Макс
Шчур
ЛІТАРАТУРА
І САМАГУБСТВА
Тэма неўміручасьці
ў Клімы і Борхэса
Калі
б я не напісаў “Рысаванку”, я б скочыў у Сэну.
Кортасар
“Мужнай ёсьць кожная
думка пра Вечнасьць; бачаньне sub specie aeternitatis—і наагул Мужнасьць—ёсьць
цалкам тоеснымі поймамі!...”, піша Кліма ў “Слаўнай Нэмэзідзе”. Герой
“Слаўнай Нэмэзіды” Сыдэр імкнецца да прыгожай, слаўнай сьмерці—якая
ёсьць ключом да мудрасьці, усяведаньня, але таксама—да Вечнасьці, вечнай
перамогі. Для Клімы, аднойчы перамагчы—перамагаць заўсёды, на працягу
“ўсіх вечнасьцяў”.
Няма нічога дзіўнага,
што падобнае разуменьне гераізму як шляху да Вечнасьці мы знаходзім
у Клімавага маладзейшага сучасьніка, Борхэса: шырока вядомая ягоная
зайздрасьць гераічным пастацям, адлюстраваная ў шматлікіх тэкстах з
“гістарычнай” тэматыкай, распрацоўка тэмы годнай, гвалтоўнай сьмерці,
нарэшце, спроба самагубства ў веку 37 гадоў...
Пра стаўленьне Клімы
да самагубства існуе вельмі падрабязнае й разьсяглае эсэ філосафа Івана
Дубскага. Там ён цытуе выказваньне Клімы аб тым, што самагубства—магчымасьць
спыніць існаваньне самахоць, у любы момант—ёсьць найвялікшым дарам багоў
чалавеку. Сам Кліма некалькі разоў рыхтаваўся да яго, але так і ня зьдзейсьніў.
У “гераічны дзень” 8 жніўня 1913 году, Кліма, падобна да Ніцшэ, прыйшоў
да разуменьня сваёй Дэаэсэнцыі, боскай сутнасьці, а значыць—і неўміручасьці.
*
Абодва аўтары цікавяцца ня толькі самагубствам, гераічным адрынаньнем
жыцьця дзеля вечнасьці, але і самой вечнасьцю. Яны ня толькі яе ўяўляюць,
вераць альбо ня вераць у яе—яны кожны па-свойму імкнуцца абгрунтаваць
яе магчымасьць альбо немагчымасьць.
У Клімы вечнасьць
ёсьць катэгарычным патрабаваньнем, абсалютнай неабходнасьцю. “Не хачу
нічога—калі ня маю Вечнасьці”, кажа Сыдэр. Гэтак і для Клімы як філосафа
неўміручасьць—мэта сама па сабе.
Тым часам у Борхэса
неўміручасьць—толькі сродак для дасягненьня Ўсяведаньня тут і цяпер
(“Алеф”), якое бачыцца яму як галоўны атрыбут Боства. Таму ў Борхэса
неўміручасьць мае толькі адну форму: несупыннае трываньне цела, назапашваньне
досьведу (“Несьмяротны”). У Клімы ж яна мае любыя, усё адно якія, самыя
містычныя формы—любая зь іх для яго аднолькава прыймальная.
Больш таго, вечнасьць
у боскага Клімы ёсьць адзінай рэальнасьцю, у “залішне чалавечага” Борхэса—недасяжнасьцю.
Сапраўды, трансцэндэнтальны суб’ект, у разуменьні Борхэса—чыстая патэнцыйнасьць.
Усёведаньне тэарэтычна магчымае, але недасягальнае для канкрэтнага чалавека.
Сум ад гэтага замяняе ў Борхэса сум ад адрынутасьці богам, адарванасьці
ад бога.
Наагул, Борхэс—большы
матэрыяліст за Кліму; магчымасьць асабістай неўміручасьці існуе для
яго толькі як вынік усеагульнага ўпарадкаваньня Сусьвету, пры ўмове
наяўнасьці ў ім такіх фізычных законаў часу і прасторы, якія маглі б
зрабіць гэтую неўміручасьць магчымай (што нагадвае Ніцшаву канцэпцыю
“вечнага вяртаньня”).
