S’io
credesse che mia risposta fosse
A persona che mai tornasse al mondo,
Questa fiamma staria senza piu scosse.
Ma perciocche giammai di questo fondo
Non torno vivo alcun, s’i’odo il vero,
Senza tema d’infamia ti rispondo.
Dante
Ну
што ж, час нам ісьці з табой,
Як што ўжо вечар выпрастаў па-над зямлёй
Цела, нібыта хворы пад анэстэзіяй;
Хадзем, скрозь шэраг пэўных вуліц паўпустых,
Што дражняць слых
Рэхам начэй, праведзеных у танных
Гатэлях, пыльных залях рэстаранных:
Вуліц, што цягнуцца зацяглым тлумачэньнем
Схаванага памкненьня
Цябе прымусіць нечакана запытацца...
О, не пытайся “Штосьці
Ня так?”—хадзем у госьці.
Туды,
дзе дамы ўзад і ўперад крочаць
І пра Мікэля Анджэла балбочуць.
Жоўты
туман, што сьпіну чухае аб шыбы,
Жоўты туман, што пыцак чухае аб шыбы,
Па-над калюжынамі ўзяў хвіліну спыну,
Рагі вячэрніх вуліц аблізаўшы, нібы
Той кот, падставіў чэрні коміннае сьпіну,
Сьлізнуў удоўж гаўбца, раптам скакнуў,
І ўбачыўшы цяпло кастрычніцкае ночы,
Згарнуўся па-над домам і заснуў.
І
сапраўды, ён яшчэ мецьме час,
Той жоўты дым, паўзьці ўдоўж тратуару
Й аб шыбы вокнаў чухаць сваю сьпіну;
У нас шчэ будзе час, шчэ будзе час
Надаць падобны іншым тварам выраз твару:
Час будзе на стварэньне й на забойства,
На дні й турботы, калі жэст уздыме
Пытаньне й плясьне ў суп перад табой, на
Нас з табой, мы яшчэ мецьмем час
Стакроць узьняць і апусьціць пагляды,
Пераразгледзець нашыя пагляды,
Пакуль не пададуць нарэшце чай.
Туды,
дзе дамы ўзад і ўперад крочаць
І пра Мікэля Анджэла балбочуць.
І
сапраўды, мы яшчэ мецьмем час
Сябе спытацца “Ці магу я? Ці я здольны?”,
Час, каб вярнуцца, каб спусьціцца ўніз па сходнях
Зь бліскучай лысінай на галаве замест паходні—
(Скажуць: “Зірніце, як ягоны волас парадзеў!”)
У фраку, чый каўнер ня дасьць панікнуць барадзе,
З прыцятым шпількай гальштукам, набытым кагадзе—
(Скажуць: “Зірніце, як ён целам пахудзеў!”)
Хто даў дазвол мне
Асновы сьвету ператруcваць?
Адной хвіліны дастаткова,
Каб вырашыць, а праз хвіліну зноўку перадумаць.
Бо
мне яны добравядомыя занадта—
Гэтыя раніцы, абеды, вечаровыя забавы,
Я вымераў сваё жыцьцё лыжкай ад кавы,
Быў слуханьнем прыцішаных размоў заняты
Ў пакоі за сьцяной, на тле мэлодыі павольнай.
Няўжо ж я здольны?
Бо
мне яны добравядомыя занадта—
Вочы, што бачаць вас, як фармулёўку,
Дык што, вачыма гэтымі прыбіты на сьцяну
Замест засушанай інсэкты-экспаната,
Зьнянацку я пачну
Выплёўваць дзён уласных недапалкі на падлогу?
Няўжо ж я здольны?
Бо
мне яны добравядомыя занадта—
Рукі ў браслетах, зь белай скурай, без валос
(Пад лампай бачны сьветлага пушку нанос).
Няўжо парфума на сукенцы ці спадніца
Мяне змушае з панталыку зьбіцца?
