Францішак Гелнэр (1881-1914)

ПРЫВІТАНЬНЕ РОДНАМУ КРАЮ

і іншыя вершы

 

Францішак Гелнэр цягам свайго нядоўгага жыцьця быў тыповым прадстаўніком дэкадансу, усім і нічым—гулякам, анархістам, журналістам—але перадусім, паэтам. Зрэшты, і гэты занятак яго значна нудзіў, таму ў пошуках прыгодаў ён пайшоў у 1914 дабравольцам на фронт, дзе прапаў бязь вестак. У чэскай паэзіі Гелнэр выявіў сябе як фэнамэнальны вэрсіфікатар: не было, бадай, тэмы, на якую ён не напісаў верша, не было жанру, які б не скарыўся перад ягоным талентам. Эпіграмы, палітычныя куплеты на дзённую патрэбу, аўтабіяграфічная паэма “Дон Жуан”—ва ўсім гэтым уражвае лёгкасьць і натуральнасьць ягонага стылю, перадаць якія пры перакладзе зусім ня так проста. Апрача гэтага, пісаў ён і прозу. Аднак тут мы прэзэнтуем тое, дзякуючы чаму ягонае імя застанецца ў скарбонцы чэскай паэзіі назаўсёды: ягоную лірыку. Чытаючы яе, часам цяжка паверыць, што найлепшыя ейныя ўзоры ён стварыў ужо ў веку дваццаці гадоў. Такая раньняя паэтычная сьпеласьць дае нам усе падставы параўнаць лірычны геній Гелнэра з геніем Арцюра Рэмбо—ці з геніем ягонага беларускага сучасьніка Максіма Багдановіча.

З кнігі “Пасьля нас—хоць патоп!” (1901)

Пераходны ўзрост

Засьпяваў зарана аб пірах каханьня,
Аб начох бяссонных, аб грудзях кабет,
Высмактаў мне зь цела сокі ўсе дазваньня
Твой шматабяцальны, прывідны фальцэт.

Але ў марным жэсьце ўзяць я намагаўся
Са сталоў накрытых рэшткі тых кунег.
Да грудзей, дзе жарсьцю спальвалася мяса,
Ціснуў я адзіна прымхаў мройны сьнег.

О, даўгія ночы роспачнай самоты—
За вакном марудзіць ранак, бы знарок,
Не знаходзіць цела леку асалоды
І крывёй сьцякае ў бессардэчны змрок.

Прывітаньне роднаму краю

Дзень водараў і сонца поўны—
Іду, асьлеплены красой.
Хвалі праносяцца па полі,
Па нівах шчодрых каласоў.

Мой родны край! Акіну вокам
Турыста й болей не прашу.
Згадаць—агідна. Дзякуй богу,
Што не запаў ты мне ў душу.

Ня гожасьць—сьмех на кроку кажным.
Насустрач па гасьцінцы мне
Жыхар мястэчка з пузам мажным
І сваёй самкай тлустай мкне.

Хутчэй за ўсё, ад нараджэньня
Тут шчасна й тупа пражылі,
Здаровым новым пакаленьнем
Колькі кватэраў занялі.

Калі ж надыйдзе час памерці,
Тут яны ціха будуць спаць,
І ўдзячна родныя два мэтры
Сваімі трупамі ўгнаяць.

Небаплавец

Нібы падстрэлены птах хіжы,
Разьбіўся дырыжабль аб лёд.
На скалы ўпаў зь нябеснай вышы
Косьці раструшчыўшы, пілот.

Плылі маўклівыя хвіліны.
Нарэшце, ачуняўшы ледзь,
Акінуў вокам ён раўніны—
Цьвінтар, дзе ён сустрэне сьмерць.

Працяў мароз яго. Прывіды
Блукалі цяжкай галавой:
Палкае сонца, краявіды
Ля хаты, сэрцу дарагой.

Бачыў сваю красуню-жонку,
Хто там у парк вядзе яе?
Пазнаў па голасе дзіцёнка—
Як ён там будзе безь мяне?

