Робінсон Джэффэрс (1887-1962)

 

ВЫБРАНЫЯ ВЕРШЫ

 

 

 

Замірэньне й спакой
(лістапад 1918 году)

1.

Суміцеся, гнеў вычапраў свой час,
Насеньне стомы плён дало цішком,
Імпэт прыродны гвалту ўрэшце згас,
І мір узводзіць моцны хвалялом.
Адказвае спакоем на спакой
Мяжа людзкой няўрымснасьці, эфір.
Фрэскі вайны, што бог сваёй рукой
Стварыў, сыйшлі—усюды пэўны мір.
Яшчэ ў вантробах, да таго як век
Сьвятла пачнецца, выйсьця ўжо шукае
Што першы, што апошні чалавек:
У шлюбны ложак зь мёртвым сьмерць лягае,
Аднак не закрычыць дзіцячы рот
Празь дзевяць месяцаў, ані празь дзевяць год.

2.

Суміцеся, хаця чысьцец і пёк,
Ягоным сэрцам быў халодны лёд,
Халодны зьдзіў, заўжды халодны клёк,
Пакутам недасяжны; райскі мёд
Прыгожых целаў, хвалістых грудзей,
Прагных крыві іртоў яго зусім
Не закранаў. “Мой божа-чарадзей,
Я памятаю час, калі ў маім
Маленстве праўда мне была вядома,
А потым мне расплюшчыў вочы гвалт.”
Суміцеся, яго ўсыпіла стома.
Ня згасла сонца, хоць абрабаваў
Ён на мільёны жыцьцяў нас употай:
Адзіна прыгажосьць ёсьць несьмяротнай.

3.

Суміся, сьвет, на час, на год: на жаль,
Спакой душы жыве адзіна міг,
Ейны палац, празрысты, як крышталь,
Наймае розум для дзяцей сваіх,
Тыранаў, мараў, трызьненьняў, вайны,
Паўстаньняў палкай плоці, барацьбы—
Не пакідаюць віны смак віны:
У крышталі іх не было нібы.
Азія й Фракія, што ладзілі тут баль,
У тонкіх не адбіліся мурох,
Сьвятарны не забрудзіўся крышталь,
Ягоным сьценкам кожны гук—гарох.
На час, на год хай будзе на зямлі
Такі спакой, нібы ў тым крышталі.

4.

Мір табе, бедная зямля. Сыны твае
За волю, што ледзь з голаду ня ўмёрла,
Змагаліся: шмат іх цяпер гніе
Ў табе, свайго ня ўбачыўшы анёла.
Ды воля не памрэ—яна заўжды
Ў артэрыях зямных крывёй пульсуе,
Сьвет разам з намі ў прыступе жуды
За волю некалі пажарам закрасуе.
На захадзе яна расьце слабей,
На ўсходзе страшным полымем шугае.
Мір табе, бедная зямля. Яшчэ глыбей
Хай таямніцу ад вачэй схавае
Крышталь душы, сьвятарны, чысты дом,
Неразбуральны гвалтам ці агнём.

5.

На поўдзень ад ракі Біг Сур крыжы
Драўляныя ды дзірвану тры гурбы
Магілы значаць. Тамакі ў цішы
Гальля мне адпачынак быў бы любы.
Усеабдымнасьць сьмерці я ня мог
Тут не ўхваліць, сам прагнучы спакою.
Надпіс на дрэве, што хавае мох,
Накрэсьлены няпэўнаю рукою...
Я б захапляўся вечна гэтым сном.
З пагорку тут відаць адзіна дрэвы,
Замест праменьня ў зрэнцы глею ком,
На глеі тым буяюць густа травы,
І крот сьляпы—ахоўнік таямніцы:
Глей, ціша, мір, прытулак чужаніцы.

6.

