Беларускі
прэзідэнт нарэшце сутыкнуўся твар у твар з рэчаіснасьцю, імя якой Пуцін.
Нават Бі-Бі-Сі перадало Лукашэнкавы словы аб “дзяржаўным тэрарызме”
з боку Расіі. Наогул, пачуць Лукашэнку на гэтай хвалі можна нячаста—але
калі ён будзе ў такіх выразах крытыкаваць Расію, дык безумоўна, у яго
будзе больш часу ў эфіры заходніх радыёстанцыяў. Хаця крытыкаваць мала—трэба
іначай сябе паводзіць.
Наогул,
выступ беларускага прэзідэнта нагадваў “крык душы”, прычым душы надзіва
небеларускай, непамяркоўнай, неталерантнай, а тэмпэрамэнтнай, гарачай,
паўднёвай—ажно ў сэрцы ад гэтага пацяплела. Але адразу ж пасьля гэтага
й пахаладзела: сярод іншага, увесь адукаваны сьвет даведаўся аб тым,
што ў беларусаў—“на 50% руская кроў”. О дзе сапраўды: сказаў—як па мордзе
даў, прычым уласным суграмадзянам, ды яшчэ й публічна. Што падумаюць
у сьвеце? Калі сам прэзідэнт так кажа—значыцца, так яно і ёсьць: каму
ж яшчэ аб гэтым ведаць, як ня прэзідэнту? Цікава толькі, хто гэта для
яго падлічыў—ці можа сам ударыўся ў навуку? Вось як толькі ейная назва—эўгеніка?
Ці расавая тэорыя? Па-першае, кроў рускай ці яшчэ якой не бывае. Па-другое—50%?
Ня веру. Узяць, прыкладам, мяне. Бабуля—руская, але толькі адна. Дый
тое напалову чэшка. Атрымліваецца, рускай крыві—1/8-я, ці то 12,5%.
У 4 разы меней, чымся падае прэзідэнт. Можа, у яго нейкія недакладныя
дадзеныя?
Цікава,
што прэзідэнт лічыць на 50% рускімі ўсіх беларусаў. Неістотна, хто ў
іх дзяды—палякі, літоўцы, украінцы. Гэта ўсё—тыя “нярускія” 50 %. А
вось усё, што насамрэч яднае між сабой беларусаў і робіць іх, уласна
кажучы, беларусамі—ад рускіх! Ну, калі мець на ўвазе пераважна рускамоўную
постсавецкую культуру сучаснай беларускай дзяржавы, дык гэта яшчэ й
можа быць праўдай, але прычым тут кроў? І чаму менавіта 50%? Чаму ж
рускім—50%? Чаму астатнім суседзям, усім разам узятым, так мала? Таму
што рускія—большыя, шырэйшыя й вышэйшыя за астатніх, таму яны заўсёды
прэтэндуюць на першае месца. Што ж зробіш, супярэчыць ім нельга, іначай
будуць злаваць...
Аднак прэзідэнт Расіі Пуцін паводзіць сябе так, як быццам ня ведаў аб
падліках беларускага прэзідэнта. Як быццам ня ведаў аб тым, што ў беларусах
існуе лепшая, руская палова, руская кроў з блакітным адлівам. У чым
справа? Справа ў тым, што ў рускіх на 50%—татара-мангольская кроў! І
ў прэзідэнту Пуціну, верагодна, якраз прамовілі гэтыя неславянскія 50%,
на што неславянскія 50% сп. Лукашэнкі адразу ж адазваліся палымяным
словаспалучэньнем “дзяржаўны тэрарызм”!
«Для
нас россияне, русские люди — братья. Поезжайте в Москву, Вы увидите,
что и сегодня и белорусы воспринимаются совершенно иначе, нежели жители
других стран СНГ. Мы ведь по сути своей единый народ»,
піша Аляксандр Рыгоравіч на сваім афіцыйным сайту. Але гэта, мякка кажучы,
няпраўда: гэта беларусы 13 гадоў пасьля распаду СССР усё яшчэ ўспрымаюць
сябе як частку рускага народа, а ня рускія ўспрымаюць беларусаў неяк
“іначай” чым астатняе рускамоўнае насельніцтва былога СССР.
