Хорхэ Манрыкэ

(1440?-1479)

ВЕРШЫ НА СЬМЕРЦЬ БАЦЬКІ, ДОНА РОДРЫГО МАНРЫКЭ

 

“Coplas a la muerte de (su padre) don Rodrigo Manrique” Хорхэ Манрыкэ, гішпанскага сучасьніка Франсуа Віёна, зьяўляюцца адной з раньніх вяршыняў гішпанскай сьвецкай лірыкі. Будучы творам паэта-аматара, яны ўражваюць асабістасьцю й філасофскай глыбінёй, якіх не дасягае бальшыня літаратурных твораў ягоных сучасьнікаў—за выключэньнем хіба што празаічнай “Сэлестыны” Рохаса—а таксама майстэрскім кантрастам складанай паэтычнай формы, “узьнёслай” тэмы і параўнальна простай, натуральнай мовы, якая наўпрост перадае ўражаньне шчырага смутку.

 

І

Няхай душа ачуняе,
а зь ёю розум прачнецца
дый угледзіць,
як хутка жыцьцё мінае,
як сьмерць да яго крадзецца
чутна ледзьве;

як хутка праходзіць радасьць,
як нам пасьля асалоды
невясёла,
як нам прыемней прыгадваць
аб колішнім, што заўсёды
лепш за сёньня.

ІІ

Як што яно непазьбежна
мусіць у нейкі момант
стаць нябытам,
пасьля развагі нясьпешнай
час будучы свой дамо мы
за пражыты.

Сам сябе не падманвай,
што больш убачыш, чым зьнікла
за плячыма,
у будучыні чаканай,
бо ўсё мінаецца звыкла
гэткім чынам.

ІІІ

Нашыя жыцьці—рэкі,
якія цякуць у мора
нашай сьмерці;
у ім знаходзяць адвеку
канец свой усе сэньёры
ў гэтым сьвеце.

Там рэкаў магутных воды
з вадой малых і сярэдніх
рэк зьмяшацца
ў адну мусяць назаўсёды,
і з тымі, хто жыў бязьбедна—
хто жыў працай.

Ухваленьне

IV

Пакіну ўбаку ўхваленьні
паэтаў, слынных прамоўцаў
настойкі,
чый смак паходзіць з таемных
прыправаў іх красамоўства,
дый толькі.

Таго заклікаю сьведчыць
перад судом нябёскім,
ня йначай,
хто ў гэтым зьявіўся сьвеце,
а сьвет Ягоную боскасьць
ня ўбачыў.

V

Сьвет гэты ёсьць толькі сьцежкай
у іншы сьвет, дзе жывецца
без турботы.
ды спрыт добры мець належыць,
каб не зайсьці па сьцежцы
ў блукоты.

Мы з нараджэньнем выходзім,
жыцьцё каб крокамі зьмераць;
такім чынам,
у момант, калі мы дойдзем,
чакае нас пасьля сьмерці
адпачынак.

VI

Тады гэты сьвет лагодны,
калі ім умець як сьлед
карыстацца.
Бо, нашай веры паводле,
на лепшы мы можам сьвет
спадзявацца.

Нат сам Сын Божы спусьціўся,
каб праведных хрысьціянаў
ў неба ўзяць,
як чалавек нарадзіўся,
мусіў жыць між зямлянаў
і сьмерць прыняць.

VІІ

О, каб нашаю воляй
магло зноў цела набыць
некранутасьць,
гэтак, як духу здольны
мы пры жыцьці здабыць
неўміручасьць!

О, як тады рабыню
мы прынялі б ахвотна
ў адбымкі,
пакінуўшы гаспадыню
цягам жыцьця самотнай,
без падтрымкі.

VІІІ

Вельмі малая вартасьць
таго, за чым мы бяжым
у сьвеце.
Большасьць выгодаў страціць
раней мы павінны, чым
памерці.

Штосьці руйнуе старасьць,
штосьці яшчэ—выпадак,
а штосьці
бязьлітасна разбураюць,
нягледзячы на трываласьць,
стагодзьдзі.

