Фэдэрыко Гарсія Лорка
(1898-1936)

ОДА САЛЬВАДОРУ ДАЛІ.

РАНЬНІЯ ВЕРШЫ

 

 


КНІГА ВЕРШАЎ
(1918-1920)

Вясновая песенька

І

Дзеці, узрадаваныя, выходзяць
Са школкі
Й поўняць чульлівымі песенькамі
Цяплынь красавіцкага паветра.
Якая радасьць дрэмле ў глыбокай
Цішыні завулку!
У цішыні, разьбітай ушчэнт
Срэбрам новага сьмеху.

ІІ

Крочу шляхам вечаровым
Паміж кветкамі ў садзе,
Пакідаючы на сьцяжыне
Расу майго смутку.
Вясковы цьвінтар
На самотным узвышшы
Здаецца полем, засеяным
Белымі зярнятамі чарапоў.
Кіпарысы квітнеюць,
Быццам агромністыя галовы
Зь зялёнымі валасамі
Што пустымі вачніцамі
Задуменна й засмучана
Далягляд сузіраюць.

Боскі красавік, прыйдзі,
Увесь у сонцы й водарах,
І напоўні залатым гняздоўем
Чарапы, убраныя ў квецень!

28 сакавіка 1919 г., Гранада

 

Сон

Маё сэрца сьпіць ля сьцюдзёнай крыніцы.

(Кроснамі яго затчы,
Павук начы.)

Нібы песенька, вада ў крыніцы бруіцца.

(Кроснамі яго затчы,
Павук начы.)

Маё сэрца адкрывае ёй свае таямніцы.

(Павук цішыні,
таямніцай яго агарні.)

Вада слухае й ня можа не зажурыцца.

(Павук цішыні,
таямніцай яго агарні.)

Маё сэрца кідаецца ў хвалі крыніцы.

(Рукі белыя ў дальнім блакіце,
струмяні запыніце!)

Вада зносіць яго ды ўся шчасьцем іскрыцца.

(Рукі белыя ў дальнім блакіце,
струмяні запыніце!)

Май 1919 г.

 

Новыя песьні

Вечар кажа: “Мяне мучае смага ценю!”
Месяц: “Мяне мучае смага зорак.”
Крышталёвае возера прагне вуснаў,
Вецер уздыхаў прагне.

Мяне мучае смага пахаў і ўсьмешак,
Прага новых песьняў
Бязь месяцаў, безь лілеяў,
Без каханьняў памерлых.

Прага раньняе песьні, што скалане
Ціхія сажалкі
Будучыні. І напоўніць надзеяй
Ейныя хвалі й глей.

Песьні зыркае й спакойнае,
Поўнае думак,
Зь непарушанай скрухамі й жалямі
Цнотай, вольнай ад летуценьняў.

Песьні, пазбаўленай лірыкі
Плоці, сьмешнай маўчаньню
(Статак сьляпых галубоў,
Выпраўлены ў патаемнае).

Песьні, што дасягнула б сэрца
Рэчаў, як і сэрца вятроў,
Песьні, што шчасна б спачыла нарэшце
Ў сэрцы спрадвечным.

 

Калі б мае пальцы маглі

Цёмнымі начамі
Я вымаўляю тваё імя,
Калі зоры прыходзяць
На вадапой поўні,
І дрымаюць галіны
Ў цемры лістоты.
Я адчуваю сябе вычарпаным
Жарсьцю і музыкай.
Звар’яцелым гадзіньнікам, што
Адбівае нежывыя, колішнія гадзіны.

Тады, цёмнай ноччу,
Я вымаўляю тваё імя,
І яно гучыць такім далёкім,
Як ніколі.
Больш далёкім, чымся любая зорка,
Больш балючым, чымся рахманы дождж.

Ці змагу я цябе пакахаць,
Як тады, ізноўку? Якая
Віна ў маім сэрцы?
Калі ймгла размые абрысы,
Якое пачуцьцё мяне напаткае?
Больш спакойнае й чыстае?
О, каб мае пальцы маглі
Абскубаць па пялёстку месяц!

