Джэймс Джойс (1882—1941)

 

GIACOMO JOYCE

 

 

Хто? Бледны твар абкружаны цяжкім пахкім мехавым каўнерам. Ейныя рухі сарамлівыя й нярвовыя. Яна носіць зьдзеклівыя акуляры.
Так: кароткі склад. Кароткі сьмех. Кароткі ўзмах павекаў.

Павуціністы почырк, расьцягнута й тонка выснаваны са значнай агідай і пакорай: маладая асоба з норавам.

Абед мкне на лёгкай хвалі маёй нетаропкай прамовы: Свэдэнборг, псэўда-арэопагіты, Мігэль дэ Молінос, абат Ёахім. (1) Хваля захлынулася. Ейная калежанка, разагнуўшы сваё ўгнутае цела, буркоча на бяскосткавай італьянскай мове венскага гатунку: Che coltura! (2) Даўгія павекі патыхаюць й уздымаюцца: распаленая калючая йголка джаліць і дрыжыць у вясёлкавым аксаміце.

Пусты скок гонкіх абцасаў па гуклівай каменнай лесьвіцы. У паветры замку—бы ўзімку, дастаныя з валізаў шыбенікі-паліто, грубыя зялязовыя ліхтары на выгінах выдзьмутай ветрам лесьвіцы ў вежачцы. Абцасаў колкі скок, пусты высокі гук. Там нехта ўнізе хацеў бы пагутарыць з вамі, спадарыня.

Яна ніколі ня шморгаецца. Стыль размовы: лепей меней чым лепей.

Загнаная й сасьпелая: загнаная ў аблогу шлюбу з чужынцам і сасьпелая ў хатнім зьняволеньні, невыносным для ейнай нацыі. (3)

Рысавае поле паблізу Вэрчэллі ў сьметанковай летняй смузе. Крылы ейнага наўскоснага капелюша хаваюць у ценю яе ўдаваную ўсьмешку. Цень рыскамі пакрывае ейны нібыта ўсьмешны твар, засмучаны гарачым сьметанковым сьвятлом, ружавата-сьметанковыя цені пад ськівіцамі, жоўтыя што яечны жаўток рыскі на крыху ўзмакрэлым ілбе, загусьцелая жоўтая вадкасьць цікуе ўсярэдзіне памякчэлай мязгі ейных вачэй.

Кветка якую яна дала маёй дачцэ. Кволы дарунак, кволая дарыцелька, кволае дзіця з блакітнымі венкамі. (4)

Падуа ўдалечыні, на тым баку мора. Маўклівае сярэднявечча, ноч, змрок гісторыі сьпяць увобдымкі пад месяцам на П’яцца дэллэ Эрбэ. Горад сьпіць. Пад аркамі на цёмных вуліцах каля ракі вочы прашмондаў высочваюць жадаючых спарыцца. Cinque servizi per cinque franchi. (5) Чорная хваля жарсьці, зноўку й зноўку й зноўку.
Мае вочы ў цемры кепска бачаць, мае вочы
Ў цемры памыляюцца, каханка.
Ізноў. Даволі. Чорная жарсьць, чорная туга. Даволі. Чарноцьце.

Паўзмрок. Крочу праз piazza (6). Шэры пярэдадзень апускаецца на шырокую рунь палеткаў, моўчкі выпраменьваючы ноч і расу. Яна йдзе за сваёй маткай зь нязграбнай грацыяй, старая каняка вядзе за сабой сваё голенькае жарабятка. Шэры паўзмрок мякка адценьвае тонкія формы ног, пакорную слухмяную жылістую шыю, прыгожыя косьці чэрапа. (7) Глыбокая ноч, ціш, чароўны змрок... Гайло-о! Осьцьлер! Гайло-гоў!

Тата зь дзяўчаткамі сьлізгаюць уніз па схіле, прывязаныя да санак: Турэцкі Паша са сваім гарэмам. Гэрмэтычна захустаная й захутаная, боцікі зацягнутыя зграбнымі крыжыкамі павыш тлустага ўцяпляльнага язычка, кароткая спадніца выцягнулася да круглявых выгінаў на каленях. Белы сполах: клопці, сьнегаклопці:
І як яна зноў зьедзе ўбок,
Ёсьць рацыя зірнуць!

