ЗАБІЦЬ

МАЛА !

 

Нарэшце сталася: Кеша Таранціна сьвядома зьдзейсьніў рытуальнае самагубства—сепукку!—і памёр як герой і рэжысэр на вачах у публікі! Выглядае, што гэта было ягонаю даўняй марай! Насамрэч, гераічны ўчынак!

У фільме “Забіць Біла” (ч. 1) ён як ніколі дагэтуль выявіў свае сімпатыі да (мас-)культу й антыпатыі да культуры, у прыватнасьці—да кіно ў эўрапейскім сэнсе гэтага слова. Нарэшце выйшла на паверхню тое, што раней закідалі Таранціно многія крытыкі й рэжысэры: адсутнасьць абазнанасьці ў іншых жанрах кіно, апрача Ганконгу й Галівуду, успрыняцьце кіно выключна як “відовішча”, якое дзякуючы міліёнам дэгенератаў па ўсім сьвеце прыносіць ягоным творцам шалёныя прыбыткі. Згода, ужо ў сваіх ранейшых фільмах Таранціно час ад часу вынаходзіў ровар, але гэта ўспрымалася як выкладаньне маладой генерацыі старых кіношных прыёмаў з мэтай дапамагчы ёй іх засвоіць пасярэдніцтвам зразумелых ёй тэмаў: наркотыкі, мафія й г.д. Але зараз гэта ўспрымаецца той жа самай генерацыяй як трывіяльнасьць і няўменьне знайсьці выйсьце з творчага тупіка.

Фільм ільга глядзець максімум 15 хвілінаў (сцэна ў кухні, выкарыстаньне другога плану з аўтобусам). Напачатку ў гледача наўмысна ствараецца разуменьне таго, што фільм—канвэнцыя (планы камэры, буйныя й панараматычныя), потым (стрэлам з пакету) канвэнцыя ў першы й апошні (на жаль) раз парушаецца—але толькі дзеля таго, каб потым датрымлівацца на працягу ўсяго фільму! Уражаньне рэжысэрава ўсябачаньня і ўсемагутнасьці непрыемна кантрастуе з уражаньнем ягонай чыста літаратурнай бездапаможнасьці, што ператварае фільм у кшталт гэткага Франкенштайна, зьлепленага з паасобных шматкоў Прыгажуні (неблагія камэра й мантаж) й Пачвары (галівудзка-азіяцкі сюжэт), якія ня толькі не зрастаюцца, але яшчэ і ўзаемна адштурхваюцца. Ах, які цікавы, новы, арыгінальны экспэрымэнт! Толькі што ягоны вынік ільга прадказаць загадзя: колькі ні ляпі да Пачвары шматкі Прыгажуні, пачвара застанецца пачварай.

Паспрабуем пачаць ад яйка й прасачыць, чаму так адбываецца. Таранціно, як выглядае, цьвёрда перакананы, што бяз кетчупу кіно ня зробіш. Уласна, зробіш, але не заробіш. Добра, хай так: магчыма, Таранціно сапраўды паталагічна ня здольны напісаць сцэнар, дзе не было б прынамсі паўсотні стрэлаў і трупаў не таму, што ня можа, а таму, што ня хоча, бо ня бачыць у гэтым ніякага сэнсу. Ягонае права: усе мы любім “Рэзэрвуар Догс” і “Палп Фікшн”. Але выбачайце, хто будзе жраць кетчуп без спагецці, а спагецці без пармэзану? Навошта траціць столькі грошай на здымкі фільму, чыя галоўная гераіня—поўная дура й калека, якую, сапраўды, шкода што не забілі ў самым пачатку? Уяўляю сабе, што вырасьце зь ейнай дачкі: яшчэ адна забойца-наймітка, новая Лара Крофт. Крый бог: у такім выпадку мы, напэўна, дачакемся працягу гэтай сэнтымэнтальнай гісторыі... Божухна, за шэсьць год не магчы прыдумаць меней-болей чалавечы сюжэт! Калі б Таранціно з такім сцэнарам здаваў іспыт на любую кінашколу, яго выгналі б адтуль парай падсрачнікаў! Тое, што ў “Палп Фікшн” мільганула як нявінны й мажліва ня самы ўдалы жарт (“Fox Force Five”), у “Біллу” разьдзьмутае да неверагодных памераў (“The Deadly Viper Assasination Squad”)!—дзеля чаго? Асабіста я б зрабіў галоўнай гераіняй менавіта О-Рэн Ішы, зь якой сапраўды мог атрымацца вельмі талковы фільм—бяда толькі ў тым, што такіх фільмаў Такешы Кітано ды які Скорсэзэ зьнялі ўжо тонны. Таранціне побач зь імі рабіць няма чаго: атрымліваецца, што яму няма працы! Дык чаму б тады не прызнацца ў гэтым сабе самому й не напляваць, канец канцоў, на Японію, самураяў, мафію, ды ня зьняць фільм аб нечым прынцыпова іншым, новым, хаця й меней прыбытковым? А ці мае наогул Таранціно што паведаміць сьвету? Выглядае, што ня мае—у адрозьненьне ад Бэссона, Кітано, Гільяма. Дык за што тады плаціць яму грошы як рэжысэру? Можа, час вярнуцца працаваць у відэятэку?

