Папярэдні той ночы
дзень мінуў без усялякіх прыгодаў. Усё пачалося толькі ўвечары.
А сёмай гадзіне
я сядзеў у сталоўцы гатэлю “Ў срэбнага сонца” ў павятовым мястэчку Я.;
ужо ад другой гадзіны дня я там папіваў; а палове дзясятай вечара я
зьбіраўся ад’ехаць цягніком у абласное места Е., дзе квітнее мая крама
па оптавым гандлі тканінай, а таксама новы чатырохпавярховы дом.—За
мною, шумна бавячыся, сядзела некалькі сялянаў. Адзін зь іх якраз распавядаў,
як лавіў на полі злодзея. Я амаль яго ня слухаў—калі ў мой слых востра
ўцяліся словы:
“І абыйшоў я палёў
лікам пяць.”
У гэтых словах
ёсьць штосьці камічнае; наўрад-ці хто знайшоў бы ў іх штосьці жудаснае.
І ўсё-ткі на момант ува мне ўзьняўся сапраўдны, вельмі цьмяны, але неадольны
жах, здагадка аб нечым няўяўна жудасным. Зрэшты, у сваёй гандлярскай
душы я нясьмела лічу, што сьмешнасьць і жах ёсьць сёстрамі, тварам і
вываратам аднаго й таго ж: што карані ўсялякага жаху палягаюць у містэрыі
сьмешнага, і наадварот, што ў найглыбейшай глыбіні насамрэч сьмешным
ёсьць толькі жах, толькі ўсялякая боязь; што сьвет ёсьць толькі бяздонным
і феерычным жахлівым гротэскам.
Хутка я аб гэтым
забыўся. Праз чвэрцьгадзіны выйшаў на падворак.—На зваротным шляху спыняюся,
пазіраю на зоры... І тут штосьці на поўны голас засыкала мне ўвушшу:
“Абыйшоў я палёў лікам пяць,” падбіла мае ногі й пазбавіла мяне прытомнасьці:
Тое, што было пасьля,
жыве ў маіх згадках надзвычай цьмяным і фрагмэнтарным чынам. Ведаю толькі,
што неўзабаве пасьля гэтага я ўстаў і хісткім крокам вярнуўся ў сталоўку.
Што піў там яшчэ паўгадзіны, потым узяў аўтобус да вакзалу. Што цягам
усяго таго часу быў нібы ў паўсьне, што зусім забыўся на тыя словы,
але тым ня менш час ад часу мігцелі ўва мне кволыя, слабенькія, але
вельмі зьнепакойныя полыскі жаху. У цягніку яны скончыліся, і настала
паўнепрытомнасьць. І яшчэ памятаю, як удома ў краме я пацалаваў жонку—а
потым схаваўся ў падушках. А як засынаў, аднекуль з кутка пачуў, як
хтосьці пранікліва, страшна стогне маім уласным, пазбаўленым мяне голасам—
Ня ведаю, калі
пачаўся той сон. О, ці даведаюся я гэта калі?
Сунуся нечувана
тужлівым, няроўным, месцамі лясістым краем. Густыя цёмна-жоўтыя хмары,
якіх я ніколі дагэтуль ня бачыў, сабраліся па-над ім як выгба грабніцы.
Позьняя восень; усюды сьмерць, сьмерць... Паламаная, пажоўклая, мокрая
трава нахілялася ў слату; шкілеты засохлых кустоў, гальванізаваныя ветрам,
шапталі свае пасьмяротныя сны; памінальныя кветкі, што спакваля паміралі,
прасілі ў жоўтага неба хуткай сьмерці; дзірван палёў сьмярдзеў мерцьвячынай.
Жоўтая жуда йшла за мной і ўсё больш мацнела. Усё палохала мяне, усё,
на што я зірнуў, загадкава мяне адштурхвала. “Небарака, небарака!”,
прамаўлялі да мяне травы й купіны, лясы й хмары, “чаго ты тут яшчэ шукаеш?
Хіба ня бачыш, што ўсё выганяе цябе са свайго сэрца й пасылае кудысьці
прэч, а ты не разумееш, што тваё месца болей ня тут? Сьмерць сядзіць
у табе, і нішто яе ня выгане!” Штохвіліны я чакаў, што настане самае
пагрознае, самае страшнае, апошняе. І настала! Зь леса ўбаку, адлеглага
якіх шэсьцьсот крокаў, выйшаў чалавек і памалу кіраваўся да мяне. Я
адразу зразумеў, што ён—тое пагрознае апошняе, і апанаваны дзікім жахам,
рынуўся ўцякаць. Стомлены, я нарэшце спыніўся й азірнуўся. Ён набліжаўся
гэтаксама ж павольна, але да яго было ўжо толькі пяцьсот крокаў. Я зноў
пабег, час ад часу азіраючыся; ён несупынна набліжаўся, не паскараючы
кроку. Між намі было ўжо толькі трыста крокаў. “Усё марна!”, плакаў
я, хілячыся ўжо да зямлі—і тут, аббегшы пагорачак, бачу ў якіх двухсот
пяцідзесяці кроках перад сабою пабудову з надпісам “Карчма”. “Я ўратаваны,”
заплакаў я, “ён мяне ўжо не дагоніць, а там, між добрых людзей, гэтая
пачвара страціць сваю моц нада мной!” Я зноў кінуўся бегчы: мой супернік
зьнік з маіх вачэй за пагоркам. Дабягаю да мэты, праходжу міма густой
жывой агароджы, якая абапінае садок. І тут зь яе выйшаў—ён. Стаў на
маім шляху. З цалкам звычайным тварам, апрануты ў выцьвілы фланэлевы
касьцюм, карычневы ў чорную клетку. Узьняў да вышыні твару сашчэпленыя
разам рукі і, круцячы вялікія пальцы адзін вакол аднаго, павольна й
нязмушана сказаў:
“Абыйшоў я палёў
лікам пяць.”
