*Усе
Клімавы вершы (агульнай колькасьцю каля дзясятка) былі створаны ва ўзросьце
прыблізна 15-17 гадоў і публікаваліся ў напаўпадпольным школьным часопісе.
Пазьней ён паэзіі не пісаў (вершаваныя ўстаўкі-песенькі ў “Вялікім рамане”
хоць і выдаюць надзвычай здатнага вэрсіфікатара, але ў астатнім з паэзіі
мэтадычна зьдзекуюцца). На думку дасьледчыкаў, гэтыя раньнія спробы юнага
вундэркінда зьяўляюцца амаль дзівосным прадбачаньнем усяго напісанага
ім пазьней, тэматычным вытокам Клімавых сталых філасофскіх твораў.
Мэтэмпсіхоз
У
дні журбы, забавы альбо працы,
Міжволі мусіў думаць штомінутна,
Што ўсё ў душы нязьменнасьцю закута.
Бачыў, як душы розных генерацый
Імкнуць,
няздольныя трансфармавацца,
Цераз жыцьцё зь ягонаю пакутай,
Каб потым, як яно ў прадоньне зьдзьмута,
У новую істоту перабрацца.
Так
па жыцьці плывуць яны адвеку,
Сатканыя з заўсёднага няшчасьця,
Бязрадна з чалавека ў чалавека,
У
цела зь цела зноў перабірацца
Асуджаныя ў марным калабегу...
Іх ёдкі боль дзіцяці перадасца.
Васалы
працоўных месцаў
Які
ж ты вечна сьмешны, гурт зануд,
Што ў вузкім прафэсійным коле васкім
Вагу законаў надаеце ўказкам
Работы, аб якой вядзеце гуд.
Дабраахвотна
ўлазіце ў хамут,
Мэтаю вашаю—адно прыстанак рабскі,
Яго вы прагнеце, завеце “абавязкам”,
Вяршыняю ўсяго—ваш інстытут.
Ваш
погляд чорнай паскай завязаны,
Сабачай службай вернай павязаны,
Яна вам—вышняй мэтай сьветлазарнай.
Сьляпыя!
Вы яшчэ й абавязаны
Ярму, якім ваш зрок абмежаваны...
О, вечна сьмешныя, чый дух абрабаваны!
Стварэньне
Калісьці
бог быў сам, вакол—нічога,
Ані прасторы. Раптам сьветла выбух
Зазьзяў у Ім—жыцьця выток і выдах,
І прагай творчасьці зарумянеў твар бога.
Прастору,
зьзяньне сонца залатога,
Каметы, зорак лёд сьвятло стварыла.
Дух бога затрымцеў у боскіх жылах.
Ствараць, як Ён—шанцу няма ні ў кога!
Твор
выявіўся творцы ўвасабленьнем:
Сусьвет і бог—аднога цела лучнасьць...
О, сіла багароўная стварэньня!
Паўсюль
цяпер прысутнічае боства—
У нас, у рэчыве ўсьцяж боская сугучнасьць...
О, новы выбух боскай сілы—творчасьць!
Сатыр
і Элада
Сатыр,
часам Элады залюляны
Каля ракі, у зарасьцях пячоры,
Прачнуўся праз стагодзьдзі—спрэс прасторы
Наўкол пакрыў саван сьнягоў бялявы...
Ішоў
завеяй, крок ад зьдзіву млявы:
Усё чужое—край, прырода ў зморы...
Прыняў перад сабой паўсталы горад
За лес і рушыў у натоўп рухавы.
Пацешная
яго чакала клетка;
Сьмяяўся люд, прачнуўся сьвет вучоны;
Глядзіце—малпа, продак чалавека,
І
ўзьнікла мудрых думак незьлічона.
Ды не згадала думка ні адна
Эладу, дзе ўладарыла вясна.
Да
свабоды
Свабода!
О, дэвіз і герб сусьвету!
Інстынкт, схаваны ў кожнае істоце,
О вольны дух, сьцяты ў абдымках плоці,
Што ўзносіць зорак тысячу ў паветра!
Ты
з раю людзтва выгнала навечна,
Затое яно вырасла ў стагодзьдзі!
І чуе ўжо—крыльлё тваё лапоціць
І авявае ураганным ветрам.
О,
шчасны лёс, калі б ты сьвет скарыла—
Тады нашая мара праўдай будзе,
Хоць сёньня і нагадвае шчэ сон нам,
О
боскі час, калі на тваіх крылах
Кожны ўзьнясецца над душы загонам—
Толькі тады здабудуць шчасьце людзі.
SUS TRIUMFANS
Напачатку
верасьня Віторыё Романо ўвайшоў а восьмай гадзіне вечара ў адну вельмі
папулярную рымскую карчму.
Ягоны
выгляд зьдзіўляў. Хаця паводле ягонага касьцюму яму ільга было даць значна
болей гадоў, яму было ўсяго трыццаць сем. Ён быў высокі, кашчавы, нават
хударлявы, але штосьці ў ягоным твары выдавала, што ён павінен быць значна
моцны целам. Выцягнутае, бледнае, худое аблічча мела правільныя і шляхотныя
рысы; яго ільга было б назваць прыгожым, калі б ягоны выраз ня быў такі
незвычайна непрыемны (горкі, прыкры), строгі, пахмурны й зьдзічэлы. Вялікія
зеленаватыя вочы пад высокім ілбом зьзялі надта ж жахліва, пагрозьліва
й агрэсіўна, нават зшалела; пры гэтым яны пазіралі зь ільдзяной выведлівасьцю
й вывучальнасьцю. Пад зьлёгку арліным, прыгожым носам рысаваўся маленечкі
і вельмі вытанчаны рот, у якім прамаўляў, нават калі ён маўчаў, скрайне
баявы, упарты характар. З твару, які выпраменьваў адмысловае зьзяньне
і быў адначасова цьвёрды як скала, палымяны і па-дзіцячы ці па-жаночы
наіўны, было відавочна, што Романо ёсьць вельмі энэргічным чалавекам высокага
духу, незвычайна таленавітым чалавекам дзеі і прыроджаным лідэрам. Хаця
зьнешне ён ня быў падобны да Напалеона, чытач можа стварыць сабе прыблізнае
ўяўленьне аб выразу ягонага твару, калі знойдзе добрыя партрэты яшчэ маладога
карсіканца...
Ён
быў нежанатым і дробным, але параўнальна даволі добра аплочваным службоўцам...
Хуткім,
рэзкім крокам, які звычайна выдае камандзіра, ён увайшоў у вялікае памяшканьне,
амаль што цалкам поўнае... Ён агледзеўся—спаволіў крок—і ледзь заўважны
выраз нерашучасьці, нават роспачы зьявіўся ў вачох, якія стралялі позіркі
з боку ў бок... Але тут жа ён грозна ссунуў бровы й рэзка прысеў да невялікага
стала, ля якога было адзінае вольнае месца...
Чатыры
спадары сярэдняга веку сядзелі за тым самым сталом. Іхныя твары былі ўсе
як адзін вясёлыя, лагодныя, добрыя й бадзёрыя.
“Добры
вечар!”, павітаўся зь імі Віторыё гучным, адрывістым голасам.
“Добры
вечар!”, адказалі яны вельмі ветліва, пазіраючы на яго дапытліва й вельмі
сьціпла. Адзін зь іх, найменшы, найтлусьцейшы, найвесялейшы і найняўрымсьнейшы,
загаварыў:
“Дарагі
спадару, мы вельмі радыя, што вы да нас прыселі, і вы, несумненна, таксама
будзеце вельмі гэтаму рады. Кожны ў нас жаданы госьць! Дазвольце вам паведаміць,
што гэты стол называецца “сталом пяці дабразычліўцаў”. Мы—чацьвёра зь
іх, пятага сёньня ня будзе! Вітаем вас на ягоным месцы!”
“Так!”,
запэўніў іншы, вялікі і шумны, надзвычай гаваркі і прастадушны, што ніколі
не злаваў на ніякую зьнявагу. “Толькі весялей, шаноўны! І ня хмурцеся
вы так, нібы, з дазволу сказаць, які бандыт—калі ласка, вельмі вас прашу,
ня злуйце! У нашым таварыстве дагэтуль мы здолелі разьвесяліць кожнага,
хацеў бы я паглядзець на таго, хто б сярод нас не сьмяяўся! Кожны з намі
пачувае сябе ў сёмым небе, спытайцеся ў каго-заўгодна—такіх добрых, дабрадушных
людзей толькі пашукаць!”
“Дзякуй,
паглядзім!”, сказаў Романо настолькі ж адрывіста, не мяняючы выразу нахмуранага
твару.
“Ну,
ня хмурцеся, ня хмурцеся, шаноўны!”, сказаў паслужлівым тонам трэці, вельмі
ціхі, сьціплы й прыстойны. “Не заўгодна пану нюхнуць?”
“Калі
вы ня нюхаеце”, сказаў чацьвёрты, чырвоны, па-жаноцку ласкавы, салодкі,
“дык не пагрэбуйце прынамсі маймі цыгарамі—гаванскія, між іншым—калі ласка,
вазьміце, колькі пажадаеце, вы зробіце мне вялікую радасьць...”
“І
піце за наш кошт!”, гукнуў вясёлы... “Піце, колькі ўлезе, мы зафундуем!”
“Я
не люблю падарункаў! Хіба я выглядаю настолькі бедна, што вы зьбіраецеся
за мяне плаціць?”
“Прашу
прабачэньня—я зусім не хацеў вас абразіць! Але ж вы настолькі датклівы,
спадару! З вамі насамрэч цяжка паразумецца!”
“І
ўвесь час такі пахмурны!”, засьмяяўся гаваркі, “І пазірае на нас так,
як быццам мы ягоныя ворагі, а ён хоча даць нам кожнаму поўху. Але, калі
ласка, не абурайцеся!”
“Я
не абураюся, шаноўнае спадарства!”, адказаў Віторыё, “вы—мілыя людзі...”
І засьмяяўся... Але ягоны сьмех гучаў, як заўсёды—як штосьці зьдзеклівае
і вымушанае...
“А
зараз давайце весяліцца й бавіцца!”, сказаў сьціплы. “Аб чым мы пагаворым?”
“Ну,
найлепш яшчэ пагаварыць пра віны і пра ласуначкі (прысмачкі)—гэта заўжды
вясёла і забаўна!”, адказаў весялун.
“Шаноўны
незнаёмец, як вам падабаецца гэтае віно? Цудоўнае, ці ня праўда ж? Тут
падаюць надзвычайна добрае віно!”
“Тут
такое ж віно, як і ўсюды!”, адказаў Віторыё. “Дробныя адрозьненьні ня
вартыя нават размовы!”
“Што-што?”,
ускрыкнуў весялун зьдзіўлена, “Вы напэўна жартуеце! Хе-хе-хе! Віно, кажа,
як віно, о дзе сказаў!”
І
ўсе чацьвёра засьмяяліся. Романо спахмурнеў яшчэ больш.
“Калі
ласка, хай пан не крыўдуе”, сказаў салодкі, “але тое, што вы сказалі,
насамрэч крышачку сьмешна! Хе-хе-хе!”
У
воку ў Романо зараіліся маланкі. Але ён авалодаў сабой і прамаўчаў.
“Чаму
вы ўвесь час маўчыце, шаноўны пане?”, спытаўся гаварун... “Божа, цяжкая
з вамі праца! Ня ведаю нават, ці разьвесялім мы яго! Дык скажыце ж нешта!”
“Пра
што? Пра жратву і бухло? Хіба вы ня ведаеце, спадарства, што гаварыць
аб гэтым ня варта мужчын? Старажытныя рымляне, нашы продкі, з пагардай
адвярнуліся б ад таго, хто завёў бы аб гэтым гаворку!”
“Ого!”,
гукнуў вясёлы. “Але ў вас дрэнная інфармацыя! Старажытныя рымляне дбалі
аб сваім страўнічку яшчэ больш за нас—Лукулавы піры...”
“Дык
вы сумняецеся ў тым, што мы мужчыны?”, спытаўся салодкі.
“Не
сумняюся, бо ведаю, што вы імі ня ёсьць!”
“Што-што?”,
ускрыкнуў гаваркі, “Нам што, варта вас пераканаць, што мы—мужчыны?”
Вочы
Романо ваяўніча зазьзялі. “Буду рады!”, сказаў ён з выклікам. Але адчуваў
пры гэтым, што паводзіць сябе як шаленец, што тут ня можа насамрэч дзейнічаць...
Загрукатаў
выбух сьмеху. Урэшце, вясёлы сказаў: “Шаноўны спадар, тут гэта немагчыма!