Марна заенчыў у адчаі:
Бядак, хто свой пакіне дом!
Словы пасьмешліва гучалі—
Прагрэс, навука!—між ільдоў.

Нядзеля

Дзень разам з сонцам паміраў.
Узьняты людам пыл рухавы
Па-над Пратэрам* віраваў.
То ж раз на тыдзень—дзень забавы.

Час сумны баўлю я ў шынку.
Няхай знадворку шумна, жыва,
Я пасяджу яшчэ ў цяньку,
Дап’ю ў разьбітым куфлі піва.

Маё каханьне, за цябе!
І за дарункі твайго цела,
Што прыняло мяне ў сябе
І ў жаху хцівым затрымцела.

За ўсіх, хто прагу пекнаты
Прызвычна наталіў з табою,
За ўсіх, каго надзеліш ты
Сваёю продажнай любоўю!

Скрозь вечар мкнуць міма вакон
Натоўпы слуг і прастытутак,
Матак, дзяцей, ваяк швадрон.
А па-над мной лунае смутак,

Што радасьць з п’янства нам псуе
Схільнасьць да гэтакіх рэфлексій.
Дарэмна цела паўстае,
Калі душу марозіць скепсіс.

*парк у Вене—месьце, дзе Гелнэр правёў свае студэнцкія гады.

Безвыходнасьць

Бязьдзейнасьцю сваёй я ўсьмерць заеты,
Ды працаўнік зь мяне абы які.
Каб мог, усе павіннасьці б і мэты
Падраў без шкадаваньня на шматкі.

Ды пачынаць спачатку—ці ня дурасьць,
Калі на ўсім бязьвер’е, як кляйно?
Здаецца, не пасьпею я руку ўзьняць,
Як цягне яе долу ўсё адно.

Упэўнены: калі б я быў кабетай,
Пляўкам людзей падставіў бы я твар
І зь дзёрзкім сьмехам ды крысом узьдзетым
Цела б панёс на продаж, як тавар.

Вось мая мудрасьць уся чыста

Вось мая мудрасьць уся чыста:
Любіць галосны шум сутычкі,
Жанчын будзіць сярод начы,
Аддаць пазыкаў не магчы,
Плявузгаць, што ўзбрыдзе на розум,
Ня быць ні сумным, ні цьвярозым,
Жыцьцё хутчэй выдаткаваць:
Ня даць нічога, не прыдбаць.

На зелені сафы

На зелені сафы, у прыцемках пакою,
Дзе засьцяць жалюзі дзённага сонца жар,
Празрыстых скроняў пульс намацваў я рукою,
І лашчыў тонкі рот, і выцалоўваў твар.

Трымцелі пальцы, што краналі мае шчокі
На зелені сафы, дзе ціша і паўцень.
О, ясны далягляд! О, смутак мой пяшчотны!
О, мора цішыню залоцячы прамень!

Ноч, поўная юрлівым шалам

Я Фрыны не шукаў капрызнай,
Каб дзень правесьці фліртам зь ёй:
Я па тваіх каленях трызьніў,
Дзе б сэрца мог суцішыць бой.

Ноч, поўная юрлівым шалам,
Абдымкі расхінула нам.
Сьвятло ў тваім пакоі зьзяла,
І ты мяне чакала там.

Чырвоны квет прасьціны спырснуў,
І думка працяла ўсяго:
Я першы ў тваім сэрцы ўспыхнуў,
Каб першым раскалоць яго.

Дэмаскаванае каханьне

Добрай вячэрай і наліўкай
Мяне сустрэў Пшарброй.
А ўночы прагу наталіў я
Пяшчотаю тваёй.

Я плечы выцалоўваў пільна
Твае ізноў і зноў,
І шмат салодкіх, інфантыльных
Шаптаў удзячных слоў.

І раптам—няхай чэрці возьмуць
Твой гонар!—ты наш грэх
І ўсю ягоную сур’ёзнасьць
Стала ўздымаць на сьмех:

Няспраўжданыя абяцанкі,
Намогаў пустацьвет,
Ганьбай атручаныя ранкі,
Астужаны імпэт.