Клімава вера ў неўміручасьць,
наадварот, грунтуецца на ягоным агнастыцызме—мы ня ведаем, чым ёсьць
сьвет, сьмерць і г.д. Паводле Клімы, у вечнасьці магчымае ўсё. Значыцца,
магчыма і тое, каб Бог захацеў зрабіцца мной. Тут ён хутчэй нагадвае
Гегеля, які, як вядома, таксама лічыў сябе ўвасабленьнем абсалютнага
духу.
*
Уявім сабе, што неўміручасьць дасягнутая—якім ёсьць ейны зьмест? Тут
бачаньне “жыцьця пасьля сьмерці” ў абодвух аўтараў падобнае. Гэта—шэраг
пераўвасабленьняў Духу, магчымасьць быць усім і нікім. Неўміручасьць
нагадвае сон зь ягонымі бясконцымі трансфармаваньнямі.
Але чым іншым ёсьць,
уласна кажучы, літаратура? Нездарма ў Клімы ўяўленьне пра неўміручасьць
адпачатна зьвязанае зь літаратурай. Сыдэр, герой “Слаўнай Нэмэзіды”,
даведваецца аб усіх сваіх і чужых папярэдніх жыцьцях у момант сьмерці,
гэтаксама як герой “Алефу” бачыць усе кропкі прасторы ў адной. Кліма
ператварае неўміручасьць у... літаратуру, прычым ня самай лепшай якасьці—у
драму, прыгоду, рамантычную легенду... Літаратурная фантазія злучае
суб’екта са сном вечнасьці.
*
У падмурку гэткіх “літаратурных” канцэпцыяў неўміручасьці абодвух аўтараў
ляжыць агульнае для іх разуменьне вечнасьці як трансцэндэнцыі, пазбаўленьня
асабістасьці (у выніку ператварэньня ў боскае Звыш-Я, зьліцьця з трансцэндэнтальным
суб’ектам). Вытокі такога разуменьня мы можам знайсьці яшчэ ў выказваньні
Хрыста “Там дзе двое ў імя маё, там і я зь імі”.
Гэтая сытуацыя з удзелам
Хрыста і дваіх ягоных адэптаў падарозна нагадвае сытуацыю камунікацыі,
вядомы Пірсаў трохкутнік. Калі першы з удзельнікаў “трыялогу”—гэта тэкст,
паведамленьне, кніга, а другі—рэцыпіент, чытач, то адсюль узьнікае трэці—Дух,
трансцэндэнтальны суб’ект, сэнс, Логас, сьвядомасьць... Перафразаваўшы
Хрыста, можна сказаць, што ўражаньне, пачуцьцё неўміручасьці, пазачасовасьці
непазьбежна ўзьнікае ад кантакту са знакам. (Борхэс: я ў тых, хто чытае
мяне. Падобна ў Клімы: дзе выявіцца душэўны стан, падобны да майго,
там буду і я.) У гэтым разуменьні вечнасьць стаецца ня проста прыдумкай,
але непасрэдна прадуктам літаратуры.
*
У працэсе літаратурнай творчасьці Кліма і Борхэс прыходзяць практычна
адначасова да высновы, што я (суб’ект) неўміручы ў кожны момант свайго
існаваньня (Борхэс: часу не існуе), да разуменьня ўласнае “канкрэтнай
вечнасьці” (нашмат пазьней яшчэ адзін вядомы чэскі філосаф, марксіст
Карэл Косік, будзе гаварыць пра “татальнасьць канкрэтнага”). Неўміручасьць,
такім чынам, дадзеная нам адпачатна. Калі жыцьцё ёсьць толькі сном,
то сьмерці не існуе: няма розьніцы, сьніць тут і цяпер, альбо—потым,
у Вечнасьці... Таму ня варта наагул пра яе думаць, а прысьвяціць час
літаратуры, у тым ліку—стварэньню магчымых праектаў вечнасьці...
Гэтае разуменьне вечнасьці
ня толькі як кшталту, але ўжо як прадукту літаратуры (кнігі, пісьма)
адводзіць абодвух аўтараў ад спробы непасрэднага спатканьня зь Вечнасьцю
да заняткаў літаратурай. Менавіта літаратура, кніга, знак стаюцца для
абодвух займеньнікам неўміручасьці—адзіным магчымым шляхам да трансцэндэнтальнага
суб’екту. Як і Кортасара, літаратура ратуе іх ад самагубства.