Хорхэ
Луіс Борхэс (1899-1986)
САНЭТЫ
і іншыя вершы (1960-1986)
-Выглядае, што
Вы лічыце свае яшчэ ненапісаныя творы важнейшымі, чым тое, чаго Вы ўжо
дасягнулі?
Борхэс:
Так, так і ёсьць.
-Было б сумна,
калі б гэта было іначай. Аднак мяне зьдзіўляе, што свае апошнія кнігі
вершаў Вы лічыце менш важнымі, чымся папярэднія.
Борхэс:
Проста я іх занадта добра ведаю.
-Я перакананы,
што Вашыя апошнія вершы належаць да наймацнейшых, у інтэлектуальным
і эмацыйным плане. У іх часта гучыць асабістая роспач, гэтаксама як
і ў Вашых аповедах ці эсэ.
Борхэс:
Не, я думаю, што Вы гэта ня так разумееце. Вам проста падабаюцца мае
вершы. Вы чытаеце іх у сьвятле маіх папярэдніх вершаў, але калі б яны
трапіліся Вам у рукі як вершы невядомага паэта, Вы б іх адкінулі, праўда
ж? Калі мы чытаем нейкі твор вядомага аўтара, дык ягоную апошнюю працу
ўспрымаем толькі як старонку ў доўгім рамане, якая ня мела б сэнсу без
папярэдніх старонак. Мы заўжды маем тэндэнцыю лічыць апошні верш паэта
самым удалым, але гэта памылковае ўспрыняцьце.
-Так, але папярэднія
вершы дапамагаюць апошнім, таму што дапамагаюць узмацніць Ваш асабісты
голас. Без апошніх вершаў папярэднія вершы былі б няпоўнымі.
Борхэс:
Я прыпускаю, што яны ўзаемна дапаўняюць адны адных.
-Таму што толькі
разам яны цалкам утвараюць Ваш голас. Калі Блэйк піша штосьці жартоўнае,
яно ёсьць жартоўным часткова таму, што ён звычайна нічога жартоўнага
не пісаў, а мы потым кажам: “Ах, якая дасьціпная Блэйкава эпіграма.”
Борхэс:
Бо звычайна Блэйк ёсьць узьнёслым і сур’ёзным.
-Паўтаруся,
што для мяне Вашыя апошнія вершы ёсьць надзвычайна ўражлівай прамовай
розуму і пакуты.
Борхэс:
Можа й так. Аб гэтым я не задумваўся. Гэта ўсяго толькі практыкаваньні.
Акрамя таго, паколькі часам я пачуваю сябе самотным альбо сумую па радзіме,
гэтыя вершы ёсьць спробамі зноў апынуцца ў Буэнос-Айрэсе альбо ўцячы
ад рэчаіснасьці. Я іх задумваў толькі каб напоўніць новую кнігу, над
якой я якраз працую. Але спадзяваймася, што Вы маеце рацыю.
-Тое, як Вы
апынаецеся перад люстэркам альбо занатоўваеце ў сваіх вершах сны, тое,
як дакладна Вы адцяняеце пафас, здаецца мне якасьцю, якая бракуе сучаснай
паэзіі. Гэта добра, што Вы не пераацэньваеце свае апошнія вершы, але
не забывайцеся, што Вы можаце й памыляцца ў сваім меркаваньні.
Борхэс:
Але я спадзяюся, што памыляюся! Ня маю нічога супраць, каб Вы пераканалі
мяне ў гэтым. Чаму я павінен мець рацыю? Навошта мне настойваць на тым,
што я пішу вельмі дрэнна?
-Звычайна, яшчэ
да таго як Вы напішаце верш, ці ёсьць ён ужо схаваным у Вашай думцы?
Альбо ён ёсьць актам спазнаньня нейкай звычайнай рэчы, гэтаксама як
калі Вы раптам усьведамляеце, што любіце свайго бацьку ці сваю маці?
Вы знаходзіце верш, ці верш знаходзіць Вас?
Борхэс:
Я б сказаў, што верш знаходзіць мяне, а яшчэ больш так адбываецца ў
выпадку кароткага апавяданьня. Тады я проста ім апантаны. Я мушу збавіцца
ад яго тым, што напішу апавяданьне на паперы. Іншага спосабу, як пазбавіцца
гэтай апантанасьці, не існуе, бо іначай яна застанецца ўва мне.
-Вы кажаце,
што Вашыя вершы ёсьць толькі практыкаваньнямі, але практыкаваньнямі
ў чым?
