Хорхэ Луіс Борхэс (1899-1986)

 

ТАЯМНІЦА ПАЭЗІІ

 

(з кнігі “Мастацтва паэзіі”—Гарвардзкія лекцыі, 1967-1968)

 


Напачатку я б хацеў адкрыта папярэдзіць вас, чаго чакаць—альбо хутчэй, чаго не чакаць ад мяне. Я бачу, што абмовіўся ў самой назве сваёй першай лекцыі. Яна гучыць, калі не памыляюся, “Таямніца паэзіі”, з акцэнтам, натуральна, на першым слове—“таямніца”. Так што ў вас можа скласьціся ўражаньне, што самае тут галоўнае—таямніца. Альбо, што можа быць яшчэ горшым, вы падумаеце, што я даверліва ўпаў у заблыт, быццам знайшоў якуюсьці сапраўдную разгадку таямніцы. Але праўда такая, што я не магу прапанаваць вам ніякіх разгадак. Я правёў усё жыцьцё за чытаньнем, аналізаваньнем, пісаньнем (альбо спробамі пяра) і атрыманьнем ад гэтага асалоды. Я лічу, што апошняе зьяўляецца самым галоўным. “Наталяючы смагу” паэзіі, я прыйшоў да канчатковай высновы на ейны конт. Насамрэч, шторазу як я застаюся сам-насам з чыстым аркушам, я адчуваю, што мушу пераадкрыць для сябе ўсю літаратуру. Але мінуўшчына мне тут зусім не дапаможа. Таму, як я сказаў, я магу прапанаваць вам толькі сваю разгубленасьць. Мне хутка будзе семдзесят. Я аддаў літаратуры большую частку свайго жыцьця, і магу прапанаваць вам толькі сумневы.

Вялікі ангельскі пісьменьнік і летуценьнік Томас дэ Кўінсі напісаў—на адной з тысячаў старонак сваіх чатырнаццаці тамоў—што адкрыць новую праблему ёсьць настолькі ж важным, як і знайсьці вырашэньне якой-небудзь старой праблемы. Але я не магу прапанаваць вам нават гэтага, а толькі сваю застарэлую разгубленасьць. Зрэшты, што тут такога дзіўнага? Чым ёсьць гісторыя філасофіі, як не гісторыя сумневаў індусаў, кітайцаў, грэкаў, схаластаў, біскупа Бэрклі, Шопэнгаўэра й гэтак далей? Я толькі хачу падзяліцца з вамі сваймі сумневамі.

Колькі я ні заглыбляўся ў сваім жыцьці ў кнігі аб эстэтыцы, я ня мог пазбавіцца няёмкага адчуваньня, што я чытаю працы астраномаў, якія ніколі не зірнулі на зоркі. Я маю на ўвазе, што там пісалі аб паэзіі, як быццам паэзія была непрыемным абавязкам, а ня тым, чым яна ёсьць насамрэч: палкасьцю й радасьцю. Напрыклад, я зь вялікай павагай прачытаў кнігу Бэнэдэтто Крочэ аб эстэтыцы, зь якой аднёс азначэньне паэзіі й мовы як “выразу”. Дык вось, калі мы думаем аб выразе нечага, мы зноўку апынаемся твар да твару са старой праблемай формы й зьместу; а калі мы не гаворым аб выразе нічога канкрэтнага, гэта нічога нам не дае. Такім чынам, мы з удзячнасьцю прыймаем гэтае азначэньне й рушым далей, да самой паэзіі; мы рушым да самога жыцьця. А жыцьцё, я ўпэўнены, складаецца з паэзіі. Паэзія ня ёсьць чымсьці незямным—паэзія, як мы ўбачым, цікуе за рогам вуліцы. Яна можа скочыць на нас у любы момант.

Тут мы можам упасьці ў распаўсюджаны забабон. Гэтак, мы думаем, што калі мы вывучаем Гомэра, альбо “Боскую камэдыю”, альбо фрая Луіса дэ Леона, альбо “Макбэта”, дык мы вывучаем паэзію. Але кнігі—гэта толькі магчымасьці для адчуваньня паэзіі.

