Фэдэрыко Гарсія Лорка (1899-1936)

 

ФАРСЫ

 

 

Сцэны з жыцьця дона Крыстобаля

Фарс для батлейкі

УСТУПНАЯ ПРАМОВА

Шаноўнае спадарства:

Паэт, які склаў і падабраў з вуснаў народа гэты батлеечны фарс, упэўнены, што культурная публіка са спагадай, чыстым сэрцам і паразуменьнем прыйме мілагучную й суворую мову лялек, што тут выступяць сёньня вечарам.

Уся народная батлейка пабудаваная на тым самым рытме, той самай фантазіі й такой самай абайнай свабодзе, якія паэт захаваў у сваіх дыялогах.

Батлейка ёсьць выразьніцай уяўленьня нашага народа й дакладна перадае дух уласьцівых яму досьціпу й наіўнасьці.
Такім чынам, паэт перакананы, што публіка з радасьцю й без спадысподных думак сустрэне тыя выразы й слоўцы, што растуць проста зь зямлі й якія аднойчы, у эпоху, калі няшчасьці, грахі й зьмяшаныя пачуцьці дасягнуць самага сэрца нашых агмянёў, будуць слугаваць прыкладам чысьціні.

(Выходзіць паэт.)

Мужчыны й жанчыны, увага; змоўч, хлопчык. Я хачу, каб настала такая абсалютная ціша, каб мы маглі чуць глюглюглюканьне ручаёў. І калі птушка варухне крылом, каб мы пачулі, і калі мурашка варухне лапкай, каб мы таксама пачулі, і калі нечае сэрца заб’ецца мацней, каб яно падалося нам рукой, што расхінае чараты на беразе. Ай, ай! Неабходна, каб дзяўчаты склалі вятралы, а дзяўчынкі вынялі вышытыя насовачкі, каб магчы чуць і бачыць, што сталася з доньяй Росітай, жонкай дона Крыстобаля, і донам Крыстобалем, мужам доньі Росіты.

Ай, ай! Ужо пачалі біць у бубен. Можаце плакаць альбо сьмяяцца, мне цалкам усё адно. Я зараз пайду, крыху пад’ем, зьем кавалачак хлеба, маленечкі кавалачак, які мне пакінулі птушачкі, а потым буду прасаваць касьцюмы для ўсёй трупы. (Азіраецца па бакох, каб запэўніцца, што за ім не цікуюць.) Хачу адкрыць вам адну таямніцу: я ведаю, як нараджаюцца ружы і як гадуюцца марскія зоркі, але...

РЭЖЫСЭР
Шаноўны, калі ласка, сьціхніце. Пралог сканчаецца словамі “а потым буду прасаваць касьцюмы для ўсёй трупы.”

ПАЭТ
Так, сэньёр.

РЭЖЫСЭР
Вы, як паэт, ня маеце права раскрываць таямніцу, якую захоўваем мы ўсе.

ПАЭТ
Ня маю, сэньёр.

РЭЖЫСЭР
Я вам што, мала плачу?

ПАЭТ
Ня мала; але я ведаю, што ў глыбіні душы дон Крыстобаль—вельмі добры, і што магчыма, ён мог бы такім быць.

РЭЖЫСЭР
Вы, паскуда. Альбо закрыйце рот, альбо я зараз выйду й паб’ю гэты ваш кукурузна-жоўты твар. Хто вы такі, каб адмяняць закон зламыснасьці?

ПАЭТ
Я яго ўжо адмяніў, таму змаўкаю.

РЭЖЫСЭР
Не, вашэць: кажыце тое, што стаіць у тэксту. Гледачам вядома, што ёсьць праўда, а што не.

ПАЭТ
Шаноўная публіка: як паэт, павінен вам сказаць, што дон Крыстобаль—дрэнны.

РЭЖЫСЭР
І ня можа быць добрым.

ПАЭТ
І ня можа быць добрым.

РЭЖЫСЭР
Давайце далей.

ПАЭТ
Даю, спадар рэжысэр. І ніколі ня будзе добрым.

РЭЖЫСЭР
Цудоўна. Колькі я вам павінен?

