Іван Дубскі

ДЫСКУРС НА ТЭМУ АДНОЙ КЛІМАВАЙ ФРАЗЫ (1987)

 

Грыбоні, малады гуманіст 22 гадоў веку, знайшоў аднаго цудоўнага дня AD 1946 ў зборніку лістоў і дзёньнікавых запісаў Ладыслава Клімы з 1909-1916 гг., названым “Бой за Ўсё”, славутую сентэнцыю, якая сталася чымсьці накшталт галоўнай ідэі й злучва ў коле лібэртынскіх філосафаў і філолагаў, якія пад эгідай незабыўнага майстра слова і выразу Пічыні зьбіраліся ў тавэрне іхнага мецэната спадара Пятра. Чаму б яе не паўтарыць ізноўку? Гучыць яна наступным чынам: “Не цырымоніцца з жыцьцём: Weisheit der Zukunft… Alle Menschen зь ім цырымоняцца—”

Калі мы пасьля столькіх і столькіх год вяртаемся да прыведзенай фразы, дык штодня пераконваемся, што грандыёзны Клімаў тэзіс ёсьць слушным verbatum et litterarim, слова ў слова і літара ў літару.

Чым ёсьць для Клімы чалавек, які цырымоніцца з жыцьцём? Пытаньне “Чым ёсьць чалавек?” для Клімы, дэ факто, не зьяўляецца пытаньнем. Ужо таму, што ў ягонай “філасофіі наогул няма праблем, усё ўжо гатова, нярушна і праўдзіва”, як піша ён у адным лісьце ў жніўні 1916 г. Ужо ў сваім першым творы, (“Сьвет як сьвядомасьць і нішто”, 1904) 26-гадовы Кліма піша, што карыстаецца словам “чалавек толькі з-за недахопу тэрмінаў, якія б адпавядалі кожнай зь істотаў, пачынаючы апошнім готэнтотам і сканчаючы Цэзарам. Азначаць такія крайнасьці словам “чалавек” ёсьць настолькі ж груба і недарэчна, як азначаць ільва й вяпрука заўжды толькі словам “млекакормячы”. Усе астатнія Клімавы “дыктаты”, якія датычацца чалавека, паходзяць адсюль. У іх няма сістэматычнасьці, гэтага “найвялікшага граху на сумленьні філасофіі”. Паводле Клімы, філасофія, наадварот, павінна стацца “імправізацыйным, прынагодным мастацтвам—усё апроч гэтага ёсьць хваробай альбо рамесьніцтвам”. “Фрагмэнтарны спосаб мысьленьня, дэзульторны спосаб чытаньня, афарыстычны спосаб пісьма ёсьць адзіна здаровымі.” “Тэарэтычная” філасофія (маецца на ўвазе сістэматычная, катэдральная й г.д.) ёсьць “фокусам чалавечага рабства”, у “ейным смуродзе” распускаюцца “статкавыя сабачнасьць і мярзота”, яна ня ёсьць “любоўю да мудрасьці”, а “любоўю да лёкайства”, акрамя гэтага, яна ёсьць беспрадметнай, “аббяганьнем вакол нічога” (дакладна як для Шопэнгаўэра ў “Parerga und paralipomena”, Uber die Universitatphilosophie), выпытваньнем, “дзе ў Чэхіі знаходзіцца Лондан” й г.д. Адзіным выключэньнем ёсьць для яго “практычная філасофія”: “я—не філосаф-тэарэтык”, адмяжоўваецца Кліма, “а філосаф-практык, я хачу жыць і быць, а не казаць і вучыць.” Таму паэзія бліжэйшая да Клімавай філасофіі, ня толькі ў першапачатковым сэнсе гэтага грэцкага слова (POIESIS як увасабленьне праўды ў прыгожым, паэтычнае прасяквае любую творчасьць, любое мастацтва), але і ў літаральным сэнсе: “Філасафічны пасаж зь вершу Сьвятаплука Чэха “На Вальдштыне” ў сваім падмурку глыбейшы, вышэйшы, праўдзівейшы за філасофію Шопэнгаўэра, Гегеля і Ніцшэ разам узятых...” Кліма часта цытаваў верш Сьвятаплука Чэха: “праўда без прыгажосьці ня ёсьць усёй праўдай”, што ёсьць конгеніяльным ягоным філасофскім перакананьням, а таксама ставіў паэта Отакара Бржэзіну вышэй за ўсіх філосафаў: “Дагэтуль не было ніводнага сапраўднага чэскага філосафа, апроч Отакара Бржэзіны”.