Здаецца, Эмэрсон недзе напісаў, што бібліятэка—гэта штосьці накшталт магічнай пячоры, поўнай нябожчыкаў. І гэтыя нябожчыкі здольныя зноў нарадзіцца, здольныя аджыць, як толькі мы адкрыем іхныя старонкі.

Дарэчы—аб біскупу Бэрклі (які, дазвольце нагадаць вам, быў прарокам велічы Амэрыкі): прыгадваю, што ён напісаў, што смак яблыка не знаходзіцца ў самім яблыку—бо яблык ня можа адчуць уласны смак—ані ў роце таго, хто есьць. Неабходны кантакт паміж імі. Тое самае адбываецца з кнігай альбо калекцыяй кніг—бібліятэкай. Бо чым ёсьць сама па сабе кніга? Кніга ёсьць фізічным аб’ектам у сьвеце фізічных аб’ектаў. Гэта—набор мёртвых сімвалаў. І тут прыходзіць спраўны чытач, і словы—ці, дакладней, паэзія па-за словамі, бо словы самі па сабе ёсьць толькі сімваламі—набываюць жыцьцё, і слова аджывае.

Мне зараз прыгадваецца верш, які вы ўсе ведаеце напамяць, але магчыма, вы ніколі не зьвярталі ўвагі на тое, наколькі ён дзіўны. Бо дасканалыя рэчы ў паэзіі здаюцца ня дзіўнымі, а непазьбежнымі. Таму мы зрэдку дзякуем аўтару за ягоныя пакутлівыя намогі. Я маю на ўвазе санэт, напісаны адным юнаком сто гадоў таму ў Лондане (у Гампстэду, здаецца), юнаком, які памёр ад сухотаў, Джонам Кітсам—гаворка ідзе пра ягоны славуты й можа нават залішне злоўжываны санэт “На першы позірк у Чэпмэнава Гомэра”. Што ў гэтым вершы дзіўнага—а я зьвярнуў на гэта ўвагу ўсяго якіх два-тры дні таму, калі я абдумваў гэтую лекцыю—дык гэта той факт, што гэты верш прысьвечаны самому па сабе паэтычнаму досьведу. Вы ведаеце яго на памяць, але я хацеў бы, каб вы яшчэ раз пачулі хвалевы ўздым і грымоты ягоных фінальных радкоў:

Then felt I like some watcher of the skies
When a new planet swims into his ken;
Or like stout Cortez when with eagle eyes
He stared at the Pacific—and all his men
Look’d at each other with a wild surmise—
Silent, upon a peak in Darien. (1)

Тут перад намі паўстае сам паэтычны досьвед і сам нябожчык Джордж Чэпмэн, Шэйкспіраў сябра й супернік, які зьнянацку паўстаў зь мёртвых, калі Джон Кітс прачытаў ягоную “Іліяду” ці “Одысэю”. Мне здаецца, гэта яго (хаця я не магу мець пэўнасьці, я не дасьледчык Шэйкспіра) Шэйкспір меў на ўвазе, калі напісаў: “Was it the proud full sail of his great verse, Bound for the prize of all too precious you?” (2).

Ёсьць тут слова, што здаецца мне вельмі важным: “На першы позірк у Чэпмэнава Гомэра”. Я думаю, што гэтае слова, “першы”, будзе для нас найбольш карысным. У той самы момант, калі я прыгадваў вам гэтыя магутныя Кітсавы радкі, мне здалося, што я проста залішне падупадаю ўплыву сваёй памяці. Магчыма, што насамрэч той мароз па скуры, які выклікае ў мяне гэты верш, паходзіць з далёкага моманту майго дзяцінства ў Буэнос Айрэсе, калі мой бацька ўпершыню чытаў мне яго ўголас. У той момант, калі мне быў той адкрыты гэты факт, што паэзія, мова, ёсьць ня толькі сродкам камунікацыі, але таксама палкасьцю й радасьцю—тады я не зразумеў гэтых словаў, але адчуў, што штосьці са мной адбываецца. Гэта адбывалася ня толькі з маім розумам, але з усёй маёй істотай, з маім целам і крывёй.