Борхэс:
Мяркую, што ў мове. У гішпанскай мове, у паэтычнай мілагучнасьці, таксама
ў рыфме. А паколькі я ня надта здатны рыфмоўшчык, дык імкнуся давесьці
гэта крыху далей.
(зь інтэрвію з
прафэсарам Ўілісам Барнстанам, “Чыкаго Рэвью”, 1980)
З кнігі “Стваральнік”
(1960)
Шахматы
І
У змрочны кут заглыбленыя
свой,
гульцы пасоўваюць драўляныя пастаці.
Можа ўсю ноч ля дошкі пратрымаць іх
двух колераў бязьлітасны двабой.
Там формы ўзьнёслай
зьзяюць чысьцінёй:
тура гамэрава, конь беззаганнай масьці,
жонка-агонь баякі-караля, ці
пешкі-агрэсары, ці афіцэр-герой.
Калі гульцы ад
дошкі ўстануць разам,
скончыцца час, што ім нанёс паразу,
ды рытуал стары далей трывае.
Аднойчы распачатая
на ўсходзе,
сьвет у сябе ўвязала за стагодзьдзі
вайна, што, як жыцьцё, канца ня мае.
ІІ
Добры кароль, дыяганальны
слон,
рашучы ферзь, бясхітрасная вежа,
пешка-баец па чорнабелу сьцежак
шукаюць шлях, каб выпрабаваць бронь,
ня маючы паняцьця,
што іх кон
ад пальцаў аднаго з гульцоў залежыць,
і што свабоду іх трымае ў межах
гранічных, гожых правілаў прыгон.
Але ж гулец таксама
пад аховай
(пісаў Омар) дошкі сваёй шаховай
за кратамі начэй і белых дзён.
Бог рухае гульцом,
гулец фігурай.
Чыёй гульнёю па-за дэміургам
ёсьць пыл і час, агонія і сон?
Дождж
Знадворку дробны
дождж імжой западаў,
зрабіўшы раптам сьветлым ціхі вечар.
Імжыць, імжэў. Бо дождж ёсьць, пэўна, нечым,
што адбываецца ў мінулым і сапраўдным.
Дождж здольны шэптам
нагадаць уладным
кожнаму з нас, пачуты вухам нечым,
той момант, калі нас з колерам вечным
ружы й крыві лёс сутыкнуў спагадны.
Дождж, чые сьлёзы
асьляпляюць вокны,
радуе пахам вінаграду мокры,
цяпер няісны дворык у прадмесьці,
такім далёкім.
Вечаровае надвор’е
мой слых бацькоўскім голасам агортвае:
ён тут, паблізу, недасяжны сьмерці.
Blind
Pew
Ад мора ўдалечы,
ад гожасьцяў далёка
вайны—любай заўжды здаецца страта—
ногі зьнямоглыя асьлеплага пірата
па брудных Англіі цягаліся дарогах.
Сабакі ў вёсках
на яго брахалі,
дзятва чыніла зьдзеклівыя кпіны.
Ён сьніў свой хваравіты й перарыўны
сон ля гасьцінцу, у гнілым канале.
Ён ведаў, што на
выспе безыменнай
мае свой скарб у схованцы таемнай:
той быў адзінаю пацехаю ягонай.
Так і цябе на выспе
безыменнай
чакаюць скарбы сьмерці міласэрнай—
усеабдымнае, няўлоўнай, неабходнай.
З кнігі “Іншы,
той самы” (1964)
Прабуджэньне
Сьвятло ўвайшло:
час зацугляць нязграбнасьць,
пакінуць сны і ў сон вярнуцца ўсіхны:
рэчы знаходзяць зноў прытулак іхны,
дзе мы іх зноў знаходзім, у сапраўднасьць
з учора мкнуць
магутныя струмені:
стагодзьдзі птаскіх і людзкіх міграцый,
натоўпы, змолатыя стальлю, звадкі нацый,
памяць аб Рыме і аб Карфагене,
і меней гераічная
гісторыя:
мой голас, баязьлівасьць, зьнешнасьць, лёс.
О, каб мой новы золак, сьмерць, прынёс
мне новы час без напаміну, хто я,
як маё ймя, і кім
ці чым я быў!
Каб хоць у ёй я забыцьцё здабыў!
Эдгар
Алан По
Пампезны мармур,
змрочную наяўнасьць
трыюмфу сьмерці, жудасную чэрань
глыбіняў, што дасьледуюцца чэрвем,
абагульніў ён. Ён іх не баяўся,
але ж каханьня
жахам ён нядужаў:
лякала звыклых лёсаў немінучасьць,
сьляпіла не каштоўнасьцяў бліскучасьць,
не надмагільны мармур, але ружа.