Жанчыны плакалі тым ранкам, мы былі
Шчасьлівыя яшчэ які час потым,
Але ў аддаленых ад нас краёх зямлі
Сотні галодных зноў сьцякалі потам,
Каб пуп прыкрыць ды чым напхаць жывот.
Кроў—міру кошт, ды мір ім неабходны.
Як таннае віно, мяне той пот
Збаўляе розуму. Задзьміце лепш паходні,
Вітайце мір, а то прачнецца Бог.
Ён сьпіць у камні сэрцаў чалавечых,
І кулакамі цьвёрдымі б ён мог
Зноў бойку распачаць з-за крыўдаў нечых...
Рукамі ён намацвае слупы
Палацу й вырывае іх, сьляпы.

7.

Пасьля ўсяго—хто стаў мудрэйшы з нас?
У сьмешнай небу гераічнай позе
Мы сустракаем свой сьмяротны час,
І з намі мітусьня канае ў Бозе.
Зірні ўгару, на ноч: глыток сьвятла
Сузорнага спакой прыносіць нэрвам.
Як бачыце, хацелі нам дабра
Хлусы, паяцы, слугачы Мінэрвы,
Усе дабра хацелі... Цяжкі шлях
Цярпімасьці шукалі... Забівалі,
Дурыліся, ілгалі, катавалі,
Дабра нам хочучы... Ў начных палях
Плеядам палахлівым наўздагон
Гурт зорак высылае Арыён.

8.

Той лёд душы, што мусіць прыгадаць
Шаленства нам, той велічны пагляд,
Што звыклы адной меркай вымяраць
Рэчы зямныя й зоры, што па-над,
Той возера затоенага плёс,
Незакрануты звадкамі судзьдзя,
Ў чыім спакоі—наш сьмяротны лёс,
У пэўнасьці—эссэнцыя жыцьця.
Жыцьцё са сьмерцю заключаюць мір
Між небам і зямлёй, а ўнізе дзесь
Вайна руйнуе месты. Бы сапфір
Халоднае, ня здатнае глядзець,
А толькі мераць, пазірае вока.
Як можа стацца Бог слугою Бога?

9.

Вока само сабе слугуе верна.
Жыцьцё і сьмерць спалучаныя ў ім,
У нетры ненатоленага нерва,
Адзінага ва ўсім целе людзкім,
Дзе сьвет губляе свой сьвятарны зьмест,
Дзе сьмерць з жыцьцём—браты, каханкі, сёстры,
Дарма Хрыстос казаў нам дабразьвест:
У небе Божы дух зьнікае ўзьнёслы.
Грудкі дзяўчат, рухавыя кабеты,
Каханьні, што стварылі нашы целы—
Вось цытадэль Свабоды нашай, дзе Ты
Ўлады ня маеш. І хай дух наш цэлы
Табе належыць, мы не аддамо
Мір, Вока, Цела, вечнае вязьмо.

10.

Наіўны, я заўсёды спрабаваў
Аддацца цалкам кожнаму жаданьню,
Каханьня скарб жанчынам раздаваў,
Маліўся вежы, камяню, сьвітаньню;
Ды ў дасканаласьці ўсё адмаўляла мне,
Частка мяне заўжды была са мною.
Я дасканалага шукаў зьліцьця ў віне,
Але ня мог душу аддаць такою,
Як ёсьць. Зноў узіраўся ў далячынь,
Скрозь думкі, мары, моры, рэчы, Бога,
Усё прайшоў, шукаючы прычын.
Адкрыла мне дзівосная дарога,
Што Я маё глыбіннае—адзіна
Зрок, Вока, Бог, чый куфар—кроў і гліна.

11.

Суміся, сьвет, на час, на год: хаця
Мір гэты нам усім даўно належаў
Увесь час папярэдняга жыцьця,
Бо ён—у нас, няма між намі межаў.
Калі боль, гнеў ці мара аб граху
Разбураць дом душы, мы звонку плачам,
Глядзім скрозь зруйнаваную страху,
Дзе мір дрымаў дагэтуль сном дзіцячым
І ў сьне сьмяяўся сам сабе. Між тым
Як час кульмінаваў бесчалавечны,
Бог спаў у сваім ложку залатым,
Няўмольны, незьбянтэжны, жорсткі, вечны.
Крычалі людзі, падалі муры—
Так нам адкрылася, што там Ён, угары.