Вяртаючыся да словаў “На першы позірк у Чэпмэнава Гомэра”, я пытаюся ў сябе, ці адчуваў сам Джон Кітс адчуваў тую самую ўзрушанасьць, калі прачытваў адна па адной шматлікія кнігі “Іліяды” й “Одысэі”. Я думаю, што толькі першае прачытаньне верша ёсьць праўдзівым прачытаньнем, а пасьля гэтага мы ўводзім сябе ў зманлівую веру, быццам адчуваньне, уражаньне паўтараюцца. Але, як я кажу, гэта можа быць толькі вернасьць, звычайны падман памяці, звычайная блытаніна між нашай палкасьцю і той, што я калісьці адчуваў. Такім чынам, ільга сказаць, што паэзія ёсьць шторазу новым досьведам. Кожны раз, як я чытаю верш, адбываецца нейкае перажываньне. І яно ёсьць паэзіяй.

Я неяк чытаў, што амэрыканскі мастак Ўістлэр быў аднойчы ў парыскай кавярні, дзе абмяркоўвалася, якім чынам спадчына, асяродзьдзе, сучаснае палітычнае становішча й гэтак далей уплываюць на мастака. І тады Ўістлэр сказаў: “Мастацтва адбываецца.” Іншымі словамі, ёсьць у мастацтве штосьці таямнічае. Я хацеў бы скарыстаць ягоныя словы новым чынам. Я скажу: “Мастацтва адбываецца шторазу, як мы чытаем верш.” Бачыце, здаецца, што гэтая фраза зьмятае прэч ушанаваны часам пойм класікі, ідэю неўміручых кніг, кніг, дзе заўсёды ільга знайсьці прыгажосьць. Але спадзяюся, што тут я памыляюся.

Думаю, я магу зрабіць кароткі агляд гісторыі кніг. Наколькі я памятаю, грэкі не асабліва карысталіся кнігамі. Фактам ёсьць, што насамрэч вялікія настаўнікі чалавецтва былі не пісьменьнікамі, а прамоўцамі. Вазьміце Піфагора, Хрыста, Сократа, Будду й іншых. А паколькі я загаварыў аб Сократу, я б хацеў згадаць і Платона. Калі не памыляюся, Бэрнард Шоў сказаў, што Платон быў драматургам, які прыдумаў Сократа, таксама як чатыры эвангелісты былі драматургамі, што прыдумалі Хрыста. Гэта, магчыма, занадта, але пэўная праўда ў гэтым ёсьць. У адным з Платонавых дыялогаў ён гаворыць аб кнігах хутчэй з пагардай: “Што такое кніга? Кніга, як і карціна, здаецца жывой істотай; але калі мы спытаемся ў яе аб нечым, яна не адкажа. І тады мы ўбачым, што яна мёртвая.” Каб зрабіць кнігу жывой істотай, ён прыдумаў—на шчасьце для нас—Платонаўскі дыялог, які апераджае чытачовы сумневы й прадбачыць ягоныя пытаньні.

Але мы можам таксама сказаць, што Платон проста сумаваў па Сократу. Пасьля сьмерці апошняга, Платон мог сказаць сам сабе, “А вось што сказаў бы Сократ наконт гэтага майго сумневу?” І тады, каб зноўку пачуць голас свайго любімага настаўніка, ён напісаў свае дыялогі. У некаторых зь іх Сократ выступае насамрэч. У іншых, Платон з дапамогай драматычных сродкаў нападобіў ягоны вобраз. І некаторыя з гэтых дыялогаў ня маюць ніякага заканчэньня ці высновы, бо калі Платон іх пісаў, ён адначасова іх прыдумваў; калі ён пісаў першую старонку, ён ня ведаў, што будзе на апошняй. Ён проста даваў волю свайму роздуму і проста ўвасобіў гэты роздум у некалькіх драматычных пастацях. Я думаю, што ягонай галоўнай мэтай было адчуць, што Сократ, нягледзячы на тое, што ён выпіў цыкуту, усё яшчэ быў зь ім. Я веру ў праўдзівасьць гэтага, бо я сам меў у сваім жыцьці многіх настаўнікаў. Я ганаруся тым, што быў іхным вучнем—і спадзяюся, добрым вучнем. Калі я прыгадваю свайго бацьку, калі я прыгадваю вялікага гэбрайска-гішпанскага пісьменьніка Рафаэля Кансіноса-Ассэнса, калі я прыгадваю Масэдоньё Фэрнандэса, мне таксама хочацца пачуць іхныя галасы. І часам я спрабую мой голас у штукарстве нападабненьня іхных галасоў, з той мэтай, каб пачаць думаць як яны. Яны заўсёды са мной.