ІХ

Вартасьці хараства,
выгляду далікатнасьць,
бялюткасьць
скуры, прывабны твар,
куды, як прыходзіць старасьць,
дзяюцца?

Свомасьці маладосьці,
спрыт цялесны і рухаў
здатнасьць,
калі ўжо старасьць на носе,
цяжарам толькі для духу
стануць.

Х

Гэтак і готаў кроў,
нягледзячы на пароду
й шляхецтва—
якой безьліччу шляхоў
нябытам вартасьць іх роду
стаецца!

Адны праз сваю нясьмеласьць,
няўменьне славу здабыць
чэзнуць.
Іншых змушае беднасьць
заняткаў сваіх згубіць
пачэснасьць.

ХІ

Ня думайце: землі, грошы
ды званьні ўсіх нас пакінуць
няўмольна,
бо ўсе нашыя раскошы
належаць адной гаспадыні
свавольнай,

Фартунай яна завецца:
круціцца яе кола
без спачыну,
яго ніхто, як ні ймкнецца,
на месцы адным ніколі
не запыніць.

ХІІ

Зьбіральніку з назьбіраным
прыйдзецца апынуцца
ў магіле:
жыцьцё ёсьць сном і падманам,
і ўсе мы мусім прачнуцца
адной хвілі.

Паласы, якія тут мы
спазналі, нібыта квецень
мінаюць,
затое ўсіх нас пакуты
бясконцыя ў іншым сьвеце
чакаюць.

ХІІІ

Належаць радасьць і слодыч
да жыцьцяў меншае часткі,
і зьнікнуць,
як блізкай сьмерці герольды:
гаротнай ейнае пасткі
ня ўнікнуць.

Бяжым мы незацугляна,
пагрозы блізкае стромы
ня дбаем,
калі ж назад раптам глянем,
куды б вярнуліся ўжо мы
ня маем.

ХІV

Цешыліся ўладары,
вядомыя нам з тагачасных
хронік,
з магутнасьці да пары—
а потым якім няшчасным
быў кон іх!

Роўнага сьмерці няма,
калі са Сьвятое царквы
айцамі
й цэзарамі яна
абыходзіцца, анібы
з пастухамі.

ХV

Траянцаў лепей пакінем—
сьведкамі гора іх
і славы
мы не былі; як і рымлян,
хаця мы ведаем з кніг
іх справы.

Пакінем іх у спакоі
адпачываць ва ўлоньні
нябыту,
падумаем лепш пра тое,
што ўчора было, а сёньня
забыта.

ХVІ

Што сталася з донам Хуанам?
А з каралеўствам ягоным
багатым?
Хто што зрабіў элегантным
і кемістым з Арагону
інфантам?

Дзе аздоба двабояў,
покрываў і шаломаў
акраса?
Ці хтось іх адно прымроіў?
Ці гэта быў толькі гоман
лісьця часу?

ХVІІ

Дзе дамы ранейшых дзён,
іх строі, фрызура, духмяны
водар?
Дзе той зіхоткі агонь,
што ў іх распаляў каханак
заўсёды?

Дзе той трубадураў сьпеў,
інструманты дзе і дзе ж іх
мілагучнасьць?
Дзе танец? Куды падзеў
час пекных бальных адзежаў
бліскучасьць?

ХVІІІ

А дон Энрыкэ, Хуанаў
наступнік, што дасягнуў
большай славы—
якім спагадным, рахманым
сьвет здаваўся яму
праз забавы!

Але ж як подла, як жорстка
зь ім сьвет пад маскай дабра
разьлічыўся!
За час наколькі кароткі
ён у яго адабраў
усё чыста!

ХІХ

Посуд каштоўны, безьліч
энрыкесаў і дукатаў
у скарбонцы,
замкаў узьнёслых веліч,
лік дарункаў багатых
бясконцы,

верных рыцараў коні,
славутыя аздабленьняў
красою—
дзе нам шукаць іх сёньня,
як сталіся яны летняй
расою?