ПАЭТ
Пяць шэлягаў.

РЭЖЫСЭР
Атрымайце.

ПАЭТ
Ня трэба ў золаце. Золата нагадвае мне вагонь, а я—паэт ночы. Дайце мне лепей срэбныя. Срэбныя манеты выглядаюць так, як быццам іх асьвятляе месяц.

РЭЖЫСЭР
Ха, ха, ха! Дык я яшчэ й застануся ў выгадзе. Пачынаем!

ПАЭТ
Адчыні, Расіта, вокны,
Пачынаецца спэктакль.
Лёс цябе чакае злосны
І мужык, што спаць мастак.
(Музыка.)

РЭЖЫСЭР
Крыстобаль.

КРЫСТОБАЛЬ
Што?

РЭЖЫСЭР
Выходзьце, не прымушайце публіку чакаць.

КРЫСТОБАЛЬ
Іду ўжо.

РЭЖЫСЭР
А дзе донья Росіта?

РОСІТА
Абуваю чаравічкі. (Чуецца храп.)

РЭЖЫСЭР
Гэта што? Ён ізноў храпіць?

КРЫСТОБАЛЬ
Іду, спадар рэжысэр. Зараз во, памачуся...

РЭЖЫСЭР
Ану цыц, размаўляйце прыстойна.

КРЫСТОБАЛЬ (зьяўляецца)
Добры вечар панству.

РЭЖЫСЭР
Не цягніце, дон Крыстобаль, трэба пачынаць драму. Гэта ваш абавязак. Памятайце, вы—лекар.

КРЫСТОБАЛЬ
Я ня лекар. Да справы.

РЭЖЫСЭР
Дон Крыстобаль, падумайце: каб вы маглі ажаніцца, вам патрэбныя грошы.

КРЫСТОБАЛЬ
Гэта праўда.

РЭЖЫСЭР
Дык здабудзьце іх.

КРЫСТОБАЛЬ
Дзе мой кол?

РЭЖЫСЭР
Браво. Я бачу, вы мяне зразумелі.

ПАЦЫЕНТ (выходзіць)
Дабрыдзень.

КРЫСТОБАЛЬ
Добры вечар, вітаю пана.

ПАЦЫЕНТ
Дабрыдзень.

КРЫСТОБАЛЬ
Добры вечар.

ПАЦЫЕНТ
Добры палудзень.

КРЫСТОБАЛЬ
Дабранач.

ПАЦЫЕНТ (няўпэўнена)
Тады можа лепей ужо “добры вечар”?

КРЫСТОБАЛЬ
Дабранач, і капцы.

ПАЦЫЕНТ
Выдатна, цяпер я перакананы, што вы насамрэч вялікі лекар, які здольны мне дапамагчы. (Энэргічна.) Дабрыдзень.

КРЫСТОБАЛЬ (рэзка)
Калі я сказаў дабранач, значыць дабранач!

ПАЦЫЕНТ
Цудоўна. Як вам будзе заўгодна.

КРЫСТОБАЛЬ
Што ў вас баліць?

ПАЦЫЕНТ
У мяне баліць вельмі шыя:
Валасы там растуць крывыя.
Але гэтага б не адкрыў я,
Каб ня брат мой стрыечны,
Хуан Марыя.

КРЫСТОБАЛЬ
Гэта пройдзе, як толькі мы вам перарэжам горла. (хапае яго)

ПАЦЫЕНТ
Ай-яй-яй, дон Крыстобаль!

КРЫСТОБАЛЬ
Ды што там. Высуньце, калі ласка, шыю, каб я мог патрапіць у сонную артэрыю.

ПАЦЫЕНТ
Ай! Я не магу рухацца.

КРЫСТОБАЛЬ
Кажу вам, паварушыце артэрыяй.

ПАЦЫЕНТ
Ай! Не магу.

КРЫСТОБАЛЬ
Рассуньце калі ласка жылы рукамі.

ПАЦЫЕНТ
Калі б я мог, я б ужо гэта даўно зрабіў! (Агрэсіўна.) Дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень.

КРЫСТОБАЛЬ
Я табе зараз дам.

