Графаман

 

ЧАРГОВАЯ "ЭЛЕГАНТНАЯ ПАРАЗА"?

 


(скарочана)

У 2001 г. у колах старой апазыцыі шмат казалі аб няўдачы кампаніі з-за таго, што шмат грошай пайшло на кампанію нэгатыўную, кампанію ачарненьня Лукашэнкі зь лёзунгамі “Время убирать” і да таго падобнымі. У гэтым годзе гэтая памылка была выпраўленая: Мілінкевіч прэзэнтаваў выбаршчыкам сапраўдную прэзыдэнцкую праграму (якая, праўда, да выбаршчыкаў амаль не дайшла). Менавіта пра посьпехі і няўдачы праграмы і ўсёй кампаніі Мілінкевіча сыйшліся ў “Архэ” пагутарыць беларускія аналітыкі—пра Казуліна яны згадвалі як бы неахвотна. Але гэта іхнае права, шкада іншага—мы так і не зразумелі з гутаркі значаньня адпаведных роляў А.Мілінкевіча і А.Казуліна, якія яны ў гэтай кампаніі згулялі. Як быццам кампанія вялася паводле прынцыпу “Мілінкевіч супраць Лукашэнкі”, а Казуліна ў ёй як бы і не было, а калі й быў, дык гэта было кшталту як “няважна”. Маўляў, дружба дружбой, а табачок врозь.

На маю думку, галоўнае і кожнаму відавочнае адрозьненьне між Мілінкевічам і Казуліным у гэтых выбарах палягае ў тым, што Казулін якраз-такі пабудаваў свой імідж менавіта на нэгатыўнай кампаніі. Мілінкевіч жа, наадварот, паслухаўся дарадчыкаў і паспрабаваў зрабіць кампанію пазытыўную. А пазытыўная кампанія, насамрэч—гэта стаўка як быццам бы на якуюсьці “перамогу”, якая як быццам бы магчымая. Дастаткова, маўляў, знайсьці “нацыянальнага” кандыдата, распрацаваць яму разумную праграму, а потым з гэтай праграмай ісьці ў народ, каб данесьці яе нязгаснае сьвятло да выбаршчыка і атрымаць працэнтаў больш чым Лукашэнка. Такімі вось ружовымі ўявамі ня толькі жыве, але й кіруецца наша апазыцыя.

Праблема ў тым, што гэтая “аб’яднаная” апазыцыя ў сваёй самаўпэўненасьці ставіць сабе залішне непасільную для яе мэту: перамагчы Лукашэнку, ды яшчэ і самастойна, сіламі “незалежнага грамадзтва”, фактычна без апэляцыі да шырокіх масаў беларускага народу. Думаю, аднак, што і пры ўмове рэальна дэмакратычных выбараў у постсавецкай краіне атрымаць “чыстую” перамогу кандыдат старой апазыцыі здолее яшчэ ня хутка (гл. прыклад Украіны). Тут сапраўды было б патрэбна, каб настала рэвалюцыйная сытуацыя, каб краіна апынулася на мяжы эканамічнага краху—але гэта Беларусі пакуль не пагражае. Як заўважае Янаў Палескі, уся задача палягае ў тым, каб “перацягнуць” на свой бок бальшыню, нерашучую частку электарату. Аднак спадзяваньні, што гэта будзе магчыма з дапамогай адной толькі, хай і самай лепшай праграмы, ды яшчэ і ва ўмовах татальнага кантролю дзяржавы за інфармацыяй, удаюцца мне асабіста несур’ёзнымі.

Казулін жа, у адрозьненьне ад “аб’яднаных”, казаў ад пачатку не аб тым, каб перамагчы дыктатара ў арганізаваных ім выбарах (тут і я ўжо, мушу прызнацца, хутчэй прыхіляюся да поглядаў Зянона Пазьняка), а каб забясьпечыць нармалёвыя выбары, якія магчымыя толькі пры адной умове: няўдзеле ў іх Лукашэнкі. Натуральна, што сам Лукашэнка такія выбары не абвесьціць. Прыняць яго ад улады павінен ня выбаршчык і ня некалькі тысячаў актывістаў на “майдане”, а хтосьці трэці, магчыма нават з уласных шэрагаў. Тады і можна будзе казаць пра нейкія там “пазытыўныя” кампаніі.

