Антонін Косік

 

ЗАКРЫТАЯ ТЭЛЕВІЗІЯ = АДКРЫТАЯ САПРАЎДНАСЬЦЬ?

(з кнігі “Паяднаны сьвет”, 1997)

 

Антонін Косік—сын выбітнога чэскага марксіста Карла Косіка (аўтара славутай “Дыялектыкі канкрэтнага”), у 70-х гг.—прафэсар сацыялогіі на унівэрсітэтах Ізраілю й Італіі. Сябра інстытуту філасофіі чэскай АН, выкладае на філасофскім факультэце праскага Карлава унівэрсітэту.

 

Глядач, які адпачывае перад тэлевізіяй, не задае сам сабе пытаньняў (калі толькі яны не прыходзяць з экрану: “Ці добра вам сядзіцца?”—“Што? Ці добра сяджу? Так, добра.”; “Ці набылі вы ўжо новае тое альбо сёе?”—“Што-што? Ці набыў я ўжо новае тое альбо сёе? Новае тое ды сёе я набуду заўтра, адразу пасьля таго, як скончыцца пятнаццатая сэрыя сэрыялу “Воўчы туман”! Альбо лепей па дарозе з працы, каб ужо хутчэй пазбавіцца гэтага абавязку.”), апрача аднаго: чаму я на гэта гляджу! На гэтае пытаньне адказу ён не шукае. Няма часу, ужо пачынаецца іншая праграма, магчыма—на іншым канале. Там адбываецца прыблізна тая самая “драма” (“камэдыя”).(1) Нягледзячы на гэта, глядач ні аб чым не пытаецца, несупынна атрымліваючы “пра запас” адказы на пытаньні, якія ён мог бы задаць, калі б паслабіў увагу, калі б перапыніў свой удзел у праглядзе тэлевізіі: што адбываецца там, знадворку, тым часам як я гляджу тэлевізію? Які там сьвет? Што гэта там такое адбываецца? І перадусім: дзе знаходжуся я сам? Дзе маё месца ў тым сьвеце? (Перад экранам, напрошваецца злавесны адказ.) Калі мы выключым тэлевізію, наш погляд на сьвет ня зьменіцца. Замест адсочваньня адказаў з вуснаў тэлевізіі мы пачнем задаваць сабе пытаньні, якія забыліся задаць раней: Дзе ў гэтым сьвеце я сам? Што гэта тут, знадворку, адбываецца? Дзе ў гэтым сьвеце маё месца—там ці тут? Адказ на пытаньні ўжо тут, напагатове, пад рукой.

Калі мы выключым тэлевізію, нічога істотнага ня зьменіцца. Магчымыя адказы на ўсе магчымыя пытаньні дадзеныя за нас. Кола гэтых пытаньняў абмежаванае.

Тэлевізія зь першага погляду здаецца ажыўленай карцінкай, дзе ўвесь час штосьці адбываецца, малюнкі рухаюцца, і няма магчымасьці вярнуць іх назад і аднавіць у тым самым сэнсе. У сапраўднасьці ж, там адбываецца зусім няшмат. Зло (навіны й тэлесэрыялы) й дабро (рэклама) рэгулярна чаргуюцца й перамагаюць адно адно з дапамогай узаемных адмоўных і станоўчых спасылак да тых жа самых эстэтычных узораў. Увесь час ільга назіраць тое самае: з экрану хтосьці пільна за намі сочыць. Не спускае з нас вачэй. Гэта ня мы як быццам выглядае з вакна ў зьнешні сьвет, гэта тэлевізійны экран зазірае да нас у кватэру.

Чаму глядач давярае тэлевізіі? Чаму не пытаецца, што гэта ён бачыць на экране? Адказам быў бы адказ на пытаньне: дзе гэта я? Хто пазірае на мяне з тэлевізіі? Акрамя гэтага, варта было б спытацца: хто я такі? Што яны ў мяне падгледзелі? Які там сьвет? Чаму яны за мной сочаць? Чаго яны ад мяне хочуць? Няўжо вядома, чаго? А чаму?