Рукі, што на стале ляжаць, ці хустку цёгаюць зацята.
Няўжо ж я здольны?
Як я пачну?
. . . . . . . . . . . . . . .
Скажу,
я на сутоньні крочыў вуліцаю вузкай
І назіраў, як уздымаецца дым зь люлек
Халасьцякоў, што выглядаюць з вокнаў у кашулях?...
Я б мусіў быць парай загнутых кіпцяў
І сьлізгаць па паркету сьцішанага мора.
. . . . . . . . . . . . . . .
А
ўдзень і ўвечары ён сьпіць гэтак рахмана!
Ўлагоджаны маймі даўгімі пальцамі,
Ён хоча спаць... стаміўся... ці гуляецца
Тут, на падлозе, каля сваіх пані й пана.
Ці трэба мне знайсьці, пасьля дэсэрту й чаю, моц
І момант, і сябе перабароць?
Аднак хоць я і плакаў, і пасьціўся, і жагнаўся,
Хоць бачыў голаў свой (часткова лысы) на талерцы,
Я не прарок—у паняверцы
Я ўбачыў маёй велічы перадсьмяротнае мігценьне,
І вечны Лёкай рукава майго даткнуўся—карацей, я
Пералякаўся.
Дый
ці ёсьць сэнс у гэтым, сапраўды,
Пасьля дэсэрту, чаю, мармэляды,
Сярод гаворкі звыклай, парцаляны,
Ці варта так зьнянацку
З усьмешкай абкусіць размовы нітку, ды
Сусьвет ператварыўшы ў мячык, цацку,
Пачаць куляць яго да агаломшнага пытаньня,
Сказаць: “Я—Лазар, я—былы нябожчык,
Які паўстаў, каб высказаць усё табе і ўсім,”—
Каб потым мусіць да яе сядаць на ложак
Са словамі: “Я меў на ўвазе іншае зусім,
Усё ня так зусім.”
Дый
ці ёсьць сэнс у гэтым, сапраўды,
Ці варта так зьнячэўку,
Пасьля закотаў сонца, дворыкаў і вуліц мокрых,
Раманаў, чаю, па падлозе шпацыроў спаднічных—
Пасьля ўсіх гэтых рэчаў, і шматлікіх іншых?—
Не, немагчыма вымавіць, што я хачу сказаць!
Маўляў ліхтар чароўны нэрвы ўзяўся казытаць:
Ці ёсьць у гэтым сэнс,
Калі пасьля, паправіўшы падушку, адшпурнуўшы хустку,
Ці стаўшы тварам да вакна, усё адно сказацьмеш:
“Гэта ня тое ўсё зусім,
Я меў на ўвазе іншае зусім.”
. . . . . . . . . . . . . . .
Не,
я ня Гамлет, дацкі прынц, ані ня мог ім быць:
Я—шляхціц пры двары, якога прызначэньне—
Пачаць сцэну ці дзьве, прысьпешыць заканчэньне,
Даць раду прынцу; лёгкі ў карыстаньні
Інструмант, рады некаму прыдацца,
Абачлівы, старанны, красамоўны,
Чульлівы, але часам павярхоўны,
Часта папросту сьмешны, што хавацца,
Блазан амаль, часамі.
Старэю...
Веку нельга ўбараніцца...
Хутка ўжо прыйдзецца падкасваць нагавіцы.
Ці
трэба на прабор пачаць расчэсваць валасы? Ўзяць персік
ці ня ўзяць?
У белых фланэлёвых строях ля вады шпацыраваць
Пайду—туды, дзе сьпеў русалак да саміх сябе чуваць.
Ня думаю, каб хтосьці зь іх зьвяртаўся да мяне.
Я
бачыў, як яны імчаліся верхам на хвалях,
Назад зачэсваючы белых грываў пасмы,
Што вецер з чэрані глыбіняў выдзьмуваў. На час мы
Спыніліся
ў марскіх пакоях, там, на дне
Ў русалак, увабраных водарасьцямі—ды ўчулі
Людзкія галасы: прачнуліся ад іх і патанулі.
