Пуцін: за адваёву былой імпэрыі

Хав’ер Пратс, Мадрыд

Дэстабілізацыя сітуацыі ў Грузіі—працяг палітыкі анэксіянізму ў дачыненьні да Каўказу



Зорка Эдуарда Шэварднадзэ, былога гарбачоўскага міністра замежных спраў і лідэра Грузіі ў постсавецкую эпоху, дазьзяла. Ён правёў у палітыцы больш за 50 гадоў, зь іх амаль 20 на перадавой міжнароднай палітыкі, і гэта ўжо зусім ня той Шэварднадзэ, які вёў перамовы наконт міжнароднага раззбраеньня, адказваў за вывад войскаў з Афганістану, супрацьстаяў тагачаснаму старшыні савецкага ўраду ў 1991 годзе, калі танкі зьявіліся на вуліцах прыбалтыйскіх местаў, які перажыў усе спробы Масквы прыняць яго ці то дэмакратычным шляхам, ці то шляхам бомбавага замаху. 75-ці гадовы Шэварнадзэ быў усім гэтым фізічна й мэнтальна вычарпаны. Скончылася ягонае змаганьне супраць адной акалічнасьці, якую час ня толькі не прыняў, але якой нават паспрыяў: супраць геастратэгічных інтарэсаў Расіі ў рэгіёне. Гэтыя інтарэсы, нягледзячы на такзваныя дэмакратычныя пераўтварэньні ў Маскве, ані троху не адыйшліся ад той арыентацыі, якую набылі ў 90-х гадох: арыентацыі на рэканкісту, ці то адваёву Савецкай імпэрыі.

Пасьля падзеньня Бэрлінскага муру Масква атрымала ад Захаду на чале са Злучанымі Штатамі placet на тое, каб выступаць у сваіх ранейшых уладаньнях у якасьці гаранта стабільнасьці й дэмакратычных пераўтварэньняў у рэгіёне. Выглядае, што гісторыя паўтараецца, нібыта пасьля Другой сусьветнай вайны, калі Вашынгтон паверыў у добрую волю Сталіна й потым цярпеў наступствамі сваёй недальнабачнасьці на працягу паўстагодзьдзя.

З 1991 году, калі Масква на ўсіх франтох апынулася ў геастратэгічнай ізаляцыі, яна абыходзіцца з былымі савецкімі рэспублікамі так, як быццам тыя—дробныя часткі нейкага паззлу, які Расія, без асаблівага супраціву зь іхнага боку, складае ў рамках стратэгіі пад назовам “абарона нашых інтарэсаў у краінах блізкага замежжа”. Першым крокам на гэтым шляху была спроба эканамічна задушыць сваіх суседзяў з дапамогай выняцьця з абароту старых рублёў, выпушчаных да 1993 году. Былыя савецкія рэспублікі мелі ў той сітуацыі дзьве магчымасьці: альбо перадаць свой сувэрэнітэт у рукі Цэнтрабанку Расіі, альбо замірыцца з дэвальвацыяй уласных валютаў. Украіна, ядзерная дзяржава, сталася тады ахвярай шасьцімесячнага перарыву пастаўкі электраэнэргіі з Масквы. Парадаксальным чынам, у Беларусі Масква скарыстала новаўсталяваную дэмакратыю для таго, каб прывесьці да ўлады сваю марыянетку Аляксандра Лукашэнку, які ўсталяваў там дыктатуру з мэтай служыць рускаму імпэрыяльнаму праекту.

Што да вайсковых дзеяньняў, дык тут Расія фінансавала а магчыма й распачала абхазска-грузінскі канфлікт 1993 году, калі ў Грузіі не было сродкаў для абароны. Масква прапанавала тады Шэварнадзэ вайсковую дапамогу для падаўленьня бунту, але ў абмен за гэта Грузія мусіла ўвайсьці ў Саюз Незалежных Дзяржаваў і саступіць Расіі ваенныя базы ва ўсіх портах Чорнага мора.