Бяда,
што ў глыбіні душы сп. Лукашэнка ўсё яшчэ лічыць рускіх братамі. Рускія
ж лічаць беларусаў не братамі й нават ня дзецьмі, а проста беднымі сваякамі,
неістотна ў якой ступені—браты, небраты. А можа, варта перагледзець
сямейную хроніку, а разам зь ёй і дзяржаўную палітыку?
2.
Тым, хто хоча стварыць для сябе агульнае ўяўленьне аб ідэялогіі нашай
дзяржавы, прызначаная афіцыйная старонка беларускага прэзідэнта. Бадай,
найбольш цікавай рубрыкай там зьяўляецца чат, дзе прэзідэнт адказвае
на пытаньні беларускіх грамадзянаў. Пры гэтым, натуральна, супярэчыць
ён сам сабе літаральна на кожным кроку, прычым наўрад-ці сам гэта заўважае.
Перадусім,
уражвае неўраўнаважанае стаўленьне прэзідэнта да сваіх аднадумцаў і
палітычных апанентаў. «Приятно
слышать мнение умного человека», «Спасибо за добрые слова и за гражданскую
чуткость», «Вы видите ситуацию гораздо лучше, чем некоторые компетентные
политики из Минска» і г.д.—вось так вітае сп.
Лукашэнка сваіх ідэялагічных прыхільнікаў. А вось што пачуе чалавек
адрозных палітычных поглядаў:
«Вы...
просто не читаете газет, не смотрите телевидение или же сознательно
ставите все с ног на голову», «В добрых побуждениях Вы перепутали боб
с горохом», «Вы, видимо, намеренно сгущаете краски.»
Існуюць, такім чынам, толькі два меркаваньні: маё і няправільнае.
«Беларусь
была и будет независимым государством. Это — моя принципиальная позиция.
И белорусский язык, и память предков - для меня это святые вещи»,
піша прэзідэнт. Пры гэтым, на зададзеныя па-беларуску пытаньні ён адказвае
па-руску. Значыцца, «сьвятой для яго» беларускай мовай ён не валодае
ў дастатковай ступені, каб магчы выказаць свае думкі. Мала таго, што
ён гэтага, як прэзідэнт, не саромеецца—ён нават не ўсьведамляе неэтычнасьці
такіх паводзінаў са свайго боку ў дачыненьні да сваіх суразмоўцаў. Хіба
ў яго няма свайго перакладчыка, які мог бы яму з гэтым дапамагчы? Калі
б ішлося пра гутарку дзьвюх прыватных асобаў, «простых хлопцаў», як
у нас кажуць, пытаньняў бы не ўзьнікала. Аднак афіцыйны чат—крыху іншая
справа, вам не здаецца?
«В
стране два официальных языка: белорусский и русский. И каждый волен
делать свой выбор»,
тлумачыць сітуацыю прэзідэнт, які свой выбар відавочна зрабіў. У адрозьненьне
ад яго, права на выбар ня маюць навучэнцы таго ж беларускага ліцэя.
Дыскрымінаваць нейкую этнічную ці моўную групоўку, якой бы малой па
колькасьці яна ні была, на падставе ейнай актыўнай палітычнай пазіцыі—гэта
называецца дэмакратыя? І адначасова—прывілеяваць нейкую царкву толькі
на той падставе, што яна ёсьць верным ідэялагічным рупарам дзяржаўнай
«інтэграцыйнай» палітыкі... Здаецца, у нас усё яшчэ царква аддзеленая
ад дзяржавы—ужо з гэтай прычыны прэзідэнту, як ейнаму кіраўніку, варта
было б схаваць свае сімпатыі да той ці іншай царквы на прыватныя размовы.
Галоўнай
рысай прэзідэнцкіх палітычных перакананьняў зьяўляецца ягоная любоў
да Расіі. Шмат разоў гаворыцца аб тым, што “для
полноценного существования белорусского государства союз с Россией жизненно
необходим. Причем не в меньшей степени, чем российскому государству.”