 

Думкі дзяўчыны

Паслухай, нат вада па чымсьці плача.
Памёр заходні вецер, хвалі
Больш не катуюць рыф, на поўначы ў цясьнінах
Схілы паўсюдна выбухаюць зыркім
Золатам квецені. Каханы, дождж ліў цэлы месяц,
Так што краі ўсіх сажалак былі
Адзначаны серападобным пылам з соснаў.
Цяпер гонкія й тонкія сьцябліны
Пунсовага ірысу паўстаюць ля ручаёў,
Што прабіваюцца з пагорку;
Бадыльле зьзяе жоўцю, белыя тульпаны
Ўжо надзьмуваюць з шоўку пухіры,
А ў іншае цясьніне хітаюцца бранзовыя званы
Галоваў ланяў, разгарачаных нясьцерпам,
Яны ня ведаюць, адкуль чакаць каханьня
Й няўрымсна топчуць кветкі;
На скалах спарваюцца птушкі, вустрыцы, начныя матылі
Лётаюць парамі. О, надыйшоў наш час,
Распалім ротам рот, зьяднайма нашы целы,
Каб квецень вогненная ўзьнікла.

 

Навука

Чалавек, інтравэрт чалавек, сутыкнуўшыся,
Аднак небалюча, у калідоры з прыродай рэчаў, у гэтым
апошнім стагодзьдзі
Спарадзіў волатаў; адылі ў захапленьні ўласным
Розумам, нібы вар’ят, ахоплены супярэчнасьцямі, ня можа
даць рады сваім творам.
Звыклы мець справу зь неабдымнай марай,
Ён абарочвае нажы, павернутыя супраць прыроды, супраць сябе:
іхныя гострывы засьмяглі.
Ягоны розум прадвяшчае ўласную разбуру;
Актэон, што пабачыў голую багіню скрозь лістоту й быў
разьдзерты ўласнымі сабакамі.
Мізэрнасьць веданьня, драбочак друзу,
Кропля ў акіяне: хто б калі прысьніў, што дастаткова гэтак
бясконца мала, каб пакінуць межы?

 

Радасьць

Хоць радасьць лепшая за смутак, ёй бракуе велічы;
Мір поўны велічы, моц мае веліч.
Ня дзеля радасьці палаюць зоркі, ня дзеля радасьці кондар
Разгортвае ў паветры шэрасьць сваіх ветразяў
Па-над гарой; ня з радасьці нямоглая вяршыня
Стаіць, тым часам як гады, нібы вада,
Барозьняць ейныя даўгія схілы. “Я ня птушка, не гара,
Ня зорка; я шукаю радасьці.”
Вось слабасьць твайго племя: хаця потым мір
Прыкрые гэтыя заглыбленыя вочы.

 

Зьзяй, гінучая рэспубліка

Тым часам як Амэрыка, аблепленая плесьняю вульгарнасьці,
няўклюдна разьдзьмуваецца ў імпэрыю,
А пратэст, адно пухір у гарачай сталёвай лаве, покаецца
й выдыхаецца, а сталь толькі цьвярдзее,

Я маркотна ўсьміхаюся і ўзгадваю, што кветка чэзьне дзеля
плёну, а плён згнівае, каб стацца зямлёю.
З чэрава маці—цераз вясновы покліч, сасьпеласьць
і заняпад—дамоў, ізноўку ў матчына ўлоньне.

Вы сьпяшаецеся ў нябыт—нічога страшнага, бо жыць
у кожным разе добра, хай сабе ўпарта доўга, альбо
Раптоўна зазьзяць і зьнікнуць: мэтэоры ня менш патрэбныя
за горы: зьзяй, гінучая рэспубліка.

Але дбаючы пра дзяцей, я павінен трымацца як мага далей
ад разьдзьмуваньня цэнтру; раскладаньня
Ільга пазьбегнуць, у час, калі гарады кладуцца
пад ногі пачвары, яшчэ застаюцца горы.

І, хлопчыкі, ня будзе ні ў чым так стрыманыя, як у любові
да чалавека, хітрага паслугача, бязьлітаснага тырана.
У ім—пастка, куды трапляюцца найчысьцейшыя душы, яна
ўпалявала, кажуць, самога Бога, калі той хадзіў па зямлі.