Ёсьць яшчэ іншая фраза, у адным з Айцоў Царквы, які сказаў, што даваць кнігу ў рукі неадукаванага чалавека настолькі ж небясьпечна, як даваць меч у рукі дзіцяці. Як бачыце, для старажытных грэкаў і рымлянаў кнігі былі толькі эрзацам, падменай. У адным са сваіх доўгіх лістоў Сэнэка выступаў супраць вялікіх бібліятэкаў; і нашмат пазьней Шопэнгаўэр напісаў, што многія людзі блытаюць набыцьцё кнігі з набыцьцём зьместу кнігі. Часам, пазіраючы на мноства кніг у маёй хатняй бібліятэцы, я адчуваю, што памру раней, чым змагу прачытаць іх усе, але ж не магу пазбавіцца спакусы набыцьця новых кніг. Заўсёды, калі я заходжу ў кнігарню й бачу кнігу, прысьвечаную нейкаму з маіх захапленьняў—напрыклад, стараангельскай мове ці старажытнай паэзіі Поўначы—я кажу сабе, “Шкада, што я не магу яе набыць, бо ў мяне ўдома адна ўжо ёсьць.”

У часы позьняй антычнасьці з Усходу прыйшла іншая ідэя кнігі—ідэя Сьвятога Пісаньня, кнігі, напісанай Сьвятым Духам; зьявіліся Кораны, Бібліі й гэтак далей. Я хацеў бы пасьледаваць прыкладу Шпэнглэра ў ягоным “Закоце земляў Захаду” і разгледзець прыклад Корану. Калі не памыляюся, ісламскія тэолагі лічаць, што ён папярэднічаў стварэньню сьвета. Коран напісаны па-арабску, але мусульмане лічаць, што ён папярэднічаў мове. Я нават чытаў, што яны разглядаюць Коран не як твор Бога, а як атрыбут Бога—такі самы, як Ягоная справядлівасьць, літасьць і Ягоная ўсебадымная мудрасьць.

Гэтак у Эўропу прыйшла ідэя Сьвятога Пісаньня—і думаю, што гэтая ідэя ня ёсьць цалкам памылковай. У Бэрнарда Шоў (да якога я заўсёды вяртаюся) аднойчы спыталіся, ці верыць ён у тое, што Біблія ёсьць творам, напісаным Сьвятым Духам. І ён адказаў: “Я думаю, што Сьвяты Дух напісаў ня толькі Біблію, але ўсе кнігі наогул.” Гэта, бадай, крыху бесчалавечна ў дачыненьні да Сьвятога Духа—але я мяркую, што ўсе кнігі вартыя прачытаньня. Здаецца, менавіта яго Гомэр меў на ўвазе, калі зьвяртаўся да музы. Гэта тое, што мелі на ўвазе гэбраі й Мільтон, калі казалі аб Сьвятым Духу, чыім храмам ёсьць справядлівае й чыстае чалавечае сэрца. І ў нашай меней чароўнай міфалогіі мы гаворым аб “падсьвядомым “я”, аб “падсьвядомасьці”. Натуральна, гэтыя словы ёсьць хутчэй грубасьцю ў параўнаньні з музамі альбо Сьвятым Духам. Што зробіш, мы вымушаныя абыйсьціся нашай сучаснай міфалогіяй. Бо гэтыя словы азначаюць па сутнасьці тое самае.

Мы падыходзім да пойму “класіка”. Прызнаюся, што я не лічу кнігу неўміручым аб’ектам, вартым належнага абагаўленьня, але хутчэй чымсьці, што дае магчымасьць адчуць прыгажосьць. І так і павінна быць, бо мова ўвесь час кудысьці пасоўваецца. Я вялікі аматар этымалогіяў, таму хацеў бы нагадаць вам (бо я ўпэўнены, што вы ведаеце аб гэтых рэчах нашмат больш за мяне) некаторыя даволі кур’ёзныя этымалогіі.

