Л.Кліма ва ўзросьце 14 гадоў

 

 

Ладыслаў Кліма

 

(1878-1928)

 

АЎТАБІЯГРАФІЯ

 

Народжаны 22 жніўня 1878 г. у Домажліцах. Бацька—службовец; умераны “дабрабыт”. Два браты, дзьве сястры; усе памёрлі ў дзіцячыя гады. Усе былі мне агідныя да гнюсоты—не таму, што былі гнюсныя, а таму што былі занадта блізка да мяне. Бацькі мне былі агідныя, і я іх амаль ненавідзеў, хаця скардзіцца на іх ня мог, за тое, што яны мелі дзёрзкасьць быць мне яшчэ бліжэй—гэткім парадаксальным і ганебным чынам... У дзяцінстве я ненавідзеў усіх людзей, усялякае прылашчваньне выклікала ў мяне ажно ваніты, асабліва ў дачыненьні да ўсіх мужчын у мяне была надзвычай разьвітая ідыясінкразія. Яна была заснаваная на прыроджаным грэбаваньні. Калі прааналізаваць мае згадкі, дык ужо ў першыя гады гэтага жыцьцейка я ўспрымаў сябе й чалавецтва як дзьве сілы, што змагаюцца між сабой, і ўжо ў першыя гады інстынктыўна заніжаў вартасьць свайго суперніка—лічыў яго за нішто. Ужо тады была маёй асноўнай, усюднай, зранку цьмяна зьзяючай і пры гэтым магутнай уласьцівасьцю Воля, якая ўвесь час абыймала сябе і абсалютна ўсё дыктавала. Цяжка зь ёю жыць даросламу, дзіцяці—яшчэ цяжэй... Думаю, што ў маіх братоў і сёстраў яна была разьвітая больш, чым у мяне—таму што яны памёрлі... Зразумела, што з такім наканаваньнем я ня мог залішне вылучацца ў прыемным чалавечым асяродзьдзі—пакуль крыху не зарыентаваўся. Без сумневу, спачатку я выглядаў вельмі глупска, сьмешна, сарамліва, хто такім ня быў, ёсьць пасярэдным таварам. Разам з тым адначасова: пякельны “самадур” (“самадурства”, супрацьлегласьць чужому “дурству”, ёсьць толькі цьмянай праявай Абсалютнасьці ў жывёльным царстве), “неслух”, “злыдзень”. Краў дзеля самога крадзяжу, замест спорту мне было разьбіваньне вокнаў на ўскрайку Домажліц, клаў камяні на чыгуначныя рэйкі, падпальваў снапы збожжа.—Але ў сталым веку я не зьдзяйсьняў злачынстваў, таму што там, дзе яны не дыктуюцца практычнай неабходнасьцю, яны ёсьць проста дробным хуліганствам—у тым ліку й вайна.—Але былі ў мяне і ўхвальныя схільнасьці: напрыклад, аднойчы апоўначы, калі мне было дванаццаць, я ўзгадаў, што птушаняці, якому я ў полі зладзіў прыстрэшша і якога там доўгі час замест ягоных бацькоў рэгулярна карміў, забыўся прынесьці ў той дзень ужо падрыхтаваных чарвякоў; я ціха зьнік з хаты і з чарвякамі ішоў да яго чвэрць гадзіны—птушаня мёртвае...—думаў тады, што памру з гэтага... Альбо (тыгр)... Эх, якая ж дурасьць гэтае раньняе праціраньне вачэй, дзяцінства! А хто ў маладосьці быў “малады”, той ёлупень, аўца, якая ў добрай згодзе з вакольным статкам... Найбольш моцныя адчуваньні ў дзяцінстве мне дала музыка. Калі побач лабала вясковая капэлка, маё цела ўсё ільдзянела, ажно ставалася нячуйным, уваччу цямнела, я мусіў за нешта ўхапіцца, каб ня ўпасьці.—Паўтары гадзіны я ў свае чатырнаццаць ішоў цераз глыбокі сьнег і завеі ў вёску, дзе, як мне было вядома, мусілі быць хаўтуры з музыкай. Зь дзесяці гадоў я сам па паўдні праводзіў у полі ці ў лесе—а пазьней і цэлыя ночы. За ўсё жыцьцё я не спазнаў пачуцьця суму—хіба ягоны аналаг, і заўсёды ў кампаніі... Статкавы ідыятызм пад назвай школа скраў у мяне як мінімум трыццаць адсоткаў сілы духа,—але з гэтым заўсёды трэба лічыцца—ад чалавека заўсёды застаецца толькі ягоны фрагмэнт— Сорамна прызнацца, што за выключэньнем апошніх гадоў я вучыўся заўжды на выдатна, і што з маральных паводзінаў у мяне заўсёды была найвышэйшая адзнака.—

На пятнаццаты год, аднаго лёсавызачальнага дня, абудзілася ўва мне раптоўна і жудасна мая летуценная сутнасьць, якая дагэтуль спала, у адной са сваіх формаў: патрэбе прымушаць сябе думаць аб непамысным. Рэшту дня і ўсю ноч я курчыўся ў спазматычным мысьленьні аб дзесяцітысячных частках мілімэтру—неабходнае наступства асноўнага “інстынкту”: я ўсемагутны—немагчыма было спыніць маю волю, пакуль блаславёнае цела не паклала гэтаму канец. З таго часу гэта ані на хвіліну не пакінула мяне дарэшты; безьліч разоў я думаў, што памру—найстрашнейшы найміт божы—ад штодзённай 18-гадзіннай, найцяжэйшай працы, ні за што ні пра што. Толькі праз 19 гадоў я сьвяткаваў вялікую перамогу—спазмы маёй думкі, якія я доўга лічыў хваробай, гэтаксама як іх лічыла б хваробай усё прынамсі эўрапейскае чалавецтва, былі, пасьля неверагодных махінацый, настолькі прыціснутыя да зямлі, што пазбавіліся небясьпекі... Было патрэбна 19 гадоў несупыннага курчаньня, задыхваньня і жаху, каб сасьпеў салодкі плён... Толькі такім чынам усё чалавецтва, усё ў нашым малым сусьвеце ідзе наперад.

