Анарх Княскі

МІФАЛОГІЯ ПРАЛЕТАРСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

(па старонках “Камуністычнага Маніфэсту” й ня толькі)

 

Замест перапрашэньня:

Аўтар гэтага артыкулу—поўны самавук у палітычнай і іншай тэорыях. Аднак мяркуем, што аматарскае прачытаньне класікі сусьветнай філасофскай і палітычнай думкі, хаця і пазбаўленае месцамі відавочных спасылак на Поппэра, таксама мае свае выгады, перадусім таму, што аўтар—чалавек з марксісцкай мінуўшчынай. Па ягонай просьбе мы публікуем ягоныя развагі над некаторымі тэкстамі марксісцкай тэорыі, якія былі ім задуманыя, паводле ягоных словаў, “у якасьці публічнага пакаяньня за грахі маладосьці”. Хто ведае, ці ня станецца гэтае пакаяньне гадоў праз дваццаць ягоным прысудам...

Red-Akcyja

1. Раб—рабочы—робат?

Доўгі час з “Камуністычнага Маніфэсту” шырокім масам насельніцтва ў нашай краіне былі вядомыя толькі фраза наконт “прывіду, які блукае па Эўропе” і заклікі да пралетарскай рэвалюцыі. Надыйшоў час уголас абвясьціць, што актыўнае чытаньне гэтага несьмяротнага помніку палітычнай думкі таксама мае свае выгады.

Да ліку найбольш цікавых пасажаў у тэксту “Камуністычнага Маніфэста” належаць, з майго гледзішча, гэтыя:

“…буржуазія ператварыла лекара, адваката, сьвятара, паэта, мастака, карацей кажучы адукаванага чалавека (інтэлектуала) ў рабочага-найміта.

“Ранейшае сярэдняе саслоўе, малапрамыслоўцы, гандляры й ранцье, рамесьнікі й сяляне, усе гэтыя класы гінуць і паступова, але ўпэўнена апускаюцца й трапляюць у шэрагі пралетарыяту... Гэтак пралетарыят рэкрутуецца з усіх класаў насельніцтва.”

У гэтых вытрымках Маркс гаворыць аб двух, здавалася б, розных фэномэнах: з аднога боку, пралетарызацыі інтэлектуалаў, а з другога—пралетарызацыі сярэдняга саслоўя ў выніку абанкручваньня й няздольнасьці вытрымаць канкурэнцыю з буйным капіталам. У першым выпадку, як здаецца, Маркс выступае ў якасьці абаронцы “адукаванага чалавека” й нібы папярэджвае яго аб небясьпецы ягонай мусовай пралетарызацыі. У другім выпадку ён лічыць пралетарызацыю сярэдняга саслоўя зьявай, наадварот, станоўчай, перадусім з гледзішча будучай эмансіпацыі пралетарыяту:

“Як мы ўжо адзначылі, з тэхнічным прагрэсам у прамысловасьці вялікія сучасныя пануючыя класы трапляюць у лік пралетарыяў, прынёсшы ў пралетарыят такім чынам значную масу адукацыйных (курсіў мой) элемэнтаў.”

Такім чынам, Маркс імпліцытна, як мне здаецца, прыроўнівае прадстаўнікоў сярэдняга класу, малапрамыслоўцаў, гандляроў іі іншых, да вышэй узгаданых інтэлектуалаў, у задачы якіх павінна ўваходзіць рэвалюцыйная адукацыя шырокіх масаў пралетарыяту, што павінна быць неабходным складнікам ягонай палітычнай эмансіпацыі. Тут варта нагадаць, што ўласна “буржуазія”, у разуменьні Маркса—гэта буйная, прамысловая буржуазія, уласьнікі прадпрыемстваў, альбо тыя, каго мы сёньня называем “сьмятанкай грамадзтва”. Дробную буржуазію Маркс азначае тэрмінам “мяшчанства” альбо “сярэдняе саслоўе” й зусім не пакідае ёй ніякага шанцу на захаваньне сваёй “класавай адметнасьці” ва ўмовах прамысловага капіталізму. Зьяднаньне сярэдняга саслоўя з пралетарыятам бачыцца Марксу непазьбежным: яно павінна адбывацца, як яму здаецца, пад гегемоніяй пралетарыята, якая павінна выплываць, як выглядае, перадусім зь ягонай колькаснай (але зусім ня якаснай) перавагі. Аднак жа, калі павялічэньне шэрагаў пралетарыяту павінна адбывацца менавіта за кошт пралетарызаванага мяшчанства, дык ці ня больш лагічна было б гаварыць аб зьмяншэньні вагі ўласна “рабочага класу” ў агульнай колькасьці пралетарыяту?

Але пакуль што гэта пакінем. Адзначым іншае: перадумовай эмансіпацыі пралетарыяту зьяўляецца ня толькі пралетарызацыя інтэлекуталаў і дробных буржуа, але й іхны пераход на ідэялагічныя пазіцыі пралетарыяту. Гэты пераход здаецца Марксу пытаньнем часу, гэтаксама як і сама пралетарызацыя. На чым грунтуецца ягоная ўпэўненасьць? Перадусім, на Марксавым пэсімізме што да здольнасьцяў пралетарызаванай буржуазіі 1) захаваць сваю культурную адметнасьць у шэрагах і ва ўмовах жыцьця пралетарыяту, то ж бо “быцьцё абумаўляе сьвядомасьць”, 2) духоўна (ідэялагічна) разьвівацца ўвогуле.

“Сярэдняе саслоўе: дробныя прамыслоўцы, дробныя гандляры й сяляне, усе яны змагаюцца супраць буржуазіі, каб захаваць сваё існаваньне ў якасьці сярэдняга саслоўя. Такім чынам, яны ёсьць не рэвалюцыйным, а кансэрватыўным элемэнтам.”

Прыкметай духоўнай адсталасьці й кансэрватызму буржуазіі зьяўляецца, такім чынам, ейная “недастатковая рэвалюцыйнасьць”, а прычынай ейнай недастатковай рэвалюцыйнасьці—ейная духоўная адсталасьць. Нягледзячы на тое, што першы разьдзел “Маніфэсту” даказвае хутчэй адваротнае, Маркс трывае на сваім поглядзе так, як быццам ён ёсьць чымсьці відавочным і не патрабуе ніякіх доказаў. Кола замкнулася.

“Мала таго, яны зьяўляюцца рэтраградным элемэнтам, таму што імкнуцца павярнуць кола сусьветнай гісторыі назад. У прадчуваньні сваёй хуткай згубы шмат хто з прадстаўнікоў дробнага мяшчанства (курсіў мой) пакідае свае ідэялагічныя пазіцыі й пераходзіць на пазіцыю пралетарыяту.”

Ані тут Маркс не спэцыфікуе, як шмат прадстаўнікоў дробнага мяшчанства насамрэч пераходзіць на “пазіцыю пралетарыяту”, і што, уласна кажучы, ільга на той час лічыць “ідэялагічнай пазіцыяй пралетарыяту”: пазіцыю Бакуніна, самога Маркса, іншых нямецкіх сацыял-дэмакратаў? Якой ёсьць “ідэялогія пралетарыяту”? Маецца на ўвазе менавіта палітычная, ці яшчэ нейкая пазіцыя? Аднак пакуль што пакінем без адказу і гэтыя пытаньні.

Апрача пралетарызацыі інтэлектуалаў і мяшчанаў, Маркс зьвяртае ўвагу чытача на “адчужэньне” працы рабочых, якое паглыбляецца з мэханізацыяй вытворчасьці і ўвядзеньнем новых прыладаў:

“З увядзеньнем машын праца згубіла ўсялякую адметнасьць, а з гэтым і ўсялякую прывабнасьць для рабочых. Рабочы ёсьць усяго толькі прыдаткам машыны; ад яго патрабуецца толькі выкананьне аднастайных... ручных манэўраў.”