Выбух жаху, якому
немагчыма даць рады—
Дзіўнае, сьнежна-белае
сьвятло. Малы, элегантны пакойчык, у ім—я на батыставых падушках. Крышталёвае,
таямнічае зьзяньне ранішняга сонца залівае яго—няма сумневу, да апоўдня
яшчэ далёка. Усё нейкае адкрытае, прыглушанае, лёгкае, крохае, пахкае.
Як быццам я—усярэдзіне агромністай шкляной кулі... заглыблены ў духмянае
ванільнае ледзіва. Але нават найвялікшы паэт ня здолеў бы ані прыблізна
апісаць незвычайнасьць усяго гэтага, ня тое што я, нябогі крамнік Мацей
Лебэрмаер!
Доўга я ляжаў,
і было мне чароўна й любасна. Я забыўся на ўсё папярэдняе; хаця й адчуваў,
што ўсё гэта—сон маёй душы, і няцяжка было б яго адагнаць, але гэта
было нявартым намогі. Мінуўшчына здавалася мне лёгкім, нікчэмным сном.
Аднак урэшце я спытаўся ў сябе: Дзе гэта я? І што гэта ўсё азначае?
Паводле розных
прыкметаў я здагадаўся, што знаходжуся ў гатэльным пакоі. Званю. Праз
нейкі час уваходзіць з паклонам парабак. Ён напалохаў мяне, бо падаўся
мне падобным да той прывіднай пачвары, хаця гэта быў гожы расчырванелы
дзяцюк у якасным фраку зь мяккага лодэну. “Дзе гэта я, чалавеча?”, зьвяртаюся
я да яго энэргічна.
“У нашым гатэлі,
калі заўгодна. У Срэбнага сонца, васпане!”
“У Срэбнага сонца?”
І даволі ясная, але настолькі дзіўная згадка зазьзяла ўва мне. “Як я
сюды патрапіў? Я ж—я ж—ага! Я ж учора ўвечары зьехаў у Е., і начаваў
удома, з жонкай!”
“Выбачайце, гэта
васпану толькі так падалося. Мы як убачылі, што васпан не абы які госьць,
а заможны, які заплоціць, дык наважыліся аднесьці васпана ў пакой, калі
васпан на двары грымнуўся й ляжаць застаўся.”
“На двары—пачакайце—ага,
я там згубіў прытомнасьць, таму што”—адчуваньне жуды ўзьнялося ўва мне—“абыйшоў
я палёў лікам пяць”—
“Ніякіх пяць палёў
васпан не абыйшоў. Ад сталоўкі да пісуару на двары ўсяго толькі трыццаць
крокаў, і ніякіх палёў!”
“Дык чаго б я там
тады падаў, хлапчына, га?” ускрыкнуў я ледзьве не злосна.
“А таго—хай васпан
ласкава даруе—што дваццаць пяць куфлёў пльзэньскага піва й восем слівовіцаў
гэта зусім ня дробязь.”
“Але прычым тут
гэта... Я ж памятаю, мамэлюк ты, як я сам узьняўся й яшчэ гадзіну потым
піў у сталоўцы!”
“Ніякі я, васпане,
не мамэлюк—можа гэта хто іншы такі—а я дык заўжды цьвярозы! Я сам васпана
ўзьняў і разам з астатнімі аднёс яго па лесьвіцы сюды, во дзе была катарга,
васпан важыць дакладна кіляў дзьвесьце, за гэта ня грэх было б і аддзячыць.
А як толькі васпана паклалі на ложак, дык васпан адразу й захроп!”
“Няўжо ж мне гэта
ўсё падалося? І тое, уначы—божухна, лепей аб гэтым ня думаць. Але што
зробіш, выглядае што так... Ну, дзякуй богу, што не было горай... Толькі
цяпер апрытомнеў... Але хіба гэта—прытомнасьць? Ня памятаю, каб я калі
прачынаўся з такім адчуваньнем... Не, гэта ўсё яшчэ сон.”
“Ня сон, васпане,
маё вам слова!”
“Што мне тваё слова,
калі я цябе толькі сьню! Скажы, татарын, ці бачыў ты калі ўжо такое
сьвятло? Такое шкляное, глыбокае, духмянае, як ледзіва?”