Практычная філасофія азначае для Клімы штосьці яшчэ, штосьці новае: яна ёсьць “спробай дасягнуць Недасяжнага, Абсалютнага, Быцьця Богам”... Тут палягае цэнтральная тэма ўсяго Клімавага філасофства, якой ён хацеў прысьвяціць “адзіную вялікую кнігу” з назвай “Усё”—тэма, да якой ён увесь час вяртаўся ў фрагмэнтах і варыяцыях: перасягнуць філасофію. “Практычная філасофія ёсьць у сваёй сутнасьці Звышфіласофіяй, то бок, супрацьлегласьцю філасофіі”, “яна не пытаецца, не шукае, не разважае: яна толькі камандуе, дае законы й гвалціць”. Мэтафіласофія будзе “філасафаваць кувалдай” (словы Ніцшэ); аднак Кліма меціць далей і вышэй, чым той, хто пачаў “філасафаваць кувалдай”.

Там, дзе пануе аксіёма “Я—Абсалютны”, там дзейнічае і дыктат фразы: “Не цырымоніцца з жыцьцём: Weisheit der Zukunft… Alle Menschen зь ім цырымоняцца—”

Што гэта за “аlle Menschen”, аб якіх вядзецца гаворка? Паводле Клімы, існуюць “два галоўныя кшталты чалавека: чалавек грамадзкі й чалавек уласны. Індывід, які належыць да першага кшталту, ёсьць толькі прадуктам і функцыяй грамадзтва, ягоным рабом і папугаем; асобнікам аднаго з выданьняў кнігі; слабой жывёлай, якая ляніва развалілася ў сіле грамадзтва.—Чалавек уласны ёсьць чалавекам у прынцыпе сільным, узьнёсла сільным; таму ён выкараскаўся зь сіла і стаіць суверэнна сам па сабе, ён узьляцеў, і таму ёсьць узьнёслым; ён адзінкавы; ён усёй сваёй істотай якасна адрозьніваецца ад чалавека няўласнага. Ён ёсьць іншым, апрочным, яшчэ адным, вышэйшым чалавекам. “Звышчалавек” ёсьць ягоным найлепшым азначэньнем.”

Між чалавекам грамадзкім (пра якога Кліма пісаў у “Сьвеце як сьвядомасьць і нішто”, што ён “нізкі”) і ўласным, між гэтымі “крайнасьцямі “чалавечага” роду існуе summa summarum прынамсі такая фактычная розьніца, як між готэнтотам і канём—большая ў разумовым сэнсе, чым між готэнтотам і гультаём. Верыць, што найвышэйшы й найніжэйшы чалавек належаць да аднаго біялагічнага “віду” ёсьць звычайным глупствам.” “Без усялякай навуковасьці: між Гётэ і любым прафэсарам антрапалогіі існуе неабвержная, сапраўдная розьніца, як між ільвом і вэрблюдам.”

Першай прыкметай нізкага, грамадзкага чалавека ёсьць ягоная жывёльнасьць: чалавек, які паходзіць ад “заганных малпаў”, захоўвае сваю “малпіную натуру” нягледзячы на ўсе “ўдасканаленьні”. Першыя людзі павінны былі быць жахлівымі монстрамі й пачварамі, што да брыдкасьці цела й збачэнскай подласьці духа, горшымі яны быць не маглі, была толькі адна магчымасьць: яны лепшалі. Кожнае паляпшэньне суправаджалася новымі стратамі, кожнае адкрыцьцё—баязьліўствам, кожны прагрэс—стагнацыяй, кожны ўздым—заняпадам. Немагчыма выслабаніцца з гэтага зачараванага кола, якім ёсьць грамадзкасьць чалавека. “Чалавек ёсьць спрэс грамадзкай жывёлай—што азначае: баязьлівай жывёлай, якая заўжды аддавала перавагу самаму ганебнаму кшталту ўтульнага рабства перад небясьпечнай свабодай; гэта азначае прыгнечанасьць, скрыўленасьць, згорбленасьць духа; спрэс адна абачлівасьць, жах і боязь; ільсьцівасьць, запабяганьне і подласьць... рахманая жывёла з падцятым хвастом; гэта значыць—унівэрсальнае рабства, дзе “прыгнятальнік” слухаецца “прыгнечаных”, а “прыгнечаныя” “прыгнятальнікаў”; гэта абавязкова вымагае сабачых паводзінаў у адносінах зь іншымі... Грамадзтва і татальная сапсаванасьць—тое самае...” Таму “Чалавек ёсьць найбольш кур’ёзнай з усіх зямных пачвараў, спалучэньнем найвышэйшага й найніжэйшага, самага ўзьнёслага з самым мізэрным, ён ёсьць зьдзеклівым нагрувашчаньнем цяп-ляп усяго што толькі можна—гэта самае агіднае страшыдла, якое толькі існуе”. “Чалавек ёсьць у самым сваім падмурку баязьлівай жывёлай, якая і ня думае пра змаганьне... якая спадзяецца на чужую дапамогу: жабрацкай, карацей кажучы, грамадзкай жывёлай; “ад прыроды” заганнай, таму што слабасьць ёсьць ейным грунтам...” “Чалавек—раб, адурэлы ад несупынных удараў пугі, якімі яго падганяюць.” “Чалавек можа быць сабакам і гноем, і быць пры гэтым шчасны—толькі пэўнасьць яму падавай, пэўнасьць!” “Зірнем на звычайнага чалавека: ён ня ёсьць нічым іншым, як толькі штодзённым брудам і нізкасьцю: прафэсія, абед, плёткі й г.д.”

