(Адказ
на пытаньне Шарля Бодлэра ў “Маім аголеным сэрцы”—”Чым ёсьць дэнды?”)
Йіржы
Караску з Львовіцаў
Існуюць толькі два
кшталты мужчын: дэнды і рэшта. Пераможцы над жыцьцём і ягоныя рабы.
“Я” дэнды пераадольвае жыцьцё. Ён—прыроджаны індывідуаліст, і з усіх
тэарэтыкаў індывідуалізму Макс Штырнэр найбольш блізка выказаў ягоны
халодны, стаічны эгаізм, абгрунтаваны філасафічнай пазбаўленасьцю ілюзій.
Ён ёсьць пасьлядоўным скептыкам, але ў яго ёсьць адна вялікая вера:
вера ў самога сябе. Жыцьцё ня здольнае нічым яго расчараваць, таму што
ён ад яго нічога не чакае, пры гэтым чакаючы ўсяго ад сябе. Ён ёсьць
артыстам жыцьця, аматарам штучных выраяў і новых, асабіста дыфэрэнцыяваных
адчуваньняў, ён пагарджае ўсім прыроджаным, відавочным і ўсеагульным.
Ягоным дэвізам ёсьць Ляфоргава “далёка ад тыповага духу”. Ён любіць
вылучнае. Ягоныя праўды, выразы і ўчынкі ёсьць настолькі асаблівымі,
што любому іншаму падаюцца дасьціпнымі, але непрыймальнымі парадоксамі.
Ён—глядач чалавечай камэдыі, у якой не прымае ўдзелу, пазіраючы на яе
з адлегласьці свайго самотніцкага лёсу абыякавымі вачыма іранічнага
крытыка. Але гэта, аднак, ня ёсьць правілам: існуе столькі дэндызмаў,
колькі існуе дэнды. Найвялікшыя зь іх гуляліся з тысячамі людзкіх лёсаў,
паводле свайго капрызу рысавалі новыя контуры гісторыі і гуляліся з
чалавецтвам як з манекенамі на агромністай шаховай дошцы сьвету. Незьбянтэжнасьць,
аб якой гаворыць найвялікшы тэарэтык дэндызму Барбэ д’Орвільі, ёсьць
прыкметай іх усіх. Ня будучы ніколі натуральнымі, ніколі не падпарадкоўваючыся
сваіх пачуцьцям, заўсёды бравурна валодаючы сабой, яны не падупадаюць
моцным, брутальным афэктам, такім як сьмех, плач, адчай альбо злосьць.
Яны да ўсяго падрыхтаваныя і нішто ня здольнае іх зьдзівіць. Яны любяць
апалева-бледны колер свайго суму. Іхнае жыцьцёвае імпромпту было такім
інтэнсіўным, што яны перабралі горычы і з агідай адкінулі келіх, які
ім навязаў лёс, прапускаючы ад гэтага моманту сваё жыцьцё праз свае
ўласныя штучныя фільтры. Яны здолелі зрабіць зь перанасычанасьці маску
абайнай і хвалюючай вабноты. Яны здольныя з усьмешкай паміраць і з усьмешкай
цярпець. Яны няздольныя да жарсьці й каханьня. Жарсьць ператварае чалавека
ў карыкатуру, а каханьне ёсьць прастытуцыяй. Абое яны пазбаўляюць чалавека
ўлады над сабой, якая для дэнды ёсьць галоўнай перадумовай. Оскар Уайлд,
напрыклад, быў залішне паэтам для таго, каб быць дасканалым дэнды. Ягонай
трагедыяй была несупынная супярэчнасьць паміж душой паэта і душой дэнды.
І калі паэта ўзбагаціла ягоная хімэрычная жарсьць, чыёй ахвярай ён стаўся,
ён перастаў быць дэнды. Дэнды—геданісты, якія рыхтуюць самі сабе найбольш
вытанчаныя асабістыя асалоды, але яны ніколі не павінны дазволіць ім
авалодаць сабой. Дэнды—майстры містыфікацыі. Яны здольныя містыфікаваць
жэстам, гэтаксама як поглядам, усьмешкай, позай альбо зьменай голасу.
Яны нікому не дазволяць зазірнуць усярэдзіну сябе. Калі яны гавораць
аб сабе, яны ніколі ня кажуць праўды. Яны ганарацца таямніцамі свайго
асабістага жыцьця.