“Сьвятло як сьвятло.—А
я хоць можа й татарын, але ж на нагах прынамсі стаю. Калі столькі ў
сябе ўліць, дык і на наступны дзень усё будзе дваіцца...”
“Ах—так яно, мабыць,
і ёсьць... Інакш немагчыма... Але як дзіўна, як страшна...”
“Ці мне прынесьці
васпану чорнай кавы? Тая паспагадае страўніку, а страўнік—мазгам...”
“Прынясі—і пакінь
мяне аднаго!”
Ён сыйшоў. Згадкі
залівалі маю душу... Толькі аднаго моманту ў іх я пазьбягаў. Але не
было рады. Неўзабаве ў іх паўстаў мужчына ў карычневым паліто ў чорную
клетку і, круцячы вялікім пальцамі, флегматычна сказаў: “Абыйшоў я палёў
лікам пяць.” І мая няшчасная сьвядомасьць, маўляў атрымаўшы ўдар дубцом,
зноўку зьнікла.
* * *
Зноўку той самы
пакой. Сонечнае зіхценьне памутнела—хаця палымяная дзённая зорка стаяла
амаль у зэніце. Памутнела й мая сьвядомасьць; зрабілася нейкая абыякавая
й прыдуркаватая. Я нічога ня памятаў і ні аб чым ня думаў; як жывёла,
займаўся толькі цяперашнім і тымі рэчамі, што былі вакол: разглядаў
тканіну бялізны, фіранак, дываноў, посуд у шафе, і нарэшце ўмыўся й
апрануўся. Пры гэтым я заўважыў яшчэ больш цікавых рэчаў; напрыклад,
раптам убачыў, што з канечыкаў маіх пальцаў вырастаюць сьцябелькі, на
якіх вагаюцца дзіцячыя галоўкі. Я зусім не задумаўся над гэтым, палічыўшы,
што так і трэба. Думаеце, што я трызьніў, альбо ў мяне былі прынамсі
галюцынацыі? Ня так хутка! У доме была жахлівая ціша; а з вуліцы толькі
зрэдку чуліся крокі, дзіўныя, глухія, нібы апоўначы. “Пайду я на шпацыр!”,
вырашыў я раптоўна, “прэч з гэтага дому, які стаўся прычынай усіх маіх
няшчасьцяў. На сьвежым паветры я адразу акрыяю. Спачатку трэба было
б заплаціць—але я ім плаціць ня буду! Не! Я наогул ніколі не плачу,
дык скажыце мне калі ласка, чаму цяпер мушу плаціць! У мяне тут з сабой
у валізцы некалькі тысячаў, але я й не падумаю выймаць грошы. Трэба
толькі як мага спрытней адсюль зьнікнуць.”—Ціха, як котка я поўз па
цёмным калідоры... Удала спусьціўся ажно да першага паверху—тут трэба
было йсьці міма адчыненай кухні, адкуль чуліся жаночыя галасы. Спыніўся
й чую: “Яшчэ сьпіць той стары п’янтос?” “Сьпіць! А мо толькі так прыкідваецца,
каб магчы высьлізнуць, не заплаціўшы.” “Ён гэта можа, дзяўчаты, пільнуйце
яго ўвесь час!” “І ня сорамна яму, дзеду якіх пяцідзесяці пяці гадоў
веку—пры грошах, а так нажэрціся!” Я скамянеў.—Ці падазраюць яны, што
я магу прапаўзьці міма кухні?... Не застаецца нічога іншага, як зрабіцца
вельмі маленькім. Я стаў на карачкі, стуліўся як толькі мог, і тут зь
вялікай радасьцю ўгледзеў, што зрабіўся ня большы за нямецкую мыш. І
гэтак паўзу міма дзьвярэй. Гэтыя курвы мяне ўгледзелі. “Зірніце, што
там паўзе?”, крычыць адна. “Мо гэта тая плесень старая?” “Здурэла?”,
кажа другая, “той вялікі, як бугай, а гэтага вунь, як кот наплакаў.
Напэўна, гэта швайцараў кот.” “Ну ня ведаю, а я б сказала, што гэта
дакладна ён!”, кажа першая. Аднак за мною яны не пайшлі. А я, поўны
радасьці з пасьпяховых уцёкаў, выпаўз ажно на вуліцу, там устаў на дзьве
нагі й набыў сваю першапачатковую велічыню.
“Відаць, што я
не звар’яцеў, калі я такі хітрун, і калі тыя кухаркі таксама бачылі
мяне такім малюпаткім. Мой розум адпавядае аб’ектыўнай рэчаіснасьці,
і ёсьць, такім чынам, разумным.” Я пераможна ўцякаў вуліцамі, хутка
й лёгка, як ніколі дагэтуль, не зьвяртаючы ўвагі на навакольле. Толькі
на плошчы я заўважыў, што па ёй ходзіць шмат людзей. Усе яны хутка сунуліся
па зямлі, як цені ад аблокаў; ніхто не размаўляў, хаця некаторыя варушылі
вуснамі... Мярцьвяна-халодны быў пах іхных крокаў... І тут я зразумеў,
што ў мяне гукі ператварыліся ў пахі, што я цалкам пазбавіўся слыху,
і гэта таму мне здаецца, што людзі не размаўляюць. Гэта азмрочыла маю
радасьць. “Гэтак я магу пазбыцца й зроку, і хто ведае чаго яшчэ... Так,
усё трымціць і хістаецца. Сонца пачырванела, хаця зараз толькі палудзень,
а небасхіл—яскрава сіні. Гэта кроў выцякае зь ягоных вантробаў... Нядобра
ўсё гэта...
