Хульё Кортасар (1914-1984)

 

ГІСТОРЫІ

(зь нізкі “Заняткі дзівакоў”, 1962)

 

СІМУЛЯКРЫ


Мы—сям’я дзівакоў. У гэтай краіне, дзе ўсе рэчы робяцца каб выказаць паслухмянасьць альбо наадварот павыпендрывацца, мы ўпадабалі вольныя заняткі, выкананьне абавязкаў таму, што проста так трэба, выраб сымулякраў, ад якіх няма ніякай карысьці.

У нас адзін недахоп: нам бракуе арыгінальнасьці. Амаль усё, што мы вырашаем зьдзейсьніць, бярэ выток—прызнаймася шчыра, і ўсё астатняе—ад слынных узораў. Калі мы ўносім штосьці новае, дык толькі тое, чаго ніяк нельга пазьбегнуць: анахранізмы альбо скандальныя новатворы. Старэйшы з маіх дзядзькоў кажа, што мы нагадваем копіі з-пад капіркі, ідэнтычныя з арыгіналам ва ўсім акрамя хіба што колеру, якасьці паперы й дакладнасьці абрысаў. Маю трэцюю па ліку сястру ільга параўнаць з мэханічным салаўём у Андэрсэна; ейны рамантызм набліжаецца да блявачкі.

Нас шмат, і мы жывем на вуліцы Гумбальдта.

Мы ўвесь час штосьці робім, адылі цяжка растлумачыць што, бо не стае самага галоўнага, няма таго імпэту й той нецярплівасьці чымсьці нарэшце заняцца, няма розных там нечаканасьцяў, што звычайна ня меней істотныя за вынікі, няма няўдачаў, з-за якіх уся сям’я валілася б на падлогу бы картачны палац, а пасьля цэлымі днямі чуліся б толькі нараканьні й рогат. Распавядаць аб тым, што мы робім, ёсьць ня лепшы са спосабаў пазапіхаць нясхоўныя дзіркі ў нашае дзейнасьці, таму што часам хтосьці з нас збанкруціцца, патрапіць за краты, захварэе, часам нехта памрэ, альбо (мне балюча аб гэтым згадваць) здрадзіць нам, вырачыцца нас, то бок далучыцца да Руху Нестаноўчых. Аднак з гэтага ня трэба рабіць выснову, быццам нам маецца кепска альбо мы апанаваныя мэлянхоліяй. Мы жывем у Ціхуткім раёне, і тое-сёе робім, калі толькі можам. У нас ёсьць шмат тых, у каго ёсьць ідэі й хто карыстае зь іхнага практычнага ўвасабленьня. Прыкладам шыбеніца, да сёньняшняга дня яшчэ не дасягнута згоды ў пытаньні паходжаньня гэтай ідэі, мая пятая па ліку сястра сьцьвярджае, што тая належыць аднаму з маіх адзінародных стрыечных братоў, якія вельмі схільныя да філязофіі, але ж старэйшы з маіх дзядзькоў даводзіць, быццам ідэя шыбеніцы напаткала яго пасьля прачытаньня аднаго прыгодніцкага раману. Па сутнасьці, для нас гэта ня мае значэньня, адзінае што мае значэньне—гэта штосьці рабіць, таму я апавядаю аб гэтым амаль без ахвоты, абы толькі гэтым пустым надвячоркам ня чуць дажджу ў такой невыноснай блізіні ад мяне.

Перад нашым домам месьціцца сад, рэч на вуліцы Гумбальдта нечуваная. Ён ня большы за звычайны падворак, але на тры прыступкі ўзвышаецца па-над ходнікам, што надае яму яскравага падабенства зь плятформай, ідэальным месцам для ўсталяваньня шыбеніцы. Як што паркан змайстраваны з бэтонных слупоў і чыгунных кіёў, ільга працаваць, не турбуючыся што хтосьці са шпацырнікаў так бы мовіць улезе ў хату; яны могуць абаперціся на паркан і стаяць там гадзінамі, аднак гэта нам не замінае. “Пачнем, як выйдзе поўня”, быў бацькаў загад. Удзень мы выпраўляліся на пошукі дрэва й чыгуну ў гандлёвых радох на праспэкце Хуана Б. Справядлівага, толькі мае сёстры заставаліся ўдома каб папрактыкавацца ў воўчым выцьці, пасьля таго як малодшая з маіх цётак выказалася ў тым сэньсе што шыбеніцы вабяць ваўкоў і выклікаюць у іх жаданьне павыць на месяц. Коштам маіх стрыечных братоў прабягала забесьпячэньне цьвікамі й прыладамі працы; старэйшы з маіх дзядзькоў маляваў рысункі й абмяркоўваў з маёй маткай і з маім дзядзькам нумар два шырокі выбар і якасьць інструмантаў для катаваньня. Памятаю заканчэньне дыскусіі: яны рашуча выказаліся за даволі высокую пляцоўку, на якой паўстануць слуп зь пятлёю й кола, з захаваньнем кавалку вольнай прасторы для мусовых пакутаў і адсяканьня галоваў, паводле патрэбы. Старэйшаму з маіх дзядзькоў канчатковы варыянт здаваўся нашмат бяднейшым і нецікавейшым за ягоную першапачатковую ідэю, адылі памеры садку перад домам і кошт матэрыялаў заўжды абмяжоўваюць нашыя сямейныя амбіцыі.