10 лістападу 1919 г., Гранада

 

Вечар

Даждлівы вечар, стомлены і шэры,
Працягвае свой шлях.
Пусты пакой. Бясколерыя дрэвы,
Партрэты продкаў,
Новай кнігі пах.

Бруіцца смутак па вакольнай мэблі,
І па душы маёй. Мабыць, няма
Ў прыродзе такой іншай, ёй патрэбнай
Душы крыштальна чыстай, як яна.

Баляць мне ў сэрцы майго цела нетры
Й нетры маёй душы. А калі я
Прамоўлю, словы віснуць у паветры,
Коркі на роўнядзі вады маўляў.

Праз тваіх броваў чэрань
Мяне катуе так
Мінулых смуткаў шэраг
І безьліч прышлых пляг.

Даждлівы вечар, стомлены і шэры,
Працягвае свой шлях.

Лістапад 1919 г.

 

Мокры дворык

Павукі
Папаўзьлі па лаўрах.

Выпадковасьць
Сталася сьнегам,
А часы, якія паснулі,
Ужо падзяўблі цьвікамі
Шпалеры
Вечнасьці.

Ператвораны ў сфінкса Спакой
Кпіць са сьмерці,
Што маркотна падпявае
Далёкаму гуртку
Кіпарысаў.

Гіпсавыя кроплі
Высьцілаюць муры,
Прасякнутыя архаічнымі
Miserere.

О, старажытная вежа!
Палі
Сьлязьмі арабскага дойлідзтва
Гэты маркотны дворык,
Якому бракуе фантану.

Павукі
Папаўзьлі па лаўрах.

1920

 

Зорная часіна

Круглая ціша ночы
На пэнтаграме
Бязьмежжа.

Я выходжу на вуліцу голы,
Пасталелы на колькі страчаных
Вершаў.
Чэрань, прасьвідраваная
Песенькай цвыркуна,
Палае гэтым няпэўным,
Мёртвым агнём
Гуку.
Сьвятло музыкі,
Што ўспрымаецца
Духам.

Шкілеты тысячы матылёў
Сьпяць у маім абсягу.

Шал маладых вятроў
Там, па-над рэчкай.

1920

 

Жаданьне

Адно тваё палкае сэрца,
Нічога больш.

Мой рай: сад, дзе няма
Ані салаўя,
Ані ліраў,
Толькі сьціплая рэчка
Й неглыбокая студня.

Няма вятра-бізуна
Па-над лістотай,
Няма зоркі, якая б сама
Стацца лісьцем марыла ўпотай.

Бракуе агромністага сьвятла,
Якое
Было б іншага
Водбліскам
У садзе маім
Абарваных позіркаў.

Ясны спакой,
Нашыя пацалункі,
Усплёскі гучнага рэха
Імчаць ва ўсе накірункі.

І яшчэ тваё палкае сэрца,
Нічога больш.

1920

 

Флюгер

Вецер з поўдня.
Палкі, смуглявы, ты
Датыкаесься маёй плоці,
Нясеш мне насеньне
Зіхоткіх
Позіркаў, насычаны
Квеценьню апэльсінаў.

Ты змушаеш месяц чырванець,
А таполі—плакаць
Ад нерухомасьці, але ж ты прыходзіш
Надта позна!
Казка маёй ночы згарнулася на паліцы
Й заснула.

У бязветранасьць
Зірні на мяне!
Паварочвайся, сэрца;
Паварочвайся, сэрца.

Вецер з поўначы,
Белы мядзьведзь між вятроў!
Ты датыкаесься маёй плоці,
Што трымціць ад паўночнага
Зьзяньня—
У агромністым плашчы
Тканым з прывідаў
Ты сьмяесься ўголас
З Дантэ.

О, шаравальнік зорак!
На жаль, ты прыходзіш
Занадта позна.
Скрыня душы маёй збуцьвела,
А я згубіў ключ ад яе.

У бязветранасьць
Зірні на мяне!
Паварочвайся, сэрца;
Паварочвайся, сэрца.