Я ведаў, рацыю ты мела,
Ды тут—нібы прымёрз.
Да маладога твайго цела
Я рук больш не паднёс.

Пэрспэктыва

Ня плач, каханая, бо сьвет
Такі, як быў ён спракавет.

Сёньня пабавімся шчэ трошку
Ў нашым з табою белым ложку.

Што заўтра—хто ж табе адкажа?
Заўтра ў труну абое ляжам.

Песьня

Вядома ж, скепсіс мой залішні,
І дух мой нечувана пышны,
І злыя, д’ябальскія кпіны
Псуюць мне радасьці хвіліны.

Ноч—я ў майстэрні, дзень—у спальні.
Мой сьветагляд парадаксальны.
Я боль каханым прычыняю,
Сяброў, апроч былых, ня маю.

Людзкая крытыка ці ўхвала
Мяне ня тычаць ані мала.
Свае палі я сам скашу,
А аб хаўтурах не прашу.

Згадка

З вакна ўжо дзень было відно.
Пры куфлях кёльнеры дрымалі.
Зь сябрамі белае віно
Мы бестурботна папівалі.

Напой пажарам уздымаў
У нашых жылах хвалю жарсьці.
П’яным сябрам распавядаў
Я аб сваёй першай каханцы.

У доме, дзе я ў сьвет прыйшоў,
Собіла швачцы закахацца
Ва ўзросьце трыццаці гадоў
У хлапчука, што меў шаснаццаць.

Мы ў полі зь ёю, ля крыжа
Сыходзіліся сярод пустак.
Я ўвесь узрушана дрыжаў,
Каштуючы смак ейных вуснаў.

Змрокам мы ў лес ішлі, туды,
Дзе слодыч ад усіх хавалі.—
Жаўнеры зь дзеўкамі сюды
Ўвесь час таксама кіравалі.

Русявая каханка

Бландынка тлустая, Офэлія мая,
Галоднай жарсьці стомленая боем!
Што Гамлет твой сьцюдзёнейшы штодня,
Скуголіць тваё сэрца неспакоем.

Гамлет у крэсьле стулены сядзіць,
Свой сьветлы волас гладзячы ляніва.
На ўлоньне незьбянтэжна ён глядзіць
Тваё, дзе сохне сьвежых ружаў чырвань.

Дарма, Офэлія! Патурбаваць яго
Твая бялюткасьць болей не здалее.
У дзікіх танцаў трапіўшы агонь,
Ад шчасьця тваё цела не самлее.

Але ж у кляштар не сыходзь, о не!
Душа ўначы смуткуе, сьніць аб сьмерці.
Цябе абняўшы, Гамлет твой засьне,
Нібы дзіця ля хатняга цяпельца.

І ўсё ж бракуе моцы

Шкляны флакон, і чэрап на віньетцы
Ў душу мне ўперыў жудасны ашчэр.
Кожнага дня з думкай аб лепшым сьвеце
Ўсё больш і больш сябрую я, блюзьнер.

Праца й размножаньне хай застаюцца люду,
Інстынкты здаравейшыя чые.
Мае амбіцыі ўжо сталі жменькай бруду,
Як сьнег, што на далоні растае.

І ўсё ж бракуе моцы мне, п’янтосу,
Глытком апошнім горла прамачыць.
Ратуе вера ў сьмешныя дзівосы,
Водгук адзінай бурнае начы.

Люблю паўночнае неба

Люблю паўночнае неба,
Белае, без дабрыні,
Якім прадзіраецца сонца,
Не даючы цеплыні.

Люблю паўночных гасьцінцаў
Засьнежаныя абсягі.
Люблю паўночныя месты
Ў фаце вячэрняй смугі.

Люблю паўночных мужчынаў,
Бязвольных, целам цяжкіх,
З тугою бездапаможнай
У сэрцах сумных сваіх.

Люблю паўночных жанчынаў,
Стуленых у кутках,
Што песьцяць сваё каханьне
Ва ўспамінах і снах.