Надыходзіць чарга Чачэніі. Гэтая каўказская рэспубліка сталася прычынай многіх рускіх праблемаў, а таксама крыніцай таго, што адбываецца зараз у Грузіі—і ў Маскве: калі ня верыце, запытайцеся ў рускіх нафтамагнатаў, сярод якіх зараз вядуцца “чысткі”. Надакор прагнозам крамлёўскіх аналітыкаў, нестабільнасьць на Каўказе выклікала ў такой краіны-нафтавывозчыка як Азербайджан жаданьне лепш правесьці свае нафта- й газаправоды праз поўдзень Грузіі й праз Турцыю ў Міжземнае мора, чымся рызыкаваць мільёнамі долараў і весьці іх праз рускую тэрыторыю ў Чорнае мора. Масква хацела ў хуткім часе авалодаць Чачэніяй каб выгадна прадаць стабільнасьць, якой патрабуюць міжнацыянальныя карпарацыі для сваіх інвэстыцыяў, але занадта спазьнілася. Турцыя, Азербайджан, Грузія й Туркмэністан падпісалі дамову аб пабудове нафтаправоду й паралельнага зь ім газаправоду, якія зьядналі б каспійскі порт Баку зь міжземнаморскім турэцкім портам Сэйган. Праходжаньне гэтых нафта- й газаправоду, якія плануецца ўвесьці ў дзеяньне ў 2004 годзе, па тэрыторыі Грузіі прынясе ёй важныя прыбыткі з транзітных правоў і дапоўніць функцыянаваньне ўжо існага й дзейнага нафтаправоду, які вядзе з азербайджанскай сталіцы ў грузінскі порт Супса. Гэтак у адно імгненьне вока руская дзяржава страціла манаполію кантролю за вялікімі нафтавымі радовішчамі ў Каспійскім моры, зь якой яна цешылася раней, застаўшыся на другіх пазіцыях са сваім дагэтуль неабыходным і адзіным нафтаправодам Баку-Наварасійск.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Энэргетычная ізаляцыя Расіі ў дадатак пагоршылася пасьля афганскай вайны. Як і разьлічвалі Злучаныя Штаты прынамсі ад канца 80-х гг., зьвяржэньне талібанскага рэжыму дазволіла міжнацыянальным нафтавым карпарацыям, перш за ўсё штатаўскім, атрымаць згоду рэгіянальных урадаў на распрацоўку “афганскага шляху”, то бок на перасоўваньне каспійскай нафты з дапамогай нафтаправоду, які ўжо зараз будуецца й павядзе з Каспійскага мора ў Пэрсідзкую затоку праз паўднёвы Афганістан і заходнія раёны Пакістану. Насамрэч, ваяўнічасьць Вашынгтону ў дачыненьні да талібаў паходзіць з адмовы апошніх “блаславіць” прапанаваную трасу ўзгаданага нафтаправоду.

Такім чынам, ЗША, апроч таго што ўзбагаціцца на ірацкай нафце ў выніку нядаўняга ўварваньня, зьменшыць стратэгічную значнасьць Расіі ў пытаньні нафтавых шляхоў і яшчэ больш здушыць ейную эканоміку. Таму, з-за зьдзейсьненых Бушам у Сярэдняй Азіі крокаў і з-за немагчымасьці працягваць прайграныя бітвы ў гэтых краінах і ў Чачэніі, адзінае што застаецца Расіі—гэта Грузія, якая ў гэтым сэнсе ўдае сабой вельмі істотны для будучыні рускай дзяржавы стратэгічны пункт.

У апошнія гады Шэварднадзэ дасягнуў сімпатыяў Вашынгтону й амаль безумоўную падтрымку ў Эўропе і ў НАТА, але ягоная праблема была ў тым, што Злучаныя Штаты, якія напіхалі дабром кішэні ў выніку апошніх ваенных кампаніяў, болей не цікавіць, што будзе рабіць Расія ў зоне свайго “традыцыйнага ўплыву”.
Таму, ня здолеўшы перамагчы Шэварднадзэ на выбарах, Масква, як сьведчаць многія абставіны, узялася за торганьне

нітак у грузінскай апазіцыі з мэтай выклікаць вулічныя непарадкі й прымусіць грузінскага прэзідэнта альбо пакінуць свой пост, пад пагрозай скончыць як Чаўшэску, альбо застацца пры ўладзе ў якасьці яшчэ адной марыянеткі, саступіўшы рэальны кантроль над рэспублікай Пуціну.

