Анарх Княскі

МІФАЛОГІЯ ПРАЛЕТАРСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

(па старонках “Камуністычнага Маніфэсту” й ня толькі)

частка 2

 

3.Пралетар: вясковец у месьце

Гэтаксама як і пазьней Ніцшэ, Маркс любым коштам заклікае да “звышчалавека” (якога вызначае негатыўна—як сукупнасьць супрацьлеглых і неўласьцівых буржуа свомасьцяў), якім, паводле Маркса, павінен стацца менавіта пралетар. Чаму Маркс адрынае ўласны клас і ўскладае надзеі на іншы, практычна яму незнаёмы, вядомы толькі тэарэтычна? У чым прычына Марксавай сімпатыі менавіта да пралетарыяту? Іншымі словамі, чым адрозьніваецца ідыятызм жыцьця гарадзкіх прадмесьцяў ад “ідыятызму вясковага жыцьця”?

З нашага гледзішча—практычна нічым. Пралетар зьяўляецца толькі меней-болей працяглым, але з гледзішча разьвіцьця капіталізму заўжды кароткім пераходным момантам паміж селянінам, з аднога боку, і местачкоўцкам альбо месьцічам, ці то буржуа, з другога. Калі пралетару і ўласьцівая нейкая класавая сьвядомасьць, дык гэта сьвядомасьць раба, “пакрыўджанага”, чалавека, якога немагчымасьць знайсьці іншых сродкаў да існаваньня прымушае гандляваць сваім целам і часам. Звычайна, перадумовай такога гандлю зьяўляецца недастатковая адукаванасьць. Ільга сказаць, што Маркс, фактычна, выступаў супраць прастытуцыі (эксплуатацыі) й “за свабодны й дармовы сэкс па каханьні” (працу)—дзеля чаго патрабаваў папросту забараніць прастытуцыю (эксплуатацыю) на падставе ейнай “немаральнасьці”. Фактычна, змагаючыся супраць “найбольш старажытнай прафэсіі” (усялякай наёмнай працы), ён спрабаваў змагацца супраць прафэсіі й прафэсіяналізацыі як гэткіх. Аднак каб змагацца супраць прастытуцыі, варта было б спачатку забараніць сэкс; то бок: каб змагацца супраць эксплуатацыі, варта было б “забараніць” голад і беднасьць—а дзеля гэтага недастаткова аднаго толькі Марксава жаданьня ці Ленінскага дэкрэту.

Дык вось, сьвядомасьць пралетара—гэта свайго кшталту сьвядомасьць прастытуткі, якая абвінавачвае цэлы сьвет у тым, што была вымушаная стаць на шлях распусты. Пры гэтым, “прафэсія прастытуткі”—гэта прафэсія без прафэсіі. Дзеля таго, каб стацца прастытуткай, не абавязкова мець ніякіх “прафэсійных” здольнасьцяў. Гэтаксама, каб стацца рабочым-наймітам, дастаткова добраахвотна аддаць сваё цела ў распарадкаваньне “гаспадару”. Такім чынам, маса пралетарыяту—гэта маса некваліфікаваных працаўнікоў, якія, па сутнасьці, нічога ня ўмеюць, акрамя як аддаваць свае целы ў наём капіталістам. Між іншым, менавіта гэта і ёсьць іхным адпачатным уяўленьнем аб працы par excellence, а зусім не рамесьніцкая дзейнасьць, якая патрабуе пэўнага майстэрства! Прастытутка можа марыць аб каханьні, але ніколі яго ня знойдзе, бо па сутнасьці ня ведае, што такое каханьне: зь ейнага гледзішча, каханьне—гэта толькі больш прыбытковая й выгадная прастытуцыя, так бы мовіць, катэгорыі “люкс”, дзе за тыя самыя паслугі плоцяць у тысячу разоў болей. Менавіта грашовы крытэр, то бок факт тысячаразова большага заробку, уласна, і стаецца падставай і неабходнай перадумовай каханьня з боку прастытуткі. Надакор некаторым галівудзкім фільмам, няма ніводнай прастытуткі, што марыла б знайсьці сваё каханьне ў ніжэйшай за яе сацыяльнай групоўцы—усе яны мараць аб прынцы, гэткім Супэр-Кліенце, які будзе іх за свае грошы ўтрымліваць. Гэтаксама няма ніводнага пралетарыя, што пагадзіўся б за тыя самыя грошы, што на заводзе, выконваць больш складаную паводле свайго зьместу рамесьніцкую працу: усё, чаго хоча пралетар—гэта большы заробак, шматразовае, фантастычнае ўзвышэньне заробку, а зусім не вызваленьне ад неабходнасьці выконваць “адчужаную” працу! Гэта не азначае, што рабства ў пралетарыя “ў крыві”—усё нашмат горш: яно гняздуе ў ягонай памяці як адзіны магчымы спосаб і адзіна яму вядомы прынцып існаваньня. Любая праца для пралетарыя зьяўляецца ненавісным яму рабствам, гэтаксама як і для прастытуткі любое суложжа зьяўляецца перадусім эканамічным, а не сэксуальным актам. Творчы, чалавечы, пачуцьцёвы бок працы/ суложжа зьяўляецца як ад пралетарыя, так і ад прастытуткі адпачатна схаваным—яны няздольныя яго пазнаць з-за адсутнасьці буржуазнага выхаваньня, якое вучыць, што працу альбо каханьне варта шукаць сабе па сэрцы, але! разам з гэтым—вось ён, “буржуазны амаралізм”, які гэтак абурае рамантычна наладжанага “чорна-белага” Маркса—сьцьвярджае, што знайсьці сабе якую-небудзь працу альбо каханьне ёсьць больш важным, чымся знайсьці сабе канкрэтную працу/ каханьне па сэрцы, таму што Праца й Каханьне ёсьць “вечнымі каштоўнасьцямі”, ці то—неабходнымі перадумовамі кожнага індывідуальнага чалавечага шчасьця, з чаго парадаксальным чынам выплывае, што Праца й Каханьне, тэарэтычна, могуць ажыцьцяўляцца й бяз грошай! Паспрабуйце растлумачыць пралетарыю альбо прастытутцы, што існуюць праца й каханьне задарма—яны палічаць, што вы жартуеце! Дзеля чаго ж яшчэ працаваць, калі ня дзеля грошай? Навошта кахаць, калі каханы ня плоціць за цябе ў рэстарацыі, не купляе табе падарункі й ня можа цябе пракарміць? Калі б пралетар і прастытутка дапускалі такую магчымасьць, яны не маглі б стацца пралетаром і прастытуткай. Зразумела, што ім аб такой магчымасьці “не сказалі”—а павінны былі сказаць, то ж бо яны самі зусім не вінаватыя ў тым, што аб ёй ня толькі не здагадваліся, але й не пыталіся. Карацей кажучы, каб пралетар быў здольны палюбіць сваю працу, а прастытутка—пакахаць, ім неабходная адукацыя, выхаваньне, а магчыма й перавыхаваньне.