Казулін, які ад пачатку ведаў аб сваіх невялікіх шанцах на выбарах (гэтаксама як і аб шанцах Мілінкевіча—тым часам як шанцы сапраўды адзінага кандыдата былі б прынамсі крыху большыя), паставіў перадусім на ачарненьне Лукашэнкі, на яго дэлегітымізацыю ў вачах беларускага народа, а не на тое, каб абагнаць Мілінкевіча і дагнаць Лукашэнку. Дарэчы, гэта Казулін, а не Мілінкевіч, сказаў, што ўсё адно, хто зь іх дваіх пераможа. Гэтыя паводзіны прыхільнікі Мілінкевіча лічаць прыкметай слабасьці Казуліна—я лічу гэта перадусім прыкметай яго рэалізму. Слабасьць ёсьць тут не прычынай паводзінаў Казуліна, а пабочнай зьявай, аб’ектыўным вынікам манапалізацыі дэмакратычнага дыскурсу так званымі “нацыянальнымі” сіламі.

*
Акрамя гутаркі, у тым самым нумары “Архэ” ільга прачытаць антыказулінскі артыкул А.Анціпенкі, які чамусьці напісаны ў духу фэльетонаў Л.Ушкіна, хаця аўтар і прадстаўлены як сур’ёзны аналітык. Гэты артыкул, на жаль, дапамагае стварыць у чытача ўражаньне, што замест прынцыповага аналізу дзеяньняў аб’яднанай апазыцыі яе ідэолагі заняліся разборкамі з канкурэнцыяй.

Апроч дурнога тону, артыкулу сп.Анціпенкі ўласьцівая яшчэ і адсутнасьць сур’ёзнай аргумэнтацыі. Гэтак, у кроках Казуліна ён бачыць “піяр” і толькі “піяр”. Мне здаецца, што ня трэба ўжо так зацята меркаваць аб іншых паводле саміх сябе, сп. Анціпенка. У часы “тыраніі мэдыяў” ня так і цяжка, маючы доступ да выробных сродкаў, сканструяваць на паперы нацыю ці рух. Але тое, што да гэтага імкнецеся вы, яшчэ не азначае, што так робяць усе астатнія. Дзякуй богу, ёсьць усё-ткі яшчэ людзі, якія займаюцца арганізацыяй сапраўднага, а не папяровага супраціву з гальштукам і белым каўнерам.

А нават калі б Казулін і займаўся “піярам”! Як займаюцца “піярам” нацыянал-апазыцыйныя выданьні, нам усім вядома. Перадусім—так званым “чорным”, антыказулінскім. А пры гэтым, некаторыя фразы сп. Анціпенкі падыходзяць і для характарысткі сп. Мілінкевіча: “Надалей сытуацыя робіцца яшчэ больш сэнтымэнтальнай—прэтэндэнт загаварыў на беларускай мове!”, піша Анціпенка пра Казуліна. Мне дык здаецца нашмат больш “сэнтымэнтальным”, што Мілінкевіч загаварыў па-расейску—аднак гэты факт і ягоную аб’ектыўную абгрунтаванасьць прыхільнікі “нацыянальнага кандыдата” чамусьці не аналізуюць. Што да “раскруткі прэтэндэнта ў шырокім, пазапалітычным, але выразна апазыцыйным кантэксьце”, дык менавіта такую раскрутку нагадваюць мне асабіста Мілінкевічавы паездкі за мяжу. На першы погляд, маё параўнаньне падаецца вар’яцкім і недарэчным: усё-ткі Мілінкевіч сустракаўся з найвышэйшымі эўрапейскімі палітыкамі! Так, але ў якасьці каго? У якасьці апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, але ні ў якім разе ня ў якасьці кандыдата на перамогу. Што да лідэрства ў апазыцыі, дык зь яе лідэрамі ў Эўропе сустракаліся і раней—і што? А нічога. У лепшым выпадку, Мілінкевіч выявіў сябе хутчэй як патэнцыйны кандыдат на дэмакратычнага міністра замежных справаў, чым на прэзыдэнта.

Ды яшчэ адзін “аргумэнт”: маўляў, “ніхто ня чуў пра Казуліна ў дэмакратычным руху”. Затое ўсе, дзякуй богу, чулі аб тым, што той жа Лябедзька быў дзесяць гадоў таму прадстаўніком Лукашэнкі ў парлямэнце. Атрымліваецца, сваім можна, а іншым не. Аднак справа ня ў тым, што Казулін піяршчык, а ў тым, што два згаданыя ў гутарцы спадары скарысталі імя Пуціна хутчэй для свайго, а не казулінскага піяру, чаго сп. Анціпенка не разумее. То ж бо яго задача як філёзафа—не зразумець сутнасьць зьявы, а знайсьці “доказы” пад ужо зададзеную выснову.