Я апынуўся за местам.
Мае крокі рабіліся ўсё больш павольнымі. І з майго жахліва параненага
нутра таксама выцякае кроў, ува мне пачала цьмяна нараджацца роспач.
Сонца, усё больш жахлівае й нейкае гранёнае, заходзіла страшэнна хутка,
як быццам, ведаючы аб сваёй хваробе, хацела як мага хутчэй дапяць да
ложку. І тут я штосьці-такі ўчуў: слабенькія, цьмяныя, глухія ўдары...
Я чую іх дагэтуль—але чаму менавіта іх? Гэтае біцьцё нейкае пагрозьлівае...
Яно мае для мяне нейкую значнасьць. Ах, што гэта ўсё азначае?... Ат,
ліха яго бяры, я хачу спаць... Але трэба яшчэ дайсьці да цаглярні...”
Я ледзьве цягнуўся па чырвоным, пустым гасьцінцы. Удары часам змаўкалі,
каб потым загучаць яшчэ мацней, чым дагэтуль...; відаць, яны набліжаліся...
Адкуль ідуць гэтыя гукі? Зь мяне? Не—цемра за даляглядам, на даляглядзе...
Усё мне бачыцца такім дзіўным—калісьці й дзесьці я гэтыя ўдары ўжо чуў...
Гэта было штосьці жудаснае... Нарэшце я ля цаглярні!
Я кінуўся ў канаву...
Сьвядомасьць зьнікла, удары змоўклі. Раптам я скалануўся, расплюшчыў
вочы й страшэнна спалохаўся. Бо цаглярня зьнікла, а сонца расьцяклося
па небасхіле, падобнае да крывавых шматкоў расстралянага сьцягу. Не
пасьпела дайсьці да ложку!..
“Але ж гэтага ўсяго
ня можа быць!” закрычаў я раптам, азораны ясным самаўсьведамленьнем.
“Жах! Я зусім зшалеў... Але гэта бздура—гэта зноў новы шал: як я магу
быць вар’ятам, калі я не ў вар’ятні? А потым, я адчуваю, што гэта ня
проста я сам інтэрпрэтую рэчы шалёным чынам: гэта самі рэчы шалеюць.
Гэта іхная віна... Мой розум у згодзе з аб’ектыўнай рэальнасьцю: ці
вінаваты я, што гэтая рэальнасьць ня ў згодзе з розумам? Сьвет—вар’ятня...
Значыцца, я ўсё-ткі ў вар’ятні, і я ўсё-ткі вар’ят. Але—не! Усё гэта—сон!
Што, зрэшты, тое самае, што шаленства: гэта ўсемагутнае шаленства, гэта
ягонае панаваньне, дзе яно бессаромна разьлеглася без усялякага сумленьня.
Відаць, што ад моманту, калі я прачнуўся апоўдні, я толькі сьню—га-га,
“прачнуўся”! Не прачнуўся, а ляжу ў ложку й сьню, што ляжу ў канаве...
Але ж раніцай перад парабкам я яўна ня спаў... Толькі, Хрысьце, адкуль
я гэта ведаю? Хіба я ўпэўнены, што ўчора ўвечары прыехаў дамоў? Парабак
меў абсалютную рацыю, што ўсё гэта мне толькі падалося. Але ці магу
я яму верыць, калі ён быў толькі фантомам майго сну? Ох, цалкам магчыма,
што я ўсё яшчэ ляжу на двары пад зорачкамі, і там мне ўсё гэта ўсюткае
толькі мроіцца... Ці можа—што гэта была за жудасная здагадка—прэч, прэч!..
А што азначае ўсё гэтае мудрагеленьне, га-га, будзе яшчэ сон гаварыць
аб яве... І—і, далібог, магчыма ж і тое, што ўсё маё піцьцё ў сталоўцы,
і шлях у Т., і тое, што я—оптавы гандляр у Т., і што я нарадзіўся як
Мацей Лебэрмаер было сном—то ж бо ўся гэтая мінуўшчына, якую я называў
сьмешным словам “сапраўднасьць”, ні на ёту—калі не зьвяртаць увагу на
розныя неістотныя абставіны—не адрозьніваецца ад гэтага вось наяўнага
сну...” Я хлусіў сам сабе наконт баязьлівых пэўнасьцяў цягам усяго свайго
“жыцьця”, а пэўнасьцяў тых зусім і не было—цяпер я больш дасканалы духам,
калі пазіраю на ўсю гэтую вечную камэдыю... А дзе ж гэта я сьніў увесь
той уяўна пяцідзесяцітрохгадовы, у сапраўднасьці ж мо які хвілінны сон?