Сядзець за партай і штосэкунды быць апанатаны чымсьці падобным—да дабра не вядзе. У мяне тады яшчэ не было энэргіі парахаваць з гэтым школьным паскудствам—лёс зрабіў гэта за мяне. На працягу васьмі месяцаў памерлі мая маці, бабуля, цётка й апошняя сястра; я рэгулярна ганьбаваў крыжы ў навакольлі горада, скандаліў у касьцёле, раскідваў анархісцкія ўлёткі за няйменьнем бомбаў і г.д.—пакуль мяне ня выгналі ў першым паўгодзьдзі сёмай клясы з усіх вучэльняў—таму што я назваў Габсбургаў, ня вывучыўшы хатняе заданьне па гісторыі, калі не памыляюся, парсючынай дынастыяй. Нябожчык дырэктар гімназіі, які энэргічна трываў на маім выключэньні, стаўся гэтак адным з найвялікшых дабрадзеяў у маім жыцьці. Паўгады я быў вольны, потым пагадзіўся гніць у далейшым за партамі загрэбскай гімназіі. Ніколі я яшчэ ня быў бліжэйшы да сьмерці, чым там. Пасьля адбыцьця аднаго сэмэстру я адразу ж вярнуўся ў Чэхію, вырашыўшы, што ў ніводнай навучальнай ўстанове больш нагі маёй ня будзе, і што ніколі ня буду займацца ніякай прафэсіяй. Дастаткова было дзьвюххвіліннай размовы з маім мудрым бацькам, каб мы на гэтым пагадзіліся і ўжо ніколі пазьней не заводзілі гутаркі на гэтую тэму. У Модржанах, дзе ён тым часам набыў сабе маёнтак, я застаўся недзе тры гады—маім домам хутчэй былі цясьніны і лясы, чым бацькаў дом; у асноўным я вёў падрыхтоўчае змаганьне на жыцьцё і на сьмерць з прымітыўнай праблемай свабоды волі. Як толькі мне споўнілася дзевятнаццаць, я стаўся поўналетнім і атрымаў невялічкую спадчыну па маці і сястры. Я падлічыў, што змагу зь яго прыстойна жыць восем гадоў—на год памыліўся—а ў 21 год пакінуў бацьку разам зь ягонай другой жонкай 24 гадоў веку, якая, зразумела, не магла паразумецца зь ім, шасьцідзесяцігадовым. Да сваіх 26 я пачаргова жыў у Плзні, Айзэнштайне, Цюрыху, тырольскім Ландэку. Паколькі бацькава жонка забясьпечвала дом усім неабходным, у мяне зусім не было патрэбы сустракацца зь людзьмі. Маймі адзінымі каханымі сяброўкамі былі процьмы котак. Што мне зь відочных істотаў падабаецца найбольш, дык гэта горы, хмары, коткі—і відаць усё-ткі таксама жанчыны. Маёй галоўнай дзейнасьцю ў тую пару, калі астатнія мучаюць сябе іспытамі і пачаткам кар’еры, былі вечныя шпацыры па зарасьцях, шуканьне німфаў і галюцынацыйных замкаў, ляжаньне голым у мху й сьнезе і страшныя сутычкі з Богам, якому закарцела жыць нядрэмна, як чалавек... У Тыролі я дамогся на ўсіх франтох папярэдніх і неабходных перамогаў—таксама таму, што там прызвычаіўся паліць тытунь. Калі б ня гэта, я б сёньня ня жыў. Там я вырашыў апублікаваць у скарочаным выглядзе галоўныя вынікі майго дапасюлешняга мысьленьня—перадусім зь фінансавых прычынаў, насуперак свайму прынцыпу, вядомаму яшчэ ў дасакратаўскіх філосафаў і сёньня парадаксальнаму: жыць толькі дзеля ўласнага самаўдасканаленьня, а пры нагодзе, у старасьці, паведаміць чалавецтву ў адным адзіным творы вынік свайго жыцьця. Я пераехаў на Сміхаў, дзе напісаў “Сьвет як сьвядомасьць і нішто”—у 26 год. Паколькі адразу пасьля выхаду кнігі ў 1904 годзе я пераехаў у Забегліцэ ля Збраславы і цягам месяцаў не чытаў газэт і ні з кім не размаўляў, то да сёньня ня ведаю, ці зашманаў на яе хоць адзін сабака. Толькі праз паўгады на яе зьвярнуў увагу Э.Халупны, што пазьней мела для мяне надзвычайныя і спрыяльныя наступствы. Пазьней у Збраславе, прынамсі ў вечары ў шынках, я ўпершыню зрабіўся крыху таварыскі—якія неверагодныя рэчы здольны вырабляць з чалавекам ягоны анёл-абаронца! У 1906 годзе пераезд на Вінаграды. Там я дапамагаў сабе разьятраным пісаньнем афарызмаў, каб не ўдушыцца—кампаніі ніякай. Грошы памалу сканчаліся. Я прыняў бацькаву прапанову пераехаць у Модржаны (1906). Паўтара гады я там апантана пісаў выключна белетрыстыку—штодня па два-тры друкарскіх аркушы, зь невыказнай радасьцю—самае асабістае ўва мне засынала ў нейкія дні амаль так, як спала да маіх пятнаццаці год; але гэта была найбольш прыемная пара майго жыцьця—увесну 1908 году я ўбачыў, што адхіляюся, і толькі цяпер кінуўся, сорамна прызнацца, поўным ходам у сістэматычную практычную філасофію. У выніку агромністая асалода, яшчэ большая, чым пры белетрызаваньні, але таксама больш цяжкая і балючая. Узімку 1909 году памёр бацька—якраз калі былі скарыстаныя апошнія магчымасьці штосьці ад яго атрымаць. Я ўспадкаваў ягоныя дамы. Яны былі ў закладзе пад крэдыт, але ў выпадку продажу я мог атрымаць дзесяць-дванаццаць тысячаў золатам, калі б аб гэтым прынамсі троху клапаціўся! Але менавіта ў той і наступны гады я дасягнуў вяршыні свайго дапасюлешняга жыцьця: адкрыў і часткова прысвойтаў сабе Дэоэсэнцыю. Той хто думае, што ў такім стане можна прынамсі 5 хвілін у дзень аддаваць практычнаму гнюсу, ня мае ўявы, што такое найвышэйшае духоўнае жыцьцё. Анаксагор—які не дасягнуў гэтага стану—цалкам занядбаў свой маёнтак. Калі яму раілі, каб ён прынамсі крыху часу прысьвячаў практычным рэчам, каб ня стацца жабраком, ён сказаў: “Як мог бы так сябе паводзіць я, для якога кропля мудрасьці мілейшая за бочку золата!”—З продажу я атрымаў тры з паловай тысячы залатых. Увосені 1910 году—пераезд у Вршовіцэ. Клятва: абсалютным авалоданьнем інтэлекту напоўніцу дасягнуць Найвышэйшага... Два гады нечуванага гвалтаваньня працэдураў мысьленьня—доўгія гадзіны, напрыклад, ляжаў я на сьнезе ў спазмах.—Мэта, якая ўяўлялася настолькі блізкай, варта было працягнуць руку, была вартая рызыкі любой катастрофы. Не дасягнутая; затое фізічна я апусьціўся найглыбей у папярэднім жыцьці. Выратаваў мяне алкаголь—ром і неразрэджаны сьпірт; да сёньняшняга дня я застаўся верны маім уратавальнікам. У другой палове 1912-га і 1913-га гг. я ня быў цьвярозым ані на хвіліну. Але пры гэтым я мог тады займацца ўсім чым заўгодна—я быў яшчэ пачатковец. Напрыканцы 1913 г. пераезд у Гороўшанкі з мачахай сп-няй Клімавай і выбітным сп. К.Ванішам, за якога яна пазьней выйшла замуж, як пачалася вайна. Улетку 1915 г. бяз гроша ў кішэні пераяжджаю ў Высачаны, дзе, калі не лічыць двух кароткіх перапынкаў, жыву з таго часу да сёньня ў гатэлі “Прыгажосьць” у вядомых мужа й жонкі Пучалкавых. Пабыўшы месяц у Высачанах, я пасярэдніцтвам доктара Антаніна і інжынэра Яраслава Кржыжа стаўся машыністам прылады на чэрпаньне вады з рэгуляванай рэчкі Цыдліны ў Жыжэліцах, прычым кіраваў машынай адразу, хаця ня ведаў аб ёй абсалютна нічога. Два месяцы ўсё йшло адносна добра, потым я звольніўся і вярнуўся ў Высачаны. Больш году бяз працы—калі так не называць, паводле зьнешнасьці, пісаньне і несупыннае буханьне, перадусім з вартым захапленьня германскім немцам Фр.Бёлерам. Упершыню ў жыцьці я сустракаў тут некаторых людзей штодня, у асноўным немцаў, гэтаксама як пазьней гэбраяў. У лістападзе я стаў вартаўніком маленькай фабрыкі, цалкам закінутай. Маё вартаваньне абмяжоўвалася сталым п’янствам. За ўвесь час у мяне ня ўзьнікла ані думкі даглядаць за фабрыкай. Было гэта цудоўна, у мяне была найвялікшая кватэра ў Празе, увесь час толькі для мяне, заплочаныя паліва, кватэрная плата і электрычнасьць да таго ж. Тое, што я не вартаваў, было справядлівай узнагародай за тое, што я, дурань, хоць і мог вельмі лёгка ўкрасьці й прадаць многія каштоўныя рэчы, не ўкраў і не прадаў амаль нічога, калі не лічыць выпітай мною пляшкі эфіру.