Але хадземце са мной—вы яшчэ дакладна ня ведаеце, дзе тут пісуар—я вам
яго пакажу...”
Толькі
тут да Віторыё дайшло... “Прабачце!”, сказаў ён. “Я думаў, што вы ведаеце
розьніцу між поймамі “мужчынскасьць” і “мужнасьць”. Слова “мужчына” ўжываецца,
спадары, у двайным сэнсе, і калі б вы былі мужнымі, вам бы й думка не
прыйшла выкладаць слова “мужчына” ў сэнсе “самец”!”
“Гм!”,
сказаў вясёлы. “Вашыя словы крыху цьмяныя... А яшчэ мне здаецца, што вам
заўгодна нас пакрыўдзіць—і што вы крыху—пардон—гэткі падкольшчык! Але
мы—сардэчныя людзі і не зважаем на гэта! Але што гэта за забава такая?
Ніякіх больш абразаў і павучаньняў!”
“Павучаньне,”
сказаў Віторыё, “ёсьць забавай, і няма большай забавы, чым дыскусія аб
узьнёслых прадметах веданьня. Рабіць адрозьненьне між забаўным і павучальным—вар’яцтва.”
“А
божачка мой! Вы непапраўныя!”, заламіў рукі салодкі. “Ён сёньня не разьвесяліцца—не
разьвесяліцца, вось убачыце, сябры!”
“Але
можа ўсё-ткі разьвесяліцца—толькі пазьней!”, сказаў прыстойны.
“Так,
пачакайма й давайце весьці бяседу пакуль што безь яго!”, прамовіў гаваркі.
І
чатыры дабразычліўцы ўзяліся за “бяседу”; спачатку яны гаманілі аб ежы,
потым аб вулічным бруку, потым аб нейкім сябры, якому дастаткова выпіць
дзьве шклянкі віна, каб напіцца. Пра ўсё гэта яны размаўлялі неверагодна
нудна, баючыся ў сваёй дабрыні, то бок баязьлівасьці, сказаць аб гэтых
рэчах штосьці істотнае. Няма розьніцы, якой ёсьць тэма размовы, галоўнае—якім
спосабам яна абмяркоўваецца. А звычайныя людзі заўсёды гавораць аб адносна
нудных рэчах яшчэ больш нудным спосабам. Такую яны вялі бяседу...
“Кожны
б сказаў”, думаў Віторыё, “што гэта—самыя лепшыя, самыя прыемныя і самыя
дабрадушныя людзі ў сьвеце. Але іхныя маленькія вочкі пад нізкімі ілбамі
сьведчаць аб тым, што яны—людзі звычайныя, г.зн. нізкія і кепскія... У
звычайнага чалавека ніколі ня можа быць добрага сэрца—іначай добрае сэрца
было б чымсьці заганным. Добрае сэрца ёсьць прывілеем вялікіх людзей.
Так! Добрае сэрца ёсьць чымсьці ўзьнёслым—а значыць і рэдкім—як сканчаецца
Спінозава “Этыка”. Гэтыя мізэрныя чэрві! Спадзяюся, што, як кажа Гётэ,
“неўзабаве ў іх выявіцца бяспрыкладная бэстыяльнасьць.”
А
тая пачала ўжо выяўляцца.
Ад
пітушчага сябра яны перайшлі да сьвіньні, ад сьвіньні да ўсіх жывёлаў
наагул—а ў поглядзе на жывёлаў і ў спачуваньні зь імі найлепш выяўляецца,
як вядома, сэрца і дух чалавека.
“У
майго бацькі былі куры, і пачала іх цягаць куніца”, распавядаў весялун.
“Той паставіў на яе пастку і патрапіў яе злавіць... І ведаеце, што ён
ёй зрабіў? Выкалаў ёй вочы і пусьціў бегаць па каморцы бяз вокнаў. Ведаеце,
гэтая скацінка, хоць і ня бачыла, магла б ускочыць на вакно і ўцячы...
Сябры, о дзе было сьмеху, як яна бегала па пакоі, як шалёная, білася галавой
у вокны—і па сьценах караскалася—ну ці паверыце? А мой бацька ўвесь час
пляскаў у яе над галавой бізуном і хвастаў яе—яна так сьмешна енчыла.
Мне было тады дваццаць год, і я думаў, што памру са сьмеху! Хе-хе-хе!”
І згадаўшы гэта, ён загігітаў зноўку, ажно сьлёзы з вачэй капалі. Іншыя
дабразычліўцы разам зь ім.
“Так
ёй было і трэба!”, сказаў салодкі. “Такая драпежа, якая забівае хатнюю
птушку, нічога іншага не заслугоўвае!”
“А
чалавек яе не забівае?”, спытаўся Віторыё. У ім кіпеў гнеў.
“Ну,
чалавек—гэта ж зусім іншая рэч!”, засьмяяўся весялун. “Як вы можаце быць
такім адсталым, шаноўны, і прыраўніваць чалавека да гэткага быдла? І гэтак
мой бацька мучыў яе яшчэ тры дні. Адрэзаў ёй...”
“А
я вам раскажу нешта яшчэ лепшае!”, перабіў яго прыстойны. “Быў у мяне
сабака, добры, верны—як лепей нельга... Але ніяк ня мог адвыкнуць класьці
на мяне лапы, калі я быў сьвяточна апрануты. Біў я яго за гэта, біў—аднойчы
зьбіў яго такім тлустым дубцом, што ён некалькі дзён ляжаў на ложку і
ня мог устаць на ногі—хе-хе-хе! Але толькі акрыяў, зноўку на мяне скочыў.
Вы ж мяне ведаеце—я чалавек добры, ані кураня б не пакрыўдзіў. Але гэта
дык мяне разьюшыла! І надумаў я, што як толькі ён гэта зробіць яшчэ раз,
дык зраблю яму такое, чаго яшчэ ніхто сабаку не рабіў. Але тут ён якраз
да мяне ня йшоў і ня йшоў, як быццам пранюхаў, што ў мяне наўме! А гэта
яшчэ больш мяне разьюшыла! Скаціна, кажу, за гэтую тваю хітрасьць я павінен
цябе пакараць! Дык аднойчы паводжу сябе зь ім ласкава—ведаеце, часам я
з сабакамі ня цацкаюся!—даю яму мяса, а потым нарэшце й кажу: “Гоп!—скоч
на мяне!”. Але ён штосьці ня хоча. Я раззлаваўся на тую ягоную хітрасьць,
так? Але яшчэ раз кажу ласкава: “Гоп! Скоч!” А ён зноўку не! Тут я бяру
розгу ды як закрычу: “Сюды! Скоч на мяне!” І тут ён нарэшце паслухаўся—падла
паршывае—і запэцкаў мне нагавіцы. Я на яго крычу: “Дык вось як ты слухаесься
гаспадара? Дык я цябе марна столькі вучыў, каб іы на мяне не скакаў?”
І ведаеце, як я яго тады пакараў? Спачатку зьвязаў яго так, ажно косьці
ламаліся. Перад гэтым я яму, натуральна, насадзіў намызьнік. Потым пачаў
яму распаленым да чырвані жалезам паліць пыцак, бруха—усё цела! У жыцьці
я так не весяліўся! Што гэтая бестыя вырабляла—як скавытала, круцілася,
на хрыбце скакала! І ведаеце, мне нават падалося, што прасіла літасьці!
Я ледзьве ня покнуўся са сьмеху, паверце!”
“Хе-хе-хе!”,
надзвычай шчыра сьмяяліся весялун, гаварун і салодкі.
“А
потым я ячшэ абліў яго кіпенем, пераламаў косьці і выкалаў вочы—а потым
кінуў яго ў склеп! Цэлы дзень ён там так якатаў, што было чуваць ажно
ў доме! Хацеў я яго там доўга трымаць, пакуль ня здохне, але кватаранты
скардзіліся на шум. Дык я, як што я сэрцам добры і кожнаму рады дагадзіць,
пайшоў у склеп і тое паршывае, неслухмянае падла забіў... Але перад тым
яшчэ так яго зьмясіў, што зь яго шматкі лёталі...”
Пакуль
ён апавядаў, Віторыё думаў, бледны і ўвесь скаланаючыся: “Калі будзе ў
мяне магчымасьць, дык клянуся гонарам, што зраблю з табой тое ж, што ты
з тым сабакам!”
“Але
сябра,” сказаў салодкі, выціраючы сьлёзы сьмеху, “усё-ткі ты паступіў
нечульліва. Хоць гэта было й нямое стварэньне—але ж яно таксама адчувае!”
“Дзе
гэта чулі, такое казаць аб нейкім паскудным быдле!”, забуркатаў сьціплы.
“Але
сабака—верная жывёла!”, працягваў салодкі. “Я б сабаку такога ніколі не
зрабіў. А вось кату! Я вам таксама нешта распавяду! Была ў мяне котка—то
бок, не ў мяне, а ў маёй жонкі. Я гэты іхны род, што жарэ птушкі, не трываю—але
бабе сваёй павінен дагаджаць—іначай яна б мне ўваліла. Дык тая нашая котка
лазіла па мэблі, і я ніяк ня мог яе адвучыць. Аднойчы я перабіў ёй нагу,
ды толькі яна бегала па мэблі на трох нагах. Дык што рабіць? Аднойчы,
калі жонкі не было ўдома, я распаліў печку, запіхаў тую падлу ў духоўку
і зачыніў... Яна разьбіла галаву аб заслонку й ледзь яе ня выштурхнула...
Гэткі дробны зьвер, а якая сіла—вы не паверыце! Зазіраю ў духоўку—тая
не варушыцца. Выцягваю яе, а тая як пачне лётаць па кухні, што той чорт!
Я ня ведаў, што рабіць, баяўся, што яна мяне пакусае й падрапае—і стаю
там, як слуп. Тут прыходзіць дамоў мая баба—во дзе было вэрхалу! І не
пытайцеся, сябры! Спачатку яна гэтай скаціне адсякла сякераю галаву, каб
тая гнюсота не пакутавала, а потым той сякерай мяне ледзь не забіла—але
перадумала. Ня верыла мне, што котка сама ўлезла ў духоўку—настойвала,
што гэта зрабіў я праз сваю нянавісьць да той паскуды!”
“Дык
ты, відаць, атрымаў такога дубца, як тады, калі мы цябе п’янага прынесьлі
дамоў!”, засьмяяўся весялун.
“Не
такога,” адказаў салодкі. “Крыху толькі—але лупіла без папярэджаньня...
Але мне было хоць бы што, галоўнае, што я той паскуднай котцы адпомсьціў!”
“Спадарства!”,
сказаў Віторыё, скаланаючыся. “Якая жывёла здольная да падобных нікчэмнасьцяў,
як тыя, аб якіх вы апавядалі?”
“Ага!”,
ускрыкнуў гаварун. “Наш маўклівы спадар зноў набыў дар мовы! Але ведаеце—між
жывёлай і чалавекам усё-ткі ёсьць розьніца! Нельга іх абаіх мерыць адной
меркай!”
“Так,
бо ніводны зьвер ня ёсьць такім зьвяр’ём, ніводная скаціна такім скатом,
як дабразычліўцы кшталту вас! Таму нельга мераць чалавека і жывёлу адной
меркай!”
“Але
дазвольце, спадару!”, сказаў вясёлы. “Вы нас называеце зьвяр’ём і скатамі—гэта
нас абражае!”
“Я
вас так не называю, я вас называю проста людзьмі, таму што падобныя гнюснасьці
ёсьць прыкметай выключна чалавечай!”
“Шаноўны!”,
наважыўся сьціплы. “Вы нас падколваеце...”
“За
тое, што мы да яго, невядомага чалавека, былі такія прыемныя, ён нас падколвае!”,
ускрыкнуў вясёлы.
“Я
вас не падколваю—але усёй душой хацеў бы ў вас калануць—толькі йначай!”,
адказаў Віторыё, усё яшчэ ўзрушаны. І ўстаў. Ён зразумеў, што ня можа
тут зь імі болей сядзець.
“І
вы яму дазволіце сыйсьці?”, азваўся гучны голас за суседнім сталом. “Дык
вы насамрэч дабразычліўцы! Я б з такім чалавекам абыйшоўся зусім іначай.”
“Рацыя,”
сказаў гаваркі, “пане карчмар, гэты чалавек нас тут груба абразіў! Навучыце
яго, што вашых сталых кліентаў ніхто ня можа крыўдзіць. Ён нават пагражаў
нас закалоць!”
“Яго
трэба папрасіць адсюль іначай!”, азваўся той гучны голас, чый уладальнік,
тлусты мужчына, ускочыў. “Вытурыце яго, пане карчмар!”