Выглядае, што галоўнай прычынай Марксава абурэньня парадкамі капіталізму выступае не сама па сабе эксплуатацыя, а ейная сучасная форма, якая зьяўляецца, перадусім, нашмат больш прыбытковай для капіталіста, бо значна звышае прадуктыўнасьць працы рабочага, адначасова пазбаўляе гэтую працу ейнай спэцыфікацыі, а разам з гэтым, як лічыць Маркс—ейнага “чалавечага” зьместу. Такім чынам, чалавечы зьмест працы палягае для Маркса ў ручной працы—такой, якою была, напрыклад, праца дробнага рамесьніка часоў сярэднявечча, які (важны момант!) быў паводле свайго становішча менавіта буржуа, месьцічам, у кожным выпадку—спэцыялістам і дробным прадпрыймальнікам. Так ці йначай, цяжкая праца селяніна ня ёсьць для Маркса прыкладам неадчужанай працы.

Маркс, такім чынам, выступае супраць мэханізацыі, супраць мэханізаванай працы, таму што, як яму здаецца, звышэньне прадуктыўнасьці й “адчужэньне” ёсьць ня проста паралельнымі, але й узаемна абумоўленымі вынікамі мэханізацыі. Іншымі словамі, мэханізацыя забівае ў чалавеку рамесьніка й робіць зь яго пралетара, рабочага, прыдатак машыны. Але найгоршае пры гэтым, што капіталіст на гэтым “забіцьці ў чалавеку чалавека” яшчэ й зарабляе! Раней ён быў абавязаны сваймі прыбыткамі выключна эксплуатацыі рабочага—сёньня ён абавязанымі імі перадусім эксплуатацыі набытай, а магчыма й вынайдзенай ім новай прылады, у “прыдатак” якой ператварыўся рабочы. Гэты фэномэн, які з боку рабочага можа выглядаць нават станоўча, як фізічнае зьмяншэньне аб’ёму ягонай працы, а як вынік—фактычнае звышэньне ягонага заробку, нават пры захаваньні ягонай намінальнай велічыні, з боку Маркса, які ня можа дараваць капіталістам (буйным прамыслоўцам) іхнага капіталу, выглядае адмоўна: як падман. Так, маўляў, “нячэсна”, “я так не гуляю”. Выкрыцьцём гэтага падману Маркс спадзяецца (насамрэч, ён у гэтым упэўнены) ня толькі й ня столькі зрабіць ласку рабочым ды дапамагчы ім зноў “адкрыць у сабе рамесьніка”, колькі (што самае галоўнае)—адпомсьціць падманшчыкам-капіталістам, якія нажываюцца на чужым гарбе.

У чым, уласна, палягае сутнасьць гэтага падману? Усё проста: да надыходу капіталізму й прынесенай ім мэханізацыі, у аграрным грамадзтве, большая эксплуатацыя азначала большую прадуктыўнасьць. Гэта дазваляла лёгка падзяліць сьвет на эксплуататараў і эксплуатаваных, Благіх і Добрых, а таксама надавала абсалютны зьмест чалавечаму існаваньню, які палягаў у барацьбе са Злом (прымусам, тыраніяй, арыстакратыяй, манархіяй) на баку Дабра. Менавіта гэтая эканамічная падзеленасьць сярэднявечнага грамадзтва ёсьць найвялікшым Марксавым адкрыцьцём—на жаль, запозьненым. З надыходам мэханізацыі ўсё сталася наадварот: меншая эксплуатацыя пачала азначаць большую прадуктыўнасьць. Капіталізм ператварыў чорна-белы сьвет у сьвет шэры. Маркс, якому чорна-белы сьвет быў значна больш сімпатычны, паспрабаваў з дапамогай сваёй тэорыі, з аднаго боку, працягнуць жыцьцё чорна-белага сьвету, а з другога—прадказаць надыход сьвету выключна “белага”, сьвету агульнага Дабра-быту. Ухвальнае памкненьне, якое было абумоўленае, магчыма, прагай Маркса (уласьцівай многім людзям) жыць у чорна-белым сьвеце і змагацца на баку Дабра. Свой шанец прыняць удзел у гэтым змаганьні Маркс упусьціў: калі б ён нарадзіўся раней, ён мог бы скарыстаць гэтую магчымасьць у 1789-1794 гг., альбо ў 1830 г. Невыпадкова, што ў “Маніфэсту” Маркс заклікае пралетарыят менавіта да буржуазнай рэвалюцыі, якая, на ягоную думку, павінна была адбыцца ў яго на радзіме, у Нямеччыне й засьціць сабою рэвалюцыі ў Англіі й Францыі:

“На Нямеччыну зьвяртаюць камуністы сваю найбольшую ўвагу, таму што Нямеччына стаіць на парозе буржуазнай рэвалюцыі й прадпрыймае гэтую рэвалюцыю ва ўмовах нашмат большага разьвіцьця, з нашмат лепш разьвітым пралетарыятам, чымся Англія ў 17-ым і Францыя ў 18-ым стагодзьдзі. Нямецкая буржуазная рэвалюцыя будзе непасрэднай прэлюдыяй пралетарскай рэвалюцыі.”

Такім чынам, каб захаваць свой папярэдні буржуазнай эпосе чорна-белы сьвет (у якім ён, магчыма, хацеў бы быць хутчэй арыстакратам, чымся селянінам), Маркс вымушаны адкінуць галоўную інавацыю капіталізму—мэханізацыю. Адчужэньне, якое мэханізацыя нібыта прыносіць, ёсьць чыстай Марксавай спэкуляцыяй—гэтаксама, зрэшты, як і пераход “шматлікіх” прадстаўнікоў пралетарызванага мяшчанства на “пазіцыі пралетарыяту”.

Гэты пераход ніколі не адбыўся ня толькі з-за якаснай (культурнай) перавагі мяшчанства й інтэлектуалаў над пралетарыятам, але й з-за таго, што адбыўся пераход зусім адваротны: пралетарыят перайшоў на пазіцыі мяшчанства. Прычынай гэтага сталася перадусім няўлічанае Марксам няўхільнае ўзрастаньне складанасьці прыладаў, абыходжаньне зь якімі вымагала ўсё большай адказнасьці, агульнай культуры, і ў рэшце рэшт—адукаванасьці, што азначае—прынамсі прыблізнага ўяўленьня аб тым, як прылада дзейнічае (ужо з той мэтай, каб не прынесьці сабе шкоды ў працэсе карыстаньня ёю). Адукацыйныя элемэнты, якія насамрэч перайшлі ў лік пралетарыяту, вельмі хутка набылі ў ім перавагу дзякуючы сваёй агульнай культуры, а таму сталіся прыкладам для рабочых.

Выглядае, што Маркс прадбачыць гэтую магчымасьць, таму сьпяшаецца апэляваць ня столькі да саміх рабочых, колькі да дробна-буржуазных інтэлектуалаў з заклікам “несьці ў масы” не агульную, “буржуазную” культуру “пануючай класы”—матэматыку, эканомію, сацыялогію, спэкулятыўную філасофію—а новую, уласнага сачыненьня навуку аб вызваленьні пралетарыяту. Гэты заклік успрынялі сур’ёзна інтэлектуалы перадусім у Расіі—тым часам як на Захадзе як рабочыя, так і інтэлектуалы аддавалі перавагу традыцыйнай “буржуазнай” адукацыі, а таксама легальнаму, прадугледжанаму буржуазнай дэмакратыяй спосабу змаганьня за свае правы—стварэньню прафсаюзаў, палітычных партыяў і змаганьню за ўвядзеньне агульнага выбарчага права. Менавіта гэтыя буржуазныя інстытуты, якімі Маркс гэтак пагарджаў, у спалучэньні з далейшай мэханізацыяй у рэшце рэшт дамагліся паляпшэньня ўмоваў жыцьця пралетарыяту й ягонага выраўнаньня ў правох з мяшчанствам і буржуазіяй.