 

Практычныя людзі

Практычныя людзі, сказалі мне,
Баяцца мора, бо яно заўсёды
Ўсхваляванае бяз дай-прычыны;
Іх стамляе строма, бо сама яна—нястомная,
Хвалі таньчаць пад уласную дуду,
І ніякая стабільнасьць іх не абыходзіць.
Практычным людзям гэта здаецца марнатраўствам.
Як і ўзьнікненьне, сталасьць, заняпад,
Распад народаў; як і тое, што сузор’і гостраць
Праменьне духу, потым яно блякне, і згасаюць
Зьнясіленыя зоркі; як і тое, што чалавечы дух таксама
Сталее, гострыцца, тупее, стыне зь векам,
Памалу зношваецца, памірае;
Як і бясконцыя наплывы марскіх хваляў, іхны ўзьлёт
І спад, зіхценьне й цьменьне; як і ўсё тое,
Што вечна аднаўляецца й бязьлітасна, цыклічна
Варочаецца, як і тое, што мінуўшчына—гэта будучыня:
Усё гэта робіць сьвет непрактычным... для практычных людзей.

 

Ягонаму бацьку

Хрыстос быў твой Гасподзь усё жыцьцё,
Як іншых, ён цябе не падмануў:
Цябе правёў ён цераз сьлёзы, боль і ўсё
Благое так, што нават не крануў
Цябе атрутны плён, атрутны ўкус
Зьмяі сумневу, што зьядае мозг:
Твой розум, бы каштоўнасьць, ад спакус
Ён цэлым захаваў, наколькі змог.
Я ж іншыя шляхі сабе шукаў,
І не было ў мяне правадыра.
Што рысь, гады кіпцямі разьдзіраў:
Поўсьць рысі—упрыгожаньне мура,
Ды носьбіт поўсьці не падазрае,
Што будзе век такі даўгі ў яе.



Лоў ласасёў

Дні скарачаюцца, дзьме поўдзень набліжэньнем ліўняў,
Паўднёвы вецер уздымае крык на рэкі,
А рэкі разяўляюць свае йрты й ласосі з мора
Навыперадкі кідаюцца ў плынь.
Перад Калядамі, у небясьпеку, ў прысак
Доўгага злоснага да чырвані закоту сонца,
Чырвоны попел цёмнага сонцавароту, ты бачыш рыбараў,
Вартых шкадобы, жорсткіх, прымітыўных,
Што сьвятары, людзей, якія збудавалі Стоўнгэндж,
Чорныя ціхія абрысы, што рысуюць
Забыты рытуал на чырвані пяску
Ракі, разяўленай на павароце году,
Цягнуць на бераг той жывы булён, крывавыя ірты,
Поўная сонечнага захаду луска
Дрыжыць на камянёх: больш яны ўжо ня рушаць
Пасьвіцца ў дзікі Ціхі акіян, сваволіць, кідацца
Навыперадкі ў прэсную ваду, каб мець нашчадкаў.

 

Музыка прыроды

Старэчы голас акіяну, птушыны цвыркат ручаёў,
(Зіма дала ім срэбра замест золата, зьмяніла
На чырвань зелень, каб спыніць ваду і берагі
ўпарадкаваць)—
З розных іртоў нясецца адна мова.
Я думаю, калі б мы мелі моц паслухаць незаўзята,
Не азначаючы гук згодна жарсьці альбо жаху,
Шторм хворых нацыяў, паўстаньні ўкатаваных
галадаморам местаў,
Дык іхны голас нам таксама здаўся б
Чыстым, нібы дзіцячы; ці нібы ўздых дзяўчынкі, што
ў самоце
Таньчыць на беразе і марыць аб каханку.

 

Разьбярам каменю

Вы, разьбяры, чый мармур стрымлівае наступ часу, вы—пераможцы
Над дзёрзкімі прарокамі забыцьця
Ня крыўдзьцеся на зьдзеклівую плату, ведаючы, што камень скрышыцца,
і надпіс зьнікне,
Квадратна сечаныя рымскія пісьмёны
Змыюць адлігі, скрэсьліць дождж. Паэт таксама
Будуе сабе помнік нанядоўга;
Бо людзі зьнікнуць, бестурботная зямля памрэ, велічнае сонца
Асьлепне й пачарнее ў самым сэрцы:
Адзіна камні выстаяць шчэ тысячу гадоў, каб розум
уболены знайшоў
Спакой салодкі ў старажытных вершах.