(Выходзіць. Пацыент стогне, перакінуўшыся праз край сцэны.)

ПАЦЫЕНТ
Ай, ай! Мне баліць сонная артэрыя. Ай, мая сонная артэрыя! У мяне сонны артрыт.

КРЫСТОБАЛЬ (уваходзіць з калом у руках.)
А вось і я.

ПАЦЫЕНТ
Што гэта?

КРЫСТОБАЛЬ
Самагонны апарат.

ПАЦЫЕНТ
Дзеля чаго ён?

КРЫСТОБАЛЬ
Каб горла было цёплым.

ПАЦЫЕНТ
Толькі асьцярожна, каб мне не нашкодзіць.

КРЫСТОБАЛЬ
Даць калом вам не пашкодзіць.
Шмат у вас, дарэчы, грошыкаў?

ПАЦЫЕНТ
У мяне тыя грошыкі ў кожным кошыку,
У кожным кошыку па дваццаць грошыкаў,
І пад камізэлькаю
Ў мяне грошыкі велькія,
Ды яшчэ і ў срачачку
Ўставіў скруткам дваццачку—
Лепей сам памацайце,
Ды пабачыце.

КРЫСТОБАЛЬ
Дык разьвітвайся з жыцьцём:
Залячу цябе жыўцом.

ПАЦЫЕНТ (агрэсіўна)
Дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень, дабрыдзень.

КРЫСТОБАЛЬ (уваліўшы яму калом)
Дабранач. Я табе дам. Выцягні шыю!

ПАЦЫЕНТ
Не магу, дон Крыстобаль.

КРЫСТОБАЛЬ (зноў увальвае яму калом)
Выцягні шыю!

ПАЦЫЕНТ
Ах, мая артэрыя!

КРЫСТОБАЛЬ
Яшчэ.

ПАЦЫЕНТ
Ах, мая артэрыя!

КРЫСТОБАЛЬ
Яшчэ. (Удар.) Яшчэ, яшчэ, яшчэ.

(Пацыент выцягвае шыю на цэлы мэтр.)

ПАЦЫЕНТ
А-ааааааай! (уцягвае назад шыю і ўстае, але дон Крыстобаль яго дабівае.)

КРЫСТОБАЛЬ
Вось табе й прыйшлі капцы,
Ум-цы-цы, ум-цы-цы,
Вось якія малайцы.

(Кідае яго на падлогу. Чуецца гучны грукат.)

КРЫСТОБАЛЬ
Ура, ура, ура, ура.

РЭЖЫСЭР
Пры ім былі грошы?

КРЫСТОБАЛЬ
Былі.

РЭЖЫСЭР
Дык трэба жаніцца.

КРЫСТОБАЛЬ
Трэба жаніцца.

РЭЖЫСЭР
Вось ідзе матка доньі Расіты. У яе дакладна ёсьць што вам сказаць.

МАТКА
Я—маці нашай Расітачкі,
Муж патрэбны мне для дачушачкі,
Бо ў яе ўжо такія цыцачкі,
Быццам тыя грушачкі,
І такія лытачкі,
Як пампушачкі,
І яшчэ адна штучачка,
Што енчыць як сучачка.
Таму ёй патрэбны муж,
Які быў бы дуж,
А яшчэ лепей два,
Ха-ха-ха, ха-ха-ха.

КРЫСТОБАЛЬ
Сэньёра.

МАТКА
Паночак,
Мой галубочак.

КРЫСТОБАЛЬ
Мазгоў драбочак.
Ці вядома вам, матуля,
Што жаніціся хачу я?

МАТКА
У мяне дачушка ёсьць:
Колькі плоціць вашамосьць?

КРЫСТОБАЛЬ
Хто сраў у гароху,
Даў золата троху,
А хто сраў міма цэбра,
Даў троху срэбра,
А я сам паціхеньку
Насраў медзякоў жменьку.

МАТКА
І яшчэ мне патрэбны асёл,
Каб за поўняй езьдзіць у Лісабон.

КРЫСТОБАЛЬ
Гэта ўжо занадта; так ня пойдзе, сэньёра.