Відавочна, што пралетар не арыентуецца ў новым, буржуазным грамадзтве: ён ня толькі ня ведае аб ягоных магчымасьцях, але й баіцца й ня ўмее аб іх спытацца, таму што яму бракуе адукацыі, і ў больш шырокім сэнсе—культуры. Гэта азначае толькі тое, што замест наведваньня царквы й навучаньня лаціне ў вясковага ксяндза будучы пралетар дапамагаў сваім бацькам у цяжкой вясковай працы. Такім чынам, вясковы “ідыятызм” і звычку да выкананьня цяжкой фізічнай працы пралетар прыносіць з сабой у места практычна ў нязьменным выглядзе. Гэтаксама як і селянін, пралетар мала схільны, а як вынік і мала здольны да абагульненьняў, да абстрактнага, альбо, як называе яго Маркс—“спэкулятыўнага” мысьленьня, мысьленьня дзеля мысьленьня. Гэта наўпрост абумоўлена практычнай адсутнасьцю ў селяніна вольнага часу й ягонай максімальнай скіраванасьцю на практычную дзейнасьць. Гэтаксама й мова селяніна, што адлюстроўвае ягоны лад жыцьця, скіраваная на чыста практычныя рэчы. Няма сумневу, што на падставе сваёй практычнай дзейнасьці селянін здольны спазнаць нейкія агульныя заканамернасьці, але тыя ніколі ня ўздымуцца над сваім чыста практычным, сітуатыўным значаньнем і ніколі не набудуць для яго значнасьці агульных заканамернасьцяў—дый што б ён з гэтымі агульнымі заканамернасьцямі рабіў? Гэтая абмежаванасьць практыкай і ёсьць сутнасьцю таго ідыятызму вясковага жыцьця, аб якім гаворыць Маркс і які ўспадкоўвае пралетар.

Згода, гісторыя чалавецтва—гэта ня толькі гісторыя тых, хто незалежна ад сябе вынайшаў славутую палку-капалку, але й тых, хто на працягу дваццаці тысячаў гадоў вучыўся ёй карыстацца. Бясспрэчна, што такіх ідыётаў у гісторыі чалавецтва была, а мажліва яшчэ і ёсьць бальшыня. Ці азначае гэта, што ім трэба аўтаматычна даваць уладу ў грамадзтве, як “пакрыўджаным”? І хто іх, у рэшце рэшт, пакрыўдзіў—грамадзтва, альбо прырода? Ці павінна грамадзтва змагацца наогул з усялякай няроўнасьцю, у тым ліку і зь няроўнасьцю “духоўнай”, “разумовай”—альбо толькі зь некаторымі праявамі няроўнасьці, такімі як няроўнасьць матэрыяльная?

Што датычыцца прыладаў, дык Маркс бачыць у іх толькі сродак эксплуатацыі. З другога боку, менавіта прылады (як, напрыклад, узгаданая ў “Маніфэсце” чыгунка) павінны дапамагчы пралетарыяту вызваліцца ад эксплуатацыі. Маркс ня можа прадбачыць, што прылады, парадаксальным чынам, могуць ня толькі вызваліць рабочага ад эксплуатацыі (ў будучыні), але й ад немагчымых умоваў існаваньня, гэтаксама як здольныя вызваліць грамадзтва ад маралі, наогул ад неабходнасьці вызнаваць нейкую мараль—дастатковая колькасьць багацьцяў, створаная з дапамогай тэхналогіяў, здольная задаволіць усе патрэбы чалавека ўжо на зямлі, і таму пазбаўляе яго гэтак неабходнай у аграрным грамадзтве веры ў лепшае жыцьцё, у “ўзнагароду”, у “рай” (аналогам якіх усё яшчэ ёсьць Марксаў камунізм). Ідыятызм вясковага жыцьця й ідыятызм рэлігійнага “мэсіянскага”, “уратавальніцкага” сьветапогляду існуюць побач: адно немагчымае без другога. Аднак менавіта гэты ідыятызм ратуе прадстаўнікоў абодвух сьветаў, як арыстакратычнага, так і вясковага, ад усьведамленьня сваёй абмежаванасьці, якой яны не адчуваюць.