Напрыклад, у ангельскай мове існуе дзеяслоў “to tease”, цьвяліцца—ганебнае слова, якое азначае пэўны кшталт жарту. Але ў стараангельскай мове “tesan” азначала “нанесьці рану мячом”, таксама як францускае “navrer”, замаркоціць, калісьці азначала “ўтыркнуць у некага меч”. Калі ўзяць іншае стараангельскае слова, “threat”, пагроза, якое вы можаце знайсьці ў самых першых вершах “Бэовульфа”, дык яно азначала “разьюшаны натоўп”—то бок, выток пагрозы. І гэтак можна працягваць бясконца.

Але разгледзім некаторыя асобныя вершы. Я вазьму прыклады з ангельскай літаратуры, бо я маю да яе асаблівую любоў—хаця маё веданьне, безумоўна, абмежаванае. Ёсьць выпадкі, калі паэзія стварае саму сябе. Напрыклад, я ня думаю, што словы “quietus” (адпускны) ці “bodkin” (шыла) ёсьць надзвычай прыгожымі; насамрэч, яны хутчэй грубыя. Але калі мы кажам “When he himself might his quietus make/ With a bare bodkin?” (3) мы ўзгадваем славутую Гамлетаву прамову. Такім чынам, кантэкст стварае паэзію для гэтых словаў—словаў, якія ніхто б сёньня не наважыўся ўжыць, бо яны б былі толькі цытатай.

Існуюць іншыя, больш простыя прыклады. Возьмем назву адной з найбольш славутых кніг у сьвеце, “Historia del ingenioso hidalgo don Quijote de la Mancha”. Слова “hidalgo” мае цяпер нейкую адмысловую, толькі яму ўласьцівую годнасьць, але калі Сэрвантэс пісаў кнігу, слова “hidalgo” азначала вясковага шляхціца.Што да імя “Quijote”, яно павінна было быць гэткім сьмешным словам, падобным да імёнаў многіх пэрсанажаў Дыкенса: Піквік, Сўівэлэр, Чазлвіт, Твіст, Квільп і гэтак далей. І нарэшце—“з Ла Манчы”, што сёньня гучыць для нас па-гішпанску ўзьнёсла, але калі Сэрвантэс яго напісаў, ён, магчыма, хацеў, каб яно гучала (прашу прабачэньня ўсіх жыхароў гэтага места, калі яны тут выпадкам ёсьць) накшталт “Дон Кіхот з Канзас-сіці”. Бачыце, як зьмяніліся гэтыя словы, як яны набылі шляхотнасьці. Дзіўны факт: таму што стары жаўнер Мігэль дэ Сэрвантэс крыху пакпіў з Ла Манчы, зараз “Ла Манча” сталася адной зь неўміручых назваў у літаратуры.

Возьмем іншы прыклад вершаў, якія зьмяніліся з часам. Я маю на ўвазе санэт Росэцці, які церпіць ад ня надта прыгожай назвы “Усеабдымнасьць”. Ён пачынаецца гэтак:

What man has bent o’er his son’s sleep to brood,
How that face shall watch his when cold it lies?—
Or thought, as his own mother kissed his eyes,
Of what her kiss was, when his father wooed? (4)

Думаю, што сёньня гэтыя радкі ёсьць больш жывучымі, чымся тады, калі яны былі напісаныя, якіх восемдзесят гадоў таму, таму што кіно навучыла нас сачыць за хуткімі пасьлядоўнымі зьменамі візуальных вобразаў. У першым радку, "What man has bent o’er his son’s sleep to brood", бацька схіляецца над тварам свайго сына, які сьпіць. У другім, як у сапраўдным фільме, мы бачым той самы вобраз, толькі наадварот: мы бачым сына, які схіляецца над тварам свайго бацькі, ужо нябожчыка. І магчыма, што нашыя новыя дасьледаваньні ў псіхалогіі зрабілі нас больш чульлівымі да наступных радкоў: “Or thought, as his own mother kissed his eyes, Of what her kiss was, when his father wooed?”. Тут, канечне, мы бачым прыгажосьць мяккіх ангельскіх галосных у словах “brood”, “wooed”. І дадатковая прыгажосьць слова “wooed”, пакінутага самастойна—не “wooed her”, а проста “wooed”. Слова працягвае зьвінець само па сабе.