У выніку атрымліваецца, што павярнуць кола гісторыі назад імкнуўся сам Маркс—ужо тым, што спрабаваў скарыстаць адкрытыя ім заканамернасьці, уласьцівыя для адной эпохі, на эпоху зусім іншую, і гэтак зрабіць з партыкулярнага адкрыцьця унвэрсальны прынцып. Зразумела, што ўхапіць працэсы пераўтварэньня ў капіталістычным грамадзтве надзвычай цяжка—перадусім таму, што гэтыя пераўтварэньні, як адзначыў сам Маркс, ёсьць несупыннымі. Аднак, нягледзячы на ўсю папярэднюю крытыку, ільга канстатаваць, што ў Маркса гэта насамрэч атрымалася, альбо амаль атрымалася. Гэтак, ільга сказаць, што ён прадбачыў збліжэньне мяшчанства з пралетарыятам—больш таго, сваёй тэорыяй ён спрабаваў запабегчы гэтаму збліжэньню пад гегемоніяй мяшчанства, але беспасьпяхова. Разам з гэтым, Маркс беспамылкова прадказаў, што прамысловая эліта ягонага часу саступіць месца іншай эліце—і так і было насамрэч. Справа ў тым, што кіраванае законамі рынку буржуазнае грамадзтва здольнае ўзносіць на вяршыню сацыяльнай піраміды менавіта тую групоўку насельніцтва, чыя значнасьць для выжываньня грамадзтва ў дадзены момант зьяўляецца найвялікшай—альбо, іначай кажучы, попыт на чые паслугі ёсьць у грамадзтве найбольшым.

А як тады наконт пралетарскай рэвалюцыі? Патрабаваньне рэвалюцыі, якая б аднойчы й назаўжды ўсталявала замест “шэрага” сьвету сьвет “белы”, паходзіла менавіта з Марксава чорна-белага бачаньня гісторыі, а з гэтага патрабаваньня, у сваю чаргу, узрасла Марксава тэорыя класавай барацьбы (як мы ўбачым далей, прыклады класавай барацьбы ў гісторыі трэба было сапраўды добра й доўга шукаць, каб іх знайсьці). Зразумела, што “мяшчанізацыя”, ці то асіміляцыя пралетарыяту сярэдняй класай не адпавядала Марксавым прадказаньням ані спадзевам на “чыста пралетарскую” рэвалюцыю. І тым ня менш, так сталася: эканамічная пралетарызацыя сярэдняй класы азначала адначасова культурную “мяшчанізацыю” пралетарыяту. Такім чынам, палітычная, сацыяльная й культурная эмансіпацыя пралетарыяту насамрэч адбылася, хаця й крыху іншым чынам, чымся ўяўляў сабе Маркс. Зрэшты, ці ня ёсьць сёньня мы ўсе, гарадзкія спэцыялісты рознага кшталту, рабочыя-найміты офісаў і канцылярыяў, прыдаткамі сваіх кампутараў? І ці не ўдаем мы сабой агульную масу “сярэдняй класы”, якая ў дачыненьні да сёньняшняй эліты (фінансавай буржуазіі, “сьмятанкі” грамадзтва) зьяўляецца тым, чым быў пралетарыят для буржуазіі прамысловай у часы Маркса?

Аднак сучасны пралетарыят і пралетарыят у разуменьні Маркса—два розныя пралетарыяты. Маркс, на падставе сваёй тэорыі класавай барацьбы, уяўляў сабе пралетарыят менавіта як клас, ці то суб’ект класавай барацьбы. Гэтаксама як і сама класавая барацьба, наяўнасьць класаў у буржуазным грамадзтве ёсьць вялікім пытаньнем. Вельмі верагодна, што тое, што Маркс лічыў класам, было толькі emplois, сацыяльнай роляй. Кароткачасовае зьяўленьне вялікіх масаў пралетарыяту на гістарычнай арэне дапамагло вырашыць праблему мабілізацыі агромністых працоўных рэсурсаў, якія сталіся рухавіком шмат у чым насамрэч бесчалавечнага і ў кожным выпадку бяспрыкладнага прамысловага й тэхнічнага прагрэсу ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. З такім самым бурлівым першапачатковым разьвіцьцём быў калісьці зьвязаны пэрыяд рабства—масавага выкарыстаньня некваліфікаванай фізічнай працы, якая зьдзяйсьнялася пры адсутнасьці матывацыі й пры наяўнасьці абсалютнага прымусу. Буржуазная рэвалюцыя вызваліла рабоў і ператварыла іх у рабочых, мэханізацыя павінна рана ці позна паставіць на іхнае месца поўныя аўтаматы—робатаў. А хто тады вызваліць робатаў? Некаторыя фантасты мяркуюць, што яны самі вызваляць сябе—ці то іншапланецяне прыляцяць ім на дапамогу. Але хутчэй за ўсё, робатаў ня вызваліць ніхто—гэта робаты вызваляць нас (як меркаваў, зрэшты, і Маркузэ): ад усяго, апрача неабходнасьці іх кантраляваць і абслугоўваць. Тым ня менш, гістарычны досьвед вучыць нас падсьвядома баяцца робатаў: рабы таксама лічыліся калісьці “рэчамі”, нежывымі істотамі, якія страцілі свабоду, а разам зь ёю—і душу. Усе фантазіі а ля Спілбэрг наконт наяўнасьці ў робатаў “душы” матываваныя менавіта боязьзю робатаў—аднак баяцца іх варта, наважымся сьцьвярджаць, ня болей чым прывідаў альбо пралетарскай рэвалюцыі. У нашай сітуацыі, сітуацыі сёньняшніх “рабочых-наймітаў” буйнога міжнароднага капіталу, “пралетарская” (новая буржуазная—як яе, дарэчы, разумее сам Маркс) рэвалюцыя была б неабходнай, калі б у нас не было магчымасьці дасягнуць палітычнай гегемоніі ў грамадзтве шляхам легальнай палітычнай барацьбы, прадуглежанай у буржуазна-дэмакратычным грамадзтве. Аднак такі шанец у нас ёсьць: аб гэтым сьведчыць ужо той факт, што Эўропа (у адрозьненьне ад ЗША), мае найвышэйшы ў сьвеце жыцьцёвы ўзровень (стан Дабра-Быту) і зьяўляецца пераважна сацыялістычнай.

Чым тады быў пралетарыят, і чым ён ёсьць сёньня? Чым былі выкліканыя Марксавы сімпатыі да яго? Што ляжыць у падмурку міфу аб пралетарскай рэвалюцыі?