Выбягаю з тытунёвае крамы й клікаю яе ейным імем. Яна вяртаецца назад і стаіць, слухаючы мае пераблытаныя словы наконт заняткаў, гадзінаў, заняткаў, гадзінаў: і пакрысе на ейных бледных шчоках праступае чырвань хваравітага апаловага сьвятла. Не не, што ты, не палохайся!

Mio padre: найпрасьцейшыя рэчы яна робіць шляхотна. Unde derivatur? Mia figlia ha una grandissima ammirazione per il suo maestro inglese. (8) Твар старога мужчыны, гожы, румяны, з выразна гэбрайскімі рысамі й даўгімі белымі бакэнбардамі, паварочваецца да мяне—мы крочым разам уніз па схіле ўзгорка. О! Цудоўна сказана: ветласьць, спагада, цікаўнасьць, спадзеў, падазор, нязмушанасьць, старэчая бездапаможнасьць, даверлівасьць, шчырасьць, пачцівасьць, адкрытасьць, засьцерагальнасьць, патас, спачуваньне: беззаганны падбор. Ігнацы Лаёла, сьпяшайся мне на дапамогу! (9)

Вось сэрца ўболенае смуткам. Укрыжаванае каханьнем?

Даўгія вусны пажадна крывяцца: цёмнай крыві малюскі.

Рухавыя туманы на ўзгорку бачныя мне ад узножжа, дзе ноч і бруд. Імгла павісла па-над вільготнымі дрэвамі. Сьвятло ў пакоі наверсе. Яна апранаецца ў тэатар. Люстэркі населеныя прывідамі... Сьвечкі сюды! Сьвечкі!

Мілае стварэньне. Апоўначы, пасьля музыкі, усю дарогу ўгару па Вія Сан Мішэль (10) з маіх вуснаў ціхутка зьляталі гэтыя словы. Ды годзе, Джэймсічак! Ці ты ніколі не хадзіў вуліцамі начнога Дубліна, стагнаючы якое іншае ймя?

Трупы гэбраяў ляжаць перада мной і гніюць у жвіры іхнай сьвятой зямлі. Тут пахаваныя ейныя сваякі, чорны камень, цішыня без надзеі... Прышчавы Майсель прывёў мяне сюды. (11) Ён па-за тымі дрэвамі, стаіць з пакрытай галавой каля магілы сваёй жонкі, што скончыла жыцьцё самагубствам, і зьдзіўляецца, як жанчына, якая спала ў ягоным ложку, дайшла да такога канца... Магіла ейных сваякоў ёсьць і ейнай магілай: чорны камень, цішыня без надзеі: усё ўжо прыгатаванае. Не памірай!

Яна ўздымае рукі ў высілку зашпіліць кручочкамі на патыліцы сваю чорную жалобную сукенку. У яе не атрымліваецца: не, не атрымліваецца. Яна моўчкі рухаецца сьпіной да мяне ў мой бок. Я ўздымаю рукі каб памагчы ёй: ейныя рукі падаюць. Трымаючы два мяккія як павуціньне крысы ейнай сукенкі й адцягваючы іх каб сашпіліць, я бачу ў росхіне чорнага вэлюму ейнае хударлявае цела, агорнутае аранжавай сарочкай. Вузельчыкі матузкоў на ейных плячох паслабляюцца, і сарочка павольна ападае: гнуткае гладкае голае цела паблісквае срэбрынкамі лускі. Яна павольна падае, сьлізгаючы па невялічкіх, адлітых з гладкага паліраванага срэбра клубох, па расшчыліне паміж імі, зганьбаваны срэбны цень... Пальцы, халодныя, спакойныя й рухавыя... Дотык, адзін толькі дотык...

Кароткае глупскае бездапаможнае й тонкае дыханьне. Адылі павярніся й прыслухайся: галасок. Верабейка пад коламі Крышнавага рыдвана (12), што скаланаюць калатушку зямлі. Зьлітуйцеся, Містэр Бог, Біг Містэр Бог! Бывай, вялікі сьвет!... Aber das ist eine Schweinerei! (13)

Вялічэзныя стрэмяны ейных даўгіх бронзавых ботаў: астрогі зтлустлага пеўніка.