Наагул, усе мае працы дагэтуль былі чыстым фарсам. Дамаўласьнік, які абсалютна ня дбаў аб сваіх дамох, машыніст, які ня меў найменшай уявы аб сваёй машыне і які назіраў за ёй, хоць яму й падабалася зь ёю гуляцца, калі яму закарцела,—у тым ліку й наступнае маё пераўвасабленьне, суўладальнік і справавод прадпрыемства па вырабе займеньніка тытуню, абмяжоўвалася буханьнем з вышэйзгаданым Бёлерам, маім кампаньёнам. У жніўні 1917 г. я звольніўся з фабрыкі, а праз тры месяцы пачаўся згаданы “выраб”, які доўжыўся да лета 1918 г. і прынёс 500 крон даходу, зжэршы недзе 20.000. Пасьля заканчэньня вайнушкі я крыху пісаў у газэты—дзякуючы сп.Кодзічку... Новы фарс, такі самы, як два мае філасафічныя трактаты і абодва “Мацеі”. Улетку 1919 г.—вырашальная перамога як на практыцы, так і ў тэорыі; нічога істотнага ўва мне (маіх поглядах) ад таго часу не зьмянілася і ня зьменіцца; выраз, няпоўны, але ўсё ж сякі-такі ў трох апошніх дыктатах “Трактатаў і дыктатаў”. Ад таго часу ўладарыў Дыяніс—што ў маім выпадку азначае, што мой Бог у богу, scilicet Ego, зрабіў яго ўва мне сваім намесьнікам— Гэта зайшло так далёка, што я перажыў адзіную траўму свайго жыцьця: fracturam radii sinistris, калі, усьмерць п’яны, бег апоўначы па галадёдзе са Сьміхава ў Высачаны—лістапад 1919 году (31 кастрычніка). Дадалося сяброў... Не было б патрэбы пісаць у газэты, калі б адлюднік ад прыроды адказаў час ад часу на нейкае з запрашэньняў, альбо адпісаў адказ на важны ліст раней чым за паўгады—тая ж самая працэдура, што з бацькавай спадчынай.—Як я правёў 1920 год?... Выключна ў чароўным стане Самаабдымкаў, узмоцненым алкаголем ды замужнімі й незамужнімі дзяўчатамі.