© Пераклад-HM, 2003

Чалавек, які ўратаваў сьвет

Пэтра Прохазкова, Прага

 

(...) У 1992 годзе Шэварднадзэ “паводле жаданьня сяброў і грузінскага народа” вяртаецца ў Грузію, дзе йдзе грамадзянская вайна, барацьба за Абхазію, у паветры лунаюць пагроза сэпаратызму, эканамічная катастрофа й міжэтнічныя нестасункі. У такой сітуацыі Шэварднадзэ бярэ на сябе ролю “бацькі нацыі”. Некалькіразова пазьбягае спробаў замаху. Ледзьве пасьпеўшы ўратаваць сьвет ад ядзернай катастрофы, бярэ на свае плечы яшчэ адну немагчымую задачу: уратаваць Грузію ад распаду й хаосу. Маскоўская вярхушка, якую ён гэтак добра ведаў і якая ў рэшце рэшт цалкам яму абрыдла, падчас ягонай улады ў Тбілісі ператварылася ў ягоную фобію. Боязь сэпаратызму й жах перад рускім імпэрыялізмам паўплывалі на ўсе вырашэньні Шэварднадзэ цягам апошніх 11 гадоў. Калі ён у 1994 годзе ў якасьці грузінскага лідэра ўпершыню наведаў Злучаныя Штаты, ён сказаў: “Дзякую вам за тое, што вы нас бароніце.” Сваім шармам і дыпламатычным мастацтвам ён здолеў нарэшце пераканаць Вашынгтон у патрэбе адкрытага пранікненьня ў зону традыцыйных рускіх інтарэсаў. З другога боку, існавала рызыка, што Грухія ператворыцца ў палігон, на якім сустрэнуцца дзьве найвялікшыя гіпэрдзяржавы. З ЗША Шэварднадзэ вярнуўся зь 70 мільёнамі даляраў гуманітарнай дапамогі й абяцаньнем, што амэрыканцы падтрымаюць высылку міжнародных міратворчых сілаў у Абхазію.

Абхазія была і ёсьць найвялікшым болем Грузіі й Шэварднадзэ асабіста, ягонай найвялікшай паразай. У адрас Расіі ён сказаў: “Няма лепшага спосабу дэстабілізаваць краіну, як падтрымаць у ёй сэпаратысцкія тэндэнцыі.” Ён абвінаваціў Расію ў тым, што яна фактычна адарвала Абхазію ад Грузіі. “Я пагадзіўся на ўвядзеньне ў Абхазію рускіх міратворчых сілаў, таму што астатнія—ААН, АБСЭ—мяне падвялі”, адказаў ён на абвінавачаньні з боку апазіцыі пасьля таго, як у рускіх “міратворцах” выявіліся хаўрусьнікі абхазскіх сэпаратыстаў. Шэварднадзэ выступаў за выкарыстаньне сілы ў мэтах захаваньня непадзельнасьці краіны, але сам ня меў гэтай сілы у ступені, патрэбнай каб забараніць аддзяленьню Абхазіі. Аднак праўда, што ён клікаў на дапамогу заходнія краіны, і таксама праўда, што ў гэтую небясьпечную гульню ніхто зь ім не пайшоў. Яму застаўся выбар паміж дрэнным і яшчэ горшым вырашэньнем: перамір’е за кошт рускай ваеннай прысутнасьці ў найпрыгажэйшай частцы краіны альбо крывавая грамадзянская вайна, справакаваная Масквой. Шэварднадзэ абраў мір. Ён павінен быў ведаць, што пазбавіцца рускіх войскаў будзе вельмі цяжка, бо сам калісьці даглядаў за адыходам савецкіх войскаў з Афганістану і Ўсходняй Эўропы. Аднак на радзіме ягоныя высілкі напаткала фіаско. Пасьля канфлікту з Абхазіяй надыйшоў эканамічны колапс, не было электрычнасьці й вады, заробак быў 15 даляраў, грузіны пачалі эміграваць у Расію, панавала карупцыя, ціск з боку Масквы й незадаволенага насельніцтва ўзрастаў. Шэварднадзэ браў на сябе ўсё большыя паўнамоцтвы, пераняў функцыі прэм’ера. Ён спрабаваў кантраляваць усё і ўсіх, і ўзяў на сябе такі цяжар, які ня ўзьняў бы ані 50 год таму. У яго было пакутлівае адчуваньне, што да вырашэньня гэтых складаных задач ніхто іншы папросту ня здольны.