Брызы, цені ад гноману,
Вятры зьніадкуль,
Маскіты на ружы
З пірамідальнымі пялёсткамі,
Пазбаўленыя жаноцкасьці пасаты
Між каржакаватых дрэваў,
Флейтаў залевы,
Пакіньце мяне ў спакоі!
У маёй памяці
Грубыя ланцугі,
Птушка, што трэлямі малюе
Вечар,
Трапілася ў пастку.

Тое, што сыходзіць, ніколі не вяртаецца,
Усе гэта ведаюць,
І празрыстаму натоўпу вятроў
Скардзіцца—марна.
Ці ня праўда, таполя, пані брызу?
Скардзіцца—марна.

У бязветранасьць
Зірні на мяне!
Паварочвайся, сэрца;
Паварочвайся, сэрца.

Ліпень 1920 г., Фуэнтэ Вакэрос

 

Маўклівая балада

Габрыэлю

Тое сэрца
Школьніка, што маім было,
Калі я маляваў
Свой першы малюнак,
Дзе яно?
У табе, чэрань ночы?

(Сьцюжа ў сэрцы,
бы вада ў рэчцы.)

Першы пацалунак,
Што меў смак пацалунку,
Што для вуснаў дзіцячых
Быў як лівень сьвежы,
Дзе ён?
У табе, чэрань ночы?

(Сьцюжа ў сэрцы,
бы вада ў рэчцы.)

Мой першы верш,
Дзяўчынка з коскамі
Й шчырым паглядам,
Дзе яны?
У табе, чэрань ночы?

(Сьцюжа ў сэрцы,
бы вада ў рэчцы.)

А што сэрца маё,
Вужакаў клубок,
Што на дрэве веданьня
Павіс на галіне,
Дзе яно?
У табе, чэрань ночы?

(Сьпёка ў сэрцы,
бы вада ў азерцы.)

Каханьне на колах,
Замак няпэўны
Заплесьнелых зданяў,
Дзе яно?
У табе, чэрань ночы?

(Сьпёка ў сэрцы,
бы вада ў азерцы.)

О, які боль!
Да сябе ў пячору
Толькі цені ты клічаш,
Ці ня так,
Чэрань ночы?

(Сьпёка ў сэрцы,
бы вада ў азерцы.)

О, гаротнае сэрца!
Requiem aeternam!

16 ліпеня 1920 г., Вэга дэ Зухайра


Прадчуваньне

Прадчуваньне—
Гэта зонд душы
Ў паняверцы.
Понюх сэрца,
Кій сьляпога,
Што намацвае шлях у цемры
Часу.

Учора—гэта спрахласьць,
Шкадаваньне
І неабсяжны цьвінтар
Успамінаў.

А пазаўчора—гэта тое,
Што памёрла.
Схованка думак перад сконам,
Жытло Пэгасаў неўтаймоўных.
Бадыльле згадак,
Пустэльні,
Расталыя ў тумане
Сноў і мрояў.

Нішто не трывожыць мінулых
Стагодзьдзяў.
Мы ня можам
Дабіцца ад адбытага
Ўздыху.
Мінулае апранае
Кірасу з жалеза,
Затыкае вушы
Бавоўнай ветру.
Яно ніколі нам не адкрые
Свайго сакрэту.

Ягоныя старажытныя мускулы
Й мазгі
З ідэямі, што высахлі
Ў зародку,
Не напояць жаданым лікворам
Змучанае смагай сэрца.

Але будучае дзіця
Адкрые нам таямніцу,
Калі будзе гуляцца ў сваёй
Калысцы з зорак.
А як што абдурыць яго лёгка,
Дамо
Яму зь пяшчотай
Нашу цыцку,
Хай маўклівая таполя
Прадчуваньня
Загрыміць нам сваёй бразготкай
Перад сном.

Жнівень 1920, Вэга дэ Зухайра

 

Сонца зайшло

Сонца зайшло, няма й хвіліны.
Дрэвы,
Бы статуі, апанаваны роздумам.
Пшаніца ўжо сабраная.
Як скрушна
Глядзець на спыненыя колы млынаў!

Сялянскі сабака брэша
На Венеру, хоча яе зьесьці.
Яна зіхціць па-над ягоным полем,
Нецалаваная, бы вялізны яблык.