Пытаньне, такім чынам, ня толькі ў тым, на чым зарабляць, але й на кім зарабляць. Упэўнены, што “Кілл Білл” заробіць на фанатах фільмаў кшталту “Стар Ўорз” альбо “Дэйрдэвіл” нашмат больш, чымся на фанатах самога Таранціна. Я нават гэтага Кешы па-добраму зычу! Ну, выдаткаваўся крыху, параскідаў грошай за гэты час на наркату, на баб, на тачкі—трэба яму крыху падсыпаць... Жабрацтва духу.

Пагодзімся: жанр фільму ільга азначыць як карыкатуру на (мас)“культавыя” фільмы 70-х гг. Праблема толькі ў тым, што гэта штучна створаны культ, які з Таранціно падзяляюць толькі найбольш імбэцыльныя прадстаўнікі ягонай генерацыі па ўсёй Амэрыцы. Толькі ім можа падацца сьмешнай пародыя недасканалых штукаў ганконгскага кіно з фантанамі крыві й адсечанымі штучнымі галовамі—таму што яны бачылі ўсё гэта ў дзяцінстве. Але як тады наконт нас, што глядзелі ў дзяцінстве “Трох мушкецёраў” і “Обыкновенное чудо”? Відавочна адно: усяму фільму—ягоным дыялогам, сюжэту (калі ільга наогул гаварыць пра нейкі сюжэт) і г.д.—уласьцівая інфантыльнасьць, якая сягае сваймі каранямі ў Кешыну падсьвядомасьць, дзе мяжуе з дэбілізмам самага буйнога, так бы мовіць, тэхасскага памолу. Хаця, шчыра кажучы, цяжка ўявіць сабе, каб нават самы тупы амэрыканец сьмяяўся з пальца высмактаным жарцікам тыпу “I’m Buck and I’m here to fuck” альбо чырвонаму крыжыку на воку Дэрыл Ганна. Ха-ха! Калі гэтаму сьмяяцца, тады маім любімым фільмам хутка будзе “Особенности национальной охоты”!

Што да гвалту ў кіно, дык варта памятаць, што гвалт у кіно зьявіўся не сам па сабе, а выключна з мэтай зарабіць на ім грошай. Вядома, што самі баявыя майстры з Шаоліня папракалі Бруса Лі ў тым, што ён зарабляе на сакрэтах баявых мастацтваў, якія зьяўляюцца нацыянальнай культурнай спадчынай. Менавіта ганконгскія прадпрыймальнікі ператварылі мастацтва кунг-фу ў поўнае жорсткасьці відовішча, якое камусьці падаецца сьмешным, камусьці—прывабным, камусьці—агідным, але пры гэтым усім ня мае нічога агульнага ані з кунг-фу, ані з кіно, ані зь якім іншым мастацтвам. Пры гэтым азіяцкія муві-мэйкэрз сьвядома арыентаваліся на заходняга спажыўца з англамоўнага сьвету, паколькі Ганконг тады ўсё яшчэ быў калоніяй Брытаніі. Тое, што паказ менавіта гвалту, а ня сэксу ёсьць для заходняй цывілізацыі зь нейкай прычыны больш прыймальным і займальным, зьяўляецца адной з прыкметаў ейнай дэгенераванасьці (глядзі на гэтую тэму прамову Ларры Флінта ў фільме Мілоша Формана, альбо айчынны “Чалавек з бульвара Капуцынаў”). Так ці йначай, кунг-фу фільмы як ніякія іншыя паспрыялі барбарызацыі й дэбілізацыі Захаду і ў прыватнасьці Амэрыкі, таму аддаваць ім нейкую “пашану”—за што? А калі зьдзеквацца зь іх—дык хіба можна зьдзеквацца з ахвяраў раньняга капіталізму ў Азіі? З разбэшчанай амэрыканскім уплывам карыкатурнай Японіі? Што ў гэтым сьмешнага?

