Умбэрто Эко

ШАНТАЖ ЧАСУ Й ТЭАТАР ПАМЯЦІ


(гутарка з Даніэлям Суціфам)

 


Як Вы лічыце, якое месца займае каляндар у псіхалагічным і грамадзкім жыцьці чалавека?

Практычна ніякага... Мераньне часу ёсьць сучасным вынаходніцтвам, якое ўзыходзіць прыблізна да ХVІІ стагодзьдзя. У старажытнасьці людзі жылі не ўсьведамляючы часу. Гадзіны лічыліся па трох: сэкста, нона, тэрцыя. Час дня вызначаўся паводле званоў, раз ці два на дзень, а таксама паводле сонца. З надыходам цемры чалавек клаўся спаць. Аб спатканьні дамаўляліся на наступны дзень, без дакладнага прызначэньня гадзіны. Нечага прыходу чакалі на працягу ўсяго дня... Год вымяраўся ад сьвята да сьвята: Каляды, Вялікдзень, Тройца—а акрамя гэтага чакалі канца сьвету. Нават самыя адукаваныя людзі ня ведалі свайго ўзросту, таму што не было адпаведных запісаў. (...) Гэтая апантанасьць мераньнем часу, гэтая неадвязная ідэя календара, ёсьць вынаходніцтвам сучаснай эпохі. Гэтаксама існуюць іншыя сучасныя вынаходніцтвы падобнага кшталту. Напрыклад, дзяцінства. Раней ніякага дзіцяці не існавала. Дзіця лічылася дарослым чалавекам, толькі што крыху меншага росту, які жыў разам з усімі й апранаўся як яны... Гэтаксама зараз мы жывем у падпарадкаваньні ідэі мэханічнага часу, безь якой чалавецтва абыходзілася тысячагодзьдзямі. Акрамя гэтага, гадзіньнік быў першым сапраўды мэханічным вынаходніцтвам. Дагэтуль было цалкам магчыма пражыць без усялякага дакладнага разьліку часу. Мы плылі ў часе, як па плыні ракі, не пытаючыся, на якім гэта мы кіламэтры знаходзімся. Сёньня мы, наадварот, знаходзімся ў палоне столькіх дакладных вымярэньняў...

Мінуўшчына, цяперашняе, будучыня—якая паміж імі сувязь? Будучыня прыходзіць нам насустрач, ці мы рухаемся кірункам да будучыні? Ці аддаляецца мінуўшчына? У чым палягае сутнасьць непавяртальнасьці часу?

Мы марым аб магчымасьці павярнуць час назад, і паколькі нам вядома, што такое магчыма на пэўных субатамовых узроўнях, мы лічым, што ёсьць пэўная выгада ў тым, каб ня быць палоннымі часу. Мы няўмольна кіруемся насустрач сьмерці. Энтропія нас нішчыць. Акрамя гэтага, нас блытае схільнасьць упісваць час у прастору. Насамрэч, калі мы думаем аб будучыні, мы бачым яе як быццам наперадзе, перад сабою. Мы гаворым: “На гэтым тыдні не, прыеду за тыдзень...”, і робім жэст кірункам наперад. Таксама кажуць: “вярнуцца ў мінулае”. Аднак у некаторых мовах усё наадварот. Нават мы часам уяўляем, што сьмерць стаіць у нас за сьпіной і сочыць за намі; будучыня, такім чынам, прыходзіць нібыта ззаду. Вельмі блытаная сітуацыя. Абедзьве кантыянскія катэгорыі, час і прастора, ствараюць праблемы, бо існуе несупынная патрэба інтэрпрэтаваць адну ў тэрмінах другой.

Што вы думаеце аб гадзіньніках, аб усіх гэтых рэчах, што разьбіваюць час на прызначаныя для падліку адзінкі?Ці ёсьць яны проста ўздапаможнымі аб’ектамі, што дазваляюць нам сітуаваць сябе ў часе, альбо ёсьць кшталтам прыладаў для катаваньня?