У якім ложку, канаве, на якім падворку? На якой зорцы? Але ж усе тыя
зорачкі ёсьць плёнам майго сна... Я сьню недзе па-за імі, дзе няма прасторы...
Але й гэтая думка, “па-за імі”, “непрасторавасьць” ёсьць трызьненьнем
сна... Не—толькі нейкі пякельны кацёл, у якім варацца ўсе гэтыя мройныя,
чорныя, страшныя “думкі” ёсьць рэччу ў сабе. Але чым ёсьць гэты кацёл?
Жах—“Божухна, зьлітуйся над маёй недарэчнай, ненадзейнай душой! Але
ж і ты ёсьць толькі прымхай Сна... Я, Я—толькі чорная, мэтафізічная
пачвара, якая вечна сьніць. Толькі Я магу быць Богам! Нічога яшчэ не
разумеў я так ясна... Але навошта ўся гэтая жудасная камэдыя? Навошта
ўсё гэта? Што яно ўсё? Хіба я, будучы Богам, не магу сябе спазнаць?
Але пасьля гэтага Бог—тое самае што чарвяк”—
Страшыдлы маіх
думак яшчэ нейкі час памігцелі, патрымцелі, а потым зьніклі.
* * *
Зноў гэтыя страшыдлы
пачалі зьяўляцца толькі тады, калі я зноў набліжаўся да места. Сонечныя
шматкі хтосьці ўжо падмёў зь небасхілу, насталі зялёныя прыцемкі.
Кірунак майго мысьленьня
цяпер быў чыста практычны. “Што зараз рабіць? Начаваць у канаве было
б ня варта мяне, кандыдата на пасаду Е.-скага бурмістра. Вярнуся ў “Срэбнае
сонца”. І заплачу—слушна! Чаму б і не заплаціць пры пэўных абставінах?
Хай бачаць тыя курвы, хто перад імі такі! Я надзвычай згаладаўся. А
як наемся й нап’юся, усё будзе добра... Але што я бачу? Дзе касьцёльная
вежа, якая паказвала, нібы палец, людзям шлях да Пана? Зьнікла! Дарэшты!
Ну, натуральна: Бог узяў яе на неба за тое, што яна яму так доўга, верна,
ціха слугавала”—
Я пакрочыў вуліцамі.
Іх захлыналі хвалі людзей, пераляканых, як мурашы ў поўным яечак мурашніку,
калі ў яго ўтыркнеш дубец. У кожнай вуліцы бракавала па некалькі дамоў,
як калі ў дзясьне бракуе сям-там зуб. Забаўным падалося мне тое, што
я голасна павіскваў і сьпяваў. Тут мяне ўдырыла думка: “Няўжо ж і мой
гатэль зьнік? Божухна, гэтак я застануся безь вячэры”—
Я кінуўся бегчы.
Спыніўся, азіраюся. Гатэлю—як не было!.. Ад яго не засталося нічога,
апрача пустога месца. “Такі прыгожы гатэль!”, забедаваў я. “Яму ж цана
якіх дзевяноста тысячаў! Во дзе шкоды нароблена, божачкі! І валіза мая
зьнікла—божа, ёлупень я, заплаціць не заплаціў, затое валізку зь пяцю
тысячамі там пакінуў. Мае каўнерыкі, шкарпэткі—мая бавоўна для жэўжыка,
тая бялюткая—усё ліха ўзяло!” Асабліва страта апошняй рэчы расчуліла
мяне так, што я несуцешна зароў. Аднак ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагі,
як што гэтак цяпер плакаў кожны другі—ня столькі над сваім майном, колькі
над стратай усяе пэўнасьці й цьвёрдай глебы пад нагамі, усьведамляючы,
што зьяўляецца толькі няшчасным сухім лісточкам у вечнасьці, цацкай
чорных вятроў—
“А як жа мая вячэра!..
Я павінен сёньня багата павячэраць, павінен! Можа, той гатэль ня зьнік,
можа я проста дрэнна бачу.” Я насунуў на нос залатое пенснэ—не дапамагло.
“А партманэткі няма—у мяне скралі яе ўва сьне ля цаглярні... А мне трэба
багата павячэраць... Я павінен нажабраваць на вячэру! Так—я буду прыкідвацца
сьляпым!” І сеўшы на ходнік, падставіўшы капялюш і прымружыўшы вочы,
я жаласна закрычаў: “Добрыя хрысьціяне, дзеля ранаў Хрыстовых, зьлітуйцеся
над небаракам, сьляпым ад нараджэньня!”