Спадарыня імчыць імчыць імчыць... Чыстае паветра на горнай дарозе. Трыэстэ прачынаецца ў сырасьці: сырое сонечнае сьвятло на ягоных згрувашчаных у гурбы й пакрытых чымсьці карычневым чарапахападобных дахах; жучыны натоўп у стане прастрацыі чакае нацыянальнага вызваленьня. Прыгажун-мужчынка ўздымаецца з ложку жонкі каханка сваёй жонкі: клапатлівая гаспадыня—няўрымсная, зь дзікасьлівовымі вачыма, рондалем ацэтылену ў руках... (14) Чыстае паветра й ціша на горнай дарозе: ды гук капытоў. Дзяўчына на кані. Эда! Эда Габлер! (15)

Гандляры прапануюць са сваіх аналояў першую садавіну: зялёнаплямістыя лімоны, кляйнотападобныя вішні, сарамлівыя сьліўкі з абадраным лісьцем. Вазок праязджае завулкам баваўняных шапікаў, сьпіцы ягоных колаў варочаюцца ў мігценьні. Разыдзіцеся! Ейны бацька з братам сядзяць на вазку. У іх пугачыныя вочы й пугачыная мудрасьць. Зь іхных вачэй вылупілася пукатая пугацкая мудрасьць іхнай Summa contra Gentiles. (16)

Яна лічыць, італьянскія джэнтльмэны зрабілі слушна што выцягнулі Этторэ Альбіні, крытыка Secolo, з фатэлю, то ж бо ён ня ўзьняўся, калі аркестар зайграў Каралеўскі Марш. (17) Яна пачула аб гэтым за вячэрай. Ат. Яны любяць сваю краіну толькі тады, калі ўпэўненыя, што гэта насамрэч іхная краіна.

Яна слухае: цнатлівіца ды разумніца.

Спадніца адцягнулася нечаканым рухам ейнага калена; стужка белай каёмкі падспаднічніку неналежным чынам задралася; абцягнутая сеткай панчохі нага. Si pol? (18)

Найграваю, напаўголас сьпяваючы, панадную песеньку Джона Доўлэнда. (19) Я ня хочу зьязджаць: я таксама ня хочу сыходзіць. Той час надыйшоў, ён тут і цяпер. Тут зь цемрадзі палкага жаданьня расплюшчваюцца вочы, перад якімі блякне зьменлівы Ўсход, іхнае мігценьне ёсьць уздрыгваньнем пены, што абыймае дрыгву памыяў сьлінтавага караля Джэймса. Тут—спрэс духмяныя гатункі віна, памалы згас салодкіх пахаў, ганарыстая павана, годныя gentlewomen (20) тужліва выглядаюць са сваіх балконаў смокчучы вуснамі, сьпярэшчаныя воспай дзеўкі й маладзенькія жонкі, што, весела пакрыкваючы на сваіх няўклюдных залётнікаў, лепяцца й лепяцца на іх ізноў.

У сырой смузе вясеньняга золку задушлівыя выпарэньні лунаюць па-над ранішнім Парыжам—аніс, вільготная стружка, гарачае хлебнае цеста—й ідучы праз мост Сэн-Мішэль, я адчуваю, як сталёвы блакіт абуджанай вады астужае маё сэрца. Яны абцякаюць і аблізваюць выспу, на якой людзі жылі ад каменных вякоў... Цёмнажоўтая ймгла ва ўпрыгожанай гаргульямі агромністай царкве. Тут холадна гэтаксама, як гэтаю раніцай: quia frigus erat. (21) На прыступках высокага аналою наводдаль, голага, як цела Гасподняе, ксяндзы ляжаць нічком у нячутнай малітве. Мацнее голас нябачнага чытача, што дэклямуе прыпавесьць ад Ёсіі. Haec dicit Dominus: in tribulatione sua mane consurgent ad me. Venite ed reventamur ad Dominum... (22) Яна стаіць за мной, бледная й настыглая, апранутая ў цені змрочнага як грэх нефу, ейны тонкі локаць ля маёй рукі. Ейнае цела нагадвае аб дрыготкім напружаньні гэтага сырога ранку пад вэлюмам туману, мітусьні паходняў, няўмольным позірку. Яе жалобная душа калоціцца, нібы зараз заплача. Ня плач па мне, дачка Ерусаліма!