Здаецца, што ўдзячны Маркс, гэтаксама як хрысьціяне, імкнецца “выкупіць чалавецтва”, “вярнуць” усім пакутнікам гісторыі сваю ім запазычанасьць, вінаватасьць (якую блытае зь віной за іхныя пакуты)—“уваскрасіць” увесь шматпакутны чалавечы род ад самага ягонага пачатку, толькі не ад Адама, а ўжо ад пітэкантропа. Пры гэтым ён ня ведае, што і пітэкантроп на сваім этапе гістарычнага разьвіцьця быў па-свойму шчасны, і магчыма, не хацеў бы быць уваскрошаным у Марксавым камунізме. Але як так!—запярэчыць Маркс.—Усе хочуць быць неўміручымі й жыць пры камунізме! У гэтым, ён, магчыма, памыляецца: ані пітэкантроп, ані буржуа жыць пры камунізме ня хочуць, нягледзячы на розьніцу іхных жыцьцёвых сітуацыяў. У гэтым, парадаксальным чынам, буржуа выяўляе большую салідарнасьць з пітэкантропам, як і з усімі астатнімі сьмяротнымі жывымі істотамі, аднак не запрашае пітэкантропа да сябе ў гасьцёўню, ужо з той простай прычыны, што ў яго ў гасьцёўне няма пальмы. Буржуа, такім чынам, мае пэўны філасофскі інструмэнтар, які дазваляе яму прыпускаць існаваньне Іншага й займаць у дачыненьні да Іншага пазіцыю ветлівай абыякавасьці (якая з гледзішча палымянага Маркса ёсьць “немаральнай”, у чым мы не настолькі ўпэўненыя—у кожным выпадку, вырашаць павінен быў бы ня Маркс, а Іншы). Маркс, аднак, лічыць, што гістарычныя адрозьненьні між пітэкантропам і чалавекам эпохі камунізму павінны быць абавязкова сьцёртыя—што ў рэшце рэшт ледзьве не атрымалася, толькі ў адваротны бок.

Зразумела, што Маркс не хацеў бы быць пітэкантропам. Але ягоная прага ўраўняць усіх людзей у іхнай чалавецкасьці супярэчыць, зноў-такі, ягоным уласным цьверджаньням наконт таго, што чалавечая сутнасьць ёсьць зьменлівай і дынамічнай. Маркс спадзяецца, што знайшоў сакрэт, унівэрсальны крытэр чалавецкасьці, якім паводле яго зьяўляецца творчая праца. Калі б усе пачалі “творча” ставіцца да сваёй працы, на зямлі быў бы рай. Аднак нават хрысьціянскі Рай прадугледжвае наяўнасьць Пекла, якое ёсьць дадатковым (а для бальшыні людзей і вернікаў—галоўным) стымулем іхнага памкненьня патрапіць у Рай. Калі б не было Пекла, бальшыня людзей бы без сумневу лепей абрала нэйтральны Чысьцец, чымся складаную й пакутлівую аскетычную сьцежку да абяцанага Раю. Гэтаксама пры капіталізме існуе магчымасьць патрапіць “у рай” (пад якім мы тут ня маем на ўвазе лад жыцьця “горніх 10.000” багацеяў, а сярэднестатыстычны ўзровень жыцьця эўрапейскай сярэдняй класы) яшчэ пры жыцьці, што дадаткова матываванае наяўнасьцю Пекла—толькі што (на жаль, на жаль) шмат тут вырашаюць ня толькі талент ці розум, але й шанец, паходжаньне, выпадак, лёс, карацей, іррацыянальнасьць, што не здавальняе ня толькі Маркса, але і шмат каго ў трэцім сьвеце. Аднак варта нагадаць, што апрача таленту й розуму, патрэбнае яшчэ жаданьне, воля патрапіць у рай, а не заставацца на працягу жыцьця ў Чысьцяцы зь верай у будучы рай—звычайна, у рай імкнуцца тыя, хто ведае, чым ёсьць Пекла. Чалавеку дадзеная толькі адна зброя супраць выпадку (Бога) й іррацыянальнасьці—Воля й Розум. Такім чынам, пераймаць “заходні лад жыцьця” й не пераняць заходняга ладу мысьленьня ня будзе мець для трэцяга сьвету ніякага сэнсу: спачатку трэба было б выслабаніцца зь “ідыятызму” вяскова-арыстакратычнай, то бок рэлігійнай маралі. Але што хацець ад трэцяга сьвету, калі гэтага не зрабілі яшчэ нават некаторыя краіны Захаду, такія як ЗША! Спалучэньне чорна-белага бачаньня сьвету з капіталізмам і разьвітымі тэхналогіямі насамрэч здольнае прынесьці жахлівыя наступствы.