Па гэты бок паверхні
люстраной
ён нёс самотна крыж нялёгкі свой
узьнёслага прыдумшчыка кашмараў.
Відаць, хаця й
парог перасягнуты,
ён застаецца і цяпер магутным,
самотным дойлідам бліскучых, жорсткіх чараў.
Загадкі
Я, той хто зараз
верш складае гэты,
зраблюся заўтра мерцьвяком, загадкай, ценем,
насельнікам заглыбленага ў цемень
сьвету бяз зараз, потым і дагэтуль,
сьцьвярджае містыка.
Хаця лічу сябе я
нявартым Пекла альбо вечнай Славы—
хто ведае. Наш час людзкі—рухавы,
як шэраг формаў зьменлівых Пратэя.
Замкнёны лабірынт
альбо зіхценьне
сьляпучае—што мне наканавана,
калі мне сьмерць адкрые заканчэньне
мне ўсё яшчэ цікавага рамана?
Адным глытком пазбыцца
сваёй долі:
быць назаўжды, але ня жыць ніколі.
Імгненьне
Дзе зараз зьмест
стагодзьдзяў, дзе татары,
што поўны шабляў сон супольна сьнілі,
і дзе муры, што зь іхнай ласкі зьніклі,
дзе Дрэва, дзе Адам, дзе крыж сьвятарны?
Адно самотнае цяпер.
Час—успамін;
прычыннасьць—штука звыклага абдурваць
гадзіньніка. Як год, калі падумаць,
так і гісторыя, для нас—нябыт адзін.
Між золкам і сутоньнем
незьлічона
агоніяў, агнёў, турботаў. З часам
зьмяняецца аблічча, што сам-насам
бачыць сябе ў люстэрку ночы чорным.
Няўлоўны вокаміг,
вечнае Сёньня:
няма больш Раю ў нас, ані Прадоньня.
1964
І
Сьвет болей не
дзівосны. Як малога
цябе пакінулі. Дзяліць ня будзе з кім
сады й зіхоткі месяц, у якім
люструюцца абрысы дня былога—
крышталь самоты,
сонца ўсіх агоній.
Бывайце, рукі, скроні, каго сіла
крыві й любові да сябе туліла.
Вам—успамін, мне—дзён пустыя гоні.
Мы ўсе губляем
(паўтараеш марна)
тое, што нельга назаўжды прысвойтаць,
адылі мужным быць занадта мала,
каб забыцьця ўсе спосабы асвойтаць,
таму гітары гук
і ружы знак
цябе зьбіваюць з рытму й з ног, наўзнак.
ІІ
Я больш ня буду
шчасны. Што з таго,
урэшце, сьвет—ня толькі шчасьце й гора;
любое ймгненьне—больш глыбокае за мора,
больш рознастайнае. Колькі жыцьця таго,
гадзіны хоць і
доўгія, адлі
нас сьмерць-страла высочвае цярпліва,
гэтае мора мораў, дзіваў дзіва,
што нас збаўляе сонца і зямлі
й любові. Шчасьце,
што калісьці
ты мне дала, цяпер забрала, дый па ўсім.
Хто быў усім, той мусіць стаць нічым.
Мне ж радасьць
смутку й звычка засталіся:
інстынкт, што зноў і зноў мяне прыводзіць
на ганак дому нашага, на Поўдзень.
Ewigkeit
Кастыльскі верш,
вярніся языку,
каб паўтарыць, што ўжо ў лаціне вырак
Сэнэка: вечны і жахлівы вырак,
што ў сьвеце ўсё належыць чарвяку.
Велічы блякласьць
попельную ўспой,
бязьлітаснасьць спадарыні ўладарнай,
што топча пераможнаю нагой
хлусьлівай фанабэрыі штандары.
Не. Я ня выракуся,
быццам баязьліўца,
таго, што глей мой блаславіла чалавечы.
Няма ў сусьвеце толькі аднаго—забыцьця;
я ведаю, што памятае
вечнасьць
безьліч каштоўнасьцяў, што змушаны згубіць я:
мой кабінэт, гэтую поўню, гэты вечар.
Сон
Калі ёсьць сон,
як кажуць, перадышка,
для стомленага розуму адхланьне,
адкуль тады бярэцца адчуваньне,
што нас абрабавалі, пабудзіўшы?