Задоўга да таго, як мы пачулі лозунгі “чалавек-канзумэнт”, “чалавек арыентаваны на зьнешняе”, “аднамерны чалавек” і г.д. (як часта яны гучаць з вуснаў самога гэтага чалавека!), Кліма здолеў адзначыць некалькі рысаў, паводле якіх ільга пазнаць у тым ліку і сёньняшняга “грамадзкага” чалавека, чалавека, які сабе не належыць. Адной з гэтых рысаў ёсьць пасьпешлівасьць, сьпех сёньняшняга чалавека. “Сьпех ёсьць адмысловым паталагічным станам загнанага зьвяра... Ён паходзіць ад страху... Ён ёсьць уцёкамі ад пугі, якой няма, лепш кажучы—ад уласнай пугі. Ён ёсьць вяршыняй сьмешнасьці—і нізкасьці.” Усе гэтыя “сьпяшаюся”, “няма часу”, “трэба бегчы”, якія мы чуем вакол сябе, ёсьць праявамі шараговасьці чалавека. “Няма нічога больш пасярэднага, чымся сьпех, сказаў Эмэрсан,”—піша Кліма ў працы “Сьпех і сёньняшняе чалавецтва”, і працягвае: “аднак пасярэднасьць ня ёсьць нічым іншым як нізкасьцю. Нізкасьць, у сваю чаргу, ёсьць дачкой боязі... усяго толькі прыдаўленасьцю”. “Найніжэшым жа кшталтам боязі ёсьць боязь і ўцёкі без прычыны, бо тут з баязьліўствам спалучаецца глупства.” “Нізкімі ёсьць апушчанасьць духу, аскацінеласьць. Нізкім ёсьць рабства. Той, хто сьпяшаецца, ёсьць усяго толькі рабом; рабом сваёй боязі і іншых нізкіх афэктаў, рабом нярозуму, рабом рэчаў, рабом банальных высілкаў і нізкіх патрэбаў.”

Загнанасьць, апантанасьць, бег навыперадкі, за якімі хаваюцца жуда, страх і баязьліўства, ідуць у нагу зь лёсам “сёньняшняга” чалавека, роляй якога ёсьць быць слугой і слугаваць толькі агульнаму дабрабыту й карысьці, як бачыў ужо Ніцшэ; агульную бессэнсоўнасьць свайго жыцьця арэчаўлены чалавек імкнецца кампэнсаваць ідэалам працы, працавітасьці, паваротлівасьці, карацей кажучы, пагоняй за выгадай і прыбыткам. Яна ёсьць толькі мізэрным сурагатам сапраўднага, Вышэйшага быцьця. “Пад выглядам ліхаманкавай працавітасьці” ў сучасным чалавецтве квітнее (а Кліма піша гэта яшчэ недзе ў 1920-х гг.!) “шалёная мітусьня зь нізкімі матэрыяльнымі мэтамі... Эўрапейскі чалавек згубіў Мэту: Бога, сэнс жыцьця, вышэйшае сьвятло, на ягоным месцы засталося крэдо: edite, bibite, post mortem nulla voluptas.” Нізкі чалавек жыве “ў ліхаманкавай маніі працавітасьці, актыўнасьці, лічачы сваю ліхаманку здаровай, цнатлівай, адзіна магчымай вартасьцю!” і мяркуе аб “каштоўнасьці чалавека паводле ступені адданасьці блазнаватаму гарбаценьню, паводле “працоўных рэкордаў”...”