Мы распачалі будоўлю неяк у нядзелю ўвечары, пад’еўшы перад гэтым пяльменяў. Хаця нас ніколі не клапаціла, што маглі б падумаць суседзі, відаць было, што нешматлікія сузіралы меркавалі, нібы мы зьбіраемся дадаць да будынку дзьве-тры цагліны, каб яго ўзбуйніць. Першай ахвярай зьдзіўленьня быў дон Хрэста, дзядок з хаты насупраць, які падыйшоў запытацца навошта мы ўзводзім гэтакую пляцоўку. Мае сёстры тады сышліся ў куточку нашага саду й некалькіразова завылі ваўчыхамі. Сабралося даволі шмат людзей, аднак мы працавалі далей і да сьцямненьня пасьпелі скончыць пляцоўку й дзьве лесьвічкі (для сьвятара й для асуджанага, якія ня мусяць-такі ўздымацца разам). У панядзелак нейкая частка сям’і разышлася ў адпаведнасьці са сваймі асноўнымі заняткамі й клопатамі, трэба ж за штосьці паміраць, а астатнія пачалі ўздымаць слуп зь пятлёй, тым часам што старэйшы з маіх дзядзькоў вывучаў для пэўнасьці старажытныя выявы кола. Ягоная прыдумка палягала ў тым, каб усталяваць кола як мага вышэй на крыху няправільнай формы палі, напрыклад, на добра пагабляваным таполевым дрэве. Каб яму дагадзіць, мой брат нумар два і мае адзінародныя стрыечныя браты паехалі на вагавозе шукаць таполю; пакуль тое, старэйшы з маіх дзядзькоў і мая маці мацавалі сьпіцы кола на вось, а я рыхтаваў чыгунны абруч. У такія моманты мы страшэнна бавіліся, бо адусюль чулася грукатаньне кавадлаў, мае сёстры скавыталі ў вялікім пакоі, суседзі лезьлі на паркан абменьваючыся ўражаньнямі, і пасярод чырвона-блакітнага й бэзавага надвячорку ўзвышаўся абрыс пятлі, і было бачыць майго малодшага дзядзьку, які ўзгрувасьціўся з канём на прыступкі, каб замацаваць кручок і загадзя зрабіць коўзкі вузел.

На гэтай стадыі нашых дасягненьняў народ на вуліцы ня змог нарэшце ня ўцяміць, што гэта мы тут робім, і хор лагодных для нашага слыху пратэстаў і пагрозаў падахвоціў нас скончыць працоўны дзень усталяваньнем кола. Некаторыя нахабнікі паспрабавалі запабегнуць майму брату нумар два й маім стрыечным братом уцягнуць у дом высакародную таполю, прывезеную імі ў грузавічку. Намер узьняць палю крок па кроку атрымалася зьдзейсьніць усёй сям’ёй у поўным складзе: сэрыяй кароткіх супольных торганьняў мы ўцягнулі таполю ў сад разам зь нейкім дзіцём-малалеткам, што ўчапілася ў ейныя карані. Мой бацька асабіста вярнуў дзіця ягоным несуцешным бацьком, далікатна перадаўшы ім яго праз паркан, і пакуль увага грамадзтва была адцягнутая гэтымі сэнтымэнтальнымі супадзеямі, старэйшы з маіх дзядзькоў з дапамогай маіх адзінародных стрыечных братоў мацаваў кола на канец дрэва і ўсё далей пасоўваўся ў ягоных узводзінах. Паліцыя прыехала ў тую незабыўную хвілю, калі сям’я, згуртаваная на пляцоўцы, уголас выказвала сваё замілаваньне цудоўным выглядам шыбеніцы. Толькі мая трэцяя па ліку сястра засталася стаяць каля дзьвярэй, і ёй выпала асабіста пагутарыць з намесьнікам камісара; нялёгка ёй было патлумачыць яму, што мы працуем у межах нашай прыватнай уласнасьці над вырабам рэчы, каторай хіба толькі выкарыстаньне магло б надаць штосьці антыканстытуцыйнае, і што сурокі суседзтва ёсьць спараджэньнямі нянавісьці й плёнам зайздрасьці.