Прэлюдыі
І
Зімовы
вечар пахам мяса
Сыйшоў на вуліцы й завулкі
А шостай.
Недапалкі дзён дымяцца,
І брудны дождж журботны
Сапрэлую аблець
Імкнецца наляпіць табе на боты
Разам з газэтамі, прынесенымі з пусткі,
Працягвае грымець
Па стрэхах і вакне другія суткі,
А на рагу фурманскі конь самотны
Перамінаецца з падковы на падкову.
І ліхтары запальваюць патроху.
ІІ
Ранак
прыходзіць у прытомнасьць
Ад піўнага ледзь чутнага смуроду,
Што выпарае вуліца, пасыпаная стружкай,
Поўная ног запэцканых, што топчуць
Шлях да кавярняў раньніх.
Выконваючы рухі
Адноўленага часам маскараду,
Ты думаеш пра тыя ж намаганьні,
Зь якімі ў тысячах такіх пакояў рукі
Ўздымаюцца, і цені таньчаць ззаду.
ІІІ
Ты
коўдру з ложку скінула, лягла
На сьпіну й пачала чакаць чагосьці;
Заснула, й ноч табе зьявіла вывід
Тысячы страшных вобразаў, якія
Ў сукупнасьці душу тваю ўтваралі;
Пад стольлю мітусіўся іхны прывід.
Калі ж зноў да цябе вярнуўся сьвет,
Сьвятло прадралася паміж тваіх фіранак
І голас вераб’ёў напоўніў ранак,
Твар вуліцы ты ўгледзела такі,
Ў якім яна сябе ніколі б не пазнала.
Утульна седзячы на ўскрайку ложку,
Ты валасы выпроствала патрошку
З паперак, ці сядзела, ўзяўшы ступакі
Ў абедзьве заскарузлыя рукі.
IV
Ягоная
душа зраслася зь небам,
Што чэзьне па-над стрэхамі квартала,
Ці то яе грамадзтва а чацьвертай,
А пятай ці а шостай затаптала;
Тытунь піхаецца рукой квадратнапалай,
Вячэрнія газэты, сум старэчых,
Вачэй, запэўненых у пэўных рэчах:
Сьвядомасьць вуліцы, турботамі зацертай,
Увесь вакольны сьвет зьмясьціць імкнецца.
Я апантаны ўявай, што гарнецца
Да гэтых вобразаў маёй маркоты:
Уявай нейкае бясконца далікатнай,
Бясконца шматпакутнае істоты.
Выцеры
рот рукой і сьмейся: сьветы
Варочаюцца, бы старыя бабкі,
Што падбіраюць паліва на пустках.
Раніца
ля вакна
Грукат
талерак ад сьняданку чутны з кухняў
Першых паверхаў; водлуг абабітых тратуараў
Я заўважаю ўгнутыя, сьлізкія душы пакаёвак,
Што вырастаюць ля калітак навакольных.
Хвалі
туману бруднага выносяць да мяне
Абліччы скрыўленыя з вулічнага дна,
І вырываюць у кабеты ў бруднае спадніцы
Ўсьмешку бязмэтную, што ў вышыні лунае
Й зьнікае ў небе па-над краем стрэхаў.
Дух неўміручасьці
Вэбстэр пра сьмерць не забываў:
Пад кожнай скурай бачыў чэрап,
І зараз жа мярцьвяк яму
Ва ўсьмешцы рот бяз вуснаў шчэрыў.
Нарцысы
белыя замест
Вачэй з вачніцаў пазіраюць!
Ён ведаў: думкі душаць плоць,
Пачуцьці й жарсьці прытупляюць.
