Скептык:
З КІНАДЗЁНЬНІКУ (сьнежань 2004)
Anatomie
de l’enfer (“Анатомія пекла”, Катрын
Брэя, 2004)
Фільм Катрын Брэя
“Анатомія пекла”, зьняты ёю паводле ўласнага раману “Порнакратыя”, заслугоўвае
вельмі пільнай увагі. Даўно ня бачыў такога строгага, камэрнага, экспрэсіўнага
фільму, даўно—ад часоў Маргарыт Дзюрас—ня чуў такіх добрых дыялогаў
і маналогаў. У адрозьненьне ад бальшыні бачаных мною ў апошні час фільмаў,
гэты фільм цалкам абавязаны свайму посьпеху тэксту, які ляжыць у ягоным
падмурку, і ўжо ў меншай ступені—адкрытай манэры здымак, якая, паводле
меркаваньня крытыкі, павінна крыху шакаваць гледача.
5х2
(Франсуа Озон, 2004)
Калі пойдзеце ў кіно
на новы фільм Франсуа Озона, не забудзьцеся ўзяць з сабою якую-небудзь
пасудзіну, каб магчы ў яе ванітаваць (альбо whatever you like). Але
памятайце: напрыканцы фільма аўтар прымусіць вас яшчэ і ўсё гэта выпіць,
пад гукі музычкі і ў праменьні закотнага сонца. Калі “Irreversible”
Гаспара Ноэ (таксама апаведзены “ў адваротным кірунку”)—камэдыя жорсткая,
дык “5х2”—камэдыя злосная. Калі “Irreversible” маскіруецца пры гэтым
пад фільм жахаў ці нават трылер, дык “5х2”—пад мэладраму. Калі “Irreversible”
адпачатна й наўмысна стварае ўражаньне мастацкага твору, дык “5х2” імкнецца
стварыць уражаньне банальнай, непрэтэнцыёзнай хронікі. Але ня дайце
сябе падмануць! Озон ведае, што робіць. Што да астатняга, дык, напрыклад,
сцэна сужэнскага згвалтаваньня, аказваецца, можа быць яшчэ больш агіднай,
чым проста згвалтаваньне... Зрэшты, хто калі сумняваўся, што сьвет буржуазнай
сям’і заўжды быў фальшывы й фаршыраваны здрадай? Аб гэтым ведаў ужо
Маркс. Але сьвет, у якім літаральна кожны крок ёсьць faux-pas, а літаральнае
кожнае слова (сама-)падманам—гэта трэба бачыць... Галоўнае—не забудзьцеся
ўзяць з сабою, апроч пасудзіны, і сваю партнэрку. Вынікі такога супольнага
кінавечару могуць быць два: альбо вы ніколі не ажэніцеся, альбо адразу
ж разьвядзецеся. У абодвух выпадках выйграюць абое. У бон вояж!
The
Dreamers (“Летуценьнікі”, Бэрнардо Бэртолуччы, 2003)
Фільм Бэрнардо Бэртолуччы
“Летуценьнікі”, які ёсьць экранізацыяй раману брытанскага пісьменьніка
Гілбэрта Адэйра, вылучаецца перадусім бліскучай імправізацыяй трох маладых
актораў (сярод іх—Майкл Пітт, які зьявіўся ў эпізадычнай ролі ў фільме
“Вёска”) і спробай рэжысэра аднавіць непаўторную й незваротную атмасфэру
Парыжу ўзору траўня 1968 г., якая ў гэтым выпадку падаецца даволі ўдалай.
Як невялікі аматар позьняга Бэртолуччы магу толькі апладаваць.
Exils
(“Выгнаньнікі”, Тоні Гатліф, 2004)
Гэты фільм францускага
рэжысэра цыганскага паходжаньня Тоні Гатліфа атрымаў у Каннах прэмію
за рэжысуру. Фільм—“палатно”, якое зьнятае па-догмаўску проста, затое
маляўніча й экспрэсіўна. Што да ягонага зьместу, дык ён мог бы быць,
магчыма, і больш разнастайным. Ня кажучы ўжо пра аднабокае й пляскатае
ў сваёй сутнасьці абвінавачаньне заходняга грамадзтва, разам зь некаторай
ідэалізацыяй іншай традыцыі й іншай (ісламскай) цывілізацыі. Найбольш
вызначаецца ў гэтым памкненьні 10-хвілінная сцэна экстатычнага магічнага
танцу, якая замест таго каб увесьці гледача ў транс можа ўвагнаць яго
ў сон...
Zatoichi
(“Затойці”,
Такешы Кітано, 2003)
Адзін зь лепшых фільмаў
Такешы Кітано! Думаеце, да прыходу капіталізму й здабыткаў заходняй
цывілізацыі ў Японіі было сумна? Зусім не, усё было амаль тое самае:
казіно, прастытуткі, мафія, адно ў адно як у сьвеце сучаснага кіно,
толькі ў гістарычных дэкарацыях, і нават яшчэ больш цікава... Прыгожа
травэставаны пад традыцыйную японскую культуру сучасны сьвет. А як абыйсьціся
без тыповай для Кітано пастаці вясковага блазна, без уласьцівай усім
ягоным фільмам апантанасьці гульнямі? Адным словам, гэта вам не “Кілл
Білл”...