У травені 1921 г. Бёлер пераехаў у Нямеччыну—я часта яго згадваю, таму што ў найгоршыя часы ён упаў з чыстага неба, як Vorsehung*,—і відаць, за ўвесь час быў маім адзіным сябрам (мой выбітны бацька, які прынамсі крыху мяне разумеў, быў у адрозьненьне ад яго ворагам на кожным кроку. І ягоная жонка таксама.)—Улетку таго ж самага году мы з доктарам Дворжакам працавалі на славутым “Мацеі”. Зь ім мы пілі ня так інтэнсіўна, як з Бёлерам, затое больш экстэнсіўна—цягам месяцаў да раніцы і даўжэй. (Найбольш інтэнсіўна і экстэнсіўна я бухаў заўжды сам—гэта каб які-небудзь прыдурак не сказаў, што мяне сп.X.Y. спаіў.) Прэм’ера “Мацея Добрасумленнага” адбылася 22.2.1922—недзе месяц пасьля яе “Трактаты і дыктаты”. На “Мацеі” я зарабіў прынамсі нешта, на “Трактатах і дыктатах”, апроч авансу ў 1000 крон ад Халупнага—нічога. Буханьне дасягнула, дзякуй багом, вяршыні. Зімовая сьпячка. Напрыканцы 1922 г.—упершыню змаганьне з гэтым—было гэта жахліва. Сэнсам году 1923 (я не кажу пра інтымнасьці) было змаганьне з уратавальнікам жыцьця алкаголем, які пазьней пагражае яго зьнішчыць. Гэта магчыма, хоць і складана. У астатнім: гэты год быў поўны супрацоўніцтва з доктарам Дворжакам (пераважна). А 1924 год да сёньняшняга дня (2-е лютага)—спазматычна-гераічным змаганьнем супраць усяго—зрэшты, гэткіх гадоў я спазнаў у жыцьці ўжо недзе пяць-шэць. А зьнешняя сітуацыя ўсё тая ж.—

Маё жыцьцё характэрызуе—са зьнешняга боку: незалежнасьць, адсутнасьць “прафэсіі”, магчымасьць жыць для сябе пры любых абставінах; уласна, я заўсёды быў адлюднікам... Тры пэрыяды—зьнешнія—майго жыцьця: у першыя сямнаццаць год, зразумела, немагчыма ў наш час пазьбегнуць школьнага сьвінства, калі толькі ваш бацька ня Ніцшэ, якога “павысілі” да манарха,—але па-за школай я быў надзвычайна свабодны, дзякуючы мудрасьці абаіх маіх бацькоў, якія нейкім дзіўным чынам адчувалі, што патрэбна майму intimissimum; потым: зноў прыблізна цягам сямнаццаці гадоў—пара, калі маладыя людзі зубраць і прагнуць пратэкцыі, гніюць у рабстве ўсялякіх бюро—я ж быў “прыватнікам”, цалкам свабодным да пустэльніцтва.— (Пэўны аналаг: Шопэнгаўэр; шкада, што я атрымаў у спадчыну ня трыццаць тысячаў рэйнскіх, а ўсяго недзе адзінаццаць тысячаў залатых); трэці пэрыяд доўжыцца да сёньня: “прыватніцтва” пры абсалютным недахопе грошай—пры татальнай абыякавасьці да іх здабыцьця, несупыннай “нядбайнасьці”, пакіданьні ўсяго “лёсу” ці Правідэнцыі (ніколі ў нікога я не прасіў грошай, калі толькі хто мне сам раней не сказаў, што ягоная каса заўжды для мяне адкрытая; ня браў нічога ў жанчын, нягледзячы на мноства шматабяцальных прапаноў і маю ўласную скрайнюю нястачу—часта паводзіў сябе як мільянэр, ня ведаючы, ці не зруйнуецца ўсё праз чатыры дні). Аднак жыў так і жыву—як, чэрці ведаюць... Галоўнай прычынай гэтага быў шэраг маіх сяброў (меней-болей), а менавіта (у альфабэтнай пасьлядоўнасьці) перадусім: Бітэрман, Бёлер, Бржэзіна, Дворжак, Зламал, Кодзічак, Кржыж (доктар), Павэл, Сэрб, Фідлер, Халупны—але—але— Зразумела, што я сам таксама нешта зарабляў,—аднак усе мае фарсавыя скандальныя “прафэсіі” былі папярэдне асуджаныя на нішто. (Заўвага: Гэтаксама як і мая літаратурная творчасьць. У дваццаць год я ўсталяваў сабе правіла нічога не публікаваць—хіба ў старасьці адзіную вялікую кнігу, як “дасакратаўскія” філосафы—пасьля іх пісаніна сталася рамяством. Аднак дрэнная матэрыяльная сітуацыя прымушала мяне яго парушаць.) Канец канцоў, усе заробленыя грошы я лічу смуродам смуродаў, кожную грамадзка-карысную працу—ганебнасьцю ганебнасьцяў—неабходны вынік таго, што я казаў аб антаганізме, аб агідзе да людзей у дзяцінстве... Я з радасьцю перанёс бы рабінзонаўскае здабыцьцё хлеба—альбо зарабляў бы рабаўніцтвам, але ў дзесяць разоў больш шляхотна, чым атрымаць 31 заробак, прымаць дарункі ад сьціплых мецэнатаў. Ну, можа я і рабаваў—між людзей рабаваньне—адзінае сумленнае набываньне.