Такі
ж і Донн, напэўна, быў,
Што пасьля жонкі не знаходзіў
Іншай, каб мацаць, лашчыць, мець;
Розум узбуджаны выводзіў
Пакуту ў цемры пад зямлёй,
Трымценьне прагнае шкілета:
Ніводны дотык палкіх рук
Не суцяшаў тугі паэта.
.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Грышкіна—гожая,
абрыс
Рускіх вачэй падмаляваны.
З-пад вопраткі празрыстай бюст
Кліча да пухкае нірваны.
Гэтак
бразільскі ягуар
Малпу ў засадзе выглядае,
Й кацячы вылучае дух;
А Грышкіна—пакойчык мае,
Але
ж бразільскі ягуар,
Пры ўсёй павазе да яго, не
Сьмярдзіць адштурхна так катом,
Як пані Грышкіна ў салоне.
Але
й Абстрактныя Стварэньні
Ходзяць навокал ейных чрэслаў;
Наш гад віецца паміж рэбраў,
Каб мэтафізіка ня счэзла.
Падарожжа магаў
“Сустрэў
нас холад,
Найгоршы года час
Для падарожжа, пагатоў такога
Доўгага: шлях бязьлюдны, жорсткае надвор’е,
Мёртвая глыб зімы.”
Вярблюды ледзьве йшлі, нацершы мазалі, упарта
Клаліся ў талы сьнег.
Былі часы, калі нам не ставала
Летніх палацаў на калюмнах і пакінутых тэрасаў,
Вытанчаных дзяўчат, што нам прыносілі шэрбет.
Пагоншчыкі злавалі, енчылі й нарэшце
Ўцяклі да іхных п’янкіх напояў і жанчын,
Нам ж бракавала паліва і не было прытулку—
Месты варожыя, няветлыя мястэчкі,
Брудныя вёскі з коштамі ў тры скуры:
Цяжкім для нас быў шлях.
Урэшце вырашылі мы ісьці ўсю ноч,
Дрымаць урыўкамі,
І ў сьне мы чулі сьпевы галасоў аб тым,
Што ўсё гэта—бязглузьдзіца.
Потым
на досьвітку прыйшлі мы ў цёплую лагчыну
Вільготную, па-за адвечным сьнегам, з водарам расьлінаў,
Ручай струменіў там, млын разганяў змрок ночы,
І тройца дрэў расла на тле нізкага неба,
І белы конь стары скакаў у далеч па палетку.
Так мы прыйшлі ў карчму зь віннай лазой па-над дзьвярыма,
Шасьцёра рук пры іх гуляліся на срэбра ў косткі,
І ногі п’яніцаў пустыя вінныя мяхі піхалі.
Але ніхто нічога там ня ведаў, так што мы
Пайшлі далей, і на сутоньні дасягнулі месца
Ў апошні момант—ледзь знайшлі; і тое дзякуй, як тут кажуць.
Усё
гэта было, памятаю, таму шмат часу,
І я б зрабіў зноў тое самае, дакладна, толькі
Зазначце
Вось што: гэты шлях нас вёў да
Нараджэньня альбо Сьмерці? Нам вядома, што
Тады быў нарадзіўся Нехта, без сумневу. Я сам бачыў
і сьмерць, і нараджэньне,
Але лічыў іх рознымі; а тое Нараджэньне
Было для нас як цяжкая агонія, як Сьмерць, нашая сьмерць.
Мы ўсе вярнуліся дамоў, у нашыя Ўладаньні,
І больш сабе тут не знаходзім месца, у ранейшым бестурботным
Жыцьці сярод чужынцаў, што багоў сваіх зьбіраюць па дэталях.
Калі сьмерць прыйдзе зноў, я буду шчасны.
Відарысы
І.
Нью-Гэмпшыр
Аранжэрэя,
крык дзіцячы ў час
Між красаваньнем і зьяўленьнем плёну:
Барвовая і залатая квецень,
Штосьці сярэдняе між хвосьцікам і коранем.