Варта абраць кшталт часу, аб якім мы будзем разважаць. Напачатку стагодзьдзя ў Парыжы жыў якісьці спадар Бэргсон, які выразна адрозьніваў мэханічны час гадзіньнікаў ад часу нутранога трываньня. Перад ім быў яшчэ сьвяты Аўгустын, якому мы абавязаныя першым фундамэнтальным разважаньнем аб прыродзе часу як аб факту нутранога жыцьця, суб’ектыўнай зьяве, што вельмі цесна зьвязаная з памяцьцю. Нам належаць абодва гэтыя часы, зьнешні й нутраны, і першы зь іх нам навязвае прырода, бо гэты час—сонечны, зорны. Сонца выконвае сваю працу. Вызначае момант свайго зьяўленьня й зьнікненьня. На зьмену яму прыходзяць мэханічныя гадзіньнікі, якія ёсьць толькі выразьнікамі сонечнага, зорнага часу. Адсюль таксама паходзіць блытаніна з вымяраньнем часу ў прасторавых тэрмінах, таму што рух гадзінных стрэлак ёсьць адваротным ад руху ценю на сонечным гадзіньніку; зноў-такі, час і прастора ня могуць прыйсьці да сапраўднай згоды. Сёньня ў нашай мэханічнай цывілізацыі мы цалкам апанаваныя мэтрычным часам гадзіньнікаў. Мы церпім шантаж з боку гадзіньніка—“О, я спазьняюся...”—таксама сучасны пойм. Раней, у мінуўшчыне, ніхто нікуды празьмерна не спазьняўся. Усё гэта часам змушае нас забывацца аб нутраным часе трываньня. Тады гадзіньнік ператвараецца ў ворага, што плюндруе тэрыторыю нашай памяці. Невыпадкова, што ў эпоху барока, калі пачалі канструявацца першыя меней-болей дакладныя й надзейныя мэханічныя гадзіньнікі, у Італіі зьяўляецца паэзія аб боязі гадзіньніка, што лічыўся кшталтам шкілета, руйнаванага часам... Адзін з гэтых паэтаў, Люмбрано, пісаў санэт за санэтам, не спыняючыся, апантаны ідэяй мэтрычнага часу, часу сьмерці.


Што да часу нутранога трываньня й ягонага мераньня, дык яшчэ адна цікавая рэч павінна змусіць нас задумацца. Калі мы слухаем музыку, разважаем, дык гэтыя моманты, здаецца, цягнуцца цэлую вечнасьць. Калі мы сумуем, чакаем цягніка альбо самалёта, час нібыта спыняецца. Калі кампутару трывае якую хвіліну правядзеньне нейкай апэрацыі, гэтая хвіліна ёсьць для нас невыносна доўгай. Калі я апавядаю, што я рабіў цягам папярэдніх месяцаў, і калі ў чэрвені нічога цікавага не адбылося, гэты час падасца мне ў згадках вельмі кароткім, але калі ў ліпені мяне наведалі сябры ці я быў у якой вандроўцы, час, які быў інтэнсіўным, робіцца таксама экстэнсіўным... Некаторыя доўгія адмеркі часу здаюцца нашай памяці кароткімі, і наадварот.

Вы ўзгадалі пра памяць. Існуе памяць натуральная, якую нам дазваляе будаваць нашая нэрвовая сістэма. Існуюць мнеманічныя тэхнікі. Акрамя гэтага, існуюць матэрыяльныя носьбіты памяці—пісьмо, фотаграфія, кіно, усе кшталты запісу. Ува ўсіх заходніх супольнасьцях дзейнічаюць архівы, што назапашваюць гэтыя запісы. Гэтак мы назапашваем час ва ўсё большых і большых колькасьцях, і адначасова мы ня маем часу, каб пражыць увесь гэты назапашаны час. У гэтым мне бачыцца парадокс, вельмі характэрны для нашага заходняга грамадзтва.

Усялякае грамадзтва, як і асоба, жыве дзякуючы памяці. Бяз памяці няма працягласьці, няма душы. (...) У непісьменных грамадзтвах памяць аб мінулым з генерацыі ў генерацыю перадаюць старажылы, якія апавядаюць гісторыі зь мінуўшчыны. Для патрэбаў такіх цывілізацыяў гэтага дастаткова. Аднак усе эпохі паспрабавалі ўхапіць усе магчымыя згадкі ўсімі магчымымі шляхамі, як што памяць старых пачала здавацца недастатковай. Напачатку, пісьмо не было пераносным. Кнігі не існавала. Розныя мнематэхнікі пачалі распрацоўваць грэкі, і тыя пратрымаліся да самага Адраджэньня цягам усяго сярэднявечча, да самага вынаходніцтва друкаванай кнігі. Былі вынайдзеныя тэатры памяці, што падтрымлівалі рознамаітыя асацыяцыі паміж прасторай і часам. Мінуўшчына ўвасаблялася ў такіх тэатрах: напрыклад, у палацах, дзе кожная калюмна, кожная статуя, кожныя дзьверы й кожны калідор зьяўляліся паасобнымі элемэнтамі гэтага адмысловага архіву. Разам з друкам зьявіўся кішэнны архіў—кніга. А што адбываецца сёньня: архіў і колькасьць памяці, якую ён утрымлівае, неверагодна разрасьліся. Інтэрнэт захоўвае памяць усіх магчымых сьветаў. Адсюль—патрэба выбару, фільтрацыі. Я заўсёды кажу, жартам, што паміж колішняй савецкай “Праўдай” і нядзельным “Ню-Ёрк Таймс” няма ніякай розьніцы. У “Праўдзе”, як вядома, не было зьвестак. У нядзельным “Ню-Ёрк Таймс” шэсьцьдзесят старонак: ён прыносіць усё што вы хочаце ведаць, але на ягонае прачытаньне патрэбны тыдзень... У выніку, мы адкідаем гэтую скарбонку інфармацыі ўбок. У выпадку інтэрнэту існуе небясьпека, скажам, заплыць на паўночны ўсход і згубіць усё, што засталося на ўсходзе... Неабходна навучыцца валодаць гэтаю памяцьцю, каб забараніць ёй нас зьнясільваць.

