў мне на працягу
гэтага часу, ніхто не адказваў. На адным абедзе з новым пакаленьнем
кіношнікаў я згадаў аб маім настаўніку, і раптоўнае маўчаньне на нейкі
час залыпала крыламі па-над сталом, пакуль нарэшце хтосьці не наважыўся
сказаць:
—Zavattini?
Mai sentito (9).
Так
і было: ніхто ніколі аб ім ня чуў. У Вілла Боргэзэ моклі пад дажджом
ускудлачаныя дрэвы, galoppatoio з удзелам сумных прынцэсаў зарос пазбаўленым
кветак быльнягом, а ранейшых прыгажуняў зьмянілі апранутыя трансвэстытамі
двухполыя атлеты. Адзіным, хто выжыў з усяе гэтай зьніклай фаўны быў
стары леў, які хварэў на шалуды й катар на сваёй выспе сярод зацьвілай
вады. Ніхто не сьпяваў і не паміраў ад каханьня ў абабітых пластыкам
шынках на Плошчы Гішпаніі. Так што Рым, па якім мы сумавалі, стаўся
яшчэ адным Старажытным Рымам у нетрах Імпэрыяльнага Рыму. Неўзабаве,
голас, які, здавалася, мог прыходзіць толькі з таго сьвету, зьнянацку
гукнуў мяне на адной з вулак Трастэвэрэ.
—Здароў,
паэце.
Гэта
быў ён, стары й стомлены. Памерла пяць Папаў, вечны Рым пачаў выяўляць
першыя прыкметы немачы, а ён усё чакаў. “Я чакаў ужо столькі, што павінна
застацца зусім няшмат,” сказаў ён мне на разьвітаньне, пасьля амаль
чатырох гадзінаў супольных нараканьняў. “Думаю, гэта справа бліжэйшых
месяцаў.” Ён сыйшоў, цягнучы ногі пасярэдзіне вуліцы, у сваіх баявых
сандалетах і бясколернай шапцы старажытнарымскага жаўнера, не зьвяртаючы
ўвагі на лужыны, дзе пачынала ўжо псавацца дзённае сьвятло. Калі ў мяне
калі былі якія сумневы на гэты конт, дык пасьля гэтага іх у мяне ўжо
не засталося: сапраўдным сьвятым быў ён. Незаўважна для сябе, з дапамогай
нераскладзенага цела сваёй дачкі, ён ужо цягам дваццаці двух гадоў змагаўся
за сваю ўласную прыжыцьцёвую кананізацыю.
Жнівень 1981 г.
(Footnotes)
1 сынку
2 Ужо цёмная ноч глынае кожны гук...
3 манэжы
4 Добры дзень, юнача. Я ад тэнара.
5 Мароз прабег у мяне па срацы.
6 А каб цябе!
7 Малайчына, сынку.
8 Папа памёр.
9 Дзаваціні? Першы раз чую.