2.Маральная дылема: між хрысьціянскай любоўю й бязбожным разьлікам

Нельга не заўважыць пэўнай ідэялізацыі пралетарыяту з Марксавага боку. У чым палягае гэтая ідэялізацыя? Цікава, што Маркс лічыць пралетарыят (як і чалавека ўвогуле) папросту створаным для працы. Паводле Маркса, пралетар атрымлівае (ці, прынамсі, здольны атрымліваць) ад ручной працы нават асалоду: “З увядзеньнем машын праца згубіла ўсялякую адметнасьць, а з гэтым і ўсялякую прывабнасьць для рабочых.” Такое стаўленьне да працы ўласьцівае хутчэй рамесьнікам, якія таксама ёсьць, як мы адзначылі, дробнымі буржуа—але наколькі яно вядомае “адчужаным” рабочым, застаецца пытаньнем. Ільга прынамсі сьцьвярджаць, што менавіта з удасканальваньнем машын праца набыла для рабочых прынамсі нейкую калі не прывабнасьць, дык выноснасьць—у той жа час Маркс, наадварот, лічыць мэханізацыю працы паглыбленьнем ейнага адчужэньня. Аднак “адчужэньне” не зьяўляецца толькі сучасным Марксу фэномэнам, выкліканым мэханізацыяй: адчужэньне паходзіць з самога падзяленьня працы. Здаецца, што Маркс зусім ня робіць розьніцы паміж разьмеркаваньнем (сьвядомым і арбітрарным падзелам працы) і ўласна падзяленьнем працы (ейным аб’ектыўным падзелам, выкліканым спэцыфічным характарам той ці іншай дзейнасьці). Фактычна, тое, супраць чаго выступае Маркс—гэта мусовае разьмеркаваньне працы. Наадварот, нават у сваім апісаньні будучага камуністычнага грамадзтва Маркс выказвае спадзеў, што ўсе людзі будуць здольныя выконваць шмат розных дзейнасьцяў, вызначаных на падставе захаванага падзеленьня працы: “...тым часам як у камуністычным грамадзтве, у якім у кожнага чалавека няма строга вызначанай вобласьці дзейнасьці, і ў якім ён можа ўдасканальвацца ў якой-заўгодна галіне дзейнасьці, грамадзтва кіруе ўсёй вытворчасьцю (як “кіруе”? якім чынам? калі не прымусовым, дык якім шляхам?) і менавіта гэтак дае мне магчымасьць сёньня рабіць тое, а заўтра іншае, раніцай паляваць, пасьля абеду лавіць рыбу, увечары займацца гадаваньнем жывёлы, пасьля вячэры займацца крытыкай, абсалютна паводле майго жаданьня, і пры гэтым не рабіцца паляўнічым, рыбарам, пастухом ані крытыкам.” (Маркс, Энгельс, “Нямецкая ідэялогія”).

Як бачым, Маркс ня робіць адрозьненьня паміж фізічнай працай некваліфікаванай (так званай “чорнай”) і фізічнай працай кваліфікаванай (якая патрабуе пэўнага майстэрства, спрыту), ані паміж фізічнай працай мусовай (выкліканай натуральнымі патрэбамі) і фізічнай працай добраахвотнай (фізічнай працай як адпачынкам). Падзяленьне працы на разумовую й фізічную Маркс таксама лічыць штучным: ён успрымае яго толькі як разьмеркаваньне, дакладней—як вынік “благога”, “несправядлівага” разьмеркаваньня. “Падзяленьне працы стаецца сапраўдным падзяленьнем тады, калі надыходзіць падзяленьне матэрыяльнай і духоўнай працы. Ад таго часу сьвядомасьць можа пераконваць сама сябе, што яна зьяўляецца чымсьці іншым, чым проста сьвядомасьцю існай практыкі, што яна ў сапраўднасьці ёсьць чымсьці, ня будучы чымсьці сапраўдным—ад таго моманту сьвядомасьць здольная эмансіпаваць ад сьвету й перайсьці да стварэньня “чыстай” тэорыі, тэалогіі, філасофіі, маралі й г.д.” (Маркс, Энгельс, “Нямецкая ідэялогія”) Іншымі словамі, толькі вызваленьне ад фізічнай працы (якое Маркс лічыць “гультайскім лежніцтвам”, уласьцівым буржуазіі) робіць магчымым узьнікненьне чыста спэкулятыўнай навукі, альбо разумовай дзейнасьці дзеля самой разумовай дзейнасьці. Нягледзячы на тое, што менавіта гэтым кшталтам працы Маркс займаўся на працягу ўсяго жыцьця, ён лічыць яго “адчужаным”, супярэчным адпачатна практычнай сутнасьці чалавека. Такім чынам, практыка мысьленьня ня ёсьць практыкай, але чыстай тэорыяй; разумовая праца ня ёсьць працай у тым самым сэнсе, што праца фізічная (матэрыяльная); падзел на разумовую й фізічную працу—неадпаведны й несправядлівы. Адсюль толькі адзін крок да таго, каб абвясьціць усіх інтэлектуалаў (на чале з самім Марксам) дармаедамі й паразітамі на шыі працоўнага люду—як гэта й было зроблена ў савецкія часы, калі існаваў нават артыкул крымінальнага кодэксу “за тунеядства”—фактычна, за беспрацоўе.

Вынікам несправядлівага разьмеркаваньня ёсьць менавіта ўзьнікненьне “адчужанай” працы, як фізічнай так і разумовай, якая ёсьць супрацьлегласьцю “творчай” працы. Што ёсьць “адчужанай” працай? Згодна Марксаву разуменьню, “адчужаная” праца—гэта разумовая альбо фізічная праца ў чыстым выглядзе, тым часам як праца “творчая”, неадчужаная—гэта спалучэньне абедзьвюх у арбітрарнай, індывідуальнай прапорцыі. Такім чынам, усялякі падзел працы, нават самы прымітыўны, вымагае адчужэньня. “І нарэшце, падзяленьне працы падае нам першы прыклад таго, што пакуль людзі жывуць у прымітыўным грамадзтве, пакуль існуе раскол паміж прыватнымі й грамадзкімі інтарэсамі, пакуль дзейнасьць падзяляецца (разьмяркоўваецца) не беспрымусова (дабраахвотна), а неўпарадкавана (стыхійна), уласная дзейнасьць чалавека стаецца для яго чужой сілай, якая скіраваная супраць яго й якая валодае ім, замест таго каб ён валодаў ёй. Бо як толькі пачнецца разьмеркаваньне працы, кожны атрымлівае пэўную абмежаваную вобласьць дзейнасьці, якая зьяўляецца яму навязанай і зь якой ён ня можа вызваліцца.” (Маркс, Энгельс, “Нямецкая ідэялогія”). У Маркса, як бачым, “благое” разьмеркаваньне працы фактычна папярэднічае натуральнаму падзяленьню працы.

Тэзіс Маркса, здавалася б, ясны: гарманічны чалавек створаны як для разумовай, так і для фізічнай працы, таму пазбаўленьне яго права на тую ці іншую працу ёсьць “адчужэньнем”. Аднак сам па сабе падзел працы (ані ў сэньсе разьмеркаваньня, ані ў сэньсе аб’ектыўнага падзяленьня), не пазбаўляе чалавека права ані на разумовую працу, ані на фізічную працу ў якасьці адпачынку—адылі ў якасьці прафэсіі сучаснае буржуазнае грамадзтва насамрэч патрабуе ад чалавека выкананьня толькі адной працы (чым, зразумела, стварае “аднабаковага” чалавека й “не дае” яму разьвівацца ўва ўсіх кірунках адначасова). Ці азначае гэта, што камуністычнае грамадзтва патрабавала б ад чалавека выкананьня дзьвюх і болей прафэсіяў на аднолькавым узроўні? Не, бо ў камуністычным грамадзтве, сьцьвярджае Маркс, ня будзе ня толькі мусовага разьмеркаваньня, але й наогул ніякага падзелу працы. Маркс мяркуе, што пры камунізме чалавек будзе мець патрэбу й свабоду працаваць паводле свайго выбару—пры гэтым адмаўляе яму ў “тыпова буржуазнай” патрэбе й свабодзе “гультайскага лежніцтва”, якое лічыць (!) адным з галоўных адрозьненьняў буржуазіі ад арыстакратыі (?). Такім чынам, пры камунізме чалавек будзе чалавекам non stop, 24 гадзіны ў дзень—магчыма, за выключэньнем толькі кароткіх перапынкаў на выкананьне натуральных патрэбаў—хаця і ім будзе безумоўна нададзеная “ўзьнёсласьць і адухоўленасьць” камуністычнага звышчалавека. Магчыма нават, што камуністычны чалавек навучыцца рэгуляваць свае цялесныя патрэбы—у такім выпадку, у яго насамрэч ня будзе ніякай патрэбы працаваць, і ён будзе займацца працай выключна дзеля адпачынку. Менавіта да гэтага, дарэчы, заклікаюць некаторыя марксісты—у прыватнасьці, Гербэрт Маркузэ ў кнізе “Аднавымерны чалавек”, які, аднак, прапануе зусім адваротны ад Марксавага шлях: далейшае праглыбленьне адчужэньня, далейшая мэханізацыя працы, далейшае разьвіцьцё прамысловага грамадзтва—ажно да поўнага адчужэньня, ці то замены мусовай фізічнай і разумовай працы працай аўтаматаў, працы рабочых-наймітаў—працай робатаў. Такім чынам, Маркузэ ўскладае надзеі перадусім на тэхналагічную, а не на пралетарскую рэвалюцыю. А якім шляхам Маркс зьбіраецца стварыць свайго “звышчалавека”—і пры гэтым захаваць чалавечае грамадзтва? І ці зьбіраецца ён яго, наогул, захоўваць? Здаецца, што на гэтым Маркс зусім не трывае—яно гэтага папросту ня вартае, і ягоны далейшы лёс Маркса не цікавіць. У якасьці апраўданьня сваёй фактычнай абыякавасьці да яго ён абвяшчае гэтае грамадзтва “буржуазным”, “мяшчанскім”, “абыватальскім”, “філістэрскім”, то бок, нецікавым наогул, у прынцыпе—а ня толькі яму асабіста. Ён толькі выстаўляе да яго максімалісцкія, амаль утапічныя (і да таго ж, варта адзначыць, вельмі суб’ектыўныя) патрабаваньні, і абвінавачвае яго ў тым, што яно ім не адпавядае.