Чаму ўставаць так
сумна? Дзень збаўляе
нас здольнасьці няўцямнай, непаўторнай,
такой інтымнай, што адзіна ў зморнай
дрымоце яна нам сябе зьяўляе.
Сны могуць цьмяным
быць адлюстраваньнем
багацьця, назапашанага ценем,
пазачасовым сьветам безыменным,
у люстрах нашых дзён дэфармаваным.
Кім будзеш ты ў
спрадвечным царстве сонным
сёньня ўначы, па-за глухім муром ягоным?
Мора
Яшчэ раней, чым
час сваю пячатку
пачаў уціскваць у манеты дзён,
да міфаў і багоў, што выткаў сон
(альбо кашмар), заўсёды, ад пачатку
было яно. Хто?
Мора. Адкажэце,
хто той адзіны й безаблічны зьвер,
што рупіцца збурыць зямную цьвердзь,
хто—бездань, невядомасьць, зьзяньне, вецер?
Заўсёды, калі ты
глядзіш на мора,
бачыш яго ізноў упершыню,
з тым зьдзівам, што ўзбуджае сьпеў агню,
стыхіі, месяц, гожы надвячорак.
Хто гэта—мора?
А хто—я? Адказ
я пасьля сьмерці спраўдзіць мецьму час.
Буэнос
Айрэс (2)
А зараз гэты горад—быццам
мапа
ранейшых прыніжэньняў і няўдачаў;
з гэтых дзьвярэй я ўсе заходы бачыў,
ля помніку—чакаў кагосьці марна.
Забыты дзень і
дзень непрадказальны,
учора й сёньня, тут далі мне зжыцца
з падзеямі ўсіх іншых людзкіх жыцьцяў
і крокам сплесьці ўласнага блукальню.
І тут чакае папяловы
вечар
плён, што яму завінавацілася раніца.
Тут цень мой лёгкі іншым ценем станецца:
агромністым, бясформным, шчыльным, вечным.
Нас паяднала не
любоў, а боязь:
з каханьнем я б зраўнаў такую повязь.
Сыну
Ты мёртвымі спароджаны,
ня мной,
а маім бацькам, дзедам, іх бацькамі;
распачалі Адам, Абэль і Каін
шэраг каханьняў раніцай адной,
у часе так далёкаю
ад нас,
што стацца міфам за той час пасьпела,
але перадалася ў соках цела
ў цяпер, у запачацьця твайго час.
Я чую мноства іх.
Я ёсьць яны,
і ты ёсьць імі, намі, а таксама
сыны твае й чырвонага Адама
мінулыя і прышлыя сыны
ёсьць мною. Палягае
наша вечнасьць
у часе, у мінучых, крохкіх рэчах.
З
кнігі “Ўхвала ценя” (1969)
New
England, 1967
Зьмянілі выгляд
формы майго сна,
з касымі стрэхамі чырвонымі зьліліся,
сталіся бронзай вытанчанай лісьця,
пяшчотным дымам восеньскага дня.
Нібы ў стварэньня
сёмы дзень, зямля
тут урадлівая. У прыцемках гібее
рэха вайны і Бібліі, слабенькі
водгук чагосьці, чаго ўжо амаль няма.
У хуткім часе,
кажуць, пойдзе сьнег.
Амэрыка паўсюль, на кожным рогу,
але я чую ў ночы ціхім кроку
сёньня маруднага і ўчора хуткі бег.
Буэнос Айрэс, я
хаджу й дагэтуль
па вуліцах тваіх бяз часу й мэты.
Джэймс
Джойс
Адзіны дзень людзкі
ахоплівае сумму
ўсіх дзён быцьця—і першых зь іх, той цьмяны,
калі Стваральнік жудасны й няўцямны
прадбачыў нашы дні і нашу згубу,
і дзень апошні,
калі рушыць да вытокаў
Вечных паўсюдная рака зямнога часу,
калі цяперашняе й будучае згаснуць
бы ўчора—ў вашым, сёньня—ў маім зроку.
Між раніцай і ноччу
працякае
гісторыя сусьвету. Зь цемрай звыклы,
я бачу Карфаген навечна зьніклы,
Славу і Пекла, заблукалага гэбрая.
Хай Бог адвагай
нас і радасьцю адорыць,
каб пік гэтага дня пераадолець.