Аднак зразумела, што нідзе адкрытым тэкстам не сказана, што галоўнай
падставай цікавасьці да Расіі (як і да Іраку) з боку Беларусі (як і
з боку астатняга сьвету) зьяўляецца ня нейкае там кроўнае брацтва, а
ейны энэргетычны патэнцыял: Эўропа прапаноўвае за яго Расіі грошы, Беларусь
(ня маючы грошай)—саму сябе, сваё геапалітычнае становішча, прадпрыемствы,
працоўную сілу. Сама Расія пры гэтым спадзяецца, што здолее захаваць
сваю 1) нутрапалітычную моналітнасьць (дзякуючы палітыцы “цьвёрдай рукі”)
і 2) зьнешнепалітычную стабільнасьць (дзякуючы атамовай зброі) да таго
часу, калі энэргетычныя рэсурсы Захаду будуць настолькі вычарпаныя,
што Расія здолее дыктаваць яму свае ўмовы, а гэтак і сам тэмп міжнароднага
эканамічнага прагрэсу. Таму ў інтарэсах Захаду зараз—падпарадкаваць
сабе Расію калі не палітычна, дык эканамічна. Беларускі прэзідэнт, відавочна,
упэўнены ў тым, што ў перспэктыве такога “аксамітнага” супрацьстаяньня
Расія мае шматразова лепшыя пазіцыі, таму заляцаецца не да Захаду, а
менавіта да яе. Аднак ягоныя заляцаньні, як выглядае, не знаходзяць
узаемнасьці: Расія ведае, што тое, што ёй прапаноўвае Лукашэнка, можа
ў выпадку патрэбы ўзяць і сама, безь ягоных прапановаў—шляхам зьнешнепалітычнага,
эканамічнага ціску, ці з дапамогай якога “грузінскага варыянту”. Таму
Лукашэнка пры кожнай зручнай магчымасьці імкнецца пераканаць яе, што
гэта зусім ня так, што Беларусь насамрэч незалежная, што ён цалкам “трымае”
яе пад кантролем, а сам шантажуе Расію тым, што пры кожнай зручнай магчымасьці
можа ператварыцца зь ейнага сябра ў ейнага “ворага”—хаця на самай справе
Расія цудоўна ведае, што для гэтага ў Лукашэнкі папросту бракуе адвагі.
Як ні хавае Лукашэнка свае сапраўдныя намеры й спосаб мысьленьня, усе
аб ім ведаюць. Таму Расія фактычна ставіцца сёньня да Беларусі як да
эўрапейскай дзяржавы ў нашмат большай ступені, чым сам беларускі прэзідэнт,
які ўсё яшчэ бачыць у Беларусі будучую частку Расіі. Аднак варта зразумець,
што далучэньне новых тэрыторый, тым больш такіх адносна разьсяглых як
Беларусь, супярэчыць першаму пункту расійскай стратэгіі—утрыманьню нутрапалітычнай
стабільнасьці, гомагеннасьці й адзінства. Выканаць гэты пункт палітычнай
праграмы зусім ня так лёгка, калі ўлічыць чачэнскую й іншыя праблемы—таму
новыя цяжкасьці на галаву рускай дзяржавы ёй зусім не патрэбныя, у якую
б “прарускую” уніформу ні камуфлявалася Беларусь. Ці разумее гэта наш
прэзідэнт? Ці здолее ён зьмірыцца з тым, што рускі цягнік калі не сыйшоў,
дык сыходзіць, нягледзячы на ўсе ягоныя намаганьні яго дагнаць, і што
адзінае, чаго ільга дамагчыся ў гэтай няроўнай гонцы—гэта патрапіць
яму пад колы, альбо сканаць ад празьмерных высілкаў?
Як
бы там ні было, пакуль што афіцыйным лозунгам беларускай дзяржавы застаецца
выказваньне прэзідэнта: “ЕС
мы пока не особенно нужны, а братская Россия без нас (как и мы без нее)
не обойдется.” Праўда, аднак, у адваротным: ЕС
мы патрэбныя нашмат больш, чым Расіі, і заплюшчваць вочы на гэты факт
з-за асабістых антыпатыяў да эўрапейскіх палітыкаў—ня вартая дзяржаўнага
дзеяча пазіцыя. “Россия
для нас—приоритет, отражающий постоянные интересы народов наших стран.
И здесь личные симпатии или антипатии Главы государства значения не
имеют. Есть интересы Беларуси и их необходимо отстаивать.”
Трэба бараніць інтарэсы Беларусі, аднак трэба ўмець прызнаць ня толькі
свае (хай і беспадстаўныя, ці то матываваныя чыста асабістай культурай
і досьведам) сімпатыі да Расіі, але й настолькі ж асабіста матываваныя
антыпатыі да Эўропы, дзе нашага прэзідэнта, як вядома, ніколі не любілі,
таму што “не разумелі”, і дзе ён сваймі празьмернымі намогамі спадабацца
Расіі й маргіналізаваць усялякае іншадумства зарабіў сабе рэпутацыю
дыктатара. Пазбавіцца гэтай рэпутацыі будзе зусім ня так проста—у тым
ліку й таму, што Расія ня робіць нічога дзеля таго, каб зьмяніць у Эўропе
негатыўны вобраз Беларусі: страта Беларусі на цяперашнім этапе Расіі
гэтаксама ж не патрэбная, як і ейнае далучэньне.