“Так,
так!”, закрычалі ўсе, хто сядзеў вакол, і паўскоквалі. Віторыё скіраваў
да дзьвярэй...
Але
тлусты спадар ужо схапіў яго за каўнер. Астатнія разам з карчмаром таксама
кінуліся да яго. Таксама дабразычліўцы! Вясёлы і салодкі ўзброіліся кіямі
і, поўныя адвагі, беглі да дзьвярэй.
Віторыё
імкліва павярнуўся і, схапіўшы тлусьцяка за грудзі, рэзка шпурнуў яго
ў сьцяну целаў. Ён падскочыў да дзьвярэй, але дзьве поўхі яшчэ яго дасягнулі—а
адна зь іх зьбіла яму з галавы капялюш...
Узьняўшы
яго, ён выскачыў на калідор і засьпяшаўся прэч. Увасьлед яму гучаў сьмех
дзьвюх прыгожых афіцыянтак... Натоўп людзей вырваўся за ім. Але ён ужо
быў на вуліцы. Мноства зьнявагаў перасьледавала яго яшчэ нейкі час...
Потым ён зьнік у завулку. Бездапаможны, сьляпы гнеў праймаў ягоную душу
і адносіў яе з сабой. Дзьве вуліцы ён прайшоў у непрытомнасьці, ня ведаючы,
як. Толькі потым ягоны гнеў і сорам супакоіліся.
“Цьху!”,
сплюнуў ён. “Як жа я дазваляю жарсьці сабой авалодаць, як слабак! Няўжо
я настолькі няздатны як чалавек дзеі? Але ясна, што ў гэтых умовах я загніваю!
Адылі хопіць!”
Ён
спрабаваў агораць сваю жарсьць, але зь невялікім посьпехам. Як ён ні спрабаваў
скіраваць сваё мысьленьне ў яснае, разумнае рэчышча, плынь ягонай жарсьці
і фантазіі зноў і зноў зносіла ягоныя з намогай пабудаваныя канструкцыі...
Увесь час да яго вярталіся згадкі пра асобныя прыкрыя падзеі і моманты,
пасьля чаго ён апраўдваўся сам перад сабой, даказваючы сабе, што ён, што
б там ні было, паводзіў сябе годна—і гэтак уздымаў сябе ў сваіх вачах.
І ўсё-ткі памсьлівыя думкі перамаглі... Ён з асалодай уяўляў, як бы ён
разьбіў чарапы тым дабразычліўцам, таму таўстуну, што схапіў яго за каўнер,
карчмару, калі б сустрэў іх сам-насам! А як наконт тых невядомых, якія
далі яму поўхаў? Ён жа іх нават не пазнаў бы, калі б сустрэў у лесе! Аднак—якая
розьніца? Усё чалавецтва ёсьць мізэрным сьмецьцем і паршывай жамярой,
трэба помсьціцца ўсяму чалавецтву без выключэньня! Але толькі як? І фантазія
выснавала яму, што ён стаўся нейкім асаблівым чынам непашкодным, што дастаткова
аднаго ягонага слова, каб зьявілася, як у той казцы, мноства агромністых
жалезных дручкоў, якія раскрышаць усё, што ён загадае; што ў яго ёсьць
здольнасьць сваёй воляй прыцягнуць да сябе кожнага, як бы далёка ён ні
быў—як ён адвяжацца на гэтай людзкой жамяры, як гэтыя падлюкі будуць трымцець,
падаць на калені, слупянець пры гуку ягонага імя, абагаўляць яго!
“Ці
ня ёсьць слабасьцю трызьніць аб гэтым?”, пытаўся ён сам у сябе... “Не!
Падобныя фантазіі ёсьць надзвычай натуральнымі, нават псіхалагічна неабходнымі.
Яны дадаюць чалавеку сілу—і робяць яго вельмі шчасьлівым. Яны ж таксама
ёсьць кшталтам рэальнасьці; пакуль я марыў, моцай сваёй ілюзіі я быў насамрэч
панам чалавецтва, больш вялікім за любога да мяне, бо перажываў усё тое,
што перажываў бы, калі б мая мара ажыцьцявілася—і быў шчасны... А гэта
ёсьць мэтай і цэнтрам усяго... Толькі псіхічныя станы ёсьць рэчаіснасьцю
і праўдай... Трэба толькі трымаць фантазію адасобленай ад сапраўднага
і не мяшаць гэтыя два жыцьці між сабой... Іначай мы станемся ці то фантастамі
дзеі, ці то засьмяглымі, пустымі душою. Я ў гэтым майстра—значыцца, магу
дазволіць сваёй фантазіі поўную свабоду!”
Ён
дайшоў да вялікага парку. Была ўжо поўная цемра і амаль нікога там не
было. Жарсьць паслабілася, і Віторыё замармытаў: “Які ж я блазан, што
наагул размаўляю з той набрыдзьдзю і спрачаюся зь ёю! Адзіны разумны спосаб
паводзінаў—гэта не размаўляць зь людзьмі і не шманаць на іх, калі ў нас
няма патрэбнай сілы, каб ім загадваць... Зайздрошчу Эўджэньё, той на людзей
ані ўвагі не зьвяртае, таму што ў яго няма патрэбы ў іхным таварыстве...
Мне ж яно патрэбнае—але я ў такой пазіцыі, што мушу стацца сабакам, каб
гэтую патрэбу задаволіць... Да д’ябла! Трэба альбо ўвесь час гніць і быць
сабакам—альбо памерці—альбо ў рэшце рэшт наважыцца. Але гніць болей я
ня буду, таму што не хачу, памерці таксама не хачу—значыцца, я павінен
наважыцца!”
Нейкі
час ён сядзеў моўчкі, заглыблены ў свае думкі... Потым пачаў шаптаць:
“Дагэтуль я ня мог наважыцца—але гэта была слабасьць... І зараз мне гэта
здаецца складаным—трасца!— Але наколькі ж лёгкае гэтае найцяжэйшае рашэньне,
калі заўгодна... Дастаткова намаганьнем волі павярнуць думкі ў іншым кірунку,
уявіць сабе ганебнасьць сваёй слабасьці—дадаць да гэтага крыху стаіцызму—і
рашэньне будзе лёгкім, а вось ужо і ўчынак зьдзейсьнены. Калі я так кажу,
я адчуваю, што цяжар зь мяне спаў—што я б мог лёгка адразу ж перайсьці
да дзеяньня—дзеяньня—урэшце пачаць дзейнічаць!”
Яму
палегчала, і ён узрадаваўся. Рашэньне больш не было для яго цяжкім—тым
ня менш, ён усё яшчэ ня вырашыў... Порстка скіраваў ён дамоў...
“Так,
нічога іншага мне не застаецца, гэта павінна стацца!”, зашаптаў ён празь
нейкі час. “Маё становішча павінна памяняцца—я павінен пачаць дзейнічаць
дзеля дасягненьня гэтай мэтай! Ганьба мне, што я так доўга вытрымаў у
гэтым балоце. Для звычайных людзей, гэтых гнюсных балотных інсэктаў, балота
ёсьць даволі адпаведным асяродзьдзем; але калі ў ім застаюцца людзі вышэйшыя,
гэта ёсьць грэх усіх грахоў. Прэч! Ну і што, што я траплю зь яго ў згубу—што
з таго? Кожны вялікі дух несупынна стаіць на краі згубы, і на працягу
ўсяго жыцьця яго пільнуе сьмерць... Змаганьне ёсьць маёй стыхіяй—дык кіньмася
ў яе зь вясёлай, жвавай думкай!
Навалач
называе свае заняткі дзейнасьцю—тым часам як яны ёсьць жабраваньнем і
рабствам... Называе іх працай—а яны ёсьць толькі сродкам забыцца на нутраную
пустэчу і гнюс перад сабой. Усё, што заслугоўвае назвы “дзейнасьць”, ёсьць
абавязкова супрацьзаконнай дзейнасьцю; гэтае іхнае “зарабляньне на сябе”
ёсьць настолькі гнюсным лайном, што той, хто вымушаны доўгі час па ім
хадзіць, сам ім прасякнецца, сам сапсуецца. Мяне заўсёды праймала невыказная
агіда да таго, што называецца “рабіць кар’еру”: да гэтага вульгарнага,
эгаістычнага, бессаромнага, сьлінтавага прадзіраньня скрозь сьмярдзючы,
жывёльны натоўп недарэкаў з дапамогай локцяў... І яшчэ я зразумеў, што
той, хто хоча сярод людзей выйсьці ў людзі, павінен поўзаць у іх пад нагамі.
Хто гэтага ня ўмее, хто крочыць роўна, хутка памрэ ад укусу атрутных паўзуноў,
над якімі ён меў дзёрскасьць узвысіцца... Толькі дзьвюма рэчамі мы ў людзікм
грамадзтве дасягем усяго: поўзаньнем і тым, што называюць “працай”. Але
праца прызначаная толькі звычайным, няздольным да вышэйшага людзям. Ці
працуюць леў, асёл? Не, толькі мул і вол... І жарабя, і быка трэба аблягчаць,
то бок, сапсаваць, зрабіць кастратамі, каб прыстасаваць іх да працы, то
бок—прыгону... Вышэйшаму чалавеку патрэбная ня праца, а вольная дзейнасьць,
разьюшанасьць, прыгоды, гульні, цікавосткі палёту; ён ёсьць Пэгасам, а
ня мулам. Ён здольны да працы толькі ў інтарэсах высокай мэты; толькі
калі праца ёсьць дапаможніцай палёту, тады ён здольны выконваць яе без
гідоты. Напалеон, Фрыдрых Вялікі й іншыя былі вельмі працавітыя як уладары;
але як службоўцы яны былі б “гультаямі”... Праца ёсьць супрацьлегласьцю
дзейнасьці: стаўшыся судзьдзёй ці натарыюсам, стаесься рабом, то бок—пасіўным.
Праца ёсьць пасіўнасьць, а таму ня ёсьць дзейнасьцю...— Такім чынам, “зарабляньне
на сябе” двакроць апускае вышэйшага чалавека!...”
Разважаючы
гэтак, ён дайшоў да сваёй кватэры і адразу ж лёг... Калі ён нарэшце заснуў,
узыходзіла й чырванела з глыбіняў доўгае ночы раніца.
*
* *
Некалькімі
гадзінамі пазьней Віторыё сядзеў ля вакна і паліў люльку. Як у ліхаманцы,
віравалі ў ягонай галаве шалёныя ўявы, і ён у раптоўнай рашучасьці зацінаў
кулакі... Пачуўся грукат у дзьверы, і ўвайшоў ягоны сябар Эўджэньё.
У
сваёй разьятранасьці Віторыё ня мог не распавесьці яму ўсё, што сталася
ў карчме, і дадаў: “Той, хто ёсьць звычайным чалавекам, ня мае спачуваньня
з жывёламі! Гэта правіла бяз выключэньняў. Звычайны чалавек ня любіць
жывёлаў, таму што ня любіць наагул нічога, апроч сваёй нізкасьці. Калі
хочаш спазнаць чалавека, то найлепш будзе, калі будзеш назіраць, як ён
абыходзіцца з жывёламі; людзі хоць і прыкідваюцца паўсюль—але ў гэтым
яшчэ не настолькі: прыкідвацца няма патрэбы, бо тут ніхто нікому не закідае
нават найвялікшага скоцтва. Спачуваньне жывёлам ёсьць адзіным меней-болей
вялікім вакном, у якое відаць чалавечае нутро. Мая старая прыслужніца
здаецца самай дабрадушнай істотай у сьвеце: увасабленьне згоды, спагадлівасьці
і мядовай ветлівасьці—ілюзія, што яна насамрэч ёсьць добрай жанчынай,
амаль неадольная... Але аднойчы прынесла яна дамоў параненую птушку. “Небарака,
мая ты залаценькая!”, уздыхнула гэтая пачвара. Паставіла птушку на стол,—птушка
ўзьлятае,—з усяго разгону ўдараецца галоўкай аб вакно, падае на падкавоньне
й застаецца ляжаць нерухома. Мне ў той момант было, як быццам гэта я атрымаў
удар па галаве—нават яшчэ горай; а гэтая чульлівая жанчына разявіла хлябала:
“Хе-хе-хе!”. Яшчэ неяк ударыў быў нейкі паскуднік сабаку па назе з усяго
размаху. “Хе-хе-хе!”, зноў прагучала зь яе хлебарэзкі... Падманлівая пазалота
ў адным месцы адвалілася—і зьявілася вакенца, у якое адразу відаць усё
тое бязьмежнае гнільлё звычайных людзей, у сто разоў агіднейшае з-за таго,
што яно загорнутае ў гэтую гнюсную сваёй агромністасьцю двудушнасьць звычайнага
чалавека! Тэрміны “звычайны” і “незвычайны чалавек”—нягеглыя і ня трапныя.