Рэчы
Манэты, кій, ключ,
да яго бралок,
нядаўнія забытыя нататкі,
што не кране ўжо рэшта дзён астатніх,
карты, камод, паддатлівы замок,
кніга, і ў кнізе—надвячорку
помнік,
прымятая фіёлка, мабыць, нечы
мёртвы ўспамін пра момант векапомны,
што ў колер увабрала даўні вечар,
нібы люстэрка.
Колькі рэчаў побач—
кубак, парог, атлас, піла, шрубы—
нам служаць, як маўклівыя рабы,
сьляпыя, што заўжды чамусьці поруч!
Яны перасягнуць
нас у трываньні,
ня зьведаўшы аб нашым існаваньні.
З кнігі “Золата
тыграў” (1972)
Аднаму
кату
Цішэйшы за люстэркі,
болей дзёрзкі
за ўсход імклівы сонца, ты—стварэньне,
ўваччу якога месяцу зіхценьне
здалёк мы бачым, бы ў пантэры-цёзкі.
Воляй няўцямнай
боскае дзясьніцы
цябе паўсюль шукаем мы бясконца,
ты—старажытнейшы за Ганг і захад сонца,
спадар самоты, носьбіт таямніцы.
Хрыбет твой звыкла
паддаецца руху
настойлівай рукі маёй, нібыта
ўжо дасягнуўшы вечнага нябыту,
ёй даючы сваю суцешыць скруху.
Ты—ў іншым часе.
Гаспадар краёў,
куды, бы ў сон, Бог шлях нам запавёў.
З кнігі “Глыбокая
ружа” (1975)
Я
Нябачныя намогі
сэрца, чэрап,
шляхоў крывавых лабірынт глыбінны,
Пратэя-сна тунэлі-каляіны,
патыліца, шкілет, вантробаў чэрань,
гэта ўсё—я. Таксама,
нейкім цудам,
я—памяць шаблі, згадка аб самотным
зіхценьні сонца на шляху закотным—
пыл залаты, разьвеяны ў нікуды.
Я—той, хто караблі
праводзіць зрокам
у порце; колькі кніг, таксама колькі
выяў, ад часу стомленых—і толькі;
той, хто зайздросьціць неўміручым продкам.
Дзіўна быць тым,
хто спалучае словы
ў пакоі гэтай даўняй пабудовы.
Касмагонія
Ні змроку, ані
хаосу. Паўзмроку
патрэбны зрок, таксама як і гуку
й цішы ўласьцівая туга па вуху,
люстэрку—па абрысах, бачных воку.
Ні часу, ні прасторы.
Ані боства,
што б выдумала першасную цішу,
дзе першаноч сабе здабыла б нішу
першага моманту, што цягнецца бясконца.
Магутны ток сьляпога
Геракліта
нікуды не цячэ, не забруіўшы,
зь мінуўшчыны ня выправіўся ў прышласьць,
ня рынуўся зь нябыту да нябыту,
які яму ўласьцівы
штоадмер.
Канец сусьветнае гісторыі—цяпер.
Аб
тым, што невядома
Месяц ня ведае
аб тым, што ён ёсьць месяц,
спакойны й ясны, што глядзіць звысок;
пясок ня ведае аб тым, што ён—пясок.
Рэчы сваю не ўсьведамляюць рэдкасьць.
Фігурак косьць
слановая чужая
абстрактным шахматам таксама, як далонь,
што імі рухае. Магчыма, людзкі кон,
бедны на шчасьце ды багаты жалем—
прылада Іншага,
які нам невядомы.
Зваць яго Богам—сэнсу шмат няма,
як і баяцца ці маліць—усё дарма,
плёну ня дасьць сумнеў наш пакрыёмы.
Чый лук прадбачыў
выгбу дзіды гэтай,
якой ёсьць я? Якая выш ёсьць мэтай?
All
Our Yesterdays
Каму з усіх тых,
кім я быў аднойчы,
мінуўшчына належная? Хлапчыне
з Жэневы, што нашрайбаў у лаціне
колькі гэкзамэтраў, што зьнішчыў час забойчы?
Дзіцяці, які ў
бацькавай кватэры
шукаў між процьмы кніг абрысы мапы
й гнуткія выгіны хрыбтоў, мяккія лапы
ўзьнёслых істотаў, тыгра і пантэры?
Альбо таму, хто
ў цішыні каплічнай,
дзе чалавек сыходзіў незваротна,
жывога твар пацалаваў пяшчотна,
а потым зноў—нябожчыка аблічча?
Я—тыя, каго больш
няма й ня будзе.
Сёньня ўначы я—ўсе гэтыя людзі.