Чым жа так у прынцыпе не падабаецца сп. Анціпенку Казулін? Ды тым, што ён не адпавядае “нашай” канцэпцыі, пра якую ў дужках нагадвае галоўны рэдактар В.Булгакаў, як пра conditio sine qua non: “Мы прытрымліваемся тэорыі, што дэмакратычны транзыт магчымы толькі праз пабудову нацыі. Адзіны магчымы шлях пабудовы нацыі—клясычны ўсходнеэўрапейскі шлях пабудовы культурнай нацыі, якая абапіраецца на нацыянальную (NB!—Графман) мову і культуру. Усе іншыя праекты мы лічым у найлепшым выпадку ўтапічнымі, а ў найгоршым—шарлятанскімі.”

Дзіўная рэч: выглядае, што фактар прасторавы, “усходнеэўрапейскі”, у гэтай канцэпцыі мае большую значнасьць, чым фактар часу. А сам “аргумэнт” супраць іншых канцэпцыяў нацыі—дакладна такі самы, які цытаваны Анціпенкам П.Шарамет ужывае да прыхільнікаў тэорыі “Казулін—праект улады”: той называе іх “крэтынамі”, тым часам як Булгакаў сваіх апанэнтаў—“утапістамі” й “шарлатанамі”. Што ж, надыйшоў час прызнацца, што дакладна такога меркаваньня я асабіста прытрымліваюся пра аднадумцаў аўтара гэтых азначэньняў.

...А тым часам як філёзаф філязафуе, двойчы зьбіты Паўлічэнкам “праект уладаў” ці там “саюзнай дзяржавы” сядзіць у турме. Аб якіх “гарантыях бясьпекі” тут ільга казаць, сп. Анціпенка? Хіба што ўвага з боку ўсясьветнай грамадзкасьці да лёсу Казуліна можа стацца гарантыяй таго, што яго прынамсі пакараюць толькі зьняволеньнем. Здавалася б, трэба быць удзячнымі Казуліну: пры такой невялікай колькасьці палітвязьняў (у параўнаньні зь іншымі дыктатурамі ў сьвеце) беларускай апазыцыі варта падумаць пра тое, якім піярам утрымаць цікавасьць да сябе палітыкаў і грамадзкасьці на Захадзе. І тут Казулін, якому ніхто відавочна не зьбіраецца за нешта дзякаваць, ілье ваду на млын агульнай справы.

Плошча, маўляў, не крычала “Казулін”... Думаю, што калі плошча закрычыць “Казулін”, гэта будзе сапраўды знакам беларускай рэвалюцыі. Спадзяваймася толькі, што і сам Казулін да гэтага дажыве. Але ў гісторыю ён ужо ўвайшоў—як адзін са шматлікіх рускамоўных змагароў за тую самую беларушчыну, у “прымазваньні” да якой яго абвінавачваюць.

Думаю ўсё-ткі, што надыйшоў нарэшце час перастаць дзяліць грамадзтва на “больш беларусаў” і “менш беларусаў”. Падзеі сакавіка гэтага году нарэшце сяк-так зьядналі “незалежнае грамадзтва”—давайце ня будзем яго зноў вяртаць у перадвыбарчыя часы. Бо такія дзеяньні калі і ня ёсьць “праектам улады”, дык у значнай меры адпавядаюць ейным інтарэсам.

ЗЬ ДЗЁНЬНІКУ

*
У “Вялікай здрадзе” В.Акудовіча не спадабалася адно: залішне схематычнае супрацьпастаўленьне нацыянальнай ідэялогіі і рэлігіі, нацыі і бога. Усё-ткі нельга недаацэньваць унёсак грэцкага хрысьціянства ў фармаваньне славянаў, а тых жа грэка-каталікоў—у фармаваньне беларусаў. Тое, што рэлігійны фактар малавызначальны ў Эўропе альбо цяпер у Беларусі—іншая справа, гэта ў абодвух выпадках наступствы радыкальных рэвалюцыйных пераўтварэньняў, мадэрнізацыі. На маю думку, рэлігійнае пачуцьцё (“нацыянальнае” пачуцьцё, П.Рудкоўскі) зьяўляецца нават неабходным складнікам менавіта этнічна-культурнай (паводле Акудовіча—“нямецкай”) нацыянальная канцэпцыі. Наадварот, грамадзянская канцэпцыя грунтуецца (ці прынамсі павінна грунтавацца) перадусім не на пачуцьцях, а на палітычных перакананьнях.