 

Злуючы на сонца

Што трыбуны з трыбунаў публічна ілгуць—
Што тут новага? Што Амэрыка мусіць скарыцца,
Як рэспублікі старажытнасьці, перад заняпадам і стацца
Імпэрыяй—гэта адвеку вядома.

Трэба тады ўжо злаваць на сонца, што яно заходзіць,
Калі злаваць на такое. Зірні, як кола нахіляецца й паварочваецца,
усе
Прыматаныя да гэтага кола, усе людзі, усе колішнія
змагары,
Нашая рэспубліка, Эўропа, Азія.

Зірні на іхныя жэсты.
Зірні, як яны сьлізгаюць уніз. Галган частуе іншых хлусьнёй,
жарсны
Чалавек выконвае сваю ролю; халодная прага праўды
Ні зь кім зь іх не хаўрусуе.

Вядома ж, ты не Катулл,
Каб абвергнуць гэтыя Цэзаравы бязглузьдзіцы. Табе
Далёка да Дантэ, але яшчэ далей да ягоных брудных
Палітычных сымпатыяў.

Няхай юнакі шукаюць асалоды, мужчыны
Змагаюцца за ўладу, жанчыны, магчыма, за славу,
Хай паслугачы слугуюць Правадырам, а дурні дурацца й
дазваляюць сябе абдурваць.
Што табе да іх?

 

Зіхці, Рэспубліка

Уласьцівасьцю дрэваў ёсьць зелень і вышыня; уласьцівасьцю
неба—зьзяньне, вады—чысты ток; скалы—цьвёрдасьць
І супраціў: гэтым яны шляхотныя. Любоў да свабоды заўжды
была ўласьцівасьцяй заходняга чалавека.

Нязгасная паходня палае шляхам ад Марафону да Пляс-Конкорд,
ейная небясьпечная прыгажосьць зьяднала тры эпохі
Ў адну; наплывы барбарства й цывілізацыі прыглушалі,
Але цалкам ніколі не тушылі яе.

У грэкаў—любоў да хараства, у рымлянаў—да парадку;
у сучаснасьці—палымяная любоў да адкрыцьцяў;
Але ў адной шляхотнай жарсьці мы адзіныя, таму Ўошынгтан,
Лютэр, Тацыт, Эсхіл—людзі аднаго кшталту.

Амэрыка, гэтая жарсьць стварыла цябе. Не каб быць заможнай
ты нарадзілася, а каб любіць свабоду.
Ты не сказала “ўсім гуртом”, адылі—“незалежнасьць”.
Але нельга мець усе раскошы, а ў дадатак да іх—
свабоду.

Свабода—бедная й працавітая; ейная паходня—не бестурботная,
а галодная, і часам ёй патрэбная кроў заместа смалы.
Ты ўтаймуеш ейнае чыстае полымя, накінеш на яе капюшон, нібы
на спайманага ястраба, утыркнеш яе ў руку Цэзара.

Але трымайся традыцыі, захоўвай формы, назіраньні, хай рана
не загойваецца. Будзь велічнай, глыбока падкрэсьлі
свае Ахілесавы пяткі.
Дзяржавы наступных эпохаў без сумневу будуць памятаць цябе
й сумяшчаць сваю любоў да свабоды з сузіраньнем
раскошы.

 

Любоў да дзікай лебедзі

“Я ненавіджу кожны ўласны верш, кожны радок.
Хіба накрэсьляць крохкія, пабляклыя алоўкі
Выгін ляза травінкі, летняй песенькі выток—
На белым неба тле абрыс птушынае галоўкі?

О, троскі цьмянага люстэрка, марны лоск!
Хіба сапраўднасьці ў вас застанецца подых?
Гаротны паляўнічы, кулі твае—воск.
О прыгажосьць-ільвіца, белых крылаў сполах!”