Мае
кнігі
Мае кнігі (што
ня ведаюць аб маім існаваньні)
Ёсьць такой жа часткай мяне, як мой твар
Зь сівымі скронямі ды шэрымі вачыма,
Які я ў люстрах выглядаю марна
Й абмацваю запалаю далоньню.
Не бяз пэўнае тут зразумелай прыкрасьці
Я думаю, што ўсе істотныя словы,
Якімі выказаны я, знаходзяцца не на маіх старонках,
А на чужых, што пра мяне ня маюць уяўленьня.
Ды гэтак лепш. Памерлых галасы
Заўсёды будуць вымаўляць мяне.
З кнігі “Жалезная
манета” (1976)
Наіўны
Кажуць, штораніцы
зьяўляюцца дзівосы,
што шлях фартуне могуць перабегчы;
паверхню Месяца крок зьмерыў чалавечы,
навіны неспач на ўвесь сьвет разносяць,
кашмар агульны
насяліў нябёсы,
дзень захіліўшы. Няма ў сьвеце рэчы,
што не была б дакладна іншым нечым.
Мяне ж турбуе цуд нашмат больш просты.
Мяне дзівяць ключу
паслухмяныя дзьверы,
мяне дзівіць рука, якой можна даць веры,
і страла вокамгненная
грэка з Элеі,
што ніколі да мэты дапяць не здалее,
што прыгожым клінок
можа быць харалужны,
і што ружа духмяная пахне, як ружа.
Закід
Я дапусьціў той
найцяжэйшы грэх
з усіх магчымых: я ня быў шчасьлівы.
Няхай ільды ў нябыту край тужлівы
імкнуць мяне й раздушаць, як арэх.
Бацькі мае ў сьвет
прывялі дзіця
дзеля зямлі, вады, агню, паветра,
гожай і жудаснай гульні жыцьця.
Я іхнага ня зьдзейсьніў запавета.
Свой розум скарыстаў
я пераважна
на тое, каб маглі далей снавацца
майстэрскія нікчымнасьці мастацтва.
Бацькоў адважных сын ня быў адважны.
Заўжды побач са
мной, ня сьпіць ніколі
гаротны цень маёй няшчаснай долі.
Ты
іншымі ня ёсьць
Ратунку не дадуць
табе пісьмёны
чужыя, хоць ты ў іх яго благаеш.
Ты цэнтрам лабірынту адчуваеш
сябе, што тваймі крокамі спляцёны.
Ты іншымі ня ёсьць.
Не дапаможа
табе агонія Ісуса ці Сакрата,
ані магутны залаты Сіддгартха,
што ў садзе сьмерць сустрэў, непераможны.
Таксама пыл сабой
адно ўтварае
слова з твайго пяра ці языка,
бо літасьці няма ў Чараўніка,
і Боскай ночы змрок канца ня мае.
Час порсткі—матар’ял
адвечны твой.
Ты ў кожны яго момант ёсьць сабой.
З кнігі “Гісторыя
ночы” (1977)
Мілонга
аб прыхадні
Гісторыю тую самую,
Што й большасьць такіх вам згодна
Раскажуць у Бўэнос-Айрэсе
І на ўзьбярэжжы ўсходнім.
У ёй заўсёды мясцовага
Прыхадзень сустракае,
Заўсёды вечарам. Вечарам,
Які ліхтар асьвятляе.
Абліччаў сваіх
ня ўбачыўшы,
Ня ўбачацца яны зноў.
Ня б’юцца яны з-за дзеўчыны
Ані з-за сваіх даўгоў.
Пачуў ад кагосьці
прыхадзень,
Што ў спрыце супернік ёсьць
Тут у яго—суперніка
Зьявіўся выклікаць госьць.
Яго запрашае ветліва,
Паціху, не пагражае;
Выходзяць, паразумеўшыся,
Каб дому не абражалі.
Ужо нажы скрыжаваліся,
Ужо іх клубок глынае,
І вось на зямлі бяз сковыту,
Бяз скаргаў адзін канае.
Сустрэўшыся таго
вечара,
Ня ўбачацца яны зноў;
Яны не праз сквапнасьць біліся
І не за дзяўчат любоў.
Перамагае ня мужнейшы
Й не выйграе больш спрытны:
З дваіх прайграе заўсёды той,
Хто сьмерці прыйшоў выпытваць.
Абодва адвеку марылі
Пра гэты двабой жыцьцёвы.
Абліччы іхныя сьцерліся,
Як хутка сьцяруцца ймёны.