Але ў капялюш нічога
ня ўпала, затое пачуліся галасы: “Жабруе, а ў самога на пупе залаты
ланцуг, ды такі, што быка на ім можна весьці!” “Дый лантух як у надзьмутай
каровы!” “І кажа, што сьляпы ад нараджэньня, а ў самога залатое пенснэ
на сінім носе!” “Хапуга ён, на шыбеніцу яго, жыдзяру!” “Гэта ж айцец
Дрозд!” “Не, гэта Муня!” “З дарогі, бугай!” “Я яго ведаю!”, завішчала
баба, “гэта вядзьмак, які быў у нас у гатэлі й ператварыўся ў нямецкую
мыш, каб не плаціць за тое, што выжлухціў. Ён—прычына нашага няшчасьця,
з-за яго, дурня, Бога ліхога, людзям нямілага, спачатку зьнік наш гатэль,
а потым і астатнія дамы!” “Сьвятая праўда!”, зарыкаў парабак. “У гэтага
татарына й мамэлюка ёсьць чарадзейная замова, “Абыйшоў я палёў лікам
пяць”, і як ён гэта скажа, дык усё вакол яго звар’яцее альбо ўслупянее
альбо зьнікне. Калі я гэта раніцай учуў, дык увесь скамянеў, чорт ведае
чаму!” “Забіце яго, гэтага таўстуна, рэжце яго, лупіце яго!”
І пачалі мяне мясіць—аў,
аў. Тут я ўзгадаў аб сваёй апошняй штуцы. Стаў на карачкі й ператварыўся
ў пацука. “Дзе ён? Куды зьнік?”—“Там, там, уцякае!”—“Але ж гэта нямецкая
мыш!”—“Не, гэта ён, зірніце, у яе яшчэ залатое пенснэ на пыцку!”—“За
ёю, затапчыце яе!”
Адылі я сьлізгануў
у канал і пераможна паплыў у гноі—і тут раптоўна ўсё зьнікла.
* * *
Сяджу я на зэдліку
ў вядомым парку... Месячная ноч. Я—напалову непрытомны. Адзінае, што
я адчуваю—гэта амаль драпежны голад.
Тут я чую віскат
паравоза і ўгледжу вагні паблізнага вакзала. “Учора я ў гэты час ехаў
цягніком у Е.”, узгадваю раптам. “Ах—божа мой—я ўсё яшчэ ў Я. Але што
мне перашкаджае зноўку, тут жа паехаць у Е.?” Вымаю гадзіньнік—палова
на дзявятую без малога.
“Дамоў, дамоў,
там мяне чакая раскошная вячэра!”, завыў я ад радасьці й пабег да вакзалу,
як той алень. Разагнаная асалодай кроў прыносіла цяпер мазгам і больш
шляхотныя думкі: “О, як я раней не здагадаўся, што трэба гэтак зрабіць!
Вось маё ўратаваньне, ура! Мой дом, мая крама, мая жонка нарэшце здымуць
зь мяне праклён гэтага бясконцага, клятага сну, зь якога я сам не магу
й не магу ачуняць!..”
Я ўскочыў у цягнік
якраз у той момант, калі ён засьвістаў... І настала амаль што летаргія...
Я думаў крыху яшчэ толькі на тое, што будзе дома на вячэру... А потым—потым
загучалі тыя страшныя, глухія гукі за даляглядам, але нашмат больш голасна,
чымся ўдзень. Яны грымелі ўсё больш і больш магутна, пакуль не заглушылі
грукатаньне цягніка й не зрабілі яго зусім нячутным. Не існавала цяпер
нічога, апрача гэтых гукаў. Валасы мае ўсталі дыбарам. Яны ўсё бліжэй,
бліжэй, і іхная мэта—я... Пакуль што яны гучаць толькі за даляглядам,
але неўзабаве...
І раптам яны загрукаталі
ў тры разы мацней, раптам затупаталі ясна, так пагрозна, так блізка.
“Яны ўжо на даляглядзе!”, застагнаў я—“тыя калоды, што ўваб’юць мяне
ў зямлю!” І я ўзгадаў, ня ясна й ня цьмяна, як калісьці дзесьці абступіў
мяне лес калодаў, што сягалі ажно да неба і ўвесь час уздымаліся над
зямлёй і апускаліся на яе, убіваючы мяне глыбока ў зямлю, доўга, цэлую
вечнасьць. І, як і нядаўна, пачуў я ўласнае хрыпеньне, а потым тонкі,
жаласны званочак—убачыў чорную вопратку на прывідах людзей... Але ня
мог дацяміць, што гэта ўсё азначае.
Яно набліжалася,
аглушала мяне, чорныя, тонкія, нечувана высокія цені зьяўляліся ўдалечы;
і сьвядомасьць зьнікала—
А потым вядомы
мне кандуктар, пачціва мяне падпіраючы, дапамагаў мне выйсьці з вагону.
Я быў у Е.! “Я ўдома, удома!”, казаў я сабе, сьпяшаючыся аднекуль знаёмымі
чужымі вуліцамі. “О, што зараз здарыцца? Баюся, штосьці напэўна жахлівае...
Але ж я—цяпер зразумела—ня ўдома! Усё гэта—усё яшчэ мой сон, я іду не
да жонкі, а да фантому, які ня мае зь ёю нічога агульнага... Жах—адчуваю,
што пад гэтым хаваецца штосьці няўяўна жудаснае, яно чакае мяне за маймі
дзьвярыма, о, божа, зьлітуйся нада мной, сынам крамніка!”