Мы і звычайныя людзі—гэта штосьці цалкам адрознае. Калі мы—людзі, дык
яны імі ня ёсьць, а калі яны ёсьць, дык мы—не!”
“Я
якраз думаю аб трапнейшых азначэньнях. Але хацеў у цябе спытацца: ці любіш
ты чалавецтва? Ягоную будучыню?”
“Пакуль
яшчэ не—можа, пазьней... Але ўсё-ткі да пэўнай ступені я люблю людзей
у якасьці гліны для фармаваньня... Гэта ж хіба таксама любоў—я аб гэтым
дагэтуль не разважаў... Але што ты маеш на ўвазе пад чалавецтвам?”
“Чалавецтва,”
павольна прамовіў Эўджэньё... “Калі я кажу чалавецтва, я маю на ўвазе
тое, што ў ім узьнёслага—высокае духоўнае жыцьцё, так званую культуру...
Чалавецтва, уласна, складаецца зь дзьвюх гетэрагенных групаў, якія, тым
ня менш, срослыя між сабою, таму што карэлятыўна адна ад другой залежаць:
гэта вялікія людзі і малыя людзі,—іначай кажучы, творцы і іхны грубы матэрыял,
рэчыва, дзякуючы якому магчымае нейкае недасканалае перанясеньне думак...
Розьніца паміж вялікім і малым чалавекам яшчэ большая, чым розьніца між
мужчынам і жанчынай, яна дакладна такая ж, як між Праксіцелем і мармурам.
Любоў да чалавецтва азначае для мяне спрыяньне зьяўленьню вялікіх людзей—што
да бруднага рэчыва і матэрыялу, аб ім ніколі ня варта дбаць, як ня варта
дбаць аб бадыльлі!”
“Як
ты лічыш—калі мы разьюшваемся на супольнасьць звычайных людзей, якую ты
называеш “сьвіньнёй”, дык ці не паўстаем мы гэтым супраць сябе? Калі мы
зьнішчаем грамадзкі лад, ці не падкопваем мы самі сабе глебу пад нагамі?
Ці не залежыць зьяўленьне вялікіх людзей ад таго, наколькі пасьпяховай
ёсьць супольнасьць людзей малых? Ці не залежыць “культура” ад захаваньня
грамадзкага ўпарадкаваньня?”
“Не
хвалюйся!”, ускрыкнуў Эўджэньё, “мы ня створым у ім непарадку! Сьвіньня
мае велічыню цэлай Эўропы, а мы—толькі атамы ў параўнаньні зь ёю! Нашай
задачай ёсьць ня зьнішчыць грамадзкі лад, а падштурхнуць яго ў нейкім
месцы да цалкам малога, няўпэўненага зруху, каб усё не згніло цалкам!
Культура ўмее крочыць наперад толькі задам, як рак! А мы, вялікія людзі,
павінны дбаць аб тым, каб толькі ўтрымацца на паверхні—нават і думкі ня
можа быць аб наступу. Толькі невялічкае страсеньне грамадзкага ладу—вось
задача для вялікіх людзей. І гэтае невялічкае страсеньне ёсьць “жыцьцём”,
прагрэсам чалавецтва.—Уся нашая дзейнасьць ёсьць змаганьнем са сьвіньнёй,
падаўленьне сьвіньні, нянавісьць да сьвіньні. Наша станоўчасьць ёсьць
адмоўнага кшталту. Усе нашыя цноты паходзяць толькі з гэтай нянавісьці,
згіджанасьці: нянавісьць да сьвіньні ёсьць адзіным рухавіком у нас, так
званых геніяў. Мы шкодзім сьвіньні, гэтым яна крыху зьбірацца зь сіламі
і ўтрымліваецца пры жыцьці. Незаміральны бой паміж сьвіньнёй і геніем,
вось галоўная ідэя гісторыі чалавецтва. То бок, прагрэс, культура, “чалавецтва”
ёсьць, уласна, чымсьці вельмі нягеглым і маленечкім—як і ўсё астатняе!”
“Тваё
тлумачэньне,” сказаў Віторыё, “кульгае празь ягоную няяснасьць і пасьпешлівасьць!”
“Твая рацыя! Я цяпер нэрвуюся і ўжо сыходжу! Твая каханка ўсё яшчэ дае?”
“Заўтра, калі яна не пагодзіцца па-добраму, я прымушу яе перастаць пэцкацца
зарабляньнем грошай!”
“Твая Стэлла—найпрыгажэйшая з усіх жанчын, якіх я ў жыцьці бачыў—за выключэньнем
адной...”
“Каторай?”
“Фартуны!”
“Ты бачыў Фартуну?”
“Так! Але пра гэта іншым разам! Шчыра табе скажу, зайздрошчу табе каханьне
Стэлы!”
“Закадры якую кабету—іх жа процьмы!”
“Пакажы мне другую такую, як Стэла. Уласна, я ж яе ведаю!”
“Ты пра Фартуну?”
“Так! На жаль, гэта пералётнае, палахлівае птушаня! Але можа мне ўдасца
злавіць яе і пасадзіць у клетку!”
“Я не люблю, калі нехта гаворыць А і не гаворыць Б !”
“Я скажу і Я, толькі ня сёньня. Пазыч мне ўсё, што маеш!”
“Вось, бяры!”
“800 лір! Ты багацейшы, чым я думаў. Вазьму толькі 700! На, вяртаю табе
100! Рэшту аддам заўтра, калі цябе не спаймаюць! Бо я хачу, каб у такім
разе увесь твой капітал не прысабечылі, ці каб яго не ўспадкавалі твае
родныя.”
“Дзякуй! А цяпер—пайшоў прэч! Заўтра ўвечары да цябе зайду!”
“Глядзі, каб наваліў мне на рэйкі як мага болей!”
“Ясна, колькі дабра ні ўчыніш—ніколі ня лішняе!”
“Спадзяюся, што мая Фартуна кахае і цябе!”
Абодва непараўнальныя сябрукі рассталіся без разьвітаньня і пацісканьня
рук.
А Віторыё паліў далей і пасьміхаўся.
* * *
Наступны дзень быў збольшага пахмурным. Як сьцямнела, Віторыё выйшаў са
сваёй кватэры. Ён быў апрануты як звычайна—але пад верхняй вопраткай у
яго была яшчэ адна, вельмі старая адзежа, якой ніхто ў Рыме дагэтуль на
ім ня бачыў... У руцэ ён нёс штосьці загорнутае ў газэту: гэта былі старыя
боты... Але яны не былі прызначаныя для таго, каб іх палячыў шавец: наадварот,
іх было наканавана спаліць пасьля таго, як іхны гаспадар вернецца дамоў
на наступны дзень...
У
кішэнях у яго былі бандыцкі ліхтар, два вялікія рэвальвэры і два даўгія,
вострыя як брытва кінжалы... Нічога лішняга ён з сабою ня нёс—баючыся,
каб чаго не згубіць... Свае гузікі ён добра перад тым прагледзеў, каб
зь якога хаця ня стаўся рэчавы доказ.
Месца ён прыгледзеў ужо нейкі час таму, і дэталі былі яму вядомыя... Ісьці
трэба было добрых тры гадзіны. Хуткі цягнік павінен быў там праехаць а
палове на першую.—
Ён не пайшоў цераз горад бліжэйшай дарогай на ўсход, а скіраваў на поўнач...
Аднак не пасьпеў ён адыйсьці ад Рыму некалькі соцень мэтраў, як рушыў
палявымі сьцежкамі на ўсход.
Ягоны настрой быў надзвычай дзіўны... Пераважна ён купаўся ў пачуцьці
вольнасьці і салодка цешыўся з таго, што павінна стацца. Аднак зрэдчас
у гэтым адчуваньні рэгулярна вынырвалі няпэўныя, інстынктыўныя засьцярогі,
а часамі ў яго затойвалася дыханьне і пераставала біцца сэрца...
“Гэтага
страху,” казаў ён сабе, “я б сабе не дараваў, калі б адчуў быў яго яшчэ
за два месяцы да ўсяго. Сёньня ж ён даравальны... Мужнасьць ёсьць звычайна
вынікам звычкі і трэніроўкі, а адвага ўзьнікае толькі са звыкласьці да
небясьпекі... Я не магу хацець немагчымага... Той, хто дагэтуль займаўся
ў асноўным падлікамі, хто быў бездакорным грамадзянінам і скатом, ня можа
патрабаваць ад сябе незьбянтэжнасьці, калі ўпершыню ідзе ў такі злачынны
шлях! Скок у сьцюдзёную ваду непрыемны—але потым робіцца выносным і прыемным...”
Перад ім у апошнім водбліску дня чарнеўся невысокі, шырокі пагорак...
Ён сыйшоў з дарогі цераз поле і рушыў проста да яго. Калі ён выйшаў нагару,
было ўжо зусім цёмна, а неба было спрэс зацягнутае хмарамі...
Ён
пільна агледзеў усю пляцоўку, ці няма там каго, потым спусьціўся ў лагчынку
пасярод яе і хутка зьняў верхнюю і ніжнюю вопратку. Потым апрануў сваю
звычайную адзежу, на яе—старую, пераабуўся ў старыя боты, загарнуў новыя
ў газэту і пашыбаваў далей...
Гэтае месца для пераапрананьня ён знайшоў загадзя.
Яшчэ
паўтары гадзіны ішоў ён то па гасьцінцы, то сьцяжынкамі, то наўпрост цераз
палі, пакуль не дайшоў да леса. За лесам была чыгунка, якая праходзіла
ўсьцяж па самым ягоным краі.
Была поўнач... Ён хутка крочыў вузкай, знаёмай сьцежкай... У чорных вяршалінах
цяпер зьзялі белыя зоры. Але Віторыё заўважыў, што на захадзе, адкуль
дзьмуў вецер, было чорна. Струменіў моцны вецер, а значыцца, можна было
чакаць, што а палове на першую хмары зацягнуць увесь небасхіл... А вецер
моцна гудзеў у дрэвах і сьвісьцеў увушшу, што нашаму герою было вельмі
на руку.—
Ад
доўгай манатоннай хады ён крыху атупеў і зрабіўся абыякавым. Толькі цяпер,
калі ён набліжаўся да месца, узрушанасьць пачала яго апаноўваць і нязначна
яго п’яніць...
Апынуўшыся пасярод лесу, ён асьцярожна запаліў свой ліхтар. Зірнуў на
гадзіньнік: была чвэрць на першую... Ён патушыў ліхтар, схаваў яго пад
паліто і пакрочыў далей... Узрушэньне расло. Калі празь пяць хвілінаў
ён угледзеў, што праз якіх пяцьдзесят крокаў лес сканчаецца, ён залёг
і стаў чакаць... Напружаньнем волі яму ўдалося ў значнай ступені супакоіцца...
Аднак цалкам суняць такую ўзрушанасьць адным намаганьнем волі бадай што
немагчыма...
Павярнуўшыся
сьпіной да чыгункі, ён зноўку зірнуў на гадзіньнік: была бяз трох хвілінаў
палова на першую... Ён ціха ўстаў і абачліва пасунуўся далей.—
Месца,
дзе цягнік павінен быў выляцець пад адхіл, было недзе пасярэдзіне паміж
двух вартавых будак. Віторыё яго абраў добра. Ён таксама адзначыў, што
недзе хвіліны за тры да праезду цягніка вартавыя пасоўваюцца бліжэй да
сваіх будак. Ягоным намерам было скарыстаць гэтыя дзьве-тры хвіліны для
таго, каб нанасіць на рэйкі ламачча. Ён ведаў, якога. Адразу на ўскрайку
леса ляжала купа дроваў, а проста пад чыгуначным насыпам—пляскаты валун
вагою ў кіляграмаў трыццаць. Вышыня насыпу была два-тры мэтры. Ільга было
чакаць, што катастрофа цягніка прынясе вялікія разбурэньні.
Ён
падпоўз да краю леса і ўзрадаваўся... Дровы ўсё яшчэ былі на месцы.
Ён разгледзеўся вакол—і нічога не пачуў і ня ўбачыў... Хмары закрывалі
ўжо тры чвэрці неба... Цішком ён спусьціўся ў лагчынку пад насыпам...
Валун таксама быў на месцы—ён нахіліўся па яго.—
Тут ён раптам вельмі блізка ўчуў, як нехта крочыць па чыгунцы... Віторыё
адпоўз і схаваўся ў лесе.