Выкладаю Шэйкспіра ў слухмяным Трыэстэ: чаму Гамлет, пытаюся я, які вельмі абыходлівы як з шляхтай, так і з простымі людзьмі, гэткі зьняважлівы з Палоніем? Магчыма, як расчараваны ідэяліст, ён бачыць у бацькох сваёй каханай толькі гратэскную спробу з боку прыроды стварыць ейнае хараство (23)..................Вы гэта заўважылі?

Яна крочыць наперадзе мяне па калідоры, і падчас ейнай хады цёмная коска ейных валасоў расплятаецца й ападае. Валасы, што памалу расплятаюцца й падаюць. Яна не заўважае гэтага й крочыць перада мной, проста і з годнасьцю. Менавіта гэтак, паводле Дантэ, з простым гонарам, незачэпная для крыві й гвалту, гэтак крочыла дачка Чэнчы, Бэатрычэ, кірункам да сваёй сьмерці:
....................Тым
пасам апярэж мяне, а валасы зьбяры
ў які вузельчык просты. (24)

Пакаёўка гаворыць, што яны мусілі неадкладна адвезьці яе ў шпіталь, poveretta,(25) што яна так пакутавала, poveretta, што гэта штось вельмі сур’ёзнае.........Я сыходжу зь ейнага вылюднелага дому. У мяне адчуваньне, што я зараз заплачу. О, не! Гэта ня можа так здарыцца, умомант, каб ані слоўца, ані погляду... Не, не! Д’яблаў шацунак ня можа мяне пакінуць!

Па апэрацыі. Хірургаў скальпель пакаштаваў ейных вантробаў і быў вынуты, пакінуўшы па сабе сьвежы шурпаты разрэз на ейным жывоціку. Я бачу ейныя вялікія чорныя вочы пакутніцы, прыгожыя як вочы антылопы. О, цяжкая рана! Пажадны Божа! (26)

Зноўку ў сваім крэсьле ля вакна, словы шчасьця ў яе на языку, шчасны сьмех. Птушачка цвыркае пасьля навальніцы, шчасьлівая ад таго, што ейнае маленькае глупскае жыцьцё ўпорхала з дасягу ўжо сьцінаных пальцаў эпілептычнага пана й даравальніка жыцьця, шчасна цвыркае, шчасна цвыркае й сакоча.

Яна сказала, што калі толькі Партрэт творцы сапраўды такі крышталёва шчыры, ёй было б тады вельмі цікава, зь якой мэтай я даў ёй яго пачытаць. А няўжо ж, няўжо было б цікава? Адукаваная лэдзі.

У чорным строі яна стаіць каля тэлефона. Караценькі баязьлівы подсьмех, караценькія ўсхліпы, зьнянацку абарваныя караценькія моўныя канструкцыі......Parlerу colla mamma (27)........Кінь слухаўку, хадзі да мяне, кінь, хадзі сюды! Чорнае цыплянятка напалоханае: караценькія пошугі словаў сьціхлі, караценькія баязьлівыя ўсхліпы: яно плача па сваёй маме, самавітай курыцы.

Галёрка. Набрынялыя вільгацьцю муры сьцякаюць дымістай вадкасьцю. Сымфонія водараў расплываецца па-над масай нагрувашчаных чалавечых формаў: кіслая пара з-пад пахаў, порыстыя аранжыкі, расталыя ўмашчаньні для грудзей, прасякнутая чэрняй вада, подых вячэры зь серным часныком, тупыя фосфарэсцэнтныя бзьдзюлі, парфумны бальзам, кідкі пот ад marriageable and married womankind, (28) сьмярдзючыя ад мыла мужчыны... Усё ноч я назіраў за ёй, усю ноч я буду бачыць яе: высока сабраныя й падколатыя шпількай валасы, алівовы авальны твар і спакойны мяккі позірк. Зялёная стужка ў ейных валасох, ейнае цела аблягае вышываная зялёным сукенка: адценьне, што нападабняе расьлінную празрыстасьць прыроды й сьвежасьць травы, могілкі ў валасох.

Мае словы ў ейных мазгох: халодныя адпаліраваныя камяні апускаюцца на дно прорвы.