Дзікая лебедзь сьвету ёсьць нічыйнаю здабычай.
Люстэркі лепшыя твайго полымя крыламі паб’е,
Для лепшых куляў за твае яна высокая надзвычай.
Які ў тым сэнс, калі ты гэтак ненавідзіш сам сябе?

Ільга, прынамсі, позірк свой ды розум свой вялебіць,
Што дазваляюць крылы чуць; любіць дзікую лебедзь.

 

Ложак ля вакна

Ложак унізе, ля вакна на мора, будзе добрым, вырашыў я,
сьмяротным ложкам,
Калі яшчэ мы будавалі дом; і зараз ён чакае,
Нікім нескарыстаны, акрамя якога госьця цягам году, хто
наўрад-ці ведае
Пазьнейшае ягонае прызначаньне. Я часта
Гляджу на гэты ложак без агіды альбо жарсьці, а хутчэй
з абедзьвюма,
Што ўраўнаважаныя так, што забіваюць адна адну, і застаецца
Чысьцюткая цікаўнасьць. Час нам дадзены, каб скончыць усё тое,
што мы павінны скончыць;
Тады яно гучацьме быццам музыка,
Калі цярплівы дэман за экранам марскіх скалаў
і неба
Загрукае ў вакно й пакліча тройчы: “Джэффэрс, час.”

 

Вяртаньне

Крыху паразумнелым і чужынным,
Нам час вярнуцца й зноў пацалаваць
Зямлю ў дажджы лістоты несупынным,
Зноў даць жыцьцю ў карэньні віраваць.
Я рушу ўніз па гожых рэках поўдня,
Па плечы ў іх абедзьве акуну рукі,
Знайду свой скарб, дзе ліст, нібы паходня
Дрымціць у ветры па-над берагам ракі,
Кранацьму рэчы, рэчы; думкі—больш ніколі,
Яны зчарняюць неба, быццам жамяра,
І асьляпляюць жарсьці нашай лёт саколі,
Каб абскубаць ейныя крылы да пяра.
Рэчы сілкуюць сокала, о Піко Бланко ўзьнёслы,
Стромкая хваля мармуру, што ў моры ўзьнялі вёслы.

 

Да Уны

1.

Я быў малады й вежу зладзіў ёй—
Аднойчы памрэ яна—
З-пад рук маіх зь цяжкіх камянёў
Паўстала ў небе сьцяна.

Яшчэ сілы ёсьць, ды хутка памру—
Аднойчы памрэ яна—
Па грубых сходнях паўзу ўгару,
Каб выпіць келіх да дна.

Ня плач, малю, ня плач.

2.

Не зьдзіўляйся, дзіўнага нічога няма,
Мая любая, чакай перамен
І нічога ўзамен.

Мы былі з табой сьведкамі таго, як
Людзі дасягнулі, апроч міру, на жаль,
Усяго амаль.

Мы бачылі, як па схіле вышэй і вышэй
Рушыў з крыжом на плячах народ
На эшафот.

Няма болей зайздрасьці птушкам, той
Стражытнай мальбы: навучы нас лётам.
Такім чынам, Лёндан,

Неба цяжар рынецца ўніз
З грукатам капытоў
На стрэхі будоў.

Гэта падае цяжар гадоў,
Яны ўвойдуць глыбока ў зямлю.
Ня плач, малю.

Вачыма чыстымі агледзь цясьніну.
Глядзі, як сьвет глынаецца крокацьцю
З кроткасьцю.

3.

Ня толькі Эўропу цяпер паглынаюць
Кроў і вагонь.
Уздым з заняпадам у сэрцы ў нас таньчаць
Веку спакон.

Магчыма, апошні наш погляд на сьвет
Знаходзіць спакой,
Усё зразумеўшы і ўсё ўжо засьвед-
чыўшы—толькі ня мой.

4.