*
Зь цікавасьцю прачытаў “Сем год Адраджэньня” С.Навумчыка. Тым ня менш, тэкст ніяк не паўплываў на мяне ў пляне зьмены маіх палітычных поглядаў і стаўленьня да апісанага пэрыяду найноўшай гісторыі, а наадварот, дала процьму доказаў для ўзмацненьня маіх сумневаў што да Пазьняка энд ко.

Мне здаецца, больш правільнай была б іншая назва артыкулу—“Сем год шантажу”. На працягу 70 старонак часапіснага фармату мы назіраем, як апазыцыя БНФ на чале з Пазьняком гераічна змагаецца за нашую з вамі свабоду і незалежнасьць. За гэта яе дакараць ніхто б ня стаў—рэч у тым, ня што, а як яна робіць. Калі прачытаць цытаваныя ў тэксьце пісьмовыя дакумэнты, у тым ліку і стэнаграмы гутарак і паседжаньняў, кінецца ў вочы іхны рэзкі, ультыматыўны тон, які ў многіх да сёньняшняга дня асацыюецца з Пазьняком. І гэты амбітны, дыктатарскі тон патрабаваньняў, якія збольшага апэлююць да закону, канстытуцыі, інтарэсаў нацыі, дзяржавы і іншых мала каму яшчэ зразумелых у тагачасным палітычным кантэксьце рэчаў, не зьмяняецца на працягу ўсіх сямі гадоў, нягледзячы на ўсе нюансы палітычнай сытуацыі, ані на таго, да каго зьвяртаецца БНФ—і з фактычнымі хаўрусьнікамі ён размаўляе як з ворагамі. Больш таго: не зьмяніўся гэты тон і цяпер, калі палітычная значнасьць Пазьняка блізкая да нуля. Маўляў, актыўная меншасьць мацнейшая за пасіўную большасьць, усё паводле бандыта Леніна. Праблема, аднак, ня ў тым, што меншасьць была актыўная (хаця такі крыху мафіёзны стыль паводзінаў—гэта яшчэ не актыўнасьць). Праблема ў тым, што яна не ўсьведамляла, чаму яна ў меншасьці.

Кажуць, моцнаму няма патрэбы быць злым альбо грубым. Тое самае і тут: калі б апазыцыя БНФ насамрэч адчувала за сабой народную падтрымку, а не падтрымку некалькіх тысячаў на плошчы, яна б паводзіла сябе іначай. Аднак народнай падтрымкі яна ня мела, і яе прадстаўнікі самі гэта прызнаюць: маўляў, “грамадзтва было не гатовае скарыстацца шанцам”. А па-мойму дык грамадзтва і не зьбіралася ім карыстацца—ні тады, ні пазьней. Яму проста прапаноўвалі зусім ня тое, што яму было патрэбна. Гэта, аднак, не азначае, што грамадзтва тады было такім сама палітычна пасіўным, як пазьней.

Калі коратка прааналізаваць на аснове тэксту С.Навумчыка памылкі кіраўніцтва БНФ (аб якіх З.Пазьняк гаворыць, што іх не было), дык у вочы кінуцца некалькі “дробязяў”: 1) прайграныя парлямэнцкія выбары 1990 г. Аказваецца, яшчэ ў 1990 годзе адзін з заснавальнікаў БНФ Ю.Дракахруст казаў, што прычынай паразы зьяўляецца акцэнт праграмы БНФ не на антыкамунізме, як у Ўсходняй Эўропе, а на незалежнасьці. Пры гэтым, у адрозьненьне ад Прыбалтыкі, для такой тактыкі бракавала трох “нязначных” падстаў: а) высокага ўзроўня нацыянальнай сьвядомасьці; б) высокага ўзроўня культурнай адметнасьці і самастойнасьці; в) памяці пра досьвед колішняй незалежнасьці. З другога боку, само кіраўніцтва БНФ ніколі не прызнавала гэтую паразу паразай, зусім наадварот: маўляў, лепей радыкальная меншасьць, чым памяркоўная большасьць. Чаго ж потым зьдзіўляцца, што рыхтаваныя БНФ эканамічныя законапраекты не прайшлі. Дарэчы, С.Навумчык сам называе адзін з вынікаў прынятай галасамі камуністаў незалежнасьці: гэтыя камуністы сталіся ў новай краіне эканамічнай элітай, якая потым падтрымала спрэс антыбеларускага Лукашэнку. Вынікі—маем наяве. 2) Лідэрства ў БНФ радыкальнага і палітычна нягнуткага З.Пазьняка. Як паказаў далейшы досьвед, пазбавіць З.Пазьняка ўлады ў БНФ ільга было толькі шляхам расколу самога БНФ. 3) Монакультурнасьць. Што б там ні казаў С.Навумчык, але асноўныя дасягненьні БНФ палягалі менавіта ў сфэры культуры, мовы і сімволікі (шкада, гімн вось толькі не пасьпелі прыняць—Гілевіч, маўляў, ня даў. Як быццам з гімнам не было б тое самае, што з гербам і сьцягам), хаця і сталіся такімі ж эфэмэрнымі, як і дасягненьні палітычныя. БНФ-аўскі нацыяналізм адганяў многіх патэнцыйных хаўрусьнікаў пераменаў—напрыклад, тых жа бізнэсоўцаў. Адсутнасьць іхнай падтрымкі і поўная залежнасьць ад дзяржавы і была вырашальнай для лёсу Адраджэньня.