“Не разумею, што такога адбылося, што ЗША—як мне здаецца—дапамаглі арганізваць маё зьвяржэньне,” сказаў ён два дні пасьля таго, як пад націскам апазіцыі сыйшоў з палітыкі—сыйшоў з пачуцьцём прыкрасьці. Ён, уратавальнік сьвета, які ведае аб Расіі больш за каго іншага, быў здраджаны сваймі заходнімі хаўрусьнікамі. Ён так доўга тлумачыў ім, што такое Расія, што пачаў ім дзейнічаць на нэрвы. Напэўна, яны вырашылі, што абыйдуцца бяз гэтага старога. Абхазія, відавочна, ня ёсьць той тэрыторыяй, з-за якой Буш зьбіраўся б сварыцца са сваім сябрам Пуціным. Галоўнай памылкай грузінскага палітыка было тое, што ён не патрапіў зразумець гэта своечасова.

© Пераклад-HM, 2003


З “НАТАТНІКУ ГРАФАМАНА”

Незалежнасьць ці дэмакратыя? Дэмакратыя ці капіталізм?

Шмат гавораць аб магчымасьці дэмакратызацыі Беларусі пасярэдніцтвам ці то ейнага далучэньня да Расіі, ці то ўваходжаньня зь ёю ў адно над-дзяржаўнае ўтварэньне, штосьці накшталт уніі. Тут трэба адзначыць, што разьняволеньне эканамічных стасункаў яшчэ не павінна азначаць дэмакратызацыі—прыкладам гэтага ёсьць Кітай. Акрамя таго, Расіі непатрэбная вунія з намі. За ўсю гісторыю Расія, у адрозьненьне ад Беларусі, ніколі не была ў ніякіх тэрытарыяльных вуніях. Каб уступіць у вунію з Расіяй, трэба быць у нечым да яе падобным. Гэтакім кандыдатам на сёньняшні дзень мог бы быць хіба толькі Кітай альбо Эўразьвяз. Акрамя гэтага, існуе яшчэ адно значнае адрозьненьне між Расіяй і Беларусьсю, і зусім не эканамічнага кшталту: Беларусь ня ёсьць фэдэратыўнай рэспублікай, а маленькай дыктатурай, да ўзроўню якой у Расіі няма ніякай патрэбы, а таму й ахвоты апускацца. Гэта азначала б страціць сваё рэномэ на міжнароднай арэне—рэномэ гіпэрдзяржавы, якой маленькая 10-мільённая краіна, няхай сабе ў асобе свайго мэгаламанічнага фюрэра, папросту ня можа й ня будзе дыктаваць свае ўмовы. Паводле логікі рэчаў, усё павінна быць зусім наадварот. Гэта Расія хоча дыктаваць свае ўмовы Беларусі.

Як гэта найлепш зрабіць? Зразумела ж, пасярэдніцтвам дыктатара. Нават ува ўласнай краіне правядзеньне выбараў (нават пры ілюзіі захаваньня дэмакратычнасьці) каштуе дорага, а маніпуляцыя выбарамі—яшчэ даражэй. Таму лепей зрабіць так, каб да рэальных выбараў у рэспубліках-сатэлітах наогул не дайшло. Тут Расія ня ёсьць нічым асаблівым: амаль усе дэмакратычныя краіны сьвету маюць нейкага свайго дыктатара, якога моўчкі падтрымліваюць. Пасьля распаду Савецкага Саюзу Расійская Федэрацыя—найбуйнейшы суб’ект усяго Саюзу й ягоны культурны й эканамічны гегемон—стала на шлях рэформаў, аднак не хацела й ня хоча прыносіць у ахвяру свайму эканамічнаму разьвіцьцю сваё геапалітычнае становішча. Гэта азначае, што Расія імкнецца захаваць стасункі вайсковага падпарадкаваньня паміж Крамлём і ягонымі сатэлітамі. Менавіта абкружанасьць такога кшталту дзяржавамі-сатэлітамі, былымі рускімі калоніямі, характэрная для сёньняшняй Расіі. Такім чынам, Расія дасягнула сваёй мэты на Беларусі яшчэ да прыхода Пуціна, у 1996 годзе. Лепшых стасункаў зь Беларусьсю Расіі ня трэба: лепшымі яны быць папросту ня могуць.

