Скептык: З КІНАДЗЁНЬНІКУ (жнівень 2004)

The Ladykillers

Фільм ёсьць даволі нясьмешным рымэйкам камэдыі з 50-х гадоў. Карані гэтай нясьмешнасьці палягаюць у жаданьні падацца сьмешным любым коштам—аднак з-за гэтага тупасьць галоўных герояў даведзеная да такой крайнасьці, што выклікае хутчэй жах і спачуваньне, чымся сьмех (што змушае прыгадаць фільм Тэры Гільяма “Fear And Lothing in Las Vegas”). Нічога ня маю супраць такой трансгрэсіі, калі б толькі яна не была адзінай вартасьцю фільму—усё астатняе мы ўжо дзесьці бачылі. Нават “Lock, Stock and Two Smoking Barrels” Гая Рычы ў гэтым сэнсе пакінуў лепшае ўражаньне. Без сумневу, найгоршы бачаны мной фільм братоў Коэнаў.

The Man Who Wasn’t There

Перадапошні фільм тых жа аўтараў ёсьць гэткім крыху больш сур’ёзным варыянтам фільму “Зіц-старшыня” (“Hudsucker Proxy”)—дадамо, больш удалым варыянтам. У “Hudsucker Proxy” ўражвае ягоная манэрнасьць, наўмысная “кафкавасьць”, казачнасьць, празрыстасьць—у гэтым сэнсе “Чалавек, якога не было” нашмат больш двухсэнсоўны, “адкрыты”. Найбольш выразная паралель між двума згаданымі фільмамі—у матыве кола, якое сімбалізуе, сярод іншага, несупынны, роўнамерны, абыякавы а таму й бессэнсоўны рух жыцьця. Як усе “гістарычныя” фільмы Коэнаў, дзеяньне якіх часта адбываецца не ў сучаснасьці, а ў 30-х—50-х гг. мінулага стагодзьдзя, “Чалавек, якога не было” таксама візуальна стылізаваны, прычым віртуозна: гэтым разам—пад пасьляваенныя фільмы, чорна-белыя, з “караваджаўскімі” плямамі сьвятла. Як заўсёды, ніхто ня ведае нічыіх матываў, нішто ня ёсьць такім, якім выглядае звонку, ніхто ня можа прадбачыць наступстваў сваіх уласных учынкаў—выкарыстаньне гэтых ідэяў характэрнае для ўсіх іхных фільмаў, пачынаючы ад самага першага зь іх, “Blood Simple”. Як і ў “Фарго”, матывы ўсіх дзейных асобаў вызначаюцца сваёй выключнай прымітыўнасьцю, а іхная “хітрасьць” пры ажыцьцяўленьні сваіх мэтаў мяжуе зь ідыятычнай тупасьцю. Усё адносна, усё падобнае адно да аднаго, усе крайнасьці сыходзяцца: не існуе мяжы між шаленствам і розумам, між сьмехам і жахам, між жыцьцём і сьмерцю—адвечныя Коэнаўскія тэмы. Адная й тая ж пасьлядоўнасьць падзей можа мець тысячы магчымых тлумачэньняў—у залежнасьці ад таго, што робіцца за сьценкай, надвор’я і іншых фактараў: такая, на маю думку, сутнасьць творчага мэтаду Коэнаў (як тут не ўзгадаць Кортасара—перадусім, “62. Мадэль для зборкі”). Абраць між гэтымі тлумачэньнямі найбольш верагоднае можа толькі Бог, сімбалізаваны ў вобразе судзьдзі—але ні ў якім разе не чалавек. Прынамсі, не звычайны, “маленькі”, дурнаваты чалавек, які, нягледзячы на сваю дурасьць, мае сваю годнасьць і верыць у тое, што ягонае існаваньне мае нейкі невядомы яму сэнс... Магчыма, фільм настолькі творча вычарпаў Коэнаў, што “The Ladykillers” яны зьнялі чыста для таго, каб адпачыць і не згубіць спрактыкаванасьць. У фільме йграюць Фрэнсіс МакДорманд, Біллі Боб Торнтан, Скарлет Ёгансон, Майкл Бадалукко і іншыя.

Цікавым, дарэчы, ёсьць і рэжысэрскі дэбют выканаўцы галоўнай ролі Біллі Боба Торнтона “Sling Blade”: там ён таксама выконвае ролю забойцы, і таксама разумова адсталага, толькі нашмат болей. Фільм праблематызуе пытаньні маралі, помсты, магчымасьці чалавечага паразуменьня...

