Умбэрто Эко

 

МАДЭЛЬНЫ ЧЫТАЧ

(з кнігі “Lector in fabula”, 1979)


 

 

1. Роля чытача

Тэкст, з гледзішча сваёй лінгвістычнай паверхні (альбо праявы), удае сабой ланцуг выразовых артэфактаў, якія павінны быць актуалізаваныя адрасатам. Паколькі ў гэтай кнізе мы вырашылі займацца толькі пісьмовымі тэкстамі (і чым далей, тым болей будзем абмяжоўваць нашыя аналітычныя спробы на мастацкія тэксты) мы будзем адцяпер гаварыць не аб адрасату, а аб “Чытачы”—гэтаксама як будзем аднолькава ўжываць словы Адпраўца і Аўтар дзеля азначэньня вытворцы (produttore) тэкста.

Што да актуалізацыі, дык тэкст зьяўляецца няпоўным, а менавіта зь дзьвюх прычынаў. Першая прыймае да ўвагі ня толькі тыя лінгвістычныя аб’екты, якія мы вырашылі азначаць “тэкстамі”, але любое паведамленьне, улучна з фразамі й ізаляванымі словамі. Выраз застаецца толькі flatus vocis, калі ён не зьвязаны пасярэдніцтвам усталяванага коду са сваім канвэнцыйным зьместам: у гэтым сэнсе адрасат заўсёды выконвае ролю апэратара (неабавязкова эмпірычна існага), здольнага, так бы мовіць, знайсьці ў слоўніку любое сустрэтае слова й карыстацца шэрагам папярэдне існых сінтаксічных правілаў каб даведацца ўзаемазьвязанай функцыі словаў у кантэксту фразы. Такім чынам ільга сказаць, што кожнае паведамленьне пастулюе (прадпісвае) пэўную граматычную кампэтэнцыю з боку адрасата, паколькі яно выдаецца ў пэўнай мове, вядомай толькі адпраўніку—акрамя выпадкаў глосалаліі, у якіх сам адпраўнік імкнецца зрабіць лінгвістычную інтэрпрэтацыю для адрасата немагчымай без удзелу найвышэйшага эмацыйнага імпэту й экстралінгвістычнай падказкі.

Адкрыць слоўнік азначае таксама прыняць шэраг пастулатаў сэнсу: слова ёсьць само па сабе няпоўным, нават калі атрымлівае азначэньне з дапамогай тэрмінаў самага сьціслага слоўніку. Слоўнік гаворыць, што брыгантына—гэта карабель, аднак надзяляе гэты “карабель” іншымі сэмантычнымі свомасьцямі. Гэтая праблема з аднога боку зьвязаная зь бясконцай колькасьцю магчымых інтэрпрэтацыяў (абгрунтаванай Пірсавай тэорыяй інтэрпрэтатараў), з другога боку адсылае да тэматыкі імплікацыі (entailment) і да перадачы неабходных, істотных і пабочных уласьцівасьцяў.

Тэкст, аднак, адрозьніваецца ад выразаў іншага кшталту сваёй нашмат большай складанасьцю. І галоўнай прычынай ягонай складанасьці ёсьць сам той факт, што тэкст пераплятаецца зь несказаным (гл. Дзюкро, 1972).

“Несказанае” азначае нявыяўленае на паверхні, на ўзроўні выразу: аднак менавіта гэтае несказанае павінна быць актуалізаваным на ўзроўні актуалізацыі зьместу. І з гэтай мэтай тэкст, больш выразна за астатнія паведамленьні, патрабуе актыўных высілкаў і сьвядомага супрацоўніцтва з боку чытача.

У наяўнай частцы тэксту—

“Джованні ўвайшоў у пакой. “Дык значыцца, ты вярнуўся!”, радасна ўскрыкнула Марыя”

—відавочна, што чытач павінен актуалізаваць зьмест пасярэдніцтвам складанага шэрагу каапэрацыйных прыёмаў. У дадзены момант мы прапускаем актуалізацыю корэфэрэнцыяў (што азначае, патрэбна ўсталяваць, ці насамрэч “ты” стасуецца да Джованні), але нават гэтая корэфэрэнцыя грунтуецца на базе моўнага правіла, зь якога чытач, пры адсутнасьці альтэрнатыўных тлумачэньняў і ў прысутнасьці дзьвюх дзейных асобаў, робіць выснову, што той, хто прамаўляе, абавязкова зьвяртаецца да таго іншага. Аднак моўнае правіла грунтуецца на яшчэ адной інтэрпрэтацыйнай гіпатэзе, а такім чынам і на пашыральнай апэрацыі, зьдзейсьненай чытачом: на падставе прапанаванага яму тэкста ён вырашыў, што фраза азначае кавалак сьвету, населены дзьвюма асобамі, Джованні й Марыяй, надзеленых свомасьцю знаходжаньня ў адным пакоі. Нарэшце тое, што Марыя знаходзіцца ў тым самым пакоі, што й Джованні, выплывае зь яшчэ адной высновы, да якой вядзе ўжываньне пэўнага артыклю “la”, ці лепей, зьяднанага з артыклем прыназоўніка “nella” (“nella stanza”, “у пакой”): такім чынам, размова ідзе аб нейкім адным-адзіным пакоі. Застаецца пытаньне, ці лічыць чытач дарэчным ідэнтыфікаваць Джованні й Марыю на падставе іхных прыкметаў як істоты зьнешняга сьвету, які ён, чытач, ведае на падставе агульнага з аўтарам досьведу; ці гаворыць аўтар аб невядомых чытачу асобах; і ці цытаваны кавалак тэксту зьвязаны з папярэднімі альбо далейшымі кавалкамі тэксту, у якіх Джованні й Марыя ўжо фігуруюць ці могуць быць ідэнтыфікаваныя на падставе іхных апісаньняў.