ХХ

А брат ягоны малодшы,
што быў нашчадкам кароны
зь юнацтва—
згадай, якое заможны
двор аздабляла ягоны
спадарства!

Ды сьмерць яго не мінула
й на накавальню паклала
неўзабаве,
А потым вады лінула,
калі гарачынь патыхала
найяскравей.

ХХІ

Ды што яшчэ аб ім скажаш,
аб гэтым вялікім графе—
хіба тое,
што на вачох проста нашых
жыцьцё ў яго адабралі
маладое.

Безьліч ягоных скарбаў,
месты яго й маёнткі,
заможнасьць—
хіба ня сталіся скаргай,
плачам і жалем толькі
ў дзень апошні?

ХХІІ

А іншыя два браты,
роўныя з каралямі
ўладай—
вялікі пан ці малы,
заўжды выкананьня дбалі
іх загадаў.

Быў іхны скарб залаты,
што заслугоўваў ухвалы
ўзьнёслай,
полымем, што тады
згасла, калі дасягала
нябёсаў.

ХХІІІ

Колькі выдатных баронаў,
колькі маркізаў, князёў
выбітных
дадзена бачыць было нам—
скажы, Сьмерць, усіх ты дзяёш
куды іх?

Іх подзьвігаў незабыўнасьць,
зьдзейсьненых у час вайны
і міру—
Усё, калі ты надыйдзеш,
хаваеш на дне труны
пад жвірам.

ХХІV

Жаўнераў мужных калёны,
гербы, сьцягі, штандары
й харугвы,
моцныя бастыёны,
замкі, муры, заставы
й падмуркі,

глыбокі роў, агароджы,
паркан, наогул любое
ўмацаваньне,
калі ты ў гневе прыходзіш,
сваёй няўмольнай стралою
працінаеш.

XXV

Сябра веры вялікі,
падданымі абагаўляны
ўсімі
быў дон Родрыго Манрыкэ,
мужнасьцю сваёй слаўны
ды імем.

Я мог бы ўсьпець, ды нашто
ўхваляць ягоных учынкаў
выбітнасьць—
ці ж быў бы здольны той, хто
іх бачыў сваймі вачыма,
забыць іх?

XXVI

Сябрам сваім сябра верны,
апірышча для падданых
і сваякоў,
а злыдням—які супернік!
Які правадыр адданых
ваяўнікоў!

Для кемлівых—паразуменьне,
дасьціпнік для ўсіх жартоўных,
васалаў
спагада і суцяшэньне,
і леў для усіх неўтаймоўных
вандалаў!

XXVII

Шацункам—Актавіян,
Цэзар у перамогах
слынных,
у дабрыні—Траян,
роўны верай у Бога
Канстанціну.

Сілай Аўрэліян,
меў ён, як Фэадосій,
літасьць.
Вымоўнасьцю—Адрыян,
у ласцы і весялосьці—
Тытус,

XXVIII

У мужнасьці—Сцыпіён,
нібы Марк Атылій, адданы
клятвам,
у дысцыпліне быў ён
Аўрэліям Аляксандрам
здатным.

У дабрыні—Антоній,
Марк Аўрэлій духоўнай
сілай,
бы Ганібал, нястомны,
у службе старонцы роднай—
Каміло.

ХХІХ

Ён не пакінуў скарбаў,
багацьцяў не назьбіраў
бязьмежных,
Але ж біўся супраць маўраў,
іх гарады захапляў
і вежы.

У кожнай выйгранай бітве—
што коней было, людзей
забіта!
На гэтай крывавай ніве
былі ім прыбыткі ўсе
здабыты.

XXX

Бо, праз свой стан і гонар,
што шляхціц рабіў парой
мінулай?
Калі не было падмогі,
стаяў сам з усёй сям’ёй,
з прыслугай.

Пасьля таго, як у полі
ён подзьвігаў столькі зьдзейсьніў
ваенных,
за высакароднасьць болей
далі яму новых земляў,
чым меў ён.