Калі задумацца, гэтыя патрабаваньні ёсьць у сваёй сутнасьці нават не амаль, а цалкам арыстакратычнымі: Маркс марыць аб грамадзтве, дзе ня толькі ніхто, але й нішто не магло б прымусіць чалавека працаваць ані галавой, ані рукамі—але ў якім сам чалавек адчуваў бы несупынную нутраную патрэбу як у інтэлектуальнай, так і ў фізічнай працы. Як заўважае Ганна Арэндт, для Маркса ідэальнай сітуацыяй чалавека зьяўляецца сітуацыя Платонаўскага філосафа, які ёсьць панам свайго часу й тэарэтычна можа сабе дазволіць нічога не рабіць, акрамя разважаньняў (чаго ён не рабіць папросту ня можа)—аднак адчувае маральны абавязак перад астатнімі рабіць прынамсі штосьці. Спытаймася: што канкрэтна? Што яму будзе заўгодна—гэтак, некаторым арыстакратам эпохі Асьветніцтва было заўгодна заступацца ў сваіх творах за просты люд, і г.д.

Ільга сказаць, што Маркс марыць аб свайго кшталту арыстакратызме для “простага чалавека” толькі каб запабегчы таму, каб з “простага чалавека” (пралетарыя) крый божа ня стаўся буржуа. Чаму лепей быць арыстакратам, чымся буржуа? Таму што буржуа, як у рэшце рэшт разумее Маркс, схільны да рэвалюцыяў й ня любіць маралістаў кшталту Маркса. Буржуа, па сутнасьці—амаральны тып (з гледзішча арыстакратычна-хрысьціянскіх уяўленьняў аб маралі), які ставіць на першае месца бесчалавечны, часам нават самамэтны рацыяналізм. “Буржуазія падпарадкавала краіну ўладзе места, пабудавала агромністыя месты, памножыла колькасьць гарадзкога насельніцтва надакор насельніцтву вёсак, і гэтак вырвала значную частку гэтага насельніцтва з ідыятызму вясковага жыцьця”, піша Маркс у “Маніфэсту”. Прынесеная рэвалюцыяй свабода ёсьць занадта нязвыклай і па сутнасьці ўсеабдымнай, у ёй няма ніякіх пэўных маральных крытэраў, усё кінутае на аброчнік прагрэсу. “Местачковец складаецца з самых “з аднога боку” й “з другога боку”. Такая сітуацыя ў ягоных эканамічных інтарэсах, а таму і ў ягонай палітыцы, у ягоных поглядах на рэлігію, эканоміку й мастацтва. Так і ў маралі й in everything. Ён ёсьць жывой супярэчнасьцю. Калі ён, як Прудон, ёсьць яшчэ й дасьціпным чалавекам, ён неўзабаве навучыцца гуляцца са сваймі ўласнымі супярэчнасьцямі й падаваць іх паводле абставінаў як кідкія, гучныя, часта як скандальныя, часта як бліскучыя парадоксы. (Апісаньне, якое пасавала б многім героям Чэхава, таксама местачкоўцам.—Заўв. аўт.) Навуковае шарлатанства й палітычнае прыстасаванства ёсьць неадлучнымі ад такіх поглядаў. Застаецца яшчэ толькі матыў, які ўсё гэта рухае, славахціўства, а потым ужо йдзецца—як і ўва ўсіх славахціўцаў—пра імгненны посьпех, сэнсацыю.” (Маркс у лісьце да Швайцара, 1865.) Калі лічыць, што ўсё, што выклікае сэнсацыю, рухаецца славахціўствам, дык у славахціўстве й местачкоўстве на гэтай “падставе” ільга западозрыць і самога Маркса, чыё вучэньне таксама ў свой час выклікала сэнсацыю. Але галоўнае тут—Марксава нелюбоў да рэлатывізму, які прамаўляе ў залішней абачлівасьці местачкоўца, якую Маркс азначае за нерашучасьць. Гэтая нелюбоў выкліканая як боязьзю рэлатывізму, “шэрага” бачаньня сьвету, гэтак і жаданьнем жыць у сьвеце чорна-белым— сьвеце, які незваротна зьнік разам з буржуазнай рэвалюцыяй яшчэ да Марксава нараджэньня.

Трэба сказаць, што ў сваім грэблівым і пасьмешлівым стаўленьні да тагачаснага буржуазнага грамадзтва Маркс зусім ня быў выключэньнем: адным зь яскравых прыкладаў такога стаўленьня быў вялікі сімпатызант арыстакратыі Онорэ дэ Бальзак, першы з двух улюбёных Марксавых пісьменьнікаў. Другім улюбёным пісьменьнікам Маркса быў Сэрвантэс—таксама невыпадкова. Як узгадвае Марксаў сябра Поль Лафорг, “найлепшымі раманістамі Маркс лічыў Сэрвантэса і Бальзака. “Дон Кіхот” быў для яго эпасам рыцарства (вылучана мной) на мяжы выміраньня, чые цноты стаюцца ў буржуазным сьвеце сьмешнымі й блазнаватымі.” (Лафорг, “Карл Маркс”, 1890). Менавіта посьмех, іронія й скептыцызм, якія могуць быць у любы момант скіраваныя супраць “рыцарскіх” тэорыяў самога Маркса, замінае яму атаясаміцца з буржуазіяй.