Гэтыя спакойныя сьцюдзёныя пальцы датыкнуліся старонак, на якіх заўжды палацьме мой сорам. Спакойныя, сьцюдзёныя й чыстыя пальцы. Ці памыляліся яны калі-небудзь наогул?

Ейнае цела ня мае паху: кветка бяз водару.

На лесьвіцы. Халодная крохкая рука: сарамлівасьць, ціша: цёмныя затопленыя млявасьцю вочы: зьнямога.

Завіткі шэрай пары курчавяцца па-над логам. Ейнае аблічча такое шэрае й пацяжэлае! Узмакрэлыя, нямытыя й нечасаныя валасы. Лёгкі націск ейных вуснаў, ейнае дыханьне са стогнам зрываецца зь іх. Я пацалаваны.

Мой голас, паміраючы з рэхам маіх словаў, зьнікае, нібы стомлены мудрасьцю голас Вечнасьці, які клікае Абрагама, па-над разгалосьсем узгоркаў. Яна абапіраецца на сьцяну, падклаўшы пад сьпіну падушку: падобная да адаліскі ў раскошнай цямрэчы. Ейныя вочы ап’янілі мае думкі: мая душа растала, памкнула й вылілася ў вільготную цёплую падатлівую гасьцінную чэрань ейнай жаноцкасьці, неашчадна затапляючы яе вадкім семем.......................................Цяпер бяры яе, хто хоча!..............

Я выйшаў з дому Ралліяў (29) і адразу ж натыкаюся на яе, як што мы абодва звычайна падаем міласьціну адному й таму ж сьляпому жабраку. У адказ на маё нечаканае прывітаньне яна павяртаецца й адварочвае ад мяне свае чорныя вочы базіліска. E col suo vedere attosca l’uomo quando lo vede. (30) Дзякуй вам за слова, спадар Брунэтто. (31)

Яны разгортваюць пад маймі нагамі дываны для сына чалавечага. Яны чакаюць, калі я буду па іх праходзіць. Яна стаіць у жоўтым ценю перадпакою, плед захінае ейныя ніцыя плечы, баронячы іх ад холаду: і калі я спыняюся і ў зьдзіўленьні азіраюся навокал, яна зімна вітаецца са мной і йдзе нагору па лесьвіцы, на ймгненьне ўтыркаючы ў мяне з-пад павекаў сваіх павольных убокі падоўжаных вачэй струмень салодкай быццам лікёр атруты.

Канапа абцягнутая мяккім, пакамячаным покрывам колеру зялёнага гарошку. Вузкі парыскі пакой. На такім адпачываюць цырульнікі, аднак зараз... Я пацалаваў ейныя панчохі й аблямоўку ейнай іржава чорнай пыльнай спадніцы. У яе іх дзьве, гэта другая. Яна. Учора прыехаў Гогарці, (32) каб я яе зь ім пазнаёміў. Падстава—Ulysses. Сымбаль інтэлектуальнага сьветапогляду...... Так што Ірляндыя? А як з мужам? Сам між тым шпацыруе па калідоры ў шытых са шмацьця ботах альбо дужаецца ў шахматы з самім сабой. Чаго мы тут сядзімо? На такім адпачываюць цырульнікі, аднак зараз, з галавой, заціснутай між ейных цьвёрдых як гузакі каленяў... Інтэлектуальны сымбаль маёй нацыі. Слухайце! Раптоўна насунуўся ўсеабдымны змрок. Слухайце!
—Я не перакананая ў тым, што такога кшталту разумовую й фізычную дзейнасьць ільга назваць нездаровай—
Яна гаворыць. Кволы голас з-за халодных зор. Голас мудрасьці. Кажы! О, зноў кажы, даючы мне веду! Такога голасу я ніколі ня чуў.
Яна гарнецца да мяне, выцягнутая ўдоўж згомтанай канапы. Я няздольны нешта сказаць альбо зварухнуцца. Мяне агортвае набліжэньне народжанай зоркамі плоці. Сужэнская здрада мудрасьці. Не. Мне трэба йсьці. Трэба.
—Джым, каханы!—
Мяккія вусны ўсмоктваюцца пацалункам пад маім левым плячом: пацалунак ахінае мірыяды венаў. Я гару! Я палаю, скурчаны быццам ліст! З пад маёй правай рукі вырываецца ікла полымя. Зорная зьмяя пацалавала мяне: халодная начная зьмяя. Я страчаны!
—Нора!— (33)