Але пакінем, так бы мовіць, без увагі ўсе гэтыя праблемы. Застаецца несумнеўным, што тут уступаюць у гульню таксама іншыя моманты. Перадусім, чытач павінен актуалізаваць сваю энцыклапэдыю, каб зразумець, што ўжываньне дзеяслова “вярнуцца” так ці йначай патрабуе, каб суб’ект перад гэтым знаходзіўся на дыстанцыі (аналіз граматычных тэрмінаў у гэтым выпадку адпавядае ўсталяваньню значаньня назоўнікаў: “вяртаецца” той, хто быў далёка, таксама як “халасьцяк”—гэта дарослы чалавек мужчынскага полу). У наступную чаргу ад чытача патрабуецца здольнасьць зрабіць з выкарыстаньня слова “значыцца” выснову, што Марыя не чакала гэтага вяртаньня, а з прыслоўя “радасна”—здабыць упэўненасьць, што Марыя ў любым выпадку гэтага вяртаньня жарсна прагнула.

Такім чынам, тэкст поўны белых плямаў, прамежкаў, якія трэба запоўніць, і той, хто гэты тэкст стварыў (адправіў, emesso) павінен быў прадбачыць, што гэтыя прамежкі будуць запоўненыя, і пакінуў іх там незапоўненымі зь дзьвюх прычынаў. Перадусім таму, што тэкст ёсьць лянівым (альбо ашчадным) мэханізмам, які жыве з даданага кошту дадатковага сэнсу, дапоўненага самім адрасатам, і толькі ў выпадках скрайняга пэданцтва, скрайняй схільнасьці да ўсётлумачаньня альбо скрайняй рэпрэсіўнасьці тэкст ускладняецца шляхам непатрэбных празьмернасьцяў і спэцыфікацыяў—аднак толькі да той ступені, у якой гэта не парушае правілы нармалёвай прамовы.1 А па-другое—таму, што пераходзячы ад тлумачальнай функцыі да функцыі эстэтычнай тэкст імкнецца перадаць інтэрпрэтацыйную ініцыятыву чытачу, нават тады, калі ён, як гэта звычайна бывае, імкнецца быць інтэрпрэтаваны з пэўнай доляй аднадумства (нядвухсэнсоўнасьці). Тэкст хоча, каб хтосьці дапамог яму функцыянаваць.

Натуральна, тут мы не спрабум падаць тыпалогію тэкстаў паводле іхнай “ляноты”, ці то паводле ўтрыманай у іх долі інтэрпрэтацыйнай свабоды, якую таксама называюць “адкрытасьцю”. Да яе мы вернемся ў далейшым. Але што трэба сказаць адразу цяпер, дык гэта што кожны тэкст пастулюе свайго адрасата ня толькі як неабходную ўмову сваёй канкрэтнай камунікацыйнай здольнасьці, але таксама як неабходную ўмову свайго сэнсавага патэнцыялу. Іншымі словамі, тэкст ствараецца кожным, хто яго актуалізуе—нават калі тэкст не спадзяецца на канкрэтнае і эмпірычнае існаваньне гэтага “кожнага”, альбо не жадае яго.

2. Якім чынам тэкст прадбачыць чытача

Гэтая відавочная перадумова існаваньня тэкстаў як быццам супярэчыць таксама відавочнаму прагматычнаму закону, які на працягу такога доўгага часу здолеў пратрымацца схаваным у гісторыі камунікацыйнай тэорыі, але сёньня ўжо такім не зьяўляецца. Гэты закон лёгка сфармуляваць у адной фразе: Кампэтэнцыя адрасата неабавязкова аднолькавая з кампэтэнцыяй адпраўцы. (...)

Мы сказалі, што тэкст пастулюе саўдзел чытача як перадумову сваёй актуалізацыі. Лепей ільга сказаць, што тэкст ёсьць прадуктам, чыя будучая інтэрпрэтацыя павінна быць часткай самога спараджальнага (generativo) мэханізму: спарадзіць тэкст азначае распрацаваць стратэгію, у якой прадбачаньне хадоў іншых зьяўляецца толькі часткай уласнай стратэгіі. У стратэгіі вайсковай (альбо шаховай—бадай, у стратэгіі любой гульні) стратэг стварае для сябе мадэль сваёго суперніка. Калі я зраблю такі ход, гадаў Напалеён, Вэллінгтон павінен адрэагаваць гэтак. Калі я зраблю такі ход, аргумэнтаваў Вэллінгтон, Напалеён павінен адрэагаваць гэтак. У сапраўднасьці Вэллінгтон стварыў лепшую стратэгію, чымся Напалеён: Вэллінгтон сканструяваў Напалеёна-мадэль, які быў больш падобны да сапраўднага Напалеёна, чымся прыдуманы Напалеёнам Вэллінгтон-мадэль—да рэчаіснага Вэллінгтона. Аналогія можа быць заганнай толькі ў тым выпадку, што аўтар тэксту захоча, каб ягоны супернік выйграў, а не перамог. (...)