Калі мы гаворым пра
дэндызм, трэба прысьвяціць пэўную ўвагу модзе, якая зьвязаная зь ім
гэтаксама ж, як жабрак з тым джэнтльмэнам, у падараваную вопратку якога
ён апрануўся. Дэнды ніколі не кіруецца модай, але тая заўсёды яго імітуе.
Дэндызм, то бок—вынаходлівасьць, фантазія, новасьць, небываласьць, асабістасьць.
Мода, то бок—імітацыя, паўтор, агульнапрынятасьць. І гэта тычыцца ня
толькі вопраткі, але і спосабу мовы, хады, густу і наагул жыцьцёвага
стылю. Дэндызм пачынаецца там, дзе сканчаецца мода. Мода ўаднастайвае,
дэндызм уразнастайвае. Дэнды ёсьць найвялікшым ворагам моды. Яму прыходзіцца
несупынна яе пераадольваць, пры гэтым яна яго ўвесь час нападабняе.
Ён ёсьць для крыніцай натхненьня, але ніколі ня ёсьць яе творам. Словы
Бульвэрава Пэлгэма, што “калі хто носіць прыгожую камізэльку і ўбачыць
падобную на некім іншым, няхай імгненна падорыць яе свайму служку”—былі
словамі дэнды.
Вопратка, аднак, ёсьць
ня больш чым адным са шматлікіх сродкаў пэрсанальнага стылю дэнды. У
цьвярозую сучасную эпоху, калі гэтак цяжка вылучыцца адасобленым і маляўнічым
жыцьцём, як яго вызначыў, напрыклад, шэвалье Лозан, вопратка дае найбольшую
магчымасьць адасабленьня. А адасабленьне ёсьць найвялікшым ідэалам дэнды.
Джордж Браммэл здолеў утаймаваць цэлае пакаленьне поглядам сваіх чароўных,
пагардлівых вачэй і сваім забойчым досьціпам у размове.
Калі б ня гэта, наўрад
ці хтосьці б усур’ёз захапляўся і нападабняў паліроўку ягонага абутку,
замешаную на шампанскім, альбо ягонае трохгадзіннае завязваньне гальштуку.
Дэндызм ёсьць чымсьці бясконца большым, чым проста мастацтва прыгожа
апранацца. Гэта шэраг праяваў, выкшталцаваных розумам да абсалютнай
непаўторнасьці. Дэнды, гэтаксама як геніем, трэба нарадзіцца. Дэндызм—гэта
сьветапогляд, стан інтэлекту, да яго заканамерна прыходзіць кожны, хто
нарадзіўся дэнды. Нават геній, якім быў Бальзак, ня здолеў зрабіць зь
сябе дэнды. У кнізе мэмуараў “Рэмінісцэнцыі і ўспаміны капітана Гронава”,
якая ўтрымлівае багата надзвычай значных дакумэнтальных анэкдотаў, міла
напудраных гісторый і мініятурных партрэтаў з жыцьця дэнды часоў рэстаўрацыі
францускай манархіі і з ангельскай high-life за прынцам Джорджам, ільга
знайсьці цікавую нататку аб вялікім партрэтысьце дэнды, Бальзаку, які
на схіле свайго жыцьця раптоўна вырашыў увасобіць як мага больш бліскучы
экзэмпляр дэнды. Стары джэнтльмэн Гронаў з дабрадушнай усьмешкай распавядае,
як неверагодна безгустоўна быў Бальзак пераўпрыгожаны: у ягонай брудным
нагрудніку зьзялі кляйноты, а на заляпаных чэрняй пальцах былі пярсьцёнкі
з дыямэнтамі.
У чым шукаць асноўную
рысу гэтага сьветапогляду, гэтай спэцыфічнай дэндысцкай філасофіі? У
тым, што адрозьнівае пароду джэнтльмэнаў ад пароды дэнды: у іх стаўленьні
да жыцьця. У джэнтльмэна ў жыцьці—процьма рознамаітых інтарэсаў, сярод
якіх на першым месцы стаіць жанчына, дэнды нічым не цікавіцца, за выключэньнем
сваёй асабістай прыгажосьці. Джэнтльмэн імкнецца дасягнуць ідэалу грамадзкага
шармёра, спакусьніка тым, што ў поўнай згодзе зь ідэалам Лярошфуко прыстасоўваецца
да жанчыны, дае ёй забыцца на сваё я, дэнды, наадварот, інсцэніроўкай
свайго я дасягае найвышэйшых вынікаў. Джэнтльмэн ёсьць дыпляматам, які
суцэльна падпарадкоўваецца законам грамадзкага тону, дэндызм пераадольвае
гэты тон і натхняе новы.