XXXI

Старых гісторыяў вернасьць,
што ўласнай крывёй і потам,
маладзейшы,
пісаў ён, ізноў пацьвердзіў
ён перамогай і потым,
сьсівеўшы.

За век свой такі высокі,
на полі вайсковым спрытнасьць
і здатнасьць,
у старасьці ўжо глыбокай
у Ордэн Мяча быў рыцар
прыняты.

XXXII

Калі ж яго гарады
й палі ва ўладу тырана
траплялі,
уласны імпэт тады
яму на полі змагарным
вяртаў іх.

Хто быў з дружыны ягонай,
з шэрагаў партугалаў
і кастыльцаў,
хай скажа, ці наш законны
кароль меў з тых подзьвігаў мала
карысьці.

XXXIII

Пасьля таго, як шматкротна
жыцьцё яго ў бітвах было
на коне;
пасьля таго, як шляхотна
служыў ён манарха свайго
кароне;

пасьля дзівосаў змаганьня,
ліку якіх цяжка даць
і веры,
сьмерць да замку Оканья
прыйшла, каб пагрукатаць
у дзьверы,

XXXIV

сказаўшы: “Рыцар славуты,
сьвет падманаў прымхлівых
пакіньце;
і сэрцам сваім магутным
гэты суворы выклік
прыміце,

як што жыцьця вы ніколі
й здароўя не шкадавалі
для славы;
зьбярыце вашую волю,
каб гэты двабой стрывалі
да канца вы.

XXXV

Каб быў ён для вас лягчэйшы,
зьбярыце ў жахлівай бітве
адвагу,
бо лёс за славу важнейшы
здалелі ў жыцьці здабыць вы—
павагу.

Хаця й ня будзе яна жыць
заўжды, бо ня ёсьць праўдзівай
ні вечнай,
але ж яна болей важыць
за славу, што ёсьць прымхлівай,
канечнай.

XXXVI

Ня можа вечнасьць набыць
багацьцяў нашых зямных
сукупнасьць,
рай радасьцям не здабыць:
у пекла блюзьнерствы іх
імкнуць нас.

Добрыя хрысьціяне
яго ў каяце й малітвах
дасягаюць,
а воі яго ў змаганьні
супроць няверных, у бітвах
здабываюць.

XXXVII

Вы ж, пане высакародны,
столькі крыві паганскай
пралілі,
што вартыя ўзнагароды:
яе вы рукою ўласнай
здабылі.

І з гэтым перакананьнем,
спадзеючыся на веры
цьвёрдасьць,
сыходзьце ў цішы з чаканьнем,
што трэцяе вам Міласэрны
жыцьцё дасьць.”

[Адказвае Шляхціц:]

XXXVIII

“Як што час, наканаваны
мне ў гэтай зямной юдолі
ўжо выйшаў,
таму ахвотна й рахмана
згаджаецца мая воля
з узвышняй;

і зь верай чыстай і яснай
прагну добраахвотна
я сьмерці;
трымацца жыцьця—вар’яцтва,
калі загадвае Бог вам
памерці.”

XXXIX

[Шляхціц да Ісуса:]

“Ты, хто за прыграшэньні нашы
выгляд людзкі набыў
і званьне,
хто, лёс сьмяротных прыняўшы,
да боскасьці далучыў
гнюс твані,

Ты, хто выцярпеў мукі,
моўчкі стрываў бязьмернасьць
катаваньня,
прашу, каб не праз заслугі,
а праз Сваю міласэрнасьць
дараваў мне.”

КАНЕЦ

XL

У гэтакім разуменьні,
пачуцьцямі ўсімі сваймі
прытомны,
у любасным атачэньні
жонкі, дзяцей, сям’і
й надомных,

душу сваю ён вярнуў
Богу, што яе ў высях
хай вітае.
Хоць ён назаўжды заснуў,
ды памяць аб ім усіх нас
суцяшае.

© ПеракладМакс Шчур, 2005

HA POCTAHI