Аднак у выпадку вайсковай стратэгіі (у адрозьненьне ад шаховай) магчымае ўмяшаньне выпадковых здарэньняў (напрыклад, няздольнасьць Гроўчы падыйсьці). Тое самае адбываецца ў тэкстах: а што калі Гроўчы вернецца (як ён не зрабіў ля Ватэрлоо), а што калі Дэсэ пасьпее падыйсьці (як здарылася ля Марэнго). Добры стратэг павінен браць у свой разьлік нават гэтыя магчымыя здарэньні. І тое самае павінен рабіць і аўтар тэксту. “Тая затока возера Комо”: ці зразумее мяне чытач, які ніколі ня чуў аб возеры Комо? Я павінен знайсьці спосаб пазьней гэта кампэнсаваць, пакуль што зробім выгляд, што Комо—гэта flatus vocis, як напрыклад Ксанаду. У далейшым варта зрабіць алюзіі на неба Ломбардыі, апавесьці пра Комо, Мілан, Бэргамо, пра геаграфічнае становішча Апэнінскай паўвыспы. Чытач зь недастатковай энцыклапэдыяй рана ці позна будзе падрыхтаваны знайсьці свой шлях да разуменьня.

Пакуль што выснова здаецца простай. Дзеля арганізацыі ўласнай тэкстуальнай стратэгіі аўтар павінен абапірацца на шэраг кампэтэнцыяў (выраз больш шырокі за “веданьне кодаў”) якія надаюць зьмест выразам, якімі ён карыстаецца. Ён павінен меркаваць, што сукупнасьць кампэтэнцыяў, на якую ён спасылаецца, будзе той самай, да якой спасылаецца сам чытач. Такім чынам ён прадбачыць Мадэльнага (Ўзорнага) Чытача (un Lettore Modello), здольнага ўдзельнічаць у актуалізацыі тэксту прадбачаным аўтарам чынам і рабіць тыя самыя інтэрпрэтацыйныя хады, якія рабіў падчас стварэньня тэксту сам аўтар.

Існуе шмат сродкаў: выбар мовы (што відавочна вылучае таго, хто ёю не валодае), выбар пэўнага тыпу энцыклапэдыі (калі я пачну тэкст з “як ясна гаворыцца ў першай Крытыцы...” я ўжо абмяжоўваю, і даволі значна, вобраз майго Мадэльнага Чытача), выбар пэўнага лэксічнага й стылістычнага інструмэнтару... Я магу падаць пэўныя сігналы, якія вызначаюць тып публікі: “Дарагія дзеткі, аднойчы ў адной далёкай краіне...”; магу абмежаваць поле слухачоў з геаграфічнага гледзішча: “Сябры, рымляне, суграмадзяне!”. Шматлікія тэксты робяць свайго Мадэльнага Чытача відавочным, абумаўляючы ў apertis verbis Спэцыфічную энцыклапэдычную кампэтэнцыю (калі мне будзе дазволены скарыстаць такі оксімарон). Каб аддаць пашану шматлікім асьвечаным дыскусіям наконт філасофіі мовы, возьмем урывак з пачатку “Ўэйвэрлі”, чыім аўтарам яўна ёсьць сам аўтар:

“...што б я мог выклікаць у памяці маіх чытачоў з дапамогай такіх рыцарскіх эпітэтаў, як Говард, Мордаўнт, Мортымэр альбо Стэнлі, ці такіх пяшчотных і сэнтымэнтальных гукаў, як Бэльмор, Бэльвіль, Бэльфілд ці Бэльгрэйв, як ня поўныя банальнасьцяў старонкі, чые героі ахрышчаюцца такімі ймёнамі ўжо амаль паўстагодзьдзя?”

І ўсё-ткі ў гэтым апошнім прыкладзе ёсьць штосьці большае. Аўтар з аднога боку наперад пакладае, а з другога—усталёўвае кампэтэнцыю свайго Мадэльнага Чытача. І нават мы цяпер, каму бракуе абазнанасьці з гатычнымі раманамі, якія былі вядомыя чытачам у часы Вальтэра Скотта, маем магчымасьць даведацца, што пэўныя ймёны азначаюць “героя-рыцара”, і што існуюць рыцарскія раманы, населеныя героямі, чые ймёны ў кожным выпадку выдаюць стылістычныя слабасьці гэтых раманаў.

Такім чынам, прадбачыць уласнага Мадэльнага Чытача азначае ня проста “спадзявацца” на ягонае існаваньне, але таксама скіроўваць тэкст да ягонага канструяваньня. Усялякі тэкст ня толькі грунтуецца на пэўнай кампэтэнцыі, але й спрыяе ейнаму стварэньню. Дык значыцца тэкст не такі ўжо й “лянівы”, а ягонае патрабаваньне супрацоўніцтва ня ёсьць такім ужо лібэральным, як можа падацца? Да чаго больш падобны тэкст: да набору для канструяваньня з загадзя зробленымі дэталямі, які называецца “kit” і прымушае карыстальніка, каб той сам стварыў адзін і толькі адзін кшталт выніковага вырабу, не дазваляючы яму магчымых памылак—альбо да “лего”, з дапамогай якога ільга сканструяваць шматлікія адвольныя формы? Ці ёсьць тэкст толькі каштоўнай скрынкай з элемэнтамі нейкага паззлу, пасьля складаньня якога ільга будзе на адлегласьці мілавацца тварам Джаконды, альбо насамрэч ён—нішто іншае, як толькі набор каляровых алоўкаў? (...)