Ян Пітэрс Суілінк. (34) Дзіўнае ймя старога галяндзкага музыкі робіць усялякую прыгажосьць дзіўнай і далёкай. Я слухаю ягоныя варыяцыі на адну старую арыю: Маладосьць мусіць скончыцца. У няпэўнай смузе старых гукаў зьяўляецца слабая кропка сьвятла: мова душы будзе вось-вось учутая. Маладосьць мусіць скончыцца: ейны канец ужо надыйшоў. Яна болей ня вернецца. Табе гэта добра вядома. Дык што тады? Запісвай, ліха цябе бяры, запісвай! На што ты яшчэ здатны?

“Чаму?”
“Таму што йначай я не змагла б цябе ўбачыць.” (35)
Сьлізгат—прастора—часы—зорнае лісьце—і нябёсы згасаюць—неруш—яшчэ глыбейшая неруш—зьнішчальная неруш—і ейны голас.

Non hunc sed Barrabam! (36)

Непадрыхтаванасьць. Голая кватэра. Магільнае сьвятло дня. Доўгае чорнае піяніна: дамавіна музыкі. На ягоным краі балянсуюць жаночы капялюш з чырвонай кветкай і складзены парасон. Ейная зброя: прылба, чырвань, і тупая дзіда ў полі шчыта, чэрань.

Envoy (37)

: Кахай мяне, кахай мой парасон.