МАТКА
Але дон Крыстобаль, вы ж магнат.
Мая Расіта—маладзіца, а вы—стары.
Стары, сраку падцяры.

КРЫСТОБАЛЬ
Табе, старая,
Хай хто іншы сраку падцірае.

МАТКА
П’янюга! Хамуйла!

КРЫСТОБАЛЬ
Добра, ты ў мяне зараз пабачыш.
Будзе табе асёл. Дзе мая нявеста?

МАТКА
У сваім пакоі,
Замуж ірвецца.
Ха, ха, ха.

КРЫСТОБАЛЬ
Ай! Што са мной такое?

МАТКА
Маладым няма спакою!

КРЫСТОБАЛЬ
Дай мне ейную выяву.

МАТКА
Падпішы сьпярша заяву.

КРЫСТОБАЛЬ
Расіта, хачу я
Пабачыць цябе,
Іначай памру я,
Загіну ў журбе.

МАТКА
Мне скардзіцца тут хопіць:
Заплоціш удвая—
Што скажаш, тое й зробіць
Дачушачка мая. (Зь песьняй сыходзіць.)

(Музыка.)

(Голас Расіты.)
Ліхаманка, ліхаманка,
Зьліхаманіла мяне.
Штохвіліны, мой каханы,
Цела прагне па табе.

(Зьяўляецца Расіта.)

РАСІТА
Ай, якая ночка ясная
Ажыла па-над стрэхамі!
У гэтую пару дзеткі
Лічаць зоркі,
А старыя сьпяць
На сваіх конях,
Але я б хацела зараз спаць
На дыване
Пры Іване,
Ці на ложку
Пры Сярожку,
На матрацы,
Дзе Ігнацы,
Ці на сене,
Пры Яўгене,
Ці на крэсьле,
Хай хоць трэсьне,
Ці ля сьценкі
Дзеля Сьценькі,
Ці хай сабе нават у лесе
Зь Іванам, Сярожкам, Ігнацым, Яўгенам,
Сьценькам і Алесем.
Ай-яй-яй-яй!
Хачу замуж, чуеце?
Пайду за кожнага мужыка:
Хоць за вайскоўца,
Хоць за хлапчука,
Хоць за апата,
Хоць за марака,
Хоць за дваццаць
Хлапцоў нараз:
Абы сапраўдны
Зазнаць экстаз. (Выходзіць.)

КРЫСТОБАЛЬ
Дык што, мы пагадзіліся?

МАТКА
Пагадзіліся.

КРЫСТОБАЛЬ
Бо калі не, я вазьму дубца, і тады ты ведаеш, што здарыцца.

МАТКА
Ай! Што я табе зрабіла?

КРЫСТОБАЛЬ
Ага, баісься!

МАТКА (трымціць ад боязі)
Ай!

КРЫСТОБАЛЬ
Скажы: мне боязна.

МАТКА
Мне боязна.

КРЫСТОБАЛЬ
Скажы: Дон Крыстобаль мяне закілзаў!

МАТКА
Дон Крыстобаль мяне закілзаў.

КРЫСТОБАЛЬ
І тваю дачку закілзаю.

МАТКА
Дык што тады...

КРЫСТОБАЛЬ
Я табе дам золата троху, якое даў той, хто сраў у гароху, а ты мне дасі сваю дачку, і будзь удзячная, бо яна ўжо ня ў самым саку.

МАТКА
Ды ёй толькі дваццаць гадоў!

КРЫСТОБАЛЬ
Кажу ж, ня ў самым саку. Але нягледзячы ні на што, яна—прыгажуня. Давай, давай, сьпявай...

МАТКА
У яе ўжо такія цыцачкі,
Быццам тыя грушачкі,
І такія лытачкі,
Як пампушачкі,
І яшчэ адна штучачка...

КРЫСТОБАЛЬ
А-аааааааааааааай!

МАТКА
І яшчэ адна штучачка,
Што енчыць як сучачка.

КРЫСТОБАЛЬ
Донья Росіта мяне атрымае, бо яна—гэта bocato di cardinale.1

МАТКА
Вашэць размаўляе па-італьянску?