“Што гэта такое?”, пытаўся ён у сябе. “Цягнік жа тут павінен быць з хвіліны
на хвіліну—а вартаўнік усё яшчэ не на сваім пасту... А можа, гэта не вартаўнік?”
Аднак
паводле важкіх, павольных і ўпэўненых крокаў ільга было б меркаваць, што
гэта ўсё-ткі вартаўнік... У той жа момант Віторыё разгледзеў на каляіне
цёмны цень... Той прайшоў міма й паступова аддаляўся.—
“Напэўна, цягнік спазьняецца!”, падумаў Віторыё. “Так і ёсьць—іначай ён
бы ўжо пачаў агінаць пагорак, у двух кілямэтрах, і яго было б чуваць...
Калі з гэтым цягніком нічога ня выйдзе, пачакаю наступнага, што едзе а
чацьвёртай гадзіне... Але нядобра, што я ня ведаю, калі дакладна праедзе
цягнік, і ня маю гарантыі, што вартавыя мяне не заўважаць... Ня варта
пачынаць раней, чым я пачую ягонае гудзеньне на павароце!”
Ён чакаў. Крокі адгучалі... І вось ужо Віторыё ўчуў у начной цішыні аддалены
гул—але яшчэ даволі далёка ад павароту...
“Усё йдзе цудоўна!”, шапянуў ён—і пачакаў яшчэ паўхвіліны.
Гук паслабнуў—потым зноўку ўзмацніўся... Цягнік яўна набліжаўся да павароту...
“Цяпер час!”, сказаў ён сабе. Ён хутка ўскочыў, пабег пад насып і зноўку
схіліўся па валун... Ягоная ўсхваляванасьць зьнікла й саступіла месца
вясёлай ахвоце дзеяньня...
Тут ён зьнянацку пачуў у сябе за сьпіною выразнае шусьценьне... Ён схамянуўся—і
ўхапіўся за зброю...
“Гэта нейкая жывёла!”, аднак адразу ж падумаў ён і прыўзьняў камень.
Гудзеньне амаль сьцішылася—відаць, цягнік быў ужо за самым пагоркам...
Віторыё выбег на насып і асьцярожна паклаў валун на рэйку так, каб той
ляжаў на ёй пасярэдзіне і не абапіраўся на зямлю... Край валуна, на які
павінен быў паравоз наехаць, быў нізкі і амаль дакранаўся рэйкі.—
Ён хутка зьбёг уніз і скіраваў да паляніцы... Тут зноўку пачулася гудзеньне,
якое хутка расло—і вось ужо ўдалечы вынырнулі з-за павароту чырвоныя агеньчыкі.
Да праезду цягніка было яшчэ дзьве з паловай хвіліны.
Ён схапіў у ахапку якія пятнаццаць паленаў і ўзьбег зь імі на насып...
Ён кінуў іх на другую рэйку і вярнуўся па наступныя. Зноўку ўзяў цэлую
абярэму дроваў.
Тут побач зь ім азваўся выкрык: “Што гэта вы робіце?”
І адразу ж недзе побач зь ім зашусьцела—і перад ім зьявіўся сілуэт чалавека.
Віторыё шпурнуў палены на зямлю. У тую хвіліну ён быў надзвычай халаднакроўны.
“Краду дровы, дружа!”, сказаў ён. “Не выдавай мяне!”
Але пакуль ён гэта казаў, ён выняў кінжал—і ўтыркнуў яго ў сэрца чорнай
фігуры... Пачуўся ўскрык, і цень апоўз да зямлі... Віторыё ўдарыў яшчэ
раз—і яшчэ раз... Цела гучна ўпала ў лісьце, якое яшчэ нейкі час шалясьцела
ад рухаў ягонага змаганьня са сьмерцю—потым шусьценьне сьціхла—
Цягнік набліжаўся... Віторыё уцяміў, што той ужо ўсяго ў кілямэтры.
Ён хутка схапіў як мага болей паленаў і выбег на насып... Ён накідаў іх
бяз ладу ні складу на рэйкі, зьбіраючыся потым больш мэтазгодна іх падраўняць...
Але цягнік быў ужо жудасна блізка... Тут Віторыё ўгледзеў доўгае, тлустае
палена... Ён схапіў яго і паклаў абедзьвюма канцамі на рэйкі. Яно якраз
было неабходнае даўжыні.
А цягнік быў ужо за дзьвесьце крокаў ад яго.
Віторыё саскочыў з насыпу—і за пяць скокаў апынуўся ў лесе. Ён спатыкнуўся
аб мерцьвяка, але пабег далей, ня думаючы аб ім. Гудзеньне цягніка імкліва
грамчэла. Раптам паравоз магутна засьвісьцеў. Аднак адразу ж пачуўся рэзкі
грукат, бразгат, зноў грукат—і зноўку яшчэ й яшчэ мацнейшы грукат, які
ажно аглушаў бягучага прэч.—Аднак доўжылася ўсё гэта ня болей 10 сэкундаў.—А
потым замест грукату пачуліся чалавечы лямант, енкі і якатаньне.—
*
* *
Зазірнем у нешчасьлівы цягнік яшчэ перад тым, як ён сыйшоў з рэек. Толькі
ў адно зь ягоных купэ трэцяй клясы.
У ім—восем маленькіх сядачак, і на кожнай сядзіць чалавек. Адразу ж справа
ад уваходу сядзіць прыгожая маладая дама, насупраць яе—малады чалавек...
Зьлева—два элегантна апранутыя спадары. Побач зь імі два старыя сяляне,
а за маладой парай—дзьве напаў па-гарадзкому, напаў па-вясковаму апранутыя
жанчыны.
Паслухаем спачатку размову маладой пары.
“Мілая спадарыня!”, кажа прыгожы і прыгожа апрануты харашун. “Упэўнены,
што вы павінны быць вельмі шчасьлівай! З вашага гожага твару выпраменьваюцца
спакой і нявіннасьць, а што яшчэ можа зрабіць нас шчасьлівымі ў гэтай
юдолі сьлёз, як не нявінны спакой душы?”
“Дзякуй богу, я шчасная!”, адказала тая салодкім галаском, “хаця з матэрыяльнага
гледзішча ня самым лепшым чынам—наадварот, вельмі сьціпла... Мой муж—дробны
службовец, дыюрыст (дзяжурны? кантрактнік?)... Мы зь ім маем толькі самае
неабходнае—аднак шчасьце не залежыць ад багацьця; галоўнае—ні на што ня
скардзіцца. Мой муж, небарака, рупліва працуе з раніцы да вечара, праца
ў яго манатонная, бязрадасная, зьнясільная—але цягам усяго працоўнага
часу ён цешыцца з думкі, што правядзе вечар у коле сям’і, возьме на калені
двух нашых мілых дзетак і будзе іх вазіць на коніку—ён кажа, што яны ды
яшчэ я ёсьць для яго адзінай радасьцю ў сьвеце. Божа мой!”, прыціснула
спадарыня хустачку да вачэй, “Што мае гэты гаротнік у жыцьці? Ніякай забавы
ён ня можа сабе дазволіць! Як мне яго шкада! Толькі ўсьведамленьне таго,
што ён жывіць сям’ю, дае яму крылы і трымае пры сіле—іначай ён бы ўжо
даўно сканаў ад сваёй душаўморнай працы!”
“Якое ў вас надзвычайнае сэрца!”, натхнёна ўскрынкуў яе суразмоўца.
“Што да мяне, я б была цалкам шчасьлівай, калі б не шкадавала гэтак свайго
мужа. Аднак усьведамленьне выкананага бацькоўскага і сужэнскага абавязку
мяне суцяшае...”
“Але ж вы таксама, шаноўная, несумненна, засумуеце калі-некалі па лепшым
жыцьці, дабрабыту, раскошы...”
“Я? Ніколі ў жыцьці! Уласна кажучы, калі шчыра, то ўсё-ткі засумую—але
перадусім я хачу гэтага для сваіх дзяцей і мужа.”
“Вы, безумоўна, вельмі яго кахаеце?”
“Больш за ўсё ў сьвеце! Ён такі добры!”
“А ці маглі б вы, акрамя яго, кахаць яшчэ і іншага мужчыну?”, салодка
спытаўся маладзён.
“Нізавошта! Другога такога добрага чалавека няма на сьвеце! Хіба што той
чалавек мог бы быць настолькі ж добры, як мой муж—але нават і ў тым выпадку!
Але дазвольце, шаноўны пане, я ўжо столькі вам аб сабе распавяла—а вы
мне ўсё яшчэ нават не прадставіліся!”
“Ах, прабачце літасьціва! Вашыя зыркія вочы так мяне зачаравалі, што я
забыўся на манэры! Калі ласка, я—Пэполо Тумар малодшы, суўладальнік вялікай
гандлёвай фірмы. Мой бацька ўжо стары і хварэе, таму кіраваньне разьсяглай
фабрыкай цалкам пакідае мне. Па сутнасьці, я ёсьць ужо ейным адзіным уласьнікам...”
“Вельмі прыемна!”, кіўнула маладая дама галоўкай і зазьзяла...
Тым часам у іх за сьпіной распляталася наступная гутарка: “У Рым, у Рым,
спадарыні?”, пытаўся старэйшы зь вяскоўцаў, чалавек зь сівізной і пачцівым
абліччам.
“У Рым!”, адказала старэйшая з жанчын, гадоў 65 веку. “Сумны шлях, вельмі
сумны!” І выняла з кішэні насоўку. “Едзем на пахаваньне майго брата, дзядзькі
вось маёй дачкі—ах, дарагі браце!” І пачала перарыўна рыдаць...
“Ён памёр нечакана, раптоўна,” працягвала яе дачка, якой магло быць гадоў
40, выціраючы вочы. “Нават разьвітацца мы зь ім не пасьпелі, ані вачэй
прыкрыць... Мы яго так любілі, ён быў такі добры, як анёл—” Тут і яе пачалі
душыць сьлёзы.—
“Бог даў, бог і ўзяў!”, супакойваў яе сівы. “Не наракайце і падпарадкуйцеся
волі Гасподняй. Наверсе яму будзе лепей, чым на зямлі. Перакананы, што
ён памёр як добры хрысьціянін!”
“Само сабою!”, ускрыкнула матка, “Ён быў найнабожнейшы чалавек у сьвеце
і добрыя ўчынкі рабіў, калі толькі мог! Ох, мой найдаражэйшы Франчэско!
Я заўсёды прасіла бога, каб забраў мяне да сябе раней за цябе—ды той мяне
не пачуў. Нават у сьмяротны час я не змагла табе прыдацца! Хто ж стаяў
пры табе ў цяжкую хвіліну?”
“Няўжо ж ён ня меў жонкі?” , спытаўся маладзейшы вясковец, дабрадушны
з выгляду.
“Ён ужо 10 год як быў аўдавеў! Нават дзяцей у яго не было, якія б маглі
яго абмыць.”
“Але можа ён быў хоць заможны і мог сабе дазволіць каго наняць...”, выпытваў
далей маладзейшы.
“Заможны ён быў, нават багаты! Ведаеце гандляра з Кампаньскай вуліцы,
Франчэска Сальдзіні? Дык вось, гэта ён і быў мой брат!”
“Ну—тады вы, значыцца, павінны ўспадкаваць па ім добрыя грошы!”, сказаў
малодшы.
“Якая розьніца, што гэта зьменіць! Я хоць і думаю, што мы павінны быць
адзінымі нашчадкамі, але хто б пра гэта цяпер мог думаць? Мы не багацеі,
але крыху таго, што ў нас ёсьць, мы з радасьцю далі за тое, каб ён зноўку
ажыў... Праўда, Марыяна?”
“Я б за гэта жыцьцё аддала!”, расплакалася яе дачка—
“У вас добрыя сэрцы, а гэта—найвялікшы боскі дар!”, годна сказаў сівавалосы.
“А яшчэ кажуць, быццам у сьвеце болей няма даброці!”
“Цудоўна, што вы такія нясвоекарысьлівыя!”, дадаў маладзейшы. “Я таксама
ніколі ня прагнуў мець шмат грошай.”
“О, мой братачка, я цябе больш ужо ніколі ня ўбачу!”, зноўку захлюпала
маці...
Зьвернем увагу і на трэцюю групу—на двух элегантных спадароў.
Старэйшаму зь іх гадоў 50, ён высокі, мажны, пры целе, з чырвоным, ганарлівым,
надзвычай годным тварам. Увесь час цяжка аддыхваецца і крэкча. Ягоныя
паводзіны—напышаныя і фанабэрыстыя, рухі—лянівыя. На тлустым чэраве ў
яго грубы залаты ланцуг, а на пальцах—некалькі агромністых пярсьцёнкаў
з дыямантамі. Ён мала гаворыць, толькі раз-пораз выцісьне зь сябе адно-два
словы, як сабака, што цяўкне час ад часу.