Маскіты—Пэгасы росаў—
Лунаюць у ціхім паветры.
Агромністая Пэнэлопа сьвятлом
Тчэ ясную ноч.

Сьпіце, дачушкі, а то прыйдзе воўк,
Блеюць авечкі.
Сяброўкі, няўжо ж прыйшла восень?,
Пытаецца кветка.

Неўзабаве прыйдуць з далёкіх
Хрыбтоў пастухі з буданамі.
Дзяўчынкі будуць гуляцца на парозе
Старой сядзібы,
І будуць прыпеўкі пра каханьне,
Што хаты ведаюць між сабою
Напамяць.

Жнівень 1920 г.

 

Дыямэнт

Зьнічка дыямэнтам
Разрэзала глыб неба,
Бы сьветлая птушка, што хоча
Ўцячы з сусьвету
Й пакідае агромністае гняздо,
Дзе яна была зьняволеная,
Не здагадваючыся, што ў яе—
Даўжэзны ланцуг на шыі.

Паляўнічыя-звышчалавекі
Палююць на нябесныя целы,
На лебедзі зь цяжкага срэбра,
Што плывуць па роўнядзі цішы.

Маленькія таполькі адказваюць
Сваё хатняе заданьне. Настаўніца,
Старая таполя, спакойна
Варушыць усохлымі рукамі.

Мабыць, дзесьці ў гарах далёкіх
Нябожчыкі ўсяго сьвету
Ў такі час гуляюць у карты.
Невясёла-такі жыць на могілках!

Давай, жабка, пачні сьпяваць!
Цвыркун, вылазь са сваёй норкі!
Засадзіце наўкол лес гукаў
Сваймі флейтамі. Я вяртаюся
Дахаты, занепакоены.

У маіх мазгох патыхаюць
Дзьве вясковых галубкі,
А далёка—за небакраем!—
Кубел дня патанае
Ў жахлівае студні часу.

Лістапад 1920 г., Гранада

 

ПЕСЬНІ
(1921-1924)

Жнівень

Жнівень,
Насупраць адна адной
Заранкі: пэрсікавая й цукровая,
Сонца ў мякаці вечара,
Нібыта зярнятка ў плёну.

Сялянка захоўвае недаткнёнай
Ягоную ўсьмешку: жоўтую, строгую.

Жнівень.
Дзеці частуюцца
Смуглым хлебам і смачнаю поўняй.


Адэліна на шпацыры

Няма ў Сэвільі каханьня,
Што ў моры няма садоў.
Смугляўка, якая сьпёка,
Пазыч мне свой парасон.

Твар мой пазелянее
Ад соку плёнаў лімону.
Словы твае, як рыбкі,
Будуць плаваць навокал.

Не, ня мае мора садоў.
А каханьня—
І ў Сэвільі няма каханьня!

 

Песьня вершніка

Кордова.
Навокал нікога.

Конік чорны, месяц поўны,
У кайстры маёй алівы.
Нават калі б шлях я ведаў,
Не дапяць мне Кордавы.

Праз лагчыну, праз віхуру,
Конік чорны, чырвань поўні.
Сьмерць цярпліва выглядае
Мяне зь вежаў Кордавы.

А доўгая ж ты дарога!
А косю ж ты мой нябойны!
А сьмерць жа мяне чакае
Дзесь на шляху да Кордавы!

Кордова.
Навокал нікога.

 

Калі шчыра

Ай, цяжка мне, як мне цяжка
Кахаць цябе гэтак палка!

Балюча мне дыхаць, балюча
Б’ецца сэрца,
Душыць сомбрэро.

Хто б у мяне купіў
Гэты шнурок танюткі,
Белую нітку смутку,
Каб зьвязаць зь яе хустку?

Ай, цяжка мне, як мне цяжка
Кахаць табе гэтак палка!

 

Дрэўца зялёнае...

Дрэўца зялёнае,
Даўна бясплённае.