Наогул, погляды Маркса й Энгельса на буржуазію зьяўляюцца вельмі неадназначнымі й супярэчлівымі. Напрыклад: “Бэрлінскі абываталь. Гэта чалавек з закарэненай уявай, што Бэрлін ёсьць першым местам у сьвеце; што толькі ў Бэрліне ільга знайсьці geist (дух)...; і што “Weissbier”, дарэчы, даволі гнюсны трунак для кожнага нетутэйшага варвара, адпавядае таму, што ў “Іліядзе” называецца нектарам, а ў “Эддзе”—мёдам. Акрамя гэтых забабонаў, наш бэрлінскі lumen (сьветач) ёсьць непапраўным мудрылай, нетактоўным, гаваркім, што любіць пэўны кшталт таннага гумару, які вядомы ў Нямеччыне як “бэрлінскі досьціп”, што закладзены больш на гульні словаў, чымся на гульні думак, цікавая сумесь крышкі іроніі, крышкі скептыцызму й шматлікіх вульгарнасьцяў—увогуле, ня надта выбітны прадстаўнік чалавечага роду, нават ня вельмі забаўны, але без сумневу своеасаблівы тып.” (Маркс, “New Ministry”). Такім чынам, Маркс усё-ткі не адмаўляе буржуа ў своеасаблівасьці—але ў іншым месцы дадае, што “менавіта гэтую індывідуальнасьць мы, зразумела ж, хочам прыняць (у сэнсе пазбавіцца.” (“Маніфэст”). Цікава, што пад гэтае апісаньне ільга было б падвесьці, прыкладам, як Энгельса, так і самога Маркса, у чыіх “сур’ёзных” творах не бракуе ані гульні словаў, ані зьедлівай іроніі, ані вульгарнасьцяў, прыклады з Энгельса: “Што застаецца, калі вы адкінулі (ад жанчыны—Заўв. аўт.) усё, што ўзьнікла гістарычна? Проста малпа, anthropopitheca, якую няхай сп. Бар возьме да сябе ў ложак, “цалкам ясна й асягальна”, разам зь ейнымі “натуральнымі інстынктамі”.” (Энгельс у лісьце да Паўля Эрнста. 1890 г.). “У гэтым—увесь ён! Ягонае сэрца належыць швэдцы, што даказваюць таксама ягоныя лісты да мяне, але свой чэлес ён хоча падараваць толькі францужанцы.” (Энгельс у лісьце да Маркса, 1852).

Безумоўна, “нельга думаць, быццам усе дэмакраты—гэта shopkeepers, альбо што яны іх бароняць. Паводле сваёй адукацыі й становішча яны могуць быць ад іх вельмі далёкія. Што зь іх робіць прадстаўнікоў дробнай буржуазіі—гэта тое, што яны ў сваёй галаве ня могуць пераступіць тыя межы, якія дробны буржуа ня можа пераступіць у сваім жыцьці.” (Маркс, “Лўі Банапартава 18-га брумэру”). Аб якіх межах ідзе гаворка, ясна—межы, якія бароняць прыняць Марксаву “класавую тэорыю” разам з агульным адмаўленьнем буржуазных каштоўнасьцяў, для якога гэтая тэорыя (NB!) наўмысна створаная.

Як відаць з Марксавага тлумачэньня класавай тэорыі (з праўдзівасьцю якой, паводле Маркса, можа не згаджацца толькі буржуа—з такім азначэньнем я асабіста згодны на 100%), Маркс імкнецца прадбачыць паразу буржуазіі відавочна пад уплывам нядаўняй гістарычнай паразы арыстакратыі. Зноў-такі, ён ня бачыць сутнаснага адрозьненьня паміж буржуазіяй як класам і арыстакратыяй, і прыпісвае буржуазіі шмат якія зь “недахопаў” арыстакратыі (якія парадаксальным чынам у іншых месцах бароніць), перадусім—рудымэнтарнасьць ейных маральных устояў, але з другога боку (!) крытыкуе буржуазію за ейную “глыбокую амаральнасьць”, перадусім у дачыненьні да сям’і (ці не было гэта ўласьціва ўжо арыстакратыі як пануючаму класу?).

Наогул, тэрмін “клас” (гэтаксама як і тэрмін “эпоха”, яшчэ адзін неадвязны фантом Марксавай думкі) цікавіць Маркса толькі ў сувязі са зьменай “грамадзка-эканамічнай фармацыі” (“ладу”), рэвалюцыяй: Маркс імкнецца зразумець заканамернасьць ня толькі буржуазных рэвалюцыяў 17-18-га стст., але й любой будучай рэвалюцыі—верагодна, каб даць такім як ён сам магчымасьць загадзя вызначыць, на якім баку барыкадыў варта стаяць адпачатку, каб не прайграць. І сапраўды, як паказаў досьвед Вялікай францускай рэвалюцыі, калі інтэлектуал не стаіць на баку рэвалюцыі, ён (з гледзішча самой рэвалюцыі) стаіць на баку рэакцыі. Таму, фактычна, захаваць сабе жыцьцё інтэлектуал можа толькі тады, калі стане на чале гэтай рэвалюцыі!

Але вернемся да пойму “клас”: на падставе свайго разуменьня гісторыі (то бок, з дапамогай поймаў класу й класавай барацьбы) Маркс адрынае унівэрсальны характар маральных каштоўнасьцяў: “Калі мы пры дасьледаваньні гісторыі аддзелім ідэі пануючага класу ад яго самога, зробім іх самастойнымі й задаволімся тым, што ў той ці іншай эпосе панавалі тыя ці іншыя ідэі, і ня будзем дбаць аб умовах прадукцыі гэтых ідэяў і іхных прадуцэнтах, то бок, калі мы адкінем індывідуальнасьці й варункі ў сьвеце, якія ствараюць падмурак ідэяў, тады мы можам сказаць, што ў эпоху, калі панавала арыстакратыя, панавалі поймы годнасьць, вернасьць і г.д., тым часам як пры ўладзе буржуазіі пануюць поймы свабода, роўнасьць і г.д... Такое разуменьне гісторыі, якое ёсьць агульным для ўсіх гісторыкаў пачынаючы з XVIII-га стагодзьдзя, неабходна сутыкаецца са зьявай, што пануюць чым далей, тым больш абстрактныя ідэі, якія набываюць усё больш агульныя формы... Кожны новы клас, які наступае на месца іншага класу, які панаваў перад ім, вымушаны, ужо таму, каб зьдзейсьніць сваю місію, выдаваць свае інтарэсы за агульныя інтарэсы ўсіх сяброў грамадзтва... Клас, які зьдзяйсьняе рэвалюцыю (тут і надалей ясна, што гаворка ідзе перадусім пра буржуазію), выступае ад самага пачатку—ужо таму, што супрацьстаіць іншаму класу—не як клас, а як прадстаўнік усяго грамадзтва, прэзэнтуецца як цэлая маса грамадзтва супраць аднаму пануючаму класу... Ягоная перамога спрыяе й многім індывідуўмам іншых класаў, што не прыходзяць да ўлады, але адно пастолькі, паколькі дазваляе гэтым індывідуумам узьняцца да пануючага класу. Калі француская буржуазія скінула панаваньне арыстакратыі (нарэшце прызнаўся—Заўв. аўт.), гэтым яна дазволіла многім пралетарыям узьняцца над пралетарыятам, аднак толькі ў тым выпадку, калі зь іх сталіся буржуа... Уся гэтая ілюзія, як быццам улада пэўнага класу ёсьць уладай пэўных ідэяў, зьнікне, вядома ж, сама сабой, як толькі ўлада асобных класаў перастане быць формай грамадзкага парадку, то бок, як толькі ня будзе болей патрэбы выдаваць прыватныя інтарэсы за грамадзкія, ані “агульныя” ідэі за пануючыя.” (Маркс, Энгельс, “Нямецкая ідэялогія”). Ёсьць яшчэ адна магчымасьць пазбавіццца “гэтай ілюзіі”: пакінуць пазіцыі класавай тэорыі, як недастаткова пераканаўчай—прынамсі, што да тут пададзенага выкладу, які заснаваны на якімсьці антрапамарфічным разуменьні класу, якому на падставе агульных інтарэсаў прыпісваецца агульная воля й іншыя атрыбуты індывідуума: “місія”, здольнасьць выдаваць свае інтарэсы за інтарэсы агульныя й г.д.—прычым трэба памятаць, што на ўвазе маецца перадусім буржуазія, якая, як Маркс цьвёрда перакананы, “усіх падманула” й скарыстала пралетарыят у сваіх палітычных інтарэсах падчас Вялікай Францускай рэвалюцыі. Пры гэтым Маркс практычна не адрозьнівае буржуазію цяперашнюю (прамысловую) ад тагачаснай, буржуазіі 50-гадовай даўніны (зноў-такі, антрапамарфічнае бачаньне, як быццам буржуазія—гэта чалавек, у якога ёсьць мэта, інтарэсы, і якому, у рэшце рэшт наканавана памерці). Дарэчы, праблема, якую ён тут імкнецца вырашыць, зноў тая ж, што і з падзяленьнем працы: гэта, па сутнасьці, праблема няроўнамернай узнагароды за працу фізічную, зьдзяйсьненьне рэвалюцыі, (якую, паводле Маркса, выканаў збольшага пралетарыят) й працу разумовую—рыхтаваньне, планаваньне, кіраваньне рэвалюцыяй, якія ўзяла на сябе буржуазія. У падмурку ягонай незадаволенасьці такой сітуацыяй, на маю думку, палягае факт незадаволенасьці самім па сабе панаваньнем розума над целам, супраць якога імкнецца змагацца Маркс у сваёй барацьбе супраць класічнай ідэялістычнай філасофіі. Як мы ўбачылі раней, гэтую філасофію ён абвінавачвае ў “спэкулятыўнасьці”, чыстай разумовасьці й г.д., але галоўнае—у тым, што гэтая філасофія ёсьць “буржуазнай” і стаіць на службе пануючага класу. Менавіта гэтая філасофія палемізуе з Марксам ягонымі ж вуснамі ў “Маніфэсце”: “Аднак, запярэчаць нам, рэлігійныя, маральныя, філасофскія, палітычныя, прававыя ідэі й г.д. хаця й зьмяняліся на працягу гістарычнага разьвіцьця, але ж самі па сабе рэлігія, мараль, філасофія, палітыка й права заўжды вытрымалі гэтыя зьмены. Акрамя таго, існуюць вечныя ісьціны, такія як свабода, справядлівасьць і г.д., якія ёсьць агульнымі для ўсіх этапаў разьвіцьця грамадзтва. Камунізм (курсіў мой), аднак, адкідае вечныя ісьціны, адкідае рэлігію й мараль замест таго, каб даць ім новую форму, і такім чынам супярэчыць усяму папярэдняму гістарычнаму разьвіцьцю.” (“Маніфэст”).