Вусьцішнасьць

У маіх думках—хаос непапраўны,
(Я піў на працягу начы ўсяе),
І зноўку ў грудзі смутак беспадстаўны
Ударамі цяжкімі мяне б’е.

Яго часова патапілі ўчора
Віно і сьпеў, што вушы аглушаў,
І погляд, што, забыўшыся пра сорам,
Мяне ў сіло каханьня запрашаў.

А досьвіткам ішоў я хісткім крокам
Па месьце, абыякавы, дамоў.
І смутак спаў. Сачыў я кволым зрокам
За ціхім уміраньнем ліхтароў.

Блюзьнерства

Доўга чакаў я, пакуль праўды вечнай
Агонь мне, самалюбнаму, зазьзяў.
За творцу, за дзяцей яго галечу
Й сябе самога сорам мяне ўзяў.

Адзін з Адамаў я людзкога роду,
Што яблыкаў спазнаньня пераеў,
І ў рэшце рэшт, зусім мне не на шкоду
Выгнаньне з рая і гасподні гнеў.

Ня змог мяне прымусіць ён, каб працай
У каяце я хлеб свой зарабляў.
Мной будзе дзённы сьвет заўжды ўспрымацца
Адно як тэатральны вір выяў.

Элегія

Ва ўсім расчараваны я. Каханых
Жанчынаў сэрцы я ня змог крануць,
Сябры ж мае ў хвілінах нечаканых
Сваю бяздушнасьць мне далі адчуць.

Марыя, толькі ты мне дарагая.—
А я ўвесь час труціў тваю душу
Ў спадзеве, што занудаў ля стала я
Цынічнай балбатнёю насьмяшу.

Маё каханьне не такое сёньня.
Змрок маёй хаты дыхае зімой.
Мне сумна. Працавітымі далоньмі
Крані пяшчотна лоб гарачы мой!

Душа ўсхвалюецца раптоўна

Фіктыўныя ідэі
Ў запале нейкім слаўлю,
Усе свае надзеі
На карту мараў стаўлю,

Фіктыўныя ідэі
Адстойваю зь імпэтам,
І раптам сум павее
Ў душу маю пры гэтым.

Цьвярозею імгненна,
У сэрцы—стомы позех,
І мёртваму натхненьню
Свайму дзіўлюся ўподсьмех.

З кнігі “Радасьці жыцьця” (1903)

VI

Дзень новы абвяшчаў птушыны лямант,
На небе таяў месяцовы серп.
Дзяўчо-карчмарка патушыла лямпу:
Дамоў і спаць хацелася ўнясьцерп.

Карчомка ўжо пустою засталася,
Сядзеў адно наведнік у куце,
Што погляд меў разгублены, як блазен,
Цяжкі свой лоб даверыўшы руцэ.

Той загадаў напоўніць келіх зноўку.
“Чакай, дзяўчо, пакуль я не дап’ю—
Розум забіў я, і пайду, як толькі
Сэрца сваё балючае заб’ю.”

VIІІ

І прыйдзе дзень, і будуць пахнуць ружы,
Нашлюць на розум тлум.
А над душой-пустэльняю затужыць,
Зарумзае мой сум.

І прыйдзе дзень, і зарунеюць нівы,
Прагоніць ціш вясна.
Бы чуйнае кабеты ўздых юрлівы,
Застогне баразна.

І прыйдзе дзень, і зноў ахопяць моладзь
Пажары на шчаках,
Цнатлівіцы ў пакоях заскуголяць,
Заенчаць па хлапцах.

І прыйдзе дзень, што ружаў пах уздыме...
Скажы, сэрца маё,
Ад сьвету гэтага тады ўцячэм куды мы
У роспачы сваёй?

Х

На сьвет табе хай собіць Боска матка
Прывесьці немаўля.
Мілая, ты, мне сказалі, не ў парадку,
Цяжарная, маўляў,
Ха-ха!
Цяжарная, маўляў.

У тваім сэрцы песьня дагучала
Свабоднага жыцьця.
І муж знайшоўся, каб не вырастала
Бяз татачкі дзіця,
Ха-ха!
Бяз татачкі дзіця.