Усё маё жыцьцё было настолькі пасьлядоўным адхіленьнем ад усяго чалавецкага, ад першапачаткаў існаваньнем толькі для сябе, а ад 31 году—толькі для Сябе, што ня ведаю, ці знойдзецца ў гісторыі (ня ў чэскай, зразумела) падобны прыклад. Я заўсёды ішоў толькі адной дарогай—і ўсё маё жыцьцё мае выключную аднастайнасьць. Я не магу збочыць, нават калі б і хацеў—пойм Гераклавай ростані для мяне цёмны лес. Якім карлікам быў Геракл, калі яго здолела прынамсі даткнуцца спакуса! Які карлік Хрыстос, якога мог спакусіць—наогул!—д’ябал! З падобных рэчаў трэба было вырасьці тысячы гадоў таму. Хоць я і казаў быў сабе некалькі разоў, калі павісаў быў на практычным валаску: забудзься на сваё блазнаваньне, пажыві прынамсі нейкі час як увесь гэты інстынктыўны скот, як ты жыў—збольшага—калі табе было сем гадоў—прынамсі гэтак—і коратка нават спрабаваў, ці магу так жыць (аднойчы гэта цягнулася ажно два дні)—сьмех дый толькі! Гэта як калі б шуляк захацеў жыць пад вадою, як карп! Нават калі б і хацеў, ня мог бы, а калі б і мог, не хацеў бы... “Адступленьне”, кажа Вэлінгтон у Граббэ, “немагчымае зь дзьвюх прычынаў: перадусім яго не дапусьціць наш гонар, а па-другое—Суаньескі лес.” У такім выпадку гэта сапраўды рызыкоўна; магу сказаць пра сябе, ад сваіх пятнаццаці гадоў, тое самае што Ніцшэ: “Ich bin immer am Abgrund”**.—І салодкая думка sui occasionis суправаджае мяне ўвесь час, як кій—трыццаць год гэта цягнецца, а я не адчуваю сябе гэтым ані крышку стомлены.—Усё практычнае пры гэтым, зразумела, павінна было дарэшты змарнець,—а калі б я хоць хвілінку сур’ёзна думаў аб “практычным”, маецца на ўвазе аб лайне, была б гэта кар’ера ці напалеонаўскія памкненьні, гэта было б у маім выпадку бяспрыкладнай бязьдзейнасьцю. Мая Звышэнэргія палягае ў экзэмплярным недахопе таго, што людцы называюць энэргіяй. У мяне дастаткова энэргіі на тое, каб бяз дай-прычыны ўстаць уначы з ложку, як кажа скот, і ісьці паўтары гадзіны ў начным холадзе, каб убачыць, якая ўначы атмасфэра вакол помніка герою Швэрыну ля Шцербаголаў; але да сваіх трох гадоў у мяне не было досыць энэргіі на тое, каб спытацца ў выпадкова сустрэтага мінака, як прайсьці туды й туды... Зразумела, што часта я гэта рабіў, але пры гэтым у мяне заўжды было адчуваньне, як быццам я гаўна наглынаўся. Гэткая характарыстыка дзяцінства... Гэта нарастала ажно да цяперашняга часу; але часткова я зрабіўся больш атупелым, часткова—разумнейшым. Чалавецтва да гэтуль не спазнала такога Umwertungen der Werte***. (Мая галоўная служба: прыслужнік, раб котак...)

Тое, што я цягам апошніх адзінаццаці год ня здох—гэтаксама, як было сказана, гэта магло здарыцца раней, зь нядбайнасьці, прычым калі заўгодна (найгоршы момант быў у 1911 годзе, калі пры бестурботным жыцьці я некалькі месяцаў запар толькі перабіваўся)—дзячыць, апрача ўжо згаданага, яшчэ тром рэчам: 1) уменьню абыходзіцца зь людчыкамі; 2) майму папросту беспадобна здароваму целу—якое не змаглі пашкодзіць самыя страшныя, самыя “нездаровыя” атакі духа. (Заўвага: які, па сутнасьці, такі ж здаровы, як цела. Але боскае, найздаравейшае, павінна спараджаць у жывёльнай каморцы самае нездаровае. Такія прыклады, зразумела, здараліся ў мінулым вельмі часта. Усе падобныя людзі загінулі. Мая ўласьцівасьць: замірэньне боскай энэргіі з жывёльнай.); і 3) анёлу-ахоўніку—альбо “генію” й г.д.— І ўласна яшчэ, па-чацьвёртае, майму філасафічнаму зкамяненьню.