Пры сьвятле карбюратарнай лямпы мы вячэраем на пляцоўцы, за намі цікуе якая сотня раззлаваных суседзяў; ніколі яшчэ запечаны кабанчык не здаваўся нам такой раскошай, а нэб’ёло*—такім чорным і духмяным. Паўночны брыз пяшчотна загойдаў вяроўку зь пятлёй; раз ці два завіскала кола, як быццам крумкачы ўжо паселі на ім каб падсілкавацца. Сузіралы памалу разыходзіліся, мармычучы няпэўныя праклёны; на паркан наляпілася чалавек дваццаць-трыццаць, што нібыта чагосьці яшчэ чакалі. Пасьля кавы мы патушылі лямпу каб саступіць шлях месяцу, які ўздымаўся па парэнчах тэрасы, мае сёстры скуголілі, а мае стрыечныя браты зь дзядзькамі павольна абыходзілі пляцоўку, і пад іхнымі крокамі дрымцелі ейныя падмуркі. У наступнай за гэтым цішыні месяц апынуўся на вышыні коўзкага вузла, а на коле нібы расьцягнулася хмара зь ледзьве срэбнымі краямі. Мы глядзелі на іх, такія шчасныя й задаволеныя, адно што суседзі мармыталі на паркане, кшталту як на мяжы расчараваньня. Яны пазапальвалі цыгарэты й пайшлі прэч, некаторыя ў піжамах, некаторыя ня так хутка. Засталася вуліца, вагеньчык цыгарэты дазорнага ўдалечыні й аўтобус нумар 108, што йдзе кожныя колькі там хвілінаў; мы ўжо ў той час пайшлі сабе спаць і сьнілі сьвяты, сланоў і шаўковую вопратку.

БЕЗДАПАМОЖНАЯ ЦЁТУХНА

Ну чаму, чаму нашая цётухна гэтак баіцца ўпасьці сьпіной на падлогу? Ужо доўгія гады наша сям’я змагаецца з гэтай ейнаю хваравітаю маніяй, адылі надыйшоў час нарэшце прызнаць нашую паразу. Што мы ўжо толькі ні робім, а яна ўсё адно баіцца ўпасьці на сьпіну; і гэтая ейная бязглуздая прымха закранае ўсіх нас, пачынаючы маім бацькам, які па-братэрску не адыходзіцца ад цётухны ні на крок й загадзя аглядае падлогу, каб цётухна магла перасоўвацца бяз клопатаў, тым часам як мая маці заслугоўвае сабе пашану тым, што падмятае двор некалькі разоў на дзень, мае сёстры кідаюцца зьбіраць тэнісныя мячыкі, зь якімі звычайна нявінна забаўляюцца на тэрасе, а мае стрыечныя браты зьнішчаюць усялякія адпаведнага кшталту сьляды па сабаках, катох, чарапахах і курах, якія паразводзіліся ў хаце. Аднак усё марна, цётухна наважваецца прайсьці па пакоі толькі пасьля доўгага мацаньня падлогі, бясконцага візуальнага вывучэньня мясцовасьці й нястрыманай лаянкі ў адрас рознай драбязы, што швэндаецца там калі ня трэба. Пасьля гэтага яна рушыць у паход, насамперш грунтоўна замацоўваючыся наперадзе адной нагой, якою яна везьгае бы баксёр на гумовай падлозе рынгу, потым другой, пераносячы вагу цела наперад адмысловым чынам, які ў дзяцінстве здаваўся нам поўным велічы, пры гэтым ёй патрабуецца некалькі хвілінаў, каб прайсьці ад адных дзьвярэй да другіх. Гэта штосьці жудаснае.

