Cальвадор Далі (1904-1989)

ВЫКАЗВАНЬНІ АБ МАСТАЦТВЕ

 


*
Калі я пазіраю на зорнае неба, яно здаецца мне маленькім. Ці то гэта я расту, ці то сусьвет зьмяншаецца. Калі толькі і тое, і другое не адбываецца адначасова.

*
Мастак, калі ты хочаш забясьпечыць сабе выбітное месца ў грамадзтве, ты павінен чым раней тым лепей з разгону нанесьці яму рэзкі ўдар па патрэбнай назе.

*
Ад свайго раньняга дзяцінства ў мяне быў заганны бзік лічыць мяне адрозным ад звычайнай пароды людзей. Гэты бзік усё яшчэ трывае, і я ніколі яшчэ не згубіў магчымасьці зь яго скарыстаць.

*
Адна арагонская хота мае пранізьлівы, вантробны, ібэрыйскі й ірацыянальны прыпеў:

“Я кахаю цябе, як любяць маці,
як любяць грошы!”

Мяне заўсёды агаломшвала золата ў любых ягоных праявах. Завучыўшы ў сваім юнацтве, што Мігэль дэ Сэрвантэс памёр у жахлівай беднасьці пасьля таго як напісаў свайго несьмяротнага “Дона Кіхота” ў імя большай славы Гішпаніі, а Хрыстафор Калюмб, які адкрыў Новы Сьвет, таксама памёр у падобных умовах, ды яшчэ ў астрозе, ужо тады мая разумнасьць настойліва параіла мне дзьве рэчы: 1) адсядзець у астрозе як мага хутчэй. І гэтак сталася. 2) зрабіцца, наколькі гэта будзе магчыма, чымсьці накшталт мульцімільянэра. І гэта таксама сталася.

*
Золата робіць “ангажаванасьць” даволі непатрэбнай. Герой не ангажуе сябе ні ў чым! Ён ёсьць наўпростай супрацьлегласьцю паслугача. Каб адважыцца так размаўляць, патрэбна, каб Сартр насамрэч набіў вам аскому! Дык будзьма разумнымі, калі мы хочам дазволіць сабе быць ніцшэанцамі.

*
Увядзеньне пачварнасьці ў сучаснае мастацтва распачалося з рамантычнай падлеткавай наіўнасьцю Арцюра Рэмбо, калі той сказаў: “Прыгажосьць прысела да мяне на калені, і я ад яе стаміўся.” (...) Каб крочыць у нагу з дыфірамбічнай крытыкай, мастакі пачалі прысьвячаць сябе пачварнаму. Чым больш яго яны выявілі, тым больш сучаснымі яны былі. (...) Дыфірамбічныя ж крытыкі ўжо састарэлага мадэрнісцкага мастацтва як былі, так доўга яшчэ застануцца ў прастрацыі й замілаванасьці Пачварнасьцю, што села да іх на калені. Яна іх ніколі ня стоміць.

*
У сапраўднасьці, нішто не састарылася з такой хуткасьцю й мізэрнасьцю, як тое, што крытыкі састарэлага мадэрнісцкага мастацтва называлі сучасным.

*
У пэрыяд Рэнесансу цела ёсьць даволі прывабным, хаця дыянісійскі й гаўдыянскі бакі жыцьцёвай трагедыі адсутнічаюць. З Энграм яны ўсё яшчэ недаткнёныя, але ж адбылася француская рэвалюцыя, і зьявіўся буржуазны густ. Энгр супраціўляецца. Рэчы ідуць блага... (напрыклад—Манэ). З Мацісам мы стаемся сьведкамі апатэозу буржуазнага густу.

*
Рафаэль ёсьць найбольш антыакадэмічным, найбольш пяшчотна жывым і найбольш футурыстычным між эстэтычных архетыпаў усіх часоў. Я папрасіў сваіх сяброў Лё Корбюзье, Барра, Сўіні й асабліва Мальро запыніцца на момант і паглядзець, як жахліва пастарэлі гэтыя зьлепленыя, анэкдатычныя, літаральныя й сэнтымэнтальныя дакумэнты кубісцкага пэрыяду, як фізічна, так і маральна! Хай яны параўнаюць іх прынамсі з Рафаэлевым Сан-Джорджо, які застаўся сьвежым як ружа!

*
Калі мне быў усяго толькі дваццаць адзін год, аднаго дня мне пашчасьціла абедаць у таварыстве мазахісцкага й пратэстанцкага архітэктара Лё Корбюзье, які, як ведае кожны, ёсьць вынаходнікам архітэктуры самапакараньня. Лё Корбюзье спытаўся ў мяне, ці ёсьць у мяне якія ідэі наконт будучыні ягонага мастацтва. Так, яны ў мяне былі. Калі ўжо на тое пайшло, у мяне ёсьць ідэі наконт усяго ў сьвеце. Я адказаў яму, што архітэктура станецца “мяккай і валасатай”, і катэгарычна заявіў, што апошнім вялікім геніем архітэктуры быў Гаўдзі, чыё імя па-каталанску азначае “асалода”, гэтаксама як Далі азначае “жарсьць”. Я растлумачыў яму, што асалода і жарсьць ёсьць характарыстыкамі каталіцызму й міжземнаморскай готыкі, перавынайдзеных і даведзеных Гаўдзі да параксізму. Слухаючы мяне, Лё Корбюзье выглядаў як чалавек, які наглынаўся жоўці.

*
Актуалізацыя афрыканскага, лапландзкага, латыскага, брэтонскага, гальльскага, маёрскага ці крыцкага мастацтва ёсьць нічым іншым як вынікам мадэрнісцкай крэтынізацыі. Усе яны нагадваюць кітайскае мастацтва—бог сьведка, як мала мне яно падабаецца.

*
Міро, які, па вялікім рахунку, спрабаваў забіць мастацтва, меў дастаткова мужнасьці, каб дазволіць фальклёру сябе паглынуць. Тым ня менш, у сваім рэчышчы ён найлепшы—ужо папросту таму, што ён каталанец!

*
Штосьці скончылася са сьмерцю гэтага мастака водарасьцяў, якія былі прынамсі прыдатнымі для таго, каб палегчыць функцыянаваньне буржуазнага страўніку—я маю на ўвазе Мацісса, мастака рэвалюцыі 1789 году.

*
Пікассо: скрайняя змрочнасьць, што ўжо наўрад ці можа быць горшай, чыстая жывёльнасьць.

*
Пікассо, “Жанчына з капелюшом-рыбінай”: Гэта не настолькі прыгожа.

*
Празь дзесяць гадоў будуць казаць, што Пікассо быў не такім ужо й добрым мастаком, а Бугро—не такім ужо й дрэнным.

*
Мадэрнізм: глыбокая пагарда да інтэлектуальных сістэмаў.—Выразнае падаўленьне разумовай дзейнасьці, пакуль яна не дасягне ўзроўню дэбілізму.—Аптымістычная й лірычная тупасьць.—Арнамэнтальны аўтаматызм.—Стэрэатып.—Неалагізмы.—Размах велічнасьці, збачэнскай мэгаламаніі, “аб’ектыўнай мэгаламаніі”.—Велічна квітнеюць эратычныя, іррацыянальныя, падсьвядомыя тэндэнцыі.

Вынаходніцтва “гістэрычнай скульптуры”.—Пэрманэнтны эратычны экстаз.—Dementia praecox.—Разьвіцьцё анальнага садысцкага комплексу.—Палымяная арнамэнтальная копрафагія.—Вельмі павольны ананізм, які зьнясільвае й суправаджаецца нечуваным пачуцьцём віны.

*
“Вяртаньне да Прыгажосьці”: эратычнае жаданьне азначае банкруцтва інтэлектуальнай эстэтыкі. Там, дзе Венера логікі зьнікае, зьяўляецца Венера “благога густу”, “Венера ў футры”, пад сьцягам адзінай прыгажосьці—прыгажосьці сапраўдных жыцьцёвых і матэрыялістычных імпульсаў.—Прыгажосьць ёсьць толькі вынікам усьведамленьня нашых збачэнстваў. Брэтон казаў, “Прыгажосьць павінна быць альбо канвульсіўнай, альбо нічым.” Гэтаксама новая сюррэалістычная эпоха “рэчавага канібалізму” адпавядае наступнай выснове: “Прыгажосьць павінна быць альбо ядомай, альбо нічым.”

*
Апошняе, што яшчэ ільга патрабаваць ад скульптурнага твору—гэта нерухомасьць.

*
Поль Сэзанн—адзін з найбольш дзівосна рэакцыйных мастакоў усіх часоў—быў таксама адным з найбольш “імпэрыялістычных”, бо ён імкнуўся перастварыць Пуссэна “на аснове прыроды”... Ягоная нязграбнасьць можа быць зраўнанай толькі з галавакружнай віртуознасьцю Вэласкэса. Менавіта Вэласкэс, як Бонапарат, уліў анархію аргіястычнага жывапісу ў Цэзараву імпэрыю формаў, дадаўшы пойм перарывістай прыроды, якога бракавала Пуссэну.

Але, хоць гэта можа выглядаць кранальна, Сэзанн ні разу ня здолеў намаляваць адзін-адзіны круглы яблык, які б утрымліваў у сваім абсалютным аб’ёме пяцёрку звычайных геамэтрычных целаў (куб, чатырох-, дванаццаці-, шасьці- й васьміграньнік).

Дыфірамбічная крытыка, у поўнай гармоніі з пасярэднасьцю Сэзаннавых карцін, здолела толькі ператварыць у катэгарычныя імпэратывы тыя катастрафічныя недахопы, бясформнасьць і нязграбнасьць іхнага аўтара... Яны паверылі, што ён зрабіў крок у кірунку вызваленьня мастацкай тэхнікі. Кожная няўдача была перахрышчаная ў “эканомнасьць, інтэнсіўнасьць, пластычнасьць”. Карацей, як заўжды падманутыя але жыцьцярадасныя, дыфірамбічныя крытыкі, замест таго каб задаволіцца валоданьнем узьнёслага кошыку зь некранутымі й боскімі яблыкамі—сімвалу новага Сэзаннаўскага залатога веку—засталіся сядзець перад кошыкам, поўным іхнага ўласнага лайна... Выраз Мішэля дэ Монтэня, “насраць некаму ў кошык а потым надзець яго яму на галаву”, яшчэ ніколі ня быў такі трапны як у дачыненьні да ўсьпяваньня дыфірамбічнымі крытыкамі новай тэхнікі мадэрнісцкіх мастакоў.

*
Гэтаксама як Вольтэр з Богам-Творцам, Брак і я кланяемся адзін аднаму, але не размаўляем адзін з адным.

*
Кубізм быў надзвычайна гераічнай намогай захаваць аб’ект у момант, калі было здабытае поўнае ўсьведамленьне новай перарыўнасьці матэрыі. Насамрэч, ён працягваў працаваць з аб’ектамі, заўсёды з аб’ектамі, канкрэтнымі і анэкдатычнымі аб’ектамі, якія несьлі цяпер цэтлік іхных уласных анэкдатычных гісторыяў. Вуглы цэмэнтавых гітар рэжуць рукі й твары аб’ектыўнасьцю сваіх рыкаючых структураў... а эстэтыкі разглядаюць гэта як крок да абстрактнага, а не як паўстаньне аб’екту.

У гэтым няма нічога ненармалёвага, і Пікассо аднойчы прызнаўся мне ў прыватнай размове, што ніхто з панегірыстаў ягонага шэрага кубізму ня быў здольны ўбачыць, што было паказана на ягоных карцінах. Менавіта з гэтага жахлівага акадэмізму нарадзіліся ўсе неа-пластыцызмы, і ў прыватнасьці ганебны прыклад мэнтальнай слабасьці, які пампезна называецца “абстрактнай творчасьцю”. І ад гэтых новых сучасных акадэмістаў я быў вымушаны слухаць увесь час: Піт, Піт, Піт… Бо паколькі я абагаўляю Вэрмеера, я знаходжу ў Мандрыянаўскай упарадкаванасьці Вэрмеераўскую чысьціню, і нават ягоную сімультаннасьць блакітных і жоўтых таноў. Тым ня менш, я сьпяшаюся дадаць, што калі Вэрмеер—гэта амаль што ўсё, дык Мондрыян—амаль нічога! Абсалютна ідыёцкія крытыкі карысталіся імем Мондрыяна ў любой сувязі. Піт—гэта паэзія, Піт—гэта містыцызм, Піт—гэта філасофія, Пітаў белы колер, Пітаў жоўты колер, Піт, Піт, Піт... Peep, Pity, Piet.

*
Пра Поллока: Рыбны суп, як і ў Монтычэлі, але нашмат меней смачны, які здольны ўсяго толькі сапсаваць страўнік.

*
Без найменшага ваганьня, без сумневу: найгоршы мастак сьвету—Торнэр.

*
Вэрмэер, “Музыкі”: Гэтая карціна прыгажэйшая за ўсё, што было аб ёй сказана, і за ўсё тое, што мы аб ёй думаем.

*
Дзеці ніколі мяне асабліва не цікавілі, але рэч, якая цікавіць мяне яшчэ меней—гэта дзіцячыя малюнкі.

*
Каб жыцьцёва гетэрагенныя й анты-акадэмічныя сілы сучаснага мастацтва не загінулі ў анэкдатычнай абсурднасьці выразна экспэрымэнтальнага й нарцысічнага дылетанцтва, патрэбныя тры асноўныя рэчы:

1)Талент, пажадана—геніяльнасьць. (З часоў Францускай рэвалюцыі разьвілася заганная тэндэнцыя да крэтынізацыі, якая палягае ў цьверджаньні, што геніі ўва ўсім ёсьць меней болей такімі ж істотамі, як і звычайныя сьмяротныя. Гэтае перакананьне ёсьць памылковым. Я, як адзін з выбітных геніяў сучаснасьці, магу гэта пацьвердзіць.)
2)Вучыцца маляваць ня горш за Вэласкэса, а яшчэ лепш—ня горш за Вэрмэера.
3)Вызнаваць манархістычную й каталіцкую касмагонію, як мага больш абсалютную, з імпэрыялістычнымі тэндэнцыямі.

*
Мастакі, малюйце скрупулёзна й настолькі рэалістычна, як фатографы, што працуюць у колеры; няхай вашая рука паводзіць сябе як страбаскоп, і тады, абяцаю вам, зьявіцца шанс, што вашыя карціны стануцца неўміручымі!

*
Мастакі, ня бойцеся дасканаласьці. Вы ніколі яе не дасягнеце! Калі вы—пасярэднасьць, і пры гэтым робіце ўсё, што ў вашых сілах, каб маляваць як мага больш старанна, дык усё адно заўсёды будзе відаць, што вы—пасярэднасьць.

*
Мастак, не прымушай сябе быць сучасным. На жаль, гэта адзіная рэч, якой ты ня можаш пазьбегнуць, што б ты ні рабіў.


© Пераклад — НМ, 2005

HA POCTAHI