Чорна-гнядое крыльле прэч лунае;
Дваццаць гадоў—і ўжо вясна мінае;
Заўтра туга такая ж, як і сёньня—
Схавай мяне надзейна, лісьця сонца;
Галоўка залатая, чорнае крыло,
Трымай, люляй
Нас, май, сьпявай,
Разгойдвайся на яблыневым дрэве.
ІІ.
Вірджынія
Вір
чырвані, вір чырвані,
Паволі хвалі ў цішы сьпёчнай
Сплываюць: у ракі даволі волі
Для цішы. Ці абудзіць сьпёку
Самотны голас кнігаўкі
Далёкай? Ўзгоркі ў навакольлі
Чакаюць. Шлях чакае. Дрэвы
Барвовыя і белыя, чакаюць,
Адклад, расклад. Жыцьцё, жыцьцё,
Вечны спакой. Адвечны неспакой
Жалезных думак тут са мной зьявіўся
Й са мной сыходзіць:
Вір, чырвоны вір, вір, вір.
ІІІ.
Аск
Галінкі
рэзкім рухам не зламі,
І не шукай
Аленя белага па-за бялюткаю ракою.
Убок зірні, ды не крані крый божа зброю:
Хай сьпіць старых дзівосаў вока,
“Заглыбся ў глыб, але не заглыбока”,
Зірні ўгару,
Дзе ўсе шляхі пачатак свой бяруць
І дзе сканчаюцца: імкніся
Туды, дзе шэр сьвятла й зелень нябёс зьліліся,
Дзе шэпт паломніка, адлюдніка капліца.
ІV.
Рэннох, ля Гленкоў
Тут
згаладаў крумкач, алень цярплівы
Расьце для рулі. Між балотам мяккім
І мяккай фарбай неба, мала месца
На скокі ці палёт. Рэчыва крышыцца, у тонкім
Паветры—месяц памяркоўны. Дарога
Ўшрубоўваецца ў млосьць даўняй вайны,
Мляўкасьць іржавай сталі,
Сумятню гучную граху, што ў цішы
Затоена. Памяць трывае
Даўжэй за плоць. Хай гонар зруйнаваўся—
Цень гонару даўгі, у вузкае цясьніне
Сапраўднасьці няма месца касьцям.
V. Кэйп Энн.
О,
чуй чуй чуй чуй чуй сьпеў вераб’я,
Балотнага, вячэрняга лісьціўліца-вераб’я,
На досьвітку і ў прыцемках. Цікуй за танцам
Сьвітальнага шчыгла. Ня грэбуй шанцам
Паслухаць сарамліўца-салаўя. Вітай
Вісклівым сьвістам ноты перапёлкі белай,
Затоенай у лаўры. Назірай
Сьляды дразда ўдоўж берагу, кроч за палётам
Стралы, бурае ластаўкі. Вітай
У цішы каршуна начнога. Іхную слодыч пі пі пі,
Ды саступі нарэшце гэты край
Уласьніцы сапраўднай, морскай чайцы—
Бо перамовы скончыліся.
Да
аднаго пэрсідзкага ката
Лунаюць
песенькі паветра
Па-над палямі Рассэл-сквера,
Ня сьпяць употай пад лістотай
Мазгі тупыя, лёзы жарсьцяў,
Востры пагляд Мядзьведзянятка.
Няма палёгкі—у пакуце толькі.
Калі ж суціхне сэрца праца?
Калі ланцуг пачне ірвацца?
Чаму даўжэе дзень улетку?
Калі ўвесь Час ульецца ў Лету?
Да
Кускускараўэя і Мірзы Мурада Алі Бека
Як
нядобра спаткацца са спадаром Эліётам!
З тым абліччам ягоным дэвотным,
З пахмурным брывом,
З падцятым іртом,
І манэрай размовы, што зводзіцца
Да “Мажліва”, “Напэўна”, “Мне мроіцца”,
“Але”, “У выпадку”, “І потым”.