Adaptation
(“Адаптацыя”, Спайк Джоўнз, 2002)
Фільм Спайка Джоўнза
паводле сцэнару Чарлі Кофмана ёсьць гэткай своеасаблівай процівагай
фільму Джэйн Кэмпіён “In the cut”: ён таксама імкнецца прыцягнуць увагу
да сьвету моцных “мачо”-пчолаў і крохкіх жанчын-кветак, які знаходзіцца
на мяжы вынішчэньня і якому ўласьцівая, разам зь некаторай гвалтоўнасьцю,
і свая адметная, непаўторная прыгажосьць. Пры гэтым трэба сказаць, што
са структуральнага й мастацкага гледзішча фільм не прыносіць нічога
такога, што б прынцыпова адрозьнівала яго ад Кофманава дэбюту “Ў целе
Джона Малковіча” ў лепшы бок. Тая ж аўтабіяграфічнасьць (паралель з
“8 з паловай” Фэліні—відавочная), тая ж зьяднанасьць фікцыі й сапраўднасьці.
Катастрафічны ва ўсіх сэнсах фінал гаворыць шмат аб чым і весьціць хуткае
вычарпаньне Кофмановых ідэяў.
Eternal
Sunshine of the Spotless Mind (“Вечнае сьвятло незаплямленай
думкі”, Мішэль Гондры, 2004)
Яшчэ адзін сцэнар
Чарлі Кофмана, зьняты Мішэлем Гондры (дарэчы, рэжысэрам кліпаў Бьёрк)
з удзелам Джыма Кэрры і Кэйт Ўінслэт—на маю думку, поўнае фіаско. Замест
дасягненьня некаторай камэрнасьці і інтымнасьці, да якой, мне здаецца,
імкнуліся творцы, дасягаецца эфэкт цалкам адваротны: галава галоўнага
героя, якая дагэтуль была проста сьметнікам, ператвараецца ў прахадны
двор. Патэтыка, сэнтымэнтальнасьць, нюні, пачуцьцёвая парнаграфія—усё
гэта пад выглядам экскурсу ў “нутраны сьвет”, ад банальнасьці якога
хочацца ажно плакаць. Мэладрама, дый годзе.
Coffee
& Cigarettes (“Кава і цыгарэты”,
Джым Джармуш, 2004)
Апошні фільм Джыма
Джармуша балянсуе на мяжы між абсурдам і марнымі ды пакутлівымі патугамі
падацца сьмешным, між прадуманай іранічнай самастылізацыяй і безгустоўным
кічам. Безумоўна, заслугоўваюць увагі эпізоды з удзелам Іггі Попа і
Тома Ўэйтса, Кэйт Бланшэт, Альфрэда Моліны—калі ў выпадку двух першых
гаворка йдзе пра выдатную акторскую працу двух аматараў (але не пачаткоўцаў),
дык у выпадку двух апошніх выкананьне іхных роляў—проста прафэсіяналізм,
ня больш, але й ня менш. На жаль, гэтыя эпізоды ўдаюць сабой недзе траціну
ўсяго фільма. Усё астатняе—эцюды ў стылі даволі плоскіх анэкдотаў, якім
бракуе імправізацыі, і якія ёсьць залішне наўмыснымі, стылізаванымі,
афэктаванымі. Хто не пагодзіцца, што “Blue in the face”, зьняты Гарві
Кайтэлам і Полам Остэрам літаральна за пару дзён у перапынках між здымкамі
“Smoke”, быў лепшы? У тым ліку—лепшы за сам “Smoke”...
The
Others (“Іншыя”, Алэхандро Амэнабар, 2001)
Як ува ўсіх сваіх
фільмах, Амэнабар напоўніцу выкарыстоўвае сімбалічны патэнцыял здыманай
ім рэчаіснасьці. Як кажа ён сам, “я люблю мэтафары”—у чым-чым, а ў адсутнасьці
алегарычнага падтэксту яго ніколі не папракнеш. Хаця камусьці можа падацца,
што ў выпадку “Іншых” гэтая мэтафарычнасьць ёсьць, можа, крыху залішне
празрыстай, таму мы нават ня будзем тут запыняцца з мэтай ейнага разбору.
Адзначым іншае: без сумленнай акторскай працы Ніколь Кідман і без напісанай
самім Амэнабарам музыкі наўрад-ці ў фільме знайшлося б штосьці з мастацкага
гледзішча інспіратыўнае. Асабліва ўражвае бескампаміснае абыходжаньне
з гукавай стужкай, нібы наўмысна створанай з улікам магчымасьцяў “мультыплексаў”:
гукі з “рэальнага” сьвету, якія турбуюць жыцьцё трох няшчасных прывідаў,
маюць прынамсі ў два разы большую гучнасьць, чымся тыя, што выдаюць
яны самі. Чым перасьледуюцца дзьве мэты: напалохаць гледача і адначасова
зрабіць яму намёк наконт нерэальнасьці таго, што адбываецца на ягоных
вачах. Як бы там ні было, ільга сказаць, што “Іншыя”—трэці й на сёньняшні
дзень пакуль што найбольш слабы фільм Амэнабара. Спадзяюся, што ягоная
апошняя стужка “Нутраное мора” з Хав’ерам Бардэмам у галоўнай ролі атрымала
свой “Залаты глобус” за лепшы замежны фільм заслужана.
©
Скептык, 2005