Маладзейшы, прыблізна 30-гадовы—наадварот, вельмі жвавы, спрытны і проста
апрануты. Але пры гэтым трымаецца годна, з гонарам, нязмушана...
“Дазвольце прадставіцца,” з гэтымі словамі ён устаў. “Я доктар права Д.З.,
цяперашнім часам судовы ад’юнкт.”
“Вельмі прыемна,” прахрыпеў старэйшы. “Я старшыня Нэапальскай гандлёвай
палаты—называць сябе мне няма нават патрэбы, таму што вы, доктар, яго
безумоўна ведаеце!”
“Натуральна! Натуральна!”, пасьпешліва кланяецца доктар. “Які гонар для
мяне, якая шчасьлівая выпадковасьць! Скажыце каму! Але—падарожнічаць у
трэцяй клясе, верагодна, ёсьць вашым хобі—паназіраць за простым народам?”
“Вы ўгадалі, доктар! У колах, дзе я вымушаны ўвесь час абяртацца, усё
настолькі манэрна і цесна, што чалавек крыяе, калі апынаецца між гэтымі
бадзёрымі, хай сабе і грубымі ды неахайнымі (неацёсанымі) людзьмі!”
“Вядома ж, вядома... І я таксама часам з задавальненьнем падарожнічаю
трэцяй клясай з той самай прычыны—хаця—мушу прызнацца, што ненавіджу profanus
vulgus…”
“Гм!”
“Няўжо вы не падзяляеце маіх густаў, шаноўны спадар прэзыдэнт?”
“Гм! Паводле абставінаў!”
“Я ўсё-ткі дазволю сабе адзначыць, што пры любых абставінах просты люд
застаецца нізкім, непрыемным—”
“Сьмярдзючым!”, цяўкнуў прэзыдэнт.
“Менавіта! Гэта тое слова! Ён сьмярдзіць целам і духам. Якое трапнае,
лаканічнае азначэньне! І incredibile dictu—гэтая набрыдзь патрабуе аднолькавых,
аднолькавых правоў з намі, адукаванымі людзьмі з высокім становішчам—ну
ці ня сьмешна?”
“Але доктар, не кажыце мне аб такім глупстве!” І прэзыдэнт сплюнуў...
“Да гэтага ніколі ня дойдзе, дык што аб гэтым казаць? Дурасьць!”
“Вашая рацыя, абсалютная рацыя! Nil nove sub sole! Mйden agan! Medio tutissimus!”
І ад’юнкт разгаварыўся, тым часам як прэзыдэнт увесь час сплёўваў. Здавалася,
што ў спадара доктара нечувана шмат досьціпу й вастраслоўя... Часам ён
папросту патыхаў трапнымі заўвагамі і словамі, так што і сам спадар прэзыдэнт
мусіў зь іх сьмяцца і па-панібрацку ляпаў яго па плячы: “А вы амузантны
хлопец, доктар!”
“Ды што вы, што вы, я вельмі шчасны—”
Прыслухаймася зноўку да пары маладых людзей.
“Які ж дасьціпны той малады спадар!”, уголас усклікнула маладзіца. “Такія
мілыя жарты.”
“Вы думаеце, шаноўная, што гэта ягоныя жарты? Яшчэ чаго! Усе гэтыя досьціпы,
якімі ён выстаўляецца—гэта найсучасьнейшыя банмоты, якія зараз у хадзе
ў рымскіх кавярнях, кафэшантанах, на вуліцах! Як выглядае, вы ня ходзіце
па шынкох, іначай вы б іх ведалі...”
“Не хаджу—у мяне няма часу ні—грошай... Але я аб гэтым не шкадую—я баўлюся
са сваймі дзеткамі... Уласна, часам усё-ткі троху шкадую...”
“У такім выпадку—я да вашых паслугаў, найдаражэйшая! Дазволю сабе прапанаваць
вам сваю кампанію час ад часу, ня толькі ў рэстарацыю, але і на канцэрт,
баль, тэатар—вы ж не адмовіцеся, праўда?”
“Я нават ня ведаю—гэтак жа нельга, я ж не магу...!”
“Я буду самым шчасьлівым чалавекам у сьвеце, калі змагу калі дапамагчы
вам пазабавіцца! Шаноўная, не прыводзьце мяне ў роспач адмоваю! Прашу
вас, пагаджайцеся!”
“Ну што ж—каб вы празь мяне не ўпалі ў адчай—можа, калі-небудзь... Зразумела,
што ідзецца пра прыстойныя ўстановы і забавы.”
“Без сумневу! Я нечувана шчасны—“
“Але не зразумейце гэта няслушна, спадару! Я б хацела толькі крыху разьвеяцца,
бо мне часам бывае сьмяротна сумна... Так, я няшчасная. Мой муж хоць і
добры чалавек—але зрэдчас, хоць і вельмі рэдка, зразумела, прыходзіць
дамоў нападпітку й вырабляе невядома што—б’е дзяцей—і на мяне ўжо быў
узьняў руку...”
“Хай бы ён толькі наважыўся зрабіць гэта ў маёй прысутнасьці!”, ускрыкнуў
пан Тумар. “Шаноўная, я хоць і на рэдкасьць міралюбны чалавек—але на ніякую
крыўду глядзець спакойна не магу! І нікому ня раю мяне ў чым-небудзь абражаць—я
б яму заляпіў на месцы такую поўху, што ён бы ўпаў. Даруйце мне мой выбух,
даражэнькая—але я чалавек прамы і дзейны!”
“Ды што вы! Мне падабаецца, калі мужчына—адважны і энэргічны. Мой муж
павінен быць як вы! Але ён—абібок і баязьлівец; ён умее быць альбо грубіянам,
альбо бабай... Але, божухна, я не павінна была гэтага казаць!”
“А чаму не, шаноўная? Я ніколі не бываю грубым, затое маю нечуваную энэргію
і сьмеласьць...”
“Ах!”, тужліва ўздыхнула жонка службоўца...
“Даражэнькая, прашу, не сумуйце!”, салодка сказаў малады чалавек і ўзяў
ейную руку ў сваю... І даражэнькая не вырывалася...—
“Пакуль быў кум Коста бедны,” распавядаў богабойны сівавалосы вясковец
свайму нясквапнаму таварышу, “быў ён добры і шчасьлівы. Але калі ён выйграў
тыя 8 000 лір, узяў яго чорт. Ён пачаў займацца спэкуляцыяй, рабіць усялякія
цёмныя справы, пакуль не застаўся без граша, а ў дадатак ня трапіў за
краты—а цяпер ён жабрак і ходзіць ад хаты да хаты—вось што бывае, калі
чалавек адыйдзецца ад Бога...”
“Хлусьнёй багаты ня будзеш!”, сказаў малады. “Грошы ўжо многіх спакусілі,
грошы ёсьць атрутай чалавецтва, а прагнуць іх—грэшна...”
“Паслухай, Джузэпэ!”, перабіў яго стары, які на старасьць год лёгка раздражняўся
і любіў камандаваць, “чыя б карова мычала. Доўга я цябе слухаў, але вытрымаць
больш не магу. Ты пазбавіў свайго сына і дзьвюх дачок спадчыны па іхнай
маці, як апякун загроб сабе ўсе сірочыя грошы небаракі Ларэнцо—і ты яшчэ
будзеш казаць, што ты ня сквапны да грошай?”
“А ты можаш мне гэта даказаць, Дамэніко?”
“Ці мала чаго нельга пераканаўча даказаць, і тым ня менш у іх сумняюцца
толькі вар’яты. Ды пра гэта ж гаворыць уся вёска!”
“Але галоўнае, што суд мяне апраўдаў! Затое твае паскудзтвы даказаныя,
дзядулю! Толькі не рабі зь сябе ўвесь час набожнага і ня згадвай імя божае
без патрэбы! Ты што, забыў, як ты год адседзеў за махлярства; тры гады
за тое, што ілгаў на судзе, быццам сусед табе падараваў двух коней, якіх
ты ў яго ўкраў; пяць месяцаў за шантаж, і што цяпер на цябе падалі ў суд
за падробку тэстамэнту? Га, стары божкала?”
“Бог ведае, хто як абедае!”, замармытаў стары і замаўчаў...
Тым часам абедзьве спадарыні, што ехалі на пахаваньне, вельмі энэргічна
размаўлялі між сабой. На ейных тварах не відаць было ані ценю жалобы ці
болю; наадварот, яны зьзялі радасьцю, цешыліся, але да гэтага дамешвалася
і ліхаманкавае, нецярплівае хваляваньне.—
“Сьвятая Марыя!”, сказала маці, “паспагадай на спадчыну! Увесь час штосьці
брыдкае прыходзіць у галаву, маўляў, застанемся мы з носам!”
“Я б гэтага не перажыла!”, уздыхнула дачка. “Усё жыцьцё гэтага чакала,
я б такога расчараваньня ня вытрымала!”
“Спадзяваймася, што Бог нас не пакіне! Але боязна! Ён нас ніколі занадта
не любіў, а на старасьць зь яго зрабіўся гэткі дзівак. Божухна, гэта ж
цалкам магчыма, што ён у сваім запавеце абыйшоўся са сваім майном якім-небудзь
паскудным спосабам, напрыклад, ахвяраваў бы яго бедным—“
“Я дык прынамсі радая, што яго на сьвеце няма!”, сказала дачка. “Хай яно
цяпер будзе як будзе, абы толькі ведаць, маю я што ці не. Але каб цябе
зарвала, калі ты мне нічога не пакінуў, дзед ты спарахнелы, плесьня старая—Хай
бог мне даруе!”
“Не кляні яго яшчэ, Марыяна, каб нас Бог не пакараў! Пачакай прынамсі,
пакуль гэтыя грошы ня будуць у нас у руках!”
“Спадарыні!”, зьвярнуўся да іх нясквапнік.... “Прыгадваецца тут мне: я
добра ведаў спадара Франчэско Сальдзіні, заходзіў да яго ў краму. У ягонай
вуліцы казалі, што ён, прашу прабачэньня, брудны злодзей.”
“Чалавеча!”, раскрычалася баба, “як ты сабе дазваляеш такое казаць пра
майго шляхотнага нябожчыка-брата?”
“Я не кажу, я толькі паўтараю, што людзі казалі! І кажу гэта таму, каб
вы не былі залішне зьдзіўленыя, што ён, калі ён быў насамрэч паскуднік,
нічога вам не пакінуў!”
“Чалавеча, я ж вам ужо казала, што ягоная спадчына нас не абыходзіць,
дык што вы яшчэ хочаце?”
Спадар ад’юнкт добра чуў гэтую размову. Ён сказаў прэзыдэнту: “Спадару,
дазвольце, каб я зь іх пасьмяяўся! Наплявузгаю гэтай набрыдзі ўсялякай
лухты!”
І сказаў: “Сіньёра, дазвольце спытацца! Наколькі я зразумеў, ваш нябожчык-брат
называўся Сальдзіні і быў гандляром?”
“Так, шаноўны!”
“У такім выпадку, магу вам паведаміць, які ён пакінуў запавет... Сёньня
ўвечары я чытаў аб гэтым у газэце. На жаль, мая інфармацыя ня будзе для
вас залішне прыемнай! Карацей: усю сваю маёмасьць ён пакінуў на дабрачынныя
мэты...”
Дачка надрыўна ўскрыкнула, а матка ўслупянела... Вылупіўшы вочы і разявіўшы
рот, яна вельмі доўга не магла выдаць зь сябе ні слова.
“Не, ня можа таго быць!”, нарэшце заякатала яна плаксівым голасам.
“Бедная мая сіньёра, ня толькі можа, але так і ёсьць. Даедзем да Рыма,
я пакажу вам газэту!”
І тады маці паверыла. Што выраблялі абедзьве няшчасныя жанчыны, апісаць
цяжка. Яны паводзілі сябе як вар’яткі, скакалі, калаціліся, ірвалі на
сабе валасы, плакалі, выдавалі зьвярыныя віскі... Дачка нават упала на
падлогу і якатала: “Госпадзе, гэтак ты аддзячыў мне за тое, што я цябе
штодня пра гэта маліла?”—Канец канцоў, маткай апанавала разьюшанасьць.
Яна завыла: “Той паскуднік, мярзотнік, вылюдак! Нездарма ён некалькі разоў
сядзеў на нарах за махлярства! Усё жыцьцё ён быў падлюкам, і ўзбагаціўся
толькі подлым спосабам! Але Бог яго за гэткае нягодніцтва кіне ў самае
пекла! Ня плач, Марыяна, тыя злачынныя грошы і без таго былі праклятымі!”
