*
Аднойчы адзін гішпанскі рэжысэр, вялікі русафіл, спытаўся ў мяне, што
я адчуваю, калі мяне прыймаюць за рускага: гонар ці злосьць? Я паціснуў
плячыма й адказаў яму: ані тое, ані тое. Мне шкада, што чалавек памыляецца:
гэтае азначэньне мяне не датычыцца. Бачылі б вы ягоную незадаволенасьць
такім адказам!
*
Нацыяналізацыя напачатку 90-х была ня мэтай, а сродкам дэсаветызацыі.
Як толькі як сродак яна сябе не апраўдала, яна чамусьці ператварылася
ў мэту.
*
Калі хрысьціянству для стварэньня жыцьцяздольнай міфалогіі хапіла асобы
аднаго Хрыста, нам, каб стварыць нацыянальную ідэялогію, павінна хапіць,
прыкладам, Каліноўскага.
*
У Беларусі магчымая нейкая зьмена толькі пад выглядам абяцаньня, што
ніякай зьмены, насамрэч, ня будзе.
*
Нацыяналісты асуджаныя да таго, каб рана ці позна апраўдаць Лукашэнку.
Чаму? Таму што ў іх агульныя каштоўнасьці. Галоўнай каштоўнасьцю нацыяналістаў
(Пацюпа) ёсьць не адзінка, а народ як маса. Гэтак і Лукашэнка імкнецца
дбаць аб аднолькавым узроўні жыцьця ўсёй масы, як цалку. Такім чынам,
сур’ёзных палітычна-эканамічных нязгодаў між імі няма. Менавіта таму
для іх галоўным пытаньнем сталася барацьба за беларушчыну, а не за дэсаветызацыю
эканомікі й вызваленьне асобы.
*
Чаму мне сымпатычны Казулін, і чаму я ня веру ў перамогу Мілінкевіча?
Казулін—тыповы беларус, у яго тое ж стаўленьне да нацыянальнага пытаньня,
што і ў пераважнай бальшыні насельніцтва. Гэтаксама і ягоныя эканамічныя
погляды супадаюць з поглядамі бальшыні. Да таго ж, Казулін відавочна
любіць уладу—чалавек іншага тыпу ніколі не пераможа Лукашэнку. А інтэлігент
Мілінкевіч, бадай—занадта нецікавы й занадта прадказальны. Такое адчуваньне,
што апазіцыя зноў хоча абраць прэзыдэнта сама для сябе—я асабіста, як
не апазіцыянэр і не “астатні”, хацеў бы, каб яна абрала яго для астатніх.
Удалы выбар павінен быў бы адмяніць сам падзел на “апазіцыю” і “астатніх”.
Выбар Мілінкевіча такі падзел толькі ўмацоўвае.
*
Называць “расейскай” ці “расійскай” мову пераважнай бальшыні насельніцтва
сваёй краіны—што гэта, як не нацыянальная здрада?
*
У Беларусі заўсёды існавала функцыянальнае двухмоўе між мовай сямейнай
прасторы й мовай прасторы грамадзкай. Камуністычная дзяржава надала
мове сямейнай прасторы новы, сымбалічны статус—стварыла для яе гэткую
адмысловую рэзэрвацыю ў гуманітарнай сфэры. Тое, што Лукашэнка адмаўляе
беларускую мову, паказвае на тое, што ён чысты матэрыяліст; тое, што
нацыяналісты адкідаюць рускую мову—на тое, што яны чыстыя летуценьнікі.
*
Лукашэнка—па сутнасьці, гандляр і спэкулянт. Беларусь для яго зьяўляецца
чыста матэрыяльнай рэаліяй, гэткім успадкаваным ад савецкай эпохі капіталам,
і ўвесь ягоны клопат скіраваны на тое, каб гэты капітал памножыць. Іншай
дзяржаўнай ідэі (ідэі аб дзяржаве) ў яго асабіста няма. Аднак дзяржаўная
ідэя, зь ягонага гледзішча, павінна быць у астатніх, у шараговых грамадзянаў,
якія пад ягоным кіраўніцтвам павінны нібыта змагацца за нешта глабальнае,
“добрае і сьветлае”—напрыклад, супраць амэрыканскага імпэрыялізму, які
традыцыйна быў у Савецкім саюзе вобразам зла наагул. Такім чынам, дзяржава
паводле Лукашэнкі—гэта калі здольны гандляр кіруе масамі зфанатызаваных
ідэялістаў. У ідэальным жа дэмакратычным грамадзтве, на маю думку, усё
зусім наадварот: ідэялісты павінны кіраваць масамі здольных гандляроў.
*
Хтосьці напісаў, што без Казуліна выбары былі б нуднымі. Сьвятая праўда.
Праблема беларускай дэмакратычнай апазыцыі: яна ўжо столькі гадоў вядзе
гульню ў легальнае змаганьне, як быццам гэтая гульня мае сэнс. Усё адно
рэжым абвінавачвае іх у нелегальнай дзейнасьці (гл. выпадак “Партнэрства”).
Розьніца між Казуліным і “Партнэрствам” у тым, што Казулін не гуляе
гульню ў грамадзкае падпарадкаваньне законам—калі ім не падпарадкоўваецца
Лукашэнка, які сэнс рабіць гэта астатнім?
*
Масавыя выступленьні можа загубіць, апрача іншага, сьмешная рэч: маральна
састарэлы лёзунг “Жыве Беларусь”. Беларускі народ страшэнна невынаходлівы,
ён успрымае лёзунг як нейкую мантру, як нешта, дадзенае згары кіраўніцтвам.