Прыгожая маладзіца
Алівы з дрэва зрывае.
Вецер, каханак вежаў,
За пояс яе трымае.
Чатыры вершнікі едуць
На андалюсійскіх конях,
У строях зялёна-сініх,
У цёмных накідках доўгіх.
“У Кордаву едзьма, дзяўчынка.”
Дзяўчо іх нібы ня чуе.
Едуць тры маладыя
Тарэро з пастацьцю тонкай,
У аранжовых строях,
Са шпагамі з даўняга срэбра.
“Едзьма ў Сэвілью, дзяўчынка.”
Дзяўчо іх нібы ня чуе.
Калі вечар сьцішыў сьпёку,
Калі сьвятло парадзела,
Юнак на кані праехаў,
З кветкамі ружы й міртаў.
“Едзьма ў Гранаду, дзяўчынка.”
Дзяўчо і яго ня чуе.
Прыгожая маладзіца
Алівы з дрэва зрывае,
Вецер шэрай рукою
За пояс яе трымае.

Дрэўца зялёнае,
Даўна бясплённае.

 

Вэрлен

Невымоўная
Песьня
Сьпіць на вуснах маіх.
Невымоўная
Песьня.

Высока па-над пушчамі
Мігцелі сьветлячкі
І месяц праменем
Вудзіў у вадзе.

Тады я прысьніў
Невымоўную
Песьню.

Песьню поўную вуснаў
І таполяў далёкіх.

Песьню поўную хвіляў,
Што ў змроку зьніклі.

Песьню зоркі жывой
Па-над вечным днём.

Нарцыс

Сьцеражыся,
Хлопчык, упадзеш у рэчку!

Там, на дне, расьце ружа,
А ў ружы—яшчэ адна рэчка.

Зірні вунь на тую птушку,
На той жоўты колер!

Мае вочы ўпалі
Ў ваду й патанулі.

Божа! Ён
Пасьлізнуўся! Хлопчык!

Калі ён зьнік у вадзе, я
Зразумеў. Што, ня буду тлумачыць.

 

Венера

Такою я ўбачыў цябе

Нежывая дзяўчына
Ў ложку-ракавінцы,
Прыкрыты квеценьню й брызам
Сорам, паўставала ў прыцемках.

Сьвет, падобны да кветкі
Лілеі з бавоўны й цемры,
Сачыў, зазіраючы ў шыбы,
За вечным, бясконцым рухам.

Нежывая дзяўчына,
Спустошаная каханьнем.
Зь пенай прасьцінаў зьліваліся
Ейныя валасы.

 

На вуха адной дзяўчынцы

Зьнікла жаданьне
Сказаць табе нешта.

Уваччу ў цябе я ўбачыў
Два звар’яцелых дрэўцы
З брызу, золата й сьмеху.

Яны хісталіся.
Зьнікла жаданьне
Сказаць табе нешта.

 

Галубкова песенька

Расчэсваецца галубок,
Чугайчык ягоны—шоўк.

Сьмяюцца зь яго суседзі,
З вокнаў сваіх мансардаў.

Галубок цярпліва даводзіць
Свае кучары да ладу.

Крычаць на падворку зоркі,
Фантаны й папугаі.

Язьмінам бессаромным
Галубок сябе аздабляе.

Ад бігудзёў і прычосак
Вечар выгляд набыў загадкавы.

Скандал дрыжаў анібыта
Зебры бакі стракатыя.

Усе галубочкі з Поўдня
Сьпяваюць на тратуарах.

 

Месяц узыходзіць

Хосэ Монтэсіносу

Калі ўзыходзіць месяц,
Голас званоў сьціхае,
І ў гушчары ўзьнікаюць
Сьцяжыны.

Калі ўзыходзіць месяц,
Мора зямлю глынае
Й сэрца сабе здаецца
Выспай сярод бязьмежжа.

Пад поўняй не ядуцца
Ніколі апэльсіны.
Пад поўняй смак найлепшы
Ў зялёнай садавіны.

Калі ўзыходзіць месяц
З сотняй тых самых твараў,
Румзае срэбны шэляг,
Сумуючы ў кішэні.

 

Люсія Мартынэс

Люсія Мартынэс.
Змрок з чырвонага шоўку.