(Footnotes)
1 Эмануэль Свэдэнборг (1688-1772) —швэдзкі хрысьціянскі містык. Псойда-арэопагіты—філязофскія творы, прыпісваныя сямі старажытным мудрацом Грэцыі. Мігэль дэ Молінос(1628-1696) —гішпанскі сьвятар, заснавальнік герасі квіетызму. Абат Ёахім, Ёахім з Флоры,(1145-1202) —італьянскі містык, аўтар тэорыі аб “Трох Гаспадарствах”, ці то эпохах, чалавечай гісторыі: Бацькі, Сына й Духа Сьвятога.
2 Якая культура!(іт.)
3 Паралель з “Партрэтам творцы”, дзе Стывэн сьцьвярджае, быццам ягоная ірляндзкая дзяўчына “увасабляе таямнічасьць сваёй нацыі”.
4 У 1913 г. у Трыэстэ Джойс піша верш “A Flower Given To My Daughter”, “Кветка, падораная маёй дачцэ”, прысьвечаны гэтаму самаму эпізоду.
5 Пяць паслугаў за пяць франкаў (іт.)
6 пляц (іт.)
7 Падчас працы над “Улісам” у Цюрыху ў 1919 г. Джойс выкарыстаў гэты ўрывак у эпізоду, вядомым пад назовам “Oxen of the Sun“.
8 Мой бацька (іт.); Адкуль кіруецеся?(лац.); Мая дачка ў вялікім захапленьні ад свайго ангельскага настаўніка (іт.)
9 Ігнацы Лаёла(1491-1556), заснавальнік ордэна езуітаў. Коледж у замку Клонгаўз, дзе вучыўся Джойс, быў заснаваны езуітамі. Ва “Ўлісе” Стывэн гэтаксама кліча Лаёлу ў дапаможнікі, разважаючы аб Шэйкспіры.
10 Вуліца ў Трыэстэ, дзе жыла Амалія Поппэр, гераіня гэтага твору.
11 Філіп Майсель, знаёмы Джойса з Трыесту; ягоная жонка, Ада Гірш Майсель, скончыла жыцьцё самагубствам у 1911 г.
12 У арыгінале—Juggernaut—індыйскі баявы рыдван, таксама ангельская назва для сьвятарных выяваў Крышны, які лічыцца ў Індыі богам вайны; пераносна—цяжар гаротнага лёсу.
13 Але ж гэта сьвінства!(ням.)
14 Ва “Ўлісе” таксама ёсьць гэты ўрывак, адзіна што там Трыэстэ зьменены Джойсам на Парыж.
15 Эда Габлер—гераіня аднайменнай п’есы Хэнрыка Ібсена (1828-1906).
16 “Сумма супраць людзей”( па аналёгіі з “Суммай супраць герэтыкоў”); сумма—кшталт схалястычнага навуковага твору.
17 Этторэ Альбіні (1869-1954), музычны крытык, ня быў супрацоўнікам газэты Secolo (Стагодзьдзе), адылі сацыялістычнай газэты Avanti! (Наперад!) 17 сьнежня 1911 г. у тэатры Ла Скала ў Мілане адбываўся дабрачынны канцэрт у фонд Чырвонага Крыжа для сем’яў ахвяраў італа-турэцкага канфлікту ў Лівіі, падчас якога быў зайграны “Marcia Reale”, гімн італьянскага каралеўства. Гэтая згадка дае магчымасьць усталяваць дату ўзьнікненьня твору.
18 Дазволіце?(у фурляндзкай мове). З гэтых словаў пачынаецца опэра Леонкавалло “Паяцы”.
19 Джон Доўлэнд (1563-1626)—ангельскі музыка, лютніст.
20 Гульня словаў women (жанчыны) і gentlemen(спадары), да каторай Джойс неаднаразова вяртаецца ў сваіх творах: гл. “Ulysses“, “Finnegans Wake”, далей у “Giacomo Joyce“.
21 Як што там было зімна (лац.)—эвангельле ад Яна, 18:18
22 Гэтак гаворыць Гасподзь: у пакутах Ён працягвае мне Сваю руку. Прыйдзіце й спазнайма Госпада...(лац.), словы зь якіх пачынаецца імша на Пакутную Пятніцу—кніга Ёсіі, 6:1-6.
23 Тое самае гаворыць Стывэн ва “Ўлісе” падчас сваёй прамовы наконт Шэйкспіра.
24 Словы Бэатрычэ перад сьмерцю ў вершы Шэллі “The Cenci“.
25 Небарака (іт.)
26 У арыгінале: Libidinous God!
27 Я буду гутарыць з мамай. (іт.)
28 marriageable—Джойсаў новатвор, літаральна:”прыдатныя да замужжа”; married—замужнія, womankind—гульня словаў woman, кабета, і mankind, чалавецтва; ільга перакласьці як “жаноцкі род”, “усе людзі—сёстры” й г.д.
29 Барон Амброджыо Раллі (1878-1938) меў дом на П’яцца Скоркола ў Трыэстэ.
30 І як зірне, дык сваім позіркам атручвае чалавека.(іт.)
31 Вышэйпрыведзеная фраза ёсьць цытатай з кнігі сярэднявечнага флярэнтыйскага пісьменьніка Брунэтто Лаціні (1210-1295) “Il tesoro” (Скарбонка); базыліск—мітычная жывая істота, чый позірк лічыўся сьмяротным для чалавека.
32 Гогарці, Олівэр (1878-1957)—дублінскі сябар і антыпод Джэймса Джойса, прататып Малахіі Малігана ва “Ўлісе”.
33 Апісаная эратычная сцэна ёсьць толькі мрояй, таму месца ейнага дзеяньня—Парыж, а не Трыэстэ. Авалоданьне жанчынай у марах ёсьць частай тэмай у творчасьці Джойса, гл. “Партрэт творцы”, “Уліс”, драму “Выгнаньнікі”. Нора—імя жонкі Джойса.
34 Спраўна—Янс Пітэр Суілінк (1562-1621). Імя гэтага музыкі з Амстэрдаму, на выкананьні твораў якога ў Трыэстэ прысутнічаў Джойс, згадваецца таксама ў размове Блума й Стывэна ва “Ўлісе”.
35 Фраза Бэатрыс з Джойсавай п’есы “Выгнаньнікі”.
36 Ня гэтага, а Варраву!(лац.) Варрава—злачынца, вызваленьня якога дамагліся ад Пілата жыхары Ерусаліму, ухваліўшы тым самым пакараньне Хрыста.

37 Тзв. “пасылка”; у францускай лірычнай паэзіі—апошняя страфа балады, у каторай выказваецца ейны галоўны сэнс.

© Пераклад-Макс Шчур, 1999

HA POCTAHI