Дзеля
хаўрусу з Эўропай патрэбныя глыбінныя эканамічныя рэформы. Лукашэнка
ставіцца да іх асьцярожна, бо тут заўсёды існуе небясьпека сацыяльнага
выбуху, які мог бы быць скарыстаны той жа Расіяй дзеля таго, каб скінуць
Лукашэнку—што для яго было б роўнае катастрофе. Аднак надыйшоў час перагледзець
ня толькі сваю палітыку, але й ідэялогію, і не ў апошнюю чаргу—рэторыку.
Зразумела, што на коўзкім лёдзе цяперашняй сітуацыі рэзкая зьмена курсу
можа прывесьці да падзеньня. Аднак надыйшоў час пачаць прынамсі рухацца
ў гэтым кірунку, павольна пераносіць вагу цела з адной нагі на другую—зрэшты,
гэтыя манэўры нашаму прэзідэнту, як гакеісту-аматару, павінны быць вядомыя
лепей.
«Мы
и будем идти своим незалежным шляхам. Но лучше, если это будет в союзе
с Россией. А безопасность на белорусской земле от этого, уверяю Вас,
не пострадает.»
Ну,
калі «безопасность» будзе на беларускай зямлі такая, як на рускай, дзе
пры паліцыйнай дзяржаве сярод белага дня адбываюцца тэракты й гінуць
людзі, дык лепей, мабыць, нікуды не ўступаць. Пра чыю, наогул, бясьпеку
пад рускім крылом дбае Аляксандр Рыгоравіч? Здаецца, што ні пра чыю,
як толькі пра сваю ўласную. Няўжо ж спадар прэзідэнт сапраўды настолькі
баіцца замежных, дакладней кажучы—«заакіянскіх» сакрэтных службаў і
бачыць сябе ў ролі гэткага эўрапейскага Саддама Гусэйна? А ці ня мог
бы быць для яго крыху лепшым прыкладам які Муамар Каддафі? І ці ня варта
яму больш баяцца спэцслужбаў братняй Расіі, чымся «нябратняга» Захаду?
3.
Вялікая,
калі не галоўная ўвага надзяляецца на старонках прэзідэнта палеміцы
з апазіцыяй—што ўскосна сьведчыць аб тым, наколькі няпэўнены наш прэзідэнт
у ўсенароднай падтрымцы сваёй палітыкі, калі нават сьвяткаваньне 60-годзьдзя
Перамогі над фашызмам ператвараецца ў нагоду пакрытыкаваць апазіцыю!
Адразу відаць працу прафэсіяналаў:
«Реальная
история всенародной войны белорусского народа с фашистскими оккупантами
не только разоблачает ложь прозападных «исследователей» о партизанском
движении, но и показывает антинародный характер всех их программ «демократизации»
и «европеизации» современной Беларуси.»
Сафізм,
як бярно! Праграмы «дэмакратызацыі» й «эўрапеізацыі» маюць антынародны
характар таму, што ня ведаюць «рэальнай» гісторыі партызанскага руху?
Ну, паглядзім, як ведае рэальную гісторыю прэзідэнт:
«Победа
советского народа в Великой Отечественной войне — это не только сугубо
военная победа, военный разгром фашизма. Это была духовная победа добра
над злом, жизни над смертью, справедливости над несправедливостью, свободы
над рабством, истории над антиисторией. (Геніяльна!!!)
Это была победа высших нравственных, человеколюбивых
сил над силами безнравственными, человеконенавистническими. Великая
Отечественная война имела характер общедемократической борьбы мирового
масштаба, во главе которой находилась наша страна.»
«Во
главе»? Тут ёсьць вялікія сумневы. Чаму «ваша страна», сп. Прэзідэнт,
у 1944 г. чакала, пакуль фашысты задушаць варшаўскае паўстаньне? Чаму
«ваша страна» падпісала з Гітлерам у 1939 г. злачынны пакт аб падзеле
сфэраў уплыву? Як магла краіна ў чалавеканенавісныя часы ГУЛАГу й сталінскай
дыктатуры знаходзіцца «во
главе общедемократической борьбы мирового масштаба»?