Твае лыткі, нібы надвячорак,
Стаюцца са сьветла ценем.
Схаваны чорны бурштын
Робіць цёмным гальлё магноліяў.

Вось я, Люсія Мартынэс.
Я прыйшоў спажыць твае вусны,
Схапіць цябе за валасы
Й адцягнуць да зары перліновай.

Бо гэта ў маёй волі і моцы.
Змрок з чырвонага шоўку.

 

У думках

Не хачу быць паэтам,
Ані каханкам.
О, белыя прасьціны, дзе ты губляеш прытомнасьць!

Ты ня ведаеш сну
Ані дзённага сонца.
Як кальмары,
Ты сьлепнеш, аголеная, у духмянае чэрні.
Кармэн.

 

Сэрэнада

(у гонар Лопэ дэ Вэгі)

На ўзьбярэжжы рэчкі
Ноч свае ногі купае,
А на грудзях Лаліты
Ад каханьня квет памірае.

Ад каханьня квет памірае.

На мастах сакавіцкіх
Голая ноч сьпявае.
Салёнай вадой Лаліта
Цела сваё абмывае.

Ад каханьня квет памірае.

Ноч з аныжу ды срэбра
Ў жалезных стрэхах палае.
Срэбра ручаёў і люстэркаў.
Аныж тваіх ног асьляпляе.

Ад каханьня квет памірае.


Разьвітаньне

Пасьля сьмерці маёй,
Не зачыняйце балкону.

Хлопчык есьць апэльсіны.
(Я ўсё бачу з балкону.)

Сейбіт сее пшаніцу.
(Я ўсё бачу з балкону.)

Пасьля сьмерці маёй—
Не зачыняйце балкону!


Песьня сухога апэльсінавага дрэўца

Дрывасек.
Сьсячы мой цень угнуты.
Сябе бяз плёну бачыць
Пазбаў мяне пакуты.

Люстэркі ўсюды вокал:
Дзень ходзіць карагодам,
А ноч мой цень друкуе
Сьвятлом усіх ейных зорак.

Я жыць хачу й ня бачыць
Сябе. Пух і кузуркі
Тады ўяўляцца будуць
Як лісьце мне, як птушкі.

Дрывасек.
Сьсячы мой цень угнуты.
Сябе бяз плёну бачыць
Пазбаў мяне пакуты.

 

Нямы хлопчык

Хлопчык шукае свой голас.
(Кароль-цвыркун яго скраў.)
У кроплі вады празрыстай
Свой голас хлопчык шукаў.

Не размаўляць хачу я:
Пярсьцёнак зь яго зрабіць,
Будзе маё маўчаньне
На пальцы яго насіць.

У кроплі вады празрыстай
Свой голас хлопчык шукаў.

(Удалечы страчаны голас
Цвыркунчыкам стракатаў.)

 

У школе і ў унівэрсітэце

Першы раз была
Ты чужая мне,
У другі раз—не.

Скажы,
Ці ты чуеш, што кажа вецер.
Халодным ранкам
Сумна мне на сьвеце,
Ды здаецца раптам
Мне ўсё сьмеху вартым.

Ты мяне ведала,
Я цябе не.
Я цябе ведаў,
Ты мяне не.

Зараз паміж намі
Паўстае абыякава
Месяц, нібыта
Шырма шэрая дзён.

Першы раз была
Ты чужая мне,
У другі раз—не.

 

Санэт

Вецер начны, працяглы, несьціханы,
Падобны да празрыста-срэбнай здані,
Адкрыў шэрай рукой старыя раны
Й сыйшоў: я скалануўся ад жаданьня.

Жыцьцё абудзіць ува мне ірваны,
Глыбокі шнар, чыстую кроў каханьня.
Нямая Філамэла нечаканы
Прытулак сабе знойдзе ў гэтай ране.

Які салодкі шум у галаве!
Прылягу ў полі побач з кветкай простай,
Дзе ў ветры хараство тваё плыве.

Вада жаўцее й зноў мінае ростань,
А кроў мая бруіць, гудзе ў траве
Ля берага, духмянае і роснай.