Заўтра я зноў да цяжкага верша вярнуцца мушу
Аб Фэргюсане, гаротніку, што ўжо дастаў мне душу,
Ён быў падмануты й праўды благаў, але ж першы
Пробліск праўды забіў яго. Мяне нудзіць усё ў тым вершы
Й нудзіцьме кожнага, хто будзе мець калі недарэчнасьць
Прачытаць яго і спазнаць маю сутнасьць і супярэчнасьць;
Адылі махнуўшы “стрэль” цяжкім гарматам аднойчы,
Я мушу лупіць далей.
Каханая, сёньня ўночы
Давай забудземся разам на верш і на шал забойчы,
І заасобімся ўдвох з табою дзесь па-за часам,
Ты—зь ірляндзкім віскі, я з чырвоным віном сам-насам,
Між тым як зоркі мінаюць па-над неспачным акіянам,
І нейкі час па апоўначы я вянок зраблю табе з красак
Найлепшых, каханьне й сьмерць гучацьмуць у нашых фразах,
Нязьменныя тэмы, што скалы, старыя, нібы зямля сама—
Нічога больш мімалётнага й сапраўднейшага няма,
Між тым як зоркі мінаюць па-над неспачным акіянам,
А калі яны зьнікнуць, ноч нарэшце скажа “бывай” нам.

 

Мы—тыя людзі

Мяне заўсёды гідзілі войны, абуралі хлусы, сьмяшылі
баязьліўцы
Й прадказальнікі перамогі; на іхны конт не магло быць сумневаў.
Але зараз, недалёка па-над сьпінамі гарбатых гадоў, мне
мроіцца
Слуп пылу наступнай вялікай вайны, і дым уздымаецца
Па небасхіле: робіцца зразумелым, што нас таксама можа напаткаць
пакута,
Што ўжо напаткала іншых, жуда няўмольнай паразы—
Калі не ў наступнай, тады ў наступнай вайне—таму зірніце
на Нямеччыну,
Ейны лёс нас чакае таксама. Канечне, нам лепш хацелася б,
Каб нашыя жанчыны паміралі, кусаючы да апошняга, каб нашыя
мужчыны хаваліся ў гарах, бы ваўкі:
Але гэтак ня будзе. Нашыя мужчыны будуць лаяцца, схіляцца,
падпарадкоўвацца;
А нашыя жанчыны будуць аддавацца ўсьмешлівым пераможцам
за драбок чакаляды.

 

Магіла хатняга сабакі

(Хэйг, ангельскі булдог)

Я крыху ўжо ня той; я зараз не магу
За вамі бегчы ўвечары ўсьцяж берагу,
Хіба што ў сьне якімсьці; гэтак вы, заснуўшы ў зморы,
Часам убачыце мяне на ўзмор’і.

То не змывайце нейкі час маіх кіпцёў сьляды
Зь дзьвярэй, што я звычайна шкроб, чакаючы каля парогу,
Што зараз вы адчыніце; хай водціск міскі для вады,
Зь якой я піў, яшчэ псуе кухонную падлогу.

Ля вашых ног, як некалі, ляжаць мне ўжо ня можна
Пры цёплым вогнішчы падчас дажджу,
І з ночы ў ноч, замест каб вартаваць вашага ложку ўзножжа,
Я тут адзін ляжу.

Аднак я вашым клопатам пакладзены ўсяго
Шэсьць футаў ад вакна, што сьвеціцца скрозь морак—
Там вы чытаеце ўдваіх і ўсё шкадуеце свайго
Нявартага сабакі—цень сьвятла кранае мой пагорак.

Вы, людзі, муж і жонка, гэтак доўга жывяцё,
Што цяжка верыць у магчымасьць вашай сьмерці.
Істоту меншую стаміла б гэтак доўгае жыцьцё.
Аднак калі вам здарыцца, як мне, памерці,

Хай згадкі аб жыцьці ў вас будуць толькі
Шчасьлівыя, як у мяне—хаця
Наўрад-ці хтосьці вас любіў і песьціў столькі,
Як вы мяне падчас майго жыцьця.

Заўсёды меў каханьня доказ верны
Ад вас, мужчыны і жанчыны, я.
Ваш розум—шмат няўрымсьнейшы, шматмерны...
Аднак са мной былі вы шчырыя.