Закаханы
Месяц, начыньне,
мармур, зьменны нуль і
дзявятка лічбаў, асьвятленьне, ружы,
гравюра Дзюрэрава—увесь час я мушу
выгляд рабіць, што ўсё гэта існуе.
Выгляд рабіць,
што некалі йснавалі
Рым, Пэрсэполь, зубцы на бастыёне,
чый век, жалезнай бураю засьнёны,
ў гадзіньніку пясчынкі адмяралі,
што веру ў існасьць
зброі старадаўняй,
у эпас вогненны, у марскіх хваляў выгбы,
што бераг падмываюць, рабіць выгляд,
што штосьці ёсьць апроч цябе. Няпраўда.
Ёсьць ты адзіна.
Ты, маё няшчасьце
Й шчасьце бязьмежнае, прачыстае прычасьце.
З кнігі “Хаўрусьнікі”
(1985)
Цэзар
Вось тое, што пакінулі
кінжалы.
Вось бедны чалавек, што зваўся Цэзар,
і што цяпер—нябожчык. Ранаў сьвежасьць—
бы кратэры, ускрытыя мэталем.
Спынілася бяздушная
машына,
што ўчора вырабляла столькі славы,
пісала ток гісторыі крывавы
ды карыстала з асалодаў плыні.
Вось і той іншы,
імпэратар слаўны,
што рухаў караблёў і бітваў ходам,
што пераможныя адрынуў лаўры
ды кіраваў што Захадам, што Ўсходам.
Вось—цень жыцьця
пазбаўленага цела,
што ў будучыні сьвет захіліць цэлы.
Гэта—рэкі
Мы ўсе ёсьць толькі
часам. Мы ёсьць слыннай
прыпавесьцю сьляпога Геракліта.
Мы ўсе—вада, а не трывалы сьлітак,
адлюстраваньне ў рэчцы хуткаплыннай.
Мы ўсе ёсьць грэкам,
што ў ваду глядзіцца,
і тым люстэркам вадкім, чые хвалі
зьмены яго аблічча люстравалі,
нібы крышталь, што полымем бруіцца.
Мы ёсьць у мора
скіраваным токам
крыніцы. Вечны змрок паўсюль навокал.
Усё разьвітваецца,
мкнецца ў далячыні.
Памяць манэту біць сваю ня ў стане.
І тым ня меней, штось не перастане.
І тым ня меней, смутак не астыне.
Сутоньне
Сутоньні, што былі
і толькі быцьмуць,
сутоньнем ёсьць адным, няўцямным чынам.
Яны ёсьць шклом балючым і адзіным,
непадуладным часу і забыцьцю.
Яны—люстэркі вечнага
сутоньня,
скарбу, схаванага ў нябёс таемнай глыбі;
у небе тым жывуць сьвітаньне, рыбы,
бязьмен, клінок і зьмесьціваў улоньні,
сукупнасьць архетыпаў.
Гэтак вучыць
Плоцінус у сваіх дзевяці кнігах;
і нашае жыцьцё ёсьць толькі мігам,
адлюстраваньнем боскага мінучым.
Дом абыходзіць
вечны надвячорак—
заўжды той самы, сёньня альбо ўчора.
Сумма
Перад даўгім муром,
які нішто нам
бясконцым уявіць не замінае,
сядае чалавек і вырашае,
што пэндзлем намалюе выкшталцоным
на вапненым муры
ўвесь сьвет бясконцы:
дзьверы, прадоньні, шалі, гіяцынты,
бібліятэкі, духаў, лабірынты,
якар, Уксмаль, бясконцасьць, нуль дзівосны.
Формы паверхню
насяляюць. Конам
яму даецца шчодры, рэдкі дар
сваю задумку дзёрзкую завершыць.
У самае імгненьне
перад сконам
ён заўважае, што абрысаў вэрхал
сукупна ўвасабляе яго твар.
Шэрлак
Голмс
Ён нязроджаны маткай,
ня мае сваяцтва.
Гэты лёс яго родніць з Адамам, Кіхотам.
Ім кіруе выпадак. Ён ёсьць толькі лотам,
што закінуты ў бурныя хвалі чытацтва.
Ён заўсёды зьяўляецца,
цяжка пярэчыць,
перад зрокам таго, хто аб ім нам раскажа,
і зьнікае з прабелам у памяці кажным,
быццам сон. Ён лягчэйшы за вецер: пустэча.
Чысты, ён не кахае
нікога. Наўмысна
ён, мужчына, адрынуў каханьня уменьне,
каб на Бэйкэр-стрыт жыць у самоце і ценю.
