“Алё! Марыя, ведаеш,
дзе я? У Валенсіі! Ад’ехаў? Учора ўвечары, на машыне. І ведаеш, у колькі
я быў ужо тут? Ня ведаеш, га? Страшна выгадна.”
“Т’ерры, гэта Наталі.
Цягнік спазьняецца. На чвэрць гадзіны, мо хвілінаў на дваццаць. То пакуль.”
Ненавіджу мабілы,
усюды ад іх пакутую й з жахам пераконваюся, што не існуе ўжо ходніка,
тэрасы, крамы, музею ці нават пустэльні, дзе б не было чуваць іхнага
энэргічнага звону й нястомнага балбатаньня. Паколькі адмяніць гэтую
вынаходку альбо забараніць енйым карыстальнікам ёю карыстацца не ў маёй
моцы, дык я спрабую падмануць свой адчай тым, што ператвараюся ў ліхаманкавага
занатоўшчыка шматкоў маналогаў, якія крыжуюцца ў мяне па-над галавой
у цягніку Парыж-Авіньён.
Абцяжараны
й сьцёрты
“Прывітаньне, я толькі
што даведалася, што агентура адмяніла сустрэчу, таму на заўтра ў мяне
няма ніякіх планаў. Як мне гэта ўжо абрыдла, насамрэч! Паслухай, ты
ня мог бы замовіць месца на нядзелю? Скажы ім, што агентура ўсё адмяніла.
Спадзяюся, яны не запатрабуюць за гэта грошы? Пачакай, так ня пойдзе:
тры сотні прапалі з-за іх! Бачыш: трэба ўсё правяраць самому, нікому
нельга давяраць.”
Хаця мае суседкі й
суседзі па цягніку зусім не крычаць у свае маленькія чарадзейныя апарацікі,
якія іх па сваёй волі час ад часу дэлякалізуюць, аднак гэтая навала
балбатні даймае мяне нашмат больш, чымся якая заўгодна размова паміж
пасажырамі. Таму што ў гэтым выпадку знаходзіцца пад пагрозай ня проста
мой камфорт, а само маё існаваньне. Гэтым балбатунам на адлегласьці
мала, што яны мне перашкаджаюць, яны мяне яшчэ й не заўважаюць. Яны
размаўляюць з такой нязмушанасьцю, як быццам мяне там няма, што ў мяне
зьяўляецца ахвота зараўсьці немым крыкам толькі для сьцьвярджэньня сваёй
тут прысутнасьці.
Можа, гэта эксгібіцыяністы?
Зусім не. Эксгібіцыяністы выстаўляюцца перад кімсьці. Заганнасьць ёсьць
праявай чалавечай істоты, яна пераплеценая з належнымі ёй узрушнымі
ці ганебнымі варункамі, вычварэньне ёсьць пашанай, якую збачэнец аддае
загане. Наадварот, для сучасных нудыстаў камунікацыі нікога не існуе:
яны ня бачаць, хто сядзіць насупраць іх, яны бачаць скрозь іх. Калі
яны раптоўна, без папярэджаньня зьявіліся ў сьвеце, спачатку я іх—ціха—папракаў,
што яны выносяць свае прафэсійныя й прыватныя жыцьці ў грамадзкую прастору.
Але гэта я яшчэ быў да іх занадта ласкавы. Зь імі грамадзкая прастора
зьнікае. Яны сьцерлі элемэнтарную мяжу паміж самотай і таварыствам.
І самае хамскае на гэтым бескантрольным выцяканьні словаў—менавіта тое,
што яны гэтак спакойна забываюцца аб сваім хамстве.
Багема
і буржуазія
Са шкадаваньнем я
думаю аб штодзённым жыцьці таксістаў, якое ніколі не было залішне прыемным.
Сёньня яно павінна быць жудасным: ад часу калі ўсе, ад карчомскіх заўсёднікаў
да дырэктараў канцэрнаў, цяжарных жанчын і выстрэсаваных мастакоў, якія
чаргуюцца ў іхных машынах, несупынна камунікуюць, кіроўцы церпяць ад
свайго неіснаваньня. І калі яны, узброіўшыся тымі самымі пратэзамі,
робяць тое самае ў дачыненьне да нас, я з жахам бачу чалавецкасьць,
якая прыходзіць да свайго канца. Запавет “любі бліжняга свайго як сябе
самога” заменены нашмат больш простым запаветам: “Таго, хто якраз цяпер
мазоліць табе вочы, ня стаў ні ўва што, не адрывайся ад сваіх патрэбаў,
праблемаў, планаў і ад сваіх аддаленых бліжніх дзеля бліжніх, якія воляй
выпадку апынуліся на тваім шляху.”
