Хорхэ Луіс Борхэс, Сільвіна Окампо, Адольфо Б’ёй Касарэс

СЬПІС ЗАБАРОНАЎ

ДЛЯ МАЛАДОГА

ЛІТАРАТАРА

 


У літаратуры варта пазьбягаць:

—Псыхалягічных нечуванасьцяў і парадоксаў: забойстваў з ласкі (міласэрнасьці), самагубстваў дзеля асалоды. Хто ж ня ведае, што ў псыхалёгіі няма немагчымага?

—Залішне нечаканых інтэрпрэтацыяў вядомых твораў і герояў. Агіда Дон Жуана да кабетаў і аст.

—Нетыповасьцяў, складанасьцяў, надзвычайных здольнасьцяў, схаваных у другасных і амаль незаўважных пэрсанажах. Не забывацца, што літаратурны герой цалкам складаецца са словаў, якімі ён намаляваны (Стывэнсан).

—Стварэньня параў кідка непадобных між сабою дзейных асобаў: Дон Кіхот і Санчо, Шэрлок Голмс і Ўотсан.

—Стварэньня навэлаў з парай герояў наогул. Цяжкасьць для аўтара тут у наступным: калі ён дазваляе сабе заўвагу наконт аднога з пэрсанажаў, дык мусіць выдумляць нешта сымэтрычнае для другога, злоўжываючы такім чынам кантрастамі й бляклым падабенствам: Бювар і Пэкюшэ.

—Клясыфікацыі пэрсанажаў паводле іхных маніяў. Гл. Дыкенса.

—Ганяцца за найноўшасьцю й неспадзевам: trick-stories. Пошук яшчэ несказанага падаецца нявартым паэта ў адукаваным грамадзтве; цывілізаваны чытач ня будзе вітаць грубую нечаканасьць.

—У разьвіцьці сюжэту пазьбягайце саманадзейных гульняў з часам і прасторай. Фолкнер, Прыстлі, Борхэс, Б’ёй і аст.

—Такіх адкрыцьцяў напрыканцы твора кшталту: што ягоным сапраўдным героем ёсьць пампа, джунглі, мора, дождж, даданы кошт. Рэдагаваньня й чытаньня твораў, пра якія хто-небудзь мог бы сказаць штосьці падобнае.

—Вершаў, сытуацыяў, дзейных асобаў з каторымі чытач можа сябе атаясаміць.

—Сказаў з усеагульнай прыдатнасьцю альбо рызыкай ператварыцца ў прымаўкі ці стацца вядомымі (неспалучальныя са зьвязаным і пасьлядоўным дыскурсам).

—Пэрсанажаў, што могуць стацца мітамі.

—Пэрсанажаў, сцэнаў, выказваньняў, наўмысна запазычаных у нейкім часе ці ў месцы. Местачковага калярыту.

—Прынаджваньня чытача словамі й рэчмі. Sex- i death-апільнасьці, анёлаў, статуяў, усялякага bric-а-brac.*

—Хаотычнага пералічэньня.

—Багацьця слоўніку. Ужываньня якога заўгодна слова ў якасьці сыноніму. Наадварот. Le mot juste.** Усё дзеля дакладнасьці.

—Жывасьці апісаньняў. Сьветаў з падкрэсьлена фізычнай прыродай. Гл. Фолкнера.

—Апісаньняў асяродзьдзя, клімату. Трапічнай сьпёкі, перапітку, радыё, фразаў, што паўтараюцца накшталт прыпеву.

—Мэтэоралягічных пачаткаў і канчаткаў. Прыпадабненьня станаў надвор’я станам душы. Узьняўся вецер!... Трэба паспрабаваць жыць далей!

—Мэтафараў увогуле. У прыватнасьці, візуальных; яшчэ больш сельскагаспадарчых, ваеннамарскіх, датычных банкаўскай справы. Гл. Пруста.

—Усялякага антрапамарфізму.

—Пісаньня твораў, чый сюжэт утрымвае ў сабе паралель зь нейкім іншым творам. Джойсаў “Уліс”.

—Стварэньня кніг, што імкнуцца нагадваць мэню, альбомы, турыстычныя пляны, канцэрты.

—Магчымых зацемкаў на ілюстрацыі. Магчымых зацемкаў на кінаадаптацыю.

—Цэнзуры ці ўхвалы ў крытыцы (згодна з правілам Мэнара). Дастаткова зазначыць літаратурныя наступствы. Няма нічога больш сьмеху вартага за гэтых dealers in the obvious***, што абвяшчаюць неактуальнымі Гомэра, Сэрвантэса, Мілтана, Мольера.

—У крытыцы—усіх спасылак на гісторыю й біяграфію. Цікавасьці да асобы аўтара. Псіхааналізу.

—Хатніх і эратычных сцэнаў у дэтэктывах. Тэатральных сцэнаў у філязофскіх дыялёгах.

—Відавочна чаканага. Патэтыкі й эротыкі ў навэлах аб каханьні, таямнічасьцяў і сьмерцяў у дэтэктывах, прывідаў у навэлах аб прывідах.

—Славахціўства, сьціпласьці, пэдэрастыі, адсутнасьці пэдэрастыі, самагубстваў.


* ламачча (франц.)
**Дакладнае слова.(франц.)
***пасярэднікаў у відавочным (анг.)

 

© Пераклад-Макс Шчур, 1999

HA POCTAHI