“Дагэтуль не было такога асьлепленага, загнанага імкненьня—куды? Чалавецтва ня ведае: яно бяжыць, абы бяжаць. Але калі лякнецца няхай нават пара коней, дабром гэта не сканчаецца...” Сфэрай гэтай “шараговай ачмурэласьці” ёсьць “прыбытковая праца”. А “праца, якая робіцца дзеля нізкіх, паўсядзённых мэтаў застанецца пасярэднай, нават калі яна ўздымецца пад аблокі”. У гэтай нізкай сьпехатлівасьці людзі падсьвядома знаходзяць “цень неабходнага ім веравызнаньня”.

“Аб тым, хто не імкнецца знайсьці працы, амаль заўсёды скажуць, што ён яе баіцца, і ніхто ня скажа: ён баіцца залежнасьці, рабства, угнутасьці й поўзаньня, жабраваньня, ганебнасьці й прыніжэньняў, смуроду й калу, на якія багатая амаль кожная “прафэсія”... Ёсьць людзі, якія меней жахаюцца думкі аб кулі ў лоб, чым думкі аб тым, што іх перад усімі абмацюкае капрал; людзі, якія аддалі б перавагу самай цяжкай, небясьпечай—бруднай—нуднай, забойчай, шкоднай для здароўя працы перад лайдачаньнем пад кіраўніцтвам шэфа... Тое, што завецца працай, ёсьць звычайным галерніцтвам: хутчэй розгамі, чым уласна працай.” Праца сёньняшняга чалавека ёсьць “папросту найніжэйшай жыцьцёвай патрэбай. Але такая праца ў наш век атаясамляецца з працай наогул...”

Не іначай маюцца рэчы з забавай. “Забаўляцца, то бок здарова адпачываць эўрапеец ужо ня ўмее; самае большае, на што ён здольны—гэта гульнуць. Ён развучыўся марыць, ён умее толькі тупа глядзець у нікуды...” “Гульня, спорт, падарожжы, забава—нішто іншае як натужная, задыханая праца.”

Аб “сёньняшніх забавах” Кліма кажа: “Ня ведаю ніводнай зь іх, якая была б для мяне цікавай. Гэтыя забавы ёсьць ці то чыстай нудотай—як балбатня ў гасьціных, цырымоніі, пасядзелкі, вечарынкі, як бальшыня тэатральных, музычных і спартовых імпрэзаў—ці то цяжкой працай, як усе кшталты спорту, шахматы, карты—якія ёсьць толькі варыянтам прыбытку ці страты—чымсьці да сьмехаты нявінным, маленькім, укленчаным, кастраваным, супярэчным самому пойму забава. Забава ёсьць па сутнасьці чымсьці нястрымным, сьмелым, вольным, аргіястычным... Сапраўдная забава ёсьць чымсьці высакародным.” “Сёньняшні чалавек ня ўмее ані добра бавіцца, ані добра працаваць—а добра біцца дык пагатоў... Бавіцца—гэта збаўляцца, выслабаняцца, вызваляцца; толькі забава ёсьць вольнасьцю духа. Ягонай сьветлінёй, сапраўдным здароўем, радасьцю. Радасьць ёсьць мэтай усяго, праца—толькі сродкам яе дасягненьня...”

Калі апушчанасьць розуму, аскацінеласьць ёсьць нізкасьцю, дык пэўным парадоксам “на гэтай зямельцы” ёсьць тое, што “жывёла з назвай чалавек ня ведае аб тым, што існуюць і іншыя жывёлы!” ...Чалавек у сваёй жывёльнасьці ня хоча бачыць жывёлу ані ў сабе, ані па-за сабой. “Галоўнай праблемай чалавека ёсьць Жывёла: бадай, нават адзінай праблемай... Усё чалавечае ёсьць дзіцём аднаго бруднага ўлоньня...” “Гэтае парадаксальнае нежаданьне, няўменьне бачыць самага відавочнага, а менавіта што Жывёла—гэта чалавек, азначае толькі адно: чалавецтва ёсьць толькі абсалютным скатом і нічым іншым”.