Адна справа, што карыкатуру трэба рабіць умеючы—бо іначай карыкатура ператвараецца ў карыкатуру сябе самога, пародыю на самога сябе. Але нашто рабіць карыкатуру на штосьці, што само па сабе ўжо ёсьць карыкатурай на кіно? Які ў гэтым сэнс? Што будзе парадаваць Таранціно ў наступны раз: порна? Мыльныя опэры? Індыйскія фільмы? Ужо зараз цешуся ўявай, як Ума Турман нагоніць пару дзясяткаў кілаграмаў і будзе таньчыць танец жывата, сьпяваючы пры гэтым танюткім галаском... Колькі ўжо можна паразітаваць на кунгу-фу, сай-фай, блэксплотэйшн, коміксах і іншых мас-культавых жанрах? У чым тады, выбачайце, адрозьненьне між Таранціно й Спілбэргам? Ні ў чым? У такім выпадку, я асабіста абіраю Спілбэрга. Той, таксама ўмее добра рабіць карыкатуры, але пры гэтым не ставіцца ў позу культавага рэжысэра.

Што да постмадэрновасьці, дык тут фільм ёсьць, насамрэч, цудоўнай пародыяй на постмадэрн: у ім (прынамсі, у ягонай першай частцы) няма ніводнай (!) арыгінальнай ідэі! Гісторыя О-Рэн Ішы ўзятая з Бэссона, кома й пародыя на фэмінізм—з Альмодовара, анімацыя—з Тюквэра... Хаця наўрад-ці Таранціно ведае, хто такі Тюквэр. Ну і сьцяг яму ў рукі.
Карацей кажучы: хочаце лепшае кіно? Глядзіце Джармуша, Альмодовара, Коэнаў, Бэссона. Хочаце лепшае кунг-фу? Глядзіце Джэкі Чана. Fuck you, Quentin!

PS: Па іроніі лёсу, нядаўна ў Амэрыцы былі паказаныя дакумэнтальныя відэастужкі з кадрамі жорсткасьцяў рэжыму Саддама Гусэйна. Усе жадаючыя маглі бачыць у тэлевізіі выкарыстаньне мяча па прызначэньні—толькі ня ў мульціку, а “ў натуры”. Мяркую, што жадаючых было шмат, і сярод іх дакладна не бракавала самога Таранціно: гэтак ён мог на ўласныя вочы пераканацца, што пры ўсім ягоным таленце да такога рэжысэра як Саддам яму далёка.

PPS: Якой бы геніяльнай ні была другая частка (ува што я асабіста ня веру), дараваць Таранціно й ягоным прад’юсарам самастойны выхад першай часткі (й ня толькі гэта) папросту нельга. Хаця застаецца яшчэ магчымасьць зрабіць з гэтага фільму нешта чалавечае: пры выкрыцьці сапраўднага імя Нявесты выявіцца, што яна заслугоўвала ўсяго, што зь ёю зрабілі ейныя калегі (у чым я так ці йначай перакананы), і такім чынам зьяўляецца найвялікшай сучкай усіх часоў. Ейная дачка—зусім ня Біллава дзіця, а дачка нейкага негра, зь якім Мамба падманула Білла занядоўга да вясельля. Гэта азначае, што мы бачылі яе ўжо ў першай сцэне: іначай на халеру яна была б там патрэбная? Калі б было іначай, фільм дакладна б меў працяг: маленькая негрыцянка вырасла б і пайшла помсьціць за сваю “маці”. Але спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Колер ейнай скуры й колер скуры ейнай прыёмнай маці—чыстае супадзеньне. Як вам такая вэрсія?


© Скептык, 2003

HA POCTAHI