КРЫСТОБАЛЬ
Не. Але ў маладосьці я быў у Францыі і ў Італіі на службе ў вядомага дона Панталона. Але вам якая справа да майго жыцьця! Вы—дрыжыце! Усё, усё павінна дрыжаць перада мною, матка боска чарцякоўска! Дрыжаць!

МАТКА
Я ж дрыжу.

КРЫСТОБАЛЬ
Пакліч Расіту.

МАТКА
Расітааааааааа.

РАСІТА
Адчапіся,
Я хачу замуж:
Хоць за кракадзіла,
Хоць за бычка,
Хоць за генерала,
Хоць за асла,
І за мядзьведзя
Таксама б пайшла.

КРЫСТОБАЛЬ
Спераду, ззаду—
Адна любата!

МАТКА
Хочаш замуж?

РАСІТА
Хачу замуж.

МАТКА
Хочаш ажаніцца?

КРЫСТОБАЛЬ
Хачу ажаніцца.

МАТКА (плачучы)
І ня крыўдзь мне яе. Ай, мая бедная дачушка!

КРЫСТОБАЛЬ
Пакліч сьвятара. (Матка сыходзіць зь лямантам. Крыстобаль падыходзіць да Расіты, і яны разам рушаць у касьцёл. Б’юць у званы.)

ПАЭТ
Ну вось, толькі зірніце на яго. Насамрэч, лепш нам усім пасьмяяцца. Месяц—белы каршун. Поўня—курыца на яйках. Поўня—хлеб для галодных, і скамейка, абцягнутая белым аксамітам—для сытых. Але ані дон Крыстобаль, ані Расіта ня бачаць поўні. Калі б рэжысэр захацеў, дон Крыстобаль угледзеў бы німфы ў вадзе, а донья Расіта магла б пакрыць свае валасы інеем у трэцяй дзеі, калі на галовы цнатлівых падае сьнег. Але гаспадар тэатру трымае ўсе пэрсанажы ў жалезным куфэрку, каб іх бачылі толькі дамы з шаўковымі грудзямі й дурнымі насамі, альбо вусатыя спадары, што наведваюць клюбы й гавораць: ка-рам-ба. Бо дон Крыстобаль і донья Расіта—не такія, як яны.

РЭЖЫСЭР
Хто тут што мне вярзе?

ПАЭТ
Я кажу толькі, што яны бяруцца шлюбам.

РЭЖЫСЭР
Зрабіце мне ласку, ня суньце сюды свой нос. Калі б у мяне самога было ўяўленьне, я б ужо гнаў вас адсюль на вуліцу на карачках.

КРЫСТОБАЛЬ
Ай, Расіта!

РАСІТА
Ты шмат піў?

КРЫСТОБАЛЬ
Я б хацеў выпіць усё віно ў сьвеце і выпіць сябе самога. Хааа! (пазяхае). Маё чэрава—вялізны пірог, вялізны пірог са сьлівамі й бататам. Расіта, засьпявай мне што-небудзь.

РАСІТА
Добра. (Сьпявае.) Што табе засьпяваць? Кан-кан, складзены Гойкоэчэа, альбо Марсэльезу, складзеную Жылем Роблесам? Ай, Крыстобаль! Мне боязна. Што ты хочаш са мной зрабіць?

КРЫСТОБАЛЬ
Я зраблю табе мууууууууууууу.

РАСІТА
Не палохай мяне. А ўночы
Што са мной ты зрабіць ахвочы?

КРЫСТОБАЛЬ
Я зраблю табе ааааааааааааааа.

РАСІТА
Не палохай мяне. А ўранку
Што ты зробіш са мной, каханку?

КРЫСТОБАЛЬ
Я зраблю табе пііііііііііііііііііі.

РАСІТА
Ну, тады пабачыш
Як мая сучачка заскача.

(Абдымаюцца).

КРЫСТОБАЛЬ
Ах, Расіта, жоначка!

РАСІТА
Ты перапіў?
Дык адпачыў бы трошачку.

КРЫСТОБАЛЬ
Пайду паляжу,
Можа, пеўня свайго абуджу.