3. “Адкрытыя” й “закрытыя” тэксты

Некаторыя аўтары сыходзяць са спрошчанай камунікацыйнай сітуацыі. Ейную схему яны лічаць апісаньнем шэрагу магчымых, але неабавязковых перашкодаў, якіх ільга пазьбегнуць. Таму яны фіксуюць свайго Мадэльнага Чытача з сацыялагічным нюхам і пры бліскучым пасярэдніцтве статыстыкі: у залежнасьці ад сітуацыі яны зьвяртаюцца да дзяцей, мэламанаў, лекараў, гомасэксуалаў, аматараў сёрфінгу, дробнабуржуазных гаспадыняў, аматараў ангельскіх тканінаў, падводных рыбароў. Як кажуць рэкламшчыкі, яны абіраюць сабе мэтавую групоўку (прычым “мішэнь” супрацоўнічае вельмі мала: яна чакае, калі па ёй удараць). Яны заўсёды робяць так, каб кожны тэрмін, кожны выраз, кожная энцыклапэдычная спасылка былі зразумелымі для іхнага чытача. Іхнай мэтай ёсьць дасягненьне дакладнага эфэкту; каб быць упэўненымі, што яны выклічуць у чытача жах, яны загадзя паведамляюць: “і тут здарылася штосьці жахлівае”. У пэўным сэнсе гэтая гульня дасягае посьпеху.

Аднак варта кнізе Караліны Інвэрніц’ё, напісанай з разьлікам на турынскіх краўчыхаў канца ХІХ-га стагодзьдзя, патрапіць у рукі якога шалёнага аматара літаратурнага кічу, і яна станецца сьвятам пераноснага сэнсу, чытаньня між радкоў, смакаваньня глыбіняў, тэкстам-заікам у духу Гюйсманса. З “закрытага” і рэпрэсіўнага тэкст ператворыцца ў найбольш адкрыты, станецца машынай па вырабе найвычварнейшых прыгодаў.

Але здараецца штосьці яшчэ горшае (ці лепшае, часам другое). А менавіта калі кампэтэнцыя Мадэльнага Чытача ёсьць недастаткова прадбачанай—з-за адсутнасьці гістарычнага аналізу, зьменаў сэміятычнай вартасьці, з-за культурных забабонаў, з-за недастатковай ацэнкі сітуацыі тых, на каго разьлічанае паведамленьне. Цудоўным прыкладам зьяўляецца гісторыя інтэрпрэтацыі раману Эжэна Сю “Парыскія таямніцы”. Напісаны з дэндысцкіх памкненьняў з мэтай распавесьці адукаванай публіцы пікантныя гісторыі з маляўнічага асяродзьдзя галечы, гэты раман чытаецца пралетарыятам як яснае й шчырае апісаньне ягонага прыгнечанага становішча; паколькі аўтар гэта заўважае, дык надалей ужо піша для пралетарыяў і нашпігоўвае твор сацыял-дэмакратычным маралізатарствам з мэтай пераканаць гэтыя “небясьпечныя” класы, якія ён сам разумее, але якіх баіцца, каб тыя паспрабавалі даць рады сваёй роспачы ў спадзеве на справядлівасьць і добрую волю заможных класаў. Абсьмяяны Марксам і Энгельсам як узор рэфармісцкай прамовы, кніга зьдзяйсьняе ў душах сваіх чытачоў патаемную вандроўку, і гэтых самых чытачоў мы сустракаем на барыкадах сорак восьмага году падчас іхнай спробы зьдзейсьніць рэвалюцыю, у тым ліку й таму, што яны прачыталі былі “Парыскія таямніцы”. Магчыма, кніга ўтрымлівала верагоднасьць і такой актуалізацыі, філігранным чынам прадбачыла і такога Мадэльнага Чытача? Без сумневу: пры ўмове, што мы будзем чытаць яе, пераскокваючы маралізатарскія ўрыўкі—альбо папросту не захочам іх разумець.

Няма нічога больш адкрытага за закрыты тэкст. Адно што ягонае адкрыцьцё ёсьць вынікам зьнешняй ініцыятывы, спосабам, як яго скарыстаць, а ня быць ім добраахвотна скарыстаным. Тут ідзецца ня столькі пра супрацоўніцтва, колькі пра гвалт. Так, тэкст ільга нават згвалціць (ільга нават зьесьці кнігу, як гэта зрабіў апостал на Патмосе), і гэтым здабыць тонкую асалоду. Але тут мы гаворым аб тэкставым супрацоўніцтве як аб дзейнасьці, што выходзіць з самога тэксту, таму гэтыя мадуляцыі нас не цікавяць. Не цікавяць, заўважце, у гэтай сувязі: лозунг Валеры il n’y a pas de vrai sens d’un texte (“не існуе ніякага “праўдзівага” значэньня тэксту”) дазваляе двайное прачытаньне: што тэкст ільга выкарыстоўваць як заўгодна, і гэтае прачытаньне нас зараз не цікавіць; і што існуе безьліч інтэпрэтацыяў аднаго й таго самага тэксту, і вось гэтае прачытаньне мы зараз разгледзім.

Ільга гаварыць аб “адкрытым” тэксту, калі аўтар умее скарыстаць увесь інструмэнтар камунікацыйнай схемы. Ён чытае яе як мадэль прагматычнай сітуацыі, якую немагчыма ігнараваць. Ён прыймае яе як рэгуляцыйную гіпотэзу для сваёй уласнай стратэгіі. Ён вырашае (вось дзе тыпалогія тэкстаў рызыкуе ператварыцца ў бясконцы кантынуум нюансаў) толькі тое, да якой ступені ён павінен кантраляваць супрацоўніцтва чытача, наколькі да гэтага супрацоўніцтва чытача трэба падахвоціць, наколькі непасрэдным яно будзе, наколькі яно павінна ператварыцца ў прыгодніцкае падарожжа вольнага інтэрпрэтатара. (...)

Толькі адно выплывае з гэтай стратэгіі: колькі б ні існавала магчымых інтэрпрэтацыяў, кожная зь іх узбагачае папярэднюю, і такім чынам яны не вылучаюць, а наадварот умацоўваюць адна адную.