Каханьню, што калісь цьвіло пажарам—
Будзь мяккаю, зямля!
Маёю будучы, ты б дачакала зараз
Наўрад-ці немаўля,
Ха-ха!
Наўрад-ці немаўля.

Я толькі шкоджу сваім бліжнім, люду,
Бацькаўшчыне, усім.
Нясу я плённаму ўраджаю згубу
Дыханьнем ільдзяным,
Ха-ха!
Дыханьнем ільдзяным.

Даўно мой позірк юрам зацягнуўся,
Палын—як мёд губам.
Будзь шчаснаю, што не пасьпеў крануць я
Улоньня твайго храм,
Ха-ха!
Улоньня твайго храм.

ХХ

Урэшце, можа і магу
Яшчэ я некім стацца.
Паеду ў Афрыку куды,
Золата рыць у шахце.

А як ня буду шчасьця мець,
Няўмека беспрытульны,
Буду драпежнікам тады
Хвасты круціць у джунглях.

Гарылу ў жоначкі вазьму—
Аддасца без пытаньня.
Дзікія сэрцам зь ёю мы
І без веравызнаньня.

ХХХІІ

Дзьме ў твар мне вецер чалавекалюбства.
Кожны насельнік сьвету—наша кроў!
І келіх мой пайшоў гуляць па вуснах:
Сьвет ёсьць адзіны велькі цырк зьвяроў.

Нянавісьць ёсьць мінуўшчыны памылкай.
Пі, мусульманін, жыд, хрысьціянін!
Хто пакалечаны абрэзкай продкаў брыдкай—
Хай горшае ня станецца што зь ім!

П’ю за здароўе ваша, браты-немцы!
Ружы любові мкнуць у вышыню.
Піце, славяне! Піце, чужаземцы!
Падзьміце на зьнямоглую сьпіну!

Жывіцеся жнівом сваіх разораў
І з жонкамі лягайце штовячор!
Хай лік ваш стане большы сторазова,
Тыф вас адродзіць і галадамор!

З кнігі “Новыя вершы” (1919)

Вясеньняя песьня

Сонца зямлі ў каханьні прызнаецца,
Жніва навокал пах.
Хадзем са мной за рэчку, маё сэрца,
Прайсьціся па лясах.

Маё дзіцятка, скарб мой улюбёны,
Пацеш мяне, хадзем!
Бы да грудзей матулі, да зялёных
Мы траваў прыпадзем.

Маўклівы лес у сьветлаценю дрэмле,
Адно трымціць гальлё.
Хадзем, пад дрэвам дараспавядзем мы,
Як цяжка нам было.

Пабудзьма разам—колькі шчасьця тога!
Дай прытуліць чало
Да твайго сэрца—шчодрага, малога
І моцнага, як зло.

1906

На валах

Зноў я згадаў парыскі час,
Што выгад меў нямала:
Там хоць жыцьцё мінала нас,
Ды хоць не замінала.

Цудоўная была пара:
Вэрсальскія вароты,
Сутоньне ў небе, аэра-
Планёры й іх пілоты.

За імі назіраў з валоў
Хто часу больш чым грошай
Меў, і аддаць яго гатоў
Быў дзівам думкі творчай.

Напружвалі маторы бас,
Паветра ўкол дрыжала.
Жыцьцё хаця й мінала нас,
Ды хоць не замінала.


Праз гады

Як добра мне, табе не здагадацца,
Што зноўку мы ўдваіх сядзім з табой,
Што я ў далоні грэю твае пальцы,
Мной страчаны ты лёс шчасьлівы мой.

Мінулі тры гады красы няпэўнай.
Што аб сабе паведаміць магу?
Нічым ня ёсьць і ўжо ня будзе, пэўна,
Твой колішні вясёлы балагур.

Ні песенькі, што напяваў табе я,
Сэрцаў не дагукаюцца людзкіх,
І разам з намі зьнікне і згібее
Пагляд, што мераў глыб вачэй тваіх.