Існуе таксама прыгажосьць іншага кшталту. Возьмем прыметнік, які аднойчы быў распаўсюджаным. Я не валодаю грэцкай мовай, але думаю, што па-грэцку гэта гучыць “ойнопа понтос”, што адпавядае звычайнаму ангельскаму “вінна-цёмнае мора”. Я думаю, што слова “цёмны” дададзенае, каб зрабіць разуменьне лягчэйшым для чытача. Магчыма, дакладней было б сказаць “віннае мора” альбо нешта накшталт таго. Я ўпэўнены, што калі Гомэр (ці многія грэкі, што запісвалі Гомэра) запісалі гэта, яны проста думалі аб моры; прыметнік зьяўляўся аўтаматычна. Але сёньня, калі я ці хтосьці з вас, перабраўшы мноства самых неверагодных прыметнікаў, напішам у якім вершы “віннае мора”, гэта ня будзе звычайным паўтораньнем таго, што напісалі грэкі. Хутчэй, гэта вяртаньне да традыцыі. Калі мы гаворым аб “вінна-цёмным моры”, мы перадаем Гомэра й тыя трыццаць стагодзьдзяў, што ляжаць між намі і ім. І хаця словы могуць быць тымі самымі, мы пішам штосьці зусім адрознае ад таго, што пісаў Гомэр.

Такім чынам, мова пасоўваецца; рымляне ведалі аб гэтым. І чытач пасоўваецца таксама. Гэта прыводзіць нас да старажытнай грэцкай мэтафары—мэтафары, ці хутчэй праўды, аб тым, што ніводны чалавек ня можа двойчы ўвайсьці ў тую самую раку. І мне тут мроіцца нейкі элемэнт боязі. Спачатку мы схільныя думаць, што рака цячэ: “Канечне, рака застаецца ракой, але вада ў ёй зьмяняецца.” Але потым у нас узьнікае пачуцьцё боязі, мы адчуваем, што таксама зьмяняемся—што мы таксама кудысьці пасоўваемся й мінаем, як і рака.

Усяляк, нам ня варта занадта турбавацца аб лёсе класікаў, таму што прыгажосьць ніколі нас не пакіне. Тут я хацеў бы працытаваць верш, напісаны Браўнінгам—паэтам, які зараз, мажліва, крыху падзабыты. Вось ён:

Just when we’re safest, there’s a sunset-touch,
A fancy from a flower-bell, some one’s death,
A chorus-ending from Euripides. (5)

Але дастаткова і першага радка: “Just when we’re safest...” Гэта азначае, што прыгажосьць чакае ўсюды вакол нас. Яна можа прыйсьці да нас у назве фільма, у нейкай папулярнай песьні; гэтаксама мы можам знайсьці яе на старонках вялікага ці славутага пісьменьніка.

І паколькі я гаварыў аб сваім настаўніку, які ўжо не жыве, Рафаэлі Кансіносе-Ассэнсы (магчыма, зараз вы чуеце гэтае імя толькі ў другі раз; я насамрэч ня ведаю, чаму на яго ўсе забыліся), дык вось, ён напісаў адзін вельмі прыгожы верш у прозе, дзе ён прасіў Бога абараніць яго, уратаваць яго ад прыгажосьці, таму што, ён казаў, “у сьвеце зашмат прыгажосьці”. Ён думаў, што прыгажосьць перапаўняе сьвет. Хаця я ня ведаю, ці быў я ў сваім жыцьці неяк асабліва шчасны (я ўсё яшчэ ў свае сьпелыя шэсьцьдзесят сем год спадзяюся, што буду шчасны), я думаю, што прыгажосьць—усюды вакол нас.