Ad primum: я знайшоў modus vivendi з усімі людзьмі—ён заснаваны на пэўнай любові (паблажлівай), якая спарадзілася з абсалютнай пагарды—вынік: за дзесяць гадоў у мяне—зьнешне гарэзьніка, які сустракаўся з гарэзьнікамі—не было ніякіх сур’ёзных канфліктаў зь людзьмі—за выключэньнем аднаго выпадачку, калі я быў у цалкам абнармальным і зразумела абапітым стане (непасрэдна пасьля празьмернага спажыцьця дэнатурату). Усе людзі мяне любяць... і я ведаю чаму—усе яны, самі таго ня ведаючы, мэтафізікі—а я мэтафік katexochеn****.—

Ad secundum: Эмэрсон гаворыць аб Напалеоне: “Гэткае цела патрабавалася, і такое цела было створана: цела, якое здолела бесьперапынна сядзець у сядле трыццаць шэсьць (?) гадзінаў, на марозе й сьпёцы, бязь ежы, пітва, сну” (нехлямяжа цытуючы). Сам Напалеон часта, хаця і лёгка хварэў; я ніколі, прастуда ў мяне была ў дванаццаць гадоў, якіх дні два—я б не захварэў тады, калі б мог рабіць усё, што мае інстынкты мне загадвалі: а пасьля гэтага больш нічога! Звычайны (і алергічны) катар альбо боль зубоў нельга ж лічыць хваробай. Хацеў я быў час ад часу падхапіць нейкую хваробу—не магу, хіба толькі калі прыняць цыаністы калій,—пры мінус дваццаці сядзеў усю ноч на лютым марозе, у віхуры, ды яшчэ ў летняй вопратцы—нічога— (мімаходам: марозу я ніколі не любіў, у адрозьненьне ад сьпёкі; чым больш задушна, тым мне лягчэй,—як котка, што пры найвялікшым вёдру залазіць на печку, я пры 34 градусах цяпла ў ценю кладуся на сонцапёку з асалодай канібала і прашу: вышэй, вышэй! Ніколі не самляваў пры найгарачэйшай сярэднеэўрапейскай сьпёцы і рэкордных шпацырах.) Я піў ваду, у якой амывалі хворых воспай, зьеў сасіскі, ад якіх засталіся амаль што адны чэрві, піў ваду, пасьля якой звычайны чалавек калі б не памёр, дык прынамсі б цяжка захварэў—я абыйшоўся толькі двухдзённай мычкай.—Калі б усе пацыенты былі, як я, дактары б паўміралі з голаду, а разам зь імі, вядома ж, адвакаты, службоўцы і падобныя функцыянэры, цалкам непатрэбныя здаровым і мудрым людзям, якіх, аднак, у Эўропе набярэцца чалавек пяць... У апошнія дзесяць гадоў спрыт майго цела быў вельмі добры—дзякуючы ашчаднасьці: ад 15 гадоў я сплю выключна ў нятопленых памяшканьнях,—як я апрануты мне з мэдыцынскага і эстэтычнага гледзішча да аднаго месца, а 4 кроны на ежу дастаткова кожнаму чалавеку: есьці трэба толькі сырыя прадукты, гэта служыць як здароўю, так кашальку. Гатаваць азначае: марнаваць час, пазбаўляць прадукты важных вітамінавых складнікаў, рабіць іх менш смачнымі і плаціць за іх у два ці ў дваццаць разоў болей.—Доўгі час я еў толькі: сырую муку (часам размочаную ў вадзе пшаніцу ці гарох), сырое мяса, сырыя яйкі, малако, лімоны і сырую гародніну; і пры гэтым быў ідэальна здаровы—і ніводны гурман-мільянэр ня еў да блявоты свае вустрыцы й падобную дрэнь з такой асалодай, як я ірваў зубамі свой кіляграм конскага мяса... Гідзіцца—ня ведаю, што гэта такое. Аднойчы я забраў у коткі мыш, у якую яна ўжо запусьціла зубы, і зжэр яе, як ёсьць, з поўсьцю й касьцямі—як быццам зьеў кнэдлік.—Цягам 21 гадзіны я прайшоў у Тыролі 98 кілямэтраў, і мог бы рэшту дня, то бок яшчэ тры гадзіны ісьці без адпачынку... І г.д.—Доўга я аб гэтым прамаўляў—гэта абавязковая падзяка майму целу, якое заўсёды прыносіла дзівосныя ахвяры няўдаламу духу. За апошні год, пры жудасным спажываньні алкаголя, я зусім не адчуваў цялеснага болю—акрамя ціску ботаў. Нават катару ў мяне ўжо некалькі гадоў не было. У войску я, нягледзячы на сем прызываў, ня быў, хаця быў адным з найздаравейшых людзей у Аўстрыі, а адзінай маёй цялеснай заганай было тое, што пры 175 сантымэтрах росту важыў усяго 62-65 кіляграмаў.—Хто верыць, што mens sana in corpore sano, ня можа залічыць мяне ў псіхапаты.