Гэтаксама чужы ён уменьню забыцьця.
Яго высьніў ірляндзец,
бязь велькай любові,
і забіць яго паспрабаваў. Толькі марна.
Перасьледуе вечна самотнік упарты
свой няскончаны лёс з лупай напагатове.
Ён ня мае стасункаў,
адылі дэвотна
за ім крочыць яго летапісец-апостал—
той пакінуў для нас сьпіс ягоных дзівосаў.
Ён у трэцяй асобе жыве бестурботна,
за патрэбай ня
ходзіць ніколі, таксама
як і Гамлет, што ў Даніі прывіднай згінуў
і нічога ня ведаў пра тую краіну
харалужных мячоў, мора, лука й калчана.
(Прыгадаем, што
Omnia sunt plena Jovis.
Гэтак розныя вобласьці зорнае сфэры
прымхай прывіднай, ценем няпэўным і шэрым
цёзка гэтага верша заўжды абыходзіць.)
Ён у комін распалены
кідае дровы
ці сабаку зь пякельных балот забівае.
Ён аб вечнасьці ўласнай паняцьця ня мае.
Ён снуе эпіграмы, гуляецца ў словы.
Лондан газу і хомару
ёсьць яго домам,
ды імпэрыя, што так сабой ганарыцца,
не цікавіць яго, разам зь ейнай сталіцай,
чый няўхільны канец ёй пакуль невядомы.
Не зьдзіўляймася.
Пасьля агоніі скону
выпадковасьць, таксама шчэ званая лёсам,
нас надзеліць усіх гэтым конам дзівосным—
стацца рэчамі, што паміраюць штодзённа,
да апошняга дня,
калі ўсіх нас забыцьце
пахавае супольна ў магіле агульнай.
А дагэтуль—гуляймася ў дзіўныя гульні
часу, быццам мы ёсьць, быццам мусілі быць мы.
Сьніць над кнігай
аб Шэрлаку Голмсе штоночы,
як і сьмерць альбо сьеста, ёсьць звычкаю, дадзенай
нам жыцьцём. Гэтак адпачываем у садзе мы
ці ўздымаем да яснага месяцу вочы.
On
His Blindness
Мяне на схіле веку
атуляе
нейкі зіхоткі, непазбыўны хомар,
што ў адну рэч мяшае рэчаў формы
і фарбы—нібы пойм, што я ўяўляю.
Стыхія неабдымнай,
чорнай ночы
і людны дзень, абое ёсьць туманам,
нязгасным і нязьменным сьветлам цьмяным,
што ў момант прабуджэньня за мной сочыць.
У ёй хачу я ўбачыць
твар. Ня помню
я радасьці з адкрыцьця невядомых
мне рэчаў з кніг, што пазнаю на дотык,
ня бачу птушак, залацістай поўні.
Хай апякуюцца астатнія
сусьветам—
мне змрок застаўся й звычка быць паэтам.
Энрыкэ
Банчс
Звычайны чалавек.
Лёс, не ў гуморы,
ня даў яму ўзаемнасьці ў каханьні—
кон між сьмяротнымі найбольш звычайны,
але з усіх зямных найбольш суворы.
Яго, магчыма, напаткала
думка
аб самагубстве. Ён ня мог падумаць,
што гэты лёд, лязо, пакутаў жудасьць
ёсьць абярэгам, дадзеным яму, каб
ён дасягнуў бліскучае
бачыны,
што перажыцьме вітражоў вышыні
і рукапіс, якім яна пазначана.
Задачу выканаўшы,
ён зрабіўся зноўку
адным зь бязьлікіх твараў у натоўпу,
пакінуўшы нам неўміручых рэчаў спадчыну.
Усе
ўчорашнія дні—сон
Нікчэмнасьці. Імя
Мураньі, созгук,
што на гітары пальцы закранулі,
аповед голасу, што зараз у мінулым,
у час вячэрні пра забыты подзьвіг
вучонага ці бабніка
з прадмесьця,
клінкі, што ў лом іржа ператварыла,
выклік і сьмерць—мне гэтага хапіла,
каб міфалогіі будову ўзьвесьці.
Гісторыя, якую
ў кабінэце
ствараюць, ёсьць ня меней ілюзорнай,
за міф крывавы, створаны са сьмецьця,
што кажа, нібы сёньня—гэта ўчора.
Мінулае—паддайлівая
гліна,
што сёньня мне, як хоча. Несупынна.