Маркс лічыць, што змагацца зь “ідыятызмам” у асяродзьдзі пралетарыяту да пэўнай ступені лягчэй, чымся на вёсцы—але наўрад-ці ён мае рацыю. Сапраўды: каму “прасьцей” растлумачыць сутнасьць каханьня: паньне альбо прастытутцы? Маркс лічыць, што прастытутцы (пралетарыю), бо для Маркса сутнасьць каханьня—у практыцы, фізічнай пачуцьцёвасьці, у самім акце суложжа. Тыя, для каго сутнасьць каханьня палягае, наадварот, у душэўных перажываньнях і пакутах (ідэялісты, рускія “народнікі”), хутчэй за ўсё паспрабуюць растлумачыць яго яшчэ “несапсаванай” паньне—селяніну. Памыляюцца, зразумела ж, абодва, бо сутнасьць каханьня (як і сутнасьць свабоды) немагчыма растлумачыць: гэта азначала б навязаць іншаму свае ўяўленьні аб каханьні, тым часам як каханьне кожны з нас разумее па-свойму. Гэткай ёсьць “рэлатывісцкая” пазіцыя буржуа, які імкнецца “затаіць” ад прастытуткі з паннай вядомую яму “праўду аб каханьні” й нахабна адмаўляецца весьці зь імі размовы на гэтую тэму, папярэдне параіўшы штосьці аб гэтым прачытаць, альбо яшчэ лепей—самім закахацца (нездарма ж рабочы й калгасьніца лічыліся ў СССР ідэальнай парай). Безумоўна, вельмі непрактычныя, але адначасова й адзіна магчымыя ў гэтым пытаньні парады: змагацца з прастытуцыяй, як і з эксплуатацыяй, наогул—з рабствам, ільга толькі з дапамогай адукацыі, а не рэвалюцыі: рэвалюцыя патрэбная толькі тады, калі тыранія пэўнай сацыяльнай групы такой адукацыі замінае. Каб змагацца з рабствам, трэба ўмець растлумачыць і даказаць рабу, што рабства ёсьць чымсьці ненатуральным і бесчалавечным, іначай сам ён аб гэтым ніколі не здагадаецца. Прынамсі, пакуль ён ня пройдзе хоць нейкай прафэсійнай падрыхтоўкай, быць нікім іншым апроч раба ў яго няма шанцаў.

Тым часам як селянін жыве ня толькі ў прасторава, але галоўнае—часова абмежаваным сьвеце, дзе пануе рэгулярнае паўтораньне адных і тых самых працоўных і сямейных рытуалаў, у сьвеце бяз часу, сьвеце міфаў—дык пралетарый жыве ў сьвеце, дзе гэтыя працоўныя й сямейныя рытуалы паўтараюцца з хуткасьцю ў 365 разоў большай, што азначае—штодня. Калі вясковец тупее паступова, дык пралетар—нашмат больш хутка. “Адчужэньне” пралетара больш правільна было б назваць менавіта атупеньнем розуму й пачуцьцяў, зьнячуйваньнем, агульнай анэстэзіяй. Калі ў сьвеце селяніна існуе летась, сёлета й праз год, дык у сьвеце пралетара існуюць толькі сёньня, учора і заўтра: пралетар жыве ў сьвеце нестабільнасьці й невядомасьці, дзе ён можа страціць працу й сродкі да існаваньня практычна ў любы момант.

Яшчэ большая абмежаванасьць часовая спалучаецца ў пралетарыя з такой сама абмежаванасьцю прасторавай, як і ў вяскоўца: пралетар ня ведае нічога апроч свайго прадмесьця й свайго прадпрыемства. У месьце яго ня лічаць сваім: буржуа ўспрымаюць пралетара як кшталт “простага чалавека”, таму пралетар ня мае чаго рабіць у месьце. Акрамя таго, ягоны правадыр Маркс раіць яму заставацца ўдома, каб крый бог не заразіцца ў месьце вірусам буржуазнай культуры, а сам зьбіраецца ўвайсьці ў ягоную халупу з паходняй класавай тэорыі: рабочаму застаецца толькі сядзець і чакаць вызваленьня.