Адэпты такой маралі—не
небаракі, хаця такімі іх і абвяшчае спачувальная сацыялогія. Колькі
разоў мы чулі, што буржуазія апантаная формай, а багема схільная да
шуканьня прыгодаў. Што местачковец нічога не пакідае выпадку, а багем
не трывае мэтазгоднага выкарыстаньня часу й гідзіцца адкладаць на заўтра
тое, што ільга зрабіць на наступным тыдні. Буржуазія ўтрымлівае жыцьцё
ў карсэце жыцьцёвага правіла “летам спраўдзіцца, што вы рабілі ўзімку”,
тым часам як багема жыве ў чаканьні, што яе будзе гушкаць капрызная
фея Магчымасьць.
“Здароў, усё ў парадку?
Пацалуй маленькага. Патэлефаную, калі прыедзем,”—тэхніка ў спалучэньні
са спантаннасьцю адмяняе тое, што ў так званых небаракаў магло быць
толькі недахопам буржуазнага выхаваньня. З абсалютнай нявіннасьцю яны
заплямваюць сьвет сваймі хатнімі справамі.
Чатыры
ганебныя ілжы
Што да багемы, ня
трэба рабіць ілюзіяў. Хоць у назьве гэта й не адлюстравана, але гэтыя
качоўныя аб’екты ёсьць прадуктамі цьвёрдай, нязломнай рукі. Ані найвальнейшыя
птушкі няздольныя пазбавіцца ланцугоў! Мабіл—гэта кокан, які дасягае
сусьветных памераў; існаваньне, падвергнутае выпрабаваньню карысных
уплываў аддзеленасьці; адлегласьць, несупынна далучаная трывалым “пакрыцьцем”;
цяжкая пустэча, якую трэба стварыць у сабе, каб ільга было сустрэцца,
разважаць ці мянтачыць як шараговы ўдзельнік несупыннага вэрхалу змоўцаў.
Тэхніка вырывае чалавецтва з асёдлага спосабу жыцьця толькі дзеля таго,
каб пазбавіць яго шанцу ўнікнуць ад улады хатняй гаспадаркі й працы.
Ні буржуа, ні багемы.
Незьлічоныя карыстальнікі апошнімі сэзамамі інфармацыйнай рэвалюцыі
перасталі быць грамадзянамі, хаця менавіта гэтым словам яны зараз з
такой радасьцю злоўжываюць. “Мець
палітычны дух,”казала
Ганна Арэндт, "азначае
клапаціцца аб сьвеце, які быў да нашага зьяўленьня, і аб сьвеце, які
будзе пасьля таго, як мы зьнікнем, больш, чымся аб нашых імгненных інтарэсах
і жыцьцях. І я не назвала б гэта геройствам: проста мы заўсёды выкрочваем
у палітычную сфэру з прыватнай сфэры сваіх жыцьцяў і павінны быць здольнымі
забыцца аб сваіх турботах і перасьцярогах.”Людзі з мабіламі здольныя снаваць свае мары, здольныя,
будучы ў пэрманэнтным кантакту, сплятаць складаныя стратэгіі: але яны
не выкрочваюць у сьвет. Бо куды б яны ні йшлі, яны ніколі не выкрочваюць
зь сябе саміх. Іхнае маленькае прыстасаваньне аддзяляе іх ад усяго,
што па-за імі, і несупынна вяртае іх да духу, іртоў, вушэй іхных імгненных
інтарэсаў, што забіраюць усё іхнае жыцьцё.
Местачковец, багем,
грамадзянін, камунікацыя: чатыры модныя словы, чатыры ганебныя ілжы.
За апошняй хаваецца мэтодыка руйнаваньня супольнага сьвета інтэлігентнымі
прыладамі ХХІ стагодзьдзя, а за трыма першымі хаваецца абуральнае хамства
іхных шчасных носьбітаў.