Ці быў верш напісаны вялікім паэтам ці не, гэта можа цікавіць толькі гісторыкаў літаратуры. Напрыклад, прыпусьцім, дзеля прыдумкі, што я напісаў прыгожы радок; возьмем гэта ў якасьці працоўнай гіпатэзы. Што мне з таго, што яго напісаў я, як што гэты радок прыйшоў да мяне ад Сьвятога Духа, з падсьвядомасьці ці якога іншага пісьменьніка. Я часта лаўлю сябе на тым, што я толькі цытую нешта, што я чытаў нейкі час таму, а потым гэта стаецца пераадкрыцьцём. Магчыма, нават лепей, калі паэт застанецца безыменным.

Я казаў аб “вінна-цёмным моры”, але паколькі маім захапленьнем ёсьць стараангельская мова (баюся, што калі ў вас хопіць мужнасьці й цярплівасьці яшчэ раз прыйсьці на нейкую з маіх лекцыяў, на вас абрынецца яшчэ больш стараангельскай), я хацеў бы нагадаць вам некалькі радкоў, які здаюцца мне прыгожымі. Спачатку я скажу іх па-ангельску, а потым у поўнагалоснай стараангельскай мове ІХ стагодзьдзя.

З поўначы прыйшоў сьнег;
Іней пакрыў палі;
Град упаў на зямлю
Найсьцюдзёнейшым зернем.

Northan sniwde
Hrim hrusan bond
Haegl feol on eorthan
Corna caldast.

Гэта прыводзіць нас назад да таго, што я сказаў аб Гомэры: калі паэт напісаў гэтыя радкі, ён проста прыгадваў тое, што сталася. Гэта было, натуральна, вельмі дзіўным у дзевятым стагодзьдзі, калі людзі думалі ў міфалагічных поймах, алегарычных вобразах і ўсё такое. Ён толькі пераказваў самыя звычайныя рэчы. Але сёньня, калі мы чытаем

З поўначы прыйшоў сьнег;
Іней пакрыў палі;
Град упаў на зямлю
Найсьцюдзёнейшым зернем...

Мы адчуваем у гэтым дадатковую паэзію. Ёсьць штосьці паэтычнае ў самім безымянным саксе, які напісаў гэтыя радкі на ўзьбярэжжы Паўночнага мора—здаецца, у Нортумбэрланду; а таксама ў гэтых радках, гэткіх простых і адначасова патэтычных, якія прамаўляюць да нас наўпрост цераз стагодзьдзі. Такім чынам, ёсьць два выпадкі: першы (аб якім ня варта асабліва запыняцца), калі час руйнуе верш, калі словы губляюць сваю прыгажосьць; а таксама другі, калі час хутчэй узбагачае, чым руйнуе верш.

Напачатку я размаўляў аб вызначэньнях. Каб давесьці гэта да лагічнага канца, я хацеў бы сказаць, што мы робім вельмі распаўсюджаную памылку, калі думаем, быццам ня маем аб нечым паняцьця толькі таму, што ня можам гэта вызначыць. Будучы ў чэстэртонаўскім гуморы (на маю думку, гэта адзін з найлепшых гумораў, якія існуюць), мы маглі б сказаць, што мы можам вызначыць штосьці толькі тады, калі нічога аб гхэтым ня ведаем.

Напрыклад, калі мне трэба даць вызначэньне паэзіі, што я раблю не зусім ахвотна, бо зусім ня маю пэўнасьці на гэты конт, я кажу штосьці накшталт: “Паэзія ёсьць выразам прыгожага пасярэдніцтвам па-мастацку сплеценых разам словаў.” Гэтае азначэньне можа яшчэ падыйсьці для слоўніка ці падручніка, але мы ўсе адчуваем, што яно даволі хісткае. Існуе штосьці нашмат больш важнае—штосьці, што можа натхніць нас ня толькі на паэтычныя спробы пяра, але на спробы атрымаць ад паэзіі асалоду й гэтак адчуць, што мы ведаем аб ёй усё.