Зразумела, што ў якасьці адказу на гэты закід Маркс яшчэ раз паўтарае пастулаты сваёй тэорыі аб дапасюлешнім класавым і будучым бяскласавым грамадзтве, дзе ня будзе ня толькі прымусу й няроўнасьці, але й рэвалюцыяў (!). Але самае цікавае тут іншае: апісаньне камунізму, якое падае Маркс вуснамі сваіх ідэялагічных супернікаў, цалкам адпавядае апісаньню сучаснага яму самому капіталізму! Варта насамрэч пачытаць Бальзака альбо Барбэ д’Орвільі, каб пераканацца, што гэта капіталізм “адкідае вечныя ісьціны, адкідае рэлігію й мараль замест таго, каб даць ім новую форму, і такім чынам супярэчыць усяму папярэдняму гістарычнаму разьвіцьцю”. Атэізм, цынізм, нігілізм, маральны рэлатывізм—усё гэта непасрэдныя вынікі буржуазнай рэвалюцыі. У чым прычына таго, што Маркс упарта гэтага не заўважае, ня хоча заўважаць, а замест гэтага зацята абвінавачвае буржуазію з грахоў, якія яна ніколі не зьдзяйсьняла? Гэтаксама як і пазьней Дастаеўскі, ён ня можа прызнаць за эўрапейскай буржуазіяй маральнае права на ейную маральную свабоду, таму што гэтая свабода, паводле іхнага разуменьня, дасягнутая “немаральным” шляхам—праліцьцём крыві (як арыстакрата, так і пралетарыя), “сьлязы дзіцёнка” й г.д. Але ў тым і справа, што ад часоў рэвалюцыі буржуазія сама стварае сваю ўласную мараль—гэтае права належыць ёй менавіта паводле права мацнейшага (хаця Маркс бы сказаў “разумнейшага”, то ж бо рэвалюцыю буржуазія зьдзяйсьняла, паводле ягоных уяўленьняў, “чужымі рукамі”), а не паводле хрысьціянскіх уяўленьняў арыстакратыі аб “маралі”. Прасьцей кажучы, буржуазія лічыць, што для дасягненьня свабоды (якую Маркс лічыць “абстрактным поймам”) усе сродкі ёсьць маральнымі.

Маркс, здаецца, ня мае нічога супраць права мацнейшага—але навошта яму, запытаймася, яшчэ адна рэвалюцыя, гэтым разам—антыбуржуазная? Выбачайце: гэтая рэвалюцыя патрэбная не яму, а пралетарыяту. Маркс толькі папярэджвае буржуазію, што яе можа й нават павінен напаткаць такі самы лёс, які раней напаткаў арыстакратыю. Прычым, як яму здаецца, гэты лёс напаткае яе вельмі хутка—таму лепей ёй да гэтага падрыхтавацца й загадзя й добраахвотна “здацца”, “перайсьці на пазіцыі пралетарыяту”, як ён гэта называе. Гэтаксама ён заклікае пралетарыят да таго, каб не паддавацца культурнаму націску буржуазіі, адмовіцца ад буржуазнай культуры, адукацыі й г.д., а перайсьці на... ідэялагічныя пазіцыі Маркса, які загадзя, за сто год да рэвалюцыі, выпрацаваў для пралетарыята ягоную “ўласную ідэялагічную пазіцыю”—адмыслова на пралетарыят “пашытую” прафэсійным і прадпрыймальным “нямецкім ідэялогам” Марксам класавую тэорыю, лагічным і неабходным складнікам якой ёсьць вучэньне аб гістарычнай ролі пралетарыяту. Такім чынам, Марксава “тэорыя” адпачатна й сьвядома падпарадкаваная адной чыста практычнай мэце: перамозе над буржуазіяй. Якая пасьля гэтага можа быць вартасьць тэорыі, якая мае ня толькі загадзя напраграмаваныя вынікі, але й імкнецца ім як мага лепей адпавядаць? Штосьці ў гэтым ёсьць, далібог, ад сталінска-лысенкаўскай навукі. Прычым рэальных падставаў верыць у непазьбежнасьць гэтых практычных вынікаў у Маркса, шчыра кажучы, зусім няшмат. Аднак паколькі ён верыць у тое, што йначай быць папросту ня можа, ніякіх рацыянальных доказаў сваёй рацыі яму не патрэбна. Навошта прароку розум? А Маркс хоча быць перадусім прарокам—у чым вельмі нагадвае апісанага ім самім славахцівага местачкоўца. Аднак тут трэба адзначыць, што Марксава ўяўна “бескарысьлівае” стаўленьне да пралетарыяту таксама нясе (альбо можа несьці) ў сабе зерне чыстага разьліку (уласьцівага амаральна-прадпрыймальнай буржуазіі): пралетарыят павінен стацца ня толькі галоўным акторам будучай пралетарскай рэвалюцыі й гегемонам у камуністычным грамадзтве, але й інструмантам ажыцьцяўленьня марксавых тэорыяў—чым ён, фактычна, у рэшце рэшт і стаўся! Але й гэта ільга растлумачыць з гледзішча маральнага рэлатывізму сучаснай Марксу буржуазіі: калі вы кажаце, што ўсе сродкі маральныя для дасягненьня свабоды, дык тады я, Карл Маркс, магу сказаць, што ўсе сродкі маральныя і для дасягненьня неўміручасьці! Ці ільга знайсьці больш яскравы прыклад местачкоўскага славахціўства? Тут Маркс пераскочыў нават “анціхрыста” Ніцшэ, ня кажучы ўжо пра шчырага верніка Дастаеўскага.