Усё гэта, заўважу, бачыў тады і я, якому было тады 14 гадоў. Прызнаюся, пасьля гэтага мне было цяжка паверыць у “мудрасьць правадыра”—і цяжка ў яе паверыць і сёньня. Хто ў яе верыць—калі ласка. У выпадку Пазьняка можна гаварыць аб адданасьці, імпэце, патрыятызме, інтуіцыі, усім чым заўгодна—толькі не аб палітычнай мудрасьці, якую яму прыпісваў той жа Быкаў. Хаця сам факт такога стаўленьня Быкава—яшчэ не аргумэнт. У таго ж Быкава, калі ўжо браць яго ў якасьці Бібліі, знойдуцца і супрацьлеглыя, значна менш ухвальныя і больш крытычныя меркаваньні аб Пазьняку. Аднак іх аўтар тэксту не прыводзіць. Што ж, магчыма, мы і дачакаемся калі ад колішніх кіраўнікоў БНФ своеасаблівай “работы над памылкамі”—але тэкст С.Навумчыка перасьледуе, на мой погляд, якраз адваротную мэту.

БНФ у канцы 1980-х пайшла ў бой маленькай партызанскай арміяй фанатыкаў Адраджэньня, гэткіх спартанцаў цара Леаніда, замест таго каб падрыхтаваць да палітычнай барацьбы шырокае “народнае апалчэньне”, прыцягнуць на свой бок “прафэсіяналаў”-хаўрусьнікаў з шэрагу чыноўнікаў, апарату. Вынік—ня толькі параза, але і негатовасьць, недасьведчанасьць беларусаў што да палітычнага змаганьня і актыўнага палітычнага жыцьця наогул.

У 1968 годзе ў Парыжы й рэшце сьвету студэнты думалі, што яны адстойваюць інтарэсы рабочых. Нягледзячы на масавасьць выступаў, рэвалюцыі не адбылося—таму што рабочым была насамрэч чужая ідэялогія студэнтаў. Таму было б даволі сьмешна, калі б студэнты тады абвясьцілі свой рух “рабочым”. Праз 20 гадоў у Беларусі ўзьнікла арганізацыя, якая думала, што адстойвае інтарэсы нацыі і абвяшчала свой рух “народным”, тым часам як народ зусім не падзяляў ідэялогію гэтага руху. Гэта не азначае, што ідэялогія руху была цалкам няслушнай і памылковай (хаця некаторыя, як я, так і лічаць)—няслушнымі і памылковымі былі перадусім тагачасныя дзеяньні і патрабаваньні. І хаця левыя ідэі зноў дамінуюць сёньня ў Эўропе, іх сёньняшні выгляд надзвычай далёкі ад радыкальных патрабаваньняў таго часу—на працягу трыццаці гадоў левы радыкалізм цалкам сябе дыскрэдытаваў і маргіналізаваўся. Цалкам верагодна, што нешта падобнае можа чакаць і нацыяналістычную ідэю ў Беларусі: ня выключана, што ў будучым яна рэалізуе сябе ў нашмат больш памяркоўнай форме, чым бачылася адраджэнцам 1990-х.

*
Незалежнае грамадзтва (калі яно толькі ёсьць насамрэч незалежным) з нацыяй нікуды ня зьнікне—яно павінна і будзе заставацца незалежным ад усялякіх ідэялагічных канструкцыяў. І зусім ня факт, што яно будзе нацыяналістычным ці нават нацыянальным.


© Графаман, 2006

HA POCTAHI