Слова “буржуазія”,
якое калісьці вымаўлялася з адчуваньнем гонару й нават фанабэрыі, сталася
пагардлівай, ненавіснай, абразьлівай мянушкай, а адначасова з гэтым—азначэньнем
ворага, якога патрабуецца зьнішчыць. Больш за астатнія чыньнікі гэтаму
паспрыяў марксізм, гэтаксама як ягонай заслугай альбо віной сталася
так, што пойм “буржуазія” з пазітыўнага гледзішча сёньня амаль нельга
вызначыць: уласна кажучы, ён толькі аддзяляе, а разам з гэтым зьневажае
й пазбаўляе вартасьці ў грамадзтве ўсё тое, што не зьяўляецца пралетарскім,
такім чынам, “буржуем”—у звычайным сэнсе гэтага слова—ёсьць кожны, хто
не зьяўляецца пралетарам. А пралетарам, строга беручы, зьяўляецца выключна
рабочы, перадусім—прамысловы рабочы, на вёсцы ж—безьзямельны селянін.
Няма патрэбы, як я
здагадваюся, ані зьвяртаць вашую ўвагу на тое, наколькі вузкім зьяўляецца
такое разуменьне гэтага слова, ані прыводзіць у якасьці прыкладаў рознамаітыя
сумнеўныя й адчайныя спробы, мэтай якіх было пераадолець гэтую прасьцяцкасьць
з дапамогай шэрагу ўздапаможных пластыраў, кшталту размоваў аб “разумовых
рабочых” і іншых падобных тытулах, носьбітаў якіх імкнуцца зрабіць часткай
пралетарыяту—размоваў аб “дробных земляўласьніках”, “дробных рамесьніках”
і г.д., якія вядуцца з той самай мэтай.
І ўсё-ткі гэты двайны
падзел, які гэтак цяжка абгрунтаваць эканамічнымі чыньнікамі, ня ёсьць
цалкам беспадстаўным: але знакі адрозьненьняў тут варта шукаць у культурнай
вобласьці. Хіба што вынікі гэтых пошукаў хутчэй за ўсё будуць не на
карысьць пралетарыяту, а таму кожны, хто зробіць спробу ў гэтым кірунку,
выстаўляецца небясьпецы быць азначаным за ворага ці нават за здрадніка
пралетарыяту. З гістарычнай перспэктывы буржуазія выступае сёньня ў
якасьці “трэцяга саслоўя” з часоў французскай рэвалюцыі. А калі мы хочам
быць да буржуазіі справядлівымі, мы не павінны забывацца на ейны тагачасныя
сацыяльныя й культурныя дасягненьні.
Дык вось, па-першае,
буржуазія падаравала ўсяму сучаснаму грамадзтву цывільны этос, які ад
падмуркаў перайначыў этос папярэдні, саслоўны. Citoyen, грамадзянін,
стаўся сімвалам гэтай зьмены, якая несла з сабою ўсе выгады й магчымасьці
для эмансіпацыі плебейства, якія ў той гістарычны момант былі скарыстаныя
вельмі мала. Аналізуючы гэты сімвал далей, мы знойдзем у ім ідэю дэмакратычнай
роўнасьці, якая павінна распаўсюджвацца на ўсе, асягаць усіх, а калі
заўгодна, і асьвячаць усіх. (Праўда, гэтая агульная роўнасьць, якую
першай пачала прапаведваць буржуазія, пазьней была ў буржуазіі адабраная
менавіта пралетарыятам.) Але ў гэтым сімвалу хавалася й яшчэ адно: упэўненасьць
у сабе (sebevedomi), уласьцівая тым, хто на новых, уласных падмурках
стварае новае сацыяльны й культурны твор: новы, уласны сьвет.
Ніводную з прыведзеных
тут вартасьцяў пралетарыят сабе прыпісаць ня можа. Акрамя новага кшталту
прыгожай салідарнасьці ён не стварыў нічога, але ўсё чыста пераймаў
і пераймае ў буржуазіі—нават сваю ідэялогію, якую ён высек на сваім
баявым тарчы, надаўшы ёй свой боль і сваю веру, але ні ў якім разе ня
свой дух. Безумоўна, было б несправядліва закідаць гэтую культурную
непаўнавартасьць пралетарыяту самому пралетарыяту, якія лічыць яе—з
поўным правам—крыўдай, якую яму ўчынілі і ўчыняюць іншыя. І тым ня менш:
трэба выкладаць рэчы такімі, якімі яны ёсьць, і прыймаць іх разам зь
іхнымі неабходнымі наступствамі.
Пралетарыят імкнецца
заняць месца буржуазіі ў грамадзкай ерархіі—месца кіраўніка й гегемона.
Аднак буржуазія дамаглася перамогі над саслоўным ладам таму, што знаходзілася
на вышэйшым узроўні эканамічнага й культурнага разьвіцьця. Калі б яна
пераўзыходзіла стары лад толькі ў эканамічным сэнсе, вынікам ейнай перамогі
быў бы культурны заняпад. Магчыма, заняпад крыху іншага кшталту, чымся
той, да якога прывёў грамадзтва ўласьцівы сёньня буржуазіі капіталістычны
этос—але тым ня менш заняпад.
Пралетарыят не пераўзыходзіць
сёньня буржуазію ані паводле свайго эканамічнага, ані паводле культурнага
ўзроўню. Ён можа толькі напружыцца й паспрабаваць авалодаць яе палітычна,
з дапамогай рэпрэсіўнага апарату.
А вынікам?