Прыпісваючы буржуазіі пэўныя заганы рэакцыйнай арыстакратыі, Маркс, як і варта чакаць, прыпісвае пралетарыяту пэўныя вартасьці рэвалюцыйнай буржуазіі—напрыклад, спрабуе ператварыць буржуазны касмапалітызм у “пралетарскі інтэрнацыяналізм”. Гэтак, касмапаліт і паліглот Маркс імкнецца любым коштам даказаць сабе й астатнім, што пралетарый ёсьць такім сама (калі ня большым!) касмапалітам, як і буржуа: “Сваёй эксплуатацыяй сусьветнага рынку мяшчанства зрабіла выраб і спажыцьцё ва ўсіх краінах касмапалітычнымі. На вялікі жаль усіх рэтраградаў, буржуазія падкапала глебу пад нагамі нацыянальнай прамысловасьці... А што датычыцца матэрыяльнай, тое датычыцца й інтэлектуальнай прадукцыі. Духоўныя здабыткі розных народаў стаюцца агульным здабыткам. Нацыянальная аднабаковасьць і абмежаванасьць стаюцца чым далей тым больш складанымі, а з нацыянальных і мясцовых літаратураў паўстае сусьветная літаратура.” Насамрэч, нацыянальная аднабаковасьць ёсьць складанай у “сусьветных местах”, як Маркс і Энгельс называюць Бэрлін, Парыж, Вену альбо Лондан—але не ў рабочых прадмесьцях, дзе разьвіваецца своеасаблівы кшталт “лакальнага шавінізму”, які выліваецца ў рух падтрымкі мясцовых футбольных клубаў, бойкі паміж бандамі з розных раёнаў—антаганізм, аналагічны антаганізму паміж рознымі вёскамі. Магчыма, вывучэньне псіхалогіі футбольных і вулічных хуліганаў дапамагло б паразуменьню псіхалогіі рабочага класу як цалку. Бойка, п’янка альбо іншая падзея экзістэнцыяльнай важнасьці заўсёды адыграецца для пралетарыя тут і цяпер, тое, што будзе заўтра—нікога не цікавіць. Перакананы, што менавіта пралетарыят, а не буржуазія, стаўся падмуркам нацыстычнага руху ў Нямеччыне: нацызм у Савецкім Саюзе спачатку выстаўляўся менавіта як рабочы рух (нацыянал-сацыялістычная партыя была, як ні круці, рабочай партыяй), а пазьней, пасьля палітычнай пераарыентацыі Сталіна, быў абвешчаны рухам нямецкай “дробнай буржуазіі”. Наадварот, менавіта гэбрайская буржуазія й нямецкія інтэлектуалы сталіся першымі ахвярамі нацыстычнага рэжыму.

За часы існаваньня пралетарскага руху ніякай “пралетарскай культуры” так і не было створана—ці не таму, што выключна інтэлектуальныя заняткі й інтарэсы (апрача азартных гульняў) разглядаюцца ў асяродзьдзі пралетарыяту як культурнае адхіленьне, як здрада калі ня “класавай сьвядомасьці”, дык класавай тоеснасьці. Усе тыя, хто заклікаў да ейнага стварэньня альбо абвяшчаў сваё мастацтва “пралетарскім”—Бэн’ямін, Малевіч, Маякоўскі, Нэзвал, Брэтон—былі не рабочымі, а гарадзкімі інтэлектуаламі, буржуа. Больш таго: ня толькі сама ідэялогія пралетарыяту ёсьць вынаходніцтвам асобных прадстаўнікоў буржуазіі, такіх як Маркс, але й сама практыка “пралетарскай рэвалюцыі” адпачатна вымагае дэ-пралетарызацыі нейкай часткі ягоных прадстаўнікоў—прафэсійных рэвалюцыянэраў, якія ад самага пачатку свайго існаваньня ўтрымліваюцца: 1) з ахвяраваньняў сваіх багатых сяброў і прыхільнікаў—тых самых буржуа і арыстакратаў, 2) з падтрымкі зьнешнепалітычных сілаў, 3) са сваёй крымінальнай дзейнасьці (так званая “экспрапрыяцыя”), 4) з ахвяраваньняў самога рабочага класу. Гэтак гадуюцца партыйныя функцыянэры—кшталт мафіёзнай структуры, аналагічнай бандыцкім арганізацыям гарадзкіх прадмесьцяў. Дыктатура пралетарыята, такім чынам, ёсьць адпачатна дыктатурай злачынных арганізацыяў, што хаваюцца за ягонай спіной—гэтаксама як нацыстычны рэжым, які панаваў пад лозунгам “Нямеччына для немцаў”, быў дыктатурай малой часткі гэтых немцаў над астатнімі немцамі. Паводле аналогіі з уласным грамадзкім ладам, камуністы заўсёды абвінавачвалі захад у тым, што “насамрэч” улада ў капіталістычным грамадзтве належыць “некалькім карпарацыям і багацеям”—пры гэтым яны забываліся дадаць, што ў буржуазным грамадзтве супраць іх вядзецца штодзённая палітычная барацьба, і што правы буйных капіталістаў абмяжоўваюцца законам, які тыя, натуральна, зь пераменным посьпехам намагаюцца абыйсьці. Аднак гаварыць аб нейкім там “законе” азначала б апраўдваць буржуазна-дэмакратычны лад, чаго прыхільнікі пралетарскай рэвалюцыі, натуральна, не маглі сабе дазволіць—гэта азначала б пачаць гаварыць аб “вечных” каштоўнасьцях, якіх, паводле Маркса, не існуе й не павінна існаваць. Тут ён, бадай, мае рацыю: “вечныя каштоўнасьці” невядомыя ані пралетарыяту, ані селяніну, тым часам як дэмакратыя, гэтаксама як і філасофія, ёсьць вынаходніцтвам буржуазіі.