Што датычыцца Беларусі, дык нават такі русафіл як Лукашэнка, напэўна, усьведамляе, што азначае быць посткаланіяльнай дзяржавай. Посткаланіяльную дзяржаву характарызуюць, сярод іншага, 1) адсутнасьць уласнай дакаланіяльнай дзяржаўнасьці (БНР ня лічыцца); 2) адсутнасьць дастатковага ўзроўню разьвіцьця ўласнай культуры, а як вынік—3) адсутнасьць культурнай самастойнасьці, залежнасьць ад культуры былой мэтраполіі. Гэта азначае таксама адсутнасьць уласных спэцыялістаў, кадраў і г.д., прасьцей кажучы—адсутнасьць уласнага інтэлектуальнага капіталу. Адметнасьць сітуацыі Беларусі (як і астатніх постсавецкіх рэспублік-сатэлітаў Расіі) палягае ў тым, што яны непасрэдна мяжуюць з мэтраполіяй і ўтвараюць сабой “жывы шчыт” вакол ейнага гістарычнага цэнтру. Такім быў спосаб гістарычнага фармаваньня рускай дзяржавы: роўнамерныя, паступовыя заваёвы вакольнай прасторы па ўсім пэрымэтры мяжы. Такім чынам, ніякага геаграфічнага ці іншага натуральнага бар’еру паміж калоніямі й мэтраполіяй не існуе, што азначае для калоніяў рэальны шанец на далучэньне да ядра мэтраполіі. Насамрэч, у сітуацыі адсутнасьці ўласнай інтэлектуальнай традыцыі нашмат прасьцей пераняць культуру мэтраполіі. Фактычна, гэтая сітуацыя ў Беларусі ўжо настала: руская культура прынятая ў Беларусі на ўсіх узроўнях і наўрад-ці будзе (пры ўплыву й блізкасьці Расіі) калі-небудзь выкараненая. Але тут няма нічога надзвычайнага: гэтаксама француская й ангельская культура карыстаюцца найвышэйшым прэстыжам у пост-каланіяльных дзяржавах трэцяга сьвету. Аднак зьяднаньне культурнае ані традыцыйная блізкасьць эканамічная яшчэ не азначаюць блізкасьці ў палітычных сістэмах калоніяў і мэтраполіі. Дэмакратыя ў пераходны пэрыяд разьвіцьця эканомікі заўсёды азначае нестабільнасьць, а нестабільнасьць у Беларусі Расіі непатрэбная. Ergo, руская дзяржава незацікаўленая ў дэмакратыі ў Беларусі, ані ў ейнай самастойнай эканамічнай палітыцы, арыентаванай на Захад.

Найгоршым варыянтам уяўляецца тут захаваньне цяперашняга статус-кўо. Як і ў часы імпэрыі, за росквіт Масквы й Расіі ўвогуле, за некаторыя дэмакратычныя правы грамадзянаў Расіі грамадзяне дзяржаваў-сатэлітаў плоцяць сваёй несвабодай, прававой абмежаванасьцю й поўнай падпарадкаванасьцю сваім айчынным дыктатарам. Гэта стрымлівае ініцыятыву жыхароў гэтых краінаў, забараняе самастойнаму разьвіцьцю іхнага бізнэсу й індустрыі, а гэтым ператварае пост-савецкія рэспублікі-сатэліты ў харчовыя прыдаткі Расіі—як у старыя “добрыя” савецкія часы. Гэта, натуральна, правакуе “адхлын мазгоў” у мэтраполію, што толькі замацоўвае гэтую сітуацыю: пад сьцягам капіталізму Расія натуральна стаецца шматэтнічнай, супэр-нацыянальнай, пост-імпэрыяльнай дзяржавай на капыл Вялікай Брытаніі (безумоўна, бязь ейных дэмакратычных традыцыяў, узроўню эканамічнага разьвіцьця й ролі ў сусьветнай культуры). Тым часам пост-савецкія “рэспублікі” ператвараюцца ў ускраіны Расіі.

Права быць “вольнай эканамічнай зонай” постсавецкай прасторы й нармалёва разьвівацца за чужы кошт Расія пакінула сабе дзякуючы сваёй сіле. Расійскае кіраўніцтва добра ведае, наколькі постсавецкія дыктатары ёй абавязаныя, наколькі яны, з аднога боку, баяцца ваеннага патэнцыялу й міжнароднага ўплыву Расіі, а з другога—баяцца незадаволенасьці свайго ўласнага насельніцтва ў выпадку самастойнага правядзеньня імі рэформ на рускі капыл. З дапамогай сваіх дыктатараў Расія ўтрымлівае ня толькі й ня столькі свае геапалітычныя пазіцыі, дасягнутыя ў савецкія часы (на гэта ёй цалкам дастаткова ядзернай зброі), колькі сваю вядучую эканамічную ролю на абшарах пост-савецкай прасторы.