Ільга пастуляваць, як у выпадку “Фінэганавых жальбінаў”, ідэальнага чытача, надзеленага ідэальнай неспаччу і зьменлівай кампэтэнцыяй: але ў якасьці базавай кампэтэнцыі гэты ідэальны чытач павінен валодаць ангельскай мовай (хаця кніга насамрэч напісаная “не зусім” па-ангельску); і гэтым чытачом ня можа быць грэк з другога стагодзьдзя нашай эры, якому нічога не вядома аб існаваньні Дубліна, гэтаксама як ім ня можа быць непісьменны чалавек са слоўнікам у дзьве тысячы слоў (а калі й так, дык з гэтага зноў атрымаецца выпадак адвольнага карыстаньня, залежнага ад зьнешняй волі, альбо ад скрайне абмежаванага прачытаньня, рэдукаванага на самыя відавочныя дыскурсіўныя структуры.)

Такім чынам, “Фінэганавы жальбіны” вымагаюць ідэальнага чытача зь вялікай колькасьцю вольнага часу, зь вялікай здатнасьцю да асацыяцый, з энцыклапедыяй зь вельмі размытымі межамі, але ў кожным выпадку не любога чытача. І Мадэльны Чытач канструюецца шляхам выбару той ці іншай ступені моўнай складанасьці, той ці іншай колькасьці рэфэрэнцыяў, шляхам увядзеньня ў тэкст ключоў, спасылак, хай нават няпэўных магчымасьцяў скрыжаванага чытаньня. Мадэльны Чытач “Фінэганавых жальбінаў”—гэта апэратар, які здольны рэалізаваць у часе найбольшую колькасьць скрыжаваных прачытаньняў.

Іншымі словамі, нават Джойс, аўтар самага адкрытага з тэкстаў, аб якім ільга весьці гаворку, будуе свайго чытача пасярэдніцтвам тэкстуальнай стратэгіі. Будучы скіраваным да чытача, якога тэкст не пастулюе й чыё стварэньне не стымулюе, тэкст робіцца нечытэльным (нават больш нечытэльным, чым калі б ён насамрэч быў нечытэльным), альбо ператвараецца ў зусім іншую кнігу.

4. Выкарыстаньне і інтэрпрэтацыя

Такім чынам, мы павінны адрозьніваць вольнае выкарыстаньне нейкага тэксту, прынятага ў якасьці стымулу для ўяўленьня, ад інтэрпрэтацыі адкрытага тэксту. Гэтае недвухсэносоўнае разьмежаваньне ёсьць тэарэтычным грунтам для магчымасьці існаваньня таго, што Барт называе тэкстам для засвойваньня: трэба вырашыць, ці разглядаць тэкст як тэкст для засвойваньня, альбо як тэкст, адпраўным пунктам стратэгіі (а такім чынам і інтэрпрэтацыі) якога ёсьць стымуляцыя як мага больш свабоднага спосабу ягонага выкарыстаньня. Аднак упэўнены, што і тут існуюць некаторыя межы, і што пойм “інтэрпрэтацыя” заўсёды ўтрымлівае ў сабе пэўны дыялектычны стасунак між стратэгіяй аўтара й рэакцыяй Мадэльнага Чытача.

Натуральна, што ільга прапанаваць як практыку, так і эстэтыку свабоднага, скажонага, адвольнага й зламыснага карыстаньня тэкстамі. Борхэс заклікаў чытаць “Одысэю”, як быццам яна была напісаная пазьней за “Энэіду”, альбо прыпісаць “Нападабненьне Хрыста” Сэліну. Бліскучыя, натхняльныя й надзвычай лёгка ажыцьцяўляльныя прапановы. І перадусім творчыя як ніякія іншыя, бо ў сапраўднасьці так узьнікае цалкам новы тэкст (гэтаксама як “Дон Кіхот” П’ера Мэнара ёсьць вельмі адрозным ад Сэрвантэсавага, зь якім ён супадае слова ў слова). Апроч гэтага, шляхам напісаньня гэтага новага тэксту (альбо Іншага тэксту) адкрываецца магчымасьць крытыкі арыгінальнага тэксту, магчымасьць адкрыцьця ягоных схаваных варыяцыяў і значаньняў—гэта ўсё відавочна, нішто ня ёсьць больш выкрывальным за карыкатуру, менавіта таму што яна нагадвае свой аб’ект, але не перадае яго, і акрамя таго несумнеўна, што ў пераказе раманы робяцца прыгажэйшымі, таму што стаюцца “іншымі” раманамі.

З гледзішча агульнай сэміётыкі, а таксама ў сьвятле складанасьці прагматычных працэсаў і супярэчлівасьці Глабальнага Сэмантычнага Поля, усе вышэйзгаданыя апэрацыі ільга тэарэтычна растлумачыць. Але паколькі ланцуг інтэрпрэтацыяў, як паказаў Пірс, можа быць бясконцым, дык сьвет дыскурсу намагаецца абмежаваць фармат энцыклапэдыі. І любы тэкст ёсьць толькі стратэгіяй, якая пастулюе унівэрсум сваіх калі не “абгрунтаваных”, дык абгрунтавальных інтэрпрэтацыяў. Вырашыць карыстацца тэкстам нейкім новым чынам азначае пашырыць сьвет дыскурсу. Дынаміка бясконцага сэміёзісу не забараняе гэтага рабіць, нават падахвочвае да гэтага. Але трэба ведаць, чаго вы хочаце: папрактыкавацца ў сэміёзісе ці даць інтэрпрэтацыю нейкага тэксту.