 

Прэлюдыя

Таполевыя алеі зьнікаюць,
Вада ж памятае абрысы.

Таполевыя алеі зьнікаюць,
Застаецца вятрыска.

Пакінутае імі рэха
Лунае, плавае ў рэках.

Сьвет сьветлякоў мігатлівы
Пранік у мае ўспаміны.

Маленечкае сардэчка
Пульсуе ў маіх пальцах.

 

Іншымі словамі

Вогнішча надзяе вячэрняму полю
Рогі разьятранага аленя.
Лагчына напялася. Па ейным хрыбце
Паўзе сьлімаком вятрыска.

Паветра стаецца шклом ад вагню.
—Жоўтае, маркотнае кацячае вока.—
Я бачу, як я шпацырую па дрэвах.
Дрэвы шпацыруюць па рэчцы.

Да мяне вяртаюцца мае спрадвечныя рэчы.
Яны—прыпевы прыпеваў.
Сярод гэтых чаротаў і прыцемкаў,
Як дзіўна насіць імя Фэдэрыко!

 

Два маракі на беразе

1.

У сэрцы сваім прывёз
Ён рыбу з Жоўтага мора.

Час ад часу ў яго ўваччу
Відаць, як яна праплывае.

Марак, ён ужо забыўся
На бары й на апэльсіны.

Ён вачыма ваду глынае.

2.

Сваім языком, бы мылам,
Ён змыў свае словы й змоўк.

Сьвет пляскаты, акіян кучаравы,
Сотня зор, карабель ягоны.

Ён бачыў балконы Папы
Й мядзяныя грудзі кубінак.

Ён вачыма ваду глынае.

 

Ода Сальвадору Далі
(1926)

Ружа за мурам у табой жаданым садзе.
Колца ў жалезным сынтаксічным апарату.
Пазбаў гару туману імпрэсіянізму.
Шэрасьць дапяла да апошняга бар’еру.

Сучасныя майстры ў майстэрнях белых
Памерлы квет з квадратным коранем вымаюць.
У водах Сены мармуровы ice-berg
Скоўвае шыбы й прадзіраецца плюшчамі.

Па бруку чалавек рашуча крочыць.
Шыбы ўнікаюць магіі адбітку.
Крамы з парфумаю зачыненыя Ўрадам.
Машына робіць вечным цотны рытм.

Адсутнасьць броваў, шырмаў і лясоў
Бадзяецца па старажытных дахах.
Прызма паветра паліруецца аб мора,
І далягляд сьпіну ўздымае аквэдукам.

Матросы, не знаёмыя зь віном і сном, сякуць
У морах з волава сірэніны галовы.
Чорная статуя абачлівасьці, Ноч
Зь люстэркам месяца круглявага ў далоні.

Жарсьць формы, межаў падпарадкавала нас.
Вось чалавек відушчы з жоўтым метрам.
Венера—проста белы нацюрморт,
А лоўцы матылёў далі ўсе разам дзёру.

У глыбіні вады і ўзвышшаў, Кадакэс
Хавае ракавінкі, уздымае сходні.
Жалейкі з дрэва ўтаймавалі вецер.
Стары бог лесу дзецям плёны дорыць.

Рыбары сьпяць на пляжы сном бяз сноў.
У акіяне ружа замяняе іхны компас.
Дзявоцкі далягляд, рызьзём дзіравым сланы,
Шкло рыбнае злучае зь месяцовым.

Вянок калючы зь белых брыгантынаў
На йлбах салёных, валасох пясчаных.
Сірэны хочуць нас запэўніць, не зачараваць,
І аддаюцца за вады піцьцёвай шклянку.

*

О, Сальвадор Далі алеевагалосы!
Я не ўсьпяваю пэндзаль твой юначы
Ці фарбу, што віруе вакол фарбы твайго часу,
Але ўхваляю тваю прагу вечнасьці штодзённай.

Душа-чысьцюля, ты жывеш на новым мармуры.
Цябе лякае цёмны лес невераемных формаў.
Мяжа твайго ўяўленьня—дотык тваіх пальцаў,
Мора пяе санэты пад вакном табе ў пацеху.