“Мізэрны старэча, брыдкі падонак! Ён быў нам заўсёды гнюсны!”, хлюпала
дачка. “Хай сабе так, маці! Гэтыя бандыцкія грошы яшчэ б наклікалі на
нас бяды!”
“Спадар прэзыдэнт, а цяпер увага! Сіньёры—ого! Цяпер я прыгадваю! Нябожчык
быў гандляром у Рыме, ці ня праўда?”
“Быў!”
“Тады выбачайце, я павінен паведаміць вам радасную навіну. Той Сальдзіні,
які пакінуў свой капітал на дабрачынныя мэты, быў гандляром у Брындызі!
Імя Сальдзіні настолькі распаўсюджанае—прабачце, што я вас засмуціў—”
Боль адразу ж зьнік, і абедзьве жанчыны зноў пачалі выдурвацца, як шалёныя,
але гэтым разам—ад радасьці.
“Я так і ведала!”, крыкнула матка. “Ён жа быў-такі дабразычлівы, высакародны
чалавек і заўсёды нас любіў, як і мы яго! Дарагі братачка—прабач мяне
за маю лаянку—я была не ў сабе. Ды ж дакладна даруеш мне там, на тым сьвеце,
дарагі Францішак!”
“Дзядзечка мой залаты! Мы ўсё-ткі атрымаем спадчыну!”
“А цяпер на вас бандыцкія грошы бяды не наклічуць?”, спытаўся нясквапны.
Шчасныя жанчыны праігнаравалі яго і ўзяліся адгаворваць малітву падзякі.
Тут раптам ад’юнкт падскочыў, удырыў сабе па лбе кулаком і ўскрыкнуў:
“Халера! Сіньёры! Я павінен вам сказаць яшчэ нешта! Перастаньце маліцца!”
Сіньёры змоўклі, як ачмурэлыя. Ад’юнкт працягваў: “Да жалю, да жалю! Я
працую ў судзе, і сёньня нам паведамілі, што гандляр Сальдзіні, які памёр
у Рыме, патанаў у даўгах, і што даўгі перасягнулі ягоны капітал... Ён
памёр банкрутам—і кажуць, што скончыў жыцьцё самагубствам. Значыцца, вы
ўсё-ткі нічога не ўспадкуеце—апрача даўгоў, калі заўгодна.”
Ізноўку кінутыя ў бездань бедачыны зноўку пачалі вар’яцець, хаця ўжо і
ня так, як дагэтуль: іх атупілі настолькі рэзкія зьменых супрацьлеглых
пачуцьцяў.—
“Я так і здагадавалася, што ён збанкрутуе!”, выла маці. “Гэта быў нікчэмнік,
на старасьць год зусім адурэў, да таго ж куціла і бабнік. О, гэты скот,
найганебнейшая істота ў сьвеце! Як набыў, так пазбыў! Ня плач, Марыяна,
дачушка дарагая! Тыя грошы б нас сапсавалі! Засталіся мы сам-насам з горам,
небаракі мы!”
“А мы ехалі да яго на пахаваньне з самай Флярэнцыі!”, енчыла дачка. “Столькі
заплацілі за дарогу—а ён, свалата...”
“На наступнай станцыі выходзім і едзем дадому!”, выла матка.
Увайшоў кандуктар, і жанчыны сьціхлі...
“Апошні прыпынак перад Рымам!”, сказаў той. “Праз паўгадзіны прыяжджаем
у вечны горад, спадарства!”
“Можна вас на слоўца, спадар кандуктар!”, ускрыкнуў Пэполо Тумар.—“Ці
вы б не маглі мне сказаць”, спытаўся ён, упіхваючы кандуктару ў руку грошы,
“хто такія гэтыя два спадары?”
“Калі ласка, скажу, але хай васпан пра гэта нікому ня кажа—ці хай скажа,
мне што! Той старэйшы, тлусты—гэта адзін мылароб, які ўзбагацеў настолькі,
што могл дазволіць сабе набыць той ланцуг і пярсьцёнкі... Часам ён прадстаўляецца
як тайны саветнік, часам як загадчык аддзелу, часам як прэзыдэнт гандлёвай
палаты, часам як генэрал запасу... Мы зь ім заўжды насьмяемся і не чапаем
яго, калі ўжо яму так гэта даспадобы; у астатнім гэта бяскрыўдны чалавечак.
Маладзейшы—памочнік краўца ў адным рымскім модным атэлье; ён робіць выключна
левыя мужчынскія нагавіцы. Ён выдае сябе за настаўніка, лекара, судзьдзю,
інжынэра. Але той ужо не такі бяскрыўдны, гэта ліса, у якой талент да
абдурваньня—разумееце?”
П.Тумар паведаміў гэта сваёй даме, і абодва пасьмяяліся. Між тым на любоўным
шляху ён пайшоў яшчэ далей. Гутарка завязалася з новай сілай, тым часам
як цягнік пакідаў апошні прыпынак перад Рымам: “Даражэнькая, сёньняшні
дзень—найшчасьлівейшы дзень майго жыцьця! З кожным поглядам у вашыя чароўныя
вочы агонь майго каханьня разрастаецца ў агромністы пажар і пагражае мяне
спапяліць. Даражэнькая, ці магу я спадзявацца?”
“Усё гэта няпраўда і лёстачкі!”, зашаптала яна, зачырванеўшыся ад асалоды...
“Я ніколі не кажу няпраўды ці лёстачак! Я шчыры, суцэльны мужчына! Скажыце—ці
кахаеце вы мяне хоць трошку, мая багіня?”
“Вы мне падабаецеся—”, сказала яна з уздыхам.
“О, які я шчасны! А скажыце—ці ня можа з гэтай сімпатыі разьвіцца каханьне?”
“Ня ведаю... Можа, пазьней—але гэтага ня можа здарыцца!”
“Але чаму?”
“Таму што я не народжаная для такога шчасьця—”
“Што вы кажаце? Шчасьця?! О, я зшалею ад радасьці!”
“Я прыйшла ў сьвет толькі для няшчасьця і болю”, манатонна працягвала
яна. “Калі б вы ведалі, спадару, што я вытрымліваю ад свайго мужа! Ён
ня толькі няздольны мяне пракарміць, таму што гэта гультай і неабавязковы
чалавек, які доўга ня вытрымае ні на якой працы—але ж ён яшчэ й грубіян
і п’янтос... Большую частку свайго заробку ён прапівае й растрачвае зь
лёгкімі жанчынамі, а вярнуўшыся на золку дамоў, б’е мяне, і дзетак таксама...
Нядаўна ён так мяне зьмясіў, што ў мяне ўся сьпіна была сіняя... Ён лупіць
мяне ўжо, і калі бывае цьвярозы, несупынна—наагул, гэта подлы, распусны,
разбэшчаны чалавек, адным словам—падонак!”
“Не магу надзівіцца, мая каханая Паўлета! Вы ж спачатку распавядалі аб
ім як аб працавітым, чулым, добрым чалавеку!”
“Няўжо ж я была павінна з самага пачатку ганіць мужа перад незнаёмым чалавекам?”
“Гэта, канечне, праўда! Даражэнькая, залежыць толькі ад вас, хочаце вы
быць шчаснай ці не! Аддайцеся новаму каханьню, кахайце мяне—а я паклапачуся
аб вашай будучыні! Вы зажывеце, як князёўна!”
“Вы сапраўды кахаеце мяне?”, спыталася яна, і ўся трымцела ад шчасьця—
“Бясконца! А вы мяне?”
“Я, я таксама адчуваю—так, я таксама вас кахаю... Божа мой, у чым гэта
я прызнаюся...”
Рэзкае, раптоўнае тармажэньне цягніка шпурнула жанчыну ў абдымкі маладзёна...
Паравоз голасна засьвісьцеў, пачулася рыпеньне колаў... Усіх апанаваў
жах... Цягнік сыйшоў з рэек—некалькі мэтраў праехаў па насыпу—пачуўся
рэзкі грукат, бразгат, зноў грукат—і зноў грукат, усё мацнейшы... Паравоз
і некалькі вагонаў, перакуленыя, ляжалі ў кювэце... Стогны параненых і
крыкі аб дапамозе прарывалі навакольле—
*
* *
Віторыё шчасна прабег лесам, бакавымі сьцежкамі... Вартавыя і пэрсанал
цягніка хоць і кінуліся наўздагон—але не раней, чым злачынца выбег зь
лесу.—
Ён хутка вяртаўся тым самым шляхам, час ад часу ўважліва прыслухоўваючыся,
ці ня гоняцца за ім. Спачатку ён крочыў хутка, як мог, хвілямі бег. Спачатку
ён рушыў наўпрост, потым наперарэз, потым зігзагам. Ён зноўку дайшоў да
вядомага нам пагорку, там пераапрануўся й пераабуўся—але застаўся адпачыць
ля ягонага ўзножжа.
Ён быў шчасны. Не было сумневу, што ягоны намер выйшаў як мага найлепей.
Нарэшце ён штосьці зьдзейсьніў! Нарэшце стаяў тут вольны, на ўласных нагах!
Нарэшце ягоны дух быў свабодны—
Бурная радасьць віравала ў ягоным нутры... Але ў гэтай радасьці буяла
і моцнае, п’янкое хваляваньне... І зрэдчас Віторыё працяў нейкі мароз...
Ён адчуваў сябе, як п’яны—і гэта яму не падабалася, таму што не давала
яму наталіцца сваім вызваленьнем так чыста і годна, як ён спадзяваўся—
Калі пачало віднець, ён устаў і рушыў наўпрост да гораду. Было ўжо даволі
сьветла, каб ён мог бачыць сябе ў кішэнным люстэрку—якое дзеля гэтага
наўмысна прыхапіў—ці няма на ягоным твары крыві... Не было. Крыху крыві
на правай руцэ ён умыў ужо да гэтага... На рукаве старой вопраткі была
вялікая пляма, але гэтую вопратку ён усё адно зьбіраўся спаліць.
З узыходам сонца ён увайшоў у Рым... Якія гадзіны дзьве бадзяўся па вуліцах.
Потым увайшоў у карчму, дзе правёў у найлепшым настроі гадзіны паўтары.
Недзе а дзявятай ён вярнуўся дамоў...—
Насамперш паціху распаліўшы агонь, ён спаліў адно па адным вопратку і
абутак; абутак таму, што баяўся, каб сьляды яго ня выдалі... Потым яшчэ
раз як сьлед памыў кінжал, яшчэ раз пільна агледзеў другі касьцюм—лёг
і вельмі хутка заснуў.
Быў ужо надвячорак, калі ён прачнуўся...
Пры згадцы аб ягоным учынку ягонае цела ад нечага сьцепанулася, а душа
пахаладзела... Але гэтае адчуваньне не было занадта моцным, вельмі актыўны
дух няздольны да афэктаў, якія доўга трываюць.—Крыху атупела ён апрануўся,
пад’еў і ўзяўся за чытаньне... Аднак засяродзіцца на ім ён ня мог. Празь
дзесяць хвілінаў ён адкінуў кнігу і выйшаў на вуліцу.
Ён хацеў набыць газэту—аднак лаўкі былі зачыненыя. Была нядзеля. Нездарма
Віторыё абраў для свайго ўчынку суботу—каб на наступны дзень, калі б ён
ня мог прыйсьці на працу, ягоная адсутнасьць ня выклікала падазрэньня.
Сонца заходзіла. Віторыё вырашыў, што наведае карчму, куды хадзілі ягоныя
калегі па працы. Ён быў падрыхтаваны да таго, што яны завядуць зь ім размову
аб катастрофе цягніка. Ён усьведамляў, што для яго будзе надзвычай казытлівым
слухаць гэтыя размовы, але ён хацеў выпрабаваць сваю сілу...
Калегі былі на месцы. У звычайнай сваёй пахмурнасьці ён падсеў да іх...
Яны не зьвярталі на яго зашмат увагі, зьвярталіся да яго мала, хаця й
з пашанай: асоба Віторыё мела на іх прыязнае, амаль дэманічнае ўзьдзеяньне...
Доўга, доўга чакаў ён, пакуль яны пачнуць абмяркоўваць начную падзею...
І ўсё безвынікова... Гэта яго хвалявала: ён думаў, што нічога важнага
апроч гэтага не павінна было стацца. Адзіная рымская вячэрняя газэта была
ўвесь час у чужых руках...
Нарэшце, адзін з калегаў сказаў: “Але тая сёньняшняя чыгуначная катастрофа,
гэта ўсё-ткі штосьці жахлівае! Гэта было наўмысна зроблена, гэта пэўна!