Напрыканцы дадамо, што закрытыя тэксты кладуць больш трывалы супраціў выкарыстаньню, чымся адкрытыя тэксты. Канцэптуяваныя для вельмі строга вызначанага кшталту Мадэльнага Чытача, у спробе рэпрэсіўна навязаць яму супрацоўнітва, яны, аднак, пакідаюць даволі вялікую прастору для выкарыстаньня. Вазьміце дэтэктывы Рэкса Стаўта й паспрабуйце інтэрпрэтаваць гісторыю Нэро Вулфа й Арчы Гудвіна як “кафкіянскую”—чаму б і не? Тэкст ня чыніць ніякага супраціву такому выкарыстаньню, нават забаўнасьць фабулы й задавальненьне ад выкрыцьця забойцы нікуды не губляюцца. Але вазьміце “Працэс” Кафкі й прачытайце яго як дэтэктыў. Гэта не забаронена, але на практыцы вынік будзе вельмі нягеглым. Гэта было б бадай тое самае, што скарыстаць старонкі кнігі дзеля скручваньня цыгарэтаў з марыхуанай—апошняе, магчыма, было б больш мэтазгодна.

Пруст мог чытаць чыгуначны расклад і знаходзіць у назвах валлонскіх станцыяў ціхае й загадкавае рэха вандраваньня Нэрваля ў пошуках Сільвіі. Аднак ён не рабіў інтэрпрэтацыю раскладу, а скарыстоўваў яго цалкам дапушчальным, псіхадэлічным чынам. Са свайго боку, сам расклад прадбачыць толькі адзін тып Мадэльнага Чытача, а менавіта строга картэзіянскага апэратара з вострым пачуцьцём незваротнасьці часовых падзеяў.

5. Аўтар і чытач як тэкстуальныя стратэгіі

У камунікацыйным працэсе мы маем Адпраўцу, Паведамленьне й Адрасата. Часта бывае, што як Адпраўца, так Адрасат граматычна выяўляюцца ў Паведамленьні: “Я кажу табе, што...”

Калі мы маем справу зь непасрэдна адрасаванымі паведамленьнямі, адрасат карыстаецца гэтымі граматычнымі рысамі як рэфэрэнцыйнымі паказьнікамі (“я” азначае эмпірычнага суб’екта наяўнага паведамленьня, і гэтак далей). Тое самае можа стацца з даволі доўгімі тэкстамі, такімі як лісты, старонкі дзёньніка і наогул усё тое, што мы чытаем, каб атрымаць інфармацыю аб аўтары й абставінах паведамленьня.

Але калі тэкст разглядаецца проста як тэкст, і асабліва ў выпадках тэкстаў, прызначаных для даволі шырокай аўдыторыі (такіх як раманы, палітычныя прамовы, навуковыя падручнікі й гэтак далей), Адпраўца і Адрасат прысутнічаюць у тэксту ня столькі як два полюсы аднаго акту паведамленьня, колькі як актантныя ролі паведамленьня (Якабсон, 1957). У гэтых выпадках аўтар выяўляецца ў тэксту толькі як 1) пазнавальны стыль—які можа быць у тым ліку й ідыялектам тэксту, корпусу тэкстаў альбо гістарычнай эпохі (Гл. “Трактат аб агульнай сэміётыцы”, 3.7.6.); 2) чыстая актантная роля (“я” = “суб’ект гэтага паведамленьня”); 3) як ілакуцыйная (неад’емная ад прамовы) праява (“клянуся, што” = “суб’ект, які выконвае клятву”); ці як апэратар, надзелены пэрлакуцыйнай (па-за прамоўнай) сілай, які выяўляе “інстанцыю паведамленьня”; ці як умяшаньне суб’екта, чужога апавяданьню, але нейкім чынам прысутнага ў неабдымнай тканіне тэксту (“раптам здараецца штосьці жахлівае”, “...сказала князёўна голасам, які абудзіў бы і памерлых...” Звычайна гэтае выкліканьне духу Адпраўцы карэлюе з выкліканьнем духу Адрасата (Крыстэва, 1970). Возьмем урывак з “Філасофскіх досьледаў” Вітгэнштайна:

“Разглядзім, напрыклад, працэсы, якія мы называем “гульнямі”. Я маю на ўвазе шахматы, карты, гульні зь мячом, спартовыя спаборніцтвы і гэтак далей. Што ёсьць агульным для ўсіх гэтых гульняў?—Не кажы: “павінна існаваць штосьці агульнае для іх усіх, іначай мы б не называлі іх гульнямі”, але шукай, ці ёсьць штосьці агульнае ім усім.—Насамрэч, калі ты прыгледзісься, ты ўбачыш не зусім нешта агульнае для ўсіх іх, але ўбачыш падабенствы, паралелі, і ўбачыш іх нават цэлы шэраг...”

Усе асабістыя займеньнікі наяўныя тут імпліцытна ці экспліцытна насамрэч не адсылаюць да чалавека, якога завуць Людвіг Вітгэнштайн, ані да асобы эмпірычнага чытача: яны толькі адлюстроўваюць тэкстуальныя стратэгіі. Умяшаньне прамаўляючай асобы ёсьць камплемэнтарным да актывацыі Мадэльнага Чытача, чый інтэлектуальны профіль ёсьць пэўным знакам таго тыпу інтэрпрэтацыйных дзеяньняў, выкананьне якіх чакаецца (і патрабуецца) ад чытача: пазнаць падабенства, узяць да ўвагі пэўныя гульні... Тым самым чынам аўтар ёсьць нічым іншым як тэкстуальнай стратэгіяй, здольнай усталяваць сэмантычныя карэляцыі: выраз “я маю на ўвазе” (Ich meine...) хоча сказаць, што ў гэтым тэксту тэрмін “гульня” мае пэўную экстэнсіўнасьць (і ўлучае шахматы, картачныя гульні й г.д.), але наўмысна ўстрымліваецца ад ягонага інтэнсіўнага азначэньня. У гэтым тэксту Вітгэнштайн ёсьць нічым іншым як філасафічным стылем, а Мадэльны Чытач ёсьць нічым іншым, як інтэлектуальнай здольнасьцю падзяляць гэты стыль і супрацоўнічаць у справе ягонай актуалізацыі.