Таму натуральна, што да самога пралетарыяту Маркс ставіцца ў чымсьці падобна да таго, як хрысьціянскі місіянэр ставіцца да індэйцаў: у ягоныя мэты не ўваходзіць паляпшэньне ўмоваў іхнага жыцьця, але “ўратаваньне іхных душаў”. Пры гэтым, сам сябе Маркс выяўляе як носьбіт шмат у чым яшчэ арыстакратычнай, а таму й неабходна антыбуржуазнай маралі. Калі ён папракае буржуазнае грамадзтва ў амаральнасьці, ён займае позу, якая нагадвае позу арыстакрата альбо клерыкала, чалавека калі не “блакітнай крыві”, дык бязгрэшніка, які “мае права” абвінавачваць свой клас і “кінуць у яго камень”: “Усе будынкі ў Эўропе сёньня адзначаныя патаемным чырвоным крыжом. Судзьдзём ёсьць гісторыя, выканаўцам прысуду—пралетарыят.” (Маркс, “Прамова аб рэвалюцыі 1848-га году”). Без сумневу, Маркс быў адным з апошніх рэлігійных прарокаў, які заклікаў перадусім буржуазных інтэлектуалаў усьвядоміць немаральнасьць створанага імі грамадзтва, прагрэсу й г.д. (немаральнасьць, зразумела ж, рэлатыўную, у дачыненьні да мінулага грамадзка-дзяржаўнага ладу, да мінулай культуры), адмовіцца ад супрацоўніцтва з буржуазіяй, перастаць вынаходзіць прылады й кінуцца ў вывучэньне новай Бібліі—Гісторыі (перапісанай, зразумела ж, ім самім у адпаведнасьці зь ім жа самім адкрытымі законамі).

Варта дадаць, што адным з галоўных пунктаў Марксавай крытыкі буржуазіі зьяўляецца ейная сэксуальная мараль. “Адмена сям’і! І найвялікшыя радыкалы абураюцца гэтай ганебнай задумкай камуністаў! На чым грунтуецца сёньняшняя буржуазная сям’я? На капіталу, на прыватным прыбытку. Сям’я ёсьць найбольш разьвітай толькі для буржуазіі, аднак знаходзіць свой дадатак у мусовай бесьсямейнасьці пралетарыя й адкрытай прастытуцыі... Але ж вы, камуністы, хочаце ўвесьці агульнасьць жонак!, адзінагалосна крычыць мяшчанства... У камуністаў няма патрэбы ўводзіць агульнасьць жонак, яна ўжо даўно існуе. Нашыя мяшчане не здавальняюцца тым, што могуць паводле свайго жаданьня абыходзіцца з жонкамі й дачкамі пралетарыяту, нягледзячы на афіцыйную прастытуцыю, яны шукаюць найвялікшае задавальненьне ў тым, што спакушаюць жонак адзін аднаго. Буржуазны шлюб ёсьць у сапраўднасьці агульнасьцю жонак. У найгоршым выпадку, камуністаў ільга было б папракнуць, што замест двудушна прыхаванай яны хочуць увесьці афіцыйную, адкрытую агульнасьць жонак. Само сабой зразумела, што з адменай цяперашніх выробчых варункаў зь іх зьнікне пахабная агульнасьць жонак, ці афіцыйная й неафіцыйная прастытуцыя.” (“Маніфэст”). Маркс імкнецца зрабіць жонак агульнай маёмасьцю, гэтаксама як імкнецца зрабіць агульнай маёмасьцю выробчыя прылады. Пры гэтым літаральна некалькімі радкамі раней ён абвінавачвае буржуа ў тым, што ён бачыць у жанчыне толькі прыладу: “Буржуа лічыць жанчыну толькі выробчай прыладай.” Маркс, у адрозьненьне ад буржуа, бачыць у жанчыне толькі “агульную жонку”, у якую зьбіраецца яе афіцыйна ператварыць. Гэта азначае, што тым часам як буржуа бачыць у жанчыне маці (“прыладу” на выраб дзяцей), Маркс бачыць у ёй выключна сэксуальны аб’ект. Цяпер зразумела, чаму выступае Маркс супраць буржуазнага шлюбу: ён змушае яго да сужэнскай здрады. Адмена буржуазнага шлюбу дазволіць Марксу “афіцыйна” карыстацца жонкамі й дачкамі буржуазіі, бо аднаго вольнага карыстаньня жонкамі й дачкамі пралетарыяту яму мала. Галоўнае ў гэтым усім тое, што Маркс сам прызнаецца, што ў ягонай ідэі ўвядзеньня агульнасьці жонак няма, па сутнасьці, нічога рэвалюцыйнага: сакрэт гэтага менавіта ў тым, што Маркс, гэтаксама як і ягоны буржуа, разглядае жанчыну як прыладу—як жонку. Буржуа б сказаў, што ўжо сам факт разгляданьня жанчыны як жонкі, не зважаючы на ейнае жаданьне ці нежаданьне быць разгляданай у гэтай якасьці—звычайнае хамства, калі ня скоцтва. Так ці йначай, Маркс разглядае буржуазны шлюб толькі з аднаго боку, не заўважаючы, што ён зьяўляецца адначасова мэханізмам абароны жанчыны ад неабходнасьці быць агульнай (то бок, нічыйнай) жонкай. Ізноў тут выяўляецца відавочная (хай можа й несьвядомая) тэндэнцыя разглядаць нейкі грамадзкі фэномэн аднабакова, ды яшчэ й з гледзішча сваіх асабістых інтарэсаў.

Як бачым, і такую буржуазную ўласьцівасьць як схільнасьць да распусты Маркс зьбіраецца пераняць і ўвекавечыць у сваім праекце камуністычнага грамадзтва—пры гэтым ён яшчэ й абвінавачвае буржуа ў амаральнасьці за тое, што ён усё яшчэ саромеецца (ў адрозьненьне ад “жонак і дачок пралетарыяту”) гэтай сваёй схільнасьці, замест таго каб раз і назаўжды адмяніць усялякую сэксуальную мараль, дый па ўсім. Зразумела, што змагацца з прастытуцыяй ільга толькі двума шляхамі: адмяніць альбо сэкс, альбо сэксуальную мараль. Паколькі адмена сэксу супярэчыць Марксавым інтарэсам, ён адмяняе сэксуальную мараль. Пры гэтым пад выглядам змаганьня з прастытуцыяй ён змагаецца за ўласную сэксуальную эмансіпацыю! Ці бачылі вы дзе горшую двудушнасьць? Куды там буржую да Маркса! Але пры ўсім гэтым мне ўсё яшчэ ніяк не зразумела: якую рэвалюцыйную каштоўнасьць маюць заклікі да адмены сэксуальнай маралі пасьля маркіза дэ Сада? Што ў гэтым такога ўжо рэвалюцыйнага?

Карацей кажучы, вельмі праўдападобна, што пры ўважлівым чытаньні “Камуністычны маніфэст” можа ператварыцца ў крыкастую нізку банальнасьцяў, прадыктаваных нічым іншым, як узгаданым местачкоўскім славахціўствам (што там было наконт навуковага шарлатанства й палітычнага прыстасаванства?). Хацеў Маркс стацца самым разумным чалавекам стагодзьдзя ці там тысячагодзьдзя—ён ім стаўся, дзякуючы апытаньню Бі-Бі-Сі. Мала таго: шмат хто да сёньняшняга дня бачыць у ім другога Ісуса Хрыста. Трэба аддаць яму належнае: нават у Ніцшэ не было такой фанатычнай адданасьці сваёй мэце.

(працяг будзе)

© Анарх Княскі, 2003

HA POCTAHI