Дэнды й жанчына: дэнды
невядомае каханьне да жанчыны. Часам ён мае пашану да яе, як віртуоз
да свайго інструманту. Аднак пры гэтым яна яму абыякавая, ён пагарджае
яе інстыктыўнасьцю. Ён пазірае на яе звысоку, як вялікі актор на выканаўцу
эпізадычных роляў. Ён ацэньвае яе выключна зрокам. Ён прызнае ў ёй толькі
аднаго генія: генія зьнешнасьці. Ён здольны нават зь ёю сымпатызаваць,
калі яе прыгажосьць ёсьць дастаткова элегантнай і адметнай, і калі яна
ўмее грацыёзна аддаваць сябе. Таму што кахаць жанчыну для дэнды—гэта
тое самае, што паліць цыгарэты альбо піць шампанскае: стымуляцыя пачуцьцяў.
Дэндызм ёсьць такім
жа старым, як і культура. Дзьве тысячы гадоў таму ў грэкаў быў Алківіяд,
які гэтак іранічна ўмеў гуляцца зь лёсамі трох народаў, не забываючыся
нават у самыя крытычныя моманты свайго жыцьця апранацца ў свой барвовы
плашч і выконваць усе звычайныя фазы свайго мастацтва догляду за сабой.
Arbiter elegantiarum імпэрскага Рыму, Пэтроній, двума тысячагодзьдзямі
пазьней знайшоў сваіх прыхільнікаў у Бодлэры і Ўайлдзе, на чыю дэндысцкую
фантазію ён моцна паўплываў. Найвялікшым дэнды сучаснасьці быў Напалеон.
Яго дэндызм быў чыста ў алківіядаўскім стылі. У яго папросту не было
агульначалавечых памкненьняў. У сваіх “Representative Men” Эмэрсон зразумеў
яго вельмі дрэнна. Лепш вырашыў яго Талстой у сваім “Вайне і міры”,
але яму, з другога боку, цалкам бракавала паразуменьня для гэтага кшталту
індывідуальнага гераізму. Напалеон хацеў быць уладаром усяго сьвету.
Ён хацеў быць богам ва ўяўленьні свайго стагодзьдзя. Зь ільдзяным тварам
дэнды ён сачыў за сьмерцю мільёнаў людзей. Яны былі толькі марыянэткамі,
якія павінны былі ажыцьцявіць ягоны капрыз: быць уладаром сьвету. Цалкам
паводле Бальзака: “Дэнды крочыць па чалавецтве, як па нейкім дыване”.
Апроч таго, Напалеону не бракавала тыпова дэндысцкага асабістага славахціўства.
У мэмуарах Дзюма-старэйшага ільга прачытаць, як Тальма засьвячала яго
ў таямніцы шляхотных манэраў і касьцюмаў. Нэрон быў найстрашнейшым наступствам
дэндызму, які адначасова ёсьць індывідуалізмам і эгазімам, па-за дабром
і злом. Ён быў дасканалым дэнды, занадта дэнды, каб ягоныя біёграфы
Свэтоній і Тацыт маглі пакінуць нам штосьці большае, чым яго карыкатуру.
Кожны біёграф ёсьць здраднікам, кажа Оскар Уайлд. Наша захапленьне расьце
разам з тым абурэньнем, зь якім гаворыць пра Алківіяда маралізуючы Плутарх.
Дэнды залішне мала
даражыць жыцьцём, каб ня быць азартным. Байран, якому і сум, што натхняў
ягоныя першыя вершы з “The Hours of Idleness”, зрабіўся сумны, шукаў
сабе загубу ля Міссалунгі. Лермантаў, дэнды байранаўскага кшталту, стваральнік
вельмі цікавага фіктыўнага дэнды Пячорына, быў застрэлены ў двабоі.
Уэйнрайт, дэнды і аматар усяго прыгожага, які занадта пакутаваў ад суму,
шукаў забаву ў атрутніцтве, абыякавы да рызыкі трапіць на эшафот. Дэнды
ёсьць духам бунту, сваяком Мілтанавага Сатаны. Ён—вораг цэлага сьвету.