4.Буржуазія: адзіны да канца рэвалюцыйны клас

Пачнем з таго, што прыкладаў рабоча-сялянскіх рэвалюцыяў у гісторыі няма. Усе значныя й сапраўдныя рэвалюцыі гісторыі: ангельская, амэрыканская, Вялікая француская й іншыя, улучна з пост-сацыялістычнымі рэвалюцыямі нашага часу—румынскай, чэскай, югаслаўскай і г.д.—былі буржуазнымі рэвалюцыямі. Нават Парыская камуна была паўстаньнем месьцічаў пад кіраўніцтвам гарадзкіх інтэлектуалаў, гэтаксама як і студэнцкая рэвалюцыя 1968 года. Пралетарыят здольны выявіць сваю рэвалюцыйнасьць толькі тады, калі далучыцца да буржуазіі—у астатніх выпадках пралетарыят здольны толькі да страйкаў і бунтаў, якія не прыводзілі, не прыводзяць і ніколі не прывядуць да посьпеху. Пралетарыят альбо зусім ня ведае, чаго патрабуе (ў выпадку бунту), альбо патрабуе ўзвышэньня заробку (ў выпадку страйку). Па сутнасьці, марксісцкая ідэя эмансіпацыі рабочага класу вельмі нагадвае сындыкалісцкую ідэю стварэньня аднаго агромністага цэху (прафсаюзу людзей без прафэсіі), які здольны сваёй забастоўкай паралізаваць жыцьцяздольнасьць краіны і захапіць палітычную ўладу. Аднак і прафсаюз ёсьць буржуазнай (то бок, грамадзкай) арганізацыяй! Такім чынам, на практыцы ідэі рэвалюцыі (ўзброенага паўстаньня) супрацьпастаўляецца ідэя генеральнага страйку. Гэтая ідэя ёсьць у самім сваім зародку недэмакратычнай і супярэчнай самой сутнасьці буржуазнай дэмакратыі, як што галоўны мэтад палітычнай барацьбы ў дэмакратыі—гэта стварэньне новай палітычнай бальшыні, згуртаванай на падставе нейкага палітычнага перакананьня, дзеля атрыманьня такім чынам палітычнай перамогі, а зусім не скарыстаньне для гэтай мэты нейкай ужо існай бальшыні (сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай ці сэксуальнай). Нагадаем, што такое “скарыстаньне” Маркс неабгрунтавана прыпісвае менавіта буржуазіі: буржуазія, маўляў, сьвядома (!) скарыстала пераважную большасьць насельніцтва, пралетарыят, у сваіх мэтах, а потым гэтую большасьць “падманула”. Як бачым, гэта Маркс хутчэй сьвядома імкнецца выкарыстаць пралетарыят—як быццам у ягоных уласных інтарэсах, але ў кожным выпадку—у сваіх асабістых мэтах, якімі б высакароднымі яны ні былі. Гэтаксама як узгаданы хрысьціянскі місіянэр ён думае аб тым, як яму выкарыстаць індэйцаў, і пры гэтым не парушыць ані ўласных маральных устояў, ані не ператварыцца ў іхных вачох у крывавага ката. Сапраўды, цяжкая задача. Пры гэтым, найбольш буйному рэвалюцыйнаму выступленьню свайго жыцьця, рэвалюцыі 1848 года, Маркс адмаўляе нават у праве называцца рэвалюцыяй—то ж бо гэтая рэвалюцыя ўсё яшчэ вядзецца пад кіраўніцтвам і ажыцьцяўляецца з актыўным удзелам буржуазіі. Трэба сказаць, што марксісты вельмі старанна шукалі ў гісторыі прыклады рабоча-сялянскіх паўстаньняў, гэтаксама як і прыклады класавай барацьбы, але знаходзілі іх зь вялікай цяжкасьцю. Таму прыходзілася ўзводзіць у ранг народных герояў відавочных бандытаў, якія заўсёды былі й будуць, такіх як Разін, Налівайка, Хмяльніцкі, Пугачоў і іншыя. Гэтаксама рэдкія народныя “самародкі”, такія як Ламаносаў (які ніколі не адкрыў нічога значнага, а быў звычайным прыдворным функцыянэрам, селянінам, якія, паводле словаў Томаса Бэрнарда, “заўсёды ўцякалі пад ахову мундуру”), узводзіліся марксістамі ў ранг вялікіх вучоных.

Сама па сабе палітычная рэвалюцыя ёсьць вынаходніцтвам буржуазіі—як і ўсе меней-болей істотныя вынаходніцтвы, гэтаксама як і навукова-тэхнічная рэвалюцыя: сама думка, што ўвесь папярэдні лад, усё абсталяваньне грамадзтва ільга зьмяніць цягам аднаго дня, ёсьць тыпова капіталістычнай, прагрэсісцкай, па сутнасьці тоеснай з думкай імгненнай інвэнтарызацыі. “Буржуазія ня можа існаваць без таго, каб увесь час не рэвалюцыянізаваць выробчыя стасункі й выробчыя сродкі, а разам з гэтым—і ўсе грамадзкія стасункі.” (Маніфэст). Толькі буржуазія можа быць да канца рэвалюцыйнай, таму што толькі буржуазіі ўласьцівыя ідэі. Больш таго, толькі ў асяродзьдзі буржуазіі, у асяродзьдзі места наяўнасьць ідэяў (а ня грошай, як лічыць Маркс) зьяўляецца рэлевантнай у вызначэньні сацыяльнай пазіцыі грамадзяніна. Менавіта таму буржуа схільны атаясамляць сябе са сваймі ідэямі, і менавіта таму толькі буржуа ў выпадку патрэбы здольны ахвяраваць дзеля іх жыцьцём.