Атрымліваецца, што барацьба за дэмакратыю ў Беларусі—гэта, перадусім, барацьба за дэмакратыю ў Расіі, а таксама за сапраўдную, карэнную капіталізацыю Расіі, за ейны продаж у рукі Захаду, а такім чынам—за зьмену сучаснага, патрыятычна (пра-імпэрыяльна) наладжанага рускага кіраўніцтва. Без нутраных пераменаў у Расіі спадзявацца на падтрымку Крамля й спрабаваць прыйсьці да ўлады на ягоных “штыках” можа толькі здраднік радзімы, якімі б дэмакратычнымі лозунгамі ён пры гэтым ні прыкрываўся. Спадзявацца, аднак, на падтрымку Захаду альбо на ўласную ініцыятыву таксама пакуль няма рацыі. Зачараванае кола.

Дык што тады рабіць—падтрымліваць свайго, беларускага Пуціна, ці Пуціна маскоўскага? Варта зразумець, што асаблівых падставаў падтрымліваць уласнага дыктатара, пры цяперашняй эканамічнай сітуацыі, у беларусаў няма, таму яны падтрымліваюць у душы дыктатара суседняй, эканамічна больш пэрспэктыўнай і разьвітай краіны. Ці захоча той скарыстаць гэтую падтрымку? Наўрад-ці, бо Пуцін і без таго трымае Лукашэнку ў жмені, а той трымае ў падпарадкаваньні рахманае беларускае балота. Але на ўсялякі выпадак Лукашэнку было б варта пачынаць распрацоўваць запасны варыянт, паводле ўзору Шэварднадзэ: пакрыёма мяняць сваё варожае стаўленьне да Захаду й капіталізму, прычым рэальна, а не на словах. Іначай рана ці позна Расіі зьнянацку абрыдне ягоная гульня ў “роўнапраўе дзьвюх братніх рэспублік”, і ў Беларусі раптам знойдзецца шмат ахвочых да ўлады людзей, якія радыя будуць паставіць на менскіх вуліцах фарс з назвай “Аксамітная рэвалюцыя” паводле грузінскага сцэнару.

Мажліва, Лукашэнка нават і хацеў бы пайсьці на перамовы з Захадам—але ўжо ў першыя гады свайго кіраваньня ён стварыў сабе за мяжой былога СССР такую рэпутацыю, што ні аб якіх рэальных перамовах ня можа быць і думкі. Да таго ж, калі б Захад пачаў дамаўляцца зь Беларусьсю ў абыход Расіі, Лукашэнка б не пратрымаўся ў сваім крэсьле ані дня. Таму Захад, які таксама ня ведае як знайсьці выйсьце з такога становішча, фактычна рады, што мае цалкам легальную падставу ігнараваць Лукашэнку і такім чынам фактычна не мяшацца ў беларускія справы на вышэйшым узроўні. Патавая сітуацыя, якая спрыяе захаваньню статус-кўо. Тым лепш для Беларусі? Зусім не: у такой сітуацыі—чым лепш, тым горш. Бо да бясконцасьці гэта цягнуцца ня можа. Расьсячы Гордыеў вузельчык з назовам Беларусь могуць толькі дэмакратычныя зьмены ў Расіі й актыўная, а не пасіўная пазіцыя Захаду. Для гэтага патрэбна, апроч спрыяльнай міжнароднай сітуацыі, яшчэ адно: стварэньне ў Беларусі рэальнай апазіцыі, якая здолела б палітычна мабілізаваць беларускіх грамадзянаў і прымусіць іх сказаць сваё слова наконт свайго будучага лёсу. Пры адсутнасьці ў краіне выразнай і дагэтуль нескампрамэтаванай палітычнай сілы, якая здолела б канкураваць дзяржаве (чытай—КГБ) і прымусіла б лічыцца са сваёй наяўнасьцю Крэмль, ніякай падтрымкі ад Захаду чакаць нельга. Упэўнены, што ў адрозьненьне ад Грузіі, у Беларусі нацыяналісты такой сілай ня стануцца.

© Графаман, 2003