У пэўным сэньсе, мастацтва—таксама памяць. Ці існуе спэцыфічны час мастацтва альбо розных мастацтваў?

Лессінг, у “Лаакаоне”, зрабіў даволі выразнае разьмежаваньне, якое ад таго часу засталося класічным, паміж мастацтвамі часу й мастацтвамі прасторы. Музыка ёсьць мастацтвам часу. Пятая сімфонія Бэтховэна цягнецца дакладна столькі, колькі цягнецца Пятая сімфонія Бэтховэна; тым часам як мастацтвы прасторы, такія як жывапіс альбо дойлідзтва, ня маюць нічога агульнага з часам—што не зусім так. Неабходна лічыцца з функцыяй часу ня толькі ў кіно альбо ў музыцы, але і ў іншых мастацтвах. Перад карцінай Мондрыяна, час сузіраньня можа быць вечным. Вы можаце стаяць перад ёю гадзінамі, нягледзячы на тое што ўсю інфармацыю ад карціны атрымліваеце практычна адразу, між тым як для падрабязнага разгляду карціны Босха патрэбны некаторы час. (...) Час успрыманьня сучаснай рацыяналістычнай архітэктуры—кароткі, таму што фасады вельмі простыя, элемэнтарныя, з пэўным рытмам у разьмяшчэньні вокнаў—і ўсё. А вось сабор у Шартры вымагае трох дзён сузіраньня, таму што неабходна разгледзець усе дэталі ягонай структуры, кожную маленькую калюмну... Розныя часы дзейнічаюць таксама і ў літаратуры. Часам мы пытаемся, навошта аўтар уключыў у кнігу такое доўгае апісаньне. Дык вось, магчыма, што аўтар гэта зрабіў дзеля таго, каб мы хутчэй прагарталі гэтае месца, іначай кажучы, каб прымусіць нас чытаць ягоную кнігу з рознай хуткасьцю. Такім чынам, існуе асабісты час чытаньня, які ў некаторых выпадках дыктуецца самой кнігай.

Сёньня мы карыстаемся нашмат больш хуткімі сродкамі перасоўваньня, чым раней. Ці ільга было б даведацца, што гэтыя хуткасьці робяць калі не з самім часам, дык з нашым стаўленьнем да часу, з нашым адчуваньнем часу?

Безумоўна, хуткасьць выклікала крызіс у нашым перажываньні часу. Уявіце, што тры дні таму я быў яшчэ ў Ню-Ёрку, а праз дзевяць гадзінаў буду ў Лондане, дзе зараз адзінаццаць раніцы, тым часам для мяне—усё яшчэ чатыры дня... Гэтак і зшалець можна. Гэтаксама аб шмат якіх прыладах ільга сказаць, што яны спусташаюць наш нутраны час. Падумайце, чым было паломніцтва ў сярэднявеччы... Чалавек выходзіў пешкі ў Ерусалім, Сант’яго дэ Компостэла. Падарожжа вымагала развагі, медытацыі... Тым ня менш, я лічу, што належу да тых, хто здолеў перамагчы хуткасьць. Калі вы здольныя засяродзіцца на сабе ў самалёце ці ў цягніку, і калі толькі перад вамі не сядзець які прыдурак з мабільным тэлефонам, вы можаце чытаць, разважаць, і гэтак зноўздабыць свой нутраны час. Час, які я праводжу ў цягніку—гэта час, які я скарыстоўваю на сваю душу, і гэтак перамагаю хуткасьць; я ёй не належу—яна дазваляе мне хутка перанесьціся ў пэўнае месца, але не адмяняе майго нутранога часу. Гэта такі кшталт аскетызму, які варта выпрацаваць у сабе, паколькі ўсе мы ёсьць вымушанымі падарожнікамі...

Новае адчуваньне часу, бадай, выклікае пашырэньне межаў пойму “лакальнага” на планетарным узроўні?

Безумоўна... Падумайце пра ліставаньне... У іншыя часы лісты мелі значнасьць з-за таго, што ільга было ў іх прачытаць. Аднак у каханьні, напрыклад, існавалі таксама пэўныя боязь і магія ў самім чаканьні ліста. Памятаю, калі мне было дваццаць, я быў закаханы ў адну дзяўчыну. Было ўлетку, яна была на вакацыях. Кожную раніцу я праводзіў у чаканьні ейнага ліста, які часта прыходзіў толькі на наступны дзень... Гэта было часткай нашага каханьня. Сёньня, дзякуючы электранічнай пошце, нават каханьне ператвараецца, так бы мовіць, у заўсёдную прысутнасьць: вы пасылаеце мэйл, хтосьці яго амаль імгненна атрымлівае, адразу ж адказвае. На маю думку, культурным стасункам гэта спрыяе. Ня ведаю толькі, ці пачуваюць сябе больш шчаснымі закаханыя, што не апанаваныя жахлівай невядомасьцю чаканьня...

© Пераклад — НМ, 2004

HA POCTAHI