Гэтаксама ідэя таго, што нейкі клас (прыкладам, пралетарыят альбо дробная буржуазія), які не належыць да эліты грамадзтва, можа адначасова быць гегемонам у гэтым грамадзтве—тыпова буржуазная. Фактычна, гэта ідэя роўнапраўя, ідэя рэспублікі, якая ўзьнікла ў антычных полісах. Ейны мэханізм просты: пры аднолькавай вазе галасоў выбаршчыкаў, вялікая колькасьць дробных буржуа здольная перамагчы ў галасаваньні малую колькасьць багацеяў. Гэта і ёсьць буржуазная дэмакратыя. Зразумела, што галоўнай небясьпекай для дэмакратыі зьяўляецца ейнае перарастаньне ў тыранію пры невялікай колькасьці ў грамадзтве адукаваных і мужных людзей, якія 1) разумеюць неабходнасьць абароны дэмакратыі, 2) здольныя супрацьстаяць тыраніі. Гэта не азначае, што ў грамадзтве наогул мала адукаваных і мала мужных: галоўная праблема ў тым, што адукаваныя рэдка бываюць мужнымі, а мужныя—адукаванымі. Таму рэвалюцыя ў грамадзтве магчымая толькі тады, калі ў адукаваных людзей не застаецца іншай магчымасьці, як толькі быць мужнымі, а ў мужных людзей—іншай магчымасьці, як толькі паверыць адукаваным і падтрымаць іх. Іншымі словамі, каб падтрымаць у людзях рашучасьць узяць у рукі зброю й пайсьці на сьмерць, патрэбная насамрэч сур’ёзная прычына, насамрэч безвыходнае становішча.

Істотна зразумець, што буржуазная рэвалюцыя не імкнецца адмяніць прымус (у такім выпадку яна была б не буржуазнай, а анархісцкай), а запабегчы прымусу перарасьці ў тыранію, дыктатуру. Калі ў буржуазіі ёсьць нейкая “гістарычная місія”, аналагічная той, што Маркс называе “гістарычнай місіяй пралетарыяту”, дык яна палягае ў тым, каб змагацца супраць сваволі палітычных і эканамічных элітаў, абмяжоўваць іхную моц пераважна мірным, то бок законным, але ў часы, калі прымус робіцца невыносным—і рэвалюцыйным, то бок гвалтоўным чынам. Таму кожная рэвалюцыя скіраваная супраць кіруючай эліты, якая выконвае ў грамадзтве функцыі прымусу. Менавіта супраць дэспатыі арыстакратыі былі скіраваныя буржуазныя рэвалюцыі XVII-XVIII стагодзьдзяў. Той самы рухавік мела Рэфармацыя: каб далучыць да рэвалюцыйна наладжаных месьцічаў шырокія масы сялянаў, была патрэбная нейкая зразумелая сялянам ідэя, якой у той час магла стацца толькі ідэя рэлігійная. Менавіта гэта скарысталі ў далейшым лютэранскія клерыкалы, каб падпарадкаваць сабе рэвалюцыю й атрымаць галоўны плён зь ейнай перамогі. Наадварот, няпосьпех любой рэвалюцыі (прыкладам, паўстаньня 1863-1864 гг. на Беларусі) лёгка растлумачыць малай доляй актыўнасьці буржуазіі, альбо наогул невялікай доляй гарадзкога насельніцтва ў агульным ліку жыхароў краіны—менавіта таму рэвалюцыі ў эканамічна адсталых краінах звычайна сканчаюцца паразай: эканамічная адсталасьць і недастатковая колькасьць буржуазіі ёсьць двума бакамі аднаго й таго ж фэномэну.

Ідэя таго, што прымус у абмежаваным выглядзе можа быць грамадзтву як цалку болей выгадны, чымся наогул усялякая адсутнасьць прымусу—даволі складаная для “чорна-белага” разуменьня пралетара альбо селяніна. Таму галоўнай цяжкасьцю кожнай рэвалюцыі зьяўляецца ўтрымаць пад кантролем тых, хто да яе далучыліся—пралетарыят. Растлумачыць рабочым, што перамагчы ў рэвалюцыі яшчэ недастаткова, каб належаць да грамадзкай эліты—даволі цяжка. Яшчэ цяжэй ім растлумачыць, што рэвалюцыя сама па сабе робіцца ня дзеля таго, каб захапіць уладу й “патрапіць у эліту”, а дзеля таго, каб вярнуць эліту пад кантроль палітычна актыўнай часткі грамадзтва. Калі гэта ўдаецца, дык зразумела, што такая “перамога” ўяўляецца рабочым і іхным ідэялогам-дэмагогам “частковай”, “неканчатковай” і г.д. Ад гэтага моманту непадкантрольны пралетарыят ператвараецца з рухавіка рэвалюцыі ў рухавік контрарэвалюцыі (якабінская дыктатура 1794 г., кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.). Незадаволенасьцю пралетарыяту могуць скарыстацца ў інтарэсах арыстакратыі (алігархіі) рознамаітыя тыраны (Напалеон, Гітлер, Лукашэнка). Сутнасьць ленінскай (1917 г., скіраванай супраць буржуазна-дэмакратычнага ўраду Керанскага) й сталінскай (1927 г., скіраванай супраць НЭПу) контрарэвалюцыяў у Расіі такая ж самая: абедзьве яны скарысталі незадаволенасьць рабоча-сялянскіх масаў дзеля падаўленьня мяшчанства й перадалі ўладу алігархам, партыйнай арыстакратыі. Прычым рабілі яны гэта “сьвядома”, на падставе марксісцкага вучэньня аб тым, што гегемонам у грамадзтве павінна быць ні ў якім разе не буржуазія, а толькі пралетарыят.