Я апынуўся на плошчы
і ўбачыў свой дом. У маёй кватэры на першым паверсе сьвятло гарэла толькі
ў двух вокнах,—вокнах майго габінэту—што да крамы, тая была ўсё яшчэ
цудоўна асьветленая. Як затаньчыла маё сэрца, калі я ўбачыў за вітрынай
зноўку тыя самыя карункавыя дамскія сарочкі й споднічкі, фланэлевыя
панскія кальсоны, сьнежныя насоўкі, агнявыя хусткі на валасы. Знаёмыя
дзяўчаты завіхаліся вакол вылажкі... Я абаперся на басэйн з фантанам
пасярод плошчы. Старыя згадкі аб маім мінулым жыцьці білі фантанам—але
ж—гэта ўсё яшчэ было ня тое, гэта не была ява—Іншая атмасфэра, атмасфэра
сну пакрывала маю душу эфірнай імглой...
І тут убачыў я
ў краме твар сваёй жонкі, якая калісьці, некалі поўніла мяне нябёскімі
раскошамі.
І раптам згадка
аб першых абдымках аголеных целаў зазьзяла так верагодна, так яскрава—што
мой дух у той момант абудзіўся й вярнуўся да явы; пара сну зьнікла,
і ў тое ймгненьне я ўсемагутнай сілай думкі адным скокам апынуўся ў
цалкам іншым сьвеце. Нешта ўдырыла мяне электрычнасьцю, усё пацямнела,
маё цела зьнікла, але толькі на момант. Потым я зноў стаяў на тым самым
месцы, убаку чарнеў храм, перада мной зіхцела сьвятлом крама—я адчуваў
сваё цела іначай, вастрэй, на душы ляжала больш звычнае сьвятло—я быў
цалкам, цалкам прытомны—страшная містэрыя! І хаця я быў у іншым, чым
звычайна, гуморы, але ён нічым не адрозьніваўся ад таго, што часта апаноўвае
нас у стане яснай сьвядомасьці.
“Нарэшце я ачуняў!”,
радасна галёкала мая змучаная душа... “Але—як такое магчыма? Як я апынуўся
тут, каля фантану? Мы ж абуджаемся ў ложку”— Сваю думку я ня скончыў—
І ўвайшоў у дом.
У пад’езьдзе мяне сустрэла маленькая дачка аднаго з маіх кватарантаў.
Спынілася—ускрыкнула і ўцякла. Таемны холад скалануў мяне...
Узыходжу па лесьвіцы...
“Крадуся як нейкі прывід,” мільганула ў маёй душы, але я хутка адагнаў
гэтую жахлівую ўяву. Перада мной—дзьверы на кухню. За імі чуецца голас
маёй жонкі, такі ціхі й прыемны. Я кранаю клямку—што гэта адштурхнула
маю руку?.. “Нельга так рэзка яе бянтэжыць,” сказаў я сабе і ўвайшоў
у прыёмны пакой на іншым канцы калідора, каб прадумаць, як нам зь ёю
прамовіць.
Жалюзі ў прыёмным
пакоі былі спушчаныя, так што я ня здолеў нават знайсьці крэсла. Але
замковая адтуліна ў дзьвярах майго габінэту была выразна жоўтай... І
я ўвайшоў туды—
Сьвятло лілося
ад дзьвюх агромністых сьвечак. Якія стаялі па-над адчыненай труной.
Пад белым покрывам вымалёўваліся абрысы магутнага цела. Я адхіліў покрыва—
Ніколі яшчэ я ня
бачыў мерцьвяка з такім перакрыўленым ад жаху тварам. І яшчэ я памятаю,
што голасна ўскрыкнуў—што ў дзьвярах у суправоду пакаёвак зьявілася
заплаканае аблічча маёй жонкі—і што яна выкрыкнула: “Божухна—ён—двое—”,
а потым грымнулася на падлогу.
А потым усё зьнікла.
Я апынуўся дзесьці ў цемры—зь целам? Бязь цела?... Ня ведаю. “Я мярцьвяк,”
закрычала штосьці ўва мне найжахлівейшым чынам. Але—ці дакладна гэта?
Ці ня ёсьць і гэта сном?... Ці ня ёсьць сном—усё? Ці ёсьць сьмерць?
Ці ня ёсьць усё толькі пасьмяротнасьцю?... І раптам я ўбачыў вакол сябе
лес падпіраючых неба волатаў, жудасныя грымоты—зноўку—і, скаланаючыся
кожным атамам, я адчуў, што мяне затапталі глыбока ў зямлю... І пачулася:
“Абыйшоў я—”
* * *
Тут сканчаецца
аповед, апублікаваны як “адкрыты ліст” духа Лебэрмаера ў часопісе “Вера—брама
да Бога: зборнік па навуковай культывацыі спірытуалістычных фэномэнаў”.—Пазнаёміўшыся
са спадаром Р., чалавекам, які заслугоўвае лепшага лёсу, чымся быць
рэдактарам гэтага выданьня, я папрасіў яго паведаміць мне якія далейшыя
падрабязнасьці наконт гэтай публікацыі. Вось ягоны адказ, наколькі магчыма
скарочаны:
“Арыгінал гэтага
тэксту мне паслаў адзін фанатычны спірытыст, у якога на працягу ночы
гэты тэкст сам зьявіўся на чыстым аркушы паперы, што ляжаў у шуфлядзе.