Позна ўжо, мілая, і дзень занепадае,
І сэрцаў запавольваецца рытм.
Прыгадваеш малюнак у выданьні
Ілюстраваным колішнім адным?

Сьляпое шчасьце з шчодраю рукою
Ўдоўж сьценаў абыходзіць чыйсь пакой.
“Нікога тут?”—А пасярод пакою
Ляжыць мярцьвяк з разьбітай галавой.

Будзь добрай у жыцьці і ў марах шчаснай,
І аб усім забудзь, маё дзяўчо.
Пекла і рай ёсьць выдумкай, нам ясна,
А на зямлі нам не сустрэцца ўжо.

1911

Асабісты

Сябры, якіх я паважаю,
У меркаваньні заадно,
Што я людзей не заўважаю,
А бачу прынцыпы адно.

Так ёсьць! Агульных фразаў словы
Стрываць мне й паважаць няўмоц.
У іх заўжды снуюцца змовы
Людзкога розуму супроць.

Сабе ілгаць я неахвочы,
Што дурняў незьлічоны род
Паразу панясе аднойчы.
Усё хутчэй наадварот.

Індывідуаліст заўзяты,
Я верны грубай прасьцізьне
Адной Ісусавай цытаты:
“Хто не са мной—супроць мяне!”

Бабуля Малкава

Бабулі Малкавай, глядзі,
Ужо няма між намі.
Даўно яна ўжо не сядзіць
Ля брамы ў сваёй краме.

Крама ня велькая была—
Кашы, мяцёлкі, торбы
На продаж Малкава пляла,
Кабета з сэрцам добрым.

Ня памятаю, хто казаў,
Што мела яна сына,
Каб ён вучыўся на ксяндза
Мара была ў жанчыны.

Вучыць дзіця—адважны чын
Для беднай удавіцы.
Цярпела шмат яна, каб сын
Мог сьвятаром зрабіцца.

Хлапец навукі пільнаваў,
Гуляцца не выходзіў,
І атэстат свой атрымаў
На восьмым школьным годзе.

А потым без клапот зусім
Вучыўся ў сэмінары.
Матуля бачыла ўжо ў ім
Ксяндза ў касьцёле фарным.

Калі ж у сан быць блаславён
Ён быў ужо павінен,
Аб тым, што зьехаў з глузду ён
Прынесьлі ёй навіну.

Прыехала за ім. І той
Сказаў ёй перад сьмерцю,
Што варта “р” прамовіць ёй,
Як возьмуць яе чэрці.

Малкава “р” да скону дзён
Ня вымавіла болей.
Мо ў блазнаў верыла праклён,
А мо—у знак любові.

Антоська, я і наш гурток
Любілі пасьміхацца,
Яе заўважыўшы здалёк:
“Скажыце “грррошык”, бабця!”

Ня чула Малкава наш крык,
Кабета з сэрцам добрым,
Не адрываючы старых
Вачэй ад ейных торбаў.

1913

Зь нявыдадзенага

*

Увесну ноч лагодная, папраўдзе,
Ды што за фэст на хлебе і вадзе!
Мой гардэроб дзе-небудзь у ламбардзе,
Як я ў карчме дзе-небудзь, прападзе.

На дабрадзеяў мне ў жыцьці ня шэньціць,
І недавер вядзе навокал рэй;
Ляжаць бяз працы па маіх кішэнях
Ключы ад дому й ад маіх дзьвярэй.

Я ўдзячнасьці бацькам сваім пазбыты,
Мае даўгі злуюць усю сям’ю.
Я ўсё раблю, каб не здаваць іспыты.
Я марны чалавек, я прызнаю.

Але як пан, так хам у гэтым сьвеце
Ёсьць марнымі, і зь іх цьвіце мой зьдзек.
Тут марна ўсё, няхай яно жыве ці
Хай не жыве. Я—марны чалавек.

*

Пад бліскам месяцу касьцёл бялее,
Нібыта срэбрам хтось паліў муры.
У нашых душах вера яшчэ тлее!
Надзея ў людзкіх сэрцах шчэ гарыць!