Найбольш істотным дасягненьнем буржуазнай рэвалюцыі, з нашага гледзішча, было ня столькі адстаўленьне арыстакратыі ад гегемоніі ў грамадзтве й зьнішчэньне абсалютнай манархіі, колькі зьнішчэньне культурнай манаполіі духавенства й хрысьціянскай рэлігіі: сьвецкі этас буржуазіі прыйшоў на зьмену хрысьціянскаму этасу арыстакратыі. Ад таго моманту культурная гегемонія (але не манаполія) ў грамадзтве пачала належаць сьвецкім інтэлектуалам, якія займаліся навукай, вынаходзілі прылады й г.д., што азначала таксама эканамічную й палітычную гегемонію сьвецкіх інтэлектуалаў. Ідэя ж пралетарскай рэвалюцыі—гэта ідэя вяртаньня грамадзтва ў эпоху барацьбы паміж Дабром і Злом, ідэя вяртаньня культурнай (а як вынік—эканамічнай і палітычнай) нават не гегемоніі, а менавіта манаполіі новаму кшталту духавенства—напрыклад, камуністычнай партыі. З чаго выплывае, што ўсялякай абстрактна-чалавекалюбнай ідэялогіі, такой як хрысьціянства, марксізм ці іншыя кшталты прарочых тэорыяў, наканавана быць тыраніяй. Таму барацьба супраць тыраніі азначае барацьбу супраць такой ідэялогіі—то бок, барацьбу як супраць хрысьціянства й іншых кшталтаў монатэізму, так і супраць марксізму.

Калі мы гаворым аб небясьпецы для дэмакратыі з боку элітаў грамадзтва, дык гэтае небясьпека будзе існаваць, пакуль існуе грамадзтва—наколькі існаваньне элітаў зьяўляецца неабходным вынікам ягонага існаваньня. Бадай, найвялікшай пагрозай для буржуазнага грамадзтва зьяўляецца капітал—занадта вялікая колькасьць грошай у руках занадта нешматлікай колькасьці ўласьнікаў. Як піша Руссо ў “Грамадзкай дамове”, “Законы, у сапраўднасьці, заўсёды карысныя для тых, хто мае, і шкодныя для тых, хто ня мае нічога; з чаго выплывае, што грамадзкае становішча можа быць выгадным для людзей толькі тады, калі ўсе нешта маюць, і ніхто ня мае зашмат”. Сутнасьцю барацьбы паміж дробнай буржуазіяй і буйной буржуазіяй ёсьць барацьба паміж сацыяльным капіталам (культурай, цяперашнім) і ўласна капіталам (цывілізацыяй, мінуўшчынай). Як піша Маркс у “Маніфэсце”: “У буржуазным грамадзтве жывая праца зьяўляецца толькі сродкам размножаньня назапашанай жывой працы—капіталу... Такім чынам, у буржуазным грамадзтве мінуўшчына пануе над цяперашнім, а ў камуністычным—цяперашняе над мінуўшчынай.” Гэтае панаваньне “цяперашняга над мінуўшчынай” наўрад-ці магчымае й дасяжнае, калі толькі не разумець яго як падпарадкаванасьць ужо наяўных сродкаў новым, яшчэ не рэалізаваным ідэям, паводле прынцыпу “бянзін ваш—ідэі нашы” (зноў-такі, перыфраза тыпова капіталістычнага прынцыпу.) Трэба памятаць, аднак, што кожнае цяперашняе, як і кожная будучыня, стаецца аднойчы мінулым. Кожны сацыяльны капітал стаецца капіталам—што ня толькі заканамерна, але й справядліва. Аднак капітал павінен саступіць месца новаму сацыяльнаму капіталу, новым ідэям, і так да бясконцасьці—у гэтым палягае як прынцып функцыянаваньня буржуазнага (а не камуністычнага) грамадзтва, так і прынцыповае адрозьненьне гэтага грамадзтва ад яму папярэдніх.

Пагрозай сучаснаму грамадзтву зьяўляецца ня толькі жаданьне капіталу злоўжыць недахопамі дэмакратыі, але й недастатковы ўзровень палітычнай сьвядомасьці (што азначае—самасьвядомасьці) буржуазіі (сярэдняга класу), вынікам чаго ёсьць ейная незгуртаванасьць, ідэйная неакрэсьленасьць, няведаньне сваёй грамадзкай ролі, палітычная неадукаванасьць і паддайнасьць да ўсялякага кшталту маніпуляцыяў з боку як капіталу, так і з боку ідэйных нашчадкаў антыдэмакратычнай і контрарэвалюцыйнай марксісцкай ідэялогіі, якія імкнуцца ператварыць палітычную барацьбу ўсярэдзіне самога дэмакратычнага грамадзтва ў барацьбу супраць дэмакратычнага грамадзтва. Гэта зусім не азначае, што некаторыя моманты марксісцкага аналізу буржуазнага грамадзтва ня могуць быць рэвалюцыйнай буржуазіі карыснымі—наадварот, вывучаць Марксаву філасофію трэба, хай сабе замест вялікага задавальненьня яна прыносіць вялікае расчараваньне ў адным з “без сумневу своеасаблівых” мысьляроў мінуўшчыны.

 

© Анарх Княскі, 2004

HA POCTAHI