Кожны раз, калі ўжываюцца тэрміна як Мадэльны Аўтар ці Мадэльны Чытач, заўсёды маюцца на ўвазе, у абодвух выпадках, толькі розныя тыпы тэкстуальнай стратэгіі. Мадэльны Чытач ёсьць сукупнасьцю ўсталяваных тэкстам умоваў пасьпяховага прачытаньня, якія павінны быць датрыманыя, каб тэкст быў цалкам актуалізаваны ў сваім патэнцыяльным зьмесьце.

6. Аўтар як інтэрпрэтацыйная гіпотэза

Калі Аўтар і Мадэльны Чытач ёсьць дзьвюма тэкстуальнымі стратэгіямі, перад намі ўзьнікае падвойная сітуацыя. З аднаго боку, як мы ўжо сказалі, эмпірычны аўтар, як суб’ект тэкстуальнага паведамленьня, фармулюе гіпотэзу аб Мадэльным Чытачы і, пераводзячы яе ў тэрміны сваёй уласнай стратэгіі, гэты самы аўтар выяўляецца як зьмест паведамленьня, альбо, кажучы ў “стратэгічных” тэрмінах, як адзін са спосабаў тэкстуальнай апэрацыі. Але з другога боку і эмпірычны чытач, як канкрэтны суб’ект акту саўдзелу, павінен мець гіпотэзу аб Аўтары, выводзячы яе менавіта з дадзеных тэкстуальнай стратэгіі. Гіпотэза, сфармуляваная эмпірычным чытачом аб Мадэльным Аўтары здаецца больш пэўнай, чымся тая, якую эмпірычны аўтар фармулюе аб сваім Мадэльным Чытачы. У сапраўднасьці, эмпірычны аўтар павінен пастуляваць штосьці, чаго яшчэ ў сапраўднасьці не існуе, і зрабіць яго сапраўдным з дапамогай шэрагу тэкстуальных апэрацыяў; наадварот, эмпірычны чытач дэдукуе, выводзіць пэўны вобраз з чаго заўгодна, што папярэдне рэалізавала сябе як акт паведамленьня і зараз прысутнае ў выглядзе тэксту як паведамленае. Калі ўзяць наш прыклад: Вітгэнштайн толькі пастулюе Мадэльнага Чытача як некага, хто здольны выканаць прапанаваныя яму апэрацыі саўдзелу, тым часам як мы, чытачы, адкрываем вобраз тэкстуальнага Вітгэнштайна як сэрыю наяўных апэрацыяў і прапановаў саўдзелу. Але не заўсёды Мадэльны Аўтар настолькі выразна бачны, і нярэдка эмпірычны чытач схільны да таго, каб падганяць ягоны вобраз пад ужо загадзя вядомую яму інфармацыю аб эмпірычным аўтары як суб’екту паведамленьня. Гэтая рызыка й гэтыя недахопы, магчыма, удаюць сабой пагрозу для тэкстуальнага супрацоўніцтва.

Перадусім, пад тэкстуальным супрацоўніцтвам ня трэба разумець актуалізацыю намераў эмпірычнага суб’екту паведамленьня, але намераў, якія віртуальна ўтрыманыя ў самім паведамленьні. Дамо прыклад.

Лічыцца, што калі хтосьці ў палітычнай спрэчцы ці публікацыі азначыць улады ці грамадзянаў Савецкага саюза за “рускія” замест “савецкія”, дык гэтым ён імкнецца актываваць ясную ідэялагічную каннатацыю, як быццам адмаўляючыся прызнаць палітычнае існаваньне савецкай дзяржавы, што ўзыйшла з Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ўсё яшчэ мае на ўвазе царскую Расію. У пэўных сітуацыях ужываньне першага ці другога азначэньня набывае выразна дыскрымінацыйнае адценьне. Але таксама можа здарыцца, што аўтар, пазбаўлены антысавецкіх забабонаў, усё адно ўжывае тэрмін “рускі” з-за няўважлівасьці, па звычцы, дзеля зручнасьці, лёгкасьці, распаўсюджанасьці. І ўсё-ткі, ацэньваючы лінэарную маніфэстацыю (факт ужываньня гэтай лексэмы) паводле кодаў сваёй кампэтэнцыі, чытач мае права прыпісаць тэрміну “рускі” ідэялагічную каннатацыю. Ён мае гэтае права, таму што на тэкстуальным узроўні гэтая каннатацыя ёсьць актываванай: таму ён павінен прыпісаць свайму Мадэльнаму Аўтару наўмыснасьць гэтай каннатацыі, нягледзячы на сапраўдныя намеры эмпірычнага аўтара. Тэкстуальнае супрацоўніцтва ёсьць фэномэнам, які ажыцьцяўляецца, паўтаруся, на ўзроўні дыскурсіўных стратэгіяў, а не індывідуальных суб’ектаў.