3) Мая пачатковая разумнасьць, узмоцненая шаснаццацігадовым практыкаваньнем філасофіі. Яна навучыла мяне лягчэй усё пераносіць і дзейнічаць больш мэтазгодна, без забабонаў, афэктаў і комплексаў; я абыякавы да ўсяго, што раблю ў практычным жыцьці, і калі ў мяне гіпэртрафіраваны сацыяльны гонар, дык яшчэ большая сіла затыкаць яму рот. Усё на практыцы ёсьць ганебнасьцю.—Маё шалёна запаленае практыкаваньне філасофіі не было марным.—Хаця да сваіх сарака гадоў я казаў сабе, што тут я пацярпеў паразу—не дасягнуўшы Мэты мэтаў, якая была ад мяне на адлегласьці выцягнутай рукі: вечнай, спакойнай, непашкоднай Радасьці і Сьветліні—не дасягнуўшы ўсяго, я лічыў, што не дасягнуў нічога. Але хай я і дасягнуў не ўсяго, але прынамсі многага. Я маю прынамсі такое ж права называцца філосафам, як і Ксэнакрат, Дыяген, Эпіктэт— І гэта жывучы ў непараўнальна горшых умовах— Калі я сказаў згаданаму Бёлеру, што я сваёй Мэты зусім не дасягнуў, а той мне адказаў: “Калі не ты, дык хто ж іншы ад узьнікненьня чалавецтва?”, дык я зь яго пасьмяяўся. Але пазьней я ўсё больш і больш разумеў, што крыху праўды ў ягоных словах было. Абсалютнасьць (якой ёсьць спрэс і наскрозь я) грэбуе кожнай рэлатыўнасьцю. “Я” вядзе да саманедаацэньваньня “я”.—Я ня ёсьць нічым іншым, як толькі несупынным (часта, вельмі часта і ўва сьне) плясканьнем бізуна маёй Абсалютнай, абсалютна пануючай волі, якая вечна купаецца сама ў Сабе, і ашалелым “неразумным”, але заўсёды меней-болей паслухмяным рэем думак і ўсіх духоўных станаў,—маё жыцьцё ёсьць найвялікшым вар’яцтвам, данкіхоцтвам, наколькі гэта памысна—таму, што адначасова ёсьць рацыянальным—таму я яшчэ жыву, “месячковец”, які ўпаў на зямлю, чыёй адзінай дзейнасьцю, якая ні на мінуту не спыняецца, была пасьлядоўная праца супраць умоваў анімальнага жыцьця.—Няма афэкту, які б сёньня меў нада мной хаця б два працэнты сваёй улады. Я ад прыроды надзвычай гняўлівы,—гадамі я ўжо не адчуваў злосьці—хіба толькі закляну, калі доўга не магу апрануць на сябе ашыйнік; са ўсімі чалавечкамі я—увасабленьне ціхмянасьці й ласкавасьці. Пра афэкт боязі я ўжо амаль цалкам забыўся,—ён падзьме на мяне толькі хіба пры думцы, што сустрэну ў карчме мілага чалавечка, які мае звычку заводзіць са мной размову. Але боязь, маецца на ўвазе сапраўдная боязь, была мне і раней невядомай; ня памятаю, каб я калі дрыжаў ці бляднеў ад страху—затое ад гневу я бледнеў вельмі часта. Пры маіх начных шпацырах па пустках мне ніколі не прыйшло ў галаву зьвяртаць увагу, ці ідзе хтосьці насустрач мне альбо за мной,—я рэгулярна хадзіў міма, і толькі калі ўжо чуў, як сьціхалі ззаду крокі, усьведамляў часам, што некага сустрэў;—аднак вельмі павучальна бывае назіраць за начнымі ходзьбітамі ў палёх—а ў лясох дык пагатоў; амаль усе паводзяць сябе, як зайцы,—на гэтым ільга назіраць, што чалавецтва амаль цалкам складаецца з поўных баб.—Жаданьняў, тугаў, патрабаваньняў у мяне ўжо амаль няма,—хіба што імгненныя, якія ўміраюць адразу пасьля нараджэньня; тое самае і з турботамі. Шкадаваньне, “згрызоты сумленьня”, пачуцьцё віны, зайздрасьць, рэўнасьць—рэчы мне з нараджэньня цалкам невядомыя; яны належаць, верагодна, выключна скатам; спачуваньне жывёлам агромністае і пакутлівае, але ў 90% выпадкаў пераадоленае; людзям—ніякага; але нішто так не чужое мне, як мізантропія,—наадварот, людзей я па-свойму люблю—гэтаксама як вошы. Калі б я мог адным махам зьнішчыць усё чалавецтва—весела, бяз гневу, проста з “ьbermut’у”*****—не вагаўся б ані сэкунды—усьведамляючы, што ва Ўсяісным яно азначае бясконца менш, чым адна бактэрыя ў параўнаньні з рэштай зямных істотаў, і што і Ўсяіснае таксама—Nihil; вось што называецца умець бачыць—дзейна бачыць усё sub specie aeternitatis,—што раіць сярод іншых і Масарык.—Непрыемных афэктаў у мяне меней чым у каго іншага; але яны для мяне жаданыя і калі ня мілыя, дык прынамсі цярпімыя. Прыемных у мяне зараз амаль столькі ж—раней іх было нават болей—гэткія хвілі асалоды, якія я магу выклікаць калі заўгодна і якія потым растуць спантанна, як лавіны,—я нават баяўся, каб яны мяне не забілі... Але ўсё-усёткае слухаецца адзінай Волі. Няма душэўнага стану, які б у мяне дарэшты ня зьнік праз тры сэкунды, як толькі я захачу. Я стаўся і ёсьць—і пры цяперашнім сваім разьвітым алкагалізме—машынай. “Душэўная акамянеласьць”—назваў мяне Бёлер, і я лічу гэта найвялікшым дагэтуль мне сказаным камплімэнтам—надакор усялякім сучасным поглядам.

