Скептык

ЯК СЬМЯРДЗЯЦЬ

ГІЛЬЯМАВЫ ШКАРПЭТКІ

 

 

Тэрры Гільям, уласна кажучы, мог бы даўно ўжо спачываць на лаўрах: калісьці найменей відочны, але не найменей значны сябра Монці Пайтанаў за два дзесяцігодзьдзі самастойнай рэжысэрскай кар’еры зьняў не адзін, а некалькі неўміручых (прынамсі, зь сёньняшняга гледзішча) фільмаў—“Бразілія”, “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна”, “Кароль-рыбар”—і ператварыўся ў прыжыцьцёвы помнік самому сабе. Тым ня менш, час ад часу каменны госьць заварушыцца, каб прыгадаць сабе і нам, што ён яшчэ жывы і здольны ў свае 60 кагосьці яшчэ зьдзівіць.


Гэтым разам—насамрэч зьдзівіў. Кожнаму, хто глядзеў “Братоў Грымм”, безумоўна ясна, чым апошні Гільямаў фільм адрозьніваецца ад яго папярэдніх стужак—нягледзячы на тыпова Гільямаўскі прыём мяшаньня біяграфіі аўтара з плёнам ягонай фантазіі ды іншыя запазычаныя з ранейшых фільмаў фішкі. Ці мае сэнс крытыкаваць усе ягоныя недахопы? Ці мае сэнс тлумачыць, што супрацоўніцтва зь вялікімі студыямі вымагае ад творцы пэўных кампрамісаў, якія ў пераважнай бальшыні выпадкаў стаюцца надмагільным каменем яго першапачатковых памкненьняў?


Усё ў фільме пабудавана на ўласьцівай для Гільяма дыхатоміі “звычайных” і “магічных” фасоляў. Першыя сімвалізуюць рацыянальны падыход да жыцьця, другія—веру ў “штосьці большае”. Першы падыход (сімвалізаваны Вільгельмам Грыммам, Мэтт Дэйман) тлумачыць мастацтва як набор рацыянальных трукаў, як рамяство, другі (Якаб Грымм, Гіт Лэджэр)—як набажэнства, пэўны магічны акт з трансцэндэнтальным сэнсам. Ня трэба тлумачыць, што Гільям ёсьць прыхільнікам другога падыходу—тым часам як ягоны фільм ёсьць, на вялікі жаль, увасабленьнем першага. Парадаксальным чынам, старамодныя трукі Якаба Грымма (якія нагадваюць традыцыйныя, да-кампутарныя эфэкты, майстрам якіх заўсёды быў сам Гільям) выглядаюць больш прывабна на тле непераканаўчай кампутарнай анімацыі, якая пакліканая стварыць уражаньне “сапраўднасьці” магічнага сьвету нямецкіх казак. Гістэрычны характар дзеяньня й блытанасьць фабулы, а таксама “перайграньне” ў выступе некаторых актораў (Пэтэр Стормарэ) ператвараюць добрую палову фільма (асабліва ягоную сярэднюю частку) ў даволі нястраўнае й кічаватае відовішча. Ажно зьяўляецца думка, ці не быў гэткі адмысловы зьдзек з сучасных тэхналогіяў Гільямавай мэтай? Мяне асабіста гэта не зьдзівіла б: сучасныя казкі, абцяжарныя спэцэфэктамі, маюць якісьці адваротны эфэкт, а менавіта—падрываюць у гледачы веру ў магічнае, і перадусім—у магічныя здольнасьці мастацтва. Выдаючы сябе за магічныя фасолі, яны застаюцца пры гэтым фасолямі самымі звычайнымі й выяўляюць падманшчыка ў тым, хто з намі імі разьлічваецца.

...Не пасьпеў Гільям зьехаць пасьля здымкаў з Прагі, як на базе пакінутых ім рэквізітаў і іншых артэфактаў тут адчынілася крама кінасувэніраў з назвай “У Шкарпэтак Тэрры”. Маўляў, сам вялікі Тэрры нібыта ахвяраваў у фонд сваім фанатам уласныя шкарпэткі, у якіх ён здымаў фільм. Кажуць, што шкарпэткі маюць магічнае ўзьдзеяньне: хто іх нанюхаецца, у таго пяройдзе Гільямаў талент і ягонае веданьне сакрэтаў кінарамяства…

© Скептык, 2006

HA POCTAHI