Сьвет—непарадак і аглухлы змрок
Перадусім, што людзі часта заўважаюць.
Адылі зоркі, хоць і тояць краявіды,
Але свае арбіты нам рысуюць дасканала.

Плынь часу ўтаймаваная дарэшты
Лічбамі гэтага ці іншага стагодзьдзя.
Сьмерць пераможаная схованкі шукае
Ў маленькім колцы гэтае хвіліны.

Палітру ўзяўшы, бы ўзмахнуўшы крыльлем,
Сьвятло ты просіш аджывіць нябыту келіх.
Шырокае сьвятло Мінэрвы, творцы рыштаваньняў,
Дзе няма месца сну й ягонай флоры цьмянай.

Ты просіш старажытнага сьвятла, што застаецца
На йлбе, ірта і сэрца не крануўшы.
Сьвятла, якога Вакхаў вінаград баіцца
І моц жахлівая разьятранай вады.

Ты ўтыркваеш засьцерагальныя сьцяжкі
Зьзяць на няпэўнае мяжы уночы—так і трэба!
Мастак, ня хочаш ты, каб контур твой зьмякчала
Бавоўна зьменлівая непрадказальнай хмары.

Рыбе—у нераце, а птушцы ў клетцы месца.
Ня трэба вынаходзіць мора ані вецер.
Копіі іхных спрытных целаў ты ствараеш
Пасьля даўгога сузіраньня шчырых зрэнак.

Ты любіш пэўны і дакладны матар’ял,
Дзе цьвіль і плесьня не знаходзяць месца.
Ты любіш дойлідзтва, што ўзносіцца ў адсутным,
Сьцяг успрымаючы нібы звычайны жарт.

Сталёвы компас эластычны верш кароткі
Чытае. Неадкрытых выспаў больш не засталося.
Стромкая лінія з намогай мкнецца ўгору,
Мудрае шкло вядзе геамэтрычны сьпеў.

Але таксама—ружа ў садзе, тваім доме.
Заўсёды ружа, поўнач наш і поўдзень!
Самазаглыбленая статуя сьляпая
Не заўважае ўзьнятых ёй падземных бураў.

Чыстая ружа, што збаўляе мудрагельстваў,
Эскізаў, крыльле ўсьмешкі расхінае
(матыль прышпілены, што марыць аб палёце).
Ружа гармоніі, што не шукае болю.
Заўсёды ружа!

*

О, Сальвадор Далі алеевагалосы!
Я паўтараю словы тваіх твораў і асобы.
Я не ўсьпяваю пэндзаль твой юначы,
Але кірунак пэўны тваіх дзідаў.

Пяю намогу каталанскага сьвятла,
Яна тлумачыцца тваім каханьнем.
Пяю тваё астранамічнае й чуйнае сэрца,
Карту таро бяз аніякіх шрамаў.

Пяю твой жарсны перасьлед жаданай статуі,
Боязь і пачуцьцё, што ўсюды за табой цікуюць.
Пяю сірэну ў моры, што пяе табе
Й едзе на ровары з ракавінак і караляў.

Але перадусім пяю адзінства думкі,
Што нас яднае ў часы золата і цемры.
Не, не Мастацтва асьляпляе нас. Найперш
Гэта каханьне, бой на шпагах і сяброўства.

Яны ранейшыя за неспачныя грудзі
Сьвятой Тэрэзы, што ты сьцішана малюеш,
Локан засушаны няўдзячнае Матыльды,
У гульню гусак ператвораная блізкасьць.

На залатым стужкі крывавых пальцаў
Няхай барозьняць сэрца вечнай Каталуньі.
Зоркі, сьцятыя кулакі бяз сокалаў, хай зьзяюць
Табе, між тым як твае жывапіс і век квітнеюць.

Клепсідру з крыламі мэмбраны ігнаруй,
На лёзы алегорыяў лепш не зьвяртай увагі.
Макай у вецер пэндзаль, апранай яго ды распранай
Ля мора, люднага ад караблёў і афіцэраў.

 

© ПеракладМакс Шчур, 2004

HA POCTAHI