Як нядобра спаткацца са спадаром Эліётам!
У футры махнатым
Крочыць зь цюцькам куртатым,
З парпэнтынскім катком,
Вепсавым каптурком.
Як нядобра спаткацца са спадаром Эліётам!
(Хай з адкрытым ці сьціснутым ротам.)
Кацячыя
ймёны
Кацячыя
ймёны—складаная штука:
Няхай вы й падумалі—“блазан стары!”,
Яны—не забава, а ледзь не навука:
Імёнаў кот мае ў сапраўднасьці ТРЫ.
Спачатку,
імя што ўжывае штодзённа
Ў стасунках з катом найбольш часта сям’я:
Пятро, Аўгустын, Джонатан альбо Дзёма—
Звычайнае, сьціплае, проста імя.
Гучаць
яно можа і больш мілагучна:
Электра, Платон, Амэтыст, Даміян,
І быць для сэньёраў ці дамаў выключна,
Але гэта ўсё яшчэ проста імя.
Таму
дадаткова кату патрабуецца
Імя, каб падкрэсьліць, што ён—ягамосьць,
Імя, ад якога кот з гонару ўзьдзмуецца,
Вусы натапырыць і выпушыць хвост.
Імёнаў
такіх я назваць магу кворум:
Кўаксо, Кухтамыш, альбо Бамбалурын—
Такому кату выйсьці ў людзі ня сорам,
Бо зь імем такім ён у сьвеце адзін.
Але
існуе яшчэ, каб не забыцца,
Імя, што зусім невядомае нам,
І гэтага трэцяга ймя таямніцу
Ва ўсім сьвеце толькі КОТ ВЕДАЕ САМ!
Калі
кот быў вамі засьпеты ў прастрацыі
Й глыбокай развазе ўжо безьліч разоў,
Дык ведайце: ён проста ўзважвае рацыі,
Ён думае, думае зноў ды ізноў
Пра свой невымоўны няўмоўны свой поўны
Свой неманімоўны
Саманазоў.
Макавіты—таемны
кот
Макавіты—таемны
кот зь мяном “Злачынны Дух”:
Ён майстар парушаць закон, ён у падманах зух.
Для Скотлэнд Ярду цэлага ганебны ён хамут:
Куды ні ймчыць паліцыя—Макавіты ня тут!
Яшчэ
такога злодзея нідзе вы больш ня знойдзеце,
Бо пераможа нават і зямны цяжар Макавіты.
Факір індыйскі дзівіцца: вось гэта шалапут!
Паліцыя спазьнілася, Макавіты—ня тут!
Схаваўся ён альбо растаў, няздольны спраўдзіць суд:
Ізноў я паўтараю вам, Макавіты ня тут!
Яго
заўжды пазнаеце: ён колерам руды,
З вачамі ўглыб запалымі, высокі і худы.
Глыбокадумна хмурыцца ў яго высокі лоб,
Вусы даўно ня чэсаны, у плямах гардэроб.
Голаў-цікун вагаецца, бы ў кобры, з боку ў бок,
Ён сьпіць ужо, вы лічыце, а ён зьнянацку—скок!
Такога
чорта-злодзея ня бачыў у прыродзе я,
Ніякія абставіны ня стрымваюць Макавіты.
На вуліцах крыжуецца ягоны й ваш маршрут,
Ды дзе злачынства здарыцца—Макавіты ня тут!
Паважна выглядае ён. (Ды ў картах ён махляр.)
Ня ведае ягоныя прыкметы Скотлэнд-Ярд.
Дзе грошай назапашваньняў, прысмак—як не было,
Дзе малако ўсё выпілі, пабілі ў садзе шкло,
Дзе мопсіка пакрыўдзілі—зірніце, проста цуд!
Верыць вачам ня хочацца—Макавіты ня тут!