Чалавек гэты да падману няздольны, з той прычыны, што ён для гэтага
завялікі дурань. І хаця я ведаў, што гэты гротэск можа папсаваць рэномэ
нашага глыбокапаважанага часопісу, я вырашыў яго надрукаваць; галоўнае
таму, што, у адрозьненьне ад ідыёцкай сур’ёзнасьці ўсіх спірытыстаў,
тэасофаў і г.д., яму не чужы гумар, фанабэрысты, скептычны посьмех;
што на тле татальнай адсутнасьці ў іх псіхалагічнага гэты тэкст не пазбаўлены
псіхалагічнай цікавасьці й пераканаўчасьці; а галоўнае—таму, што з філасафічнага
гледзішча ён высока ўздымаецца па-над усёй той акультнай літаратурай,
якая ніколі не чула аб філасофскім ідэялізме, Бэрклі, Канту, Шопэнгаўэры
й г.д. Пасьмяротнае й паўсюднае жыцьцё зразуметае як сон; сама вечнасьць,
быцьцё бачаныя sub specie aeterni Somni; усё гэта ў лепшы бок адрозьніваецца
ад матэрыялістычнай сырасьці показак аб чатырох целах, аб падзеле на
цела й душу й ад іншых праяваў экспансіі нашай жыцьцёвай абмежаванасьці
ў Фэерыю спракаветнага.—Перад тым, як апублікаваць тэкст, я хацеў пераканацца,
жыве ці жыў у Е.—няцяжка здагадацца, якое абласное места маецца на ўвазе—нейкі
спадар Лебэрмаер, але не зрабіў так з прычыны недаравальнага свайго
лайдацтва. Так яно й было надрукаванае, тэкст удае сабой недзе трэцюю
частку ўсяго матэрыялу. Неўзабаве я зьвярнуў увагу на тое, што зь Е.
прыходзіць да нас надзвычайна вялікае мноства замоваў на той нумар—а
празь нейкі час у рэдакцыю прыйшоў спадар паважнага выгляду, даволі
жывёльным тварам і сукаватым дубцом. Ён шпурнуў на стол сваю візітоўку
й даведку ад е.-скага дзяка аб тым, што ён жывы й ніколі ня быў мерцьвяком—што
было потым, апісваць ня буду. Ён насамрэч важыў кіляў дзьвесьце. На
шчасьце, ён толькі разгвэздаў нам палову рэдакцыйнай мэблі, уваліў мне
па сьпіне й шматразова мяне абразіў: дзякуй богу, што ён хоць не падаў
на мяне ў суд. Урэшце, небарака меў на гэта права; я значна сапсаваў
яму жыцьцё; верагодна, ён зрабіўся бы нават мэрам горада—а тут, уявіце
сабе, кожны хлопчык, як убачыць яго здалёк, дык ставіцца на карачкі
й пачынае вішчаць як пацук, смокча сала, і пры гэтым на носе ў яго жоўтыя
бляшкі. Не магло быць і думкі, каб я працягваў публікацыю гэтай рэчы.
Дзякуй богу, што надрукаваная частка ўдае сабой лагічна закончаны цалак,
пасярэдны чытач задаволены ўяўным тлумачэньнем; у сапраўднасьці, аднак,
да самага канца застаецца без адказу пытаньне, забіў Лебэрмаера той
сон, ці ўсё гэта ёсьць толькі сном зь перапітку й г.д. Загадка Жыцьця
не такая простая, як уяўляе сабе пасярэдны чытач, ці нават найславуцейшыя
філасофы. Я ўдзячны такой мусовай паўзе—бо працяг быў бы канцом маёй
рэдактарскай кар’еры; ён нашмат больш дзікі, шалёны, нашмат больш поўны
ўсялякіх выкрунтасаў, выбрыкаў і скандальнасьцяў, чымся першая частка.
Але адначасова мне яго шкада—напрыклад, той паскуднік папросту фэномэнальна
вырашае загадку, чаму былі такімі жахлівымі словы “Абыйшоў я палёў лікам
пяць.” Хто быў тым паскуднікам? Напэўна, хтосьці іншы, ня дух, таму
што духі пішуць нашмат больш тупа. Але ня выключана, што гэта мог быць
дух, які пры жыцьці ненавідзеў Лебэрмаера, і гэтак яму адпомсьціў. Вы
сьмяецеся? Вы лічыце, што я дапускаю такую магчымасьць толькі таму,
што рэдагую тэасафічны лісток? Не! Я ня веру ў спірытызм, але ня веру
ані ў пазітывізм, ня веру ні ўва што, і нават ня веру ў тое, што ў гэта
ня веру. Але менавіта таму я дапускаю верагоднасьць усяго, папросту
ўсяго. Так, быць рэдактарам—гнюсна, але ня меней гнюсна сказаць, што
я сёньня добра паабедаў. Жыць азначае маніць, і больш нічога; а ўсьведамленьне
гэтага падману, можа, ёсьць яшчэ зманлівейшым, чымся самападман усіх
тых, што думаюць, быццам ведаюць і гавораць праўду.”