Нямала тых, хто з-за сваіх намераў,
З-за прынцыпаў сваіх на сьмерць ідзе.
Ксяндзам пабожным бездань сваіх нетраў
Шчэ людзі адкрываюць дзе-нідзе.

Ёсьць яшчэ сьмелыя, жывыя сэрцы,
Што з каркаў цяжар ланцугоў ірвуць,
Што цягам тыдня піва ў знак пратэсту
Супраць падатку на яго ня п’юць.

Ёсьць яшчэ куды йсьці: касьцёльчык вабіць,
Дзяржава люд рыхтуе да вайны.
Мы—людзі, уласьцівая нам слабасьць.
Пах мерцьвячыны чуюць груганы.

*

Аб вернасьці і аб каханьні вечным
Яна казала мне,
Цела ж пра тых мне не магло ня сьведчыць,
Хто абагнаў мяне.

Я ёй сказаў: жыцьцё мне нішчыць сэрца,
Ты вылечыш яго.
Астыў ейны пагляд у паняверцы
Ад голасу майго.

Моўчкі на цьвінтар мы ішлі вясковы.
Зірні, усё дарма,
Каханая, няможна верыць словам,
Надзеі ў нас няма.

Не, не глядзі на сумныя грабніцы,
Ня плач і не кляні.
Хадзі, хай нам у целах загарыцца
Зло чорнае крыві.

Песьня закаханага

Мацней між намі ланцугі
За абавязкаў абцугі.

У снах, каб жыць мне неабходных,
Тваёй рукі я чую дотык.

Як д’яблаў раб, я твой дарэшты,
Жывеш ты ці ў труне гніеш ты.

1902

Шахцёрская

Глыбока пад зямлёй ірваў
Я горную пароду,
А маю жонку цалаваў
Цівун панскага роду.

Сынок, твой волас, нібы шоўк,
І белы тварык чысты.
Але вядома мне, сынок,
На самай справе чый ты.

Шкада мне, хлопчык, нас з табой
У беднай хаце нашай.
Са мной ты мусіш у забой,
Там будзе табе цяжка.

Там і мужчын хапае ледзь—
Што ж ты з рукой малою?
Выжыць ня кожнаму здалець
У бітве са скалою.

1903

Куплет аб жаночай эмансіпацыі

У поўным складзе наша пакаленьне
Ў абдымкі крочыць самазабіцьця.
Мужчын сапраўдных робіцца ўсё меней,
Мяркуйце і па мне самім хаця б:

Ні волі, ні энэргіі ня маю
Зрабіць што-небудзь на карысьць усім.
Шчасьце маё, што маці шчэ жывая,
А то памёр бы з голаду зусім.

Але й жанчына ўжо не ўвасабленьне
Вернай партнэркі з даўняе пары.
З пачварнай жарсьцю і задавальненьнем
У нас яна ўцінае кіпцюры.

Раптоўна прачынаецца ў дзікунках
Незапатрабаваная іх моц.
Нат бізнэсоўцы просяць паратунку:
“Ня дайце нас жанчынам пабароць!”

І пакуль я тлусьцею, яна здатна
Бярэцца за навуку й рамяство.
Што зробіш! Я вучуся працам хатнім:
Мыць посуд, шыць і гатаваць яство.

Я буду добрым мужам, несумненна,
Адно што нараджу пакуль наўрад.
Але і ў гэтым з часам прыйдзе зьмена.
За вас, паненка, выйсьці буду рад.

1904

Перасяленская

Бяз дома, без радзімы,
Што статак пералётны,
Блукаем па зямлі мы,
Шукаючы работы.

Шукаючы работы,
Лягчэйшага дзе хлеба,
Багата піць і есьці—
Вось тое, што нам трэба.

Ды чалавек ня сыты
Адно пітвом і ежай—
З нас кожны быць імкнецца
З красуняй юнай, сьвежай.

Прыгожых маладзіцаў
У сьвеце верхатуры.
Не замінае ў гэтым
Адрозьненьне культуры.

1906

 

© ПеракладМакс Шчур, 2006

HA POCTAHI