Некалькі разоў сям’я падахвочвала цётухну, каб тая неяк абгрунтавана растлумачыла сваю боязь упасьці на сьпіну. Аднойчы ейны захад быў сустрэты такім маўчаньнем, што цішыню ільга было рэзаць нажніцамі; але аднаго вечара, пасьля сваёй шкляначкі геспэрыдыну, цётухна зьлітавалася на зацемку, што калі б яна ўпала на сьпіну, яна ўжо не змагла б узьняцца. На чаканую заўвагу, маўляў, трыццаць два ейныя сваякі заўжды напагатове дзеля таго, каб неадкладна прыйсьці ёй на дапамогу, яна адказала безнадзейным позіркам і двума словамі:”Усё адно”. Колькі дзён пасьля таго старэйшы з маіх братоў паклікаў мяне ўвечары на кухню й паказаў мне пруса, які ўпаў на сьпіну пад мыйнай ракавінай. Нічога адзін адному не кажучы, мы назіралі за ягонай марнай і зацяглай барацьбой за выпростваньне, між тым як астатнія прусы, перамагаючы напалоханасьць сьвятлом, гойсалі па падлозе й спрабавалі падчапіць таго, што ляжаў у становішчы сьпіннога перавароту. Спаць мы пайшлі у несхаванай маркоце, і так ці йначай ніхто больш цётухну ні пра што не распытваў; ад таго часу мы абмежаваліся толькі тым, што дапамагалі ёй як мага лягчэй пераносіць ейную боязь, паўсюдна яе суправаджалі, падтрымлівалі яе пад руку й куплялі ёй плойму чаравікоў з процісьлізготнымі падэшвамі й іншае стабілізацыйнае абсталяваньне. Жыцьцё такім чынам працягвалася й далей, і не было нашмат горшым за іншыя жыцьці.


ЦЁТУХНА СЯК-ТАК РАСТЛУМАЧАНАЯ


Хто болей хто меней, чацьвёра маіх адзінародных стрыечных братоў займаюцца філязофіяй. Чытаюць кніжкі, абмяркоўваюць іх між сабою, і таму ўсе астатнія сваякі цешацца зь іх на пэўнай дыстанцыі, верныя прынцыпу ня лезьці ў чужыя схільнасьці, і нават спрыяць ім па меры магчымага. Гэтыя юнакі, каторых я сам глыбока паважаю, неаднаразова ставілі перад сабой праблему цётчынай боязі, робячы цьмяныя, але можа каму й зразумелыя высновы. Як звычайна бывае ў падобных выпадках, мая цётухна меней за ўсіх разьбіралася ў гэтых змовах, адылі ад тых часоў неабыякавасьць сям’і да яе яшчэ больш зьвідочнілася. Доўгія гады мы разам зь цётухнай удзельнічалі ў ейных хістальных экспэдыцыях шляхам з залі ў перадпакой, са спальні ў ванную, з кухні ў кладоўку. Ніколі нам не здалося недарэчным ейнае жаданьне спаць на баку, як і тое, што цягам ночы яна заўсёды захоўвала абсалютную неруш, у цотныя дні на правым баку, у няцотныя дні—на левым. Калі цётухна сядае на крэсьле ў абедзенным пакоі альбо на двары, яна ўладкоўваецца на ім вельмі выпрастана; яна нізавошта не спакусілася б утульнасьцю гайданкі альбо фатэля Моррыса. Уначы, калі Саветы запусьцілі спутнік, уся сям’я разьляглася на падлозе каб назіраць за сатэлітам, аднак цётухна засталася сядзець, а на наступны дзень у яе быў страшэнны шыйны спазм. Мала памалу мы ўсё больш пераконваліся, а цяперака нарэшце зусім скарыліся. Нам дапамагаюць нашыя адзінародныя стрыечныя браты, што робяць з гэтай нагоды разумныя шматзначныя вочы й гавораць рэчы кшталту:”Ейная рацыя”. Але ж чаму? Нам невядома, а яны ня хочуць нам растлумачыць. Мне дык, напрыклад, ляжаць на сьпіне здаецца вельмі прыстасавальным. Усё цела абапіраецца на матрац альбо на кафлю на двары, адчуваеш, як пяткі, лыткі, сьцёгны, кумпякі, хрыбет, лапаткі, плечы й патыліца падзяляюць між сабою вагу цела й яно, так бы мовіць, растае на падлозе, набліжанае да гэтай паверхні так зграбна й так натуральна, што тая ненажэрна нас вабіць і нібыта глынае. Цікава, што для мяне дык ляжаць на сьпіне, атрымліваецца, ёсьць найбольш натуральнай позай, і часам я падазраю, што цётухна жудасна баіцца ляжаць на сьпіне менавіта праз гэта. Мне гэтая поза прыпадае дасканалай, і ў глыбіні душы я лічу яе самай зручнай. Так, я не памыляюся: у глыбіні душы, у самай глыбіні, там дзе сьпіна. Мне нават крыху боязна, але наўрад-ці я здолею растлумачыць, чаму. Як я ўсё-ткі б хацеў быць як цётухна, і як жа мне цяжка гэта сабе ўявіць.