Калі мы выключым тэлевізію, нічога істотнага не зьмяняецца. Мы можам вольна вырашаць, гэтаксама як і тыя, хто ў тэлевізіі, перад намі, а перадусім—мы можам гаварыць аб тэлевізіі. І з выключаным тэлевізарам мы можам абраць, што купіць на абед, чым выпраць кашулю, якую каву набыць: замест тэлевізіі ільга кіравацца вулічнай рэкламай. Яна прапаноўвае нам такі самы шырокі выбар, як і рэклама ў тэлевізіі. Тое, чаго няма ў рэкламе, мы ў краме ўсё адно не набудзем. (Мы абіраем паміж Кока-колай і Пэпсі-колай, як паміж чортам і д’яблам—першай належыць вялікая частка другой і наадварот, у астатніх выпадках таксама адбываецца штосьці падобнае.) Нарэшце ў нас ёсьць магчымасьць голасна, і галоўнае ўголас выяўляць сваю пагарду да тэлевізіі. Кожны атрымае сваё і з выключанай тэлевізіяй. Паводле сваіх—натуральна ж, тэлевізійных—заслугаў.

Калі мы выключаем тэлевізію, колькасьць ейных гледачоў не зьмяняецца. Сьвет ня надта адрозьніваецца для нас ад тэлевізійнага сьвету. Калі мы выключым тэлевізію, нічога істотнага ня зьменіцца. Усё адно яна несупынна, з уласьцівай апаратам дбайнасьцю, за намі сочыць. Якія мы? Які ў нас памер абутку? Колькі дзяцей? Ці здаровыя мы? Не кашляем? Ці чыстыя мы, ці здаровая ў нас скура? Ці досыць у нас грошай на новую машыну? Пытаньні задае тэлевізія, гэтаксама як перад гэтым тэлевізія давала адказы. Ільга адказваць, ільга ілгаць у адказ, ільга зацята маўчаць. Усё адно яна аб нас, падобна як на допыце, даведаецца ўсё. А калі не ад нас, дык ад суседа альбо ад касіршы ў супэрмаркеце. Зрэшты, гэтаксама як і на допыце, адказы вядомыя ім загадзя.

Калі мы выключым тэлевізію, амаль нічога ў сьвеце ня зьменіцца. Тэлевізійны сьвет у той момант толькі нараджаецца.

Глядач і сьвет-інфарматар, сьвет і глядач-інфарматар

Нават калі мы выключым тэлевізію, мы застаемся ў сьвеце гледачамі. Атрымальніка інфармацыі й забавы паступова выштурхваюць зь ягонага сьвета—інфармацыя павінна быць даступнай усім. Замест гэтага гледача садзяць у цэнтар паведамленьняў, у цэнтар тэлевізійнага сьвету, такім чынам гэты сьвет цяпер паўсюль, прастора не абмежаваная, усе сядзяць на тым самым месцы, чалавек ператвараецца ў прафэсійнага гледача, ён нічога ня ведае аб сьвеце ані аб сабе, ня ведае, што рабіць, але ведае ўсё, усё пражыў і ўсё бачыў. Ён ня ведае, што яму рабіць, таму зробіць тое, да чаго яго заклікае экран. Вызначаючы становішча гледача ў сьвеце, тэлевізія паступова выганяе яго з цэнтру сьвета, глядач робіцца іншым, штучным цэнтрам, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі тэлевізійнага апарату, экран назірае за гледачом, фармуе яго й вызначае кожны ягоны крок паводле сваіх намераў. Тэлевізійны глядач здаецца ў сваёй гульні супраць аўтаматаў, аддае ім сваю душу, аддаецца іхнай волі. Цалкам інфармаваны сьвет адпачатна населены нежывымі, а цяпер ужо адухоўленымі ўстановамі, якія ажываюць пасярэдніцтвам мэдыяў у прасторы, створанай гледачамі.

Калі мы выключым тэлевізію, мы працягваем сузіраць вакольны сьвет, які замяняе нам тэевізійную карцінку, нічога па сутнасьці не мяняецца. Сапраўднасьць робіцца абсалютна даступнай, аднолькава адкрытай усім: як дагадзіць ажыўленым установам і аўтаматам.