РАСІТА
Пайдзі, пайдзі, пайдзі. (Крыстобаль храпіць. Уваходзіць Маладзён, абдымае Расіту, і чуюцца гучныя пацалункі.)

КРЫСТОБАЛЬ (прачынаецца)
Што гэта, Расіта?

РАСІТА
Ай-яй-яй! Бачыш, месяц на ўвесь край! Бачыш, як зззззззззьзяе? Гэта мой цень. Пайшоў прэч, цень.

КРЫСТОБАЛЬ
Цень, пайшоў прэч.

РАСІТА
Як горача ад поўні, праўда, Крыстобаль? Чаму б табе яшчэ крыху не паспаць?

КРЫСТОБАЛЬ
Пайду, паляжу,
Ці абудзіцца певень мой, пагляджу.

РАСІТА
Паляжы, паляжы. (Зьяўляецца Паэт, пачынае цалаваць Расіту, і дон Крыстобаль прачынаецца.)

КРЫСТОБАЛЬ
Што гэта, Расіта?

РАСІТА
Так цёмна, што табе нічога не відаць. Гэта... гэта вязальная машына для карункаў. Чуеш ейны гук? (Чуюцца пацалункі).

КРЫСТОБАЛЬ
Мне здаецца, ейны гук занадта гучны.

РАСІТА
Прэч, машына.
Маеш рацыю, Крыстобальчык.
Чаму б табе яшчэ не паспаць, мой хлопчычак?

КРЫСТОБАЛЬ
Трэба пайсьці паляжаць,
Каб мой певень мог сілу набраць.

(З другога боку сцэны зьяўляецца Пацыент, і донья Расіта цалуецца зь ім таксама.)

КРЫСТОБАЛЬ
Што я чую? Што такое?

РАСІТА
Сонца сядае за ракою.

КРЫСТОБАЛЬ
Брррр! Што гэта? Гэта ты?

РАСІТА
Ня будзь такі. Гэта жабкі з сажалкі.

КРЫСТОБАЛЬ
Можа быць. Але зь мяне гэтага досыць. Брррр.

РАСІТА
Толькі не крычы. Гэта голас цыркавых ільвоў, гэта голас пакрыўджаных мужоў з вуліцы.

МАТКА
Расітаааааа. Лекар прыйшоў.

РАСІТА
Ай! Лекар! Ай-яй-яй, мой жывоцік!

МАТКА
Нягоднік, сабака. Гэта ўсё з-за цябе. Цяпер ты павінен аддаць нам усе свае грошы.

РАСІТА
Усе свае грошы. Ай-яй-яй! (Сыходзяць.)

РЭЖЫСЭР
Крыстобаль.

КРЫСТОБАЛЬ
Што такое?

РЭЖЫСЭР
Сьпяшайцеся, вам трэба ісьці, бо донья Расіта захварэла.

КРЫСТОБАЛЬ
Што ў яе?

РЭЖЫСЭР
У яе роды.

КРЫСТОБАЛЬ
Рооооооооды?

РЭЖЫСЭР
Яна нарадзіла чатыры дзеці.

КРЫСТОБАЛЬ
Ах, дык вось як, Расіта? Мярзотніца, ты мне за гэта заплоціш. Ты каштавала мне цэлых сто грошай! Піф, паф, брррр.
(Расіта крычыць па-за сцэнай.)

КРЫСТОБАЛЬ
Ад каго гэтыя дзеці?

МАТКА
Ад цябе, ад цябе, ад цябе.

КРЫСТОБАЛЬ (умазвае ёй)
Ад каго гэтыя дзеці?

МАТКА
Ад цябе, ад цябе, ад цябе. (Зноў удар. Па-за сцэнай крычыць парадзіха Расіта)

РЭЖЫСЭР
А цяпер лезе пяты.

КРЫСТОБАЛЬ
А пяты ад каго?

МАТКА
Ад цябе. (удар)

КРЫСТОБАЛЬ
Ад каго пяты?

МАТКА
Ад цябе, ад аднаго цябе. (Удар.) Ад цябе, ад цябе, ад цябе, ад цябе. (Памірае, перакінуўшыся праз край сцэны.)

КРЫСТОБАЛЬ
Вось табе, зьмяя, і капцы прыйшлі. А зараз я даведаюся, ад каго гэтыя дзеці. (Падносіць палец да вуснаў.)

МАТКА (уздымаецца)
Ад цябе, ад цябе, ад цябе, ад цябе. (Крыстобаль увальвае ёй ізноў, выходзіць і вяртаецца з Расітай.)

КРЫСТОБАЛЬ
На табе, на табе, на... За ўсё... за ўсё...

РЭЖЫСЭР (высоўвае сваю вялізную галаву на сцэну)
Досыць. (Бярэ ў руку лялькі й паказвае іх публіцы.) Шаноўнае спадарства: Андалускія сяляне вельмі любяць слухаць такія камічныя гісторыі пад шэрым вецьцем аліваў, альбо ў прыцемках закінутых хлявоў. Сярод вачэй мулаў, тупых, як удары кулака, сярод аздобленай скуры кордаўскіх аброцяў, сярод сьвежых снапоў мокрага калосься з радасьцю й нявіннасьцю выбухаюць мацюкі й слоўцы, якіх мы ў гарадзкім асяродзьдзі, атручаным алькаголем і картамі, пазьбягаем. Лаянка ў выкананьні лялек, якія імкнуцца нападобіць чароўнасьць гэтага старога вясковага фарсу, набывае аўтэнтычнасьць і сьвежасьць. Дык напоўнім тэатры сьвежым калосьсем, пад якім будзе гучаць лаянка, змагаючыся на сцэне з нудотай і брыдотай, што пануюць у нашых тэатрах, і павітайма сёньня ў нашым “Вар’ятэ” дона Крыстобаля з Андалусіі, стрыечнага брата Несьцеркі й пляменьніка цёткі Батлейкі з Кадысу, роднага брата месьё Пятрушкі з Парыжу й дзядзьку дона Арлекіна з Бэргамо, але перадусім—найвялікшага сцэнічнага героя, у якім жыве старажытны дух тэатру.


Панічка, матрос і студэнт

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

ПАНІЧКА
СТАРАЯ
МАТКА
МАТРОС
СТУДЭНТ

(На балконе.)

СТАРАЯ (з вуліцы.)
Сьлімакііііі. Тушацца зь мятай, шафранам і лаўравым лістом.

ПАНІЧКА
Палявыя сьлімачкі. Нагрувашчаныя ў кошыку, яны нагадваюць старажытнае кітайскае места.

СТАРАЯ
Купіце ў старой сьлімачкоў. Яны буйныя, цёмныя. Чацьвёра такіх заваляць зьмяю. Якія сьлімачкі! Божухна, якія сьлімачкі!

ПАНІЧКА
Не перашкаджай мне вышываць. У мяне на падушках яшчэ няма ініцыялаў, і гэта мяне вельмі палохае... Бо дзе вы ў сьвеце бачылі такую дзяўчыну, чыя бялізна была б бяз ініцыялаў?

СТАРАЯ
А як тваё ймя?

ПАНІЧКА
Я вышываю на бялізьне цэлы альфабэт.

СТАРАЯ
Навошта?

ПАНІЧКА
Каб мой каханак мог называць мяне так, як яму падабаецца.

СТАРАЯ (сумна)
Значыцца, ты—распусьніца.

ПАНІЧКА (апускаючы вочы)
Так.

СТАРАЯ
Дык як тваё імя—Марыя, Роса, Трынідад? Сэхізмунда?

ПАНІЧКА
Гэта ня ўсё. Яшчэ.

СТАРАЯ
Эўстахія? Даратэя? Хэнар?

ПАНІЧКА
Яшчэ, яшчэ, яшчэ...

(Панічка ўздымае далоні, бледныя ад неспачы па-над шоўкам і крэйдамі. Старая ўцякае, прыціснуўшыся да сьценкі, выгнаная ў сваю Сібір цёмных анучаў, дзе аганізуе поўны хлебных крышак кош.)

ПАНІЧКА
А, Б, В, Г, Д, Е, Ё, Ж, З, І, К, Л, М. Выдатна. Зачыню балкон. Буду вышываць усярэдзіне, па-за шклом.