Lost in La Mancha

Цудоўнейшы дакумэнтальны фільм, які паказвае любімага намі культавага Тэрры Гільяма як цалкам зямнога, стомленага і ўжо немаладога чалавека, які сутыкаецца твар у твар зь фізічнай немагчымасьцю зьдзяйсьненьня сваёй даўняй мары: зьняць фільм паводле “Дона Кіхота” ў Эўропе. Акрамя іншага, фільм дапамагае зразумець, чаму так шмат пэрспэктыўных эўрапейскіх рэжысэраў няздольныя супрацьстаяць спакусе зь імем “Галівуд”. Справа ў тым, што “фабрыка мараў” ёсьць перадусім фабрыкай, якая насамрэч здольная ўвасобіць практычна любую мару творцы (практычна любую, бо Гільямавы “Прыгоды барона Мюнгаўзэна” пераўзыходзілі ейны тагачасны ўзровень)—але пры гэтым, на жаль, нашмат часьцей увасабляе мары прад’юсараў. І хаця Йіржы Мэнзэл сьцьвярджае, што абмежаваньні дапамагаюць у творчым працэсе, але фінансавых абмежаваньняў гэта не датычыцца, як паказвае прыклад Тэрры Гільяма. Дзякуючы фільму разумееш, што кіно—гэта ня толькі творчасьць, а часам нават зусім ня творчасьць, а ўсяго толькі рамяство, індустрыя, бізнэс... Наогул, пабыць на здымачнай пляцоўцы з Гільямам, нават ня ў самыя ўдалыя ягоныя моманты—за гэта й Джонні Дэпп (дасьціпны хлопец, між іншым) гатовы даць шмат. “Ці ня лепей пакінуць гэты фільм у сваёй галаве?”, пытаецца Гільям напрыканцы, як быццам абчытаўшыся канцэптуальна-мастацкіх рэцэптаў Ёко Оно. Аднак наўрад-ці зь ім пагодзіцца хтосьці зь ягоных фанатаў: мы лепей дачакаемся “Братоў Грымм”...

Anything Else

З часам усё цяжэй адрозьніваць фільмы Вудзі Алена адзін ад аднаго: спрэс псіхааналітыкі, фрустраваныя комікі, закамплексаваныя гэбраі... Фільм “Anything Else” ёсьць постмадэрновай пэрыфразай фільму “Annie Hall”: наўмысныя паралелі праглядаюць ня толькі ў матывах і дыялогах, але і ў спосабе галоўнага героя зьвяртацца на камэру. Што ж, і ў гэтым ёсьць пэўная самаіронія—ці іронія самаіроніі? Усё адно, застаецца ўражаньне сэканд-гэнду. Як кажа сам Ален, “гумар—гэта тое, за што табе плоцяць”.

In the Cut

Апошні фільм Джэйн Кэмпіён спадабаўся мне больш за ўсё, што я бачыў у ейным выкананьні ад часоў “Піяніна”. Чаму? Сярод іншага—з-за празрыстай мовы, якая дасканала дапамагае нам заглыбляцца ў атмасфэру трылеру. Ня ведаю, ці залічвае сябе Кэмпіён да фэміністак—аднак ейнае саркастычнае, крытычнае стаўленьне да свайго полу, ад цнатлівых панічак да распусьніцаў і мужаненавісьніцаў, дасягае ў гэтым фільме сваёй кульмінацыі. З другога боку, фільм—агромністы, нечуваны і, я б сказаў, незаслужаны камплімэнт супрацьлегламу полу: гнюсным, агрэсіўным, самазамілаваным самцам, якім ужо абрыдла выміраць, і якія вырашылі зноў стацца мужыкамі, з усім уласьцівым ім сэксізмам, фанабэрыяй і непатрэбнай жорсткасьцю. Тым ня менш, і ў гэтага мужчынскага сьвету ёсьць розныя бакі—і моцныя самцы часам без сваіх жанчын цалкам бездапаможныя, як дзеці... А ёсьць сярод іх і вельмі няшчасныя людзі, амаль псіхапаты: хтосьці—ціхі й рахманы, хтосьці—неўтаймаваны й небясьпечны... Але хто ёсьць хто? Ня ўсё так проста, як здаецца на першы погляд. Фільм аздоблены выдатнымі акторскімі працамі Мэг Раян (“Места анёлаў”) і Джэніфэр Джэйсон Лі (“Экзістэнц”, “Кароль жывы”), а таксама выканаўцы галоўнай мужчынскай ролі Майкла Раффало.

 

© Скептык, 2004

HA POCTAHI