Той,
хто бачыў фільм Франко Дзэфірэллі “Гамлет” з Мэлам Гібсонам у галоўнай
ролі, дакладна памятае зь яго прынамсі адну сцэну—сцэну забойства Клаўдыя,
найбольш экспрэсіўную сцэну фільма. Дарэчы, Дзэфірэллі (аўтар фільмаў
“Ромэо і Джульета”, а таксама— “Ісус з Назарэту”, 1977г.) належыць да
найбольш вострых крытыкаў апошняга фільма Мэла Гібсона “The Passion
of the Christ”, які ён назваў “крокам на некалькі год назад” у адлюстраваньні
абранай тэмы. Для каталіка Гібсона Гамлет, мажліва—недастаткова складаная
пастаць, а вось Ісус Хрыстос (якога ён, трэба яму падзякаваць, вырашыў
ня йграць сам, бо занадта б ён нагадваў Ўіл’яма Ўоласа зь фільму “Адважнае
сэрца”)—гэта ўжо пакутнік сур’ёзнага плану. На Хрысьце Мэл Гібсон сапраўды
адарваўся! Бадай, нават Понтый Пілат ня быў такі жорсткі... Магчыма,
Гібсон папросту ненавідзіць Хрыста, які змушае яго йграць на грамадзкасьці
ролю дэвотнага каталіка? А можа, гэта проста варыянт порна для садамазахістаў
з каталіцкіх кляштараў? Невядома. Праўда тое, што фільм пабудаваны на
эстэтыцы натуралізму, хаця дэталі там адпавядаюць зусім не гістарычнай
рэчаіснасьці, як імкнецца даказаць Гібсон, а агульнапрынятым (царкоўным)
уяўленьням аб ёй. Той, хто бачыў “Эвангельле ад Мацея” Пазоліні, можа
з настальгіяй узгадваць аб залатых часох 60-х гг., калі фільмы духоўнага
зьместу й на такі ж сюжэт ільга было здымаць іначай. Галоўнае: толькі
не давайце Мэлу Гібсану здымаць кнігі Старога Закону! Іначай у Амэрыцы
ня хопіць кечупу, нават калі прэзідэнтам зробіцца наш фаварыт Джон Гайнц-Керры.
З
прагледжаных у апошні час, але бадай ужо ня новых фільмаў магу парэкамэндаваць
“Басэйн” Франсуа Озона, рэжысэра “8-мі жанчын”—і ня толькі з-за прывабных
абрысаў Людывін Санье, але і з-за класічна пабудаванай фабулы (фільм
ёсьць экранізацыяй аднайменнага раману Мэры Робэртс Райнгарт), спакойнага
тэмпу апавяданьня, сумленнай працы з камэрай, адсутнасьці ўсялякай стылізацыі—усяго
таго, чым заўсёды вылучалася добрае эўрапейскае й перадусім францускае
кіно, і чаго заўжды бракавала Галівуду.
Акрамя
таго, прыемна зьдзівіў францускі мультфільм “Трыо з Бэльвілю”, перадусім—высокай
тэхнікай анімацыі, якая стваралася рэжысэрам Сільвэнам Шомэтам паводле
традыцыйнага мэтаду, амаль без дапамогі кампутара. Фільм—мэланхалічная
сатыра ня толькі на Бэльвіль-Амэрыку, але й на саміх французаў, зь іхнай
любоўю да саміх сябе, увасобленай тут у няздольнасьці францускіх эмігрантаў
жыць бяз “Тур дэ Франс”...
Тэрры
Гільям працуе над мантажом свайго новага фільма “Браты Грым”, які здымаўся
ў Празе на Баррандове. У фільме сярод іншых граюць Мэт Дэймон, Джонатан
Прайс, Пэтэр Стормарэ й Моніка Бэлуччы. Спадзяваймася, што гэты фільм
прынясе нам новую прыгожую казку-прыпавесьць, гэтым разам—аб прыродзе
жаху, а Гільяму—сякія-такія грошы, а разам зь імі й шанец на заканчэньне
свайго папярэдняга праекту, фільму “Страчаныя ў Ла-Манчы” паводле Сэрвантэсавага
“Дона Кіхота”.
Том
Тюквэр зьбіраецца здымаць фільм паводле слыннага раману Патрыка Зюскінда
“Парфума”! Ура! Жыве Жан-Баптыст Грынуй, мой улюбёны літаратурны герой!
Фільм
“Дзікія”, які шырока прапагандуе газета “Навінкі”, ёсьць, на маю думку,
гэткім больш жорсткім варыянтам праграмы “Сам сабе рэжысэр”: нягледзячы
на выразны й не зусім сьвежы прысмак постмадэрнізму, ён наўрад-ці мае
шанцы атрымаць які-небудзь прыз на якім-небудзь кінафэстывалі. Самае
сьмешнае, што аналагічны сэрыял паказваюць цяпер па буржуазным і разьлічаным
на цінэйджэраў MTV: сэрыял быў зьняты ў 2000 г., і адным зь ягоных творцаў
зьяўляецца ніхто іншы, як Спайк Джоўнз (“У скуры Джона Малковіча”, “Адаптацыя”).
Адбываюцца там падобныя рэчы: людзі разьбіваюць сабе галовы, даюць кусаць
сябе кракадзілам і г.д.—спэктр трукаў, карацей кажучы, крыху шырэйшы,
чымся ў навінкаўскім фільме. Затое назва, бадай, больш адпаведная: “Jackass”,
“Асёл”. Веру, што й іншыя праекты Спайка Джоўнза дачакаюцца калі-небудзь
сваіх беларускіх "рымэйкаў". Жыве вольнае кінамастацтва!