Такім чынам, у лёзунгу зьяўляецца штосьці камуністычнае. Рэдка здараецца,
што выгукнуты некім адным трапны слоган падхапляецца народнай масай—маса
адразу бачыць у залішне ініцыятыўным чалавеку правакатара. Такім ёсьць,
дарэчы, стаўленьне да любой асабістай ініцыятывы. Пытаньне: у імя чаго
рабіць рэвалюцыю, калі не ў імя свабоды асобы? З такім народам, на жаль,
рэвалюцыі ня тое што ня зробіш—яна ня мае сэнсу.
Такім чынам, пусты
й пазбаўлены за такі доўгі час зьместу лёзунг “Жыве Беларусь” вяртае
нас калі не ў камунізм, дык у часы перабудовы. Але час зьмяніўся. Варта
перагледзець сваё стаўленьне да “сьвятых” лёзунгаў. Жыве народная творчасьць!
*
Наша Ніва ўпарта даводзіць, што беларускае грамадзтва дзеліцца на беларусаў
і савецкіх людзей. Пры гэтым яна забываецца, што самымі савецкімі людзьмі
на ўсёй савецкай прасторы былі менавіта беларусы.
*
Мілінкевіч—нармалёвы мужык, але стаўка на яго—гэта стаўка нават не на
рэвалюцыю “згары”, а на капітуляцыю рэжыма. Вось, я прыйшоў, заявіў,
Лукашэнка прызнаў свае памылкі і здаўся бяз бою. Калі б адной сілай
аргумэнтаў і асабістым шармам ільга было ўзяць уладу! Гэта атрымалася
ў Лукашэнкі, але на адносна дэмакратычных выбарах. Што да хаджэньняў
Мілінкевіча ў народ, то ён ходзіць не да тых: да памяркоўных, законапаслухмяных
і г.д. Гэтыя людзі, якія ўсюды ў сьвеце ўтвараюць сярэднюю клясу, пры
ўсёй павазе да іх, здольныя трываць Лукашэнку яшчэ вельмі доўга. Апэляцыя
Казуліна да простанародзьдзя, да “пралетарыяту”—куды больш рызыкоўная.
Зразумела, што выніку яна не прынясе: радыкалізацыі апазыцыі “пад Казуліна”
не адбылося, таму што не адбылося аб’яднаньня. Радыкалізацыя ж людзей,
якой дасягнуў Казулін, хутка сыдзе, і даможацца гэтага сам Мілінкевіч
сваёй памяркоўнасьцю і апэляваньнем да законнасьці.
Найлепшае ўвасабленьне
гэтай буржуазнай законапаслухмянасьці—выказваньні А.Дынька ў “Праскім
акцэнце”. Мы ня маем сілы, мы ўсе такія маральныя, духоўныя, элітныя,
мы пасканчалі міжнародныя адносіны—і чамусьці ніхто нас да ўлады не
дапускае. Але, маўляў, прыйдзе час, рэжым раскаецца і аддасьць уладу
сапраўднаму беларускаму прэзыдэнту. Сыстэма зруйнуецца САМА. Па-мойму,
гэта такая ж асьлепленасьць уласнай прадвызначанасьцю, як у Лукашэнкі.
*
У Беларусі ўсе, нават мянты, хацелі б прыняць Лукашэнку, але ніхто ня
ведае, як. Таму што няма шырокай народнай структуры а ля Салідарнасьць,
няма масавасьці, няма камунікацыі паміж масамі, якая была б незразумелая
рэжыму. Затое вось рэжым стварыў БРСМ і ўваскрасіў рытуальную мову савецкіх
часоў, стварыў для іх агульны жаргон, незразумелы нармалёваму чалавеку.
У гэтым іх моц. Патрэбна новая мова: мова кансьпірацыі, якаясьці мова
“жоўтых павязак”. І сьвечачкі ў вокнах 16-га—гэта хоць і ня тое (бо
чатыры зьніклыя асобы—гэта не агульная ідэя, гэта трагедыя), але прынамсі
ў тым кірунку. Дадатак: на пачатку 90-х такой мовай бясспрэчна была
беларуская. Баюся, што сёньня яна ўжо ёю ня ёсьць.
У якасьці ўнёску ў
гэтую мову прапаную ўжываць у дачыненьні да Лукашэнкі слова з адназначнай
нэгатыўнай каннатацыяй: алігарх. Яно хоць у ягоным выпадку і недакладнае
і цьмянае, але менавіта таму вельмі грознае і дзейнае. (Дарэчы, сьпіс
беларускіх мільянэраў на інтэрнэце—крок у гэтым кірунку.)
*
Лукашэнка, нягледзячы на ўсю ягоную балбатню аб высокіх тэхналогіях—вораг
прагрэсу й рэтраград. Гэта відаць паводле таго, што ягоныя памагатыя
канфіскуюць у апазыцыянэраў перадусім кампутары: гэта зброя, якой яны
баяцца найбольш. Калі б ён мог, ён замарозіў бы на ўзроўні Савецкага
саюзу ня толькі ступень індактрынацыі й страху ў грамадзтве, але й матэрыяльны
дабрабыт. Высокія тэхналогіі патрэбныя яму асабіста, і зусім не для
таго, каб забясьпечыць лепшае жыцьцё насельніцтва.
*
Яшчэ пра Мілінкевіча: адчуваньне, што ён вельмі хочацца ўсім спадабацца.
Неяк гэта не па-мужчынску, ці што. Нельга забывацца, што беларускае
грамадзтва—усё яшчэ патрыярхальнае, а не унісэкс. Вось Казулін гэта
адчувае. Але гэта ўжо не віна самога Мілінкевіча—ён выконвае сваю ролю
так добра, як можа. Проста нікога лепшага ў аб’яднанай апазыцыі не знайшлося.