Ad 4) Тое, што існуе “трансцэндэнтальная наўмыснасьць ва Ўсядзеяньні” (Шопэнгаўэр)—гэта я хацеў бы на аснове свайго жыцьця даказаць ня менш важка, чым можа быць даказаны які заўгодна навуковы тэзіс.—Эмпірычна—я не кажу аб тэарэтычных довадах. Гэтая “наўмыснасьць” да мяне ставілася дагэтуль без сумневу па-сяброўску—штосьці вялікае яна са мной задумвала, іначай бы не рабіла столькі з выгляду непатрэбных рэчаў (некаторых людзей яна зламысна вядзе да пэўнай грані, дзе ім віртуозна скручвае шыю). Яна захавала мяне шмат разоў—мяне, самаасьлепленага—ад сьмерці—аднойчы ў Альпах я дасягнуў, амаль бегма і пазіраючы ў зэніт, краю бездані—я ведаю, што я ня мог яе бачыць—і ўсё-ткі нейкі раптоўны шок адкінуў мяне назад—прыгожае адчуваньне; яшчэ крок—і ляціш 500 мэтраў уніз... У самыя цёмныя ночы я лазіў па скалах—калі ўдзень я пазіраў на іх, мне рабілася млосна—удзень па іх лазіць я б не хацеў— І гэткі характар мае ўсё маё жыцьцё. Фартуна любіла мяне,—і я гэтым вельмі ганаруся, як Сулла. І паводле ўсяго выглядае, што яна мае на мой конт яшчэ нейкія намеры— Розныя змрочныя перашкоды, напрыклад, зараз гэты алкаголь, у параўнаньні зь ейнай прыхільнасьцю—нішто... І нікому ня раю станавіцца ў мяне на шляху... Прыкладаў хапае, пачынаючы сьмерцю маіх сваякоў—наагул, я чалавек небясьпечны... “Няшчаснае места”, гаворыць мая Аргестэя, “прызначанае да загубы, нявіннае—хіба толькі містычнаю віной, што без удзелу глядзела на прыніжэньне Ўзьнёслага (героя Фабія, які быў у ім выкладчыкам філасофіі). Гора таму, хто быў проста сьведкам вялікага зьдзеку, двойчы гора таму, хто бяздзейна пазіраў—тройчы таму, хто не дапамог. Лепш бы такому было не нарадзіцца...”

Я мог бы спакойна перапыніць гэты сон—усё галоўнае я зьдзейсьніў, і мірыяды гадоў будуць памалу кульгаць увасьлед за тым, што я перадумаў (не напісаў—што ёсьць толькі пабочным). Я стварыў усё, што хацеў (у сабе—што самае галоўнае), і ўсё-ткі—не. Я рыхтык як зімовае дрэва—але магу яшчэ апрануцца ў лісьце, кветкі і плады—ужо ўва сьне (зноў-такі: перадусім для сябе—толькі ў другую чаргу літаратурна). Лёс, як здаецца паводле ўсіх прыкметаў, мае яшчэ са мной нейкую задуму. Можа так і будзе.—Але для таго, каб зазелянець, патрэбная вясна. Тое, што яна доўга не надыходзіць—добра; заўчасная вясна бывае нядобрай; а хто жыве ў вечнасьці, ня ёсьць нецярплівым.—

Finis

P.S. Забыўся на надзвычай важнае: сэкусальнае. За выключэньнем некалькіх наведваньняў бардэляў і начных сустрэчаў—на мяжы несур’ёзнасьці: ня тое што мне гэта не падабалася, але ў мяне не было на гэта часу—гэтаксама як на “прафэсію”. А ў астатнім я пасьлядоўна папляскваў ледзь ня кожную жанчыну пры сустрэчы... і пры гэтым не атрымаў поўхі ні ад яе ці там ад прысутнага побач ейнага мужа. Рабіў я гэта ня столькі таму, што мне гэта было прыемна, колькі таму, што інстынктыўна лічыў гэта абавязкам прыстойнасьці і ветлівасьці; як казала мая каралева німфаў: “Ты, хам неадукаваны, перад табою тут трыццаць прыгажуняў, а ў цябе ў целе няма ані столькі сумленнасьці, каб прынамсі адну зь іх папляскаць па срацы.”—У астатнім я зьбіраюся яшчэ ўзбагаціць сэксуальную “паталогію” адкрыцьцём прыблізна дваццаці “пэрвэрсіяў”, дагэтуль невядомых: што азначае, што я жыў эратычна вельмі шмат—амаль выключна ва ўяўленьні.

Люты 1924 г.

* Vorsehung – Прадбачаньне (ням.)
** Ich bin immer am Abgrund – я заўжды на краі бездані (ням.)
***Umwertungen der Werte – пераацэнка каштоўнасьцяў (ням.)
****katexochеn — перадусім (грэц.)
*****з “ubermut’у”—з гарэзьніцтва, капрызу (ням.)


© Пераклад — Макс Шчур, 2006

HA POCTAHI