| Ладыслаў
Кліма (1878 – 1928)
ЧЭСКАЯ ЛІТАРАТУРА (з кнігі “Сэкунда і вечнасьць”, 1927) (урывак) ІІІ. Варта глядзець на ўсё, меркаваць пра ўсё толькі з аднаго, узьнёслага гледзішча: Свабоднай, сувэрэннай Волі: боскасьць—альбо абумоўленасьць, рабства, жывёльнасьць? Чэская душа цалкам падпадае пад другое, нягледзячы на выключэньні—даволі частыя, але невысокія пратубэранцы ў сфэру першага. Яе асноўнай уласьцівасьцю ёсьць звычайны клопат аб выжываньні. Агідны клопат службоўца, каб ня быць выкінутым з працы; агрэсіўны клопат прасталюдзінкі, якая прабіваецца наперад у чарзе па хлеб; сырой, суворай, пякельна сур’ёзнай, няўсьмешлівай, якая ня ўмее сьмяяцца—сьмех скінуў бы яе ў бездань, як прабуджэньне самнамбулу. Можна балансаваць на краі бездані і сьмяяцца; але дар сьмеху, дар пагарды, дар абыякавасьці, вялікадушнасьці, шляхетнасьці, высакароднага альтруізму бог чэху ня даў;—неабходнай умовай высокай этычнасьці ёсьць грандыёзная абыякавасьць да жыцьця, тым больш да выжываньня. Чэская душа—пралетарская. Яе жабрацкая заклапочанасьць, ня толькі нацыянальная, але і прыватная, ёсьць галоўным тонам чэскага пісьменства. Ад гэтай заклапочанасьці немагчыма ўцячы, нават калі ўцякаць пад неба Элады, ці нават у само неба; —сумленна задуманы чэскі бог быў бы толькі фантастычным гаспадаром, які з двума гектарамі, двума каровамі і дзесяцьцю дзецьмі ў сваёй усемагутнасьці кожны год адносіў быў у ашчадны банк 5 тысяч. Жахлівае відовішча, як у чэскіх аўтараў, перадусім у Сьвятаплука Чэха і Нэруды, кожны полыск угару менавіта ў момант, калі датыкаецца ўзьнёслага, ападае ўніз, будучы зрынуты ўніз чэскай клапатлівай нізкасьцю; сокалы з ланцужком на назе...; іхнай галоўнай памылкай было тое, што яны залішне любілі свой народ, што сваё жыцьцё падпарадкавалі службе народу; але высокі дух не слугуе нават вышэйшым рэчам: ён сам дыктуе сьвету і богу. Чэскі літаратар тужліва сьпявае, тужліва сьмяецца, тужліва пазяхае, тужліва кляне, тужліва мочыцца, тужліва сьпіць. Крыху гратэскна выглядае сівізна на галаве хлапчука... І крыху непрыстойна ўваходзіць у таварыства зь сеткай для вусоў на твары. Кніга ёсьць альбо пераадоленьнем жыцьця, альбо яго дрэннай імітацыяй,—то бок, чымсьці болей чым непатрэбным; гразь добрая на полі; але маляваць ёю карціны?.. але гэта ж “рэалізм”. Згода, то бок, найлепшая літаратура ёсьць звышчалавечай, нечалавечай: інстынкты і пачуцьці паглынутыя Зьзяньнем і Сувэрэннасьцю. А чэская? Пачуцьці замест волі, інстынкты замест думак, замест сонца—паўзмрок, румзаньне замест сьмеху,—цалаваньне роднага бруду замест зорнага перазвону, замест дыялогаў з богам—лізаньне верадаў народу, заляцаньне да салодкай сястрынскай набрыдзі замест Боскіх маналогаў,—найвялікшая літаратура ёсьць толькі маналогам Бога. Задыханае прапіханьне наперад у калатнечы, якое лаецца і адначасова плача, груба расьпіхвае ўсіх локцямі: вось нутро чэскай літаратуры; падпраўлены спэцыямі геданізм і гуманістычны антураж ня робяць яго больш араматычным і прыцягальным. Літаратура зьнешнасьці й павярхоўнасьці, пачуцьцяў, інстынктаў і туманаў, так званая белетрыстыка, мае агромністую перавагу над літаратурай