(Паўза.)

МАТКА (з-за сцэны)
Дачушка, дачушка, ты плачаш?

ПАНІЧКА
Не. Гэта пачынаецца дождж.

(Самаходнае каноэ, поўнае блакітных сьцяжкоў, перасякае затоку, пакідаючы за сабой звае заікастыя сьпевы.
Дождж насоўвае на горад бэрэт доктара Вольных Мастацтваў.
У партовых шынках пачынаецца вялізная карусель п’яных матросаў.)

ПАНІЧКА (сьпявае)
А, Б, В, Г.
Каго сабе я выбяру?
На якую літару?
Матрос пачынаецца на “М”,
Вучань пачынаецца на “В”,
А, Б, В, Г.

МАТРОС (уваходзячы).
Мяне.

ПАНІЧКА
Цябе.

МАТРОС (сумна)
Невясёлая штука, карабель.

ПАНІЧКА
Я аздоблю яго сьцяжкамі й прысмакамі.

МАТРОС
Калі толькі капітан захоча.

(Паўза.)

ПАНІЧКА (пакрыўджана)
Невясёлая штука—карабель!

МАТРОС
Я напоўню яго вышытымі панчохамі.

ПАНІЧКА
Калі толькі мне матка дазволіць.

МАТРОС
Устань.

ПАНІЧКА
Навошта?

МАТРОС
Я хачу цябе бачыць.

ПАНІЧКА (устае)
Устала.

МАТРОС
Якія ў цябе прыгожыя лытачкі!

ПАНІЧКА
У дзяцінстве я езьдзіла на ровары.

МАТРОС
А я на дэльфіне.

ПАНІЧКА
Ты таксама прыгожы.

МАТРОС
Асабліва як распрануся.

ПАНІЧКА
Што ты ўмееш рабіць?

МАТРОС
Веславаць.

(Матрос грае на пыльным і стомленым як XVII-е стагодзьдзе акардэоне.)

СТУДЭНТ (уваходзячы)
Ён занадта сьпяшаецца.

ПАНІЧКА
Хто сьпяшаецца?

СТУДЭНТ
Час.

ПАНІЧКА
Ты напалоханы.

СТУДЭНТ
За мной гоняцца.

ПАНІЧКА
Хто?

СТУДЭНТ
Будучы год.

ПАНІЧКА
Ты ня бачыў майго твару?

СТУДЭНТ
Я запыніўся, каб яго пабачыць.

ПАНІЧКА
Нейкі ты не смуглявы.

СТУДЭНТ
Я проста жыву ўначы.

ПАНІЧКА
Чаго ты хочаш?

СТУДЭНТ
Вады.

ПАНІЧКА
У нас няма калодзежу.

СТУДЭНТ
Але я паміраю ад смагі!

ПАНІЧКА
Лепш напіся малака з маіх грудзей.

СТУДЭНТ (распалены)
Лашчы мой рот.

ПАНІЧКА
Але я яшчэ панічка.

СТУДЭНТ
Калі ты скінеш мне лесьвіцу, мы пражывем гэтую ноч разам.

ПАНІЧКА
Ты занадта белы й напэўна ня надта палкі.

СТУДЭНТ
У мяне моцныя рукі.

ПАНІЧКА
Я б скінула, калі б маці дазволіла.

СТУДЭНТ
Дык давай.

ПАНІЧКА
Не.

СТУДЭНТ
Чаму ж не?

ПАНІЧКА
Ну таму што не...

СТУДЭНТ
Давай...

ПАНІЧКА
Не.

(Вакол месяцу варочаецца кола цьмяных брыгантынаў. Тры сірэны плюхаюцца ў хвалях і вабяць вартавых з адхону стромы. Панічка з балкону вырашае саскочыць зь літары Я ў бездань. Эмільё Прадос і Маноліто Альтолагіррэ, баючыся мора да ўсрачкі, асьцярожна адцягваюць яе ад парэнчаў.)

КАНЕЦ

(Footnotes)
1 Глыток чырвонага віна (іт.)

© ПеракладМакс Шчур, 2004

HA POCTAHI