Справа ў тым, што мы ведаем, чым ёсьць паэзія. Мы ведаем гэта настолькі добра, што ня можам вызначыць яе ў іншых словах, гэтаксама як мы ня можам даць азначэньне смаку кавы, чырвонаму альбо жоўтаму колеру, ці сэнсу гневу, каханьня, нянавісьці, сьвітаньня, закоту альбо любові да сваёй радзімы. Гэтыя рэчы ёсьць такімі глыбокімі, што яны могуць быць выказанымі толькі з дапамогай гэтых агульных для ўсіх нас сімвалаў, якімі мы супольна карыстаемся. Дык навошта нам патрэбныя іншыя словы?

Вы можаце не пагадзіцца з абранымі мною прыкладамі. Магчыма, заўтра я прыдумаю лепшыя прыклады, буду папракаць сябе, што не працытаваў вам іншыя радкі. Але паколькі вы можаце самі знаходзіць і абіраць прыклады, няма патрэбы каб вы надта клапаціліся аб Гомэры, аб англа-саксонскіх паэтах альбо аб Росэцці. Таму што кожны сам ведае, дзе знайсьці паэзію. І калі паэзія прыходзіць, мы ўсе адчуваем ейны дотык, гэтае казытаньне паэзіі, якое нельга зь нічым пераблытаць.

Напрыканцы я працытую вам Сьвятога Аўгустына—адзін пасаж, які тут вельмі пасуе, як мне здаецца. Ён сказаў, “Чым ёсьць час? Калі ніхто не пытаецца ў мяне аб гэтым, я ведаю, чым ёсьць час. Калі спытаюцца—тады ня ведаю.” Тое самае я адчуваю ў дачыненьні да паэзіі.

Звычайна мы не надаем ніякай значнасьці азначэньням. Таму гэтым разам я хутчэй выказваю свае здогады, бо я зусім ня майстар, што да абстрактнага мысьленьня. Але ў наступных лекцыях—калі вы будзеце такія ласкавыя й вытрымаеце мяне—мы возьмем больш канкрэтныя прыклады. Я буду прамаўляць аб мэтафары, аб музыцы словаў, аб магчымасьці ці немагчымасьці вершаванага перакладу, а таксама аб апавяданьні гісторыі—то бок, аб эпічнай паэзіі, самым старажытным і, мажліва, самым цудоўным кшталце паэзіі. А скончу я чымсьці, аб чым зараз маю вельмі прыблізнае ўяўленьне. Я скончу лекцыяй з назвай “Паэтычнае крэдо”, у якой я паспрабую апраўдаць маё ўласнае жыцьцё й давер, які некаторыя з вас, мажліва, маюць да мяне, нягледзячы на гэтую хутчэй нягеглую й няўклюдную першую лекцыю.

Заўвагі:

(1) Джон Кітс, “На першы позірк у Чэпмэнава Гомэра”:

Я мораў Захаду няблага зьведаў хвалі,
Заможных выспаў шмат пааб’яжджаў
І бачыў мноства велічных дзяржаў,
Дзе барды з ласкі Апалона царавалі.
Аб неабсяжнай мне імпэрыі казалі—
Яе Гомэр глыбакадумны заснаваў—
Ды я блакіт прастораў ейных не спазнаў,
Дакуль Чэпмэнавы гэкзамэтры маўчалі.

Тады адчуў сябе я, быццам астраном,
Які планэты новай выглядзеў мігценьне,
Альбо герой-Кортэс, што аглядаў арлом
Бязьмежны Ціхі акіян, калі ў зьняменьні
Глядзеў на воя вой, захопленым вачом
Сваім ня верачы, зь вяршыні ў Дарыене.

(2) гл. санэт 86

(3) Калі ён сам сабе мог адпускны ліст падпісаць звычайным шылам? (тут—скончыць жыцьцё самагубствам, "Гамлет", дзея ІІІ, сцэна 1.)

(4) Хто, схіліўшыся над сьпячым сынам, разважаў,
Як гэты твар зірне на ягоны, калі той будзе ўжо халодным?—
Альбо думаў, калі ягоная маці цалавала ягоныя вочы,
Чым быў ейны пацалунак, калі ягоны бацька заляцаўся да яе?

(5) І вось у найбясьпечнейшы момант нас раптам закранае закот сонца,
кідкасьць бутона кветкі, нечая сьмерць,
заканчэньне хору ў Эўрыпіда.

© Пераклад — Макс Шчур, 2004

HA POCTAHI