Вы не былі гаспадары, але сябры. Я быў для вас
Таксама сябрам. Я любіў вас. Пачуцьцё мацней
За сьмерць, яно трывае да яе й пасьля яе ўвесь час.
Я не самотны. Мне ня боязна. Я ваш, як і раней.

 

Як шмат азёраў крыві

(напісана 12 травеня 1944 года)

Мы выйгралі дзьве сусьветныя вайны, ніводная зь якіх
нас не датычылася, мы былі ў іх уцягнутыя.
Мы ператварылі дзяржавы
Эўропы, што былі гаспадарамі сьвету, у руіны і ў нашых
вассалаў. Мы выйгралі дзьве вайны
і набліжаецца трэцяя.

Яна ня будзе такой лёгкай. Мы былі ў выгодным становішчы,
калі магутныя краіны сьвету падзяліліся на групоўкі:
мы зьнішчылі гэты падзел.
Мы цешылі сябе прыгожымі марамі; мы марылі зьяднаць сьвет;
і мы яднаем яго—супраць сябе.

Дзьве вайны, і гадуецца трэцяя. Ахоўвайце ўзьбярэжжы, пільнуйце
поўнач, ня верце сьвітаньням. Кантралюйце
кожную хмару.
Гартуйцеся. Крэпасьць Амэрыка, мажліва, выстаіць яшчэ доўга,
паміж Усходам і Захадам,
маўляў Бізантыя.

—Што да мяне, то сьмейцеся зь мяне. Я згодны з вамі. Прадбачыць
будучыню і рыпацца супроць яе—дурны занятак.
Трэба глядзець, а не балбатаць. А што да патрыятызму, дык ён
кунуў сьвет у шмат азёраў крыві: але мы ўсё адно
зноў і зноў яму паддаемся.

 

Пакіньце іх у спакоі

Калі Бог зрабіў вам ласку даць вам паэта,
Дык слухайце, што ён кажа. Але дзеля Хрыста пакіньце яго ў спакоі
да самае сьмерці; ня трэба прэміяў ані цэрэмоніяў,
Яны сьмяротныя для чалавека. Паэт—гэта той, хто слухае
Прыроду і ўласнае сэрца; і калі шум сьвету ўздымаецца
ўкол яго, адзіна калі ён умее прыкідвацца
глухім,
Ён пазбавіцца сваіх ворагаў, але не сваіх сяброў.
Гэта тое, што ссурочыла Ўордстварта, здушыла Тэннісона
і ледзь не забіла Кітса; гэта тое, што
змушае
Гэмінгўэя прыкідвацца дурнем, а Фолкнэра—выракацца мастацтва.

 

Кондар

Ад самага золку я крочыў, і зараз прылёг адпачыць на вольным
схіле пагорку
Па-над акіянам. Скрозь паўпрыкрытыя павекі я ўбачыў
кондара, які віраваў у нябёсах.
Мінаючы мяне ўвесь час, ён з кожным разам быў усё ніжэй, бліжэй,
ягоная арбіта звужвалася, і тады я зразумеў,
Што ён паклаў на мяне вока. Я сьцішыўся, бы мярцьвяк, і чуў,
як пер’е сьвішча
Ў паветры, як крыльле ў вышыні выводзіць свае колы й
набліжаецца.
Я добра бачыў гладкую чырвоную галаву паміж вялічэзнымі крыламі,
Што непахісна глядзела ўніз. Я сказаў “Дарагі мой птах, ты адзіна
губляеш са мною час.
Гэтыя старыя косьці яшчэ папрацуюць; ты іх не пакаштуеш.”
Але як гожа ён выглядаў, лунаючы нізка па-над зямлёй
На сваіх агромністых ветразях; як гожа ён выглядаў, кіруючыся
прэч у зіхценьні мора, па-над стромкім берагам! Скажу вам
урачыста й шчыра,
Што я шкадаваў, што расчараваў яго. Быць зьедзеным
гэтай дзюбай і стацца часткаю кондара, часткай
гэтых крылаў і гэтых вачэй—
Які велічны канец для людзкога цела, якое ўзьнясеньне;
Якое жыцьцё пасьля сьмерці!

 

© ПеракладМакс Шчур, 2000

HA POCTAHI