Няўжо прэзідэнцкія «антыгісторыкі» аб гэтым ня ведаюць? А калі так—дык
на каго разьлічаны гэты іхны афіцыйны сайт? Ці не зьяўляецца ён доказам
таго, што яны лічаць усіх беларусаў дурнямі, якія звыклыя верыць іхным
добра сфабрыкаваным байкам?
«Обивая
пороги международных организаций и западных государственных учреждений,
извращая политику белорусского руководства, так называемая «оппозиция»
пытается навязать белорусскому народу такую же политику «европеизации»
и «цивилизации», какую в свое время хотели осуществить немецкие оккупанты
при помощи своих прислужников в 1941–1944 годах. Тем самым нынешнее
«оппозиционное» движение в Беларуси раскрывает свое истинное лицо —
лицо антидемократическое и антибелорусское.»
А
нехта, памятаю, яшчэ разважаў аб «нямецкім парадку»! Адным росчыркам
кладзецца знак «роўна» між гітлераўскай «Новай Эўропай» і Эўропай сучаснай!
Ну, ці не абсурд? Гэта было б, канечне, сьмешна, калі б гэта не знаходзілася
на афіцыйным сайту кіраўніка дзяржавы й не крычала на ўвесь сьвет аб
недасьведчанасьці (а можа, несумленнасьці?) ягоных супрацоўнікаў. Хай
толькі Лукашэнка паспрабуе сказаць аб гэтым пры сустрэчы Герхарду Шродэру—чаго
потым зьдзіўляцца, што Лукашэнку ў Эўропе не трываюць? Аднак насамрэч
гэтае прыраўнаньне патрэбнае невядомаму ідэялогу толькі дзеля таго,
каб прыраўнаць апазіцыю да фашысцкіх калабарантаў часоў вайны. Ці месца,
наогул, ідэялагічным дыскусіям і спрэчкам, якім бы чынам яны ні вяліся,
у такім кантэксту? Але перакананы, што калі б не нагода выліць крыху
вады на ягоны млын, прэзідэнт бы пра Перамогу з такім запалам ня ўзгадваў.
Яму не патрэбная праўда ані аб вайне, ані аб перамозе, ані аб сталінізме,
ані аб савецкіх часах—усё гэта цікавіць яго настолькі, наколькі адпавядае
ягоным уласным міфам і палітычным перакананьням, наколькі гэта здольнае
легітымізаваць існаваньне пабудаванай ім на Беларусі постсавецкай дзяржавы
з прарускай арыентацыяй:
«Это
было эпохальное событие мировой цивилизации, которое внесло нравственность
в историю и определило дальнейший характер развития современного мира.
Современная Беларусь стоит на плечах нашей Великой Победы. Наш белорусский
путь развития, политика союза с братской Россией, патриотическое воспитание
молодежи, строительство многополярного мирового порядка, эффективная
борьба с международным терроризмом основываются на идейно–политическом
потенциале нашей Великой Победы.»
4.
Акрамя
чату, мяне зацікавіла афіцыйнае апісаньне дзяржаўнай сімволікі—якое,
паміж намі, ільга было б зьмясьціць на іншым, меней спэцыялізаваным
сайту, але што зробіш: дзяржава—гэта мы. Прэзідэнт гэтыя сімвалы вяртаў
зь цяжкасьцямі, таму яны дарагія яму, як ягонае ўласнае дзіця: зрэшты,
як і ўсё савецкае.
Убоства
гэтых сімвалаў, як і адпаведнай ім “нацыянальнай” ідэялогіі Рэспублікі
Беларусь, мажліва, не абражае слова “Беларусь”, але зусім не пасуе слову
“рэспубліка”. Гэтак, у апісаньні дзяржсімволікі не бракуе згадкі пра
“красную пятиконечную
звезду”. Што, цікава, азначае гэтая “зьвязда”?
Еднасьць кантынентаў пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі? Лукашэнкі?
Альбо проста—савецкую мінуўшчыну? Чаму тады не перакуліць яе дагары
нагамі? Альбо гэта сімвал усёвідушчага трэцяга вока, чытай—мудрасьці
нашага кіраўніка?
Не,
на маю думку—зьвязда хутчэй за ўсё яна сімвалізуе нашую зьвезданутасьць.