Установы супраць індывідуўма

Установа (ад лацінскага institutio, instituere—in-statuere, stare, ставіць, устанаўляць, то бок, штосьці адваротнае ад узьніклага само па сабе, натуральным чынам) ёсьць стасункам узаемнага карыстаньня паміж асобамі альбо ўстановамі. Калі індывідуўм уступае ў гэты стасунак, ён перастае быць індывідуўмам (непадзельным), губляе сваю індывідуальнасьць й тоеснасьць, дзеліцца з кімсьці сваім існаваньнем і непаўторнасьцю з кімсьці пасярэдніцтвам стасунку. Установа (а такім чынам і індывідуўм у гэтым стасунку) няздольная бачыць, перажываць, яна ўмее камунікаваць толькі ў мове ўстановы (прыклад—фармуляры, дарожныя знакі, тэхнічныя рысункі й г.д.). Жыцьцё індывідуўма, які ўступае ў інстытуцыянальны стасунак з установай, дзеліцца гэтым самым на камунікацыю з установай і пачуцьці без эмоцыяў (ён губляе здольнасьць бачыць рэчы ў іхным цалку), то бок—гістэрыю. (Напрыклад, калі хтосьці едзе ў машыне, ён уступае ў інстытуцыянальны стасунак карыстаньня—ня бачыць і ня чуе, рэагуе толькі на сігналы—дарожныя правілы; эмоцыі рэдукуюцца на гістэрыю. Хаця чалавек можа спыніцца й агледзецца вакол, гэтым ягоны інстытуцыянальны стасунак не адмяняецца—ён мусіць зноў сесьці ў машыну й ехаць далей.) Ягонае перажываньне ператвараецца ў кітч. (Пададзены Кундэрай прыклад кічу як другой сьлязы таксама ёсьць цудоўным прыкладам кітчу.)

Кожны стасунак карыстаньня (ўладараньня) ня ёсьць сам па сабе інстытуцыяй. Установы (інстытуцыі) ня ведаюць чалавека, індывідуўма, яны ведаюць толькі асобнік, які ільга ідэнтыфікаваць, яны ведаюць толькі мінуўшчыну (якая зь іхнага погляду ўяўляецца як будучыня), тое, што ўжо прайшло, што ўжо адбылося. Для дзейнасьці ўстановы ёй патрэбны карыстальнік (уласьнік), іначай яна (гэтаксама як машына) не магла б функцыянаваць, установа б зьнікла. (2) У пары карыстальнік—карыстанае (уласьнік—уласнасьць) дамінуе карыстанае, карыстальнік у бальшыні выпадкаў толькі назірае й наракае (уласьнікі машын, выбаршчыкі). Установай ёсьць, напрыклад, тэлевізія: тут між сабою камунікуюць толькі ўстановы: уласьнік тэлевізару з уласьнікам тэлевізійнага эфіру.

Мова аддзяляе стасунак між тым, што мы бачым, і тым, што спазнаем (апісваем); чым больш мы аб чымсьці гаворым, тым больш сама гэтая рэч губляецца з вачэй. Сьвет, упарадкаваны з дапамогай мовы, ня ёсьць сусьветным парадкам. Чым прасьцейшым ёсьць упарадкаваньне, тым больш сьвет губляецца зь відавоку. Мэтай упарадкаваньня ёсьць зарыентавацца ў сьвеце так, каб яго ільга было асвойтваць. Чалавек падзяліў сьвет на сьвет установаў і сьвет пачуцьцяў. Установам вядомая толькі мінуўшчына, карыстаньне рэчамі (й карыстаньне сабой), унармаваная сапраўднасьць.

Заўвагі:

(1) Калі аб палітыцы часам гавораць як аб (благой) камэдыі альбо драме, дык відавочна, што яе параўноўваюць з тэлевізіяй. Палітычная камэдыя ці драма, гэтаксама як і тэлевізійная, не адкрываюць сьвет, а наадварот закрываюць, затойваюць.

(2) Часам установа паводзіць сябе больш як чалавек, чымся сам чалавек, які імкнецца ўступіць зь ёю ў інстытуцыянальны стасунак, прыклад—паводзіны ўстановы Замку й землямера ў Кафкавым “Замку” (падобна і ў “Працэсе”).


© Пераклад — Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI