Сёньня
гавораць аб беларускім нацыяналізме як аб адзінай зьяве—“адраджэньні”,
у якім выдзяляюць дзьве хвалі: пачатку мінулага стагодзьдзя (назавем
яе “нашаніўскай”) і канца мінулага стагодзьдзя, якую ўсё яшчэ ільга
назваць “сучаснай”. Сам па сабе пойм “адраджэньне” ўтрымлівае ў сабе
значаньне ўзнаўленьня, вяртаньня да чагосьці ўжо аднойчы ўзьніклага
ці некалі існага.
Заўважым,
што насамрэч ідэя матэрыяльнага ўзнаўленьня нейкай абстрактнай ідэі,
тым болей нейкага гістарычнага працэсу, такога як рух, ёсьць сама па
сабе даволі міфічнай. Гэта справядліва і ў выпадку беларускага “адраджэньня”,
чыя другая хваля мае вельмі адрозную ад першай спэцыфіку.
Першая
хваля нацыяналізму ў Эўропе была рэакцыяй на каланіяльную эпоху й тэрытарыяльную
экспансію багацейшых краінаў (імпэрыяў), якая адбывалася паралельна
з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй у капіталістычным грамадзтве. Гаспадарчая
важнасьць зямлі й аграрнай культуры менела, урбанізацыя спрыяла вынішчэньню
традыцыйнай вясковай культуры. Адначасова тэрытарыяльны перападзел сьвету
вымусіў малыя народы дамагацца сваёй дзяржаўнасьці з мэтай замацаваць
за пэўнай тэрыторыяй пэўную культуру й пэўны тып ідэялогіі. У некаторых
выпадках гэта зь вялікімі цяжкасьцямі атрымалася (Чэхаславаччына, Ірландыя,
Прыбалтыка), у некаторых—не (Беларусь, Украіна). Гэтую хвалю нацыяналізму
назавем палітычнай.
Тым
часам другая, сучасная хваля нацыяналізму (назавем яе культурнай) ёсьць
рэакцыяй на новую хвалю перадусім культурнай экспансіі вялікіх імпэрыяў/
дыскурсаў, якая адбываецца ў часы інфармацыйнай рэвалюцыі, калі значнасьць
мовы й забясьпечанай ёю інфармацыйнай прасторы надзвычайна ўзрастае.
Таму культурны нацыяналізм выступае перадусім за стварэньне самадастатковай
культурнай і інфармацыйнай прасторы ў геаграфічных межах ужо існай (адноўленай
ці новастворанай) дзяржавы. Ужо самім выказваньнем гэтага патрабаваньня
культурны нацыяналізм прызнае факт сваёй “адсталасьці” ад вялікіх культураў,
з-за якой малая культура пачувае сябе прыгнечанай і “непаўнавартай”.
Сапраўды:
з-за вялікай колькасьці інфармацыі меней-болей самадастатковымі (аўтаномнымі)
сёньня могуць быць толькі тыя культуры/мовы і зьвязаныя зь імі ідэялогіі/дыскурсы,
у якіх існуе багатая й жывая традыцыя, і ў якіх няма патрэбы “даганяць”
адставаньне ў назапашваньні інфармацыі. Такіх “самадастатковых” культураў
у сьвеце сёньня ня так і шмат—гэта перадусім англа-амэрыканская, кітайская,
руская, арабская, гішпанская, нямецкая, француская культуры. Кожная
з гэтых культураў па-свойму прэтэндуе на унівэрсальнасьць. Такім чынам,
культурныя нацыяналісты змагаюцца за зраўнаньне культураў “малых” народаў
у “правох” ці, лепей кажучы, у статусе з унівэрсальнымі культурамі—на
той падставе, што малыя культуры, маўляў, “нічым ня горшыя”, а ў нечым
і “лепшыя” за вялікія. (Адзначым, што найлепшым спосабам такога самаахвярнага
культурніцкага змаганьня зьяўляецца навуковая й перакладчыцкая праца.)
Агульнае
між двума кшталтамі нацыяналізму—гэта тое, што абодва яны патрабуюць
“другога шанцу” для малых народаў/ культураў. Аднак у выпадку беларускіх
нацыяналістаў 2-й хвалі трэба адзначыць, што ў адрозьненьне ад нацыяналістаў
хвалі 1-й самі яны, будучы людзьмі спрэс адукаванымі (так званымі інтэлектуаламі)
ня могуць не ўсьведамляць утапічнасьці свайго праекту. Таму на Беларусі
яны часта заклікаюць ня столькі да стварэньня ўласнай інфармацыйнай
прасторы, колькі да адлучэньня Беларусі ад рускай інфармацыйнай прасторы
й далучэньня яе да іншай прасторы, пажадана—англа-амэрыканскай (як найбольш
моцнай і уплывовай на сёньняшні дзень). Такая палітыка часам знаходзіць
сваё адлюстраваньне ў праграмах радыё “Свабода”. Вось што адказвае супрацоўнік
радыё на наступны ліст слухача:
“Задача
беларусізацыі сёньня абсурдная: яе немагчыма рэалізаваць на тым узроўні,
як гэта было зроблена ў краінах Усходняй Эўропы ў міжваенныя дзесяцігодзьдзі.
Да 1980 году беларусы ўжо сфармаваліся як індустрыяльны народ са ста
адсоткамі расейскага лексычнага камунікатыву. Адсюль і расьце хвост
немагчымасьці стварыць нацыянал-дэмакратыю ва ўсходнеэўрапейскім выглядзе.
…Мне складана ўявіць будучую двухмоўную Беларусь гадоў празь дзесяць-пятнаццаць,
якую Алег Трусаў бачыць падобнай на Эстонію і Латвію. Пачатак 21 стагодзьдзя
— зусім не пачатак 20-га...” — лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
“Вашыя
прагнозы, спадар Марціновіч, выглядаюць зусім праўдападобнымі, але толькі
ў тым выпадку, калі захаваюцца сёньняшнія тэндэнцыі, сёньняшняя палітыка
беларускіх уладаў. А калі ўявіць, што праз дваццаць гадоў Беларусь —
сябра Эўразьвязу і НАТО, аддзелена ад Расеі мяжой і візавым рэжымам,
замест тэлеканалаў “Россия” і НТВ на ўсю Беларусь трансьлююцца СNN i
BBC, а дзеці ў беларускіх школах зь першай клясы вывучаюць ангельскую,
а не расейскую мову? Выглядае неверагодным? Але гэтак жа неверагодна
дваццаць год таму гучаў бы прагноз наконт незалежнасьці Беларусі ці
распаду СССР.”
Як
бачым, культурны нацыяналізм скіраваны супраць празьмернага ўплыву аднаго
вялікага дыскурсу на нейкай інфармацыйнай прасторы. (Заўважце, аднак,
наколькі мовы народаў былой Аўстра-Вугоршчыны абавязаныя нават і цяперашняй
сваёй жыцьцяздольнасьцю колішняму пасярэдніцтву нямецкага дыскурсу,
які дазваляў нацыянальным інтэлігенцыям трымаць крок у разьвіцьці навукі
й культуры з астатнім капіталістычным сьветам. Тую ж ролю на беларускай
тэрыторыі цягам апошніх двух стагодзьдзяў выконваў—і выконвае—рускі
дыскурс.)
Антымаскоўскі
культурны нацыяналізм беларусаў параўнальны з антыгішпанскім нацыяналізмам
баскаў ці каталанцаў, антынямецкім нацыяналізмам лужыцкіх сорбаў альбо
антыдацкім нацыяналізмам грэнландзкіх эскімосаў. Гэты тып нацыяналізму
ўзьнікае ў даволі разьвітых буржуазных грамадзтвах—там, дзе болей не
існуе палітычных перашкодаў для разьвіцьця кожнага асобнага прадстаўніка
“прыгнечанага” этносу, аднак гэты этнос ня можа стацца нацыяй (дэмосам)
па той прычыне, што ўжо зьяўляецца часткай іншага дэмосу (які да таго
ж абслугоўвае больш разьвітая неаўтахтонная культура, на якую пераносіцца
гнеў культурных прадстаўнікоў “прыгнечанага” этносу).
Як
бачым, высьвятляецца, што тэарэтычна беларускі культурны нацыяналізм,
у адрозьненьне ад астатніх згаданых нацыяналізмаў, як быццам зусім ня
мае пад сабой падстаў, як што беларусы на сёньняшні дзень маюць сваю
дзяржаву, а таму й зьяўляюцца нацыяй. Аднак у сапраўднасьці беларуская
дзяржава сёньня ня толькі не дапамагае разьвіцьцю аўтахтоннай беларускай
культуры, але й стрымлівае яго, фактычна прыняўшы ў якасьці афіцыйнага
дыскурсу дыскурс суседняй Расіі. Такая сітуацыя ёсьць, магчыма, абсурднай
і для староньняга назіральніка незразумелай, але з гістарычнага гледзішча
зусім не унікальнай (узгадайма прынамсі прыняцьце больш разьвітага старабеларускага
дыскурсу ў якасьці афіцыйнай мовы шматэтнічнай Літоўскай дзяржавы).
Акрамя таго, існаваньне “антыбеларускага” рэжыму ў беларускай дзяржаве
ільга растлумачыць і цеснай повязьзю паміж узьнікненьнем гэтага рэжыму
й папярэднім этапам уздыму беларускага культурнага нацыяналізму.
Антымаскоўская
культурная палітыка найбольш інтэнсіўна праводзілася на Беларусі напачатку
90-х гг. Пад выглядам “адваёвы” колішніх пазіцыяў беларускамоўнага дыскурсу
вялася інтэнсіўная заваёва новых, традыцыйны належных рускаму дыскурсу
пазіцыяў. Аднак справа ня ў тым, што гэтая заваёва вялася занадта хутка,
тым часам як грамадзтва было да яе непадрыхтаванае, а ў тым, што ў ёй
не было ніякай аб’ектыўнай патрэбы. Ільга сказаць, што культуры і мове
былі ахвяраваныя рэспубліка й дэмакратыя—што прывяло да ўлады “народнага
трыбуна” й пазьнейшага дыктатара Лукашэнку.
“Новая
беларусізацыя” выклікала пратэст з боку натуральна кансэрватыўнай (менавіта
ў культурным, але ні ў якім разе не ў палітычным сэнсе) бальшыні рускамоўных
беларускіх грамадзянаў. Спытаймася, да якой меры іхная рускамоўнасьць
была і ёсьць пытаньнем палітычным? Культурныя нацыяналісты, натуральна,
імкнуліся і ўсё яшчэ імкнуцца гэтае пытаньне палітызаваць—як гэта было
ў Прыбалтыцы—каб надаць свайму культурнаму руху хоць нейкі палітычны
сэнс. Аднак насамрэч ані рускамоўнасьць беларусаў сама па сабе не зьяўляецца
перашкодай на шляху дэмакратызацыі самастойнай Беларусі (гэтаксама як
англамоўнасьць не была перашкодай аддзяленьня ЗША ад Брытаніі, а гішпанамоўнасьць—аддзяленьню
лацінаамэрыканскіх калоніяў ад Гішпаніі), ані культурны нацыяналізм
не зьяўляецца сур’ёзным палітычным рухам. Культурны нацыяналізм быў
толькі няўдалым спосабам прывесьці да ўлады адно з адгалінаваньняў беларускай
постсавецкай эліты, якое зь невядомых прычынаў пачало выдаваць сваю
беларускамоўнасьць за дэмакратычнасьць і “антысавецкасьць”.
З
гледзішча цяперашняй беларускай сітуацыі культурны нацыяналізм ёсьць
адносна лёгкай пазіцыяй. Па-першае, ягоная мэта (татальная й прымусовая—бо
іншай яна сёньня быць ня можа—беларусізацыя краіны)—яўна незьдзяйсьняльная,
што забясьпечвае яму ў патэнцыяле доўгую жыцьцёвасьць (за кошт падтрымкі
дыяспары й Захаду). Па-другое, гэтая мэта ня ёсьць палітычнай, што дазваляе
ўладам заплюшчваць на існаваньне й заклікі культурнага нацыяналізму
вочы. Больш таго: культурныя нацыяналісты відавочна імкнуцца падтрымліваць
недэмакратычную й нелегітымную ўладу ў ейных антымаскоўскіх кроках—што
выяўляе перадусім антымаскоўскую, а пасьля ўжо прабеларускую скіраванасьць
культурнага нацыяналізму.
На жаль, менавіта культурны нацыяналізм (з акцэнтам на беларускамоўнасьць)
пераважае ў беларускім дэмакратычным руху ад пачатку 90-х гг. Ягонымі
выразнымі прадстаўнікамі зьяўляюцца Пазьняк, Вячорка, Дубавец, чые погляды
адлюстроўваюць і прапагандуюць газэта “Наша Ніва”, радыё “Свабода” й
іншыя мэдыі. Усяляк, іхны ўплыў на фармаваньне грамадзкага меркаваньня
на Беларусі ёсьць даволі нязначным—таму іх ільга разглядаць як водгукі
ўздыму культурнага нацыяналізму пачатку 90-х, калі ён практычна стаўся
дзяржаўнай палітыкай і неўзабаве прывёў да ўзьнікненьня лукашэнкаўскай
рэакцыі.
Ці
існуе нейкая альтэрнатыва культурнаму нацыяналізму? Безумоўна—усё той
жа беларускі палітычны нацыяналізм пачатку мінулага стагодзьдзя (якому
папярэднічаў доўгі пэрыяд культурнай эмансіпацыі беларусаў, якая вялася
на працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя: з гэтым пэрыядам зьвязанае ўзьнікненьне
новабеларускай літаратуры, кадыфікацыя беларускай мовы, стварэньне беларускага
тэатру, паўстаньне першай беларускай палітычнай партыі й г.д.), нацыяналізм
нашаніўскага пэрыяду, з праграмай сацыяльнай эмансіпацыі й заснаванай
на ёй падтрымцы шырокіх народных масаў (тады гэта было беларускамоўнае
сялянства, сёньня ягонае месца павінна заняць “протасярэдняя” класа—рускамоўнае
гарадзкое насельніцтва). Нагадайма, што патрабаваньні палітычнай эмансіпацыі
беларускага народа захлынуліся, з аднаго боку, у сацыяльнай “эмансіпацыі”
ягоных бяднейшых слаёў, а з другога—менавіта ў культурнай эмансіпацыі
й паралельнай зь ёю саветызацыі, якая праводзілася ў 1920-1930-х гг.
пад выглядам “беларусізацыі”.
Нацыяналізм
1-й хвалі выступае за самастойную і дэмакратычную (няхай сабе нават
і збольшага рускамоўную) беларускую дзяржаву, існаваньне якой прадыктаванае
аб’ектыўнымі патрабаваньнямі насельніцтва Беларусі. Калі б такая Беларусь
магла ўзьнікнуць напачатку ХХ стагодзьдзя, яна безумоўна была б беларускамоўнай;
сёньня яна магчымая толькі як рускамоўная, хочацца нам гэтага альбо
не—пры натуральным руска-беларускім дзьвюхмоўі (гл. адмысловы артыкул
Графамана на гэтую тэму). Такая сітуацыя склалася ў выніку доўгай русіфікацыі
беларускага народа, якая пачалася, зазначым, не ў кастрычніку 1917 г.,
а якім стагодзьдзем раней. Прыймаць гэты гістарычны факт як рэалію не
азначае яго апраўдваць ці міфалагізаваць—гэта азначала б далучыцца да
стварэньня лукашэнкаўскіх міфаў аб “вечнай еднасьці з рускім народам”.
Аднак займацца з гэтай нагоды самалупцаваньнем, пакаяньнем і іншымі
вычварэньнямі “а ля Пазьняк” таксама ня варта. У дэмакратычнай незалежнай
дзяржаве няма падставаў баяцца “адмоўнага” ўплыву рускамоўнага дыскурсу—які
ўжо сёньня йграе станоўчую ролю ў адносна незалежным і часта вельмі
крытычным інфармаваньні грамадзянаў Беларусі аб падзеях у краіне.
Імкненьне
да дэмакратычнай Беларусі, да стварэньня сапраўднай і легітымнай Беларускай
рэспублікі адначасова ёсьць памкненьнем далучыцца да Заходняга сьвету,
зразуметага не як гомагенны сьвет хрысьціянскай культуры, паскладаны
з мноства выспачкаў нацыянальных дыскурсаў, а як сьвет перадусім сэкулярны
й мультыкультурны, адкрыты, касмапалітычны, дзе ў ідэале не існуе пагрозаў
мовам, культурам і веравызаньням, гэтаксама як не існуе дыскрымінацыі
на расавай, нацыянальнай, сэксуальнай ці іншай глебе—а калі й так, дык
існуе права мірнага змаганьня за датрыманьне сваіх правоў. Таму, як
бачым, палітычны нацыяналізм здольны вырашыць пытаньні й патрабаваньні
нацыяналізму культурнага—ні ў якім выпадку не наадварот. Культурны нацыяналізм,
які заклікае да культурнай самадастатковасьці й “ізаляцыі” беларускамоўных
беларусаў, здольны рэалізаваць свой “палітычны” праект толькі на невялікім
кавалку наўмысна адведзенай пад гэты экспэрымэнт тэрыторыі—чаго ў бліжэйшай
будучыні не прадбачыцца. Паводле сваёй сутнасьці культурны нацыяналізм
ёсьць ідэялогіяй “элітарскай” і права-радыкальнай: ягоны дэмакратычны
патэнцыял ёсьць даволі нізкім, і ён ня можа стацца падмуркам ідэялогіі
маладой дэмакратычнай дзяржавы.
Такім
чынам, сучасныя культурныя нацыяналісты, якія выстаўляюць сябе нашчадкамі
першай хвалі беларускага адраджэньня, ня маюць зь ёю па сутнасьці нічога
агульнага, апрача назвы. На жаль, культурны нацыяналізм успрымае й прэзэнтуе
сябе як палітычны. Гэта дазваляе ягоным прыхільнікам выдаваць сваю чыста
культурніцкую дзейнасьць за дзейнасьць палітычную—якая часта зьяўляецца
па сутнасьці палітычнай бязьдзейнасьцю, гэткім “культурным дысідэнцтвам”.
Трэба прызнаць, што ў сітуацыі агульнай барацьбы супраць дыктатуры Лукашэнкі
гэтае разьмежаваньне ня мае такой вострай значнасьці—але яно зноўку
набудзе актуальнасьці ў выпадку зьмены палітычнага становішча, калі
культурны нацыяналізм і ягоная палітычная рэпрэзэнтацыя будуць post
factum прэтэндаваць на сваю “вядучую ролю” ў палітычным змаганьні з
рэжымам. Аднак насамрэч дыскурс культурнага нацыяналізму ёсьць параўнальна
маргінальным дыскурсам, чый рэальны ўплыў на палітычную сітуацыю ёсьць
нязначным.
Беларускі
дыскурс, замест думак аб сваёй экспансіі, павінен зараз больш клапаціцца
аь захаваньні сваёй нават не канкурэнта-, а жыцьцяздольнасьці. Толькі
тады ён зможа ўзьняцца да ўзроўню вялікіх дыскурсаў, калі зробіцца не
самазасяроджаным і ня “самадастатковым” (бо ніводны дыскурс такім ня
ёсьць), а папросту самастойным. Для гтэага патрэбна, каб за ім стаяла
багатая традыцыя аўтэнтычных—ня толькі літаратурных ці культуралагічных,
але навуковых, палітычных ды іншых—і ў першую чаргу перакладных тэкстаў
у самых розных галінах веды. Такая традыцыя ствараецца і ўзбагачаецца
з кожным днём, але ў сувязі з адносна невялікай колькасьцю ейных носьбітаў
гаварыць аб ейнай хуткай самастойнасьці не выпадае.
Беларуская
мова ў часы БССР была чымсьці накшталт лаціны ў сярэднявеччы. Гэта была
адна з моваў той афіцыйнай ідэялогіі, якая замяняла сабою рэлігію. Таму
ільга сказаць, што беларуская мова была хутчэй мовай царкоўнай, чымся
дзяржаўнай. Наадварот, дзяржаўнай мовай, мовай штодзённых практычных
стасункаў, была руская мова, якая ўвасабляла й абслугоўвала “нізкі”,
матэрыяльны сьвет. Уладзімір Караткевіч, як вядома, у краме таксама
размаўляў па-руску—у адрозьненьне ад сваіх герояў. Дый сама БССР, варта
сказаць, была хутчэй віртуальнай дзяржавай, чымся рэчаіснасьцю: міфічным
праектам, чымсьці накшталт “Града Божага” альбо дзяржавы ў дзяржаве.
Такая
дыхатомія “высокага—нізкага”, “урачыстага—звычайнага”, “сьвяточнага—штодзённага”
была штучнай і павінна была прыкрываць сабой факт культурнай каланізацыі
Беларусі рускай культурай. Беларускай мове ў пэўным сэнсе пашанцавала:
яна была мовай беларусаў у часы аграрнай супольнасьці, якая лічылася
марксістамі ўзорам “залатога веку”, таму была захаваная прынамсі ў якасьці
экзатычнага атрыбуту адной з савецкіх рэспублікаў. Руская мова, наадварот,
была мовай індустрыялізацыі.
Сёньня
ў нас нібыта дзьве дзяржаўныя мовы. Ці ёсьць само па сабе дзьвюхмоўе
заганай? Ні ў якім разе. Аднак калі пытаньне ставіцца “альбо/ альбо”,
дык называць такую сітуацыю дзьвюхмоўем абсурдна—гэта практычна азначае,
што дзяржаўнай мовай паводле сітуацыі ёсьць ці тая мова, ці другая,
але ні ў якім разе не абедзьве зь іх. Дзьвюхмоўе—гэтак калі дзяржаўная
дакумэнтацыя вядзецца на абедзьвюх мовах, як гэта было, між іншым, у
савецкія часы, а ўва ўсім астатнім захоўваецца прыблізна роўнамерны
моўны парытэт: ёсьць традыцыйныя дамэны беларускай мовы (прыкладам,
сімволіка, надпісы на вуліцах і г.д.), але побач зь імі—дамэны рускай
мовы (тэхнічная й іншая тэрміналогія). Дзеля ўтрыманьня роўнамернасьці
парытэту слабейшы дыскурс (у нашым выпадку—беларускі) павінен дадаткова
заахвочвацца з боку дзяржавы (прыкладам, умовы паступленьня на беларускамоўныя
факультэты маглі б быць напачатку крыху больш выгаднымі—пры наяўнасьці
цалкам аналагічных рускамоўных факультэтаў), аднак ні ў якім разе не
празьмерна, каб ня ўзьнікла адчуваньня нейкай дыскрымінацыі рускага
дыскурсу з боку ягоных носьбітаў. Наогул, дэмакратычная Беларусь бачыцца
мне, з дазволу сказаць, як Рэч Паспалітая Абедзьвюх Моваў.
Нагадайма,
што нацыянальны рух напрыканцы 80-х гг. пачынаўся менавіта з патрабаваньня
“наданьня” беларускай мове статусу дзяржаўнай. Ці было тады такое патрабаваньне
рацыянальным? Наўрад-ці: яно было хутчэй правакацыйным. Трэба было паказаць,
што камуністы праводзяць на тэрыторыі Беларусі “нацыянальны ўціск” (насамрэч,
той ужо быў на той час даўно скончыўся) і забараняюць “нацыянальна сьвядомым”
беларусам у рэалізацыі іхных правоў. За Саветамі, аднак, нацыянальны
ўціск праводзіўся ў меншай меры, чымся зараз, пры Лукашэнку. Беларуская
культура захоўвалася ня толькі за мяжой, але і ў беларускіх культурных
і навуковых установах, якія ўтрымліваліся на грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў.
Зразумела, што ў камуністаў ніколі не было ніякай практычнай зацікаўленасьці
“непэрспэктыўную” беларускую культуру насамрэч разьвіваць—хапала падтрымліваць
яе на паверхні, у стане комы (зь якой яна толькі-толькі пачала зараз
выходзіць). Гэтага было дастаткова, каб захоўваць ілюзію шматнацыянальнасьці
й інтэрнацыянальнасьці савецкай гіпэрдзяржавы. Самі беларусы бадай не
пачувалі ніякага нацыянальнага ўціску, а бальшыня з тых, хто рэальна
карыстаўся беларускай мовай, нават ня ведала, што гэта такое. А той
хто аб гэтым пытаўся, дык атрымліваў у адказ, што такі ўціск, натуральна,
існаваў пры царызме, пры паляках, але толькі ня ў складзе СССР. Сапраўды,
свой Саюз пісьменьнікаў, тэлебачаньне, радыё, крэсла ў ААН, у рэшце
рэшт, урад, хай сабе й марыянеткавы—гэта ўціск? Каланіялізм савецкага
кшталту зьдзяйсьняўся пры шырокай падтрымцы з боку вялікай колькасьці
мясцовых калабарантаў.
Калі
беларусы й пачувалі ўціск, дык не нацыянальны, а ўціск у дачыненьні
да сваёй вясковай, хатняй культуры. Але ўціск хатняй культуры ў індустрыяльным
грамадзтве—рэч нармалёвая. У грамадзтве ён пачынаецца са школы; надалей
усялякая ўстанова й структура прыносіць нам нейкія новыя нормы. Толькі
ў аграрным грамадзтве хатняя культура ёсьць дастатковай для падтрыманьня
жыцьця ў вясковай супольнасьці. Аднак места, поліс, стварае новы тып
стасункаў—polite. Гэтая гарадзкая, агульнапрынятая, палітычная культура
павінна абслугоўваецца (у цалкам дэмакратычным духу) мовай бальшыні
жыхароў краіны—ейная легітымнасьць павінна палягаць у самой нацыі, а
ня ў гістарычнай тэрыторыі дзяржавы. У расейскай, а пасьля савецкай
дзяржаве гэтай мовай была руская—тым часам як беларуская дзяржава на
працягу амаль усяго індустрыяльнага ХХ стагодзьдзя так і засталася нерэалізаваным
праектам.
Дэмакратычная
дзяржава павінна гарантаваць усім сваім этнасам аднолькавыя магчымасьці
культурнага разьвіцьця. Гэта яшчэ не азначае, што ўсе дыялекты й мовы
павінны стацца дзяржаўнымі. Пазіцыя беларускай мовы (і культуры) ў будучай
беларускай дзяржаве шмат у чым залежыць ад палітычнай пазіцыі ейных
носьбітаў у час барацьбы за дэмакратыю. Аднак: ня можа быць гаворкі
аб нейкай гегеманічнай пазіцыі беларускай мовы ў беларускім грамадзтве,
якое на сёньняшні момант ёсьць практычна рускамоўным. (Дэкларацыі аб
“роднай мове—беларускай” у перапісах застаюцца дэкларацыямі). Роўнапраўе
для носьбітаў усіх моў (больш таго—і рэлігіяў) павінна быць гарантаванае,
каб не паўтарылася памылкі 90-х гадоў. Змагацца трэба выключна за роўнасьць
беларускай мовы ў правох з астатнімі мовамі, а не за ейны прывілеяваны
статус. Размовы аб ейнай лепшасьці ў дачыненьні да астатніх—нацыяналізм.
Таму
прынцып дзьвюхмоўя павінен пасьлядоўна захоўвацца і ў школах, і ў унівэрсітэтах:
у дэмакратычнай краіне кожнае дзіця павінна мець права атрымаць адукацыю
на той мове, на якой ён размаўляе ў сям’і. Адукацыя—як сярэдняя, так
і вышэйшая—павінна быць дзьвюхмоўнай (як гэта было за ўсімі часамі ў
Чэхаславаччыне, дзе выкладаньне, тэлебачаньне і г.д. вялося на абедзьвюх
мовах: прыблізна такая сітуацыя зараз у газэтах “Народная воля”, на
сайту “Хартыі 97” і г.д.). Акрамя таго, тэзіс аб тым, што нацыянальнае
пачуцьцё абавязкова грунтуецца на моўнай адметнасьці, не адпавядае рэчаіснасьці.
Вазьміце прыклады Ірландыі, Бэльгіі, Швайцарыі, Аўстрыі, Бразіліі, а
таксама вялікага шэрагу англамоўных (пачынаючы ад ЗША й сканчаючы былымі
афрыканскімі калоніямі Брытаніі) і гішпанамоўных (большая частка Лацінскай
Амэрыкі) посткаланіяльных краінаў, якія здабылі сваю незалежнасьць у
ХІХ-ХХ стагодзьдзях: ані Вашынгтон, ані Болівар не заклікалі першым
чынам вярнуцца да мовы індэйцаў, а ўжо потым пачаць барацьбу за незалежнасьць
ад сваіх імпэрыяў. З гэтага відаць, што насамрэч сасьпелае, у сапраўдным
сэнсе слова сучаснае нацыянальнае пачуцьцё ёсьць незалежным ад мовы
краіны. На неаўтахтоннай мове размаўляе зараз як мінімум 70% насельніцтва
сьвету—чаму менавіта беларусы павінны быць выключэньнем? Чаму з гэтай
цалкам натуральнай зьявы, якая заўсёды была зьвязаная з прагрэсам, рабіць
праблему? Гэта, маўляў, “ненатуральна”—аднак гэта ненатуральна толькі
з гледзішча ідылічных і рэлігійна абгрунтаваных уяваў аб сьвеце як аб
нейкім райскім “садзе камянёў”, дзе кожнаму народу “бог” адпачатна даў
сваю мову, сваю зямлю й г.д., а потым прыйшлі “злыя суседзі” і ўсё гэта
забралі. Што гэта, як не ідэялогія вечна пакрыўджаных, прымітыўных,
богабоязных вяскоўцаў? Mes hommages.