Калі
згубіў дакуманты міністр замежных спраў,
Ці ў адмірала тайныя рысункі нехта скраў,
Што знойдуцца запханымі пад лесьвіцай у кут—
З каго цяпер спытаесься? Макавіты ж ня тут!
Пакажуць нам сакрэтныя агенты спрытны клёк:
“Тут мусіў быць Макавіты—інакш бы ён ня ўцёк!”
А той—за міляў тысячу якіх, даўным-даўно
Аблізваецца, лічачы прыдбанае майно.
Ну дзе такога злодзея яшчэ ў прыродзе знойдзеце?
З астатнімі катамі ты лепш не раўняй Макавіты.
Заўсёды мае алібі ці два той баламут,
Дзе што якое станецца—МАКАВІТЫ НЯ ТУТ!
Я ведаю, што іншыя падобныя каты
(ўсе тыя Любаздраднікі ды Адарвіхвасты)
Ўсе ёсьць марыянэткамі, якія водзіць ён:
Злачынства міжнароднага ўладар-Напалеён!
Як
пазнаёміцца з катом
Вы
шмат пазналі пра катоў,
Пра іх натуру—пагатоў.
Навошта ж пасярэднік вам,
Каб стацца сябраю катам?
Вы ж зразумелі: кот—жывы
Спакмень, такі ж, як я ці вы,
І нораў мае, як і тыя,
Чые галовы не пустыя.
Зь іх хтосьці цямкі, хтосьці дурань,
Сваёй кацячаю натурай
Хтосьці зь іх горш, а хтосьці лепш—
Аб кожным скласьці можна верш.
Спазнаўшы іхны быт штодзённы,
Мы іхныя ўзгадалі ймёны,
Ды аб адным ня ўзгадваў том:
Як пазнаёміцца з катом?
Раю
заўсёды напярод
Вам помніць: НЕ САБАКА КОТ.
Сабака
выглядае, быццам
Любіць брахаць, кусацца, біцца,
І хоць ня так гэта, аднак
Сабака розумам—прасьцяк.
Канечне, мопсы й пудзялі мы
З гэтага ліку аддзялілі.
Звычайны вулічны сабака—
Гэта нязмушаны крыўляка,
Што велькай годнасьці ня мае—
Ён кожнаму хвастом віляе.
Варта яго паказытаць,
Альбо за лапу патрымаць,
Альбо папляскаць па хрыбце—
За вамі ён адразу йдзе.
Такі сабака легкадумны,
Пасябраваць зь ім—невыдумна.
Але
ж сабака вам ня кот—
З катамі ўсё наадварот.
Помні,
перш чым разьзявіць рот:
Адказвай толькі на зварот.
Я сам з тым правілам нязгодны:
Пакліч ката, калі заўгодна,
Ды толькі помні, што каты
Ня любяць лішняй прастаты.
Я сам, адвесіўшы паклон,
Кажу пачцівым галаском:
О, КОТ! Але ж калі мы ёсьць
Суседзямі, і ён мой госьць,
Што нас наведвае часьценька,
Кажу яму я: ПАН КАЦЕЙКА!
Я чуў, што яго клічуць Джым,
Ды мы на “вы” пакуль што зь ім.
Калі ўжо вырашыўся кот
Вам адказаць на ваш зварот,
Яго ўлагодзіць лепшы сродак—
Наліць сьмятаны поўны сподак;
Няблага потым час ад часу
Ікру даваць яму ў паласу,
Паштэт ці смажаную гусь—
У кожнага ката свой густ.
(Я ведаю ката, што ласы
Толькі да заячага мяса,
І лапкі ліжа, мяса зьеўшы,
Каб зьнішчыць поліўку дарэшты.)
Калі катом добра прыйманы
Праявы вашае пашаны,
Тады вы мэты дасягнеце
Й яго па ІМІ назавеце.
Вось
так знаёмяцца з катамі:
Дзейнасьць парады спраўдзьце самі.