Пакажыце яшчэ нейкую з постсавецкіх краінаў, якая б першай адмовілася
ад ядзернай зброі, але ў якасьці апошняй захоўвала чырвоны сьцяжок?
І дзякуй богу, скажаце вы, іначай былі б мы зараз у восі зла! А так
мы—у восі тупасьці. І чырвоная зьвязда—сімвал таго, што Беларусь зьехала
з глузду. Бацька-прэзідэнт усё яшчэ апранае яе ў свае чырвона-зялёныя
дзіцячыя штонікі, не заўважаючы, што ёй ужо ня пяць гадоў, а неўзабаве
ўжо й пятнаццаць. Такім чынам, нашыя сучасныя сімвалы зьяўляюцца сімваламі
нашай несамастойнасьці, няздольнасьці да ўласнай палітыкі, а таму ўскосна
й сімваламі няздатнасьці ды некампэтэнтнасьці нашага кіраўніцтва—прычым
гэта на першы погляд ясна любому з тых беларусаў, хто меў шчасьце ня
жыць пры савецкім сацыялізме. У гэтым, як ні парадаксальна, палягае
глыбокая праўда афіцыйнай сімволікі. Сёньняшнія дзяржаўныя сімвалы—гэта
ня сімвалы “рэспублікі Беларусь”, а сімвалы былой БССР, якая ніякай
рэспублікай ніколі не была, а калі зусім дакладна—сімвалы дыктатуры
Лукашэнкі, ейнай нетрываласьці, хісткасьці, пераходнасьці, ейнага знаходжаньня
адной нагой у мінуўшчыне, другой нагой—у нябыце. Таму абавязкова надыйдзе
дзень, калі зь ейнымі сімваламі абыйдуцца гэтаксама, як сам Лукашэнка
абыйшоўся з сімваламі БНР-далукашэнкаўскай РБ: як гукнецца, так і адгукнецца.
Ува ўсім афіцыйна-беларускім прамаўляе плебейскі характар нашай дзяржавы.
Часам здаецца, што ў нас, насамрэч, не дыктатура Лукашэнкі, а дыктатура
пралетарыяту, бо якраз пралетарыяту (якога пытаньне ўласнай культурнай
адсталасьці ніколі не турбавала й не турбуе) сімвалы беларускай дзяржавы
пасуюць як нельга лепей. А чё? Нармальна. Пусть будет красный флаг,
какая в ж... разница. І сапраўды, какая разница? Паспрабуйце гэта растлумачыць
пралетару, так званаму “простаму”, “нармальнаму чалавеку”. Зрэшты, халера
зь ім, што вы яму будзеце тлумачыць—ён усё адно не зразумее. Бо каб
зразумець, трэба прынамсі паслухаць, а слухаць ён вас так ці йначай
ня будзе, бо ідэялогі Лукашэнкі несупынна ствараюць у яго адчуваньне,
што “нармальный чэлавек”—самы разумны! Таму ня трэба яму нічога тлумачыць:
ён сам здольны каму-заўгодна й што-заўгодна патлумачыць з дапамогаю
унівэрсальнага жалезнага аргумэнту—кулака. І цікава, што гэты кулак
уступае ў дзеяньне менавіта тады, калі вы пачынаеце пралетару нешта
тлумачыць: вось чаго больш за ўсё баяцца пралетар ды ягоны спартсмэн-прэзідэнт!
Перад намі ўся сутнасьць ідэялогіі беларускай рабоча-сялянскай дзяржавы.
Сапраўды,
сёньня Беларусь зьяўляецца адным з франтоў, дзе ўсё яшчэ ідзе барацьба
прыхільнікаў буржуазнай дэмакратычнай рэспублікі з камуністычнай контрарэвалюцыяй.
Няма найменшага сумневу, што скончыцца гэтая барацьба паразай контрарэвалюцыі:
розум раней ці пазьней пераможа “нармальнасьць”, якая ёсьць папросту
сінонімам безадказнасьці, сэрвільнасьці й бескультур’я. Цырк пад чырвона-зялёным
дахам рана ці позна скончыцца. Якая ідэялогія зойме месца прэзідэнтавых
казак аб “вечным руска-беларускім адзінстве” й “рускай крыві”? Крый
бог, абы толькі не падобныя вялікадзяржаўніцкія казкі, перайначаныя
на “чыста беларускі” лад...