НЕПЕРАРЫЎНАСЬЦЬ ПАРКАЎ


Чытаць кнігу ён пачаў некалькі дзён таму. З-за неадкладных справаў яму прыйшлося спыніць чытаньне; ізноўку ён адкрыў яе на зваротным шляху да сваёй прыгараднай сядзібы, у цягніку; паступова ён саступаў сваёй зацікаўленасьці перад сюжэтам і падборам дзейных асобаў. Тым вечарам, напісаўшы ліст свайму заступніку й абмеркаваўшы з аканомам пытаньне арэнднага пагадненьня, ён ізноўку ўзяўся за кнігу ў цішыні габінэта, вокны якога выходзілі на дубовы парк. Адкінуўшыся ў сваім улюбёным фатэлі сьпіной да дзьвярэй, што раздражнялі яго прыкрым напамінам аб магчымасьці ўварваньня, ён некалькі разоў улагоджана прылашчыў левай рукой зялёны аксаміт і перайшоў да чытаньня апошніх разьдзелаў. Ягоная памяць без намаганьня ўтрымлівала ймёны й выявы герояў; несапраўдны сьвет раману захапіў яго амаль адразу. Ён атрымліваў ледзь не вычварную асалоду ад таго, як з кожным радком усё больш і больш адрываўся ад навакольнага, адначасова адчуваючы, што ягоная галава адпачывае на высокай і мяккай аксамітнай падпоры, што цыгарэты ўвесь час пад рукой, што па-за вялізнымі вокнамі таньчыць у ценю дубовых шатаў вечаровае паветра. Слова па слове, паглынуты гаротным растаньнем галоўных герояў, чые вобразы па меры ягонага нязмушанага да іх набліжэньня набывалі колер і рухавасьць, ён стаўся сьведкам іхнай апошняй сустрэчы ў горнай пячоры. Першай увайшла жанчына, у паняверцы; потым зьявіўся ейны каханак, з параненым папліскай галіны тварам. Было цудоўна назіраць, як яна спыняла сваймі пацалункамі кроў, адылі ён адштурхваў ейныя заляцаньні; ён прыйшоў ня дзеля таго каб паўтараць увесь цырыманіял патаемнай жарсьці, схаванай сьветам сухой лістоты й непрыкметных сьцяжынак. Кінжал грэўся ля ягоных грудзей, і пад ім патыхала затоеная свабода. Палкі дыялёг бег са старонкі на старонку ручаём зьмеяў, і адчувалася, што ўсё ўжо было прадвызначана ў самым пачатку. Нават гэтыя пяшчоты, што апляталі цела каханка нібыта ў памкненьні запыніць яго й прымусіць адмовіцца ад свайго намеру, вымалёўвалі агідны абрыс іншага цела, якое было неабходна зьнішчыць. Ніводная дробязь не засталася па-за ўвагай: алібі, выпадковасьці, магчымыя хібы. Ад гэтага часу ў кожнага ймгненьня была дасканала падабраная яму роля. Ганебны падвоены пералік дэталяў перарываўся адзіна тады, калі рука аднаго з каханкаў дакраналася да шчакі другога. Пачынала цямнець.

Ужо ня гледзячы нават адзін на аднаго, непарыўна зьяднаныя ўчынкам, зьдзяйсьненьне каторага іх чакала, яны разышліся на выхадзе зь пячоры. Яна павінна была рушыць сьцежкаю, што вяла на поўнач. Пасьля некалькіх крокаў у адваротным кірунку ён на ймгненьне азірнуўся назад, каб пабачыць, як яна бяжыць з расплеценымі валасамі. Тады ён таксама пабег, хаваючыся за дрэвамі й платамі, пакуль ня ўгледзеў у бэзавай смузе надвячорку алею, што вяла ў накірунку дома. Сабакі не павінны былі забрахаць, і не забрахалі. Аканома ў гэты час ужо не павінна было быць, і яго не было. Па трох прыступках ён узьняўся на ганак і ўвайшоў. Скрозь калаценьне крыві ўвушшу да яго даходзілі словы жанчыны: сьпярша блакітная заля, потым галерэя, пакрытая дываном лесьвіца. Наверсе двое дзьвярэй. У першым пакоі нікога, у другім нікога. Дзьверы ў залю, і тады кінжал у руку, сьвятло зь вялізных вокнаў насупраць, высокая падпора фатэлю зь зялёнага аксаміту, на ёй галава мужчыны, заглыбленага ў чытаньне кнігі.

© Пераклад-Макс Шчур, 1999

HA POCTAHI