Безумоўна, эмпірычны чытач, дзеля таго каб рэалізавацца ў якасьці Мадэльнага Чытача, мае пэўныя “філалагічныя” абавязкі: менавіта, ён мае абавязак аднавіць зь як мага большай магчымай дакладнасьцю коды адпраўцы. Прыпусьцім, што адпраўца быў прамоўцам з надзвычайна абмежаваным лікам кодаў, зь нізкай палітычнай культурай, які ня мог заўважыць розьніцы між “рускім” і “савецкім”—такім чынам, мы прыпускаем, што фраза была прамоўленая непісьменным чалавекам зь недакладнымі палітычна-лінгвістычнымі ведамі, які, напрыклад, мог назваць Хрушчова рускім палітыкам (тым часам як Хрушчоў—украінец). Ясна, што ў гэтым сэнсе інтэрпрэтаваць тэкст азначае прызнаць большую абмежаванасьць і агульнасьць энцыклапэдыі адпраўцы ў параўнаньні з энцыклапэдыяй адрасата. Але гэта азначае ўбачыць тэкст у абставінах ягонага ўзьнікненьня. Трэба прыняць да ўвагі, што тэкст зьдзяйсьняе больш шырокі камунікацыйны шлях і цыркулюе ў якасьці “публічнага” тэксту, які больш нельга прыпісаць ягонаму першапачатковаму прамоўцы—значыцца, яго прыйдзецца разглядаць у новай камунікацыйнай сітуацыі: як тэкст, што пасярэдніцтвам прывіду вельмі агульнага Мадэльнага Чытача адсылае да сістэмы кодаў і падкодаў, прынятай ягонымі патэнцыяльнымі адрасатамі, а такім чынам павінен быць актуалізаваны на падставе кампэтэнцыі ягоных адрасатаў. Тады тэкст выявіць сваю дыскрымінацыйную ідэялагічную каннатацыю. Ідзецца гаворка аб супрацоўных рашэньнях, якія патрабуюць спачатку ацаніць ступень грамадзкай распаўсюджанасьці тэкстаў, а таксама павінны прадбачыць выпадкі, калі Мадэльны Аўтар наўмысна канструюецца такім дзеля сацыялагічных наступстваў, пры гэтым вядома, што ён не адпавядае эмпірычнаму аўтару.

Натуральна, застаецца яшчэ выпадак, калі чытач мяркуе, што выраз “рускі” быў скарыстаны ненаўмысна (маецца на ўвазе псіхалагічная наўмыснасьць з боку эмпірычнага аўтара), і ўсё-ткі наважваецца рэалізаваць соцыя-ідэялагічную ці псіхааналітычную характарыстыку эмпірычнага адпраўцы: той не ўсьведамляў, што актывуе пэўныя каннатацыі, але падсьвядома гэтага хацеў. Ці можам мы ў гэтым выпадку гаварыць аб слушнай тэкстуальным супрацоўніцтве ці сэмантычнай інтэрпрэтацыі тэксту?

Няцяжка заўважыць, што тут акрэсьліваецца статут сакцыялагічных ці псіхааналітычных “інтэпрэтацыяў” тэксту, якія імкнуцца адкрыць тое, што тэкст незалежна ад намеру свайго аўтара гаворыць як аб ягонай асобе ці сацыяльным паходжаньні, так аб асобе й сацыяльным паходжаньні самога чытача.

Відавочна, што мы набліжаемся да тых глыбінных сэмантычных структураў, якія тэкст не выстаўляе на паверхні, але якія, паводле чытацкай гіпотэзы, ёсьць ключамі для поўнай актуалізацыі тэксту—да актантных (пытаньняў аб сапраўдным “сюжэце” тэксту, аб зьмесьце той індывідуальнай гісторыі Таго ці Іншага пэрсанажа, якую, як здаецца, нам распавядаюць) і ідэялагічных структураў. (...)

Пакуль што мы можам абмежавацца высновай, што Мадэльны Аўтар існуе як інтэрпрэтацыйная гіпотэза тады, калі маецца на ўвазе суб’ект тэкстуальнай стратэгіі, якая вынікае з разгляданага тэксту, а не тады, калі на падставе тэкстуальнай стратэгіі робіцца гіпотэза аб існаваньні эмпірычнага суб’екта, які магчыма хацеў, ці думаў, ці хацеў падумаць штосьці зусім адрознае ад таго, што тэкст, узважаны з гледзішча кодаў, якімі ён карыстаецца, гаворыць самому Мадэльнаму Чытачу.2


(Footnotes)
1 Што да правілаў прамовы, дык тут мы, натуральна, спасылаемся на Грычэ, 1967 г. Нагадайма на ўсялякі выпадак Грычэвы максімы прамовы.Максіма колькасьці: зрабі так, каб твой унёсак быў настолькі інфарматыўным, наколькі гэтага патрабуе сітуацыя абмену; максіма якасьці: не кажы нічога, аб чым ты думаеш, што гэта ня так, а таксама нічога, аб чым у цябе няма дастатковых доказаў; максіма дарэчнасьці: кажы да сутнасьці рэчаў; максіма спосабу: пазьбягай цьмяных выразаў, двухсэнсоўнасьці, будзь лаканічны (пазьбягай марнага шматслоўя), будзь пасьлядоўны.

2 Усяляк, немагчыма затаіць вагу, якую набываюць абставіны паведамленьня, змушаючы нас пры выбары Мадэльнага Аўтара фармуляваць розныя гіпотэзы аб намерах эмпірычнага суб’екту паведамленьня. Тыповым выпадкам была дадзеная друкам і палітычнымі партыямі інтэрпрэтацыя лістоў Альдо Моро, напісаных падчас ягонага знаходжаньня ў руках тэрарыстаў напярэдадні ягонага забойства—вельмі трапныя нататкі аб гэтых інтэрпрэтацыях напісала Лукрэцыя Эскудэро.


© Пераклад — Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI