*
“І тое, і другое!”—найлепшы й самы праўздівы адказ на ўсе пытаньні кшталту:
“Як ты лічыш, ён сумленны чалавек ці нягоднік?” “Ты дэмакрат ці арыстакрат?”
Сьвет ёсьць усім, а кожная рэч—мікракосмасам.
*
“Дараваць астатнім усё, а сабе нічога”—гэта лічыцца прыкметай велічы
духа; слушна, але самым велічным ёсьць дараваць усё й самому сабе.
*
Дзякуючы магіі атакі той, хто нападае, набывае крыху пашаны нават у
тым выпадку, калі яго разьбіваюць і б’юць.
*
Жанчына ня ёсьць прыгожай—прыгажосьць ёсьць жаночай.
*
Усё ўзьнёслае сканчаецца камэдыяй; ці не стаецца яно гэтак двойчы ўзьнёслым?
*
Гэтаксама як у палітыцы правадыры водзяць народ за нос у імя агульначалавечых
ідэалаў, гэтак у вобласьці культуры самі гэтыя ідэалы водзяць за нос
усіх таленавітых і большую частку геніяльных людзей.
*
Адно з найвялікшых няшчасьцяў—калі чалавеку, які пачне навучацца нечаму
важнаму, некалькі дурняў адзін па адным пакажуць штосьці нявартае; напрыклад,
калі юнаку са схільнасьцю да філасофіі ў якасьці першых у рукі трапяць
Локк, Комт і Спэнсэр. Але ж менавіта гэта як правіла здараецца.
*
Галоўная прычына мізэрнасьці звычайнага чалавека палягае ў тым, што
ён абсалютна, апрыёрна няздольны ўспрымаць сур’ёзна нічога з таго, што
супярэчыць пануючаму грамадзкаму меркаваньню.
*
Янычар—горшы за турка; няма нічога больш плябейскага за генія, які аплябеіўся.
*
Бараніць свой гонар ёсьць невысакародным.
*
Хто мае права, не змагаецца за яго.
*
Толькі той мае права зьдзеквацца з рэлігіі, у каго было б дастаткова
моцы заснаваць уласную.
*
Ні перад кім гэтак ня мыкаюцца народы, як перад сваймі “вызваліцелямі”.
*
Кожная вышэйшая нацыя, гэтаксама як і чалавек, мае цёмны інстынкт ператварыць
сваю гісторыю ў напружаны раман; калі гэта ў яе не атрымліваецца, яна
занепадае.
*
Раней існавалі нацыі, што мелі нацыянальны гонар; сёньня існуюць толькі
нацыі, што маюць нацыянальную бессаромнасьць.
*
Чаго дагэтуль чалавецтва найбольш баялася, адзіна баялася? Імглы. Значыцца,
імгла ёсьць найлепшым, ёсьць будучым царствам духу. У ёй чалавецтву
заўжды было задушліва, яна бачылася яму толькі шэрай, яно бачыла ў ёй
усемагчымыя прывіды; яно ніколі не спрабавала апраўдаць няпэўнасьць,
ніхто ня ўзяў пад ахову няяснасьць думкі. Ніхто ня кінуў у імглу пераможны
залаты погляд, які б запаліў яе й ператварыў у сонечную смугу; не ахапіў
прывіды, не асягнуў шаленства; не спазнаў, што сьвет сам ёсьць толькі
прывідам, што толькі прывіды ёсьць феерычнымі, што толькі феерычнасьць
ёсьць прыгожай, толькі прыгажосьць—каштоўнай... Сябраваньне з хаосам—вось
страшная мэта будучага чалавецтва. Хаос—сама боскасьць, сам Жах...
*
Нездарма лічыцца найвялікшай нізкасьцю, калі адбярэш у некага тое, што
ты яму даў. Але кажуць: Бог даў, Бог узяў. З гэтага вынікаюць больш
колькасныя й глыбейшыя наступствы, чым можа здацца... Напрыклад, пераацэнка
маралі ў Кантавым разуменьні, з усімі чароўнымі высновамі, аб якіх Кант,
зразумела, не здагадваўся...
*
Пагарда звычайна бывае кшталтам помсты—маецца на ўвазе, фальшывая пагарда.
Сапраўдная пагарда ёсьць гарой, якую адолеюць толькі наймацнейшыя.
*
Найлепшае падзяленьне людзей: на тых, хто ёсьць увасабленьнем любові
да складанага, і на тых, хто ёсьць увасабленьнем любові да лёгкага.
*
Той, хто няздольны памерці за сябе, з жалезнай неабходнасьцю памрэ за
іншых.
*
Той факт, што чалавецтва ўсё яшчэ не памёрла ад сораму за тое, што яшчэ
й сёньня яно вымушанае дзе-нідзе галадаць як жывёла, даказвае, што яно
вартае гэтай ганьбы і што галадаць будзе яшчэ доўга.
*
У мысьленьні трэба глядзець на рэчы сваймі, у паводзінах між людзей—вачыма
іншых. Людцы робяць усё наадварот: у паводзінах яны ёсьць найсьляпейшымі,
жывёльнымі эгаістамі, а ў мысьленьні—рупарам пераважных, глупскіх меркаваньняў;
то бок, альтруістамі.
*
Як могуць людзі захоўваць мудрае маўчаньне, калі іхны твар, нават калі
ён нерухомы як мармур, несупынна прамаўляе гучна як грымоты, несупынна
задае ўсемагчымыя пытаньні й дае сотні адказаў мноствам сваіх выразаў?
Правілам разумнасьці часта ёсьць: трымаць твар у ценю.
*
Ёсьць людзі, якія падчас размовы думаюць аб сутнасьці пытаньня; тым
часам як амаль што ўсе—аб тым, як адказаць.
*
Узьнёслы дух, які абудзіць каханьне ў звычайнай жанчыне, мусіў бы саромецца;
гэтаксама кожны чульлівы чалавек пачырванеў бы, калі б у яго закахалася
малпа.
*
Прычынай таго, што нашчадкі геніяў ёсьць дэгенератамі альбо звычайнымі
людзьмі, не павінна быць, а ў вялікіх геніяў як правіла не бывае тое,
што яны ёсьць тупіком у разьвіцьці альбо меней каштоўнымі з гледзішча
размножаньня, але тое, што яны амаль ніколі не знаходзяць жанчыны, патрэбнай
ім для размножаньня.
*
Сёньняшняе чалавецтва нагадвае падлетка з жорсткім сэрцам, які не спазнаў
у жыцьці бацькоўскай ласкавасьці, а цяпер лае ўсіх бацькоў і любую ўладу.
Кожны мае такіх бацькоў і такіх паноў, якіх ён варты. Самі рабы выхоўваюць
у сваіх гаспадарах рабаўладальнікаў.
*
Тое, што ў асобным чалавеку называецца грубасьцю й нахабствам, часта
ў народа лічыцца геройствам і сьвятым імпэтам.
*
Дзьве найпрыгажэйшыя ўласьцівасьці й найкаштоўнейшыя прывілеі чалавека:
неабавязанасьць множыцца, магчымасьць памерці паводле ўласнай Волі.
*
Тое, што асуджаецца, ужо самім гэтым асуджэньнем напалову апраўданае.
*
У чалавеку мы заўжды ненавідзім і любім толькі некаторыя рэчы, а не
ўсяго яго. Для гэтага нашае пазнаньне ёсьць занадта карлікавым. Але
наш інтэлект падобным крэтынскім спосабам абагульняе, калі аб кімсьці,
хто сказаў штосьці недарэчнае, зрабіў штосьці злачыннае, мы адразу гаворым:
дурань, паскуднік. І пачуцьці даюць інтэлекту веры; мы верым, што нейкага
чалавека не пераносім. Але верыць азначае толькі хлусіць сабе самім,
быццам мы ведаем штосьці, чаго ня ведаем.
*
Жывёлы ніколі не пазіраюць на зоркі. Сярод падкрэсьлена звычайных людзей
я патрапіў сустрэць толькі двух, што гэта рабілі зь некаторым адценьнем
сузіраньня. Абодва былі п’яныя.
*
Любіце сваіх ворагаў—але толькі пасьля таго, як Вы паклалі іх на зямлю...
Пераможца даруе пераможанаму ў сваёй апоенасьці, абдымае яго, адмаўляючыся
гэтым ад сваёй перамогі, чым здабывае новай, яшчэ большай.
*
Бог ёсьць канстатацыяй таго, што духу вядомы пойм ня толькі параўнальнага,
але й абсалютнага супэрлатыву, які натуральна валодае думкамі; таго,
што ў мове існуе склад “най”. Шукаць іншыя доказы боскага існаваньня
ёсьць настолькі ж сьмешна, як даказваць існаваньне каровы. Натуральна,
гэтага не зразумее той, хто ня ведае, што ўсё “зьнешняе” ёсьць толькі
нутраным, што зьнешняга не існуе.
*
Хаця пойм “існае” ёсьць перадумовай пойму “сьвядомасьць”, але гэтаксама
ж пойм “сьвядомасьць” ёсьць перадумовай пойму “існае”. Таго, што ня
ёсьць сьвядомасьцю, не існуе.