Хто б мог падумаць, што нешта падобнае можа здарыцца каля самага Рыма!”
“Гэта былі нягоднікі!”, абурана ўскрыкнуў другі. “Чыстая зламыснасьць!
Ня можа быць і мовы аб палітычных замаху ў гэтым выпадку!”
“А колькі людзей сталіся ахвярамі!”, жаласна сказаў трэці.
Хоць Віторыё да гэтага і рыхтаваўся, штосьці ў ім такі грымнула, дыханьне
стаілася—і ён адчуў, што збляднеў.—Але адразу ж напружыў волю, выклікаў
у сабе некалькі сытных, жывільных думак—і зноўку авалодаў сабой.
Цьвёрдым голас ён спытаўся: “Што здарылася?”
“Нейкі нягоднік накідаў на каляіну столькі каменьня і дроваў, што цягнік
ня мог не сыйсьці з рэйкаў. Паўночны хуткі перакуліўся, і якіх пятнаццаць
чалавек загінула!”
“Няшчасныя, нявінныя людзі!”, уздыхнуў сэнтымэнтальны калега.—
“Ня варта размовы!”, наўмысна забуркатаў Віторыё, каб застацца верным
сваёй звычцы.
“Што табе! Бяздушны ты чалавек!”
“А іх злавілі?”, спытаўся ён зноўку—цяпер ужо зусім спакойны і бадзёры.
“Не! Але дакладна зловяць! Яны забілі і таго, хто хацеў ім у гтым запабегнуць.
Гэта быў нейкі бадзяга, які спаў у лесе, але чалавек з сэрцам, таму што
ён, як выглядае, спрабаваў тым бандзюгам у гэтым перашкодзіць.”
“І ня сумна вам аб гэтым мяньціць!”, прабуркатаў Віторыё. “Такая балбатня...
Падобныя рэчы стаюцца ў сьвеце штодзённа!”
“А ты што? Ты ні пра што не гаворыш і нічога табе не цікава!”
Канец канцоў, газэта вызвалілася, Віторыё да іх дабраўся... Спачатку ён
чытаў звычайныя палітычныя паведамленьні, прабег вачыма фельетон. Перагарнуў
аркуш і замітусіўся позіркам то ў адзін бок, то ў другі... Хутка ягоную
ўвагу прыцягнула мясцовая хроніка, надрукаваная тлуста: “Жахлівае няшчасьце
на чыгунцы”.—Зноўку ў ім штосьці азвалася, але ўжо слабей... Нейкі час
ён рабіў выгляд, што зачытаўся гэтым паведамленьнем—але пры гэтым імкнуўся
не ўсьведамляць словаў... Потым ён пачаў гартаць газэту далей і прачытаў
некалькі абзацаў... Пасьля гэтага зноў вярнуўся на пачатак і прачытаў
артыкул, які яго тычыўся, наўмысна пры гэтым пазяхаючы...
Цягам чытаньня яго зноў апанавала хваляваньне, падобнае да таго, якое
адчувае пісьменьнік-пачатковец пры чытаньні першай разгромнай крытыкі.
Ён спрабаў гэтае адчуваньне суняць, але ня здолеў. Яму было ўсё больш
млосна, ягоныя думкі былі ўсё больш хаатычнымі; усё пачало варочацца вакол
яго, у вушах ён чуў слабы шум, усьвядоміў, што няясна бачыць... Пот выступіў
у яго на ілбе. Ён пачаў адчайвацца ў сабе і сваёй сіле...
“Дружа, нейкі ты бледны!”, сказаў адзін з калегаў... “Ты не захварэў?”
Ён упяліўся на Віторыё... Астатнія таксама...
Інстынктыўна Віторыё сеў у такой позе, каб выглядала, што ён чытае зусім
у іншым месцы, а ня там, дзе зьмяшчалася лёсавызначальная зацемка. Ён
напяў усю сваю волю. Думаў, на што б яму вымавіцца... І адразу ж вырашыў.
Прымусіўшы сябе супакоіцца, ён спахмурнеў як мага болей і набраў паветра,
каб ягоны голас быў як мага мацнейшы і не дрыжаў.
“Як тут не злаваць!”, амаль закрычаў ён. “Ужо столькі часу, як я дапіў
сваю шклянку, а гэты асёл карчмар мяне зусім не паважае...” І ўдарыў кулаком
па стале.
У любога іншага такая бледнасьць з-за пустой шклянкі была б непраўдападобнай,
але сябры зналі Віторыё як вельмі крыўдлівага чалавека, які злуе з-за
кожнай дробязі; выкліканая злосьцю бледнасьць была ў яго частай зьявай.—Яны
засьмяяліся.
“Дружа, не бяры да сэрца! Ты ж не аганізуеш ад смагі, ці як? Адпі ў мяне!”
“Гэй, кёльнер!”, гукнуў другі. “Калі вы не прынясеце гэтаму спадару віна,
ён вас заб’е! Сябра, ты думаеш, што ў цябе немаведама колькі энэргіі,
а пры гэтым ты няздольны нават крыкнуць на афіцыянта, а замест гэтага
душысься ад злосьці!”
“А ведаеш, чаму я не люблю крычаць?”, сказаў Віторыё, які зноўку быў у
сабе. “Таму што калі б ён на мой крык зарэагаваў не дастаткова хутка,
гэта напоўніла б мяне такім гневам, што мне б закарцела яго забіць. Не
пераношу адмову любога свайго пажаданьня—таму лепей нічога не прашу, калі
ў мяне няма моцы прымусіць некага да абсалютнай паслухмянасьці. Мне цяжэй
некага аб нечым папрасіць, чым забіць яго!”
Калегі калаціліся ад рогату.—
“З такім тэмпэрамэнтам ты проста абавязаны стацца ў найбліжэйшы час якім
манархам ці ваеначальнікам!”, вымавіў адзін зь іх, душачыся ад сьмеху.
Віторыё разважаў аб прычыне свайго баязьліўства. “У першы раз іначай быць
ня можа!”, вырашыў ён. “Я павінен гартавацца дзеяньнем і наўмысна дачытаць
гэта да канца!”
Ён выклікаў у сябе думку: як хораша нічога не баяцца і якой неразумнай
ёсьць любая боязь. Ён думаў аб гэтым вельмі ясна. І пад уплывам гэтай
думкі дачытаў артыкул амаль што цалкам спакойны...
Ягоныя знаёмцы чыталі гэтую навіну пасьля яго—і зноўку зайшла гутарка
пра катастрофу. Слуханьне ўзьдзейнічала на Віторыё нашмат менш, чым чытаньне.—За
нейкі час зьнікла рэшта ягонай няёмкасьці, і яе зьмяніла палкая, вясёлая
зацікаўленасьць. Ён сам уступіў у размову, прычым настолькі жыва, што
калегі ажно дзівіліся. Тэма была яму цікавай—таму адыйшлі ўбок ягоная
грамадзкая нядбайнасьць, зацятасьць, нясьмеласьць, якія ён звычайна выяўляў,
бо тэмы размовы звычайна яго не займалі. Урэшце, ён вельмі разыйшоўся,
цьвердзячы наперакор сваім сябрам, што злачынцу амаль немагчыма спаймаць,
але хутка ўтаймаваў сябе. У сваёй нястрыманасьці ён адчуваў спакусу намякнуць
сёе-тое, з чаго ільга было б меркаваць, што гэта ён быў злачынцам; але
ягоны прыроджаны розум ня даў яму гэтага зрабіць...
Неўзабаве ён пакінуў грамаду. Калегі сказалі яму перад адыходам: “Шкада,
што ты сыходзіш! Сёньня ты быў у нядрэннай форме! Такім, як сёньня, ты
павінен быць заўжды!”
*
* *
Ані цень падазору ня ўпаў на Віторыё. Зато які тузін нявінных людзей быў
арыштаваны і доўга ўтрымліваўся пад вартай. Нарэшце, каб не сказалі, што
дзяржаўныя органы ні да чаго ня здатныя, адзін зь іх, стары злодзей, хуліган
і алкаголік, асуджаны да пажыцьцёвага астрогу.
Некалькі дзён пасьля свайго ўчынку Віторыё папрасіўся на месяц у адпачынак.
Ён яго атрымаў. Ён ад’ехаў на вёску, маючы каля васьмісот лір.
Ён набыў сабе стрэльбу і нястомны трэніраваўся там у стральбе. Зрабіў
сабе дакумэнты паляўнічага, каб навучыцца трапляць у рухомыя мэты. Па
жывёлах ён страляў выключна кулямі. За месяц ён ператварыўся ў вельмі
добрага стралка. Ён практыкаваўся ў бегу, скаканьні, плаваньні, карасканьні,
коннай язьдзе: ува ўсім ён хутка прагрэсаваў. З задавальненьнем ён навучыўся
б мастацтву рукапашнага бою, але магчымасьці не было; тады ён прынамсі
добра прадумваў і ўяўляў сабе, што б ён рабіў у пэўных выпадках, калі
б пачалася бойка, і пры гэтым дрэсіраваў свой дух перадусім дзеля несупыннай
гатоўнасьці і хуткасьці. Важнае мастацтва пазбаўляць суперніка сьвядомасьці
ўдарам кулака ў скроню ён асвоіў прынамсі настолькі, каб мог дакладна
пацэліць кулаком мішэнь, якая б зьявілася перад ім, трэніраваў рэзкасьць
і хуткасьць удару размахваньнем рук у паветры і шпурляньнем каменяў, дый
наагул штодня сістэматычна павялічваў сілу сваіх мускулаў... Найбольш,
аднак, ён дбаў пра вышэйшыя здольнасьці духа: ён мацаваў сваю волю мысьленьнем
і небясьпечнымі дзеяньнямі, трэніраваў яго пагатоўнасьць і несупынную,
маланкавую рашучасьць, падрыхтаванасьць і дзейнасьць, вучыўся валодаць
сабой. Ён ачышчаў свой дух ад усялякіх няшчырых, збытных думак і выхоўваў
яго да таго, каб той ішоў да сваёй мэты як мага найкарацейшым шляхам.
Трэніраваўся ў стаічнай атараксіі і адыяфорыі...
Ува ўсім яго суправаджаў посьпех. А калі месяцам пазьней ён пакідаў вёску,
у яго былі дасканала сфармаваныя найвышэйшыя здольнасьці волі і духа.
Ён быў нечувана асьвежаны і ледзь ня зноўнароджаны, калі вярнуўся ў Рым—часткова
таму, што зьмёў зь сябе пыл канцылярыі, пазбавіўся на нейкі час духазморнай
працы, асьвяжыўся рухам на сьвежым паветры і здаровым дзеяньнем, а часткова—пад
уплывам новых думак і спадзяваньняў, якія зьзялі ў ягонай душы.
Ён нечувана пасьвяжэў, змагутнеў і перамяніўся; у ім узьнялося полымя
веры ў сябе самога. Як і чакаў Віторыё, ён пазіраў цяпер на людзей іншымі
вачыма; ён адчуваў сябе вышэйшым за іх і настолькі ўзьнёсла чужым для
іх, што зьнікла колішняя няёмкасьць у стасунках зь імі, нечульлівасьць,
крыўдлівасьць, якія паходзілі зь ягонай бязмоцы. Яго болей не шпынялі
і не абыходзіліся зь ім фамільярна.
“Ты зараз як дамаская шабля!”, сказаў яму ягоны сябра, калі яны зноўку
сустрэліся ў Рыме. “Па табе відаць, як дабрадзейна ўплывае на чалавека
чыстае здаровае паветра і знаходжаньне на ім!”
“Ты цяпер нашмат прыгажэйшы, чым раней!”, сказала яму ягоная каханка.
“Я раптам адчуваю, што кахаю цябе ў два разы болей, чым дагэтуль, таму
што я табой захапляюся!”—
Ён вырашыў пакінуць працу ў канцылярыі з-за боязі, што штодзённыя падлікі
зноўку вернуць яго ў ягоны колішні стан. Адразу ж пасьля вяртаньня ён
паведаміў загадчыку, што з-за нэрваў павінен адмовіцца ад свайго месца.
У яго ўсё яшчэ было столькі грошай, што ён мог два-тры месяцы на іх прыстойна
жыць. Нягледзячы на гэта, ён стаў шукаць новую працу, і за два дні яму
ўдалося знайсьці месца журналіста за сто лір у месяц... Ён перастаў чаго
б там ні было баяцца; не баяўся сьмерці і не баяўся жыцьця, быў да ўсяго
падрыхтаваны і гатовы. Не перасьцярогі, а толькі розум прымушаў яго быць
абачлівым.—