Ён бароніцца ад ягоных брудных дотыкаў вэлюмнымі гульнямі сваіх містыфікацыяў.
Пра яго ільга сказаць тое, што Бодлэр сказаў аб паэтах: “Паэт не бывае
на чыімсьці баку, іначай ён быў бы звычайным сьмяротным.” Дэнды не абстрагуецца
цалкам ад чалавечай камэдыі, але гуляе ў ёй цалкам адасобленую ролю.
Ролі, якія астатнія гуляюць для іншых, дэнды гуляе для сябе самога.
Дэнды—актор, але ён ёсьць яшчэ і нечым большым, адначасова ён—свой уласны
крытык. Ён не дапускае іншых крытыкаў. Ягонае стаўленьне да грамадзтва
ёсьць мітычным стаўленьнем Нарцыса да стаўка... Нарцыс хадзіў да стаўка
не з-за любові да яго ці ягоных німфаў, а для таго, каб магчы захапляцца
сваім уласным вобразам на ягонай люстраной паверхні. Грамадзтва слугуе
дэнды ў якасьці люстэрка.
Мастацтва жыцьця!
Для яго патрэбная стаічная душа і поўная незалежнасьць ад усяго, што
знаходзіцца па-за нашым “я”. Трэба ісьці за прынцам з арабскай казкі,
які кінуў сэрца ў мора, каб магчы ісьці па жыцьці з усьмешкай на вуснах.
Як мага больш выслабаніцца з таямнічай і капрызнай гульні лёсу і самому
быць уласным лёсам—вось ідэал для дэнды. З бравурнай незьбянтэжнасьцю
ён вядзе гэты няроўны бой. Ён—гладыятар, чыім супернікам ёсьць ніхто
меншы, як лёс. Ён ня ёсьць ягонай цацкай, не чакае ягоных дарункаў,
ані не наракае на ягоную жорсткасьць. Пераможна здабывае ён ягоныя каштоўныя
скарбы і зь іранічнай усьмешкай пераадольвае боль сваіх паразаў. Ён—рыцар
сёньняшняга дня, які абыякава адварочваецца ад дзён заўтрашніх. Адтуль
яму насустрач зьзяюць магічныя вочы ягонай платанічнай каханкі: Сьмерці—вялікай
Суцяшальніцы.
Гэткімі ёсьць ідэалы
дэнды. Як цяжка ўсё-ткі рэалізаваць іх да самага канца! Усё ягонае жыцьцё
ёсьць трыюмфам штучнага—ягоны скон, бадай, ніколі ня ёсьць натуральным.
Прырода, жыцьцё і лёс рана ці позна заўжды перамагаюць над сьмялякай,
які хацеў дыктаваць ім свае законы і падпарадкаваць іх сваім капрызам.
Фэлікс Попэнбэрг піша напрыканцы свайго дасьледаваньня аб графе Пюклеры,
які таксама быў адным з тых, што ўвасаблялі Бодлэрава “спаць і жыць
перад люстэркам”: “Пад гэтым партрэтам варта было б падпісаць: майстра
жыцьця. Але гэта глупскае слова, слова дылетантаў. Ніхто з тых, хто
ведае, не павінен быў бы ім карыстацца. Гэтае мастацтва яшчэ ні ў кога
не было бездакорным, а рэшта—заўсёды маўчаньне.” Прыгадаем сьмерці некаторых
найбольш выбітных прадстаўнікоў дэндызму. Алківіяд быў забіты сваякамі
дзьвюх дзяўчат, якіх ён выкраў і адвёз у сваю вілу ў Фэсаліі. Пэтроній
перарэзаў сабе вены. Нэрон загадаў свайму цэнтурыю сябе закалоць: qualіs
artifex pereo!* Люсьен дэ Рубэмпрэ, дэнды фіктыўны, але дзякуючы мастацтву
Бальзака больш незабыўны за любога сапраўднага, павесіўся ў турме для
даўжнікоў. По, зацкаваны лёсам, які яго перасьледаваў, абраў страшны
скон алькаголіка. Джордж Браммэл звар’яцеў ад зьнішчальнага ўсьведамленьня
свайго падзеньня й свайго жабрацтва. Як трагічна апавядае Барбэ д’Орвільі
аб гэтым такім тыповым для дэнды фінале! А муры Ўайлдавага астрогу агучваў
ягоны напаўадчайны, напаўзаміраны вокліч: Які канец! Які жудасны канец!