*
Кожнае пытаньне ёсьць загадам.
*
Веліч і аўтарытарнасьць ёсьць супярэчнасьцямі.
*
Несупыннае выпытваньне бывае часам прыкметай дурасьці, часам—правадырства;
у кагосьці яно выглядае сьмешна, у кагосьці—імпазантна.
*
Зьнешняе здарэньне псуе настрой часта, лёгка, дыхтоўна, а зьляпшае—зрэдку,
пакрыёма й амаль ніколі дыхтоўна. Сапсаваць сабе настрой толькі з уласнай
волі амаль немагчыма, калі толькі чалавек не навучыўся віртуозна кіраваць
сваймі хваравітымі станамі; палепшыць сабе настрой толькі намаганьнем
волі можа й нялёгка, але ў дзесяць разоў лягчэй, і напор агромністай
Волі насамрэч паляпшае настрой нашмат лягчэй, чым самая шчасная падзея.
*
Тое, што звонку выглядае як дзёрзкасьць, зьсярэдзіны звычайна выглядае
як нявіннае, радаснае гарэзьніцтва. Не дазваляць яго іншым—дрэнна; забараняць
сабе—яшчэ горш. Людзі павінны былі б нарэшце пачаць радыкальна практыкаваць
мудрасьць: дазволіць жыць іншым і сабе самому. Дагэтуль чалавек быў
толькі падразальнікам кустоў, дрэвам і травы ў парку. Хто падразае іншых,
у выніку неабходна падразае й сябе самога. А падразаньне сканчаецца
кастрацыяй. У духоўным сэнсе ўсе людзі ёсьць кастратамі, па-нашаму—баранамі.
*
Душэўная засяроджанасьць расьце прапарцыйна з хуткасьцю спажыцьця алкаголю.
*
Там, дзе чалавек павінен быць сьціплы, ён—ганарлівы; сьціплы—там, дзе
варта было б сабой ганарыцца.
*
Адна з найбольш шкодных памылак чалавецтва ў тым, што яно гарбаціць
тады, калі варта было б адпачыць, і лянуецца там, дзе трэба было б дзейнічаць.
*
Калі гучыць музыка, усе твары навокал здаюцца мне выразна агіднейшымі,
чым звычайна.
*
Тыя, хто імкнецца дасягнуць замірэньня зь немцамі, павінны былі б перш
за ўсё дамагчыся забароны зьневажальнай мянушкі “немец”. З гледзішча
глыбіннай псіхалогіі, нішто ня здольнае гэтак разьдзьмуваць нацыянальную
варожасьць чэхаў да германцаў, а ў выніку й германцаў да чэхаў, як гэтае
гнюснае слова, што перадае агромністую пагарду й гідоту. Толькі яно
ў мае дзіцячыя гады стварыла ў мяне аб немцах уражаньне, што яны—гэта
штосьці па-мядзьвежы мармытлівае, па-жывёльнаму тупое, недачалавечае,
пачварнае; і яшчэ сёньня я гэтага не пазбавіўся; гэтае слова ў значнай
ступені атруціла мне смак германскай культуры. Упэўнены, што кожны чэх
перажыў у гэтым сэнсе, мо ў меншай ступені ці несьвядома, штосьці падобнае.
Аднак наступствы ёсьць страшнымі. Народ, які абазваў свайго суседа лаянкай,
часткова вырашыў гэтым сваю будучыню, можа быць, падпісаў сабе гэтым
сьмяротны прысуд...
*
Камплімэнт ёсьць крывавай зьнявагай.
*
Паверхня дае больш дакладную, хаця магчыма ня самую падрабязную інфармацыю
аб рэчы, чым ейнае нутро.
*
Сапраўднае глыбіня відочная і на паверхні. Існуе і шляхотная, глыбокая
павярхоўнасьць.
*
Пагарда, якая дае сябе адчуць, яшчэ ня ёсьць сапраўднай пагардай, бо
яна ўсё яшчэ займаецца сваім аб’ектам; пагарда найвышэйшая, якая аб
сваім аб’екту ўжо ані ня ведае, перастае быць пагардай.
*
Не адчувай сябе занадта ўлагоджаным, калі хтосьці скажа табе, што табой
захапляецца: часта чалавек найглыбей пагарджае менавіта тым, чым захапляецца
найбольш.
*
Звычайны чалавек—па-сур’ёзнаму блазнаваты, вялікі—па-блазнаўску сур’ёзны.
*
Неверагодна, што істота, якая выпражняецца, яшчэ можа за нешта саромецца!
*
Паколькі жанчына патрабуе ад кожнага мужчыны ў глыбіні душы перадусім
эратычную сімпатыю, дык патрэбная ня проста галантнасьць, а яшчэ й маральная
шляхотнасьць, каб ілгаць кожнай жанчыне, быццам яе кахаеш.
*
Як пад поглядам сонца ўсё ператвараецца ў пару й газ, гэтак пад зіхоткім
поглядам духу ўсё стаецца ценямі, фантомамі й прывідамі.
*
Хто б быў па-сапраўднаму маральны? Той, хто наогул ня ведаў бы пойму
немаральнасьць, а ў выніку гэтага—ані пойму маральнасьць.
*
Калі чалавек пачне думаць пра сутнасьць сьмешнага, ён адразу робіцца
сур’ёзным, як кажа Цэзар—камянее ад жаху.
*
Нідзе ўбоства і сьмешнасьць не выяўляюцца так яскрава і ў такой колькасьці,
як у сэксуальнасьці—палавое амаль тоеснае са сьмешным.
*
Каханьне збаўляе цнотаў.
*
Вельмі вытанчанага й адукаванага чалавека ільга з пэўнасьцю пазнаць
паводле таго, што ён несупынна, без своекарысьлівасьці ці зламыснасьці
гаворыць іншым лёсткі.
*
Калі два чалавекі пачнуць крыху больш эмацыйна спрачацца наконт таго,
хто быў вялікшы, Платон ці Арыстотэль, дык вакол адразу зьбіраюцца людзі
ў чаканьні, што хутка пачнецца бойка.
*
Калі народ, што загнівае ў сваім баязьліўстве, зробіцца з разьяднанага
зьяднаным, што гэта азначацьме? Што раней усе загнівалі паасобку, а
цяпер усе разам.
*
Бацькі вялікіх сыноў павінны быць скнары.
*
Насамрэч добрае сэрца ёсьць толькі ганарыстай фанабэрыяй, што пазірае
звысоку ўніз.
*
Ствараць азначае крочыць наперад выключна сваім шляхам, і нічога апроч
гэтага.
*
Сутнасьцю вульгарнасьці ёсьць нябёская прыгажосьць.
*
Сапраўдная глыбокасьць вядзе да шаленства, сапраўдная шчырасьць—да адурэньня.
*
Два асноўныя этычныя загады ўзьнёслага духа: Пабудуй Сябе як мага вышэй!
А каб дасягнуць гэтай мэты, ты павінен прасьлізнуць гэтым “высакародным”
жыцьцём як мага найразумнейшым чынам.—Усё ў жыцьці ёсьць аднолькавым
брудам; нерашучасьць наконт таго, што ёсьць болей, што меней годным—убоства;
усё, што для малых людзей ёсьць “маральнай праблемай”, для цябе павінна
быць minima, de quibus non curat praetor. (дробязі, якімі правадыр не
займаецца—лац.)
*
Тое, што людзі называюць “праўдай”, ёсьць толькі ўтульным сяджэньнем
на ўнітазе.—Выказваць сьмярдзючыя рэчы духмяным спосабам азначае фальшаваць
іх.
*
Найвялікшае вынаходніцтва, як ператварыць любы бруд у золата, ужо было
зьдзейсьненае, і называецца яно—каханьне.
*
Прыгажосьць жаночага аблічча палягае для мужчыны ў выразе містычнай
тугі па Мужчыне.
*
Найгоршыя згрызоты сумленьня ў чалавека бываюць тады, калі ён зьдзяйсьняе
найлепшае.
*
Годнасьць у грамадзкім сэнсе слова і годнасьць у сэньсе ўзьнёслым ёсьць
абсалютнымі супрацьлегласьцямі.
*
Мізантроп ёсьць найвялікшым першапраходцам у любові да людзей.
*
Самотніцкая натура адчувае як дзёрзкасьць любы—як чужы, так і ўласны—слоўны
зварот да сябе. Але такое адчуваньне зрабіла б любыя сацыяльныя стасункі
немагчымымі. Аднак—чаго як ня гэтага хоча самотнік?
Сапраўдны самотнік ня толькі не пакутуе ад самоты—ён нават не заўважае,
што ён самотны, гэтаксама як здаровы не адчувае свайго здароўя. Яно
ёсьць для яго не праблемай, а чымсьці само па сабе відавочным. У чалавеку
выяўляецца несамотнік ня толькі тады, калі ён наракае на сваю самоту,
але нават тады, калі ён аб ёй разважае...