думак, так званай павучальнай. А ў белетрыстыцы, зноў-такі—“паэзія” пераважае над прозай, у паэзіі—панаваньне жывёльнасьці, сырасьці і бяздумнасьці, так званая лірыка; раман і драма—альбо ўбогія, альбо лірычныя, альбо абое разам. У навуковай літаратуры больш разьвітымі ёсьць адгалінаваньні, якія маюць тэмамі канкрэтыку, зьнешнасьць, дактрынарнасьць; літаратура інтраспэкцыйная, “маральная”,—а ля Лярошфуко, Ля Бруер, Вовэнарг, Шамфор, Ліхтэнбэрг,—амаль адсутнічае; філасофія—цалкам. Ужо гэтага апошняга дастаткова для таго, каб вынесьці прысуд над культурай народа, які ўжо не паўдзікі і значна рацыянальны. Філасофія ёсьць паэзіяй розуму; толькі розум—чалавецкасьцю, наджывёльнасьцю. Што выплывае з таго, што чэская рацыянальнасьць ня ёсьць філасофскай? Тое, што яна ёсьць толькі рабыняй інстынктаў і пачуцьцяў, іхным гібрыдам, зародкам чалавецкасьці... Нефіласофскі розум ёсьць толькі ўзмагутнелай,—і перакрыўленай жывёльнасьцю. Чэскае пісьменства ёсьць залішне чэскім; таму яно ня толькі недастаткова каштоўнае, але і недастаткова чэскае. Глыбока дрымаюць таямніцы народнай душы; толькі калі засьне грукат павярхоўных інстынктаў і намераў, абудзяцца і паўстануць ціхія цені. Нацыянальнасьць не павінна акцэнтоўвацца, яна павінна быць сама па сабе зразумелай; яна павінна знаходзіцца за творцам. Народнасьць не павінна вышуквацца творцам, гэтаксама як прыгажосьць, шчасьце, каханьне, жанчына, ён нават павінен ёю грэбаваць, калі хоча, каб яна ўпала ў ягоныя абдымкі. Чэскі творца павінен быць свайго кшалту надзвычай абыякавым да свайго народа, калі хоча шмат зрабіць для яго; і наагул кожны вялікі дух eo ipso бачыць пытаньні жывёлаў, такія як патрыятызм і рэлігію, з тым большай вышыні, чым ён больш узьнёслы; любоў да радзімы і набожнасьць ёсьць найвялікшымі вартасьцямі звычайнага чалавека; што ўжо сьведчыць аб тым, што для незвычайнага чалавека яны ёсьць заганамі.—Ці з волі, ці міма волі чэскага літаратара, чэскае пісьменства заўжды было тэндэнцыйным. Тэндэнцыйнасьць ёсьць добрай і ўзьнёслай тады, калі вядзе да—ўзьнёслага; але “калі патрыятызм дамешваецца ў мастацтва, навуку, філасофію—ён брудны галган, якога трэба адразу ж вытурыць”: Шопэнгаўэр. (...) Хто хацеў бы даведацца працягу гэтай споведзі, хай паслухае сп. Мацея Броўчка. Літаратар, які ўзыйшоў зь нізкай клапатлівасьці, ёсьць толькі налякаваным, рафінаваным сп. Броўчкам... Спрэс прыручаныя народныя зьвяркі,—верныя сабачкі, працавітыя цяглавыя коні, добрае дваровае птаства. Іхныя lucida intervalla ёсьць толькі сьціплым, кароткім, нізкім палётам гусей. Каб чэскае пісьменства мела нейкую вартасьць, было б патрэбна толькі, каб ягоныя гусі ператварыліся ў арлоў, а сабакі—у тыграў. Кожны вялікі дух ёсьць дзікім і драпежным; незацугляным мустангам прэрыяў. Гэтаксама як і патрыятызм, ёсьць і маральнасьць, рацыянальнасьць, разумнасьць адмаўленьнем літаратуры,—натуральна, што толькі не літаратуры аб разьвядзеньні трусоў; а цьвярозы пісьменьнік ёсьць заўсёды слабаком. In summa, не бракуе нічога, каб літаратары, чыёй маткай ёсьць чэская клапатлівасьць, былі добрымі,—акрамя іхнай здольнасьці да гэтага.
© Пераклад - Макс Шчур, 2007 |