Дык вось: чалавек хацеў “узвысіцца над усімі астатнімі жывёламі, і менавіта гэтым скаціўся ніжэй за бегемота, сьвіньню, глісту...” Тое, што “завецца жывёльным, ёсьць выключнай уласьцівасьцю чалавека; я карыстаюся словам скот—якое чалавек хутчэй за ўсё прыдумаў сам для сябе.” Як і жывёлы, “якія ніколі не пазіраюць на зоры”, звычайны чалавек таксама на іх не глядзіць: “між выразна шараговымі людзьмі я меў нагоду бачыць толькі двух, якія займаліся гэтым зь лёгкім адценьнем сузіраньня. Абодва былі п’яныя.”

Самым галоўным пытаньнем, паводле стаўленьня да якога ільга адрозьніць жывёльнага, грамадзкага, нізкага чалавека, карацей кажучы, “аlle Menschen”, зьяўляецца causa mortis. “Стаўленьне да сьмерці”, кажа Кліма, “ёсьць найлепшым крытэрам каштоўнасьці чалавека.” У “аlle Menschen” сьмерць залічаная ў “жыцьцё”, яны лічацца зь ёю, але ня думаюць аб ёй—post mortem nulla voluptas!—а калі думаюць, дык бачаць “шкілет і сьмярдзючае гніцьцё”, поўзаюць перад ёю на жываце, а потым—“румзаньне над нябожчыкам, спачуваньні, чорнае шмацьцё й жалобныя маршы... балбатня аб самым дарагім майне чалавека—жыцьці...” Якое “жыцьцё”, такая і “сьмерць”! Так званае жываценьне, жывёльнае існаваньне без сузіраньня, “несупыннае сьлізганьне духа па паверхні рэчаў” суправаджаецца horror mortis, horror vacui, horror immensi. Пры гэтым жыцьцё, якое вядуць “аlle Menschen”, ёсьць “бадзяньнем па сральні, у якой ня знойдзеш нічога апроч гаўна”. Чалавецтва, маецца на ўвазе зноў-такі “аlle Menschen”, нагадвае “баязьлівае дзіця, якому зьдзеклівы селянін даў у руку лайно і загадаў яму паважаць яго й не раскідвацца ім...”

Перад чалавекам толькі адзін выбар: “альбо герой, альбо сабака”. “Прыдуркаватае баязьліўства, анімальнасьць, не: бэстыяльнасьць... дагэтуль маюць над чалавецтвам абсалютную ўладу... Чалавецтва ёсьць боязьзю сьляпога перад усім, што далей за яго на два мэтры...”, вось у чым палягае чыста чалавечая жывёльнасьць. Такому чалавеку ня дадзена пакінуць сьвет добраахвотна, ён здольны “замілоўвацца над кожнай гнюсотай”. “Аlle Menschen”нагадваюць “чалавека, пажыцьцёва зачыненага ў агульнай вясковай прыбіральні, якога папярэдзілі, каб ён зь яе не выходзіў—бо гэтая сральня стаіць на ўскрайку бяздоннай прорвы; і вось ён там сядзіць і ўхваляе той смурод, і яму нават у галаву ня прыйдзе думка выбіць нагой спарахнелыя дзьверы...”

“Выбіць нагой спарахнелыя дзьверы”, выйсьці са сьмярдзючай сральні, гэтаксама як з пакою, дзе “дыміць комін” (думка належыць імпэратару Марку Аўрэлію: “З коміну цягне дымам, я сыходжу”)—гэта, аднак, вырашэньне годнага чалавека: “Годны чалавек адыйдзе з жыцьця, калі захоча, тым часам як усе астатнія людзі дазваляюць выкінуць сябе з карчмы.”

Дык вось Кліма не зьбіраўся нікому дазваляць “выкінуць сябе з карчмы”. І менавіта ў момант, калі ў яго “дыміў комін”, калі “Сыход” быў больш чым блізкі, калі ён “з выключным спакоем, бязь сьледу боязі” думае аб “высокім учынку”, сам-насам з добраахвотнай сьмерцю, калі ў ягоных паперах зьяўляецца цыдулка “пазбаўляюся жыцьця добраахвотна”, 21 сьнежня 1913 году Кліма прыгадвае адзін значны для яго дзень, “найвышэйшы дзень”, пятніцу 13 жніўня 1903 году.

(працяг будзе)


© Пераклад — Макс Шчур, 2005

HA POCTAHI